Беларусь у паралельным часе Колькi чаго ў жыцьцi залежыць ад сьвядомасьцi чалавека, а колькi адбываецца самахоць?.. Вось сёньняшняе адчуваньне Беларусi: пра аўтарытарны рэжым усё сказана i можна толькi паўтарацца, апазыцыянэры таксама стабiлiзавалiся, палiтычныя прагнозы й ацэнкi нагадваюць пераклады адкуль-небудзь з ангельскай i ня спраўджваюцца, народ у прынцыпе задаволены status quo. I ўсё гэта нiбы ня тычыцца Беларусi. Бо Беларусь жыве ўжо неяк па-свойму, мiма рэжыму, апазыцыi й народа. Пра тое, што яна жыве, сьведчаць зьявы й падзеi культуры, у якiх зусiм не адчуваецца аўтарства. Бывае ж такое, што пэўны аўтар, якi ўчора не заўважаўся, сёньня раптам загучаў на поўны голас. I нiхто, у тым лiку й ён сам, не разумее, чаму. Быццам i сапраўды iснуе той паралельны час, якi, у параўнаньнi з нашым, не спынiўся, а працягвае свой рух. I нiбы менавiта туды перамясьцiлася Беларусь, пакiнуўшы тут толькi надпiс на сьцяне пра тое, што яна -- жыве. Паралельнаму часу прысьвечаныя матэрыялы гэтага нумару "НН". Гутарка пойдзе пра падзеi й праявы культуры, за якiмi не прачытваецца напружанай думкi канкрэтнага стваральнiка i якiя выглядаюць на парадак больш рэальна й вартасна, чым у папярэднiя гады. Вось, скажам, "Народны Альбом" беларускiх рок-музыкаў, прэм'ера якога адбылася нядаўна ў Польшчы. У Беларусi гэты праект, бадай, i не ацэньваўся. У Польшчы ж, дзе культурныя працэсы больш спарадкаваныя, аглядальнiк "Gazety Wyborczej" Робэрт Ляшчынскi пiша: "Спачатку мне падалося дзiўным, што ў краiне, у якой дзеецца шмат важных справаў, артысты займаюцца гiсторыямi 80-гадовае даўнiны. Аказваецца, аднак, што з дапамогай такой формулы пра Беларусь можна сказаць нашмат болей i пры гэтым ня зьвесьцi ўвесь праект да жанру бягучага палiтычнага камэнтара. Вось чаму "Народны Альбом" -- гэта перад усiм твор мастацтва. У Польшчы яго рэклямавалi як "антылукашэнкаўскую рок-опэру", з чаго самi творцы сьмяюцца й падкрэсьлiваюць, што iснуюць у Беларусi цалкам афiцыйна. "Антылукашэнкавасьць" "Народнага Альбому" заключаецца магчыма ў тым, што Лукашэнкi там няма". Р.Ляшчынскi мiжволi падказвае нам iдэю Беларусi ў паралельным часе. Нешта падобнае вычуваеш i ў словах самiх рок-музыкаў, калi просiш iх распавесьцi пра тое, з чым яны сёньня выходзяць да публiкi. Адказы падаюцца ня тое, што павярхоўнымi або дзяжурнымi, але не зусiм адпаведнымi тым творам, якiя музыкi пiшуць i выносяць на публiку. Сёньня пазьяўлялася мноства цэльных (давершаных) i вартасных (бясспрэчных) культурных прадуктаў, творцы якiх ня здольныя растлумачыць гэтую давершанасьць i вартасьць. Яшчэ адзiн прыклад -- новы лiтаратурны часопiс "Arche". Слова "новы" тут фармальнае, бо часопiс зусiм ня "дыхае навiзною" i зусiм не падобны на экспэрымэнт. Ён не падобны да прызнаных некалi савецкiх выданьняў, кшталту "Полымя" цi "Маладосьцi", якiя на выхадзе з камунiзму страцiлi палову свайго фармату, а таксама канцэптуальную выразнасьць i ператварылiся ў куртатыя пародыi на самiх сябе колiшнiх. "Arche" не падобны i да посткамунiстычных выданьняў кшталту "Лiтаратуры", "Ксэраксу Беларускага", "Калосься" або "Фрагмэнтаў" -- хутчэй альманахаў, якiя таксама ня маюць канцэптуальнае выразнасьцi i нагадваюць хутчэй эскiзы часопiсаў. Не падобны ён i да "Крынiцы" апошнiх гадоў, дзе, наадварот, канцэптуальная выразнасьць зашкальвае да фармалiзму, дзе форма, рубрыкацыя пануе над зьместам. Разам з тым пералiчаныя выданьнi сталi нiбы донарамi iдэяў i людзей для "Arche", у рэдакцыйнай калегii якога -- Адам Глёбус, Андрэй Дынько, Генадзь Сагановiч, Васiль Сёмуха ды iншыя. Нават вонкава, дзякуючы мастацкаму рэдактару Дзянiсу Раманюку, "Arche" выглядае не як экспэрымэнт цi эскiз, а як давершаны культурны прадукт, нумар, выняты з шэрагу аднайменных гадавiкоў. Магчыма, невiдавочныя кантэкстуальныя сувязi паралельнае Беларусi склалiся так, што зь вядомых iмёнаў i iдэяў вытварылася нешта зусiм iнакшае i адначасова зусiм заканамернае. Мабыць, у Беларусi такi часопiс мусiў быць даўно. Магчыма, гэта якраз абрэзанае пад фармат савецкае iдэалёгii "Полымя" (як галоўны лiтаратурны часопiс) дзесяцiгодзьдзямi займала месца паўнафарматнага "Arche". Ягоная перавага па-над астатнiмi ў тым, што ён прызначаны толькi для чытаньня. Iншыя кiруюцца найперш iмёнамi або схемамi рубрык, абмежаваным густам рэдактара або проста патрэбаю выходзiць. Акрамя гэтага, "Arche" падводзiць рысу той запанавалай было сярод нашых маладых лiтаратараў плынi iмiтацыi iнтэлектуалiзму, калi культуралягiчныя тэксты лiтаральна перапаўнялiся мудрагелiстай лексыкай, хоць думка не прасочвалася. Усе пералiчаныя праявы на 124-й старонцы "Arche" трапна ахрышчаныя "прынцыпова аматарскiм падыходам да творчасьцi". Аўтары новага выданьня дэкляруюць народнасьць, зразумеласьць. Яны яшчэ наважваюцца выдаць нумар, прысьвечаны постмадэрну, але выглядае, што постмадэрн для iх ужо ня культ, як было ў папярэднiкаў, а толькi аб'ект дасьледаваньня. Iзноў, як у выпадку з рок-музыкамi, цяжка iдэнтыфiкаваць "Arche" з канкрэтнымi людзьмi, якiя яго робяць. Тут хутчэй варта казаць пра тыя iдэйныя й пачуцьцёвыя сутокi, якiя вiруюць у Беларусi ў паралельным часе. Магчыма, мы назiраем канец тае зьявы, калi беларускiя культурнiкi рынулiся ў палiтычныя рысталiшчы, стваралi партыi, выступалi на мiтынгах, ахвяруючы сваё культурнiцтва бягучаму моманту. Бягучы момант у Беларусi застыў на адной кропцы. Духоўны сьвет чалавека ўрэшце вызвалiўся зь лiпучых абдымкаў спыненае рэальнасьцi, аджыў. Бо калi музыка або мастак ня можа вытлумачыць свой творчы посьпех -- гэта сьведчыць пра наяўнасьць духоўнага жыцьця, якое i ўспрымаецца як паралельны час. Сяргей Паўлоўскi