ЗАБЫТЫ АДРАС: АЛЯКСАНДАР РЫПІНСКІ Ў ЛЁНДАНСКІМ ТОТЭНГЭМЕ
  Powered by Google TranslateTranslate

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАБЫТЫ АДРАС: АЛЯКСАНДАР РЫПІНСКІ Ў ЛЁНДАНСКІМ ТОТЭНГЭМЕ


Сяргей Дубавец, Вільня

Сёньняшняя перадача працягвае цыкль забытых адрасоў беларускае культуры з адной асаблівасьцю – гэтым разам мы выходзім за межы Беларусі і апынаемся ў сталіцы Вялікай Брытаніі – Лёндане, які часьцяком называюць сталіцай сьвету.

Мы шукаем сьляды Аляксандра Рыпінскага – беларускага паэта і кнігавыдаўца, стваральніка новай літаратуры і мовы, які нямала зрабіў для таго, каб вобраз Беларусі аформіўся ў тое, чым ён стане для нас.

Рыпінскі нарадзіўся ў 1811 годзе на Віцебшчыне. Ён і належыць да віцебскае галіны стваральнікаў беларускай ідэі. У Віцебску скончыў гімназію, браў удзел у антырасейскім паўстаньні 1831 году, пасьля чаго, як і многія, апынуўся ў эміграцыі. У 1840 годзе ў Парыжы надрукаваў кнігу пад ляканічнаю назвай “Беларусь” – першую такую кнігу ў сьвеце. Пасьля перабраўся ў Лёндан, дзе адкрыў сваю ўласную друкарню. У Лёндане напісаў і выдаў па-беларуску рамантычную баляду “Нячысьцік” – у 1853-м. А празь пяць гадоў вярнуўся на радзіму, на Віцебшчыну, дзе пад жорсткім паліцэйскім наглядам пісаў гісторыю беларускай літаратуры. Жыцьцё яму выдалася доўгае, настолькі доўгае, што нават дата сьмерці невядомая. Толькі пішуць – напачатку 20 стагодзьдзя яшчэ быў жывы.

Але сёньня з усяго гэтага жыцьця мы возьмем толькі лёнданскі эпізод. Сярэдзіну 19 стагодзьдзя.

У сучаснай літаратуры часьцяком пішуць, што Рыпінскі не разглядаў беларусаў як асобны этнас, а Беларусь разумеў як правінцыю Польшчы. Такая фіксаваная ацэнка выглядае занадта катэгарычна, калі ўлічыць, што самое паняцьце Беларусь у часы Рыпінскага толькі фармавалася, у тым ліку фармавалася ім самім. Тады ў прынцыпе на Беларусь глядзелі як на частку Польшчы, або як на частку Расеі. Але якраз у Рыпінскага працэс самавызначэньня вельмі жывы і парадаксальны. Чаго вартая адна толькі фраза ў лісьце да калегі-паэта: “Можа, дарэмна мы горнемся да гэтай няшчаснай Польшчы як народжаныя на Русі, якую і даўней, здаецца, ужо называлі польскай Сібір’ю”.

Можна толькі ўяўляць, якія думкі роіліся ў галаве Рыпінскага на лёнданскім бруку. Уяўляць і параўноўваць з уласнымі думкамі. Чым мы і зоймемся ў гэтай перадачы.

(Бартосік: ) “Едучы ў Лёнданскім мэтро сярод рознакаляровага натоўпу і разнамоўных гутарак, я трымаў у руцэ невялікую беларускую брашуру Аляксандра Рыпінскага “Нячысьцік”, на вокладцы якой стаялі год і месца выданьня: Тотэнгэм, 1853 год.

Пачуцьцё, зь якім у вагоне андэграўнду чытаецца беларуская кніга, выдадзеная паўтары стагодзьдзі таму ў сталіцы сьвету, даволі дзіўнае. Нескладаныя вершыкі пра п’яніцу Мікіту менавіта тут, дзе яны былі напісаныя і выдадзеныя, нараджаюць пачуцьцё пэўнасьці і трываласьці таго, што называецца беларускім прыгожым пісьменствам. Цягнік вязе мяне і майго сябра, тэоляга Ігара Лабацэвіча, у той самы Тотэнгэм.

