antiqueДаніэлаКапітаняваЗабойства ў ЖлуктавеrusДаніэлаКапітаняваcalibre 0.8.2927.3.20129e124aed-669a-45a9-8cf2-8d4abf50cb941.0

Даніэла Капітанява

(Daniela Kapitáňová)

Забойства ў Жлуктаве

(Vražda v Slopnej)

* * *

Надпіс на візітоўцы выглядаў так:

С. л. п.

Ё. Вінтэрмантэль

Рашэнні

Аднак ніхто не ведаў, адкуль гэты чалавек, хто яго запрасіў і нават што значыць скарачэнне “с.л.п.” перад ягоным імем. Пра яго было вядома толькі адно: рашэнні спадара Вінтэрмантэля заўжды геніяльныя.

Цяпер ён стаяў у неправетранай “канферэнц-зале” местачковай управы ў Жлуктаве. Неадрыўна пазіраючы на сваіх гасцей, што сядзелі вакол ссунутых сталоў, пазычаных для такой мэты са школьнай сталоўкі, ён пачаў сваю прамову:

— Вельмішаноўныя дамы, вельмішаноўныя джэнтльмены! На жаль, трагічную каўзу “Праўда” дагэтуль не ўдалося вырашыць. Адзіная добрая навіна — што старэйшыя паліцэйскія чыны прызналі сваё бяссілле і нарэшце пагадзіліся запрасіць спецыяліста.

Спадар Вінтэрмантэль з годнасцю пакланіўся, даючы тым самым зразумець, якога спецыяліста ён мае на ўвазе.

— А я вырашыў запрасіць вас — найвялікшых дэтэктыўных геніяў усіх часоў. Кожны з вас паабяцаў сваю дапамогу і прыехаў. Кожны з вас паабяцаў адшукаць забойцу, скарыстаўшыся сваім унікальным метадам. Шаноўныя дамы, шаноўныя джэнтльмены, вітаю вас у Славакіі!

Спадар Вінтэрмантэль вытрымаў драматычную паўзу, дачакаўшыся, пакуль маленькі пляшывы мужычок з вялізнымі, закручанымі ўгору вусамі выгукнуў з выразным французскім акцэнтам: “Браво!”. Да гэтага радаснага воклічу, аднак, ніхто не далучыўся; больш за тое, мужчына з капелюшом на галаве нават дастаў новую жуйку. У памяшканні, з капелюшом на галаве і з жуйкай у роце! — з агідай падумаў пра таго тыпа спадар Вінтэрмантэль, а ўголас працягваў:

— Вітаю вас на месцы злачынства — у мястэчку Жлуктаў, якое ўжо сваёй назвай блізкае сэрцу кожнага славака. Перш чым я падагульню факты каўзы “Праўда”, дазвольце мне асабіста прывітаць і прадставіць кожнага з вас паасобку, хоць я і разумею, што прадстаўленні тут лішнія, бо кожны з вас сам сабою даўно легенда.

— Правільна! — азваўся гэтым разам спадар у форме. (Таварыш, — паправіў сам сябе спадар Вінтэрмантэль). Гэты госць не быў з ліку геніяльных рашэнняў спадара Вінтэрмантэля; але што заставалася, калі з айчынных спецыялістаў нікога іншага пад рукой не знайшлося?! Вочы спадара Вінтэрмантэля ўперыліся ў наступную праблему, у Таго чалавека, што сядзеў у куце. Прынамсі, за яго ён не нёс адказнасці. Той чалавек бесперастанку ёрзаў і ўздыхаў.

Спадар Вінтэрмантэль пакланіўся і пачаў:

— Вітаю сярод нас першую даму дэтэктыву, міс Марпл з мястэчка Сэнт-Мэры-Мід у Англіі.

Далікатная дама паважных гадоў з парцалянава-блакітнымі вачыма пачырванела і сказала:

— Але ж я зусім не дэтэктыў, даражэнькі спадар Вінтэрмантэль, я проста штораз апынаюся там, дзе нешта адбываецца. Сама не ведаю чаму, — яна прыязна ўсміхнулася і вінавата паказала на вязальныя спіцы і ружовую воўну. — Спадзяюся, вам не будзе перашкаджаць, калі я давяжу гэтую шапачку. Бо чаго ж дарэмна сядзець, склаўшы рукі, праўда?

Яе сусед ўтаропіўся на незапаленую цыгарэту, якую трымаў у руках, потым паклаў яе перад сабой, а рукі вінавата засунуў у кішэні зношанага плашча. Спадар Вінтэрмантэль перайшоў да яго:

Лейтэнант Каломба, крымінальная паліцыя ЗША.

Немалады мужчына, з адным вокам, якое не міргаючы пазірала скрозь твары прысутных, у старым балоневым плашчы (тут нават бяздомныя так не апранаюцца! А яшчэ лейтэнант, — непрыкметна сам сабе пакруціў галавой спадар Вінтэрмантэль), трошкі прыўстаў з крэсла і сказаў:

— Лейтэнант... — ён нязграбна зачапіў цыгарэту, скінуўшы яе на падлогу, сагнуўся па яе і ў такім становішчы, з-пад стала, скончыў фразу: — ... Каломба. Прабачце, у мяне ўпала... — лейтэнант Каломба выпрастаўся. — Я ведаю, мне не варта курыць, місіс Каломба мне ўвесь час нагадвае, што гэта шкодна...

Спадар Вінтэрмантэль адважыўся кашлянуць. Лейтэнант перапрашальна падняў руку, змоўк і ўставіў незапаленую цыгарэту ў рот.

— Вітаю сярод нас, — паспешліва прамовіў геніяльны спецыяліст, — гера Штэфана Дэрыка з Германіі. — Высокі важны мужчына ўстаў.

— Я крымінальны камісар Штэфан Дэрык. Гэта мой асістэнт Гары Кляйн.

Асістэнт таксама падняўся і, усіх збянтэжыўшы, сказаў:

— Гэта крымінальны камісар Штэфан Дэрык, а я — яго асістэнт Гары Кляйн. (Дык вось што такое нямецкі перфекцыянізм, — усміхнуўся сам сабе спадар Вінтэрмантэль).

Мужчына сярэдніх гадоў з капелюшом на галаве выцягнуў з рота жуйку і без запрашэння прадставіўся сам:

Філ Марлоў, прыватны дэтэктыў, Каліфорнія, заходняе ўзбярэжжа, Злучаныя Штаты. Якая ў вас тут стаўка на дзень?

Апошняя фраза выклікала непадробную цікавасць усіх дэтэктываў, аднак спадар Вінтэрмантэль дазволіў сабе прапусціць яе міма вушэй, і містэр Марлоў з прыкрасцю сеў на месца. Ягоны твар не прамяніўся энтузіязмам. Уласна, энтузіязму не было заўважна ні ў кога.

Спадар Вінтэрмантэль працягваў як нічога ніякага:

— З 87-га пастарунку да нас прыехаў дэтэктыў першай катэгорыі містэр Стыў Карэла.

Саракагадовы мужчына атлетычнай паставы кіўнуў і выцягнуў нататнік і асадку. Ён не вымавіў ані слова. (Прафесіянал, сапраўдны прафесіянал! І пра ганарар нават не пытаецца, — з захапленнем падумаў спадар Вінтэрмантэль).

— Гэтая сімпатычная пара... — спадар Вінтэрмантэль галантна ўсміхнуўся, паказаўшы на жанчыну і мужчыну, што сядзелі побач з маўклівым прафесіяналам.

Маладая дама яго бескампрамісна перапыніла.

— Мы ніякая не пара! Мяне завуць Мэйкпіс, я сяржант лонданскай паліцыі. Гэта лейтэнант Дэмпсі, мой калега з нью-ёркскай паліцыі.

Малады мужчына нявінна паўтарыў:

— Лейтэнант Дэмпсі, калега. З нью-ёркскай паліцыі.

