Звяры  Алесь Наварыч

Звяры

Алесь Наварыч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 55с.
Мінск 2004
27.4 МБ

 

Сустрэчы з прыродай

Эцюды

МІНСК

«МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 2004

УДК 087.5:59

ББК 28.6

Н15

Серыя заснавана ў 2004 г.

Распрацоўка С. У. Фядотавай

Мастакі

У. П. Свентахоўскі (дызайн серыі), Г. А. Кобрын

ISBN 985-02-0726-4

© Наварыч A. I., 2004

© Афармленне. ВРУП «Мастацкая літаратура», 2004

Па старонках кнігі, Чырвонай ад сораму

225 мільёнаў гадоў назад на Зямлі, сярод дыназаўраў, якія панавалі ў небе, на сушы і ў вадзе, з’явіліся першыя млекакормячыя. Гэтых невялічкіх звяркоў навукоўцы яшчэ называюць сысуны. Яны не адкладвалі яек, як дыназаўры і ўсе іншыя жывёлы (земнаводныя, рыбы, насякомыя), але нараджалі дзіцянят і гадавалі, клапаціліся пра іх, пакуль тыя не пачыналі жыць самастойна.

Здавалася б, ці мала якіх дзівосаў не прыдумае прырода? Вунь і сумчатыя жывёлы ёсць, а ў акіянах плаваюць акулы, якія не адкладваюць ікру, a нараджаюць акулянят. Ды што гаварыць — нават гадзюка такая ёсць, якая прыводзіць маленечкіх гадзючак.

Дык вось, 65 мільёнаў гадоў назад клімат Зямлі рэзка змяніўся. Вучоныя мяркуюць, што, пэўна, на нашу планету зваліўся гіганцкі метэарыт, а можа, цэлы астэроід ці вялікая хвастатая камета. Гэтае чужароднае касмічнае цела так рэзнулася ў Зямлю, падняло гэтулькі пылу, што забрудзіла атмасферу і святло сонца не даходзіла да паверхні зямлі. Паветра зрабілася халодным, акіяны на полюсах замерзлі. Нават на экватары выпадаў снег і было так холадна, што з яек, якія адкладвалі дыназаўры, не маглі вывесціся дзіцяняты.

I гэтак працягвалася не год, не стагоддзе, а цэлыя тысячагоддзі. Вось і выжылі, засталіся працягваць жыццё на нашай планеце тыя дыназаўры, тэмпература цела якіх была вышэй халоднага паветра і якія прывучыліся наседжваць свае яйкі. Таксама і перад млекакормячымі, якія нараджалі дзіцянят і клапаціліся пра іх, адкрыліся цудоўныя перспектывы эвалюцыі.

3 цеплакроўных дыназаўраў пайшлі птушкі, а млекакормячыя размножыліся, відазмяніліся і запоўнілі экалагічныя нішы, якія раней займалі дыназаўры. 3 сапраўдных дыназаўраў на Зямлі застаўся хіба толькі адзін дыназаўрык. Гэта так званая гатэрыя, падобная на яшчарку жывёлінка, якая дагэтуль жыве на Новай Зеландыі. Яна нічым не адрозніваецца ад тых гатэрый, якія вучоныя знаходзяць у акамянеласцях разам з іншымі вымерлымі дыназаўрамі.

Млекакормячыя засялілі ўсю Зямлю, усе кліматычныя паясы: экватар, тропікі, субтропікі і ўмераныя паясы. Звяры заваявалі горы і пустыні, стэпы і балоты і нават пакарылі моры і акіяны. Бо яны не баяліся холаду і нават пры абледзяненнях, якія час ад часу даходзілі і да тэрыторыі нашай краіны, насялялі і перадледніковую тундру і арктычныя пустыні.

Уявіце сабе, што ўсяго толькі 100 тысяч гадоў назад на поўначы нашай рэспублікі высіўся ляднік кіламетровай вышыні! Ад яго на поўдзень цяклі рэкі, якія намывалі горы пяску і камення. На тэрыторыі цяперашніх Брэсцкай і Гомельскай абласцей, мясцовасць напамінала тундру. Паміж шматлікіх забалочаных азёр блукалі тысячныя статкі паўночных аленяў. Калматыя маманты выдзіралі сваімі біўнямі сакавітыя і смачныя карнявішчы рагозу, багатыя спажыўным крухмалам. Валасатыя насарогі ў зарасніках палярнай бярозкі абіралі сваімі тоўстымі губамі пупышкі з галінак, а яшчэ далей на поўдзень, дзе была тайга і густыя лісцвяныя лясы, вадзіліся незлічоныя статкі зуброў, а рэкі засялялі шматлікія бабры і хахулі.

Летам, калі рабілася горача, паўночныя алені эмігравалі на поўнач, да ледніка, каб у ягонай прахалоднасці схавацца ад ядучай машкарэчы, якая хмарамі насілася ў паветры і забівала ноздры, не даючы нават прадыхнуць. А маманты і насарогі залазілі ў лужыны ці азярыны, каб хоць крыху астудзіць вялікае цела ад перагрэву.

Вы спытаеце, а ці былі ў той час на Беларусі людзі? Канечне былі. Бо мамант — спакусліва лёгкая здабыча для паляўнічых таго часу. Такая лёгкая, што, як мяркуюць навукоўцы, менавіта чалавек і стаў прычынай таго, што мамант быў выбіты, вынішчаны дарэшты.

Праўда, матэрыяльныя сведчанні пра першых людзей, якія жылі (не вандравалі!) на нашай зямлі, датуюцца толькі 25 тысячамі гадоў. Розныя чарапкі, рубілы, каменныя сякеры былі выкапаны на знакамітых стаянках першабытных людзей каля в. Юравічы на Мазыршчыне і каля в. Бердыж Чачэрскага раёна.

Пра тое, што маманты колісь жылі на нашых землях, сведчаць шматлікія знаходкі іхніх зубоў, біўняў, мамантавых валасоў. А яшчэ зусім нядаўна ў глухой вёсцы аднаго вучонага прывялі да надзвычай белага каменя, падобнага на костку. Сеў той вучоны на камень, пасядзеў, пастукаў костачкамі пальцаў па камені і зразумеў, што гэта не камень, а самы што ні на ёсць сапраўдны чэрап маманта, які ўрос у зямлю і які, дарэчы, цудоўна захаваўся.

Ляднік адступаў, вяртаўся, зноў наступаў. Але ў рэшце рэшт адбылося пацяпленне, і густыя хваёвыя і лісцвяныя лясы пакрылі тэрыторыю нашай краіны. Мноства жывёл насялялі гэтыя дзікія і непралазныя лясы. У дубровах блукалі сучаснікі мамантаў — зубры. У поймах рэк пасвіліся туры — продкі звычайнай дамашняй каровы. На незлічоную колькасць ласёў, аленяў, казуль і дзікоў палявалі шматлікія мядзведзі, ваўкі і рысі. Больш дробныя звяры займалі свае экалагічныя нішы.

Тысячу гадоў назад, калі людзей на тэрыторыі нашай краіны было параўнальна няшмат, можна сказаць, што звярыны свет быў прадстаўлены ў поўным сваім багацці, харастве і шматабліччы. Але стагоддзе за стагоддзем мянялі воблік краявіды. На месцах векавых пушчаў з’яўляліся палеткі і лугі, непралазныя лясныя нетры праразалі дарогі, на берагах рэк будаваліся ўсё новыя і новыя гарады і вёскі.

Два апошнія стагоддзі можна лічыць для прыроды на нашай зямлі катастрафічнымі. Прасочым лёс такой жывёлы, як зубр, каб зразумець, што ж адбылося.

зубр

Перад тым як расправіцца з зубрам, чалавек знішчыў тура. Ён нават і не заўважыў, як гэта зрабіў. Яшчэ тры стагоддзі назад продак нашай звычайнай дамашняй каровы блукаў сабе па нашых лясах. Але на цяперашні дзень ад віда тура, ад турынай папуляцыі засталіся толькі назвы горада і вёсак — Тураў, Туравічы — ды некаторыя прозвішчы — Туравец, Туронак, Туровіч.

Відаць, лёс тура чакаў і зубра. I вось, на маю думку, чаму. Зубр — адзін з самых буйных быкоў у свеце. Вага яго дасягае тоны. Калі яго здабыць, дык уявіце, колькі гэта мяса выходзіць! Каб якіх зайцоў, дык трэба было б упаляваць мо тысячу. Адчуваеце розніцу — адзін і тысяча?!

Зубры тысячнымі статкамі пасвіліся па ўсёй Еўропе: на землях галаў, продкаў французаў, у Швецыі, у Румыніі, паўсюдна на славянскіх землях. I гэта была вельмі зручная, выгодная крыніца... мяса. Так, так! He верыце?

Вось доказы. Яшчэ ўсяго пяцьсот гадоў назад на суседняй з Беларуссю Валыні, якая ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага, зуброў было так шмат,

што наш далёкі продак князь Вітаўт у 1430 годзе ў горадзе Луцку на баль, які працягваўся ажно сем тыдняў (амаль два месяцы), кожны тыдзень загадваў падаваць для гасцей па сто смажаных зуброў. Уяўляеце размах балю і апетыт гасцей?!

Вось вам і цытата з летапісу: «Па пяцьсот ялавіц, па пяцьсот бараноў, па сту зуброў, па сту ласёў, а іншых рэчаў лічбы няма».

Разумееце? Колісь зайцы ці казулі і за здабычу не лічыліся. Так, дробязь.

3 такім апетытам чалавека зубр пачаў катастрафічна хутка знікаць. Ужо ў VI стагоддзі ў Францыі гэтых дзікіх лясных быкоў не стала. Паступова знік зубр у Германіі і ў Румыніі.

Нездарма ж з’явілася выдатная паэма нашага земляка Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Яшчэ ў XVI стагоддзі чучала зубра, напханае сенам, як экземпляр рэдкага і надзвычай цікавага дзікага быка ў якасці заморскага дзіва быў дастаўлены з Беларусі ў далёкую Італію.

Вогнестрэльная зброя зрабіла зуброў вельмі зманлівай здабычай, і ніхто нават і не падумаў, што зубра можна вынішчыць дарэшты. I вынішчылі!

У Расіі, калі Пётр I загадаў прыслаць яму ў Пецярбург парачку зуброў, царскія ваяводы адказвалі, што зуброў не бачылі з 1709 года.

Ці ведаеце, чаму зуброў часта называюць белавежскімі? Думаеце, зубрам там надта прывольна? He зусім. Зубр большы прыхільнік светлых лісцвяных гаёў, але белавежскія мясціны сталі для яго апошнім прытулкам.

Справа ў тым, што тэрыторыі ўсіх без выключэння краін Еўропы прадстаўлялі сабой суцэльны лясны масіў. Па прычыне

гаспадарчай дзейнасці чалавека гэты лес паступова, а галоўнае, паўсюдна высякаўся. Дубовыя гаі выпальваліся і раскарчоўваліся пад жыта і пшаніцу, тысячастволыя бары карабельных соснаў спускаліся пад карабельнае будаўніцтва. А колькі трэба было лесу на новыя гарады, драўляныя крэпасці, масты, калодзежы, будынкі! Карацей, стагоддзямі не змаўкаў грукат сякеры ў еўрапейскіх лясах. I вось ўсё, што засталося больш-менш цэлага, некранутага ад гэтага магутнага, на ўвесь еўрапейскі

кантынент, лесу,— Белавежская пушча. A дзе ж зубру хавацца, як не ў самым большым лесе!

I яшчэ такія абставіны. Белавежская пушча — гэта прыбалочаны раўнінны лес. Невялікія пагоркі раздзелены нізінамі, так званымі алёсамі. Макраватыя алешнікі чаргуюцца з сырымі дубровамі і перамяжоўваюцца ўвільготненымі ясеневымі гаямі. У сырым лесе каранёвая сістэма дрэў развіта не надта моцна, бо хапае вады, вільгаці. Нават невялікія буры выварочваюць дрэвы з нямоцнымі каранямі. Лясы ў такім выпадку атрымліваюцца бураломнымі, непралазнымі. Балотныя купіны, мокрадзь, паваленыя дрэвы — вось дзе зубру можна схавацца ад заўзятых паляўнічых.

Але нідзе не схавацца ад двухногага драпежніка. Апошні белавежскі зубр у дзікай прыродзе быў забіты ў 1919 годзе.

Засталіся толькі асобіны ў некаторых еўрапейскіх заапарках. Вучоныя спахапіліся і забілі трывогу. У Белавежскай пушчы быў створаны зубрагадавальнік, закуплены і звезены ў адно месца два дзесяткі зуброў. У Вялікую Айчынную вайну, на шчасце, зубры ацалелі. Пасля вайны пачалася работа па ўзнаўленні папуляцыі гэтых выключных жывёл. Здаецца, поспех пакуль спадарожнічае добраму пачынанню.

Увогуле, чым зубр цікавы? Зразумела, сваімі памерамі. Як ужо ўпаміналася, вага зубра дасягае тысячы кілаграмаў. Уяўляеце такую грамадзіну даўжынёй тры метры, з магутнай пярэдняй часткай тулава, з пагрозлівымі серпападобнымі рагамі і калматай грывай?

Па карых, з густымі павекамі вачах зубра можна прачытаць ягоны настрой. Калі яго нішто не трывожыць, ён спакойны і міралюбівы. Але ў гневе зубр страшны. 3 чмыханнем валіць сваім тоўстым лобам

дрэвы, рые капытамі зямлю. Сцеражыцеся, воўк ці любы няпрошаны госць!

Зубры харчуюцца маладымі галінкамі дрэў і хмызнякоў, пасуцца на лясных палянах. Ахвотна ядуць кару грабаў, асін, елак. Любяць рабінавыя галінкі, падбіраюць дзічкі, жалуды, а апенькі і лісічкі для іх найпярвейшы ласунак. Да таго ж, крыніца мінеральных рэчываў.

Зімой зубры харчуюцца мохам, рознымі лішайнікамі і сухой травой. Поўсць, летам кароткая і рыжаватая, на зіму робіцца густой і цёмна-бурай. У такім футры жывёле не холадна гадзінамі ляжаць на снезе ў непагадзь.

Зубраняты ў зуброў з’яўляюцца ў маі — чэрвені. Яны светла-попельнай масці і ўжо на 5—6 дзень весела падбрыкваюць каля сваёй маці-зубрыхі. Зубраня ссе сваю матку цэлы год.

На цяперашні дзень абаронцы прыроды давялі лік зуброў на Беларусі да трох сотняў. Але лясныя быкі ёсць і ў іншых краінах. Яны расселены па іншых мясцінах дзеля бяспекі. Ёсць зубры на Украіне, на Каўказе, у Літве, у Расіі, у Польшчы, Германіі. Усяго зуброў на Зямлі больш за дзве тысячы. Пагроза знішчэння гэтых жывёл не знікла, але ёсць вялікая надзея, што зубр, сучаснік мамантаў, стане такім жа звычайным зверам нашых лясоў, як лось ці казуля.

Л/Іядзведзь

Калі ў свой час зубр быў вынішчаны з-за свайго смачнага мяса, дык буры мядзведзь стаў ахвярай гаспадарчай дзейнасці чалавека. Суцэльныя лясныя масівы на Беларусі суст-

ракаліся яшчэ да пачатку XX стагоддзя. Паўсюдна вадзіўся тады і мядзведзь. Ледзь не кожнае лясніцтва ганарылася мядзведжымі вывадкамі.

А яшчэ раней дык і ўвогуле Беларусь на ўсю Еўропу славілася знакамітай мядзведжай акадэміяй у Смаргоні, дзе гадавалі і дрэсіравалі клышаногіх артыстаў. Значыць, мядзведзяў на Беларусі хапала. Пра гэта сведчаць і расповеды старых людзей пра тое, як мядзведзі выдзіралі ў людзей пчол, хадзілі пасвіцца ў авёс. Ды і мясцін, якія звязаны са словам «мядзведзь», хапае. Нават і ў сталіцы нашай краіны, горадзе Мінску, з амаль двухмільённым цяпер насельніцтвам у межах горада ёсць

паселішча, якое так і называецца — Мядзвежына.

