Сцягі Оршы: гістарычны нарыс  Анатоль Грыцкевіч

Сцягі Оршы: гістарычны нарыс

Анатоль Грыцкевіч
Выдавец: Выдавец A. М. Вараксін
Памер: 64с.
Мінск 2014
15.34 МБ

СЛАВУТЫЯ БІТВЫ

8 верасня 1514

Анатоль Грыцкевіч

 

галоўны рэдактар серыі

Уладзімір Арлоў

Мінск Выдавец A. М. Вараксін 2014

УДК 94(476)“1514”

ББК 63.3(4Бен) 4

Г91

СЛАВУТЫЯ БІТВЫ

Серыя заснаваная ў 2014 годзе

Выдавецтва выказвае падзяку Станіславу Маскалюнцу за ідэю выдання гэтай кнігі

Грыцкевіч, А.

Г91 Сцягі Оршы: гістарычны нарыс / Анатоль Грыцкевіч. Мінск: A. М. Вараксін, 2014. 64 с., іл. (Славутыя бітвы).

ISBN 978-985-7092-49-9.

Пад Оршай ліцьвіны не толькі адстойвалі суверэнітэт сваёй дзяржавы, але і баранілі рубяжы еўрапейскага свету. Пасля бліскучага трыумфу нашай зброі гетмана Астрожскага называлі другім Ганібалам, а яго рыцараў параўноўвалі з мужнымі ваярамі антычнай Македоніі. У гэтай кнізе падзеі 500-гадовай даўніны ўзнаўляе выдатны айчынны гісторык, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, далёкі продак якога баярын Юхно Грыцкевіч, як сведчаць дакументы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, «вярнуўся з Аршанскай бітвы пераможцам».

УДК 94(476)“1514” ББК 63.3(4Бен) 4

ISBN 978-985-7092-49-9

© Анатоль Грыцкевіч, тэкст, 2014

© Уладзімір Арлоў, прадмова, 2014

© Зьміцер Герасімовіч, падбор ілюстрацый, 2014

© А.М. Вараксін, афармленне, 2014

прадл\овл

Гісторыя кожнага народа захоўвае падзеі і даты, памяць пра якія ніколі не згасае. У цяжкія для нацыянальнага быцця часы яна прабіваецца, як трава праз брук, вяртаецца, як птушкі з выраю, і працягвае хваляваць і натхняць сэрцы. У беларускай гісторыі ў першым шэрагу такіх падзеяў бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года, калі рыцарыліцьвіны на чале з найвышэйшым гетманам Канстанцінам Астрожскім разграмілі ўтрая большае войска маскоўскіх ваяводаў.

Гэта была не проста бігва, а сутыкненне дзвюх цывілізацый: еўрапейскай, да якой належала радзіма нашых продкаў Вялікае Княства Літоўскае, і еўразійскай, дзе ўзмацнілася Маскоўскае княства. Яго вызваленне ад татарскага прыгнёту, гэтай найвялікшай трагедыі расійскага народа, было толькі вонкавым. Масковія, па сутнасці, зрабілася адлюстраваннем Арды з жорсткім адзінаўладдзем, сляпой падначаленасцю «холопов государевых»ічынгісханаўскай ідэяй панавання над усім светам.

Пад Оршай беларускія ваяры не толькі адстойвалі суверэнітэт сваёй дзяржавы, але і баранілі рубяжы еўрапейскага свету. Невыпадкова перамога арміі Вялікага Княства мела надзвычай шырокі розгалас у Еўропе. Пра разгром маскавітаў паведамілі тагачасныя газеты-ўлёткі,

надрукаваныя ў Лейпцыгу, Нюрнберзе, Рыме... Гетмана Астрожскага называлі другім Ганібалам, а яго рыцараў параўноўвалі з мужнымі ваярамі антычнай Македоніі. Тры дні трыумф ліцьвінскай зброі святкавалі на Вацлаўскім пляцы ў Празе браты-чэхі. У Кракаве і Рыме выйшлі зборнікі паэтычныхтвораўу гонар нашай перамогі.У шмат якіх еўрапейскіх краінах Аршанскую бітву вывучалі як прыклад бліскучых дзеянняў супроць значна большай сілы непрыяцеля.

Аддалі даніну нашым ваярам і расійскія гісторыкі. Мікалай Карамзін у «Нсторнн государства Росснйского» пісаў што ліцьвіны датуль «ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі».

Мінулае нельга перайначыць, але можна ўдакладніць, уваскрашаючы імёны, патаемныя рухі гісторыі, яе гукі і фарбы.

У гэтай кнізе падзеі 500-гадовай даўніны ўзнаўляе выдатны айчынны гісторык Анатоль Грыцкевіч, далёкі продак якога баярын Юхно Грыцкевіч, як сведчаць дакументы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага, «вярнуўся з Аршанскай бітвы пераможцам”.

Уладзімір Арлоў

 

8 верасня 1514 года

Праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля разгрому Тэўтонскага ордэна ў векапомнай Грунвальдскай бітве 1410 года дзяржава нашых продкаў сутыкнулася з новай небяспекай, цяпер ужо на ўсходзе, з боку Маскоўскага княства.

Частыя канфлікты паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй за дамінаванне ва Усходняй Еўропе пачаліся ўжо ў XIV-XV стагоддзях. Частка ўсходнеславянскіх земляў увайшла ў дзяржаву маскоўскага князя Івана III. Гэты працэс працягваўся і ў першай чвэрці XVI стагоддзя. Дачыненні паміж Масквой і Вільняй былі вельмі напружаныя. Дыпламатычнае змаганне паміж імі ўсё часцей суправаджалася ваеннымі дзеяннямі.

У канцы 1512 года маскоўскі князь Васіль III, што любіў паўтараць: «Пакуль конь мой хадзіць

будзе і меч секчы, не дам спакою Літве», распачаў новую вайну. Маскве ўдалося залучыць на свой бок імператара Святой Рымскай імперыі Максіміляна I. У таемны альянс супроць нашай краіны мелі намер уступіць таксама Данія, Прусія і Саксонія.