Спадар Вінтэрмантэль усміхнуўся з разуменнем і настальгіяй. Ён быў перакананы, што гэтыя двое разбяруцца і самі, а таму звярнуўся да наступнага госця. Ён загадзя падрыхтаваў некалькі палкіх фразаў пра Францыю, Парыж і кавярні на Сене, але, пабачыўшы насуплены твар сталага поўнага мужчыны, прамовіў толькі:

— Галоўны камісар Мегрэ, парыжская паліцыя.

Мсье Мегрэ паківаў галавой і нешта прамармытаў да люлькі, якая, незапаленая, ляжала перад ім. Ён толькі падняў і апусціў плечы. І таму як было відавочна, што з ягонага боку больш не выпадае чакаць аніякіх рухаў ці словаў, спадар Вінтэрмантэль звярнуўся да наступнага дэтэктыва.

— З Нью-Ёрка прыбылі містэр Нэра Вулф і ягоны прыяцель містэр Гудвін.

Містэр Нэра Вулф, які безмаль дзевяць пудоў сваёй вагі спрабаваў уладкаваць на нязручным крэсле, ледзь прыкметна схіліў галаву. Містэр Гудвін — малады чалавек у элегантным і дарагім гарнітуры, як адзначыў сабе спадар Вінтэрмантэль, — устаў і сказаў:

— Я толькі асістэнт містэра Вулфа. Сваіх прыяцеляў ён выбірае выключна з шэрагаў кухараў і гадоўцаў архідэяў. Таму, спадарства, калі нехта з вас раптам...

— Арчы! — перапыніў яго містэр Вулф. — Досыць.

Містэр Арчы Гудвін ухмыльнуўся і сеў. Свайму працадаўцу ён шапнуў:

— Я думаў, вы спіце, і хацеў, калі прачняцеся, пацешыць вас некалькімі новымі сябрамі...

— Арчы!

Асістэнт містэра Вулфа змоўк, але ўхмыляцца не перастаў.

Маладыя жанчына і мужчына, якія былі на чарзе, усталі адначасова.

Агент Скалі, ФБР.

Агент Малдэр, ФБР.

Яны адначасова выцягнулі пасведчанні і паказалі іх усім вакол. Адначасова селі і выцягнулі лэптопы. Ані слова больш.

Спадар Вінтэрмантэль прымаў такую сухую дакладнасць, але ў прысутнасці гэтых агентаў пачуваўся неяк скавана. Ён уздыхнуў, а калі зразумеў, што чакае яго цяпер, уздыхнуў яшчэ раз, значна цяжэй. А чакала яго самая нежаданая задача. Спадар (таварыш, — ажно завыў сам сабе спецыяліст) у зялёнай форме з маёрскімі пагонамі і чырвоным тварам устаў, грэбліва адсунуўся ад агентаў ФБР і камандным голасам выгукнуў:

Маёр Зэман, Дзяржбяспека. Служу сацыялістычнай айчыне!

Усе здранцвелі. Малы мужычок з вялікімі вусамі знерухомеў. Містэр Нэра Вулф расплюшчыў вочы. У містэра Каломба зноў з рота выпала цыгарэта. Міс Марпл перастала вязаць. Містэр Марлоў свіснуў і насунуў капялюш на лоб. Міс Мэйкпіс нахмурылася, глянула на містэра Дэмпсі, а той толькі здзіўлена пахітаў галавой. Адзіны, каго гэта не здзівіла, быў Той чалавек у куце пакоя. Ён нават сказаў нешта, што прагучала накшталт “Здраўжлаютварышмаёр”.

Вочы ўсіх уперыліся ў спадара Вінтэрмантэля.

— Гэта, — сказаў спадар Вінтэрмантэль, намагаючыся надаць свайму тону цвёрдасці, — гэта наш нацыянальны звычай: пакідаць на сваіх пасадах былых высокіх функцыянераў. Такія ў нас традыцыі.

Дэтэктыў першай катэгорыі Стыў Карэла запісаў у сваім нататніку адзінае слова і паставіў пасля яго некалькі клічнікаў. Містэр Нэра Вулф адзначыў:

— Звычаі ў вашай краіне напраўду містэрыёзныя.

Калі ўсе змоўклі, спадар Вінтэрмантэль з палёгкай перайшоў да перадапошняга дэтэктыва.

— Спадарства, Эркюль Пуаро!

Малы мужычок з вялікімі вусамі ўскочыў. Ён пачаў кланяцца на розныя бакі.

— Так, гэта я ўласнай персонай, — мсье Эркюль Пуаро зрабіў рэверанс. — Мэдам і мсье! Я, Эркюль Пуаро, прыехаў! Я, Эркюль Пуаро, тут!

Спадар Вінтэрмантэль заўважыў, што містэр Марлоў збіраецца сказаць нешта мала падобнае да камплімента. Таму ён тут жа ўмяшаўся:

— А цяпер... мне выпаў гонар прывітаць джэнтльменаў, без якіх дэтэктыў ніколі не быў бы тым, чым ёсць. Містэр Шэрлак Холмс і ягоны кампаньён доктар Ўотсан!

Містэр Холмс сказаў:

— Няма такіх словаў, якія б выказалі тое, што я адчуваю. Магчыма, гэта здолее зрабіць музыка.

З футляра, які ляжаў у яго пад крэслам, ён дастаў скрыпку, прыклаў яе да пляча і зайграў некалькі чыстых чароўных тонаў. Доктар Ўотсан адвярнуўся ўбок, каб выцерці слязу расчуленасці.

— А цяпер... — прамовіў таксама расчулены спадар Вінтэрмантэль. З кута пакоя азвалася пакашліванне, пачуўшы якое, спадар Вінтэрмантэль нахмурыўся і паказаў на Таго чалавека.

— Гэта... эгм... спадар... стараста Жлуктава.

— Я б гэта... у сэнсе... калі б... тут такая штука... — мармытаў Той чалавек, што сядзеў у куце канферэнц-залы.

Спадар Вінтэрмантэль пагрозліва набраў паветра. Той чалавек тут жа змоўк і апусціў вочы на свае чорныя тэсілавыя штаны, пасля чаго спадар Вінтэрмантэль быццам перастаў яго заўважаць.

— Шаноўныя дамы, шаноўныя джэнтльмены, а цяпер дазвольце мне перайсці да самога злачынства, дзеля якога я наважыўся запрасіць вас ажно сюды, у Жлуктаў. Напачатку...

Незвычайны знак

— Напачатку было злачынства. У мястэчку Жлуктаў быў забіты, — перад наступным словам спадар Вінтэрмантэль ледзь заўважна запнуўся, — знакаміты пісьменнік Павал Праўда. У спадара Праўды тут быў другі дом, у які ён прыязджаў, калі яму было неабходна адпачыць або, наадварот, засяродзіцца на працы. Павал Праўда быў падступна заколаты ў сэрца ўласным нажом, на тронках якога — іроніяй лёсу — было выгравіявана “Праўда пераможа”. На тронках знайшліся толькі адбіткі Праўды.

Каб вы ўявілі сабе месца злачынства, — спадар Вінтэрмантэль выцягнуў уласнаручна зробленую мапу паважных памераў і чатырма кнопкамі прымацаваў яе да школьнай дошкі з мясцовай аднакласнай школы, — дом спадара пісьменніка знаходзіцца на хутары за мястэчкам, у невялікай даліне пад назвай Кінчар, абкружанай лясамі. Там толькі тры дамы. Калі ехаць з боку галоўнай шашы, пазначанай на мапе чорным колерам, то трэба павярнуць направа на невялікую дарожку, якая з кіламетр вядзе да Кінчара і там заканчваецца. Урочышча Кінчар я, з вашага дазволу, заштрыхаваў светла-жоўтым колерам. Як бачыце, усе тры дамы ў Кінчары стаяць з правага боку ад дарогі, з левага — невялікі луг, за якім ужо пачынаюцца пагоркі. Як падыходзім, першы дом — дэпутата Нотбурга, гэта пышная віла. Палітычную прыналежнасць дэпутата я не буду абмалёўваць, скажу толькі, што ён належыць да сацыяльна арыентаваных палітыкаў.