3 пачатку мінулага стагоддзя на Беларусі пракочваліся хвалі войнаў: Першай сусветнай, Грамадзянскай, Вялікай Айчыннай, і па прычыне звычайнага людскога страху і браканьерства ад мядзведжай папуляцыі на цяперашні дзень амаль нічога не засталося. I хоць паляванне на мядзведзяў было забаронена, колькасць іх сама па сабе не павялічылася. Так, у Бярэзінскім запаведніку ў 1985 годзе жыло ўсяго два дзесяткі калматых медаедаў. Таму мядзведзь і ўнесены ў Чырвоную кнігу Беларусі як від, які знаходзіцца пад абаронай дзяржавы.

Мне даводзілася сустракацца з мядзведзямі ў Карэліі. Бяскрыўдная істота, калі яе не чапаць. Але ў чалавеку сядзіць проста генетычны страх перад гэтым зверам. Калі вы бачыце на ўзроўні чалавечага росту свежыя адмеціны страшэнных, жудасных памераў кіпцюроў на кары бярозы, глыбінёй у сантыметр і болей, усярэдзіне ў вас усё абмірае. А гэта ж проста мядзведзь устае на заднія лапы і меціць сваю тэрыторыю. Як напамін не для чалавека, а для іншага мядзведзя, што на гэтай тэрыторыі ён гаспадар. Што чужаку нельга тут ні абіраць ягады, ні выкалупваць з пнёў лічынак. Іначай няпрошанаму госцю непаздаровіцца.

Што найбольш цікавае ў мядзведзях? А тое, што яны зімой спяць! Перад першым снегам калматы лежань знаходзіць сабе бярлогу, залазіць у яе, засынае і прачынаецца толькі тады, калі прыходзіць вясна. А летам мядзведзь нагульвае тлушч на зіму. Харчуецца ў асноўным драбязой: карэннямі і сцяблінамі раслін, шукае лічынак насякомых, ласуецца ягадамі, жалудамі, арэхамі, дзікімі яблыкамі. Ахвярамі мядзведзяў могуць быць і лось, і дзік. Гэта нічога, што мядзведзь выглядае крывалапым і няўклюдным. Ад яго ў лесе і на матацыкле не ўцячэш.

Чуў аднойчы гісторыю з вуснаў бывалых людзей. Адбылася яна не цяпер, крыху раней, калі зверыны ў лясах было многа.

Ехаў зімой на санях праз лес адзін дзядзька. Ляжыць сабе на сене ў кажусе, пацмоквае на каня. Лес ціхі і спакойны. I тут раптам шум, трэск, гыркатанне. Дзядзька саскочыў з саней і бачыць: прэ праз лес ваўчыная гайня. Ды проста на яго! Конь ад перапуду як ірвануў! Ледзь той дзядзька лейцы ўтрымаў і сам у сані ўскочыў.

Уцякаць! А ваўкі насядаюць! Ды не ззаду, а з абодвух бакоў у клешчы бя-

руць. I азірацца страшна! А каня і паганяць не трэба — імчыць, аж вецер у вушах свішча. На шчасце, лес тут скончыўся, паказаліся хаты, бо то ўжо і вёска пайшла. Ваўкі адсталі.

Азірнуўся дзядзька — і ледзь не самлеў! У ягоных санях на задку ляжаў прыціхлы мядзведзь. Той дзядзька не ведае, што і рабіць. Але як толькі паказалася першая хата і забрахалі сабакі, мядзведзь гольцнуўся з саней і даў лататы ў бліжэйшы зараснік.

Як аказалася потым, ваўкі, як адныя з самых лютых драпежнікаў, высачылі і выгналі з бярлогі мядзведзя. Шэрыя разбойнікі разадралі б бедалагу, бо іх было пад дзесятак, а няшчаснік — адзін. Тут і на дрэва не залезеш, бо ваўкі такія адчаюгі, што дачакаюцца, калі ад холаду і голаду мядзведзь з дрэва зваліцца, як пераспелая груша,— ім проста ў пашчу. Вось кемлівы звер і выкарыстаў момант, калі пачуў ці ўбачыў чалавека з канём. Да чалавека прыбег ратавацца! I ў той момант, калі дзядзька сам скакаў у сані, скокнуў з разгону ў сані і мядзведзь. Конь і прывёз касалапага пасажыра да вёскі. A ўжо каля вёскі ваўкі пабаяліся з мядзведзем разбірацца.

Вырашайце самі, ці можа мядзведзь быць такім кемлівым? Але паглядзіце на

мядзведзя ў цырку, якія дзівосы ён вырабляе на арэне! Веру, што настане такі час, калі ў нашых беларускіх лясах значна часцей будзе сустракацца гэты кемлівы, рахманы і дружалюбны звер.

Барсук

Колісь ледзь не ў кожным лесе, у малалюдных мясцінах — у ярах, на схілах пагоркаў, сярод зараснікаў маліны і ажыны,— жылі працалюбівыя, умелыя і акуратныя звяры — барсукі. Лясныя вырубкі, а болей хцівае браканьерства, бо ў барсукоў вельмі каштоўны, гаючы тлушч, звялі колькасць гэтых сімпатычных звяроў амаль на нішто.

Барсук не прыгажун, як, скажам, казуля ці алень, але проста сімпатычны звярок. Каржакаваценькі, на кароткіх лапах, у стракатым футры з палоскамі на галаве, з выцягнутай мордачкай, ён адразу выклікае

давер. Але не падманвайцеся, бо барсук можа, як кажуць, даць здачы. Зубы ў яго вострыя, як цвікі, ды і нораў, калі яго загнаць у кут, дастаткова агрэсіўны.

Барсук удзень спіць у нары, а ўночы прыспехам шнорыць па лесе і шукае спажывы. Жывуць барсукі ў адных і тых жа норах часам не тое што гадамі, але нават стагоддзямі. У Бярэзінскім запаведніку вучоныя праверылі адно барсучынае пасяленне, і аказалася, што яму некалькі тысяч гадоў! Хваліцеся, людзі, што ў вас вечныя гарады!

Але ні вострыя зубы, ні начны лад жыцця, ні глыбокія норы не ўратавалі барсука. Яшчэ ў 1959 годзе на Беларусі было ўлічана 800 здадзеных барсучыных шкурак, а потым здабыча рэзка скарацілася. Тады паляванне на барсука было катэгарычна забаронена, але браканьеры працягвалі яго здабычу. Дваццаць гадоў назад пералічаных барсукоў па ўсіх лясах нашай краіны налічвалася не болей 2 тысяч, што вельмі і вельмі мала. Таму важна аберагаць мясціны, дзе барсукі жывуць, a

ўладам весці больш строгую барацьбу з браканьерствам. Іначай барсук ніколі не сыдзе са старонак Чырвонай кнігі.

Хахуля

Усвой час хахуля сустракалася на кожным лясным ручаі, у кожнай зарослай гарлачыкамі старыцы, a любое лясное азярцо проста кішэла гэтымі сімпатычнымі звяркамі. Невялікая, бяскрыўдная, з каштоўным футрачкам жывёлінка зрабілася ахвярай паляўнічых. Яе здабывалі стрэльбамі, капканамі, лавілі сеткамі, раскопвалі норкі лапатамі, білі дручкамі па галаве, травілі сабакамі. Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя ў продаж паступалі дзесяткі тысяч футрачак хахулі. За кожным футрачкам — удар па галаве, стрэл, жудасная смерць пад вадой у жалезных абдымках капкана.

Такога здзеку, ціску хахуля не вытрымала. Спачатку яна ўцякала ў больш недаступныя і глухія мясціны. Чалавек ішоў следам. Яго цікавілі лёгкія грошы, якія ён мог атрымаць ад здабытых шкурак. Хахуля ўцякала ў яшчэ большую глушэчу, рабілася яшчэ больш асцярожнай, проста панічна баязлівай. Менавіта такія, вельмі асцярожныя, толькі і выжылі. I то не на Беларусі, але ў глухіх, як кажуць, мядзведжых кутках Расіі.

Але мясцін, якія лічацца для хахулі проста ідэальнымі, на Беларусі надзвычай шмат. На жаль, спробы развесці хахулю ў Беларусі зноў, перасяліць яе, каб яна прыжылася і стала размнажацца сама па сабе, не далі станоўчых вынікаў. У свой час на рацэ Сож выпусцілі дзве сотні звяркоў,

злоўленых у Расіі. Звяркі не выжылі. Праз некалькі гадоў пад сто хахуль выпусцілі на рацэ Пціч, але і тут біёлагаў чакала няўдача.

Цяпер невядома, ці жыве хахуля ў нас на Беларусі. Некаторыя вучоныя лічаць, што яе яшчэ можна сустрэць.

Пэўна, прыжывіць хахулю там, дзе яна раней сустракалася проста ў незлічонай колькасці, нялёгкая задача. Але, пагадзіцеся, яна вартая ўвагі. Няўжо наша прырода будзе збеднена на такі цікавы і рэдкі від?

А якая хахуля прыгожая і забаўная ў паводзінах! Высуне яна з-пад вадзянога гарлачыка кончык мордачкі-хабатка, панюхае паветра, ці няма небяспекі, і зноў нырцане. Знайдзі яе!

Хахуля — вадзяны жыхар. Яе серабрыста-шэрае футрачка не прапускае вады, што дазваляе хахулі падоўгу плаваць нават у ледзяной вадзе, а яе заднія лапкі працуюць як сапраўдныя вёслы, бо паміж пальцаў ёсць скураныя перапонкі, як у качкі ці ў гусі. Рулюе хахуля доўгім і пляскатым з бакоў хвастом.

Ціхія старарэчышчы, забытыя людзьмі лясныя азёры, зарослыя густымі чаратамі, аерам, паверхня якіх спрэс пакрыта лілеямі,— вось любімыя месцы хахуль. Тут яны знаходзяць сабе мноства спажывы. Можа злавіць і з’есці жабу, рака, апалоніка і закусіць іншай драбязой. 3 надыходам зімы рацыён хахулі робіцца больш вегетарыянскім. Асабліва яна любіць карэнні, багатыя на салодкія і крухмалістыя рэчывы.

Жытлом хахулі служаць накапаныя норы. У адным з адноркаў яна і прыводзіць на свет сваіх дзетак.

Бяда, калі надыходзіць веснавая паводка. Тады вада затапляе норы, і звяркі змушаныя хавацца дзе-небудзь на беразе ці зашывацца ў затопленыя кусты. А то ж вельмі лёгка стаць здабычай драпежнай птушкі. Звычайна таму хахулі больш актыўныя ў прыцемках — раніцай і вечарам.

Хахуля занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі, на жаль, разам з тымі відамі, якія ўжо і не сустракаюцца на нашай зямлі.

Думаецца, прыйдзе час і новыя пакаленні біёлагаў, гэта, магчыма, і некаторыя з вас, змогуць вярнуць хахулю на радзіму, у нашую прыроду, каб быў гэты звярок яе каштоўнай украсай.

крот

Крот шырока распаўсюджаны звярок. Дзе толькі не ўбачыш ягоных кратавінняў: на лузе, у садзе, на лясных палянках. Гэта бачная частка кратовых хадоў, а пад зямлёй крот мае яшчэ і глыбейшыя хады. Ён сапраўдны гаспадар сваіх шматлікіх галерэй, пе-

раходаў, кормных нор. Крот асабліва любіць умерана вільготныя, багатыя перагноем і дажджавымі чарвякамі глебы.

Думаеце, крот нецікавы звярок? Памыляецеся. Вось ён рыецца пад зямлёй, і на вашых вачах кратовая купіна расце і павялічваецца. Але паспрабуйце злавіць няўрымслівага звярка! Гэта на зямлі, пад сонцам ён такі непаваротлівы, а пад зямлёй у сваім ходзе-норцы імклівы, як мыш. Слых у крата развіты выдатна, і ён адчувае і чуе чалавека за многія дзесяткі метраў.

Логава крата знайсці зусім няпроста. Звычайна ён робіць яго пад якім кустом. Ад логава вядуць у розных напрамках некалькі галерэй. Логава крата абведзена кальцавой галерэяй, яно добра ўтаптанае і высланае мяккай травой, тонкімі карэньчыкамі, мохам і лісцем. У першай палавіне мая ў логаве з’яўляюцца голенькія крацяняты.

Існуе выслоўе — сляпы як крот. Ведайце, што крот зусім і не сляпы. Проста ў яго вочкі вельмі малыя, з макавае зернетка, ледзь заўважныя ў густой і чорнай, як аксаміт, поўсці, якая шчыльна ахутвае цела крата. Такое выдатнае футра не прапускае да скуры ваду і часцінкі глебы. Лысыя, не пакрытыя валаскамі ў крата лапкі, кончык рыльца і маленькі сімпатычны хвост.

Цікавыя ў крата і лапы. Яны тырчаць у бакі і вывернуты далонямі вонкі. Гэта — своеасаблівыя экскаватарныя коўшыкі, пры дапамозе якіх крот спраўляецца з падземнымі падкопамі.

Існуюць краталоўкі розных сістэм, каб пазбавіцца ад няпрошанага госця на градках. Людзі ставяць на кіях прапелерывінты і думаюць, што тыя сваім вярчэннем і грукатам адпуджваюць кратоў. Дзе там!

Крот дзеля свайго ласунку — дажджавога чарвяка — не баіцца нічога.

Аднойчы я вырашыў злавіць крата жыўцом. Укапаў вядро пад кратовым ходам, каб ён туды праваліўся і не змог ні вылезці, ні пракапаць сабе ход, бо вядро жалезнае. I што ж вы думаеце? На другі дзень раскопваю сваю пастку — няма крата.

пятачок з’яўляецца прыстасаваннем для рыцця зямлі.

Крот вельмі многа есць. У ядзе неразборлівы. Можа і жабу з’есці, і мыш, якая падвернецца яму, не пакіне. Але асноўны харч крата — дажджавыя чарвякі, лічынкі майскіх хрушчоў, рознага роду вусені і лічынкі.

Вядро поўна нарытай зямлі, а крата ў ім няма!

Што здарылася? Расследаванне паказала, што хутчэй за ўсё кратоў было двое. Адзін упаў у вядро, як і было задумана мною, а другі... Вось тут і пачынаецца самае цікавае. Хутчэй за ўсё другі крот прыйшоў на дапамогу першаму. Вы спытаецеся — як? Вельмі проста. Краты часта пхаюць у сваім ходзе-нары перад сабой зямлю. Калі першы крот уваліўся ў вядро, другі, адчуўшы небяспеку, проста засыпаў маё вядро зямлёй. Першаму, вязню, маючы апору, нічога не заставалася, як уцячы. Зрэшты, яны нікуды не ўцяклі. На другі ж дзень рылі-падкопвалі сваімі доўгімі, як хобат, рыльцамі карэнні памідораў на градах. Словам, паводзілі сябе, як свінні.

Да слова, у кратоў і канец рыльца, як у свінні, падобны на пятачок. Заўважце, што

3 аднаго боку крот прыносіць карысць, бо знішчае шмат шкодных насякомых, а з другога — вялікай прыемнасці, калі крот улезе ў грады, няма.

Зімуе крот глыбока пад зямлёй, але ў адлігу, асабліва калі яна зацяжная і зямля адмякне, крот можа вывернуць гурбу свежай зямлі наверх.

У прыродзе на крата палююць ласка і тхор. Драпежныя птушкі таксама не гідзяцца такой здабычы. Некаторыя свойскія кошкі з вялікай ахвотай падцікоўваюць і душаць кратоў, але, ведаю з уласнага вопыту, як ежу каты крата не ўспрымаюць.

Крот і на цяперашні час з’яўляецца аб’ектам палявання. Так-так! 3 кратоў здзіраюць шкуркі дзеля атрымання з іх цёплага і далікатнага футра. 3 маленькіх шкурак шыюць камізэлькі важным панам і паненкам.