Непасрэднай зачэпкаю для вайны стаў напад татараў які ўзначалілі сыны крымскага хана тады хаўрусніка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта Старога, на ўладанні маскоўскага князя.

Тірыбыууё ў 1514 г. маскоўскіх паслоў da шператара іСвятой рымскай шпсрыі Максшіляна 1. іГравюра XVI cm.

Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары.

Срэбны ледаль 1538 г.

У снежні таго ж года непрыяцельскае войска рушыла да беларускага горада Смаленска. Штурм нашай старажытнай цвярдыні вынікаў не даў, і Васіль III вярнуўся ў Маскву, папярэдне разрабаваўшы смаленскія сёлы і захапіўшы ў палон іх жыхароў.

Тады ж маскоўскія ваяводы правялі рэйды ўглыб Беларусі на Оршу, Друцк, Барысаў даходзілі да Менска, Віцебска, Браслава. Былі спаленыя кіеўскія пасады, атакаваныя Полацк і Мсціслаў.

Другая кампанія маскоўскай арміі супраць Вялікага Княства Літоўскага разгарнулася ўлетку 1513-га. Новая аблога Смаленска таксама скончылася беспаспяхова. Зноў спустошыўшы ваколіцы горада, князь Васіль III загадаў войскам вярнуцца ў Маскву. У гэты ж час з Вялікіх Лукаў да Полацка са сваімі палкамі хадзіў князь Васіль Шуйскі, які рабаваў полацкае наваколле.

Няўдача маскоўцаў была выкліканая прыбыццём на тэатр ваенных дзеянняў арміі Вялікага Княства Літоўскага, узмоцненай наёмнымі ваярамі з Польшчы.

Нашымі сіламі камандаваў найвышэйшы гетман князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі.

Род Астрожскіх, які паходзіў з тураўскіх князёў ганарыўся сваёй старажытнасцю і тым, што мужчыны ў ім спрадвеку вызначаліся ваяр-

Маскоўскі князь васіль 111.

Кравюра XVI cm.

скім майстэрствам. Талент палкаводца князь Канстанцін яскрава выявіў яшчэ ў маладосці, стаўшы героем змагання з крымскімі татарамі. Некалькі разоў ён разбіваў захопнікаў а аднойчы ўзяў у палон самога хана Махмет-Гірэя. Найвышэйшым гетманам начальнікам усіх узброеных сілаў Вялікага Княства Літоўскага Канстанцін Астрожскі быў прызначаны ў 37 гадоў. Датуль ніхто не займаў гэтай высокай пасады ў такім маладым веку.

Пад кіраўніцтвам Астрожскага ў 1513 годзе нашыя войскі атрымалі шэраг перамог, выгнаўшы Bo­para з-пад Віцебска і Полацка. Маскавіты вымушаныя былі пакінуць Смаленскую зямлю. Да пачатку лістапада 1513 года яны адышлі на сваю тэрыторыю.

Трэцяя кампанія пачатковага перыяду вайны характарызавалася лепшай падрыхтоўкаю маскоўскай арміі.

16 траўня 1514 года Смаленск зноў быў узяты ў аблогу маскоўцамі, якія мелі на ўзбраенні 300 гарматаў. Некалькі штурмаў гарнізон на чале са смаленскім ваяводам Юрыем Салагубам паспяхова адбіў з вялікімі стратамі для ворага. Тады князь Міхал Глінскі (ён яшчэ ў 1508-м перайшоў з Вялікага Княства Літоўскага на службу да Васі-

ля III, які паабяцаў перабежчыку Смаленскае княства) падкупіў некалькіх военачальнікаў. Тыя ўгаварылі жыхароў капітуляваць і здалі горад маскоўскаму князю.

Капітуляцыя Смаленска адбылася 30 ліпеня 1514 года. Месцічы атрымалі права або выехаць у Вялікае Княства Літоўскае, або перайсці ў падданства да маскоўскага ўладара. Ваявода Юрый Салагуб з некаторымі сваімі людзьмі адехаў у Вялікае Княства Літоўскае. Частка жыхароў Смаленска была выселеная ў аддаленыя мясціны Масковіі.

Натхніўшыся захопам Смаленска, Васіль III загадаў 80-тысячнаму коннаму войску накіравацца ў глыбіню тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага: да Оршы і Друцка, а потым на Вільню. Гэтай збройнай сілай, якая складалася пераважна не з простых ратнікаў, а з баяраў дваранаў і «дзяцей баярскіх», камандавалі ваяводы баярын Іван Чаляднін і продак князёў Галіцыных князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца. I хоць фармальна начальнікам войска быў Чаляднін, князь Булгакаў-Голіца захоўваў у кіраванні сваімі палкамі самастойнасць.

Непрыяцельскія аддзелы рушылі і да Мсціслава. Вынікам гэтага стаў пераход мсціслаўскага князя

Міхала Заслаўскага на бок Васіля III. На вернасць яму прысягнулі таксама жыхары Крычава і Дуброўны.

Насустрач маскоўскім баярам ды іхнім палкам з Вільні праз Менск і Барысаў рушыў наш манарх вялікі князь і кароль Жыгімонт Стары. Сабраўшы ўсе свае войскі, ён пакінуў пры сабе ў Барысаве 4 тысячы ваяроў і выслаў на ворага 30 тысяч на чале з Канстанцінам Астрожскім.