— Правільна, — энергічна падтрымаў маёр Зэман, на што лейтэнант Дэмпсі засмяяўся.

Спадар Вінтэрмантэль адкашляўся і вярнуўся да мапы.

— Практычна праз плот ад дэпутата Нотбурга жыў Павал Праўда. Прыблізна праз дваццаць метраў далей па дарозе стаіць дом, дзе жыве сям’я Хвалаў. Да ўсіх жыхароў Кінчара мы яшчэ, безумоўна, вернемся падрабязней. Спадар Праўда даведаўся пра дом у Кінчары дзякуючы знаёмству з дэпутатам Нотбургам, з якім аднойчы падзяліўся жаданнем таксама набыць дом на хутары. Дэпутат Нотбург тут жа расказаў яму пра пусты дом у Кінчары, апошні ўладальнік якога, па імені Людусь Прыгнанец, памёр колькі гадоў таму ад цырозу печані.

На гэтых словах містэр Шэрлак Холмс устаў, падышоў да акна і ўважліва паглядзеў на двор. Насупраць стаяў мясцовы шынок з пабляклай шыльдай “Карчма”, у якой нечая рука пераправіла адзіную літару, так што цяпер там было напісана: “Тарчма”. Вялікі дэтэктыў дастаў з кішэні аловак і нешта занатаваў сабе на манжэце. Спадар Вінтэрмантэль ветліва пачакаў, пакуль Шэрлак Холмс вернецца да доктара Ўотсана, і толькі потым скончыў:

— Спадару Праўду дом спадабаўся, і ён яго купіў. З таго часу ён жыў то ў Браціславе, дзе ў яго была кватэра, то ў Кінчары, дзе быў дом.

Спадар Вінтэрмантэль прымацаваў да школьнай дошкі вялікі фотаздымак немаладога мужчыны ў гарнітуры. Мужчына сядзеў у нейкім парку на лавачцы. Спадар Вінтэрмантэль паказаў на яго:

— Вось ён. Пісьменнік Павал Праўда. Яму было 54 гады, дзясяты год ён быў удаўцом, бяздзетны. Пра яго казалі, што ён любіў з’яўляцца ў таварыстве маладых прывабных жанчын, але ні пра якія сталыя сувязі нам не вядома. — Адна зубная шчотка ў ваннай і ніякай жаночай касметыкі, як канстатавалі паліцэйскія следчыя.

Павал Праўда працаваў рэпарцёрам на адну замежную газету, ад яе ж меў і рэгулярны заробак. Ганарары за кнігі былі толькі дадаткам. Непасрэднай фінансавай выгады ад ягонай смерці не мог мець ніхто, бо браціслаўскую кватэру і ўсё абсталяванне ён яшчэ раней адпісаў фонду, які сам заснаваў і прызначыў на дапамогу аўтарам-пачаткоўцам.

За дзень да смерці — і тут мы падыходзім да першага значнага факта — ён зняў са свайго бягучага рахунку ўсе грошы, каля 150 тысяч крон. Банкаўскі работнік запомніў незвычайную фразу, якую спадар Праўда пры гэтым прамовіў. Гэта былі словы: “Хоць аблегчу сваё сумленне”. З банка Праўда пайшоў проста ў Кінчар, аднак грошы з банка не знайшліся, і што яшчэ горш, не знайшлося нават намёку на тое, як і дзе ён мог іх патраціць.

Аднак вернемся да месца здарэння. У трох дамах жыло агулам сем чалавек. Дэпутат Ян Нотбург з жонкай і дачкой, далей спадар Праўда і, нарэшце, сям’я Хвалаў, то бок муж і жонка Хвалы і іх адзіны сын Пэтэр, якога тут называюць Петраком.

— Але ж гэта вельмі сумна, праўда? — прамовіла міс Марпл і засмучана пакруціла галавой.

Спадар Вінтэрмантэль, які не ўлавіў сэнсу гэтай заўвагі, працягваў:

— Спадар Нотбург — не толькі дэпутат, але і паспяховы прадпрымальнік. Дома ён практычна не затрымліваецца, большасць часу праводзіць у Браціславе. Ягоная жонка... эгм... хатняя гаспадыня. Я не ўпэўнены, ці гэты выраз падыходзіць найлепей, бо спадарыня Нотбургава — прывабная жанчына бальзакаўскага ўзросту, створаная хутчэй для прыёмаў, чым для хатняй працы. Іх адзінай дачцэ Зузане дваццаць гадоў, нядаўна, пасля працяглага знаходжання ў Лондане, дзе яна вывучала мову, яна вярнулася дадому.

Спадар Хвала, другі сусед, працуе начным вартаўніком у гатэльным гаражы ў суседнім горадзе. Уначы працуе, удзень адпачывае. Ягоная жонка клапоціцца пра гаспадарку і сям’ю. Ужо некалькі гадоў яна амаль глухая і без слыхавога апарату нічога не чуе. У іх таксама толькі адно дзіця, ужо згаданы студэнт Пэтэр. Хвалы дапамагалі спадару Праўду, спадарыня Хвалава яму гатавала, а яе муж даглядаў дом. Трэба сказаць, што пісьменнік быў надзвычай непрактычным чалавекам.

У той вечар у Кінчары былі ўсе. Людзей было нават значна больш, бо спадар Нотбург адзначаў імяніны і запрасіў гасцей, якія пачалі збірацца каля шостай вечара. Усе да аднаго сцвярджаюць, што за ўвесь час з дома ніхто не выходзіў, бо ўсе сядзелі ў зале, з якой цудоўна праглядаюцца ўваходныя дзверы, і прайсці незаўважана ніхто б не змог. Нотбург з гасцямі дамовіліся ўначы пайсці на паляванне, і таму каля паловы адзінаццатай вечара спадар Нотбург пазваніў з мабільнага тэлефона спадару Праўду і спытаў, ці не хоча той пайсці з імі. Праўда, маўляў, быў нейкі стрыманы, сказаў толькі, што працуе, і паклаў слухаўку. Размова сапраўды доўжылася крыху больш за хвіліну, гэта пацвярджае раздрукоўка тэлефонных размоваў. Потым госці сабраліся і пайшлі на паляванне. Дарэчы, згодна з прагнозам надвор’я, меўся быць дождж, таму ўсе досыць доўга чакалі, але не ўпала ні кроплі. Дома засталася толькі спадарыня Нотбургава з дачкой і, як сцвярджаюць абедзве, неўзабаве яны ляглі спаць і не заўважылі нічога асаблівага. Нотбург вярнуўся каля чацвертай раніцы адзін. Ягонай увагі таксама нічога не прыцягнула.

Спадар Хвала, як заўжды, сыходзячы ўвечары на дзяжурства ў гатэльным гаражы, прыйшоў папытацца ў спадара Праўды, ці не трэба яму чаго і а якой гадзіне яму прынесці сняданак. Пісьменнік сказаў, што не, не трэба, і што сняданак ён просіць, як звычайна, на сёмую. Са словаў Хвалы, спадар Праўда быў неспакойны і нейкі быццам адстаронены.

Спадарыня Хвалава ўвечары са спецыяльнымі навушнікамі глядзела тэлевізар і пайшла спаць каля поўначы. Сын Пэтэр увесь вечар быў у сваім пакоі. Недзе пасля дзясятай ён заўважыў, што ў спадара Праўды гарыць святло. Калі ён пайшоў спаць (гэта было пасля адзінаццатай), у Праўды было ўжо цёмна. І спадарыня Хвалава, і Пэтэр маглі выбрацца з дома так, каб другі не прыкмеціў. Аднак няма ані найменшага доказу, каб у іх з пісьменнікам былі нейкія супярэчнасці.