Казуля

Калі ехаць чыгункай ад Ганцавіч на поўдзень, ёсць, ва ўсялякім разе былі, кавалкі шляху, дзе прыпойменная альса — прыбалочаны альховы лес — падступаецца да самага чыгуначнага насыпу. Вольхі такія магутныя, што вершалінамі ледзь не змыкаюцца над цягніком. Калі цягнік імчыць праз гэты лес, здаецца, што ён ляціць па лясным тунелі. Калі глядзець з апошняга вагона цягніка,

толькі і бачыш, як гайдаюцца паднятыя ветрам галіны. 3 іх нават звісаюць і боўтаюцца, як упрыгожанне, кутасікі хмелю.

Раней, гадоў пятнаццаць — дваццаць назад, такога не было. Грузавыя і пасажырскія цягнікі хадзілі часцей, адціналі тыя галіны, ды і дарожная служба прарэджвала, вытралёўвала лес каля чыгуначнага насыпу, каб не зарастаў. Цяпер пасажырскія цягнікі ходзяць рэдка, грузавыя зусім мала. Так мала, што і рэйкі праржавелі.

Паверце мне — хадзіў я па тых мясцінах. Бачыў, што рэйкі пакрываюцца

ржой, а гравійны баласт між шпаламі бярэцца густой травой. Таму і цішэй каля чыгункі зрабілася, вусцішней. Цяпер звяры — казулі, ласі, дзікі — часцей і смялей пераходзяць рэйкі.

Быў такі выпадак. Казулі хадзілі на вадапой праз чыгунку. Рана-раненька і ў адзін і той жа час. Машыністы цягнікоў расказалі пра гэта дзяжурнаму па чыгуначнай станцыі. А той быў паляўнічы. Пад’ехаў на матацыкле, падышоў і залёг насупраць пераезда ў засаду.

Сядзіць паляўнічы ў засадзе, але казулі пачулі яго і ў тую раніцу нават не паказаліся. Прыехаў той паляўнічы на другую раніцу, залёг пад куст яшчэ з ночы. I на гэты раз не выйшлі лясныя козы піць ваду. Ці пах, ці нешта іншае падказвала ім пра небяспеку. I толькі на трэцюю раніцу з’явіўся на чыгуначным пераездзе казёл, самчык казуль. Выйшаў на праверку, як разведчык. Ён горда нёс свае невялічкія рогі, пыхліва і пагрозліва раздзімаў ноздры. Адчуваў нязвыклы пах, небяспеку, чуў паляўнічага, таму і не адважваўся весці свой статак, злаваў, што яго не пускаюць па находжанай, звыклай дарозе, пырхаў, кашляў.

Паляўнічы бачыў казла, але страляць было далёка. Пакінуў паляўнічы адзенне пад кустом, боты кінуў, босы дахаты прыехаў. I не ездзіў на той чыгуначны пераезд дні тры. Потым прыехаў, залёг у засаду, чакае. Што ж вы думаеце? Толькі развідняла — ідуць! Казёл паперадзе, а козы за ім. I малодзенькія казуляняткі з імі.

А сонца толькі-толькі ўстае, краплістая раса гарыць пад сонечнымі промнямі, здаецца, проста пырскае ўсімі колерамі зіхоткіх самацветаў.

Што паляўнічаму гэтыя прыгажосці? Ён падпусціў казла на стрэл і... націснуў на

спускавы курок стрэльбы. Як рассеяўся дым ад пораху, убачыў, што казулі імкліва ўцякаюць за пераезд, а на дарозе ляжыць забіты напавал іхны самец.

Здабыча ёсць здабыча. Паляўнічы прывёз трафей дахаты, паказваў усім, хваліўся. Мяса з’елі, скуру вырабілі і кінулі ў якасці дыванка пад ногі.

Апусцеў чыгуначны пераезд. Цяпер машыністы не сустракалі статак. А паляўнічы потым колькі ні ездзіў на той пераезд, колькі ні хітраваў — козы не пайшлі болыл па той дарозе. Праклалі іншую сцежку.

Гэты эпізод паказвае, наколькі асцярожныя дзікія жывёлы, і ў прыватнасці казулі.

Бабёр

Наша рэчка, на якой правялі мы дзяцінства, мае адну далікатную асаблівасць. Яна ніяк не называецца. Зрэшты, яе і рэчкай ніхто не называе, а кажуць — канава. I на самых старых картах я не знаходзіў яе назвы.

I вырашыў я яшчэ школьнікам дайсці да вытокаў нашай рэчкі Канавы. Ранараненька ўстаў, узяў пару, як кажуць цяпер, бутэрбродаў і пашыбаваў па беразе на захад.

Сонца толькі ўставала, раса зіхацела пад ягонымі промнямі. Жаваранкі залівалісяшчабяталі, вывадкі маладых шпакоў рупліва шукалі спажывы ў густой зялёнай траве.

Адышоўся ад вёскі, прайшоў праз неабсяжнае вялікае поле з лугамі і лужкамі і апынуўся перад першым мостам. Ну, тут быў неаднойчы, гэта яшчэ вядомая даследаваная тэрыторыя. I за мостам не наві-

на — хоць рэдка, але даводзілася бываць. А вось ужо як дайшоў да чарговага моста, дык за ім адкрылася незнаёмая мне зямля.

Рака звужэла. Каля нас яна адносна мнагаводная, бо ўбірае ваду шматлікіх каналаў і канальчыкаў меліярацыйнай сеткі. Вось я перайшоў шашу, сапраўдную, асфальтавую, і далей убачыў радовішча торфу. На гэтым радовішчы стаялі спецыяльныя камбайны, а сам шматметровы пласт торфу быў прарэзаны вузкімі траншэямі, на дне якіх стаяла чорная вада.

Рэчка мая агінала радовішча і крута паварочвала на поўдзень. I я іду на поўдзень. А сонца ўжо і высока, і прыпякае.

Рэчка хоць і ў высокіх, глыбокіх берагах, а вады ў ёй робіцца ўсё меней і меней. I цячэнне павольнае.

Прайшоў пару кіламетраў і здзівіўся: вады ў рэчцы амаль не было. Ды і якая гэта вада — адно жабурынне, пакрытае зялёнымі пухірамі.

Значыць, хутка канец. Альбо, наадварот, самы пачатак рэчкі майго дзяцінства — Канавы. Праз некалькі соцень метраў рэчка паварочвала на захад, і зусім нечакана я ўтыкнуўся ў... бабровую плаціну. Высокую і капітальную — экскаватарам з ходу не возьмеш. У адным месцы паверх плаціны цурчэў струменьчык.

А паверх плаціны, вышэй і далей, стаяла, зіхацела вадой залітае, поўненькае, a галоўнае, бяскрайняе балота-возера. Вось дык цуды! Хто б мог падумаць, што наша Канава выцякае з такога балота.

А недалёка ад плаціны была сапраўдная бабровая хатка. Прычым так дзівосна зробленая на балоце, што, здавалася, яна плавала.

Спадзеючыся застаць і ўбачыць баброў, я паціхеньку стаў падбірацца да хаткі. Авохці

мне, не бабра я ўбачыў, начнога і вельмі асцярожнага звера, але штук з дванаццаць вужоў. Яны выпаўзлі на бабровае жытло пагрэцца пад цёпленькімі сонечнымі промнямі. Тут былі і вялікія вужакі, і малыя вужаняты. Яны ляжалі адзін на адным крыжнакрыж, хвасты ў некаторых звісалі зверху ў ваду, а некаторыя звіліся ў маляўнічыя пагрозлівыя колцы. Сапраўдны вужыны пляж. Плямкі ў адных на галоўках былі белыя, у іншых — з аранжавым адценнем.

Я быў яшчэ далекавата, пад метраў шэсць-сем, вужы мяне яшчэ не пачулі і жылі сваім жыццём. Мне захацелася падысці бліжэй, застаць вужоў знянацку. He тут гэта было! Велізарная балотная жаба скокнула ў мяне з-пад ног і плюхнулася ў ваду. Вужы паднялі галовы, і я заўважыў, як захадзілі хадуном іхнія раздвоеныя чорненькія язычкі.

Вужакі ўзмоцнена аналізавалі гэтымі язычкамі пахі, каб адчуць небяспеку. За той час, калі я скокнуў з адной купіны на другую бліжэй да хаткі, вужоў як карова языком злізала. Зніклі ўсе, і толькі адзін маленькі, тонкі, як аловак, паспешліва спаўзаў у ваду.

Якога тут бабра ўбачыш, калі гэтулькі вартаўнікоў? Я пасядзеў на хатцы. Спачатку павылазілі з вады спуджаныя жабы. Потым наляцелі стракозы. Яны садзіліся проста на мяне. Кулік-грыцук, які прыляцеў аднекуль, пакрычаў на мяне, супакоіўся і сеў у траву побач.

Я зразумеў, што бабровая хата падабаецца не толькі мне і вужакам. Потым і зусім нешта дзівоснае ўбачыў. Нечаканыя ў гэтай балотнай вадзе карасі, неверагодна прыгожага залатога колеру і даволі вялікія, падымаліся да паверхні і пускалі бурбалкі. Я пашкадаваў, што ў мяне няма вуды ці сачка.

А я і не здагадваўся, што вось тут, далёка ад роднай сядзібы, ад шумнай дарогі, пасярод балота можа адкрыцца цудоўны свет жывога, асабліва калі сядзець ціха, не варушыцца, не перашкаджаць, не ўмешвацца ў ціхую, як гэтая марудная балотная ручаіна, плынь часу.

Аблазіўшы наваколле каля хаткі, я заўважыў свежыя сляды на гразюцы і бабровыя нагрызы. Старыя галіны, затопленыя, відаць, яшчэ летась, сведчылі, што бабры тут жывуць і жывуць не адзін год.

Дарэчы, ведаеце, як зімуюць бабры? Яны вельмі клапатлівыя гаспадары. У лістападзе для баброў надыходзіць сезон нарыхтоўкі корму на зіму. Аб’ём такіх за-

пасаў дасягае некалькі кубічных метраў. Бабры зразаюць вострымі зубамі-разцамі лазу, асіну, вярбу і сцягваюць яе бліжэй да бабровай хаткі. Вы спытаецеся, а хіба зімой нельга выйсці з хаткі і паесці кары той самай і вярбы, і асіны? Можна, згодзен. Мала таго, яны і выходзяць, калі прыпасы заканчваюцца. Але, па-першае, наверсе, на снезе, бабрам пагражае небяспека — воўк, ліса, валацужныя сабакі; а па-другое, умерзлая ў костку на марозе кара зусім не тое, што кара галін, якія ляжаць пад вадой. Наадварот, разбухлая ў вадзе кара і мякчэйшая, і, відаць, спажыўнейшая.

Бабрыная сям’я, якая жыве ў адной хатцы, складаецца, уласна, з дарослых

бацькоў, якія ніколі, аж да канца жыцця, не разлучаюцца, маладых, гадавалых, баброў і маленькіх бабранят. Звычайна яны з’яўляюцца пад канец мая. Іх бывае да пяці, але часцей два ці тры. Бабраняты нараджаюцца відушчымі і такімі няўрымслівымі, што адразу намагаюцца быць самастойнымі. Як не ўгледзяць маці ці бацька, дык бабраня лезе ў ваду, каб праз лаз пакінуць хатку. Але вось смехата: маленькага бабра вада трымае, як дзеравяшку. Ён не можа даць нырца, а значыць і схавацца. Таму без апекі старэйшых такі няўрымснік можа зрабіцца ахвярай самай звычайнай зграі галодных варон. А ёсць жа яшчэ і каршуны, і крумкачы. I дзюбы ў іх мацнейшыя, і кіпцюры страшнейшыя. Таму бабрыха бярэ ўцекача зубамі за шкірку і валачэ назад у хатку: набярыся вагі, падужэй, а потым ужо і вылазь на волю, калі зможаш самастойна хавацца на дно.

Бачыце, якая мудрая прырода! Бабраня такое лёгенькае нараджаецца, каб пры выпадку не ўтапіцца. Ну, а набраць вагу, каб даваць нырца, бабраняты могуць хутка. Так што праз некаторы час малыя распачынаюць урокі плавання.

Але, бывае, уцячэ бабранятка з хаткі, выштурхне яго вада наверх, устрывожана закружацца на цёмнай паверхні вады патрывожаныя вертлячкі і вадамеркі. Усплыве бабраня, развесіць у вадзе лерапончатыя лапкі і здзіўленымі вачамі глядзіць, пазірае на свет, які яно бачыць упершыню. Вунь вербы стаяць, пагойдваюць галінамі, вунь сіняе неба з белымі аблокамі, а вунь над меч-травой (целарэзам) шаргочуць густа-сінімі крылцамі стракозы, вунь побач гайдаюцца на вадзе на тоўстых доўгіх сцяблінах бялюткія гарлачыкі. I ўсё напоена, насычана густым праз-

рыстым святлом, сонечнымі промнямі, якія ляцяць каскадамі з неба, б’юць у ваду, адбіваюцца зіхоткасцю ад хваляў, рассыпаюцца навакол. Нічога асаблівага, але менавіта на святло і цягне бабра-малечу.

А тут ужо і маці-бабрыха вынырвае з хаткі, каб патурыць сваё дзіця назад у хатку. Там хоць цёмна, змрочна, але ж бяспечна.

Каб не было сумна, у цёмнай нары бабраняты распачынаюць гульні. Яны ўстаюць на заднія лапы, счапляюцца пярэднімі і дужаюцца. Быццам хочуць паваліць суперніка. Шырокі хвост служыць ім апірышчам дзеля раўнавагі.

Бабрыха яшчэ доўга, месяцы са два, корміць бабранят малаком, хоць яны ўжо праз пару тыдняў пачынаюць браць на зуб тое, што ядуць дарослыя.

Восенню бабраняты амаль такія, як і дарослыя. I па велічыні, і па нораве. Хіба толькі жыццёвага вопыту бракуе. Таму яны яшчэ цэлы год праходзяць своеасаблівую стажыроўку пад наглядам бацькоў, у якіх ужо з’явіўся новы прыплод. Так што ў хатцы робіцца цеснавата. Але сямейка ў баброў дружная. Вельмі шмат трэба працаваць. Адныя рамантуюць плаціну, другія рыхтуюць на зіму корм, а трэція... Трэція стаяць на ахове ўласных уладаранняў, бо вандроўных баброў, якія хочуць завалодаць якой зручнай гаванню, каб выкапаць сабе нару ці збудаваць хатку, хапае. Самыя смелыя і адважныя з сям’і тады і праганяюць розных нахабнікаў і няпрошаных гасцей.

Але стажыроўка не можа быць бясконцай. Ды і бабровая хатка не безразмерная. Вясной маладыя разбрыдаюцца: адныя плывуць уверх па цячэнні, другія ладаюцца ўніз. Іхняя задача — знайсці сабе сяброўку на ўсё жыццё.

У пошуках сваёй долі і незанятых бабровых выгодаў даводзіцца маладой пары плысці праз чужыя тоні, брысці па берагах, якія ўжо занятыя і дзе не надта прывячаюць валацуг. Давядзецца ў ход і зубы пусціць і кіпцюрамі памахаць, каб прабіцца далей, а дзе — і звярнуць убок, пайсці пешшу праз лес ці луг. Як пашанцуе, знойдуць навасёлы сабе лясны ручай, аблюбуюць мясціну, запрудзяць плацінай, пабудуюць хатку ды і застануцца тут да канца жыцця.

лось

Д л ы грэблі на балоце сена. Мы — /\/|эта я, мой брат і бацька. Ba­ff V I лота знаходзіцца недалёка ад ракі Прыпяць. Вакол не было ні вёсак, ні хутароў. Мы і начавалі на тым балоце, закапаўшыся ў сена, але злыя камары не давалі спакою. Даводзілася ноччу ўставаць і раскладаць дымны касцёр, каб хоць крыху адагнаць машкарэчу.

Золкай роснай раніцай снедалі. Наваколле зацішанае, сонца хутка падымаецца ў небе. Раса пераліваецца зіхоткімі колерамі вясёлкі. I ні гуку. Быццам мы ў зачараваным царстве цішыні.

