Фотаальбом  Лявон Вольскі

Фотаальбом

Лявон Вольскі
Выдавец: КОВЧЕГ
Памер: 40с.
Мінск 2000
2.33 МБ


Лявон Вольскі
ФОТААЛЬБОМ
Мінск Ковчег 2000
УДК 882.6-1
ББК 84 (4Бел)6
В 71
Вольскі Л.А.
В 71 Фотаальбом. -Мн: Ковчег, 2000,- 40с.
ISBN 985-6056-17-9
ББК 84 (4Бел)6
ISBN 985-6056-17-9
© Л.А.Вольскі, 2000
© “Ковчег”, 2000
Дзе я жыў раней, там здараліся дзіўныя рэчы, якія мяне прымушалі верыць у пэўную выключнасьць, у пэўную непаўторнасьць уласнага прызначэньня: то птушка пастукае ў шыбу крывою шэраю дзюбай, то прыйдзе па пошце нешта, што, быццам, ня мусіць прыходзіць, то, раптам, сабака завые, пачуўшы нейкія гукі, нячутныя нашаму вуху.
I Вы мне казалі такія сакрамэнтальныя словы, якія мяне прымушалі яшчэ раз пераканацца ў наканаванасьці лёсу, у выключнасьці прызначэньня.
Вось ужо трэйці месяц жыву я ў іншым мейсцы. Тут вельмі высокія столі, і крама зусім недалёка. Усё заасфальтавана, каб лепей было паркавацца.
Замок зь 5-значным кодам ды іншыя зручныя рэчы... Ня стукаюць птушкі ў шыбу, хто ім дазволіць стукаць! Па пошце прыходзіць выключна тое, што мусіць прыходзіць. Сабака ня вые, таму што сабаку аддал і ў вёску.
I Вы не гаворыце болей пра наканаванасьць лёсу, бо Вы засталіся там, дзе здараліся дзіўныя рэчы, якія мяне прымушалі верыць у непаўторнасьць уласнага прызначэньня.
РАЗЭНКРАНЦ I ГІЛЬДЭНСТЭРН
Разэнкранц і Гільдэнстэрн кантры-вэстэрн Сьміт энд Вэсан мы з табою - два каўбоі -
Разэнкранц і Гільдэнстэрн Разэнкранц і Гільдэнстэрн сьвет падводны мэтазгодна нам стварыць бы мы - дзьве рыбы - Разэнкранц і Гільдэнстэрн Разэнкранц і Гільдэнстэрн цыгарэты, дзьверы, клямкі... мы - агенты па рэкляме - Разэнкранц і Гільдэнстэрн Разэнкранц і Гільдэнстэрн. Ад засады нам ня збочыць.
Назаўсёды сьплюшчы вочы, Разэнкранц.
ДЖУНГЛІ
Нязьведаныя джунглі Мы бачылі ды чулі. Лянотна несла хвалі Вялікая рака.
Я помню, ты лічыла Усьмешку кракадзіла Прывабнейшай, мажліва, За позірк павука.
Нязьведаныя джунглі Мы бачылі ды чулі. Мы вільгацьцю гарачай Напоўнілі мяхі.
Над намі праляцелі Атручаныя стрэлы, I вылаяўся нехта У зарасьцях глухіх.
Нязьведаныя джунглі Нас бачылі ды чулі, Паказвалі дарогу, Сьмяяліся ўсьлед. А мы ішлі скрозь дрэвы Туды, куды нам трэба Пад тым зялёным небам У тым зялёным сьне.
На мінулым прыпынку Засталіся знаёмыя людзі, звыклыя твары й безьліч размоваў недаразмаўляных. Я толькі пайшоў у шапік купіць цыгарэтаў пачак, калі падыйшоў аўтобус. Я не пасьпеў разьвітацца. Ускочыў у заднія дзьверы. Аўтобус крануўся зь мейсца. I паплылі прад вачыма сяброў знаёмыя твары. Зьбянтэжанасьць і зьдзіўленьне на іх адбіліся раптам.
Цяпер мне не зразумела, чаму я гэтак сьпяшаўся - аўтобус быў не апошні, аўтобусы ходзяць часта. Але не павернеш стрэлкі - Застаўся ззаду прыпынак, знаёмыя, звыклыя твары, і справы, што не зрабіў я альбо зрабіў напалову.
Аўтобус едзе па лесе.
Людзей няшмат, і ўсе яны
між сабой незнаёмыя. Аўтобус едзе па лесе. За запацелай шыбай месяц мільгае між дрэваў... Калі наступны прыпынак - нікому тут не вядома.