Абсалютную большасць гэтай арміі складалі нашы продкі рыцары-ліцьвіны. Часткаю ўзброеных сілаў Вялікага Княства Літоўскага былі каля трох тысяч наймітаў-палякаў якія ваявалі пад нашымі сцягамі і атрымлівалі заробак з вялікакняскага скарбу. У складзе ліцьвінскіх

беларускія і польскія ваяры XV cm. Малюнак Яна Матэйкі

сілаў знаходзілася і артылерыя, але колькасць гарматаў невядомая. (Сцверджанні некаторых аўтараў нібыта ў арміі, што выступіла супраць захопнікаў знаходзілася 17 тысяч польскіх кавалерыстаў і пяхотнікаў не падмацоўваюцца ніякімі гістарычнымі крыніцамі.)

Расійскі гісторык Сяргей Салаўёў адзначаў што ў маскоўскіх ваяводаў было 80 тысяч войска, а ў князя Канстанціна Астрожскага не болей за 30 тысяч. Гэтыя лічбы падаюцца як у расійскіх летапісах, так і ў звестках іншаземцаў. Такія ж яны ў гістарычных хроніках XVI стагоддзя, якія належаць пяру Мацея Стрыйкоўскага і Аляксандра Гваньіні. Згаджаюцца з названымі лічбамі і гісторыкі пачатку XX стагоддзя.

рыулрствл XV cm.

Малюнлк Янл ЗДлтэйкі

Першы бой з непрыяцелем адбыўся 27 жніўня 1514 года на левым беразе Бярэзіны пры пераправе цераз раку сілаў князя Канстанціна Астрожскага. Папярэдне найвышэйшы гетман правёў артылерыйскую падрыхтоўку нанёсшы ворагу значныя страты. Некалькі маскоўскіх палкоў былі разбітыя, каля 1300 ворагаў навекі засталіся на полі бою.

На наступны дзень наш авангард святкаваў перамогу над непрыяцельскім аддзелам у баі над ракою Бабёр і 1 верасня дасягнуў Друці. Тут ваяры ваяводы Івана Сапегі нанеслі паразу тром маскоўскім палкам. Некалькі сотняў захопнікаў загінула, шмат апынулася ў палоне.

Тады галоўны маскоўскі ваявода Іван Чаляднін з усімі сваімі сіламі адступіў назад за Дняпро і выбраў для наступнай бітвы зручнае месца на левым беразе. Там, паміж Оршай і Дуброўнай каля ракі Крапіўны, і размясцілася маскоўскае войска на ўзгорках паблізу вёсак Шугайлава і Рукліна і злева ад лесу па Дняпры каля Рукліна. Свабодная прастора для непрыяцеля была пакінутая ў лукавіне Дняпра на яго левым баку каля Оршы. Менавіта тут Чаляднін планаваў даць генеральную бітву гэтай кампаніі, а можа, і ўсёй вайны, разбіць амаль утрая меншага па колькас-

ці праціўніка, захапіць палонных і скончыць ваенныя дзеянні.

7 верасня 1514 года Канстанцін Астрожскі падышоў да Дняпра непадалёк Оршы. Нягледзячы на неспрыяльныя суадносіны сілаў ён таксама вырашыў даць бітву. Найвышэйшы гетман разлічваў на некалькі фактараў: уласны камандны досвед, набыты ў шматлікіх бітвах; веданне праціўніка, з якім шмат разоў змагаўся раней (а ў 1500-м нават на колькі гадоў трапіў у палон); багатую баявую практыку свайго войска, удасканаленую ў частых баях з крымскімі татарамі; патрыятызм беларускіх ваяроў якія баранілі родную зямлю ад заваёўнікаў. Заклікаючы рыцараў да бою і перамогі, Астрожскі спасылаўся і на іх рэлігійныя праваслаўныя пачуцці, таму што большасць яго падначаленых складалі праваслаўныя беларусы.

Наблізіўшыся да месца, дзе ўжо знаходзіліся маскавіты, Астрожскі вырашыў не рызыкаваць, бо пераправу цераз раку пільнавалі конныя аддзелы ворага. He збіраючыся фарсіраваць Дняпро пад стрэламі маскоўскіх лучнікаў гетман правёў дэманстрацыйны манеўр, каб пераканаць Чалядніна, што войска Вялікага Княства Літоўскага будзе перапраўляцца менавіта тут.

Залаты медаль

з выяваю гстлкана Канстануіна Ястрожскага. XVI cm.

Пад заслонай сваіх жаўнераў князь Канстанцін пераправіў у гэтым месцы ўброд усяго некалькі тысяч кавалерыстаў. Манеўр быў здзейснены на вачах у галоўных маскоўскіх ваяводаў. Тыя чакалі, пакуль пачнуць перапраўляцца ўсе нашы сілы, каб якраз тады і ўдарыць па іх. Але Астрожскі ўжо ўвечары перасунуў па віцебскай дарозе сваю армію крыху на поўнач і спыніўся на правым беразе Дняпра.

Уначы з 7 на 8 верасня гетман загадаў зрабіць два пантонныя масты з добра прасмоленых і звязаных бочак. Для пераправы скарысталі плыты

і лодкі з плеценым чаротавым насцілам, каб не грукаталі колы гарматаў У прыбярэжных балоцістых мясцінах зрабілі гаці з паваленых дрэваў. Кавалерыя князя Астрожскага пераадолела Дняпро па вузенькім бродзе каля аршанскай фартэцы або наўплаў страціўшы пры гэтым толькі аднаго патанулага конніка. Пасля на працягу ночы па пантонных мастах у раён вёскі Пашына былі перапраўленыя ўся пяхота і артылерыя Вялікага Княства Літоўскага.

Ваявода Чаляднін даведаўся пра гэтыя манеўры са спазненнем. Іншыя ваяводы раілі яму напасці на частку ліцьвінскай арміі і знішчыць яе, карыстаючыся колькаснай перавагай. Аднак Чаляднін не згадзіўся, спаслаўшыся на тое, што нават пасля разгрому гэтых сілаў непрыяцеля застанецца другая іх частка, да якой могуць далучыцца іншыя войскі Вялікага Княства Літоўскага, у выніку чаго ўзнікне небяспека для маскоўскай арміі. Ён меркаваў што ў выпадку бітвы з усім войскам Канстанціна Астрожскага можа надарыцца магчымасць знішчыць праціўніка цалкам або, абкружыўшы, пагнаць яго аж да Масквы. А пасля перамогі можна будзе заняць усю Літву-Беларусь.