Спадар Вінтэрмантэль зрабіў паўзу і з задавальненнем адзначыў для сябе засяроджаную ўвагу, з якой ягоныя госці за ім назіраюць. Акрамя Таго чалавека, які выглядаў, быццам ніяк не можа знайсці сабе месца. Спадар Вінтэрмантэль узнагародзіў яго адзіным кароткім поглядам, і Той чалавек знерухомеў, як на загад. Спадар Вінтэрмантэль мог працягваць:

— На наступны дзень каля сёмай гадзіны спадарыня Хвалава панесла сняданак. Яна знайшла адчыненыя дзверы, а на падлозе — забітага пісьменніка. Яна выбегла па мужа, які акурат вярнуўся з начной змены, і той выклікаў паліцыю. Цяпер мы набліжаемся да самай загадкавай акалічнасці ўсёй справы. У правай руцэ нежывы спадар Праўда трымаў кавалак крэйды, якім на падлозе, каля самай яго рукі, быў намаляваны спецыфічны знак.

Спадар Вінтэрмантэль пусціў па коле фотаздымак са спецыфічным знакам.

— Як бачыце, гэта паўкруг, з правага боку карацейшы. Карацейшы бок наверсе перакрэслены кароткай рысай. Нагадвае няскончанае шырокае U, з правага боку коратка коса перакрэсленае. Тое, што ў спадара Праўды ў руцэ была крэйда, у прынцыпе, можна патлумачыць, бо ў яго на сцяне вісела маленькая школьная дошка, на якой ён пакідаў свае просьбы ці запіскі Хвалам, калі мусіў сысці. Дошка зранку была выцертая.

Наступная асаблівасць справы палягае на тым, што рукапіс вялікага рамана, які спадар Праўда акурат скончыў, нідзе не знайшоўся. Падкрэсліваю: Праўда карыстаўся кампутарам, які стаяў у браціслаўскай кватэры, але мы ведаем, што тэкст быў раздрукаваны прынамсі ў адным асобніку. Ён паказваў яго, падшыты ў папцы, Пэтэру Хвалу, і гэта быў адзіны раз, калі аўтар пра яго некаму нешта сказаў. Як сцвярджае Пэтэр Хвала, спадар Праўда адзначыў, што гэта найлепшае, што ён у сваім жыцці напісаў. Калі Хвала спытаў, пра што раман, той адказаў толькі, што ён “пра святых”. Якіх “святых” меў на ўвазе аўтар, мы не ведаем.

Апошняя важная акалічнасць — паказанні бяздомнага, які ўлетку жыве ў халупе на гары над Кінчарам. Маўляў, на світанні перад домам спадара Праўды ён бачыў нейкую постаць. Больш ён не змог нічога прыгадаць. Не змог вызначыць, была постаць мужчынская або жаночая. Судмедэксперт вызначыў час смерці Праўды паміж паловай дзявятай і паловай дванаццатай.

Пан Вінтэрмантэль падняў руку:

— Шаноўныя дамы, шаноўныя джэнтльмены, месца здарэння, сведкі, копіі ўсіх паліцэйскіх рапартаў у вашым распараджэнні.

У памяшканні панавала засяроджаная цішыня. Спадар Вінтэрмантэль перад кожным паклаў важкі канверт з копіямі рапартаў. Маючы адчуванне добра выкананай працы, ён з палёгкай выдыхнуў, аднак (зноў!) у гэты момант азваўся Той чалавек.

— Я б... калі б вы... калі дазволіце...

Як толькі ягоны погляд сустрэўся з поглядам спадара Вінтэрмантэля, ён аціх.

Шэрлак Холмс пачасаў худыя рукі і сказаў:

— Думаю, гэтую нескладаную загадку я неўзабаве вырашу. Хадземце, Ўотсан, мне як божы дзень ясна, што...

Забойства як перайманне

Рашэнне паводле Шэрлака Холмса

Вось справаздача пра ход расследавання забойства ў Жлуктаве, якую для нас падрыхтаваў доктар Ўотсан і — з ласкавай згоды Шэрлака Холмса — прадставіў у нашае распараджэнне. Мы публікуем яе без скарачэнняў і рэдактарскіх зменаў.

Мяне завуць Джон Ўотсан, я доктар медыцыны, а таксама шматгадовы супрацоўнік і, смею спадзявацца, сябра самага славутага дэтэктыва ўсіх часоў Шэрлака Холмса. Свой аповед я пачну з фразы, якую ў таямнічым мястэчку Жлуктаве прамовіў мой сябра і якая выклікала непадробнае здумленне на тварах астатніх дэтэктываў:

— Думаю, гэтую нескладаную загадку я неўзабаве вырашу. Хадземце, Ўотсан, — кіўнуў мне Шэрлак Холмс і ўвайшоў у малы пакойчык, які нам выдзелілі на час расследавання. Я прыгадаў здумленне ягоных калег і міжволі ўсміхнуўся. І тут жа пасур’ёзнеў. Бо ці не перабольшаная ягоная самаўпэўненасць? Я пералічыў сабе ўсё, што нам было пра справу вядома, але не знайшоў аніводнай зачэпкі.

— Але яна там, дарагі Ўотсан, яна там, — перапыніў мае думкі Холмс.

— Прашу прабачэння?!

— Я кажу, што зачэпка там ёсць, я нават бачу дзве выразныя зачэпкі. А вы хіба не?

Я змог адно выціснуць з сябе:

— Дзеля ўсіх святых, Холмс, вы што, умееце чытаць думкі?

Сябра шчыра зарагатаў:

— Усё, што я ўмею, дарагі Ўотсан, гэта назіраць: вы заўважылі погляды астатніх калег і ўсміхнуліся, калі дазволіце, з лёгкай злараднасцю. Аднак неўзабаве вашая ўсмешка знікла. Чаму? Вядома ж, таму, што вы пачалі разважаць пра справу. Вы пасур’ёзнелі, бязрадна пакруцілі галавой і паглядзелі на мяне з асцярогай. Ніякай зачэпкі, за якую я мог бы ўхапіцца, вы не бачылі.

— Холмс, у вашых вуснах усё гучыць так, быццам гэта самая банальная рэч у свеце! Але зачэпак я ўсё адно не бачу. Аніводнай.

— Перадусім, той спецыфічны знак. Ён вам нічога не нагадвае?

Я прызнаўся, што не. Холмс працягваў:

— Далей — паказанні бяздомнага.

Я запярэчыў:

— Але ж ён нічога не памятае!

Холмс кіўнуў:

— То ж бо то, Ўотсан, то ж бо то.

Я нецярпліва азваўся:

— Ці не час нам ужо адведаць месца здарэння?

Сябра весела адказаў:

— Навошта гнацца за нечым, што нам само звалілася ў рукі?

Ён паляпаў па пульхным канверце, які атрымаў ад спадара Вінтэрмантэля.

— Урэшце, хто ведае, як бы на нас, чужынцаў, зрэагаваў гэты своеасаблівы люд?

Ён разгарнуў дакументы і пачаў іх вывучаць.

— Ўотсан, — сказаў ён адразу, — здаецца, мы на добрым шляху. Але спачатку паглядзіце вось на гэта.

Ён падаў мне фотаздымак прыблізна пяцідзесяцігадовага барадатага мужчыны з сур’ёзным поглядам.

— Гэта ж спадар Праўда! Але з ім нешта не так, вам не здаецца?

Холмс кіўнуў.

— Ягоны апошні здымак. Звярніце ўвагу на рашучы выраз твару і ў той жа час кругі пад вачыма! Гэта вельмі цікава.

Не мінула і дзесяці хвілін, як Холмс выгукнуў:

— Ўотсан, вось яно! Пісьменнік Праўда казаў, што піша кнігу пра нейкіх святых, аднак рукапіс нідзе не знайшоўся. Усё супадае! — Холмс ускочыў. — Ўотсан, вы мелі рацыю, хадземце на месца здарэння.

Калі мы дабраліся да ўрочышча, называнага Кінчар, Холмс, не затрымаўшыся каля дамоў, павёў мяне праз луг у бок лесу. На мой недаўменны погляд ён адказаў з сур’ёзным тварам:

— Мы ідзем не на месца, дзе здарылася злачынства, а на месца, дзе яно магло б здарыцца.

Кіруючыся схемай, мы лёгка знайшлі пад гарой убогую халупу бяздомнага, а перад ёй яшчэ гарачы агмень. Холмс крыкнуў хрыплым голасам:

— Гэй, выходзьце, мы вам тут нешта прынеслі!