Гэты аўтобус можа ехаць і дзень, і тыдзень, пакуль прыпыніцца, ўрэшце. А можа і зараз спыніцца. Ягоныя пляны - загадка.
I што мне цяпер: хвалявацца? шкадаваць таго, што мінула? думаць пра марнатраўнасьць? радавацца пераменам? тупа ўглядацца ў шыбу?
Галоўнае, каб не спынілі аўтобус на магістралі зьдзічэлыя кантралёры, бо еду я без талёну.
Паснулі пад сьнегам сады, Цяпер не пайду я туды. Там яблыкаў зыкіх парэшткі Патухлі пад покрывам сьнежным, Там творца пачварных галінаў Наўсьцяж свае працы раскінуў. Там дол, як папера, як сьцяг Цнатліва бялее наўсьцяж. Там тое, што я не люблю - Там неба цямней за зямлю. Мяне там здагадлівы вораг Пазнае па вопратцы чорнай, I мне не ўхіліцца ад стрэлаў На гэтым абшары зьбялелым. I я, нібы яблыкаў рэшткі, патухну пад покрывам сьнежным.
Паснулі пад сьнегам сады. Навошта іду я туды?!
11
АЛЕ
I не замнога, і ня мала, - Было якраз як сьлед, Але...
Нічога нам не бракавала, Было багата на стале, Але...
Была дагледжаная хата, Быў дах ад сьцюжаў ды залеў, Але...
Зіхцелі зырка далягляды У сонцазоркавым сьвятле, Але
Калі прыйшла да нас навала, Нікога не пашкадавала.
Але.
КАЛОДЗЕЖ
Я схаваўся ў калодзеж чую бразгат памножаны сьценкамі чую ўспляскі галасы чую. Але далёка словаў не разабраць проста на мяне вядро апускаецца ланцуг скрыгоча але вядро скрозь мяне праходзіць і я разумею што я не хаваўся ў калодзеж можа хтосьці й хаваўся але ня я.
Самотна. Маркотна. Нязвыкла, Нібыта было, але зьнікла.
Ня бачна скрозь шэрыя зьлівы, Якія з табою былі мы.
Ня можна прыгадваць цяпер мне, Як пахне алей у майстэрні, Дзе мы прызначалі сустрэчы, Нэрвовы зімовы той вечар, Нібыта пачатак адліку, I водар краінаў далёкіх, Куды нас заносіла ветрам...
Ніколі мы ўжо не паверым Сваім недарэчным узгадкам. I будзе папросту загадкай, Як зьніклі гады незваротна, Як роднае стала няродным, Як стала няроднае родным, I вечнае стала сьмяротным. Каханьне і вернасьць, і вера. Намеры, намеры, намеры... Было, але раптам памерла. Памерла, памерла, памерла...
Можна мець адмысловую практыку У піцьці туалетнай вады.
Можна так палюбіць касманаўтыку, Што ўзьляцець невядома куды.
Можна ведаць складаныя сінусы
I скіроўваць на гэта мазгі.
Можна так бараду і вусы насіць, Як носяць па плошчах сьцягі.
Можна быць капітальным рамонтнікам I навокал усё разбураць,
Можна быць натуральным гаротнікам I на гэтым штодня зарабляць.
Можна верыць у сьветлае заўтра, А на сёньня застацца ні з чым.
Можна ўпадабаць дыназаўраў - Значна больш за віно і жанчын.
Можна ладзіць мастацкія вырабы
I насіць прадаваць на базар.
Можна ўсім гаварыць, што яны - рабы, А ты іхні вярхоўны ўладар.
Можна выйсьці аднойчы на вуліцу
I адчуць, як паветра зьвініць...
Можна раптам зрабіць рэвалюцыю, Можна раптам яе адмяніць.
Можна шчыльна заплюшчваць вочы, Можна думаць, а можна й не.
Можна ўсё, што ты толькі захочаш, Можна, нават, ня слухаць мяне.
Круціць дзяржава жорны.
Будзе мукою зерне.
Калісьці й мы з табою, Мой дружа, будзем мукою...
НЯСПРАЎДЖАНАЕ ПРДДКАЗАНЬНЕ
Стаялі мы сярод бярозаў Сярэдне-рускай паласы. Ты прадказала мне з пагрозай, Што пасякуцца валасы.
Жыцьцё дарыла нам удары
Сярод пагоркаў ды палёў: Пасеклі маскалі татараў, Пасеклі немцы маскалёў,
Пасеклі дровы дрывасекі, Пасекла градам ураджай.
Татары зьехалі да Мэккі, I немцы сталі ад’яжджаць.