Бітва ў полі на беразе Дняпра, за пяць вёрстаў ад Оршы, адбылася 8 верасня 1514 года.

Астрожскаму былі падначаленыя іншыя палкаводцы, якія прызнавалі ягоны аўтарытэт і вайсковы талент. Лёгкай ліцьвінскай конніцай камандаваў падчашы літоўскі і намеснік гарадзенскі Юрый Радзівіл, які за шматлікія перамогі ў бітвах заслужыўу сучаснікаў ганаровае імя «літоўскі Геркулес». Ваяроў з Польшчы ўзначальвалі Януш Свярчоўскі і Войцах Сампалінскі. Усе яны мелі

Баявыя шыхты.

Хравюра з «Хронікі ўсяго свету» Маруіна Бсльскага. 1564 z.

  

вялікі баявы досвед, набыты ў бітвах з крымскімі татарамі.

Як мы ўжо ведаем, у непрыяцеля галоўным ваяводам быў Іван Чаляднін, другім самастойным ваяводам князь Міхаіл Булгакаў-Голіца. Першы паставіў раніцай сваіх людзей баявым парадкам у тры расцягнутыя лініі. На флангах конныя аддзелы, якія пад час бою маглі зайсці ў тыл ворага. Наперадзе стаяў полк перадавой варты. У цэнтры па фронце шырынёю пяць кіламетраў маскоўскі вялікі полк, на правым фланзе полк правай рукі, на левым, каля вёскі Рукліна, полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры, за вялікім палком, заняў пазіцыі полк тылавой варты (рэзерву).

Бітва праходзіла на полі даўжынёю тры кіламетры ўсцяж Дняпра, за 200-400 метраў ад берага ў першай фазе і за тры з паловай кіламетра ў другой. У глыбіню абодвух франтоў поле бою таксама складала прыблізна тры кіламетры. Пры гэтым трэба адзначыць, што не ўсе войскі займалі гэтую прастору, частка іх уводзілася ў бітву паступова. Шэрагі ваяроў мелі высокую шчыльнасць, як таго патрабавала тагачасная вайсковая тактыка.

Усе маскоўскія палкі былі конныя. Цяжкіх гарматаў непрыяцель не меў, бо вялікі князь Васіль III за-

гадаў пакінуць іх у захопленых замках. Але, як сведчыць расійскі гісторык Мікалай Карамзін, «агнястрэльны снарад» у ворага быў.

Галоўны ваявода Чаляднін расцягнуў свае сілы таму, што яны амаль утрая перавышалі армію Вялікага Княства Літоўскага. Ён разлічваў абкружыць праціўніка, разбіць яго і скінуць рэшткі разгромленых палкоўу Дняпро. Такім чынам, маскоўскае войска выцягнулася па лініях, што стварала магчымасць іх прарыву. Акрамя таго, адзінага камандавання ў маскавітаў не было: Чаляднін быў толькі фармальным галоўнакамандуючым, а кожны з галоўных ваяводаў кіраваў сваім палком асобна. Гэта паўплывала на ход і вынікі бітвы. Адбілася на яе падзеях і тое, што ў маскоўцаў амаль не было артылерыі, а таксама тое, што яны, заспакоеныя ўласнай колькаснай перавагай, былі ўпэўненыя ў перамозе. Таму і галоўныя ваяводы праціўніка, і военачальнікі меншага рангу пад час бітвы своечасова не заўважылі небяспекі, а калі яна выявілася, было позна.

Наіпы аддзелы занялі пазіцыі па абодвух баках яра, які цягнуўся ад вёскі Шугайлава да пераправы цераз Дняпро. Яны сталі паводле свайго старога баявога звычаю. Наперадзе знаходзіліся два конныя палкі (гуфы) на чале з К. Астрожскім

і В. Сампалінскім. Паміж імі стаяла пяхота са стрэльбамі і гакаўніцамі. У другой лініі займалі пазіцыі два палкі кавалерыі Ю. Радзівіла і Я. Свярчоўскага. На правым і левым крылах гэтага войска размясціліся па тры дапаможныя (рэзервовыя) палкі конніцы, якія складаліся з лёгка ўзброеных харугваў. На краі правага крыла паставілі ва ўкрыцці пад аховай лесу ўсе гарматы і частку пяхоты з ручніцамі (пішчалямі, самапаламі). Наогул усе нашы сілы складаліся з моцных згрупаваных дружынаў гатовых прабіць расцягнутыя лініі ворага.

Надзвычай цікавай і арыгінальнай крыніцаю звестак пра бітву пад Оршай з’яўляецца аднайменная ба-

Узброеныя маскавіты.

фрагліент ілюлйнаванай гравюры з кнігі Сігізлхунда Лрбсрштэйна «Нататкі пра Масковію«. 1549 г.

рыуарскі пануыр першай пзловы XVI cm. з калекуыі рздзівілаў.

Музсй Метрапалітэн у Нью-ёрку

тальная карціна, створаная на пачатку XVI стагоддзя невядомым мастаком з кола славутага Лукаса Кранаха Старэйшага. Аўтар гэтай карціны, якая знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, сам быў удзельнікам баталіі, а таму здолеў дакладна адлюстраваць краявід, узбраенне ваяроў і тактычныя асаблівасці дзеяння войскаў. Бітва паказаная на трох розных этапах. Мастак тройчы намаляваў Канстанціна Астрожскага: перад пераправаю пад гетманскай харугвай, на нарадзе з ваяводамі і ў часе бітвы пад уласным сцягам. Дарэчы, аўтар твору пакінуў і выяву сябе самога на беразе за пантонным мостам.