Як мы не заўважылі, што проста да нашага вогнішча падышла ласіха, не магу даўмецца. He пачулі яе хады? Але яна не ішла ціха. Адкуль яна з’явілася? Ці хавалася за купамі лазы, ці выйшла з-за недалёкага чыгуначнага насыпу?

Мы, хто сядзеў, хто ляжаў перад нашым раскладзеным на старых газетах няхітрым сняданкам, елі і пілі, а як ўбачылі перад сабой беланогую велічную ласіху,

так і знямелі! I жаваць перасталі, застылі з поўнымі ратамі.

Велізарная цёмна-карычневая туша звера на даўжэзных нагах, жаўтавата-белага колеру знізу, здавалася нам прывідам рахманага, губатага, лапавухага і гарбаносага дракона.

Ласіха была блізка: у дваццаці — трыццаці кроках. I з такой цікавасцю і здзіўленнем глядзела на нас, быццам хацела спытацца: а чаго вы, людзі, тут, пасярод забалочанага лесу, апынуліся? У вачах так н адчувалася пытанне: хто вы?

Ласіха памахала вушамі, нібы ў знак прывітання, павярнулася і паволі, час ад часу азіраючыся і перабіраючы вушамі, пайшла ад нас.

Брат ачомаўся і як ашалелы раптам схапіў граблі і з дзікім крыкам паляцеў на тую ласіху.

I думаеце што? Яна стала ўцякаць? He тут тое было! Ласіха павярнулася і, раздзьмуўшы ноздры, смела пайшла на «агрэсара» з граблямі ў руках. Мой брат сумеўся, уміг астыў.

Тут мы ўбачылі «прычыну» такіх геройскіх паводзін ласіхі. 3-за хмызняку выскачылі адзін за адным двое ласянят. Дагэтуль мы іх не бачылі. Мілыя стварэнні, яны былі дакладнай копіяй сваёй маці, толькі мініяцюрныя, маленькія, з белымі, як у шкарпэтках, нагамі і ад гэтага незвычайна прыгожанькія.

Ласіха пырхнула так, што ў брата і граблі з рук выпалі, завярнулася і пайшла-павяла за сабой сваіх дзяцей, якія ўсё азіраліся, каб паглядзець на нас. Вось ласіха ў адзін скачок, з лёгкасцю гімнаста, сіганула праз балоцістую рэчку, якую нам даводзілася ўброд пераходзіць, і спынілася паглядзець, як ласяняты фарсіруюць водную перашкоду. I яны, у падабенства мат-

цы, сіганулі праз ваду, праўда, даскочылі толькі да палавіны. Але не здрэйфілі, забоўталі нагамі ў вадзе і хутка пераправіліся. Потым усе звяры зайшлі за лазовыя кусты, некаторы час было чуваць, як трашчыць галлё ў гушчары, а потым зноў запанавала цішыня.

Вось гэта сустрэча! Усё адбылося за некалькі хвілін. Нават гарбата ў каструльцы, якую мы пілі, ніколечкі не астыла.

Вось так жывеш, слухаеш, як расказваюць пра звяроў, у прыватнасці пра ласёў, ці чытаеш пра іх кнігі, і ніколечкі гэта не

хвалюе. А тут колькі імгненняў — і малюнак урэзаўся ў памяць на ўсё жыццё.

I яшчэ. Думалася, што мы каля свайго накошанага сена дома, а аказалася, што мы былі ў гасцях, што гаспадыня тут — ласіха. Яе ласяняты давалі ёй на гэта поўнае права.

Потым я яшчэ меў выпадкі ўпэўніцца, што лось быццам зліты з лесам. Яго бачыш заўжды нечакана, раптоўна, а потым здзіўляешся, як гэта ты яго не заўважыў раней. Стаіць такі буравата-шэры гігант дзе-небудзь у голым асеннім лесе, і зда-

ецца, што ён такі нерухомы і манументальны, як выразаная з дрэва скулыітура. Але гэткая «скульптура» можа з аднаго скачка адолець двухметровы плот!

Зімой поўсць у лася крыху іншая. I па колеры, і па будове. Яна густая, доўгая, a кожная валасіна ўсярэдзіне полая, пустая. Гэта дзеля цяпла. У такім адмысловым кажусе можна смела класціся спаць у снег.

Пры сваёй змрочнай гарбаносай знешнасці лось даволі рахманы звер. Лес выхаваў яго гэткім. Ворагаў у яго няшмат — хіба толькі воўк ды колісь мядзведзь. A чалавека лось не баіцца. Відаць, з-за гэткай даверлівасці да людзей лось і церпіць, бо браканьеру са стрэльбай не так і складана яго здабыць.

Перад самай зімой у самцоў пачынаюць моцна свярбець рогі. Лось упіраецца тады ў якое дрэўца і пачынае яго бадаць. I датуль бадае, пакуль або дрэўца не выверне з коранем, або рогі возьмуць ды і адваляцца. Нічога, вясной новыя вырастуць.

Калі вы думаеце, што ў лесе можна пад кожным кустом ласіныя рогі знайсці,— памыляецеся. Справа ў тым, што ласіныя рогі — найкарыснейшая і, відаць, вельмі смачная спажыва для лясных мышэй. Лепшай мінеральнай дабаўкі ў свой беднаваты харчовы рацыён і не прыдумаць. He думайце таксама, што рогі — гэта костка. Яны дакладна з такога рэчыва, як і нашыя з вамі пазногці. Хіба цвярдзейшыя.

Хадзіць без рагоў ласю ў лесе зручней, але і страшней. А раптам які драпежнік? Што рабіць, калі, скажам, рысь зверху наскочыць? Чым тады бараніцца? Таму чатыры месяцы лось вельмі нясмелы, хаваецца ў гушчары, туляецца там, дзе меней усяго ворагаў. А на месцы рагоў на галаве шызыя плямкі.

Лось харчуецца не толькі травой. Яму ўсё ж смачней галінкі, лісце і нават кара дрэў. Таму ў старых лясах, дзе мала падросту, ён не затрымліваецца. Яму падавай маладняк, якія нават пасадкі. Чытаць, зразумела, ён не навучаны і не разумее, што гэтыя самыя пасадкі прызначаны зусім не для яды.

За апошнія дзесяць гадоў па прычыне бескантрольнага адстрэлу, гэта значыць браканьерства, ласёў у нашых лясах значна паменела. Няўжо і над такім бяскрыўдным беланогім волатам навісне пагроза знішчэння?

Землярыйка

Аднойчы ў перадзімовы час я вырашыў прагуляцца. I добра прагуляцца — выйсці рана і прыйсці пад вечар. Якраз пагода была.

Была ўжо глухая, позняя восень, ужо і першы снег выпадаў, але не лёг, растаў, зноў дажджыла, потым зямля не паспела і высахнуць, як першыя маразы пабралі яе ў груды. Таму гэты месяц, снежань, раней, у славянскай старажытнасці, называлі грудзенем.

Было суха, лёгкі марозік пашчыпваў нос. Свяціла радаснае, хоць і скупаватае сонца, па небе плылі белыя, як авечкі, аблокі, вада ў мелірацыйным канале, па высокім беразе якога я ішоў, радавала вока свежай сінечай. Зразумела, то проста адлюстроўвалася ў вадзе неба.

Сытыя з багатай восені крумкачы задаволена пакарквалі ў небе, галкі і вароны грэліся на сцірце саломы з сонечнага боку, злёгку сварачыся між сабой.

Канал выглядаў прыгожа: рэчышча яго было ўзята быццам у белыя абшлагі, бо начны мароз прыхапіў каля берага ваду, намарозіў белых іскрыстых наледзяў. Пра гэткія наледзі каля берагоў выдатна сказаў класік:

Мароз бярэцца, паціскае, Па лесе лускае, гуляе I хусты тчэ на беражку.

Так Якуб Колас у сваёй паэме «Новая зямля» ў трох вершаваных радочках адлюстраваў цудоўную прыродную з’яву.

I вось маю ўвагу прыцягнула нешта маленькае, чорненькае, якое плёхкалася ў неглыбокай вадзе каля берага і часта вылазіла і залазіла на беласнежныя, сатканыя марозам «хусты». Я спусціўся пад адхон і ўбачыў звычайную землярыйку. Маленькая, чорненькая, з белым жывоцікам, яна бегала па лёдзе, давала нырца ў ваду, паднырвала пад лёд і там, дзе вада сутыкалася з зямлёй, шукала прудавікоў, катушак, ракушак. Калі знаходзіла іх, брала ў зубы, вынырвала з-пад крыгі, бегла назад на сухі і цёплы пад сонечнымі

промнямі бераг, садзілася на густую ўсохлую траву і з неверагоднай хуткасцю распраўлялася з тым, што знаходзіла. Ракушачкі толькі трашчалі пад яе зубамі.

Землярыйка не звярнула на мой прыход аніякай увагі. Была цалкам засяроджана здабычай ежы. Хіба толькі некалькі раз занепакоена зірнула ў мой бок малюсенечкімі, як макавае зернетка, вачамі. Зірнула і зноў пабегла па лёдзе, ні на міг не спыніўшыся, нырцанула пад лёд, пад вадой стала перабіраць пярэднімі лапкамі глей, рыць, вынюхваць у ім сваім крывым і вусатым рыльцам-мордачкай. Вось зноў нешта знайшла і стрымгалоў падалася прэч з вады, выкараскалася на лёд і далей — на бераг.

Пэўна, яна магла есці здабычу і на лёдзе, але ёй, відаць, было ўсё ж холадна ў ружовенькія, амаль голыя, без валасоў, лапкі. Голы ў звярка і хвосцік. Лёд забіраў і без таго так патрэбную землярыйцы энергію.

Я пакінуў звярка ў спакоі і пайшоў уздоўж берага. I дзіва, землярыек было шмат, ледзь не на кожным дзесятку метраў. I ўсе яны займаліся толькі тым, чым і мая першая знаёмая.

Ежа, ежа і яшчэ раз ежа!

Але чаму яны тут, каля берага? Праз нядоўгія развагі я прыйшоў да вываду, што мароз скаваў намоклую зямлю, у якой землярыйкі звычайна знаходзілі спажыву — чарвякоў і розных насякомых, і гаспадар усяго жывога — голад — выгнаў землярыек са сваіх норак, дзе яны звычайна жывуць.

Дарэчы, землярыйкі самі не вялікія ахвотнікі капаць гэтыя норы. Каб быў снег, яны б шнорылі пад снегам, але снегу на гэтую пару не было. Станеш шукаць спажыву навідавоку, тут жа варона ці крум-

кач ухопіць. Карацей, па ўсім было відаць, што землярыйкі і прымайстраваліся каля берага, блізка каля вады, каб гэтак пратрымацца да таго часу, пакуль не выпадзе снег. Вунь таму тут і крумкачы лётаюць, землярыек пільнуюць, але пад вадой, пад лёдам гэтым драпежным глюгам іх ніяк не дастаць.

Цікавая істота — землярыйка. Яе яшчэ часта называюць буразубкай. He таму, што яна буравіць зубамі ці мордачкай-рыльцам зямлю, а таму, што ў землярыек кончыкі белых зубак часта чырвона-карычневыя ці бурыя, быццам афарбаваныя. Вось таму яна і буразубка.

3 першага позірку землярыйка падобная на маленькую, вельмі жвавую чорную ці карычневую мышку. Вачэй амаль не відаць, і вушы паспрабуй разгледзь. Мордачка выцягнута ў хабаток. Поўсць у буразубкі дастаткова шчыльная, таму яна і вады не баіцца і пад дажджом не намакае. Выскачыць буразубка з вады з катушкай прудавіка ў зубах, ускараскаецца на лёд, а вада з яе, як з гусі, сцячэ.

Даўно заўважана, што чым меншы звярок, тым больш, а дакладней — часцей, яму трэба есці. Таму буразубка ў пастаянным руху, шукае, дзе і што б гэта знайсці і ўзяць на зуб. Але нягледзячы на тое, што буразубка паглынае велізарную колькасць ежы, яна заўжды галодная. У буразубкі няма ні грамулькі лішняй вагі. He прадугледжана прыродай. Гэта вам не мядзведзь, які можа адкласці тлушч на ўсю зіму. Застаецца толькі здзіўляцца жыццёвасці і энергічнасці гэтых драбнюсенькіх звяркоў, якім няма спакою ні зімой, ні летам. Нават у праліўны зацяжны дождж яна вымушана выходзіць на пошукі спажывы, іначай памрэ ад голаду. Таму не здзіўляйцеся, калі нават летам пасля ха-

лоднага дажджу можаце ўбачыць мёртвую землярыйку. Ёй проста не хапіла часу знайсці што з’есці, каб жыць.

Землярыек шмат у лесе, дзе яны проста балююць у тоўстай, багатай на спажыву лясной падсцілцы. У адносінах да жывога, якое меншае за іх, гэтыя малыя звяркі самыя лютыя і бязлітасныя драпежнікі. He пакідаюць пасля сябе нікога!

Калі здараецца, што па снезе пойдзе дождж, а потым мароз скуе лясную падсцілку,— сцеражыцеся, лясныя мышы! Голад вымушае буразубак знаходзіць норы мышэй, і яны тады, як сапраўдныя ваўкі, палююць на мышэй. Знаходзяць, нападаюць, у бітве сам-насам забіваюць, хоць мыш і большая, і зубы ў яе таксама не маленькія і не тупыя. Але ці вытрымаеш націск ашалелага ад голаду драпежніка?

Вось чаму глыбокае снежнае покрыва — ратаванне для землярыйкі. Здараецца, што зімой землярыйка трапляе на паверхню снегу. У марозлівае надвор’е яна можа загінуць за некалькі мінут. Асабліва калі саб’ецца са шляху, куды бегла, і трапіць на ўтаптаную снежную сцежку ці на цвёрды намерзлы шарон. У яе не хопіць сіл разгрэбці мерзлы снег. I захаваць дастаткова цяпла яна не ўмее — поўсць у яе кажушка фарсістая, караткаватая. А галоўнае — цеплааддача праз голыя ступачкі і амаль голы хвост ідзе настолькі хутка, што праляціць па снезе буразубка пару метраў і раптам спыніцца, захістаецца і ўпадзе.

Летам лягчэй. Буразубкі хоць і маленькія, але самыя бязлітасныя драпежнікі. Нападзе на тоўстую жабу, адгрызе ў ярасці лапы ў беднай лупавочкі адну за другой і сядзіць, адгрызенымі лапамі хрумстае. Куды жабе без лапак дзецца, каб нават і

хацела? А потым землярыйка і есць тую знерухомленую жабу жыўцом! I думаеце, на колькі хапае маленькай і невялічкай буразубцы большай мо ўтрая жабы? A ўсяго на суткі. Праз ноч і дзень ад жабы не застаецца нават шкілета!

Бывае, што ў неспрыяльныя часы землярыйка трапляе і ў жытло да чалавека. He толькі ж сінічкам ратавацца ў люты мароз каля людзей. Буразубкі трапляюць у мышыныя пасткі. Ловяць іх і жывымі. Тады можна патрымаць у вялікім слоіку, паназіраць за ёй. Буразубка шкляную турму як нешта кепскае не ўспрымае, была б толькі ежа. Яна заўжды настолькі занятая ежай, што проста не заўважае няволі.

Прырода зрабіла так, што сама буразубка не часта становіцца абедам для кагонебудзь іншага. Часам сава буразубку ўпалюе, часам вуж ці гадзюка, але і на свае вочы бачыў, як сабака, які мышкаваў, злавіўшы буразубку, выплюнуў яе. Навукоўцы лічаць, што буразубкі супраць сваіх большых памерам ворагаў выкарыстоўваюць нейкі алерген, ад якога драпежнікі кашляюць і на некаторы момант задыхаюцца. Сапраўдная хімічная зброя.

У дзень той маёй прагулкі я пайшоў далей, кіруючыся ў далёкі высакастволы лес. Узняўся вецер, памацнеў мароз. Праз нейкі час я пашкадаваў, што слабавата апрануўся і не ўзяў пальчатак. Але ў лесе было зацішней, а каля кастра ўвогуле вусцішна.