Гэты адрас адкрыў у свой час лёнданскі славіст і беларусафіл Гай дэ Пікарда. Ён знайшоў і будынак, дзе працавала друкарня, і месца, дзе стаяў дом Рыпінскага, і самы найстарэйшы паб, які беларускія палітычныя ўцекачы мінулага стагодзьдзя ніяк не маглі абмінуць на сваім шляху”.

(Пікарда: ) “Я быў там у архівах, у Тотэнгэме. Я там шукаў. Хто там жыў. Была гісторыя Тотэнгэму, Eagle House School (Школа арлінага дома). І там былі таксама, мусіце паглядзець, гэта цікава, гравюры, што ён зрабіў там, у Ігл Гаўз. Казалі, што там шмат іншаземцаў жылі. Палякі, французы, там капліца ёсьць француская ад часоў рэвалюцыі. Яшчэ стаіць, цікавае месца там. І я шукаў, а потым пісаў артыкул пра гэта ўсё ў часапіс “Божым шляхам”. Для беларусаў гэта каштоўная рэч, ведаць, што тут у Лёндане ўжо сто пяцьдзесят гадоў раней жылі і цярпелі беларусы.

Цяперака там толькі чорныя, новая эміграцыя не беларуская, француская. А карыбская, Антыльскія астравы. Гэта самы старэйшы паб у самым цэнтры Тотэнгэма. Вельмі блізка школа, вельмі блізка дом Рыпінскага. І ён ня быў манах, любіў кілішка трошачкі”.

(Бартосік: ) “Калі ўвайсьці з мэтро “Seven Sisters” і прайсьці направа, вы патрапіце на галоўную вуліцу Тотэнгэма Хай Роўд. Першае, што мне кінулася ў вочы – амаль поўная адсутнасьць белых твараў. Шукаючы каледж, насупраць якога павінна стаяць колішняя друкарня, мы марна спрабавалі дабіцца ўцямнага адказу ў чорных старажылаў Тотэнгэма. Вырашылі пытацца ў белых братоў. Заўважылі на сваім шляху дваіх. Спачатку дзяўчына гадоў дваццаці не магла зразумець Ігараву выдатную ангельскую. Як высьветлілася, яе родная мова польская. Пасьля мы натрапілі на клясычнага лёнданскага забулдыгу. Але і тут нас чакаў сюрпрыз. Нецьвярозы прадстаўнік белай расы доўга на нас таропіўся. “Можа, пан муві по-польску?” – ня вытрымаў Ігар. І атрымаў радаснае і цьвёрдае "Так, пан”.

Такім чынам, ад мэтро направа, затым яшчэ раз направа па Хай Роўд. Праз мэтраў 150 на правым баку будзе вельмі вялікі і ўрачысты, з чырвонай цэглы будынак каледжа. На супрацьлеглым баку вуліцы, сярод невялічкіх старых дамкоў вы заўважыце белы, двухпавярховік з шыльдаю “Дантыст”. Менавіта тут, паўтары стагодзьдзі таму, вы толькі ўявіце сабе, у невялікай прыватнай друкарні беларускі эмігрант зь Віцебшчыны, паўстанец 1831-га году, удалы прадпрымальнік, гаспадар фотастудыі Рыпінскі выдаваў беларускія кнігі. Гэта і зараз гучыць фантастычна. А тады? Што такое свая фотастудыя? Колькі каштуе друк? І няўжо камусьці патрэбныя гэтыя беларускія кнігі? Лёнданскі дасьледнік беларускай спадчыны Мікола Пачкаеў лічыць, што на той час гэта быў вельмі дзіўны ўчынак”.

(Пачкаеў: ) “Што датычыцца Рыпінскага, найбольшай ягонай заслугай, канечне, было тое, што ў той час ён увогуле друкаваў штосьці па-беларуску. Калі гэтая дзейнасьць ня толькі зусім не магла знайсьці яму нейкага прыбытку і, напэўна, ніякай славы, але разглядалася, як вялікае дзівацтва нават у ягоным уласным сацыяльным коле. І таму трэба казаць, што гэты факт, што ён увогуле гэтым займаўся, ёсьць вялікая заслуга”.