 

Як сведчыць карціна «Бітва пад Оршай», Астрожскі быў у баявым адзенні з шабляю ў каштоўных ножнах. Ліцьвінскае войска выступала пад дзяржаўным сімвалам Вялікага Княства Літоўскага чырвоным сцягам з сярэбранай выявай Пагоні і Багародзіцай з дзіцяткам Ісусам на адваротным баку. Гетманскі сцяг меў блакітны колер. На ім была Пагоня ў чырвоным полі, а з другога боку выява святога Станіслава. Асобныя дружыны ішлі ў бой пад сваімі сцягамі. У руцэ аднаго з вершнікаў на карціне можна разгледзець чырвоны штандар з гербам Радзівілаў трыма паляўнічымі ражкамі.

Маскавіты, гдтовыя da naxody. Кравюра 1605 г.

У кожнага з беларускіх коннікаў у руцэ была доўгая дзіда з белым сцяжком-вымпелам, уздоўж якога пасярэдзіне праходзіць адна вузкая чырвоная палоска, што перакрыжоўваецца бліжэй да дрэўка другой палоскай такога ж колеру. Гэта прадвеснік нашага бел-чырвона-белага сцяга.

А дзявятай гадзіне раніцы 8 верасня, «на рожество Пресвятыя Богороднцы» (тады ва ўсім хрысціянскім свеце быў адзіны каляндарны стыль), сілы князя Канстанціна Астрожскага ўжо стаялі ў баявых шыхтах. Як заўсёды перад бітвай, з абодвух бакоў адслужылі малебен за перамогу. Варта нагадаць, што ў ліцьвінскім войску, таксама як і ў маскоўскім, маліліся праваслаўныя святары, аднак Вялікае Княства Літоўскае мела сваю, не залежную ад маскоўскага мітрапаліта, праваслаўную царкву. Да яе належаў і сам гетман Астрожскі, але ўягоных войсках за перамогу ўзносілі малітвы і ксяндзы, бо там было нямала каталікоў найперш польскія жаўнеры.

Абодва крылы маскоўскай арміі адыіплі крыху далей ад астатняга войска, каб потым абкружыць праціўніка з тылу. Галоўныя ж сілы засталіся ў сярэдзіне поля, а некаторыя аддзелы нават прасунуліся наперад, выклікаючы непрыяцеля на бой. Пасля гэтага пачаліся «гарцы» асоб-

ныя паядынкі паміж вершнікамі з абодвух бакоў каб заахвоціць астатніх ваяроў да бою.

Іван Чаляднін выкарыстаў гэты час для больш дакладнай расстаноўкі сілаў Астрожскі пасля нарады з ваяводамі і кароткага звароту да падначаленых загадаў конным палкам вольна рушыць наперад. Гэтае перасоўванне маскоўскія ваяводы палічылі сігналам да дзеяння.

Заспявалі трубы з турыных рагоў загрымелі бубны, і бітва пачалася. Сцягі і сцяжкі-прапарцы распусцілі да бою. На левае крыло беларускіх сілаў быў накіраваны полк правай рукі на чале з князем Міхаілам Булгакавым-Голіцам. Асобныя аддзелы маскоўцаў былі пасланыя на флангі, каб зайсці ў тыл непрыяцелю. Мэтаю атакі было абкружэнне, а затым і знішчэнне арміі Вялікага Княства.

Конніцу маскоўскага ваяводы сустрэлі рыцары пад камандаю самога Канстанціна Астрожскага. Яны, як паведамляе аўтар упершыню выдадзенай у 1582 годзе «Хронікі польскай, літоўскай,

 

На гравюры “Навусаданосар, уар вавілонскі, здабывае Срусалім» з чаувертай кнігі «Царствы» ф. Скарыны паказаныя баявыя шыхты і сутычка кавалерыі XVI cm. 1518 г.

жамойцкай і ўсяе Русі» Мацей Стрыйкоўскі, далі мужны адпор маскоўскаму непрыяцелю. Астрожскі звярнуўся да войска з заклікам ісці наперад. Адбіўшы атаку, нашы ваяры, якія атрымалі

падмацаванне, перайшлі ў контрнаступ. Цяжкая кавалерыя Сампалінскага, праляцеўшы галопам перад фронтам ліцьвінскага палка, што стаяў у цэнтры, нанесла праціўніку ўдар па фланзе. Вершнікі набіралі хуткасць і ўразаліся ў шэрагі маскавітаў. Ваяры з доўгімі дзідамі валілі ворагаў з коней. У паветры свісталі стрэлы, чуўся звон шабляў падавала свой «голас» агняпальная зброя.

Князь Міхаіл Булгакаў-Голіца дачакаўся падмацавання і аднавіў шэрагі свайго фронту. Маскоўскія сілы пачалі другую атаку. Ліцьвінскія рыцары выстаялі, а потым нечакана расступіліся, і непрыяцель апынуўся перад пяхотай.

Пяхотнікі, страляючы з ручніц, таксама збілі з коней шмат ворагаў. Шэрагі маскоўскага палка радзелі. У гэты момант Канстанцін Астрожскі павёў у контратаку галоўны полк. «Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!» крыкнуў 54-гадовы гетман сваім рыцарам.

Скачучы на баявым кані перад ваярамі-ліцьвінамі, Астрожскі казаў ім пра недалёкую перамогу і трыумф, пра тое, што вораг ужо «млее»: «Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля паблыталіся. На нашым баку сам Бог, што дае нам з неба абарону». Гетман клікаў усіх смела ісці ў бой за ім,

бо ён першы «ставіць сваю галаву ў ахвяру» і першы ідзе ў атаку, «каб шаблю акрывавіць». Ён нагадваў рыцарам пра слаўныя бітвы іх продкаў і заклікаў каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Асаблівасці гэтай прамовы, перададзенай храністам Мацеем Стрыйкоўскім, паказваюць, што яна была сказаная па-беларуску.