Мы ўсё сядзелі ды стагналі, Нам не ставала хараства...
А маскалі пабудавалі Свой горад з назваю “Масква".
Ляцелі па паветры трэскі Ад рухаў іх сякераў рэзкіх...
Гляджу, як весела сьмяюцца Татары, немцы, маскалі...
А валасы ўсё не сякуцца, Хоць дарасьлі ўжо да зямлі.
На гэтым мейсцы стаяў францысканскі касьцёл на гэтым мейсцы быў файны графскі сад на гэтым мейсцы стаяла старая карчма на гэтым мейсцы знаходзіўся гарвыканкам
на гэтым мейсцы напіўся Жахлівы Іван
на гэтым мейсцы Пілсудзкі зваліўся з каня на гэтым мейсцы Будзённы патрапіў пад танк на гэтым мейсцы гаўляйтар ступіў у дзярмо
на гэтым мейсцы паставяць бэтонны паркан на паркане напішуць сакральныя словы каб розначытаньняў цяпер не было:
НА ГЭТЫМ МЕЙСЦЫ МАГЛА БЫ БЫЦЬ ВАША РЭКЛЯМА
ЦІВАЛІ
Я жыў ля вёскі Цівалі ці мелі вы калісь мажлівасьць вось так - правесьці ўсё дзяцінства паблізу вёскі Цівалі?
Ці Валя там са мной гуляла ў пясочны замак, ці ня Валя?
Ці не!
Бадай што Віялета.
Нажаль, забыўся я на гэта. Нажаль, я шмат на што забыўся. Напрыклад, на сваё дзяцінства: на школу, на садок дзіцячы, на парты, дзёньнікі, задачы, на зорку, на чырвоны гальштук - на ўсё забыўся я амаль што. На ўсё.
Адно што толькі помню: я жыў ля вёскі Цівалі.
Ці то над прорваю, ці ў жыце я жыў...
нікому не кажыце.
ТЭРАКТ
На гэтым прыпынку па 5-й гадзіне (а 5-й 15) выбухне бомба.
У выніку выбуху трагічна загіне вядомая ўсім адказная асоба.
Адказная асоба зробіцца шкілетам - шкілет у шкілеце згарэлай машыны. Але (не сьпяшайцеся) здарыцца гэта ня зараз, а толькі па 5-й гадзіне.
На гэтым прыпынку кіёск газэтны. Яго зьнясе выбуховай хваляй. Прадаўца газэты зачэпіць аскепкам. Прадаўцу давядзецца ляжаць у шпіталі. Выбухнуць шыбы ў краме “Кветкі”. Большая частка кветак загіне, Але (пачакайце!) здарыцца гэта ня зараз, а толькі па 5-й гадзіне.
Адказная асоба зараз сьмяецца. Бліскаюць камэраў бліскавіцы. Па заканчэньні прэс-канфэрэнцыі асоба захоча наведаць правінцыю.
He ўратуюць ні тоўстыя шыбы ані міліцыя ў эскорце.
Ад выбуху бомбы загіне асоба, тры целаахоўнікі ды кіроўца. Гэта будзе ня зараз, а потым. Здарыцца гэта праз 8 хвілінаў. Нехта ў высокіх вайсковых ботах маленькі пакунак у сьметніцу кінуў. Ён назіраць будзе са сквэру (да гэтага сквэру адсюль 200 мэтраў), празь 7 хвілінаў высушыць скуру гарачы дотык сьмяротнага ветру. Міліцыянты рух прыпыняюць удвох (абодвух лёгка параніць).
Газэтны кіёск стракаціць разьвітальна газэтамі. маркамі, календарамі.
Нехта ў высокіх вайсковых ботах у сквэры на лаўцы цыгарку паліць. Адказная асоба ў аўтамабілі водзіць па мапе правінцыі пальцам. Целаахоўнікі дыхаюць гучна. Кіроўца сочыць за дарогай.
Да выбуху бомбы 9 сэкундаў - амаль ште нічога.
БАЛЯДА ПРА АМНЭЗІЮ
Я цябе ня помню нават і прыблізна твой дзень нараджэньня для мяне загадка я на гэтым сьвяце як на гэтым сьвеце усё не зразумею, што я тут раблю я люблю кагосьці а каго - забыўся я хацеў паесьці, ды забыўся, што памяць нібы рэчка што ня зойдзеш двойчы вочы нібы неба - воблакі ды хмары мары нібы чаркі - ляснуў ды забыўся Ўсё таму што памяць як вада ў Кітаі хоць ушчэнт разьбіся двойчы не зайсьці.