Калі я вяртаўся з прагулкі, моцны мароз проста прыпякаў шчокі. Добра, што хоць вецер дзьмуў у спіну. Чырвонае нізкае сонца рабіла мой цень доўгім. Гэты цень слізгаў па белых наледзях-хустах у канале. Па гэтых наледзях разгульвалі крумкачы. Я спусціўся да вады паглядзець, што робіцца з буразубкамі.

Наледзі значна падоўжыліся ад берага, у некаторых месцах вострыя іглы лёду ўжо і сутыкаліся ад процілеглых берагоў. I гэты ўвесь прыбярэжны лёд быў усеяны маленькімі мёртвымі звяркамі. Мароз, што ўзмацніўся, і бясснежжа загубілі буразубак. Нездарма тут разгульвалі крумкачы: усё жывое звязана ў адзін гіганцкі харчовы ланцуг.

I тут я ўбачыў яшчэ адну буразубку. Нягледзячы ні на што — ні на мароз, ні на крумкачоў — яна працягвала даваць нырца ў ледзяную ваду і змагацца за сваё жыццё!

Кажан

, ы зрабілі новы склеп. Як у нас гавораць — лёх. Зрабілі па апошI V | нім, як жартаваў бацька, слове будаўнічай навукі. 3 трывалым і моцным фундаментам, з капітальнымі сценамі з цэментаваных блокаў, з жалезабетонным дахам, з вентыляцыйнымі трубамі, з рознымі перагародкамі і нішамі для бочак і бочачак. Колькі радасці было, калі восенню засялялі гэты новы склеп! Насілі туды бульбу новага ўраджаю, выстройвалі на паліцах батарэі смачнага клубнічнага, чарнічнага і самага духмянага сунічнага варэння. Ніколі не забуду той пах, які стаяў у новым, ужо заселеным склепе. Свежа пахла зямлёй, смалістым дрэвам. Пах бетону змешваўся з пахам смалы, якой былі прасмолены дзвярныя каробкі і дах, і з пахам руберойду, пасцеленага на фундамент.

Па-свойму пахлі морква, буракі, гарбузы, якія ляжалі паверх бульбы. Пахлі бочкі з агуркамі, мачонымі яблыкамі, з

капустай. Але дамініраваў, пераважаў, пах новай сухой і здаровай бульбы.

Памятаецца, ужо пад зіму, калі ўдарылі першыя маразы і бацька хадзіў у склеп правяраць, ці не памерзла бульба, мы з братамі ішлі следам, ускоквалі ў склеп, закрывалі за сабой дзверы, каб не выходзіла цяпло, і нюхалі, насычаліся такім прыемным склепавым пахам.

У старым, яшчэ бабуліным склепе-лёху жылі трытоны з аранжавымі жывоцікамі, чорныя жабкі-жарлянкі і вадзіліся шэрыя мышкі. Я не шкадаваў мышэй, бо думалася, што мыш пракапае сабе нару і выйдзе са склепа. А вось жаб і трытонаў было шкада, бо, здавалася мне, яны ніколі не змогуць пакінуць сваю турму — склеп. Прызнаюся, я нават выносіў жаб са склепа і выпускаў іх у бульбу. Дарослыя смяяліся з мяне, а бацька растлумачыў, што жаба таму і жаба, што шукае сабе месцаў, падобных на склеп. У склепе ёй корму — камара — во колькі! Напраўду, камароў у склепе хапала. А да ўсяго, там, у старым склепе, вадзілася ўсялякая дробная жыўнасць, накшталт сараканожак, павукоў, розных слімакоў, кузурак, жучкоў. Цэлы жывёльны свет са сваімі законамі: каму каго есці.

У новым склепе напачатку ніхто не жыў. Ніхто там і не мог жыць, бо ніводнай шчылінкі, ніводнай дзіркі не было, каб туды ўлезці. Нейкая нецікавая стэрыльнасць панавала ў новым склепе. Потым завяліся маленькія чорныя жужалкі, камарыкі паселі на бетонныя сцены. А потым...

Аднойчы недзе перад Новым годам раніцай прыходзіць з надворку бацька і таямнічым голасам гаворыць:

— Хадземце са мной, нешта пакажу.

Мы ўжо паснедалі і збіраліся ў школу. Загараемся цікаўнасцю, ідзём за бацькам,

а ён вядзе нас у склеп. I што ж вы думалі — паказвае невялічкі, шэранькі камячок, які прычапіўся да абсалютна гладкага бетону лапкамі і, абвінуўшыся крылцамі, спіць сабе. I электрычнае святло не перашкаджае яму.

Кажан! Лятучая мыш! Колькі ж было радасці і захаплення! Але нам было загадана і не дыхаць! Маўчаць і не шушукацца, каб не разбудзіць кажанчыка.

Аказалася, што яшчэ на пачатку восені кажан заляцеў праз вентыляцыйную трубу ў склеп, абследаваў яго і, відаць, вырашыў, што новы склеп выдатна падыходзіць для таго, каб праводзіць дзень. Потым, калі яшчэ і халады не прыйшлі, бацька аднойчы заткнуў вентыляцыйную трубу, каб у склепе было цяплей. Баяўся, каб бульба не памерзла і ягонае «апошняе слова» будаўнічай навукі не падвяло, падстрахаваўся. Такім чынам, кажан апынуўся ў пастцы.

А потым у склеп ніхто не хадзіў тыднямі. Цяпер, канечне, кажанчык мог бы вылецець і праз дзверы, але куды паляціш, калі на вуліцы мароз, зіма!

Бацька строга наказаў нам не чапаць кажана.

Калі бацькі не было дома, мы маглі гадзінамі назіраць за кажаном. Няўрымслівы малодшы брат нават паспрабаваў дакрануцца да яго. I што ж? Кажан варухнуўся, паказаў сваю незадаволеную крывую мордачку з заспанымі вочкамі, і больш чапаць мы яго не захацелі. Так кажан праспаў у склепе да вясны. А вясной, калі з вентыляцыйнай трубы дасталі заткала, паляцеў сабе на волю.

Цяпер мы ведалі, што ўяўляе сабой кажан зблізку. Бо летам пад вечар яны дзесяткамі насіліся над клёнамі і бярозамі, палюючы на камароў, мошак, майскіх

хрушчоў. Мы ўсё дзівіліся, як гэта яны, такія летуны, не ўрэзваюцца ў электрычныя правады. Потым, канечне ж, даведаліся, што кожны кажан мае самы натуральны эхалакатар. Гукі адбіваюцца ад прадметаў і рэхам вяртаюцца назад. Лятучыя мышы гэтым выдатна карыстаюцца. Яны слухаюць рэха гукаў, які падаюць самі, разбіраюцца ў адбітых гукавых хвалях і цудоўна лётаюць уночы, не натыкаючыся ні на правады, ні на галіны дрэў ці якія слупы. Таму ў кажаноў вялікія і вельмі адчувальныя вушы.

Яшчэ пазней мне стала вядома, што сярод кажаноў, або лятучых мышэй, ёсць надзвычай цікавыя і, на жаль, рэдкія віды. Асабліва такія, як вячэрніца гіганцкая, якую вучоныя толькі аднойчы (!) адзначылі ў беларускіх лясах. Вячэрніца гіганцкая падобная да малой вячэрніцы і да рыжай, якія сустракаюцца нашмат часцей. Назва яе гаворыць пра тое, што гэта самая вялікая наша лятучая мыш, велічынёй з ладнага шпака.

Усе вячэрніцы жывуць у дуплах дрэў, звычайна калоніямі. I што цікава, калі вячэрніца нараджае адно ці два дзіцяняткі, то яны, калі яшчэ маленькія, не застаюцца ў гняздзе, у сваім дупле, але прысмоктваюцца да матчыных грудзей, учапляюцца ножкамі ў поўсць, і маці возіць іх на сабе, як на самалёце. Колькі цеплыні і замілавання выклікае адзін толькі гэты факт! Лётае такая вячэрніца ўверх і ўніз, збівае на ляту здабычу, а да яе невялікага цельца прыціснуты два малюсенечкія жывыя камячочкі!

3 дапамогай калыдавання вучоныя вызначылі, што вячэрніцы адлятаюць у вырай разам з птушкамі. Зімуюць у больш цёплых краінах: Венгрыі, Германіі. А вясной вяртаюцца ў нашы лясы. Калі ў нас з’яўляюцца ластаўкі, значыць, вярнуліся і вячэрніцы.

Рэдкі від кажана і начніца вялікая. Раней начніц было непараўнальна больш. Але ўжыванне ў сельскай гаспадарцы атрутных рэчываў, розных ядахімікатаў пры-

вяло да знікнення начніц. Цяпер іх амаль што і не сустракаюць. Так, за апошнія 50 гадоў іх бачылі ўсяго 5 разоў.

Начніца — вельмі буйны кажан, большы за шпака. Поўсць шэрая з палевым адценнем. Вушы ў начніцы доўгія і адносна шырокія. Палюе на насякомых у змроку вечарам і на досвітку. Яна, як і ўсе кажаны, знішчае велізарную колькасць насякомых, якія з’яўляюцца шкоднікамі лесу.

А колькі радасці і цікавасці да жыцця, да ўсяго жывога прыносяць кажаны?! Назаўжды ў памяці засталіся дарагія сэрцу карціны пра далёкае-далёкае дзяцінства, калі да вёскі падступаў глухі альховы лес, падтоплены веснавой паводкай, і сонца сядала за гэты лес, і праз густыя вершаліны было відаць барвовае неба, а ўсё вакол хутка, на вачах, губляла фарбы і адценні, бо быццам сама густая чорная ноч выпаўзала з лесу, з непралазных карчоў, а незлічоныя жабы і жарлянкі затопленых паплавоў пачыналі свае нястомныя, гучныя канцэрты. А ў цёмна-сінім небе на фоне зорных узораў пачыналі мільгацець загадкавыя чорныя сілуэты. Гэта выляталі са сваіх таямнічых сховаў кажаны. Яны праляталі раптоўна і бязгучна, быццам гэта былі здані, якія матэрыялізаваліся з прызмеркаў. Кажаны чарцілі чорныя пісягі на ўсё больш цёмным небе, хутка і бязмоўна насіліся над хатамі, электрычнымі слупамі, не баючыся дратоў, бо паветра, яшчэ цёплае, проста ўгусцелае ад незлічонай колькасці розных начных мятлушак, жамяры, жукоў, было іх сытай вячэрай.

Вячэрніцы і начніцы занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Але ўсе кажаны, нават і тыя, што не знаходзяцца пад аховай закона, вымагаюць асаблівага клопату і абароны. Бо любы від кажаноў на цяперашні

час робіцца рэдкім. Таму зберагаць карысных і цікавых звяркоў, не даваць іх пры выпадку ў крыўду — абавязак кожнага юнага аматара жывой прыроды.

Гарнастай

Валоцкая копанка — гэта невялічкі, мо якіх 10 на 20 метраў пажарны вадаём. Валоцкая таму, што недалёка знаходзіцца вёска Валокі, а копанка, бо выкапана. Яе называюць яшчэ і сажалкай. Нехта запусціў (пасадзіў, як казалі колісь, адсюль і сажалка) туды карасікаў. Пакуль яны падрасталі, сажалка абрасла лазой і вербамі, берагі пакрыліся густой травой і зрабіліся прытулкам рознай жыўнасці. Па-першае, тут, на самой сажалцы і каля яе, шмат птушак. Заліваюцца сярэбранымі званочкамі жаваранкі, спяваюць пеначкі, бегаюць па беразе сітаўкі. Чародкі звычайных вераб’ёў ладуюць сабе купалкі. Прылятаюць сюды папіць вады і пакупацца галубы. А ластаўкі, дык тыя на ляту спрабуюць па глыточку напіцца ў гарачы летні поўдзень.

Па-другое, тарфяністыя берагі проста прадзіраўлены мноствам мышыных норак, краты буравяць зямлю аж да вады. Жывуць тут і вадзяныя пацукі. Пра насякомых, розных кузурак, няма чаго і гаварыць. Тут іх поўнае царства.

У засушлівае лета, калі дажджы не папаўняюць запас веснавой вады, сажалка падсыхае. Тады карасі перастаюць актыўна кляваць, а апалонікі ператвараюцца ў малюсенькіх бясхвостых жабянят, кожнае з якіх велічынёй крыху большае за муху. Яны поўзаюць і скачуць па сухой гліне

берага і не адважваюцца падацца на навакольнае поле. Ёсць рызыка проста высахнуць пад промнямі пякучага ліпеньскага сонца. Ды і ворагаў шмат — вароны і крумкачы выбіраюць жабянят, як семачкі.

Пад вечар, калі гарачыня спадае, узброены вудай, я прыходжу сюды, на Валоцкую копанку, палавіць карасікаў, проста пасядзець, паглядзець, як купаюцца ластаўкі, як плывуць аблокі, як камары таўкуць мак, паслухаць крэканне жаб і цвіркатанне шпакоў.

Улоў мяне не надта цікавіць. Гэта дзенебудзь на вялікай рацэ, такой, як Прыпяць, на яе незлічоных і глыбокіх старыцах водзяцца важкія і важныя карасідужакі, апранутыя ў сапраўдныя панцыры з моцных лускавінак, а тут, на копанцы, карась дробны ды і не расце болылы — надта ж іх, карасёў, шмат і корму на ўсіх не хапае. Кожны год з ікры з’яўляюцца ўсё новыя і новыя тысячы карасікаў. A шчупакоў ці іншых драпежнікаў — няма. Калі не лічыць мяне ды валоцкіх хлапчукоў, якія болей забаўляюцца на беразе сажалкі рознымі гульнямі, чым сочаць за паплаўкамі.

Ды і вуду маю вудай не назавеш — ляшчынавы дубец з паўтара метрамі жылкі. Забава, а не рыбалка.

I ўсё ж прыемна сядзець і чакаць, калі затанцуе на вадзе паплавок, і рабіць падсечку, лавіць карася рукой на ляту, і адчуваць ягонае трапяткое цельца ў далоні, a потым пазіраць, як ён здзіўлена тыцкаецца ў літровым слоіку ў шкло, маўляў, што за дзіва, хацеў з’есці чарвячка і раптам ні з таго, ні з сяго апынуўся ў паветры, a потым тут, у слоіку, перад нечым цвёрдым і празрыстым.

Сяджу я так, пазіраю то на паплавок, то на вадзянога пацука, які некалькі ра-

зоў высоўваўся з вады. Пераканаўшыся, што чалавек, які застыў з нейкім дубцом на беразе (гэта значыць — я), зусім быццам і не чалавек, бо амаль не варушыцца, пацук смела распачаў сваю пацучыную гаспадарчую дзейнасць.

Спачатку пацук грыз кару на лазовай галінцы, смешна трымаючыся лапкамі за яе. I калі вецер гайдаў лазіну, пацука боўтала ў вадзе. Калі гэта яму надакучыла, вадзяны пацук даваў нырца і даставаў з дна нейкія водарасці ці карэнні і спрытна абсмоктваў іх. Потым вушаты вадзянік вы-

лез на бераг, стаў нешта кешкацца, раскопваць, выбіраць з зямлі. Зноў плаваў, даваў нырца, мыўся ў вадзе, сядзеў на беразе і расчэсваў кіпцюрыкамі поўсць і проста чухаўся.

Якая мне была справа да пацука? Хай робіць што хоча, бо я заняты сваім. У мяне ў слоіку ўжо і месца няма — карасіныя хвасты тырчаць уверх. Даводзілася меншых карасікаў выпускаць назад у ваду, a пакідаць больш буйных. Клявала добра.

Яшчэ і не вечарэла, як заўважыў на процілеглым беразе нейкую юркую і энергічную жывёлінку. Звярок бегаў па беразе сюды і туды, зазіраў пад кожную грудачку зямлі, абнюхваў кожную купіну. I сюды кінецца, і туды. I назад павернецца, абгледзіць яшчэ раз тое, што было ўжо абгледжана.