Натхніўшыся палымянымі словамі славутага палкаводца, ваяры рушылі ў атаку.

Закіпела жорсткая сеча. Астрожскі, ездзячы на кані і размахваючы гетманскай булавой, зноў і зноў заклікаў баявых паплечнікаў да наступу. Нашы рыцары збівалі ворага дзідамі і секлі мячамі. Урэшце шыхты конніцы Булгакава-Голіцы былі зламаныя і ў беспарадку паказалі спіны. Ліцьвінская кавалерыя ўварвалася ў другую лінію маскоўскага войска. Паспяхова дзейнічала і цяжкая конніца палякаў. Яны гналі рэшткі непрыяцельскага палка правай рукі і нішчылі ўжо не здатных супраціўляцца ворагаў.

Нягледзячы на цяжкую сітуацыю, у якую патрапіў полк Булгакава-Голіцы, ваявода Чаляднін на дапамогу яму не прыйшоў. Храністы і гісторыкі тлумачаць гэткія дзіўныя паводзіны суперніцтвам паміж маскоўскімі палкаводцамі і жаданнем кожнага з іх здабыць перамогу самастойна.

Яшчэ раней галоўны ваявода баярын Іван Чаляднін

Часткаю нашых войскаў у бітвс пад Фршай камандаваў ваявода Зван Сапега. Невядамы л\астак. 1709 г.

накіраваў свой полк левай рукі ў наступ на супрацьлеглае, правае, крыло войска Канстанціна Астрожскага. Аднак гэты ўдар быў не вельмі моцны, што дало магчымасць рыцарам-ліцьвінам нанесці контрудар па сілах Булгакава-Голіцы. Тым не менш Чаляднін не накіраваў на свой правы фланг ні вялікага (галоўнага) палка, ні палка тылавой варты, ні нават часткі перадавога палка, што адышоў у пачатку бітвы на другую лінію. Ваявода Чаляднін не пераходзіў у рашучы наступ, чакаючы моманту, калі ў бой супраць

палка левай рукі ўцягнуцца (пасля перамогі над Булгакавым-Голіцам) конныя аддзелы Астрожскага, Сампалінскага і харугвы ліцьвінскай лёгкай кавалерыі. Вось тады з дапамогаю сваіх свежых сілаў, лічыў ён, можна будзе адным моцным ударам разбіць непрыяцеля. Такім чынам, наша армія біла праціўніка па частках.

Урэшце Івану Чалядніну здалося, што ён перамагае. У нейкі момант маскоўскі ваявода ўбачыў, што конніца Вялікага Княства Літоўскага спыніла контратакі і на загад Астрожскага пачала адступаць, а затым і наогул кінулася ўцякаць. Маскавіты паверылі, што дачакаліся жаданай перамогі, і пачалі пераслед ліцьвінаў.

Тады Чаляднін кінуў у бой усе ягоныя сілы. Але неўзабаве недалёка ад лесу і хмызняку ў тыле арміі, ужо каля Дняпра, кавалерыя Вялікага Княства падзялілася на дзве часткі і зрабіла імклівы бакавы манеўр. Уся бязладная маса маскоўскіх вершнікаў апынулася перад нашай пакінутай у засадзе на ўскраіне лесу артылерыяй і пяхотай з ручніцамі.

Жаўнеры даўно падрыхтаваліся да аднаго магутнага залпу. Ужо першыя стрэлы нанеслі ворагу вялікія страты і спарадзілі сярод маскоўцаў паніку. Знішчальны агонь дасягаў не толькі пярэдніх, але і задніх шэрагаў.

Гэтая вайсковая хітрасць, якую Астрожскі выкарыстаў ужо ў бітве з крымскімі татарамі 28 красавіка 1512 года каля Вішняўца ва Украіне, і была пераломным момантам.

Цяпер уцякалі ўжо рэшткі абодвух флангаў маскоўскай арміі. Тысячы ахопленых жахам заваёўнікаў рассеяліся па шырокім прыбярэжным полі, страціўшы волю да супраціву. Некаторыя ў роспачы кідаліся ў Дняпро. Распачаўся пераслед разбітага непрыяцеля...

На пачатку 1517 года па дарозе ў Маскву спыніўся ў Вільні і наведаў палонных ваяводаў Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Голіцу пасол герман-

Лрлйта з рыуарсклй кнігі шпсрлтлрл Святой рыллскай ілхпсрыі Максіл\іляна 1.1502 г.

скага імператара да вялікага князя маскоўскага Васіля III барон Сігізмунд Герберштэйн. Падарожнік размаўляў з імі пра бітву пад Оршай і пакінуў аповед пра яе ў сваіх «Нататках пра Масковію»: «Ліцьвіны, наўмысна адступіўшы да таго месца, дзе былі схаваныя іхнія гарматы, накіравалі іх супраць маскавітаў якія насядалі, і паразілі непрыяцельскія заднія шэрагі, што былі ў рэзерве. Такі нечаканы баявы прыём прывёў маскавітаў у жах, бо яны лічылі, што ў небяспецы знаходзіцца толькі пярэдні шэраг, які б’ецца з ворагам. Апынуўшыся ў замяшанні і мяркуючы, іпто першыя шэрагі ўжо разбітыя, яны кінуліся ўцякаць. Ліцьвіны, разгарнуўшыся і сабраўшы ўсе свае сілы, пераследавалі іх, гналі і забівалі. Убачьгўшы гэта, адступілі і абодва маскоўскія флангі. Толькі ноч і лясы спынілі гэтае вынішчэнне».

Мацей Стрыйкоўскі таксама падае жудасныя дэталі тых уцёкаў. Спачатку Чаляднін спрабаваў угаварыць сваіх кавалерыстаў затрымацца, але яго ўжо ніхто не слухаў. Адны ўцякалі ў лясы, другія у балоты. Параненыя крычалі: «Дабі!» або: «Не сячы галаву!» Кроў забітых была не толькі на палях, але і сплывала ў раку Крапіўну вада ў якой зрабілася чырвонай.