(Бартосік: ) “Стары паб “Swan”, па нашаму “Лебедзь”, выглядае старадаўняю карчмою на ростанях. Аднапавярховая, шырокая хата, заціснутая паміж больш позьніх пабудоваў. Колішнія бальшакі ператварыліся ў шумныя вуліцы, мястэчка Тотэнгэм ужо даўно ніякая ня ўскраіна мэгаполісу, а ледзь ня цэнтар Лёндану. Мне згадаўся анэкдот, расказаны Адамам Мальдзісам. Пра тое, як у 1982-м годзе ў гэтую карчму Гай Пікарда прывёў спадара Мальдзіса, таксама як сёньня Ігар прывёў мяне. Тады Мальдзіс прапанаваў гаспадару паба павесіць шыльду ў гонар беларускага паэта Рыпінскага. Энтузіязму гэтая бліскуючая ідэя ў карчмара ня выклікала. Але беларускі навуковец выклаў самы пераканаўчы аргумэнт. “Калі б была шыльда, дык кожны беларус пакінуў бы ў гэтым пабе не адзін фунт. “А колькі ж тых беларусаў?” – зацікавіўся карчмар. “Дзесяць мільёнаў”, – з гонарам вымавіў Мальдзіс. Але мяркуючы па адсутнасьці шыльды на сьцяне паба “Сўон”, нават гэтая фантастычная лічба патэнцыйных кліентаў не пераканала гаспадара.

Мы адчынілі цяжкія дзьверы і зайшлі ўнутр. Колькі хвілінаў мы былі зусім адны. Ні наведнікаў, ні абслугі. Пры пэўнай долі фантазіі можна было ўявіць сябе ў тых далёкіх часах, калі тут зьбіралася наша шляхта. Нават сучасная музыка з дынамікаў не перашкаджала мне адчуць сябе закінутым у 19-ае стагодзьдзе. Неўзабаве за барнай стойкай зьявіўся мажны, у акулярах, мурын. Гаспадар карчмы. Наліўшы нам піва, карчмар з гонарам за свой паб паведаміў, што ягоная ўстанова вядомая з 1763-га году, як самае папулярнае месца для выпіўкі па дарозе на рыбалку на раку Лі.

Мы з Ігарам асушылі па куфлю, і абмяняліся ўражаньнямі.

– Якія пачуцьці ў цябе нараджаюцца ў гэтым пабе?”

(Лабацэвіч: ) “Вельмі неадназначныя. Па той простай прычыне, што гэты паб ужо даўным-даўно не ангельскі паб, а, я б сказаў такі, ну, кажучы прыстойна, інтэрнацыянальны, а ў прынцыпе афрыканскі. Інтэр’ер тут зьменены ня так даўно. Але паб абшарпаны, ясна, што тут шляхта больш не балюе. А прыходзяць працоўныя зь Ямайкі, з Афрыкі. Прыходзяць на свае апошнія, на капіталістычную сыстэму працуючы, заробленыя грошы. Прапіваюць іх тут у пятніцу ўвечары звычайна. Можа, часам бойкі робяць. Бачу тут з сучаснага абсталяваньня толькі камэры, каторыя ўвесь час на нас глядзяць. А ў прынцыпе так, гнятлівае ўражаньне. Адзінае, што тут прыгожыя малюнкі на сьценах, каторыя яшчэ нейкі смак таго часу надаюць гэтаму пабу. У сэнсе, часу Рыпінскага. Тое, што гэты паб сапраўды быў як мінімум з 1763-га году. Як мінімум. Калі першыя ўспаміны пра яго ёсьць. У часы Рыпінскага гэта быў такі закуток Лёндану, ускраіна. Калі тут зьбіраліся мясцовыя такія з падціснутай верхняй губой ангельцы. Выпівалі па шклянцы піва. Гутарылі пра палітыку, пра Крымскую вайну, можа быць, ад канкрэтнага часу. Ну гэтага, на вялікі жаль, ужо няма. І гэты раён фактычна маленькая Афрыка.

– Дзіўна, што тыя белыя, каго мы сустрэлі, пакуль ішлі сюды, калі пыталіся дарогу, яны абодва былі, і гэтая дзяўчына, і алькаголік, яны былі палякамі, так?