На маё здзіўленне, валацуга сапраўды з’явіўся. Ён быў абарваны, з доўгімі бруднымі валасамі і неверагодна смярдзеў. Холмс яму прыязна сказаў:

— Братка, вам, пэўна, жывецца нясоладка, дык мы вам тут трохі прынеслі.

Ён выцягнуў некалькі банкнотаў і паклаў іх на камень. Бяздомны кінуўся да іх, але, убачыўшы, што іх вартасць зусім невялікая, раз’юшыўся. Ён пнуў нагой у прысак. Холмс шматзначна крыкнуў яму:

— Будзьце асцярожны, будзьце вельмі асцярожны, вы можаце абпаліцца.

Мужчына з агідай сплюнуў. Холмс паціснуў плячыма, і мы павярнуліся, збіраючыся ісці прочкі.

— Я вас папярэдзіў, — ужо стражэй дадаў Холмс.

Калі мы вярталіся праз Кінчар, Холмс без асаблівай цікаўнасці агледзеў звонку Праўдаў дом, які ніяк не выглядаў напышліва, аднак тым большую ўвагу мой сябра надаў віду з яго.

У местачковай управе таго адметнага мястэчка мы знайшлі спадара Вінтэрмантэля, які падаўся мне залішне заклапочаным. Холмс суцяшальна паляпаў яго па плячы і спытаў:

— Сэр, ад вашага адказу, магчыма, залежыць, як хутка я вырашу ўсю справу. Скажыце, ці не надараліся апошнім часам у вашым краі крадзяжы ў кватэрах вядомых дзеячаў культуры?

Здзіўлены спадар Вінтэрмантэль кіўнуў.

— Дзеля бога, містэр Холмс, як вы маглі ведаць? Так, гэта пачалося прыблізна год таму, і паліцыя дагэтуль не знайшла злачынцаў. Мушу падкрэсліць, што грамадскасць гэтым надзвычай занепакоеная.

Холмс радасна пацёр рукі і ягоныя вочы заіскрыліся натхненнем. Ён зноў папляскаў спадара Вінтэрмантэля па плячы і сказаў:

— Гэта выдатная навіна, сэр.

З Холмсам не заўжды было лёгка пагадзіцца, і спадар Вінтэрмантэль, мяркуючы з выразу ягонага твару, быў у гэтым са мной салідарны.

Усе дэтэктывы ўжо былі на сваіх месцах, і Холмс папрасіў слова:

— Шаноўныя калегі, — пачаў ён, — мне дадзена было раскрыць гэтае злачынства за такі рэкордна кароткі тэрмін, бо яно было перайманнем. Арыгінал адбыўся больш як сто гадоў таму ў Лондане. Пэўны адукаваны і славалюбны, аднак бедны паэт па імені Голімэн прыдумаў, як разбагацець. Бываючы на вечарынках у прыватных салонах, ён прыкмячаў, дзе ў гаспадара дома захоўваюцца каштоўнасці. Потым досыць было ўпільнаваць, калі дом пусцеў, і ўзяць пару найбольш дарагіх экзэмпляраў. Часта праміналі дні і тыдні, пакуль страту заўважалі, і гэта надзвычай ускладняла расследаванне. Містэр Голімэн разбагацеў і не меў ужо ахвоты рабіць усё самастойна. Ён знайшоў юнака, фінансавае становішча якога было безнадзейным і які адпачатку быў гатовы супрацоўнічаць. Голімэн працягваў наведваць салоны і разглядацца ў іх, а потым толькі тлумачыў маладому чалавеку, што трэба скрасці. Нейкі час усё ішло як на мазаных колах. Аднак калі юнак даведаўся, што адзіны падазраваны ў справах тых крадзяжоў — ён, а супраць Голімэна ніхто нічога не зможа даказаць, ён вырашыў скончыць з тым злачынным прадпрыемствам і ўсё расказаць паліцыі. Голімэн пра тое дазнаўся і юнака забіў. Побач з трупам ён намаляваў знак — такі самы, які быў і побач з целам спадара Праўды. З моманту, калі я той знак убачыў, я павёў расследаванне ў гэтым кірунку. Год таму пачалася серыя ўварванняў у кватэры вядомых асобаў, і акурат тады спадар Праўда настолькі палепшыў сваё фінансавае становішча, што купіў дом у Кінчары. Я дапусціў, што нехта ўхапіўся за даўнюю лонданскую ідэю, і спадар Праўда служыў як інфарматар. Як і ягоны папярэднік, ён таксама зразумеў, што выстаўляе сябе завялікай небяспецы, спалохаўся і вырашыў з усім скончыць. На яго апошнім прыжыццёвым здымку мы бачым заклапочанага чалавека, які наважыўся дзейнічаць. Ён ведаў, што будзе няпроста вырвацца з рук злачынцаў. Ён зняў грошы і запрасіў змоўнікаў. У тэлефоннай размове ён быў такі стрыманы, бо напружана чакаў гасцей. Калі яны прыйшлі, Праўда ім паведаміў, што больш на іх працаваць не будзе. Ён вярнуў грошы, якія ад іх атрымаў, “каб аблегчыць сваё сумленне”, і прыгразіў, што, калі яны не пакінуць яго ў спакоі, ён апублікуе ўсё, што пра іх хеўру ведае. Гэта былі не пустыя пагрозы, бо, як памятаеце, Праўда напісаў “кнігу пра святых”. Пад тымі святымі ён разумеў навачаснага Голімэна: як вы, безумоўна, ведаеце, па-ангельску “holy” азначае “святы”. Мяркую, ён ім нават паказаў рукапіс. Але ж пралічыўся: тое, што яму мелася паслужыць абаронай, паслужыла прычынай для забойства. Злачынцам трэба было пазбавіцца ад Праўды і не даць хады рукапісу. Небараку забілі.

Ва ўсёй гісторыі мяне больш за ўсё зацікавілі паказанні бяздомнага. Прыгадайце ягоныя словы, што ён некага бачыў, але падрабязнасцяў не можа ўспомніць. Ён не хацеў паказаць, што аднойчы памяць можа да яго вярнуцца. Той вар’ят, які ў рэчаіснасці сапраўды не ведае, каго бачыў, вырашыў, што за маўчанне запатрабуе плату. І вось, замест таго, каб ні ўва што не ўмешвацца, як зрабіў бы ўсякі бяздомны паўсюль у свеце, ён даў паказанні ў паліцыі і дагэтуль чакае ў сваёй халупе. Я наведаў яго і даў яму нейкія грошы. Ён кінуўся на іх, быццам яны заўсёды былі ягоныя. Але ўбачыўшы, што сума зусім невялікая, ён літаральна раз’юшыўся. Наіўны вар’ят!

Напружанне ў памяшканні дасягнула апагею. Холмс павярнуўся да спадара Вінтэрмантэля:

— Калі паліцыя хоча злавіць забойцаў, хай пільнуе бяздомнага. Злачынцы мусяць ад яго пазбавіцца. Яны не ведаюць, колькі ён насамрэч ведае. Бандытам не ўласціва сумнявацца.

Спадар Вінтэрмантэль захоплена выгукнуў:

— Геніяльна! Сапраўды ге-ні-яль-на! Толькі адна дробязь... тое папярэджанне... што значыць той знак каля трупа?

— А, той... — лёгка ўсміхнуўся Холмс. — Гэта літара С. Яе пісалі рымскія суддзі на дошцы для галасавання, калі прымалі рашэнне наконт вінаватасці абвінавачанага. Значыць яна “condemmo” — “асуджаю”. Я вам казаў, што Голімэн быў чалавекам адукаваным, як і наш забойца. Гэты знак — папярэджанне ўсім, хто б у будучыні наважыўся раскрыць злачынную банду.

Спадар Вінтэрмантэль захоплена кіўнуў, і ў той жа момант заўважыў, што Той чалавек у куце залы збіраецца нешта сказаць. На шчасце, яго апярэдзіў лейтэнант у зношаным балоневым плашчы, які нясмела прамовіў:

— Прабачце... мне вельмі няёмка... сапраўды прабачце, але я не ўпэўнены, ці вы не памыляецеся. Бо забойца ж… — інспектар Каломба вінавата ўсміхнуўся...