Дык гэта ж гарнастай! Пазнаў яго і па колеры летняга футрачка, і па памерах — ласка была б меншай.

Гарнастай абследаваў бераг і па перыметры сажалкі няўхільна набліжаўся да мяне. Зразумела, што я ператварыўся ў каменнага ідала. Нават калі моцна клявала, я не рухаўся.

Гарнастай урэшце дайшоў да мяне. Слачатку ён не адважваўся падысці, усё прынюхваўся, прыгледжваўся, але, відаць, заспакоены тым, што я застаюся без руху, падышоў бліжэй і абследаваў-абнюхаў зямлю каля маіх ног. Дажджавыя чарвякі ў запалкавым карабку яго не зацікавілі. Слоік з рыбай стаяў у мяне за спінай, куды дабрацца гарнастай усё ж не адважыўся.

Але тут гарнастай унюхаў вадзянога пацука, які з шумам кінуўся ў ваду. Гарнастай вырашыў не плысці за ім. Пацук крыху адплыў і павярнуў назад. Але на беразе гарнастай чакаў яго. Некалькі мінут пацук плаваў каля берага кругамі, моцна

стаміўся і, ратуючыся, падплыў да лазовага куста і ўчапіўся за яго. Тады гарнастай палез па лазінцы да пацука. Ён дапоўз да самага канца галінкі, але яна апусцілася пад ягоным цяжарам у ваду, і ён, відаць, не захацеў намакаць і павярнуў назад.

Гарнастаі ўмеюць плаваць, але не любяць. Таму давялося яму пакінуць пацука ў спакоі.

Але праз некалькі хвілін я пачуў адчайны піск у другім канцы сажалкі, глянуў туды і заўважыў, што гарнастай валачэ па беразе іншага пацука. Валачэ, цягне да старой вярбы, пад коранем якой, відаць, у гарнастая было гняздо з вывадкам. Усёткі ўпаляваў!

Я не стаў падыходзіць туды, каб не палохаць сямейку гэтых рэдкіх звяркоў.

А ўжо звечарэла. Нечакана зашумелі крыламі і цяжка плюхнуліся ў ваду качкікрыжанкі. Яны некалькі хвілін прыглядаліся да мяне, а потым паплылі да чароту, у якім і схаваліся. Я зматаў вуду і падаўся дахаты.

Ласка

Мне часта ўспамінаецца гэты выпадак. I кожны раз робіцца не па сабе. Здарылася гэта яшчэ ў школе, калі я хадзіў у пяты ці шосты клас. Я вельмі любіў батаніку і заалогію. He таму толькі, што гэтыя прадметы самі па сабе цікавыя, але яшчэ і таму, што выкладала іх надзвычай мілая, добрая, таленавітая і, калі глядзець на цяперашні розум, адораная настаўніца Марыя Мікалаеўна Монак. Яна і сама любіла і дзяцей прывучала любіць усё жывое. Вельмі была

радая, калі хто з нас прыносіў у школу які жывы экспанат: злоўленую птушку, падраненага нажом трактарнай касілкі зайчыка ці вужаку з адсечаным хвастом. Нявольнік змяшчаўся ў клетку, акружаўся ўсеагульнай ласкай і доглядам. I небаракі ажывалі, набіраліся сіл, а потым іх выпускалі на волю. Але гэта не значыла, што натуральная цікавасць да жывога, даследчыцкая рэўнасць павінна была пераважаць над элементарным сэнсам. Аднаго разу хлопцы, каб дагадзіць настаўніцы, збіраліся прыперці ў школу маладога бусла. Я ведаў, сам бачыў, што гэтага бусла, які зляцеў з гнязда і яшчэ добра не ўмеў лётаць, мае аднагодкі ганялі да знямогі, каб улавіць. Давялося тлумачыць, што з буслом нічога страшнага не адбылося. Ён і сам жаб пашукае, ды і бацькі-буслы ад яго не адмовіліся, падлётваюць і падкормліваюць.

Але маё апавяданне не пра буслоў. Неяк восенню, калі на школьным агародзе старшакласнікі збіралі гародніну, не-

хта заўважыў ласку. I вырашылі дзеля спартыўнай і, так сказаць, заалагічнай цікавасці злавіць яе. Уяўляеце, які падняўся вэрхал! Увесь клас, а тады класы былі шматлікія, чалавек па 30—40, кінуўся на маленькага бездапаможнага перад цэлай зграяй «даследчыкаў» звярка.

Адкуль ласка з’явілася, дакладна ніхто не ведаў. Адны казалі, што яна сядзела ў гурбе буракоў. Калі буракі разабралі, выскачыла і кінулася наўцёкі. Другія сцвярджалі, што яна прыбегла ад дарогі, з людскога саду.

Адкуль бы яна ні прыбегла, паляванне, сапраўдныя ловы распачаліся. Адныя паспрабавалі прыціснуць звярка да зямлі дзяржальнам вілаў, другія крычалі, каб наступілі ласцы на хвост, не ведаючы, што хвост у ласкі маленькі, трэція здымалі курткі, каб абматаць звярка курткай, чацвёртыя кідалі ў звярка шапкамі, а нехта нават шпурнуў бураком.

Ласка, як пушчаная з ракетніцы ракета, лётала ад адной гурбы буракоў да дру-

гой, мітусілася ў нагах школьнікаў, нават нападала на абутак і ўпівалася ў яго зубкамі. Нейкі спрытнюга абматаў насоўкай руку і хапянуў звярка. Ласка ўзнагародзіла адчаюгу глыбокай рванай ранай, з якой адразу пырснула кроў. Адна дзяўчына ад выгляду крыві самлела. Іншыя мудрацы ўсё ж прыціснулі ласку віламі да зямлі і накінулі на яе куртку і, абараніўшы рукі другой курткай, ухапілі звярка.

Вы спытаеце, а дзе быў настаўнік працы? А што мог ён зрабіць, калі паляўнічы азарт так распаліў старшакласнікаў, што яны не чулі, як настаўнік гучна заклікаў усіх да парадку і нават тузаў некаторых за адзежу.

Ніхто не супакоіўся! Наадварот, калі звярка злавілі і ўрачыста панеслі ў школу да настаўніцы біялогіі, усе ўзрушыліся яшчэ больш, быццам злавілі не маленькага і няшчаснага звярка, а цэлага насарога.

Настаўніца не бачыла вэрхалу і не ведала, які гармідар усчаўся на бурачным полі.

— Што вы прынеслі? — з вялікай радасцю і цікавасцю спыталася яна.

— Ласку, — адказалі вучні.— Давайце пасадзім яе ў клетку. У вас у жывым кутку ёсць пустая жалезная клетка, дзе колісь жыў папугайчык.

— Давайце, — лагодна згадзілася настаўніца.

Як толькі звярка ўпусцілі ў клетку, ён як шалёны замітусіўся ў ёй, стаў кідацца на жалезную рашотку, кусаў яе зубамі, біўся галавой. У ласкі забралі свабоду, адабралі волю, і яна не разумела, што рана ці позна яе выпусцяць. Свабода для яе была даражэй за ўсё.

— Выпусціць! Тэрмінова выпусціць! — загадала настаўніца.— Іначай яна згарыць ад адрэналіну!

Выпусціць ласку не паспелі. Вынеслі клетку на вуліцу, расчынілі дзверцы, але яна памерла, як цяпер кажуць, ад занадта моцнага стрэсу. Яшчэ жывую яе дасталі праз дзверцы з клеткі, яна яшчэ варухнула лапкамі, каб пабегчы, але вочкі яе патухлі, зрабіліся бляклымі, а неўзабаве перасталі міргаць, і яна знерухомела назаўжды...

Вось што значыць свабода для звярка! Асабліва для драпежнага. Таму ні ў якім разе болей у жыцці я нават не спрабаваў без неабходнасці лавіць і трымаць у клетках дзікіх звяркоў. А калі бачу іх у клетках, нават у заапарку, мне робіцца не па сабе.

3 ласкай у мяне звязаны яшчэ адзін выпадак. Зусім нядаўна, год назад, мне давялося начаваць на вёсцы ў адной добрай, спагадлівай жанчыны — цёткі Тоні.

Раніцай жанчына прыйшла знадворку амаль з пустым падойнікам і паскардзілася, што карова не аддала малака.

— I гэта не першы раз, — тлумачыла жанчына.— А ведаеце чаму? Ласка адабрала.

— Якая ласка? — здзівіўся я.— Звярок?

— Звярок! Ужо некалькі дзён раніцай гляджу на карову, а карова мокрая, успацелая ад страху. I малака не аддае. Пэўна ж, ласка па карове ўсю ноч скакала.

He можа быць, — кажу.— Пацук лазіць па каровіных спінах, сам бачыў. Але каб ласка?! He чуў... Першы раз чую. Мо пацук?

— Ласка! — пераканаўча прыклала руку да грудзей цётка Тоня.— Хіба я ласку не ведаю? Карова ад страху аж трасецца.

У мяне ад жудасці мурашы па спіне забегалі. Гэта што, чараўніцтва нейкае? Што ласка згубіла на спіне ў каровы?

Я і запытаўся:

— Выбачайце, а што ласка робіць на спіне ў каровы?

He ведаю што...— паціснула плячамі старая жанчына.— Хто іх ведае, гэтых ласак. Можа, грэецца, ці што?!

Яна памаўчала і дадала:

— А кажуць яшчэ, што ласка коням грывы завівае.

Мне аж на сэрцы памякчэла. Як гэта прыгожа ў мове выказана: ласка коням грывы завівае. У адной фразе гэтулькі паэзіі! He горш, чым у «Слове аб палку Ігаравым»...

Да абеду ў мяне з галавы не выходзіла гэтая прыгожая фраза. Перад вачамі стаяла бедная, успацелая ад страху карова, і не давала спакою пытанне: што могуць ласкі рабіць на каровіных ці конскіх спінах?

Відаць, турбавала гэтае пытанне і цётку Тоню, бо пад самы абед яна прамовіла без ніякіх асаблівых уступаў і тлумачэнняў:

— Аблізвае! Некаторыя бачылі, што аблізвае...

I тут да мяне дайшло! Соль! Мінеральная дабаўка! Каровы, а асабліва коні часта пацеюць. Пот высыхае, а соль, якая змяшчаецца ў поце, і ёсць прычына таго, што ласкі залазяць на конскія ці каровіны спіны і аблізваюць іх. Вось дзе магчымая разгадка дзівосных паводзін маленькага звярка. Згадзіцеся, цікава было б праверыць падобнае дапушчэнне.

вавёрка

Вавёркі прыжыліся ў горадзе, асабліва там, дзе ў парках ёсць старыя дрэвы. Гнуткая і грацыёзная, цікаўная і даверлівая, вавёрка з маленства любімы звярок дзятвы. А ведаеце чаму? На маю думку, вавёрка, калі

часам становіцца на заднія лапкі, а ў пярэднія бярэ які-небудзь ласунак (шышку, арэх), падобная на маленькага чалавечка.

Але лясныя вавёркі зусім не такія, як паркавыя. Лясныя настолькі асцярожныя, што іх і не ўбачыш. Поўсць у вавёркі пад колер сасновай ці яловай кары. Калі вавёрка бачыць вас, яна нерухомее, прыціскаецца да ствала дрэва — паспрабуй яе ўгледзець. Толькі выпадкова можна ўбачыць, калі вавёрка гойсае сабе ўверсе. Лапкі яе ўзброены вострымі кіпцюрамі, што дазваляе звярку адчуваць сябе ў вершалінах дрэў поўнай гаспадыняй.

А ці задумваліся вы, для чаго вавёрцы доўгі пушысты хвост? Адказ просты. Лепшага парашута, калі сарвешся з галіны, не прыдумаць.

Гняздо вавёрка будуе высока ад зямлі з сухіх галін, з ходам зверху ці збоку. Усярэдзіну наносіць моху, сухой травы і лішайнікаў, каб было ўтульна і цёпла вавёрчыным дзеткам.

Харчуецца вавёрка ў асноўным насеннем елкі і сасны, ягадамі чарніцы, маліны. Вясной у ход ідуць пупышкі, а летам і восенню яна ласуецца грыбамі.

Цікава, што вавёрка вельмі запаслівы і ашчадлівы звярок. Так, яна збірае на зіму лясныя арэхі і робіць патаемныя схованкі на дзесятак-другі. He болей. Каб акурат зімой на адзін раз добра падсілкавацца было. Калі арэхаў няшмат, падкладзе некалькі жалудоў.

Зімой, калі пераваліць за сярэдзіну, лясная гаспадынька беспамылкова адшуквае схованку і дастае арэхі і жалуды. Такіх схованак у вавёркі некалькі дзесяткаў, калі не цэлая сотня. Уяўляеце, якая ў вавёркі бездакорная памяць. I лісце з дрэў асыплецца, і снегу нападае, а ма-

ленькі звярок не блукае, а дакладна знаходзіць тое, што колісь, чатыры ці пяць месяцаў назад, хавалася. Цікава яшчэ, што вавёрка побач са сваім гняздом нічога не хавае. 3 чым гэта звязана, невядома.

Калі зайсці ў сонечны зімовы лес, на снезе можна ўбачыць, як пятляюць ланцужкі слядоў: там зайцы прабеглі, там сабака, а вунь і ліса праклала свой роўненькі цурок слядкоў. Вавёрчыны слядочкі ні з чыімі не зблытаеш. Заднія

лапкі ў яе значна большыя, чым пярэднія.

Лес для вавёрак — гэта іхняе спрадвечнае жытло. Яны добра сябе адчуваюць як на дрэвах, у густых вершалінах, так і на зямлі. Прырода надзяліла іх не марудлівасцю, але энергічнасцю, шпаркасцю, мітуслівасцю. Усё гэтымі рыжымі прыгажунямі робіцца імкліва, у адным парыве. Вунь звярок з бухматай мяцёлкай хваста мільгае між галін, вунь рыўкамі — ірване і замрэ, ірване і замрэ — перамяшчаецца

ўніз галавой аж да зямлі. Прычына такой парыўчатасці простая: вавёрку заўважаеш у руху. А калі яна хоць на міг замрэ, затоіцца, то яе ўжо і не відаць на сасновай кары.

Калі вавёрка ўбачыць чалавека, яна раззлавана цокае. Маўляў, чаго гэта ты, чалавеча, сюды ў лес прыйшоў?

Вавёрка дзённая жывёлінка. Гэта значыць, што яна ўночы, як коўдрай, накрыецца хвастом і спіць, а днём шукае спажыву, абстругвае вострымі зубамі шышкі, абследуе тэрыторыю.

Бываюць сапраўдныя вавёрчыны карагоды. Звяркі збіраюцца разам у вясёлы гурток і пачынаюць гарэзіць у вершалінах дрэў. Толькі кара і сухія шыпулькі ляцяць уніз. А яны скачуць, куляюцца, ганяюцца адна за адной. Гэта прыйшоў да вавёрак час кахання. Адбываецца гэта звычайна ў сакавіку-красаві ку.

Увогуле, вавёркі не любяць шумных кампаній і пераважаюць жыць па адной, у самоце. Ды і сапраўднай сям’і ў вавёркі няма, яна нават не церпіць сваіх сябровак. Вавёрчыны дзіцяняты пакідаюць гнёзды зусім яшчэ малымі. I самі, без дапамогі дарослых, пачынаюць асвойтвацца ў лесе. А ў лесе гэтулькі небяспечных ворагаў! Першы з іх — куніца.

Ніхто малой вавёрачцы не падкажа, хто яе вораг, а хто сябар, як назбіраць на зіму запасаў, дзе іх хаваць, дзе знайсці дупло, каб збудаваць там утульнае, цёплае гняздзечка. А што рабіць, калі прыдатнага дупла не знойдзеш?

He турбуйцеся, інстынкт, гэта значыць закладзеная ў генах праграма дзеянняў, дапаможа вавёрачцы ўратавацца. I дупло вавёрцы не абавязкова шукаць. Яна можа спрытна і даволі хутка скласці з галінак сапраўднае гняздо. Яно будзе такое, як у

сарокі, толькі яшчэ больш шчыльнейшае. Ніякія вятры-буры не разламаюць яго. A вясной, у належную пару, у гняздзе з’явяцца прадаўжальнікі вавёрчынага роду. Яны з голымі, як у пацукоў, хвастамі. Бухматая поўсць на іх нарасце потым, калі спатрэбіцца руляваць хвастом у зацяжным скачку.