– Так. Дзяўчына хутчэй за ўсё кельнэркай прыехала, ці нянькай працуе. А алькаголік прыехаў і тут п’е. Працуе на будоўлі дзе-небудзь. Робіць хутчэй за ўсё кепскія працы.

– Гэта ні ў якім разе не нашчадкі Рыпінскіх і Агінскіх.

– Не. Гэта хутчэй за ўсё нашчадкі Герэкаў і Берутаў”.

(Бартосік: ) “Калі перайсьці на супрацьлеглы бок Хай Роўд і прайсьці яшчэ мэтраў сто, дык мы ўбачым у глыбіні колішняга двара вялікі, пышны дом Віктарыянскай эпохі. Перад ім некалькі маленькіх жылых дамкоў і невялікая стаянка для машын. На месцы, дзе цяпер прыпаркаваныя машыны, калісьці стаяў дом, у якім жыў беларускі паэт Рыпінскі. Пры пашырэньні галоўнай вуліцы старая забудова была зьнесеная. А той палац Віктарыянскага стылю – гэта школа Ігл Гаўз, дзе Рыпінскі пэўны час працаваў. Магчыма, у гэтым самым доме была прыдуманая літара ў нескладовая. Гаворыць Мікола Пачкаеў”.

(Пачкаеў: ) “Што датычыцца заснаваньня ці разьвіцьця Рыпінскім беларускай пісьмовай сыстэмы, дык трэба сказаць, што ён быў адным з тых асобаў, якія замацавалі фанэтычны прынцып у беларускім пісьменстве. І сыстэма набыла той выгляд, які яна ўжо мае ў публікацыях, напрыклад, Багушэвіча. Яна набыла больш разьвіты выгляд”.

(Бартосік: ) “Стоячы пасярод Тотэнгэма, сярод натоўпу новых чорнаскурых брытанцаў, сярод чужамоўнай гаманы, мне было вельмі прыемна ледзь не фізычна адчуваць тую лучнасьць, якая зьвязвае нас усіх. Праз стагодзьдзі і эпохі. Зьвязвае ўсіх тых, для каго беларускае слова ёсьць сынонімам жыцьця.

Ці застанецца заўтра які сьлед ад таго дому, дзе зараз працуе дантыст? Ці не зьнясуць піўны бар “Лебедзь” з чарговым пашырэньнем трасы? Хто будзе насяляць Тотэнгэм праз чарговыя сто пяцьдзясят гадоў? Ня ведаю. А вось літара “у кароткае” застанецца. І ня толькі яна адна”.

(Дубавец: ) “Аляксандар Рыпінскі выдаў свайго “Нячысьціка” ў Лёндане ажно тры разы. Наўрад ці б ён стаў гэта рабіць, калі б ягоны твор не знаходзіў свайго чытача. Бо як сам прызнаваўся ў адным зь лістоў, даводзілася яму тут у Лёндане быць адразу і аўтарам, і наборшчыкам, карэктарам, рэдактарам, друкаром, брашуроўшчыкам, нават кнігаром – словам, працаваць за цэлае выдавецтва. Але няма сумневу, што галоўная аўдыторыя, якой прызначаліся гэтыя выданьні, была на радзіме. Рэч у тым, што Рыпінскі друкаваў у Лёндане беларускія кніжкі з такой самай матывацыяй, як сёньняшнія апазыцыянэры друкуюць свае выданьні ў Вільні, Беластоку або Смаленску. Розьніца ў тым, што паўтараста гадоў таму дзяржаўны цэнзурны прэсынг сыходзіў ня зь Менску, а з Санкт-Пецярбургу і ахопліваў ня толькі Беларусь, але й Расею, Літву і Польшчу.