Папараць, што завяла ад смутку

Рашэнне паводле інспектара Каломба

— Прабачце... мне вельмі няёмка... сапраўды прабачце, але я не ўпэўнены, ці вы не памыляецеся. Бо забойца ж... — інспектар Каломба вінавата ўсміхнуўся.

Лейтэнант Каломба ведаў, хто забойца. А таму сказаў дэтэктывам:

— Калегі, дазвольце мне зараз вярнуцца на пачатак свайго расследавання. Калі я спыніўся перад домам сям’і Хвалаў...

Лейтэнант Каломба спыніўся перад домам Хвалаў і пазваніў. Яму адчыніла круглатварая жанчына ў выцягнутай майцы з малюнкам стодаляравых купюраў, якія падаюць з неба. У лейтэнанта прамільгнула ў галаве, што спадарыня Хвалава намнога маладзейшая, чым ён чакаў. Яна прыладжвала за вухам слыхавы апарат.

— Кажыце мне на гэты бок, інакш я не пачую.

— Я лейтэнант Каломба. Расследую...

Яна перапыніла яго:

— Я ведаю. Хадземце ў наш парадны пакой.

Яна ўвяла яго ў пакой, у якім не было аніводнага доказу прысутнасці жыцця, акрамя звялай расліны пад акном. Сцягнула накідкі з мяккай мэблі і паказала на фатэль, у якім, падобна, ніколі ніхто не сядзеў.

— Сядайце, я б яго толькі запэцкала.

Каломба дастаў цыгарэту, але, пабачыўшы занепакоены погляд спадарыні Хвалавай, зноў паклаў яе назад. Ён прыгадаў пра свой пакамечаны балоневы плашч, у чысціні якога не быў упэўнены, і хутка гучна спытаў:

— Ці не маглі бы вы мне апісаць вечар перад забойствам?

Яна кіўнула.

— Калі муж сыходзіў на начную змену, ён пайшоў спытаць у спадара Праўды, ці не трэба яму чаго і ў колькі мне яму прынесці сняданак. Я заўсёды гатавала спадару Праўду. Сняданак ён папрасіў, як заўжды, на сёмую, і яму нічога не было трэба. Сын увесь вечар прасядзеў у сваім пакоі. Я глядзела тэлевізар... ведаеце, муж зрабіў мне ўзмацняльнік на навушнікі, інакш бы я не чула. Каля дзясятай я заўважыла, што ў спадара Праўды гарыць святло. Лягла я пад поўнач, тады паўсюль ужо было цёмна.

— А зранку?

— Я панесла сняданак, дзверы былі адчыненыя, спадар Праўда ляжаў на падлозе, а вакол была кроў. Ён быў страшэнна халодны, — яна перажагналася. — Я не ведала, што нябожчыкі могуць быць такія халодныя.

— Вы паклікалі мужа?

Яна кіўнула.

— Ён нахіліўся над спадаром Праўдам, і я бачыла, як ён затросся. Толькі тады я ўбачыла той нож. Муж загадаў мне прынесці мабільны тэлефон, каб выклікаць паліцыю. І хоць ён увесь тросся, але застаўся каля яго. А я... я не магла.

— А ці заўважылі вы той знак, намаляваны каля нябожчыка?

Яна нарэшце села. Выпаліла:

— Гэтым ён хацеў нам сказаць, каб мы паклапаціліся пра папараць.

У яе голасе была незвычайная настойлівасць:

— Спадар Праўда быў вельмі добры чалавек, кожнаму дапамагаў, хоць і быў багаты і слаўны. У яго былі скураныя фатэлі і кліматызацыя нават у прыбіральні, яму нават на працу не трэба было хадзіць, — у спадарыні Хвалавай быў летуценны выраз.

Лейтэнант адкашляўся:

— Дык што са знакам, мэм?

— Гэта была стрэлка, якая паказвала на папараць. Паглядзіце, спадар дэтэктыў, — яна падвяла яго да завялай расліны пад акном. — Незадоўга да смерці спадар Праўда прынёс гэтую папараць, — яна пяшчотна правяла пальцамі па сцяблінах. — Калі спадар Праўда памёр, зранку расліна завяла, напэўна, ад смутку. І той знак паказваў на яе. Што, калі гэта было апошняе жаданне спадара Праўды, каб мы пра папараць паклапаціліся? Спадар Праўда быў вельмі добры чалавек, хоць і быў багаты і слаўны.

Лейтэнант Каломба ўражана паглядзеў на расліну.

“Няўжо магчыма, каб?..” — падумаў ён і ўзяў вазон у рукі.

— Мэм, ці не маглі б вы мне дакладна паказаць, дзе гэтая расліна стаяла?

На падлозе ўсё яшчэ быў відаць намаляваны крэйдай выразны абрыс трупа, а побач той знак — няскончаны паўкруг. Спадарыня Хвалава паставіла расліну на столік ля школьнай дошкі.

— Вось тут, — сказала яна.

Лейтэнант стаў на карачкі. Выцягнуты бок паўкруга сапраўды быў скіраваны да папараці. Спадарыня Хвалава ўзяла расліну і прыціснула яе да грудзей са стодаляравымі банкнотамі. Каломба спытаў:

— Чаму спадар Праўда забраў грошы з банка?

Яна адказала рэзка:

— Нам іх ён не даваў. Мы хацелі ў яго пазычыць, але потым муж яму сказаў, што мы дамо рады і самі. Мне ўжо трэба ісці, — сказала яна і развярнулася да свайго дома.

Праз пару крокаў Каломба спыніў яе запытаннем:

— Скажыце, мэм, як вы пачулі званок, калі апарат вы надзелі толькі ў дзвярах?

Яна адказала з гонарам:

— Калі звоніць званок, загараецца чырвоная лямпачка. Муж у мяне на ўсе рукі майстар. Некалі ён быў шафёрам у старшыні суда! Тады... тады мы былі багатыя і паважаныя.

Яе погляд з горыччу спыніўся на віле Нотбургаў.

Далей лейтэнант Каломба скіраваўся ў гатэльны гараж да мужа спадарыні Хвалавай.

Ва ўсім гаражы быў толькі гатэльны мікрааўтобус і адна легкавая машына. Хвала сядзеў у зашклёнай будцы. Ён адчыніў акенца, і лейтэнант паказаў пасведчанне.

— Наконт забойства спадара Праўды? Што вас цяпер цікавіць?

Каломба спытаў пра расліну, якая завяла, напэўна, ад смутку. Хвала выглядаў трохі прысаромлена.

— І вам пра гэта расказала? Яна добрая жанчына, але замнога сядзіць адна. Тая папараць і цяпер такая самая, як была, яна заўжды выглядала прывялай.

— Вашая жонка сказала, што ў Праўды была кліматызацыя нават у прыбіральні...

Спадар Хвала рассмяяўся.

— Я ведаю, скураныя фатэлі і кліматызацыя. Так яна вам сказала? Улетку пару дзён стаяла спёка, дык я яму яе ўсталяваў. Яна яшчэ не была падключаная.

Ён задумаўся і паўтарыў:

— Яна добрая жанчына, толькі ўвесь час адна.

Лейтэнант пайшоў быў да выхаду, але ад дзвярэй вярнуўся.

— Ва ўсім гаражы толькі адна машына?

Хвала кіўнуў.

— Калі так пойдзе і далей, я пазбаўлюся і гэтай працы.

