antique ТаццянаНядбай Рыбы чуюць тваё маўчанне en ТаццянаНядбай calibre 2.56.0 18.7.2017 0d4cb909-6097-4e16-95be-a11b5c78d5fe 1.0 Prajdzisvet.org 0101

Таццяна Нядбай

Рыбы чуюць тваё маўчанне

Вершы

ххх

Горад, дзе

Вызначаў маяк

Кірункі і арыенціры

Горад, дзе

Ты казаў мне “мая”,

Забаўляючыся ў ціры

Горы дзеляць,

Стаяць сцяной,

Не ссунуць іх, што б ні рабілі мы

Горкі прысмак

Сваіх надзей

Заядаю рабінамі

Восень імжыць

І спявае блюз

У лахманах рыжых

Там, дзе я

Цябе не люблю

Я не змагу выжыць

ххх

паміж вечарам і вечнасцю розніцы асабліва няма —

яны стаяць цяпер за тваёй спінай,

па-панібрацку паляпваючы па плячы,

таму разняволься і ўсё ў абдымкі прымай,

не ўнікаючы — кулі ці кулічы

ты рыхтуешся заўтра без допінгу здзейсніць скачок,

таму што трыпутнік не прыкладзеш да горычы без падставаў,

таму што чакаеш, што хтосьці прыйдзе падставіць плячо,

а потым употай дзякуеш, што не падставіў

у сутонні асабліва востра адчуваеш мяжу ўсяго,

лінія жыцця супадае, таючы, з лініяй далягляду,

штосьці вярэдзіць, нібыта блізкая прысутнасць Яго,

таго, хто небакрай адхінае на Дзяды і Каляды

паміж вечарам і вечнасцю выбару асабліва няма,

паміж выбарам і выраем, наадварот, пралегла вечнасць,

рыбы чуюць тваё маўчанне, і можаш рашаць сама,

калі класціся спаць, калі пакідаць веча

ххх

калі ты гаворыш, што горы,

як коткі,

акругліўшы спіны,

пілі мора,

не баючыся вады,

а яно было ласкавым, туманным, парным, як сырадой,

то намагаешся не абмовіцца,

як трымаў мяне за руку

калі ты распавядаеш,

што найлепшая кава ў тым месце — за гатэлем прынцэсы Луізы,

то намагаешся не згадаць уголас,

як п’янкое віно з келіха перацякала ў заход сонца,

а потым — назад у келіх,

каб захмяліць нас і застацца слядамі на вуснах

усе слухаюць раскрыўшы раты

(і я таксама),

як выдмы, перацякаючы, мяняюць формы,

застаючыся з намі — у нашых кішэнях,

на зубах,

у сэрцах,

але і ў майстэрскім пазбяганні займеннікаў першай асобы множнага ліку —

як сцяжкоў на аўтадроме,

як буйкоў на вадзе

калі ты глядзіш на мяне, я часам баюся,

што табе і сапраўды ўдалося —

забыць

ххх

дай мне тое, што ты не даваў нікому,

і што — ніхто мне

дай мне шал і лютасць адстойвання нашых сноў,

перамогу і стому, якія мяжуюць з комай,

і падатлівасць, у якой мы тонем,

дай мне тое, што ляжа ў падмурак асноў

не шкадуй і не бойся —

няма ні джала, ні куляў,

але я ўглядаюся ў студняў гулкі адчай,

покуль ты не прыйдзеш, пакуль мяне не прытуліш,

а калі прыйшоў —

сядай, завару чай

і змаўчу пра тое, што недзе на дзікай выспе

развіднела і цені спаўзліся ў далёкі кут,

бо тым часам яблыкі побач з домам выспелі

і палын за рогам гаркавейшы ад цыкут

і мы тут

ххх

сцішаны шоргат мая

лісцік мяты ў махіта

цябе і мяне прымае

маўклівая глыб блакіту

дзе след самалёта паволі

рыбіным тае шкілетам.

затухаюць магноліі

распаляецца лета

ххх

Тое, пра што немагчыма маўчаць і сказаць немагчыма.

Мы набіраем паветра ў сэрца і ім крычым мы.

Хай хтосьці адкажа, чаму, за што і — ўрэшце — прычым мы?

Схавай насоўкі, яно насоўваецца без дай прычыны.

Наступны прыпынак праз вечнасць, дык едзь і маўчы мо

ці — нейтралізуй наступствы, ўсміхайся і лыпай вачыма.

Цягнік нясе, мы ўсе ў адным вагоне, і дзякуй, што побач,

не бачна неба, але пра яго раскажуць парох ці пробашч.

Прышпільвайся і трымайся, зрабі хоць спробу.

Хоць часам таго, што ў руках, не ўтрымаць, праз шкельцы

плыве вясновымі ручаямі радасць тапельцаў.

Дай кожнай сястры — па тоне спакою, братам — адвагі і

нам усім бы цяпер прыдаліся здольнасці ў магіі.

Не зазірай, калі ласка, ў сябе, каб не ўбачыць прадоння.

Прабач,

мы ўжо пралілі віно.

Мы ўсе тонем