А на нашай глебе рэчкі не такія зойдзеш двойчы, тройчы - колькі хочаш, зойдзеш...
вось такая наша бедная зямелька. Плачце, плачце, госьці! Плачце, дарагія. Плачце-галасіце.
Я пакуль паем.
Так мінуў чарговы мой дзень нараджэньня. Зрэшты, я ня помню, колькі мне гадоў.
ЯК ЗЬМЯНІЎСЯ НАШ дом
Як зьмяніўся наш дом за апошнія дні - Hi вады ў ім няма, ні сьвятла.
Па-за вокнамі іншыя сьвецяць вагні А падлога травой зарасла.
Пахіснуліся сьцены, патрэскаўся дах.
Я празь дзіркі на неба гляджу.
А на кухні са столі кропліць вада, Калі нават няма дажджу.
Як зьмяніўся наш дом за апошнія дні!
Як зьмяніўся яго гаспадар!
Я ня чую нічога, апроч цішыні
I ў люстэрках ня бачу свой твар.
Мы пакінулі дом, мы бяжым хто куды, А над намі - наш страх, нібы сьцяг. Нехта ходзіць у доме па нашых сьлядах, Шматгадовых нашых сьлядах...
ПЭНСЫЯНЭРЫ
Пэнсыянэры краіны, якой няма, Шыхтуюцца ў адно велізарнае войска.
I пад сьцягамі, якіх няма, Крочаць па восеньскіх вуліцах Менска.
Цяжкае юнацтва, галодны край...
Працаўладкаваньне на аўгазаводзе.
Нешта заробіў.
Болей пакраў.
Жонку завёў.
Каханак заводзіў...
Сталыя гады, кар’ера, парткам. Ордэн пашаны, два мэдалі. Дзе гэта ўсё?
Ўсё недзе там...
Недадалі.
Жыла ў вёсцы.
Каля Пастаў.
Мела кароўку, Калусту, маркоўку.
Прывез у горад.
Наабяцаў...
Пайшла ў сталоўку варыць ячнёўку.
Распавялі.
За што гэткі боль?!
Ён проста гуляў зь ёй, ён быў жанаты.
Плакала горка.
Зрабіла аборт.
Сорамна, страшна вяртацца дахаты.
Бачыла двойчы на тэлеэкране. як яму ўзнагароды ўручалі.
Думала, што не загояцца раны. Думала, што памрэ ад адчаю.
Стаяць у натоўпе - Ён ды яна.
Над імі лунаюць і Сталін, і Ленін. Забылася ўсё - прыніжэньні, мана, Нарэшце прыйшло паразуменьне.
Восень мінае.
Чакайце зіму -
Час непрабуднага вечнага сну. Заўтра ўжо межы пяройдзе зіма краіны, якой няма.
ПАРАДЫ ПСЫХОЛЯГА
Я зразумеў, чаго рабіць ня варта, Каб захавацца, збольшага, здаровым У нашым малазразумелым сьвеце I, як гавораць, у складаным часе.
Па-першае, чытаць ня варта прэсу. Газэты трэба выключыць адразу. Бо пры чытаньні пэўных матар’ялаў Вам пагражае стрэс настолькі моцны, Што прывядзе, хіба што, да інсульту. Пасьля чаго нямоглым інвалідам Нядоўгі век дажыць свой давядзецца.
Я раю: не глядзіце тэлевізар, Бо людзі, што ўзьнікаюць на экране, Пачварную настолькі маюць зьнешнасьць, Што можна напалохацца навечна, I заікацца будзеш да сканчэньня Свайго жыцьця, кароткага і гэтак.
Ёсьць людзі, што за правіла трымаюць Аднойчы уключыць радыёкропку, I ўжо не выключаць яе ніколі,
I слухаць пра жніво, дзень добры, школа, пра розныя саўгасы ды калгасы.
Рак вуха падкрадзецца незаўважна.
Яшчэ ты ўчора слухаў пра калгасы, А сёньня ўжо ляжыш у гарнітуры, Маўклівы, і ніяк не рэагуеш
На песьні, што па радыё трансьлююць.
Ня варта слухаць розныя размовы Пра цяжкі час, пра тое, як калісьці Усё было, а зараз дык нічога, Пра зьмены ў найвышэйшых эшэлёнах, Пра тое, як хадзіла у аптэку...
Пра гэта вельмі любіць размаўляць Насельніцтва пэнсійнага ўзросту. Наслухаўшыся іх ды даўшы веры Надзвычай лёгка скончыць самагубствам, А гэта грэх, вядома і дзіцяці.