— Калегі, — лейтэнант Каломба зноў звярнуўся да дэтэктываў, — жыццё на самоце цяжкае і аднастайнае і мае нязменныя правілы. Аднак год таму ў гэтых мясцінах пасяліўся чалавек, які ўсё перавярнуў дагары нагамі, чалавек, якому “нават на працу не трэба было хадзіць”, і тым не менш, ён меў скураныя фатэлі і загадаў усталяваць сабе кліматызацыю, бо пару дзён улетку бывае спякотна! Думаю, што акурат гэта быў той момант, калі Хвала вырашыў Праўду забіць! Вядома, дзеля грошай і, вядома, праз адвечную нянавісць бедных да багатых. Ён папрасіў у Праўды пазыку і забяспечыў сабе дасканалае алібі. Сачыце за мной. А сёмай ён, як заўжды, ідзе да Праўды. Усаджвае яму ў сэрца нож, Праўда падае. Хвала ўсё прадумаў. Ён уключае кліматызацыю на самую нізкую тэмпературу, падключае рэле вытрымкі часу, бярэ грошы, рукапіс і Праўдаў мабільны тэлефон. Сыходзіць, замыкае дзверы. Уначы тэлефануе Нотбург, Хвала змяняе голас і мармыча ў слухаўку некалькі словаў — адсюль той стрыманы тон. На досвітку ён бярэ гатэльны мікрааўтобус (ён жа быў шафёрам, потым зможа перакруціць тахометр) і едзе да Праўды. Забірае рэле, выключае кліматызацыю, вяртае мабільны тэлефон, пакідае адчыненыя дзверы і вяртаецца ў гараж. Зранку ён дома, як звычайна. Жонка нясе сняданак, з жахам прыбягае назад, усё ідзе як задумана. Хвала нахіляецца над мёртвым Праўдам... і яго ахопліваюць дрыжыкі. Не, Хвала гэта не граў. Проста ён заўважыў тое, чаго не мог убачыць уначы ў цемры: Праўда спрабаваў нешта напісаць. Што? Імя забойцы. Ён пачаў пісаць “Х”, але, не маючы сілы, зрабіў прынамсі стрэлку. Вось толькі паказвала яна не на расліну, як думала спадарыня Хвалава, а на дом Хвалаў. Усё алібі Хвалы было заснаванае на меркаваным часе смерці. Стаялі вельмі цёплыя, душныя ночы. Ён адладзіў кліматызацыю, пра якую сцвярджаў, што яна не працуе, і пакуль сам чакаў у Праўды паліцыю, зрабіў так, каб яна сапраўды не працавала. Ён знізіў тэмпературу настолькі, што ўвёў у зман нават патолагаанатама. Меркаваны час забойства пасунуўся на пару гадзін. Прыгадайце, як спадарыня Хвалава сказала: ніколі не думала, што труп можа быць такі халодны. Перадусім з гэтай прычыны Хвала пад раніцу мусіў вярнуцца. Каб адчыніць дзверы і выраўнаваць тэмпературу ў доме з тэмпературай знадворку. Калі б яго нехта ўбачыў — а яго насамрэч убачыў бяздомны, — ён мог выдумаць мноства прычынаў, што ён рабіў уначы ў Кінчары, і пры гэтым пазбегнуць абвінавачання ў забойстве, бо Праўда ўжо нібыта некалькі гадзінаў як быў мёртвы. Рэле вытрымкі часу было патрэбнае для таго, каб уключаць і выключаць у доме святло і тым самым выклікаць уражанне, што ў ім нехта ёсць. Усё было прадумана выдатна, акрамя пары дробязяў. Хвала не ўлічыў, што з нажом у сэрцы нехта можа яшчэ пражыць столькі, каб паспець пакінуць запіску. Ён не ўзяў пад увагу расліну, якая не вытрымала колькігадзіннага холаду. А перадусім ён не ўлічыў прымхлівасці сваёй жонкі, якая не дазволіла прыбраць гэтага адзінага сведку забойства. Спадарства, у мяне ўсё.

Той чалавек зноў хацеў нешта запярэчыць. Спадар Вінтэрмантэль захоплена выгукнуў:

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на, але што меў на ўвазе спадар Праўда, калі казаў пра палёгку свайму сумленню? І чаму Хвала ўзяў рукапіс?

— Праўда адчуваў, што зрабіў з Хвалаў слуг, а таму меў згрызоты сумлення і хацеў Хвалам тыя грошы пазычыць. Ён бачыў, што яны ім патрэбныя, хоць тыя і сцвярджалі, што перадумалі. А рукапіс Хвала забраў дзеля грошай. Вось пабачыце, неўзабаве ён усім раскажа чуллівую гісторыю, як вялікі пісьменнік пакінуў у спадчыну рукапіс сваім верным сябрам Хвалам, а значыць, частка ганарараў таксама належыць ім...

— Усё не так! — раптам запярэчыў Філ Марлоў. — Вы забылі пра...

Дом з клоўнам

Рашэнне паводле прыватнага дэтэктыва Філа Марлоў

Я стаяў перад домам, які выглядаў як увасобленая мара дзяўчынкі з запалкамі. Ён быў бледна-ружовы, двухпавярховы, з вежачкай, абгароджаны жываплотам. Праз каваную браму праглядаўся басейн з вадой далікатна-блакітнага колеру, цяпер ён быў пусты.

На браме замест званка расплываўся ва ўсмешцы твар клоўна. Таксама каваны. На ягоны нос паказвала стрэлка, над якой красаваў надпіс: “Націскаць тут. Нотбургі”.

Я націснуў. Азваўся магнітафонны мужчынскі смех, да якога праз хвілю дадалося рэальнае жаночае хіхіканне. Яго ўладальніца падышла да брамы. Ёй было каля сарака, на ёй быў лазурны купальнік, у руцэ келіх з празрыстай вадкасцю. Не магло быць сумневаў, што гэта спадарыня Нотбургава.

— Я прыватны дэтэктыў Філ Марлоў, і я б хацеў вам задаць...

Яна налягла ўсім целам на браму.

— О так, задайце мне.

Я ветліва працягнуў:

— ...усяго некалькі пытанняў.

Яна зноў захіхікала. З-за дрэваў за мной пачуўся прыглушаны гук — і там нехта не здолеў стрымаць выбух смеху. Я разважаў, ці не націснуць мне зноў на нос клоўна, каб весялосць давесці да максімуму.

— Я не магу вам адчыніць, у мяне забралі ключы, мабыць, каб я не ўцякла. Бачыце, мае дарагушы мяне так любяць, — сказала яна. Мяркуючы з не зусім выразнага вымаўлення, у келіху была не вада. Яна прасунула скрозь краты брамы руку і пхнула мяне ў грудзі.

— Вы расследуеце смерць Праўды, праўда?

З такой дасціпнасці яна зноў рассмяялася і ўжо не здолела перастаць. У яе цяклі слёзы, яна хапала ротам паветра, але келіх не выпусціла. Сціскала яго, як смяротнік крыж. Я спадзяваўся, што яе дачка таксама дома, таму яшчэ раз націснуў на клоўнскі нос. Яна прыбегла праз імгненне, занадта маладая для тых вакханалій, што адбываліся ў яе на вачах. Яна без словаў адвяла ў дом маці, якая не магла спыніць істэрычнага смеху. Не выглядала, каб сітуацыя была для яе новай. Я застаўся сам-насам з клоўнам. Калі не лічыць таго, за дрэвамі.

Калі ён пабачыў, што я падыходжу, то пачаў бесклапотна пастукваць абцасам. Не ставала толькі, каб пачаў насвістваць. Яму было крыху за дваццаць, хутчэй невысокі, поўны, з нячыстай скурай, абсыпанай зеленкаватым рабаціннем.

— Вы некага шукаеце? — спытаў ён, і ў ягоным голасе мне зноў пачуўся той не да канца стрыманы смех.

— А вы?

Ён ужо назбіраў крыху куражу, і таму прадэманстраваў яго:

— А я, ведаеце, тут дома.

Я кіўнуў:

— Ведаю. Хвала-малодшы. Пятрок.

Ён пакасіўся на мяне.

— Ці можам мы недзе спакойна паразмаўляць?

Ён змераў мяне поглядам, быццам яму было дзіўна, што я хаджу на дзвюх нагах і выдаю зразумелыя гукі, і паціснуў плячыма:

— Ну хадземце.