Сваё футрачка вавёрка мяняе за год двойчы: вясной і восенню. Хвасту вавёрка надае асаблівую ўвагу. Гэта яе самы важны інструмент, як шост-процівага ў гімнаста-эквілібрыста, які выйшаў на нацягнуты канат. Вавёрчын хвост заўжды і расчэсаны, і чысценькі, літаральна вылізаны язычком.

Асноўны корм для вавёркі — шышкі сасны. Яна разлушчвае іх і дастае з-пад кожнай лускавінкі малюсенькі, апрануты ў празрыстае крыло арэшак. Велічынёй з зернетка тміна, якім звычайна пасыпаюць хлеб. Невялікі наедак, але ўлічыце памеры вавёркі. Абы толькі ўраджай на шышкі быў. У галодныя гады, калі на соснах не сустракаецца ніводнай шышкі, вавёркі моцна церпяць ад голаду, пачынаюць эміграваць. Вось тады яны і могуць з’явіцца ў нашых садах і парках, скверах і прысадах.

Ляшчынавыя арэхі для вавёркі толькі падмога ў харчаванні, а жалуды есць з неахвотай. Затое любіць насенне клёна. Гэта для яе найпярвейшы пачастунак. Грыбы ж есць усе запар, акрамя, зразумела, атрутных.

He здзіўляйцеся, калі даведаецеся, што вавёрка вельмі проста можа залезці ў птушынае гняздо і паласавацца яйкамі і нават птушанятамі.

Вясёлая і спрытная гаспадыня лесу, якая смела скача па галінках дрэў,— любімы персанаж дзіцячых казак.

Вожык

Вожык пакуль што яшчэ звычайны і даволі часты госць на вясковых агародах. Гэты звярок звыкся з электрычным святлом каля слупоў, не баіцца аўтамабіляў і не звяртае асаблівай увагі на сабак. Праўда, часам трапляе пад колы неасцярожнага вадзіцеля.

Прынясуць, бывае, скручанага вожыка на святло, а ён разгорнецца, наставіць свае іголкі над лобам, пырхае, фукае, чмыхае — злуецца так. Ды яшчэ наравіць укалоць таго, хто спрабуе пагладзіць ягонае калючае футра.

Вожык вялікі абжора. Асабліва вялікі апетыт праяўляюць вожычыхі тады, калі іх у гняздзе чакаюць маленькія і таксама галодныя важаняткі. Даводзіцца цэлыя суткі навылёт шукаць спажыву. А ядуць вожыкі ў асноўным насякомых. Сустрэнецца жаба — і жабу не абмінуць. Яшчарка патрапіцца — ловяць і распраўляюцца. А што ўжо казаць пра такога зацятага вожыкавага ворага, як гадзюка?!

Зрэшты, гадзюка вожыку ніякі і не вораг. Наадварот, гэта вожык для гадзюкі першы вораг. I толькі таму, што вожык разглядае гадзюк ці вужоў як выдатную харчовую здабычу.

Затое і сам вожык можа быць для іншых звяроў не меней выдатнай здабычай. Асабліва для пугача, найвялікшай нашай савы. He паверыце — вожык для гэтай начной кіпцюрастай птушкі найпярвейшы ласунак! А разгадка гэтага дзіўнага факта ў тым, што кіпцюры ў пугача настолькі доўгія і моцныя, што ён смела цапае імі вожыка і не колецца. Мала таго, пугач можа глытаць кавалкамі вожыкаву скуру. Уяўляеце? Разам з іголкамі. Мала таго, пугач, калі здабудзе вожыка, нясе яго сваім птушанятам і там ірве здабычу на кавалкі і дае малечы. I нічога, тыя ніколькі не колюцца. Ну і страўнікі ў іх!

На зіму вожык назапашвае тлушч, знаходзіць сабе ўтульнае месцейка і залягае ў спячку. Вось тады яны могуць стаць здабычай і тхара, і лісы. Сонны, амаль без пачуццяў вожык не можа бараніцца. Так што застаецца ад вожыка адна яго калючая скурка. Ды яшчэ вясной, калі спажывы мала, вожык не актыўны, знясілены ад бяскорміцы. Тады ён лёгка трапляе лісе на зуб.

Пакутуюць вожыкі таксама ад кляшчоў і блох. Бо іголкі, якія ратуюць вожыка ад драпежнікаў, становяцца ў дадзеным выпадку саюзнікамі гэтых насякомых-крывасмокаў. Hi вычасаць, ні дастаць кляшча ці блыху з іголак немагчыма.

Памятаецца мне, як аднойчы ў дзяцінстве на нашу вёску адбылося сапраўднае нашэсце вожыкаў. Некалькі тыдняў ішлі заліўныя дажджы. Меліяратыўныя каналы напоўніліся вадой, сталі заліваць альховы лес, які падступаўся да вёскі. 3 яго і з акольных хмызнякоў і валоў, зробленых з ссунутых альховых пнёў, вожыкі сталі выбірацца на сушэйшыя месцы бліжэй да вёскі. А дождж усё не сціхаў. Вада заліла паплавы. I вось вечарамі, калі вожыкі робяцца смелымі, бо начныя звяркі, яны

цэлымі палкамі і дывізіямі заходзілі ў вёску. Ідзе праз вуліцу маці-вожычыха, а за ёй яе шматлікае сямейства — чатыры, пяць, шэсць маленькіх вожыкаў. Тут пад плотам пырхае стары тоўсты вожык, там сабака качае лапай іншага, а вунь з агарода паказаўся яшчэ адзін вожыкавы цуг. А як зусім змеркне, яны паўсюль бегаюць, пыхкаюць, як маленькія паравозікі, спрытна ловяць абпаленых і аслеплых у агні электрычных ліхтароў жукоў.

Ніякай шкоды вожык не прыносіць. Наадварот, гэта вельмі карысны насякомаедны звярок, сапраўдны сябар аматараўагароднікаў.

Рысь

Ці ведаеце, які звер нашых лясоў найпрыгажэйшы? Як для мяне, дык няма нікога прывабней рысі. Упрыгожаная плямамі на футры, з тоўстымі вусамі-вібрысамі рысь ёсць прыродай створаны самы дасканалы драпежнікпаляўнічы беларускага лесу. Дзеля забаўкі рысь можа ўпаляваць любога звера, у тым ліку і такога вялікага, як лось.

Раней рысі былі звычайнымі насельнікамі беларускіх лясоў, а яшчэ раней — панавалі ў лясах усёй Еўропы аж да далёкай поўначы. I па цяперашні час яе даволі шмат у расійскай тайзе.

Рысь — немалы звер. Даўжыня гэтага ляснога драпежніка дасягае больш метра, а вага да 45 кілаграмаў. Тулава ў рысі кароткае, збітае, на высокіх нагах з кудлатымі лапамі. Менавіта гэтыя кудлатыя лапы даюць рысі магчымасць хадзіць па снезе зімой не правальваючыся, а зна-

чыць, быць добрым паляўнічым. Выдатныя ў рысі і бакенбарды, а таксама вельмі прыгожыя характэрныя вушкі-пэндзлікі.

Зімовая поўсць рысі густая, мяккая і, што цікава, у розных рысяў рознага колеру. Бываюць ажно ржава-чырвоныя рысі, а бываюць палева-дымчатыя, нібы сівыя. Плямістасць таксама бывае рознай — меней або болей выражанай.

Рысь — пераважна начны драпежнік, таму, хаваючыся на дзень, шукае бураломны лес, якое-небудзь куп’істае балота, густа зарослае чаротам. У бураломах самка рысі робіць логава, дзе можна прывесці далей ад нядобрага вока людзей сваіх дзіцянят.

Цікава, што рысь умее выдатна плаваць і не раздумвае, калі трэба пераплысці, скажам, раку ці возера.

Аснову рысінага харчу складаюць зайцы і цецерукі, раней — таксама і глушцы. Дробныя грызуны служаць толькі невялікай падкормкай гэтым вялікім лясным кошкам.

Бывае, рысь палюе на казуль і аленяў, пры выпадку нападае на сабак і нават на сваіх родзічаў — свойскіх катоў. He ўпусціць магчымасці задушыць у сваіх моцных абдымках лісу ці янотападобнага сабаку.

Няпраўда, што рысь нападае на свае ахвяры з дрэваў. Яна пераважае падпільноўваць іх на лясной сцяжыне і тады нападаць. Рысь робіць некалькі (не болей трох) кароткіх скачкоў. Гэта — каб не стаміцца. Увогуле рысь надзвычай спрытны і моцны драпежнік.

Шлюбныя гульні ў рысяў пачынаюцца ў канцы зімы або на пачатку вясны. Тады

самец рысі мяўкае і крычыць, як самы звычайны сакавіцкі кот. Толькі голас у рысі больш высокі і рэзкі. Калі гэты звер злуецца, то спачатку тоненька яўкае, a потым нізка гергоча. Задаволеная, сытая рысь муркае рыхтык свойскі кот.

Кацяняты ў рысі з’яўляюцца крыху больш чым праз два месяцы. Іх бывае да трох штук. Сляпыя і бездапаможныя, яны патрабуюць цяпла і асаблівага клопату, бо пачынаюць бачыць толькі на дванаццаты дзень жыцця.

Дзіцянят выхоўваюць абое бацькоў. Яны так і палююць цэлым вывадкам лета, восень і ўсю зіму аж да новых шлюбных песень пад пачатак вясны.

На жаль, рысь вельмі рэдкі звер нашых лясоў. Бяда рысі не толькі ў тым, што яна мае надзвычай прыгожы і каштоўны мех. Да нядаўняга часу лічылася, што рысь знішчае вельмі шмат цецерукоў і казуль. А паколькі яна харчуецца толькі свежым мясам, дык увесь час стараецца злавіць новую здабычу. Аднак гэтым самым, як шмат якіх іншых драпежнікаў, рысь рэгулюе колькасць і якасць драбнейшых звяроў і птушак, бо жывымі застаюцца больш спрытнейшыя і здаравейшыя. Таму, каб насельнікі нашых лясоў былі здаровыя, ім проста патрэбен такі прыгожы санітар і трэнер, як рысь. Выпадкаў, калі ад рысі гінулі людзі, не было.

ліса

На маёй малой радзіме вадзілася мноства лісаў. Колькі сябе помню, толькі і было гаворак, што вось ліса залезла да некага ў куратнік і падушыла курэй. Таму гэты прыгожы і

хітры звер лічыўся вялікім шкоднікам. Паляўнічыя з поспехам хадзілі паляваць на ліс. Калі сусед-паляўнічы прыходзіў са здабычай, неўзабаве ягоная жонка фарсіла ў прыгожым, ярка-аранжавам футры з выдатным, вогненна-рыжым лісіным хвастом.

Але ж гэта трэба выхадзіць, высачыць, выпаляваць, а потым яшчэ падкрасціся і застрэліць такога хітрага і асцярожнага звера, як ліса. Тут збіць ногі трэба, каб дабіцца выніку.

Надумалася і мне здабыць футра. He, не зайздрасць узяла, але ў мяне прачнуліся паляўнічы інстынкт і азарт.

Наіўны, я не ведаў, колькі перашкод чакае мяне на гэтым шляху. Тым не меней, калі ў суседа ўбачыў капкан, стаў прасіць пакарыстацца ім. Сусед спалохаўся. Баяўся, каб жалеза не адбіла мне пальцы. Насілу я ўгаварыў добрага дзядзьку. Праўда, давялося некалькі разоў паказваць, як тым капканам карыстацца паводле ўсіх правіл бяспекі.

I вось пад нізкім, але яркім сонцам, па снегавой белізне слізгаю на лыжах да лісіных нор. Прысутнасць лісаў выдае не толькі жоўценькі пясок, якія яны вытрыбушваюць з поўсці, калі вылазяць з нары, але і спецыфічны лісіны пах, пра які вядомы рускі пісьменнік Міхаіл Прышвін сказаў, што так пахне фіялка.

Лісы не жывуць у норах. Нара для іх часовы прытулак. Там яны яшчэ лісянят выводзяць, ды і то рэдка. Бо прасцей і бяспечней зрабіць логава дзе-небудзь у яміне пад вываратнем, у абваленай бабровай нары ці проста ў выпадковай ямцы пасярод зарасніку крапівы, куды ніхто і не падумае прыйсці. Абавязкова каля такіх ям можна знайсці косткі, пер’е ці нават абгрызеныя прадметы, якія ліса як талковая і клапатлівая маці прыносіць сваім

дзеткам пагуляць. Гэта можа быць і стары чаравік, і кавалак вяроўкі, і згубленая ці выкінутая старая шапка-вушанка. Абы лісіныя шчанючкі гулялі.

Зрэшты, неядомых рэчаў для лісы амаль што няма. Яна таму і выжывае, што непераборлівая. Зімой ратуюць мышы і палёўкі. Пад снегам у мышэй накапаныя цэлыя лабірынты, праведзена сапраўднае метро. Ліса карыстаецца гэтым. Слых у яе цудоўны. Дастаткова мышы адзін раз злёгку піскнуць, як ліса імгненна вызначае яе месцазнаходжанне і, высока падскочыўшы, прабівае пярэднімі лапамі снег, абрушвае мышынае метро. Мыш у абваленым снезе губляецца, пачынае кешкацца, варушыцца, і ўжо тады ліса лёгка выцягвае небараку наверх.

Кажуць — хітры як ліса. Упэўніўся ў гэтым на ўласным вопыце. Бо цэлы месяц

ставіў на лісіных норах суседаў капкан, a лісы проста выштурхвалі яго з нары, a пад канец проста на здзек «упрыгожвалі» капкан кучкамі поўных мышынай поўсці гавешак.

Сусед раіў маскіраваць капкан, выварыць яго з якой-небудзь травой, каб адбіць чалавечы пах. Варыў я той капкан і ў конскім шчаўі, закопваў у пясок пад лісіныя сляды, але акрамя гурбачак лісінага памёту мяне нічога не чакала.

Сіні люты. Мароз трымае. Чырвоная кара соснаў радуе вочы. Яна мне напамінае колер рыжых лісіных хвастоў. Бадзяўся на гэтыя хвасты сто разоў. Кожны дзень. Пасля ўрокаў станавіўся на лыжы і бег па полі да лесу. Пралятаў адным духам праз поле, спускаўся ў лагчыну і праз балота выязджаў да нор. Нічога, і зноў нічога.

Нават сусед зжаліўся нада мной і сказаў:

— Дам я табе стрэльбу і патронаў. Паездзі па палетках, можа, выганіш якую, падымеш. Ахвота табе з жалязякай важдацца.

Аднойчы праехаўся на лыжах аж пад далёкія Цменскія хутары на канаву, дзе жылі бабры.

I толькі я пад’ехаў да той канавы, да абваленых бабровых нор, як з праваліны выскачылі ажно дзве лісы — худыя і чорныя ад тарфяністага пылу, у якім яны купаліся. На маё здзіўленне, з бабровай нары выскачыла яшчэ адна ліса, а потым — яшчэ дзве. Пяць ліс!

Але гэта было не ўсё. Калі я пад’ехаў да нор, адтуль вывалілася яшчэ адна лісічка. Маленькая, можна назваць яе мініяцюрнай — лепшага слова не прыдумаеш. Звярок паглядзеў на мяне са здзіўленнем, ляніва атрасаючы з сябе тарфяны пыл, і паціху пабег па набухлым цёмна-сінім лёдзе канавы.

Я крыкнуў, заляскаў лыжнымі кіямі, a ліса нават не абярнулася і не прыспешыла свой бег.

«Чаму я не ўзяў у суседа стрэльбы? — кусала, іголкамі калола думка.— 3 шасці звяроў аднаго ўпаляваў бы. Пэўна, гэтую во, малую, апошнюю ліску, якая проста здзекавалася з мяне!»