Яшчэ адзін аўтар XVI стагоддзя Аляксандр Гваньіні

 

Лсторык i паэт atayeü Стрыйкоўскі заслужыў ганаровас найлхенне «Галлер вялікага Княства». Гравюра 1582 г.

ў сваёй «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» вобразна адзначыў што рэчка Крапіўна паміж Оршай і Дуброўнай праз вялізную колькасць трупаў запаволіла бег. Мноства маскоўцаў патанула ў ёй і ў Дняпры.

Польскі пісьменнік і гісторык Марцін Бельскі ў створанай ім «Хроніцы ўсяго свету» распавядае, што бітва цягнулася да захаду сонца. Кавалерыя Вялікага Княства Літоўскага пераследавала Bo­para ажно восем літоўскіх міляў гэта значыць 60 кіламетраў. Адны ліцьвінскія коннікі вярнуліся назад апоўначы, другія нават назаўтра. 3 сабою яны вялі вялікі палон.

Расійскія гісторыкі больш позняга часу таксама няраз звярталіся да тых падзеяў. Мікалай Карамзін у «Псторнн государства Росснйского» адзначыў, што датуль войскі Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі: «...гналі, рэзалі, тапілі іху Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Оршай і Дуброўнай... Мы страцілі трыццаць тысяч воінаў; ноч і лясы выратавалі астатніх». Толькі ў Смаленску ўцекачы змаглі адчуць бяспеку. Сяргей Салаўёў таксама падае лічбу трыццаць тысяч палеглых маскавітаў.

Спасылаючыся на звесткі непрыяцельскіх палонных, Мацей Стрыйкоўскі пісаў што на полі бою

 

Мытульны аркуш «Хронікі польскай, літоўскай, жамойукай і ўсяе русіМайся іСтрыйкоўскага. 1582 г.

іўрозныхмесцах падчасуцёкаўзасталосябольш за 40 тысяч забітых ворагаў акрамя тых, што патанулі ў Крапіўне. Паводле Марціна Бельскага, у гэтай бітве палегла сорак тысяч «масквы». «Хроніка літоўская і жамойцкая» лічбаў не дае, але ў ёй паведамляецца: «Усю Маскву нагалаву пабілі і найстаршых ваяводаў іхніх паімалі...» Страты маскоўскага войска палоннымі перавышалі пяць тысяч чалавек. У палон трапілі галоўныя ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца, восем малодшых ваяводаў 37 военачальнікаў меншага рангу, дзве тысячы дзяцей баярскіх і больш за дзве тысячы іншых ваяроў. У ліку трафеяў пераможцы ўзялі варожы абоз і 20 тысяч коней, а таксама ўсе маскоўскія сцягі.

Трыумф князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага і арміі Вялікага Княства Літоўскага быў поўны.

Як паведамляе М. Бельскі, страты ў гетмана Канстанціна Астрожскага былі невялікія. Загінулі чатыры знатныя паны, сярод іх Ян Збароўскі і Слупіцкі, а рыцараў каля пяцісот чалавек. Колькасць палеглых сярод людзей простага паходжання ён не падае. М. Стрыйкоўскі адзначыў што ў нашым войску развіталіся з жыццём чатыры паны і знатныя шляхцічы, а простых жаўнераў і шляхты загінула крыху болей за чатырыста чалавек. Затое было шмат параненых.

ОяНШдггапГаа

V nb vnbcricbe 0« Сфйфс/ po ba K^nig yn pdrt tcvnunbc ткЬетоЬгфт feawgiyntnefiooiaamtagtiii: ygcefraw man« gttort' Тт »«wnNn ^м/ вфаЬс.

Нямеукі «лятучы лісток» з паведамлсннслх пра вайну Вялікага ІКняства Літоўскага з Масковіяй. 1514 г.

На наступны дзень пераможцы святкавалі свой трыумф. Былі адслужаныя праваслаўнае набажэнства ў «гонар святой Тройцы і на хвалу Пана Бога» і святочная імша для каталікоў. Пад

час урачыстага абеду, на які былі прыведзеныя знатныя палонныя, Канстанцін Астрожскі сардэчна прывітаў нашых ваяводаў ротмістраў і рыцараў. Пазней, 3 снежня 1514 года, вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары наладзіў урачысты прыём у гонар найвышэйшага гетмана і рыцараў-пераможцаў у сталіцы нашай дзяржавы Вільні.

Усіх узятых у палон ваяводаў іншых камандзіраў і 380 дзяцей баярскіх пасля бітвы адаслалі ў Барысаў да вялікага князя Жыгімонта. Палонных «простага стану», каб асадзіцьу сваіхмаёнтках, разабрала шляхта. У Вільні ды іншых гарадах, замках, гаспадарскіх дварах і валасцях палонныя заставаліся яшчэ дзясяткі гадоў. Маскоўскі ўрад не цікавіўся лёсам суайчыннікаў. Князь Васіль III заявіў што для яго «той, хто трапіў у палон, мёртвы». Іван Чаляднін памёр у Вільні ў 1516 годзе. Міхаіл Булгакаў-Голіца і князь Іван Селяхоўскі вярнуліся на радзіму толькі ў1552-м.

Адзначыўшы перамогу пад Оршай, Канстанцін Астрожскі пайшоў здабываць Смаленск, аднак час ужо быў страчаны. Маскоўскія ваяводы ўмацавалі горад, дый наша войска імкнулася перад зімовымі халадамі разысціся па дамах.

Адразу пасля разгрому маскавітаў Дуброўна, Мсціслаў і Крычаў вярнуліся пад уладу вялікага князя Жыгімонта. Ваенныя дзеянні набылі зацяжны характар без буйных баёў. Урэшце ў выніку доўгіх перамоваўу 1522 годзе бакі падпісалі замірэнне на пяць гадоў. Усе захопленыя Масквой гарады, апрача Смаленска, былі вызваленыя.