Бясконца можна гэты сьпіс працягваць, Аб’ём давесьці да таўшчэзнай кнігі (хаця чытаньне кнігаў вельмі шкодзіць).
I будзе зразумела ўсім і ўсюды, Чаго і як, і дзе рабіць ня варта.
А вось наконт таго, што варта зьдзейсьніць, Што нам рабіць для дасягненьня шчасьця, Гармоніі і згоды, і свабоды, Удасканаленьня ўласнае асобы...
Дык тут даваць парады я ня здольны, На гэты конт ня ведаю нічога.
А каб мне ведаць гэтыя сакрэты,
Дык жыў бы я ў гармоніі ды згодзе, А не бадзяўся ўночы, беспрытульны, Ня думаў бы пакутліва-балюча, Ня выў на поўню і ня піў бы болей У падваротні з бруднымі бамжамі.
сьляды
Узімку вы ўбачыце новыя формы новы абрыс гэтых муроў калі выпадзе сьнег і зьнікнуць паперкі поліэтыленавыя абгорткі скарыстаныя контрацэптывы і пакуль што бадзёрае жоўтае лісьце узімку зьнікнуць пахі сьмецьця узімку ўваскрэснуць пахі пякарні а ўвесну запахне абуджаным лісьцем але да вясны яшчэ так далёка сканчаецца верасень жоўта-блакітны але ў душы ўжо сьнег на два мэтры і нехта на сьнезе глыбокім і чыстым пакінуў свае сьляды
Безадказнасьць (стылізацыя пад тэкст песьні)
нЯ СЛУХАЙ МЯНЕ. нЯ BEP МНЕ
нЯ СЛУХАЙ МЯНЕ. нЯ BEP МНЕ мАЕ ДУМКІДЫКТУЮЦЦА ВЕГРАМ і ЗАЛЕЖАЦЬ АД МЭТРАСЭКУНДАЎ
гЭТА ЎСЕ ДАСТАТКОВА ПРОСТА
яК I ЎСЁ, ШТО МЫ БАЧЫМ НАВОКАЛ гЭТА ЎСЁ ДАСТАТКОВА СКЛАДДНА, яК I ЎСЁ, ШТО МЫ АДЧУВАЕМ
кАЛІ ХОЧАШ ЗНАЙСЬЦІ АДКАЗЫ, дЫК ШУКАЙ IX У ЗЬМЕНЛІВЫМ НЕБЕ аЛЬБО Ў ЛЕСЕ, АЛЬБО Ў КАМЕНЬНІ уСЁ РОЎНА НІЧОГА НЯ ЗНОЙДЗЕШ
аЛЬБО ЗНОЙДЗЕШ ХІБА ШТО НАМЕКІ a 3 НАМЁКАЎ НЯ ЗРОБІШ ПУНКТЫ, нЕАБХОДНЫЯ КОЖНАМУ ПУНКТЫ, пРАЗЬ ЯКІЯ ПРАВОДЗІЦЦА ВЭКТАР
тАК ШТО Я ЗДЫМАЮ АДКАЗНАСЬЦЬ я ЗЬ СЯБЕ ЗДЫМАЮ АДКАЗНАСЬЦЬ
я - ЧАЛАВЕК НЕНАДЗЕЙНЫ, я ЗАЛЕЖУ АД ХУТКАСЬЦІ ВЕТРУ
нАТОЕ, ШТОЗАРАЗ ПАЧУЎТЫ, я РАЮ АДРАЗУ ЗАБЫЦЦА, і НІКОЛІ МНЕ БОЛЕЙ НЯ ВЕРЫЦЬ, і МЯНЕ НЯ СЛУХАЦЬ НІКОЛІ
Літаратурна-мастацкае выданне
Леанід Артуравіч Вольскі ФОТААЛЬБОМ вершы
У афармленьні выкарыстаныя фотаздымкі Марка Зюлкоўскага, твор Лявона Тарасэвіча
Афармленне вокладкі:
І.В.Левін
Тэхнічны рэдактар М.Э.Рамановіч
Здадзена ў набор 01.12.1999г. Падпісана да друку 01.01 2000г Фармат 60 х 84 1/32. Друк афсэтны. Бумага афсэтная.
Ум.-друк.арк. 1,45. Ум.-выд.арк. 1,4.
Наклад 1000 асобнікаў. Зак. №12.
Рэкламна-выдавецкая фірма “Ковчег".
Ліцэнзія ЛВ № 180 ад 23.01.98г.
220012, Мінск, Кедышка, 8-1а.
ISBN 985-6056-17-9
9789856 056171

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.