Гэтаксама як і сёньняшнія апазыцыянэры, спрабаваў Рыпінскі надрукаваць свайго “Нячысьціка” і на Бацькаўшчыне, зьвяртаўся ў інстанцыі. Але вось, да прыкладу, як тлумачыла цэнзура сваю забарону на кніжку. Паслухаем уважліва:

“Па-першае, таму што аўтар яе Аляксандар Рыпінскі вядомы як пісьменьнік, адданы бунтарным ідэям, і выказаў іх, паміж іншым, і ў адносінах да Беларусі ў кніжцы “Беларусь”;

Па-другое, таму што ягоная баляда “Нячысьцік” прапануецца да друку лацінскімі літарамі, тады як яна напісана па-руску на мясцовай гаворцы праваслаўных жыхароў Беларускага краю і хоць бы і бяз шкоднай падступнай мэты, але ўсё ж не без магчымасьці пашырэньня ў народзе пісьменнасьці лацінскай”.

Першая прычына, так бы мовіць, – на ўсе часы. Калі ты ўжо выдаваў нешта забароненае ўладамі, дык цяпер і бязьвінную казачку ў тваім выкананьні не прапусьцяць. Што да другой прычыны, дык яна толькі на першы погляд не актуальная.

Беларуская мова лацінскімі літарамі разглядалася як небясьпечны падкоп пад маналіт расейскае імпэрскае ідэалёгіі, у плянах якой было поўнае сьціраньне асаблівасьцяў беларускага этнасу і адмаўленьне самастойнае беларускае нацыі. Калі ж па-беларуску пісаць лацінкай, дык атрымліваецца ўсё наадварот – беларусы на фоне расейцаў пачынаюць выглядаць нечым зусім асобным, як тыя чэхі ці літоўцы.

Лацінкай пісалі па-беларуску амаль усе аўтары 19-га стагодзьдзя: Дунін-Марцінкевіч, Каліноўскі, Багушэвіч. Пасьля праблема графікі – кірылічнай або лацінскай – выклікала цэлую палеміку на старонках “Нашай Нівы” – ужо напачатку 20-га стагодзьдзя. Палемісты засталіся пры сваіх думках, а сама праблема “дрэмле” недзе ў глыбінях беларускай ідэі дагэтуль. Пра тое, што яна раптам можа стаць актуальнай, сьведчаць сучасныя прыклады Малдовы ці Азэрбайджану, якія перавялі графіку сваіх моваў з кірыліцы на лацінку.

Ня толькі праблема лацінкі, але й шмат якія іншыя рэчы ў часы Рыпінскага, паўтараста гадоў таму выглядалі жывей, чым сёньня.

Хоць бы і тая праблема адлегласьцяў – вельмі дзіўны гістарычны фэномэн. Найлепей яго заўважаеш яшчэ ў старажытных летапісах, дзе войскі якога-небудзь Чангіз Хана лёгка перамяшчаюцца на многіх тысячах кілямэтраў азіяцкае прасторы, а ваякі Сьцяпана Батуры ледзьве не за ноч перапраўляюцца зь Вільні пад Пскоў.

Быццам ноч тую правялі ў пляцкартным вагоне. У нашых продкаў не было цягнікоў і самалётаў, але для іх нейкім дзіўным чынам сьцягваліся адлегласьці. Вось чаму для Рыпінскага ягоны лёнданскі побыт ніяк не ўяўляўся падарожжам на край зямлі, а значыць і беларускую кніжку ў Ангельшчыне выдаць было тое самае, што для сучасьніка – у Беластоку або Смаленску. Дзіва што на працягу ўсёй гісторыі адукаваныя людзі ў Беларусі – яшчэ ад Эўфрасіні Полацкай чыталі эўрапейскія літаратурныя навінкі разам з усёй Эўропай. Згадваецца фантастычны па нашым часе факт зь біяграфіі Яна Чачота, які, седзячы ў ссылцы ў Башкірыі напачатку 19-га стагодзьдзя, перакладаў навэлы амэрыканца Вашынгтона Ірвінга, якія тады толькі што выйшлі ў сьвет у Злучаных Штатах.

Штосьці з цывілізацыяй дадаецца, а штосьці адымаецца. Ці, можа быць, гэта ўплыў савецкай ізаляцыі сказаўся на тым, што сьвет не падаецца нам такім блізкім і даступным. І падарожжа ў Лёндан ператвараецца ў цэлую экспэдыцыю, а знойдзеныя там сьляды продка выглядаюць агромністымі адбіткамі стопаў Гулівэра.
XS
SM
MD
LG

Original text