Бітва пад Оршай стала вядомай ва ўсёй Еўропе. Вялікі князь і кароль Жыгімонт Стары паведаміў пра перамогу рымскаму папу і еўрапейскім манархам. Ен нават падараваў некаторым з іх па некалькі палонных. Еўрапейскія дзяржавы і найперш імператар Святой Рымскай імперыі Максімілян адмовіліся ад таемнага альянсу з Масквой.

Вярнуўшыся ў Вільню, князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі зрабіў багатую фундацыю (уклад) царкве Свята-Духаўскага праваслаўнага манастыра «ў падзяку Богу за дараваную яму пад Оршай перамогу над непрыяцелем і супастатам праваслаўнай веры» вялікім князем маскоўскім. Звонку царквы была прымацаваная мармуровая дошка з адпаведным надпісам на дзяржаўнай старабеларускай мове.

Аршанская бітва 1514 года пакінула глыбокі след у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. Найперш звесткі пра яе былі занатаваныя ў летапісах і хроніках.

У Валынскім кароткім летапісе змешчаная «Пахвала князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму». Яна складаецца з апавядання пра тую вайну, пра перамогу пад Оршай і з пахвальныхслоўнашаму найвышэйшаму гетману. Тэкст «Пахвалы»суправаджаецца прыкладамі і цытатамі з Бібліі і старажытнай гісторыі. Астрожскі параўноўваецца з біблійным героем Авіем, сынам Раваама, які, ваюючы з дзесяццю каленамі ізраільскімі, за адзін дзень забіў пяцьсот тысяч дужых ваякаў.

«Пахвала» заканчваецца ўслаўленнем вялікага князя і караля Жыгімонта і князя Канстанціна: «Няхай будзе гонар і слава на векі вечныя вялікаслаўнаму гаспадару каралю Жыгімонту Казіміравічу, які адолеў супраціўніка свайго вялікага князя маскоўскага Васіля, а гетману яго выдатнаму, князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, дай Божа здароўя і шчасця большага, як цяпер. Пабіў ён вялікую сілу маскоўскую, каб так яму біць моцную раць татарскую, праліваючы кроў іх басурманскую»*.

* Пераклад са старабеларускай мовы Зьмітра Саўкі.

 

3 таго ж часу захавалася і беларуская народная песня пра перамогу пад Оршай:

Ой, у нядзельку параненька Узышло сонейка хмарненька, Узышло сонца над борам, Па-над Сялецкім таборам.

Аў таборы трубы йграюць, Да ваяцкае парады зазываюць.

Сталі рады адбываці, Адкуль Воршы здабываці:

А ці з поля, а ці з лесу, А ці з рэчкі невялічкі ? А ні з поля, а ні з лесу, Толькі з рэчкі невялічкі.

Аў нядзельку параненьку Сталі хлопцы-пяцігорцы* Калярэчкі на прыгорцы:

Гучаць разам з самапалаў. 3 сяміпалых ад запалаў. Б’юць паўсоткаю з гарматаў.

Масква стала наракаці, Места Воршу пакідаці;

Аякз Воршы уцякалі, Рэчку невялічку пракліналі:

* Пяцігорцы від сярэдняй кавалерыі арміі Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVIII стст.

«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала, Як нашая слава тутака прапала;

Бадай высыхала да сканчэння свету, Што нашай славанькі ўжо нету».

Слава Воршы ўжо не горша. Слаўся, пан Астрожскі!

У Беларусі памяць пра тую перамогу зберагалася вякамі. I толькі ў XX стагоддзі савецкая гістарычная навука зрабіла ўсё, каб людзі пра яе забыліся... Але з аднаўленнем незалежнасці трыумф ліцьвінскай зброі пад Оршай вярнуўся ў гістарычную памяць сучаснікаў.

Аршанская бітва 8 верасня 1514 года славутая старонка беларускай вайсковай гісторыі. Яна назаўсёды застанецца ў шэрагу бліскучых перамог нашых ваяроў у эпоху існавання незалежнай і моцнай дзяржавы беларускага народа Вялікага Княства Літоўскага.

Навукова-папулярнае выданне

Анатоль Грыцкевіч

£)ршы

Гістарычны нарыс

адказны за выпуск

Аляксей Вараксін

рэдактар

Уладзімір Арлоў

мастак

Зьміцер Герасімовіч

карэктар

Марыя Журавель

9 789857 092499

Падпісана да друку 07.08.2014. Фармат 60x84/16.

Друк афсетны. Ум. друк. арк. 3,07. Уд.-выд. арк. 0,9. Наклад 500 экз. Заказ 388.

Выдавец:

Індывідуальны прадпрымальнік A. М. Вараксін. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў № 1/99 ад 02.12.2013.

E-mail: artmanager3(3)mail.ru

Паліграфічнае выкананне:

ТАА «Бнзнесофсет». Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюдніка друкаваных выданняў

№ 2/28 ад 12.12.2013. Пр. Незалежнасці, 95/3-7, 220043, г. Мінск

Анатоль Грыцкевіч нарадзіўся ў 1929 г. у Мінску.

Доктар гістарычных навук, прафесар. Аўтар шасці манаграфій і каля 1000 навуковых публікацый. Увёў у гістарыяграфію азначэнне Рэчы Паспалітай як федэрацыі дзвюх раўнапраўных дзяржаваў Вялікага Княства Літоўскага і Полыпчы. Рэпрэзентаваў нацыянальную гістарычную навуку на міжнародныхканферэнцыяхуЛондане, Рыме, Парыжы, Будапешце, Любліне, Санкт-Пецярбурзе...

У 2012 г. у серыі «Беларускі кнігазбор» выйшаў том выбраных твораў А. Грыцкевіча. Быў абраны старшынёй грамадскага камітэта па святкаванні 500-годдзя Аршанскай перамогі.  

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.