Больш за ўсё я баяўся, што майму здарэнню не павераць. Канечне не паверылі: ні бацька, ні браты. Але сусед-паляўнічы не здзівіўся.

— У іх гон, вяселле. Што тут такога? Яны і збіраюцца такой хеўрай, гайнёй.

Зразумела, што такое гон. Гэта калі лісы абзаводзяцца сем’ямі, каб вывесці лісянят. Але ў адрозненне ад, скажам, ваўкоў, сем’і ў ліс нетрывалыя. Галава сямейства — бацька — толькі нядоўгі час вартуе малышоў, калі маці-ліса адлучаецца пад’есці. Такі ён

ёй муж, што нават не носіць сваёй жонцылісе спажыву. Потым прыходзіць усё радзей і радзей, і калі лісяняты вылазяць з нары, каб вывучаць-спазнаваць свет, бацька-ліс пакідае сям’ю. Лісяняты не атрымліваюць ад яго ні макулінкі жыццёвага вопыту, не вучыць ён іх паляванню, як падбірацца да здабычы, як задушыць вужаку ці гадзюку, як утапіць, скажам, вожыка, як ратавацца ад розных напасцяў.

Лісянят выхоўвае і вучыць маці-ліса. Спачатку гуляе з імі каля логава, прыносіць недадушаных зайцоў ці курапатак, потым робіць з малышамі прагулкі ў бліжэйшыя зараснікі ці поле, дзе паказвае, як адрозніць сапраўдную небяспеку ад несапраўднай. Далей лісы-падлеткі вучацца болей самі, як кажуць, на ўласнай скуры пазнаюць складанасці дарослага жыцця. Таму шмат лісінага маладняку і гіне. Яны, лісы, не доўга захоўваюць прыязнасць адзін да аднаго і да мамы-лісы. Ліса — адзіночкасамотніца па сваёй натуры.

Пэўна, на гэта ёсць свае прычыны. Калі да лісянят бегае адна маці, не так заўважна. Інакш тут жа знойдуцца ахвотнікі на кароткую і жорсткую расправу.

Той зімой мне так і не выпала ўпаляваць лісу. Але затое летам, на пачатку чэрвеня, я быў узнагароджаны.

Неяк далёка за вёскай выйшаў на густую азіміну і раптам амаль што з-пад ног выскачыла ліса-рыжуха. Была яна далёка не такая прыгожая, як зімой. Вылінялая на лета поўсць вісела на ёй шматкамі. Я праводзіў звера позіркам і глянуў туды, адкуль яна выскачыла.

Авохці мне! Нара! Гэта нельга было назваць і нарой. Ямка глыбінёй з руку, a на дне варушыліся лісіныя шчанючкі са смешнымі тупымі мордачкамі. Яны, відаць, толькі што нарадзіліся, бо дрыжэлі і

ціснуліся адзін да аднаго. Чорненькія яны былі, сляпыя яшчэ.

У галаве мільганула думка: а раптам ліса нападзе-кінецца на мяне, каб выратаваць сваіх дзяцей. Ведаю, якія ў лісы вострыя зубы.

Зірнуў на адбеглую лісу. Яна стаяла воддаль, прыгнуўшы галаву. Я крыкнуў і махнуў на яе рукой. Яна спудліва кінулася прэч, не азіраючыся, звесіўшы хвост набок, нібыты моцна пакрыўджаная.

Уяўляеце мае планы ў гэты момант? Я вазьму лісянят, прынясу дахаты, у вёску. Усе стануць гаварыць пра мяне, хваліць, a я нараблю клетак, пасаджу потым падрослых лісянят на ланцуг.

Зазірнуў у нару. Маленькія, чорненькія, толькі што адарваныя ад матчыных саскоў лісяняты выглядалі такімі мізэрнымі, такімі бездапаможнымі і няшчаснымі, што сэрца маё здрыганулася, і я, нягледзячы на тое, што ўсю зіму дарэмна прашвэндаўся да лісіных нор, цвёрда вырашыў, што нават не дакрануся да лісянят.

Бо гэта ж першае правіла абаронцы прыроды — не браць у рукі ні птушыных яек, ні звярыных дзіцянят. А раптам ваш пах, пах чалавека як самага найвялікшага агрэсара, браканьера, звераненавісніка, парушыць, пагасіць мацярынскі інстынкт, і птушка ці звер не захоча болей падыходзіць да свайго патомства.

Ведаеце, чаму часам у заапарку ці ў цырку тыгрыцы ці іншыя жывёлы адмаўляюцца ад свайго дзіцяняці і людзі змушаныя выкормліваць сіротак? А таму, што знаходзяцца «добрыя» дзяцькі і цёткі (хутчэй цёткі), які лашчаць тыгранят. Мала таго што гладзяць іх сваімі напарфумленымі рукамі, але яшчэ бяруць на рукі, прыціскаюць да грудзей, цалуюць. Коцікаў знайшлі!

Якая наравістая тыгрыца потым нюхне ды і адвернецца, маўляў, смярдзяць хіміяй

мне гэтыя вашыя людскія пацалункі. I перастане дбаць пра сваё дзіцятка.

Тады я не тое што на рукі не ўзяў, але нават нікому не расказаў пра знаходку. Ніводнаму чалавеку. Баяўся. Скажаш каму толькі — прыйдуць і забяруць. I загубяць.

Толькі недзе ў сярэдзіне ліпеня патрапіў на тое поле, каб паглядзець, а што ж з маімі ліскамі?

Жыта ўжо выпалавела. Доўга шукаў тую нару. Знайшоў урэшце. Гурба зямлі перад нарой была гладка ўтаптаная, побач валяліся птушыныя ці зайчыныя косткі, але па ўсім было відаць, што лісяняты з маці-лісой адсюль падаліся. Моцна пахла сырой зямлёй, а праз насохлую пасля дажджу скарынку пяску прабіваліся бледныя, амаль белыя ў густым жыце травінкі.

«Вывеліся, пайшлі...— радасна падумалася.— Маці водзіць лісянят па лугах, па лясах, вучыць паляваць...»

Ведаеце, як мне лёгка зрабілася? Я не ўмяшаўся ў лісінае жыццё. Яны будуць жыць! На наступны год ліса зноў выведзе лісянят! А лісяняты расселяцца навакол. I кожны раз, калі я буду бачыць якуюнебудзь тутэйшую лісу, я буду ведаць, што ў ёй жыве, радуецца святлу і цяплу, небу і зямлі працяг майго ўчынку.

Заяц-русак

Абязлюдзьваюць нашыя вёскі: моладзь едзе ў гарады, а бабулі і дзядулі, як доўга на гэтым свеце ні затрымліваюцца, непазбежна дажываюць свой век. У некаторых вёсках людзі жывуць праз хату. У іншых — цэлыя вуліцы пустуюць. Мала каго цікавяць недагле-

джаныя, гадамі неабразаныя сады, аброслыя густой крапівой, дзядоўнікам і лапухамі.

На такім бязлюддзі ў закінутых садах з'яўляецца шмат птушак. Шчабечуць зяблікі і дразды, пішчаць сініцы і шчыглы, ціўкаюць гарэзлівыя аўсянкі-стрынаткі. Тлумачыцца гэта проста. Па-першае, няма катоў, гэтых спрадвечных ворагаў птушанят, а падругое, раз няма даглядчыкаў саду-агароду, растуць розныя дзікія расліны, насенне якіх і служыць харчам для птушак.

Стаялі апошнія моцныя маразы, і я, пасля цёплага аўтобуса, з жахам думаў, праз колькі гадзін змагу абагрэць хоць адзін пакой, каб пераначаваць.

Снегу было шмат, але вулачка была прачышчана трактарам, толькі веснічкі былі заваленыя снегам. I да дзвярэй не было як падступіцца — снегу вышэй калень. Пакуль расчышчаў ганак, грэў запальнічкай замок, пакуль улез у хату, наладаваў дроў, падпальваў, разганяў сыры з коміна дым,— ручны гадзіннік паказваў дванаццаць.

Давялося мне аднойчы прыехаць у такую вёску, у адным канцы якой жылымі былі толькі некалькі хат, астатнія без лю-дзей. На лета ў іх прыязджаюць старыя гаспадыні, а зімой хаты пустыя.

Адна такая хата служыла мне лецішчам, але цяпер была зіма, сярэдзіна лютага.

Цікава, скажу я вам, абаграваць ледзяную, як дамавіна, хату. Ты паліш у печы і ў грубках, агонь бушуе, а сцены хаты халодныя. Паветра ўжо быццам і нагрэлася, але на сценах з’яўляюцца кропелькі вільгаці. Яны буйнеюць, сцякаюць рагамі, як слёзы па шчоках. Быццам хата плача

па сваіх колішніх жывых, вясёлых, гаманкіх, радасных, поўных надзей і жыцця гаспадарах.

Правошкаўся я з тымі печкамі да сярэдзіны ночы. Урэшце паветра зрабілася цёплым, у хаце з’явіўся, як кажуць, жывы дух. Цяпер можна закапацца пад коўдры і заснуць.

Перад сном выйшаў на вуліцу і ледзь не жахнуўся. Мароз трашчаў. Пабег глядзець на градуснік. Ну, не так і шмат. Усяго 19 градусаў.

Зірнуў угару і таксама здзівіўся да глыбіні душы. У небе ззялі неверагодных памераў зоркі, сплеценыя ў карункі сузор’яў. Ніколі такіх буйных зорак і сузор’яў не бачыў. У горадзе, у Мінску, калі і праблісне якая зорачка, дык хіба што толькі на захадзе.

3-за блізкага лесу, засыпанага снегам, паднімалася пяшчотная, далікатная, колеру пераспелай дыні поўня. Краем вачэй, бакавым зрокам, заўважыў, быццам He­rnia ў паўзмроку мільганула каля засыпаных снегам па самую верхнюю жэрдку платоў. Прыгледзеўся. He, не падалося: нейкія цені хутка аддаляліся ўпрочкі.

Хто гэта мог быць? Сабакі? Лісы? А мо ваўкі?

Каб ваўкі, дык сабакі і на другім канцы сяла такі лямант паднялі б. А так ціха. Трашчаць ад марозу сцены хаты, роўненькім цурочкам віецца дым з коміна, засцілаючы зоркі.

Зайшоў у хату, падкінуў у печкі дроў, выключыў святло, папіў упоцемку перад распаленай печкай гарбаты, паслухаў начное радыё і толькі сабраўся спаць, як нешта падштурхнула мяне паглядзець у акно. Відаць, тое, што надта ж светла падалося на вуліцы. I сапраўды, на вуліцы было вельмі светла, хоць іголкі збірай.

Гэта ад таго, што поўня ўскараскалася высока ў неба і свяціла на ўсю моц, быццам спрабавала сагрэць сваім халодным, серабрыстым святлом пакрытую іскрыстым снегам зямельку.

Зірнуў у тое акно, якое выходзіла на поўдзень, на агароды. Каб я ўбачыў там талерку НЛА, поўную касмічных прыхадняў, я не так здзівіўся б. Але я ўбачыў на агародзе каля маладой яблынькі-першагодкі чацвярых здаравенных вушастых зайцоў, выдатна асветленых поўняй. Ад зайцоў нават былі відаць сіняватыя цені, і ад яблынькі з яе яшчэ нямоцнай вершалінкай на снезе сінеў галінасценькі сілуэт.

Зайцы фанабэрыліся адзін перад адным, падскоквалі, але, відаць, мэтай іхняга прыходу сюды, у абязлюдзелы канец вёскі, была ўсё ж кара і галінкі маладзенькай яблыні.

Крыху паназіраў за вушастымі гасцямі. Рэдка ўдаецца падгледзець жыццё зайца, такі ён баязлівы, а тут за метраў сорак яны, такія смелякі, гуртам прыйшлі нішчыць сад.

Гэта ж трэба дажыцца, каб зайцы, самыя баязлівыя істоты, чалавечага жылля не баяліся?! Падумаў так і разважыў: добра гэта ці дрэнна, што, не адчуваючы чалавечага духу, самыя баязлівыя на свеце звяркі перасталі адчуваць небяспеку? Гарадскія ж галубы людзей у горадзе не баяцца? I вераб’ёў асабліва не турбуе наш пах і выгляд.

Ну і ўцякалі ж яны, скажу я вам, гэтыя зайцы, калі адно толькі скрыпнулі дзверы! Mae вушастыя начныя адважнікі паляцелі стрымгалоў прэч, толькі снегавы пыл заіскрыўся з-пад пят!

На канец ночы я ахінуў на ўсялякі выпадак саджанец ватоўкай, а на другі дзень

абвязаў стужкамі рыззя ўсе маладыя яблынькі.

Есць звычайны заяц, якога называюць русаком, а ёсць бяляк. Ёсць яшчэ і так званы лазовы заяц. Відаць, гэта тыя самыя русакі, якія карміліся ў лістападзе і снежні на азіміне, а вось ужо як замерзла намоклае ад асенніх дажджоў балота, яны ўцякаюць на яго ад стрэлаў паляўнічых. Добра ім там сярод купаў лазы, зацішна ад ветру, ад драпежнай птушкі можна ў хмызняк зашыцца, ад паляўнічых сабак кружляй сабе сярод лазовых купін. I корм выдатны побач — лазовая кара. Салодзенькая, сам спрабаваў.

Зайцавы дзеткі нараджаюцца ранняй вясной, калі толькі сыдзе снег. Ляжыць такое нованароджанае зайчанятка велічынёй з рукавічку дзе-небудзь на старой, пажухлай траве, нерухомае, бездапаможнае. Ляжыць і не варушыцца. Толькі час ад часу ўстае, патрэ мордачку лапкамі, быццам памыецца, і зноў залягае. У двухтрох кроках зайчаня цяжка адрозніць ад

шэрай паклычастай травы. Які б ні быў выдатны зрок у варон ці ястрабаў — не заўважыць зайчанятка. Ад непапраўнага знаёмства з лісой таксама гэткая нерухомасць ратуе. He рухаешся, дык і слядоў з іхнім здрадлівым пахам не пакідаеш. Нішто не змусіць зайчаня пакінуць сваю лежню. Калі нават у двух кроках пройдзеш, ён не падымецца, не выдасць сябе.

Аднойчы я стаў сведкам таго, як ліса гнала зайца. Ляцеў той заяц па шырокім полі і, відаць, быў чужаком, бо не ведаў, што проста перад ім глыбокі абрывісты меліярацыйны канал. Сігануў з высокага берага стрымгалоў, перакуліўся на ляту і пляхнуўся ў мелкую ваду. I такі ашаломлены і мокры быў, што адразу не зразумеў, што з ім здарылася. А ліса ўжо з’явілася наверсе абрыву. Тут зайцу быў бы і канец, каб не мая прысутнасць. Я крыкнуў, ліса зірнула на мяне, заяц выбаўтаўся з вады і памчаў прэч па беразе. А ліса ўсё на мяне глядзіць. Мабыць, не такая і галодная была.

 

Алфавітны паказальнік

Барсук 12

Вавёрка 34

Гарнастай 29

Заяц-русак

Землярыйка 23

Кажан 26

Казуля 16

Крот 14

Ласка

ліса 40

лось 21 

Рэдактар Н. В. Філіповіч

Мастацкі рэдактар К. С. Ракіцкі

/ рэдактар Т. С. Звярковіч

Стылістычны рэдактар М. Ч. Пермякова

ТІадпісана да друку 31.08.04. Фармат 84х108’/|6. Папера афсетная № 1. Гарнітура TextBookC.

Афсетны друк. Умоўн. друк. арк. 5,04. Улік.-выд. арк. 4,40. Тыраж 3000 экз. Заказ 288.

ВЬідавецкае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Мастацкая літаратура» Міністэрства 4нфармацыі Рэспублікі Беларусь. ЛІ4 № 02330/0056778 ад 17.02.2004. 220600, Мінск, праспект Машэрава, 11.

Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Мінская фабрыка каляровага друку». 220024, Мінск, вулл Каржанеўскага, 20.

 

CD o

co &)

CO

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.