Ён завёў мяне на супрацьлеглы схіл. На тое, колькі ён важыў, рухаўся ён увішна. Дарогай ён мне ў розных варыяцыях тройчы паўтарыў, што вывучае літаратуразнаўства. Магчыма, ён лічыў, што гэта робіць яго асабліва прывабным для дзяўчат.

Мы селі на складзеныя абсечаныя камлі. Проста пад намі быў басейн Нотбургаў. Стратэгічная пазіцыя, нічога не скажаш. Я спытаў:

— Як даўно п’е спадарыня Нотбургава?

Ён вырваў травіну.

— Ці бачылі вы калі хату з земляной падлогай? Вось тут, — ён паказаў на вілу пад намі, — такая некалі і стаяла. Ён жыў там з бацькамі, тыя пілі, як лілі ў бочку. Людзі ў вёсцы называлі іх не Нотбургі, а Нотбухі. З такой мянушкай ён і рос.

Маладзён разарваў травіну. Хто ведае, з якой мянушкай рос ён.

— Нотбург з’ехаў адсюль, а праз дваццаць гадоў вярнуўся вядомым чалавекам — дэпутатам. Тыя самыя, хто з яго смяяўся, цяпер ліжуць яму... вы разумееце, што я маю на ўвазе.

Апошнюю фразу ён сказаў тонам, які ўжо не адпавядаў лекцыі на тэму “Антагенэз насельнікаў славацкай вёскі”. У яго даўно ўжо, напэўна, складзены спіс тых, хто аднойчы будзе лізаць і яму. Ён працягваў:

— Ён пабудаваў замак, абнёс яго плотам, прывёз жонку і дачку. Фактычна, Нотбург тут не жыве. Некалі тут на земляной падлозе залівалася алкаголем ягоная маці, сёння тут на паліраваным паркеце заліваецца ягоная жонка.

Хоць аповед быў залішне літаратурны, але каліва праўды ў ім, мусіць, было. Ён паказаў на дом пад намі:

— Яна там адна. Раз на тыдзень ходзіць у краму, раз на месяц гатуе кактэйлі для ягоных гасцей. Спачатку... — раптам ён змоўк, быццам яго абсекла. На газон пад намі выйшла дзяўчына. Пазбірала келіхі і вярнулася ў дом.

— Як з гэтым стасуецца пісьменнік Праўда?

Ён рэзка павярнуўся да мяне.

— А так стасуецца, што гэта была ідэя Нотбурга, гэта ён яго сюды прыцягнуў. Я ведаю, што ён даў Праўду нейкія грошы, каб той тут трохі звысакародніў усё ці як бы гэта сказаць. Спадар Праўда быў Нотбургавым хабарам уласнай жонцы, каб тая магла гуляць у шчаслівую каралеву. Ён купіў ёй не сабачку, а пісьменніка! Гэта падзейнічала. Яна перастала піць, зацікавілася літаратурай, так доўжылася амаль год. Потым нешта здарылася. З вясны спадарыня Нотбургава зноў амаль не прасыхала. Зузана, яе дачка, акурат тады вярнулася з Лондана, — гэтае слова ён прамовіў, быццам праглынуў смаўжа, — і з таго часу яна з маці. Клапоціцца пра яе.

Я спытаў:

— Як ставілася Зузана да Праўды?

Маладзён сарваў наступную травіну і засяроджана яе вывучаў.

— Пару тыдняў таму я ішоў да яго, акурат калі Зузана ў раз’юшанасці выбегла з ягонага дома. Спадар Праўда спытаў у мяне, ці знойдзецца ў нас у хляве месца для адной старой тоўстай свінні. Ён смяяўся, але быў невясёлы. Думаю, зразумела, што яна пра яго думала.

Я ўстаў, падаў яму руку. Ягоная рука была малая, мясістая, халодная і спатнелая. Выбраўшыся з поля ягонага зроку, я выцер далонь аб штаны.

Клоўн ужо чакаў мяне разам са сваім магнітафонным смехам. Да брамы падышла Зузана, апранутая ў шэрае, як манашка. Было не падобна, каб яна збіралася мне адчыніць. Я спытаў, калі яна апошні раз бачыла Праўду жывым. Яна адказала імгненна:

— У тую апошнюю суботу ўвечары. Бацька адзначаў імяніны, і спадар Праўда прынёс нейкія часопісы... — яна не дагаварыла.

Я спытаў:

— Якія ў яго былі дачыненні з вашай маці?

Яна паглядзела на мяне, быццам я сказаў нешта непрыстойнае.

— Я пайду, — сказала яна.

— Вам тут не самотна?

Яе смех быў колкі, як чартапалох.

— Самотна? Тут? З такой колькасцю анёлаў-ахоўнікаў?

Яна паглядзела на супрацьлеглы схіл. Магчыма, літаратуразнаўца на сваіх абсечаных камлях нават не хаваўся.

Яна вярнулася ў дом, а я ў затхлае памяшканне местачковай управы ў Жлуктаве.

— Гэтая гісторыя, — пачаў Філ Марлоў, азіраючы дэтэктываў, — пачалася з таго, што бедны хлопец з беднага хутара разбагацеў і пабудаваў сабе вялікі дом. Прывёз да сябе жонку з дачкой і хацеў ад іх толькі аднаго: каб яны ў тым доме ўсміхаліся. На самоце з суседам, які ўвесь час толькі спіць, з яго глухой жонкай і чараватым сынам гэта было нерэальна. Жонка пачала піць. Дачка з’ехала за мяжу.

Нотбург мусіў нешта зрабіць, і, як сказаў малады Пэтэр Хвала, ён купіў жонцы замест сабачкі пісьменніка. Гэта была дробная інвестыцыя, але спадарыня Нотбургава сапраўды закахалася. Так, як можа закахацца самотная жанчына. Праўду, безумоўна, цешыла яе ўвага, бо спадарыня Нотбургава і цяпер выглядае вельмі прывабна.

Потым раптам “нешта здарылася”. То бок вярнулася Зузана, і цяпер закахаўся Праўда. Так, як толькі можа закахацца немалады мужчына, апынуўшыся твар у твар з маладосцю і прыгажосцю. Але ж безадказна. Спадарыня Нотбургава вярнулася да алкаголю, а Зузана пачувалася за гэта адказнай і вінаватай. Уласна, яна так пачуваецца і дагэтуль.

Надвячоркам той апошняй суботы Праўда вырашыў вярнуць Нотбургу грошы, за якія ён прадаўся, то бок “аблегчыць сваё сумленне”, а таксама паведаміць, што з’язджае, прычым назаўжды. Гэта было адзінае рашэнне, якое магло б вярнуць яму пачуццё ўласнай годнасці. Ён пачуваўся вінаватым перад маці, а ад палкай страсці да дачкі хацеў уцячы. Яму адчыніла Зузана. Ён сказаў ёй пра сваё рашэнне, яна прасіла яго трохі з ім пачакаць, паабяцала, што калі госці раз’едуцца, яна да яго прыйдзе. Яна хацела зрабіць усё дзеля таго, каб маці зноў перастала піць, а яна магла б вярнуцца ў Лондан. Каб усё было як перад тым. Праўду яе настойлівасць здзівіла, і ён патлумачыў яе сабе няслушна, падумаў, што яна ад яго нешта хоча, і наперад запатрабаваў ад Зузаны плату... натурай. У кожным разе, ён пралічыўся, і гэта каштавала яму жыцця. Забойства Праўды не было ані прадуманым, ані падрыхтаваным загадзя. Гэта было забойства пераляканай дзяўчыны ў самаабароне. Калі б Зузана адразу прызналася ў здзейсненым, яе, бадай, апраўдалі б. Але ж яна, спалохаўшыся, сышла. Потым на сцэне з’явіўся малады Хвала. Я не сумняюся, што з таго часу, як Зузана вярнулася з Лондана, ён сачыў за кожным яе крокам, як адданы рыцар. У той вечар, седзячы на камлях пад гарой, ён бачыў досыць, каб, як адданы рыцар, адразу пачаць дзейнічаць. Ён бачыў, як спачатку Зузана крадком увайшла да Праўды, а неўзабаве з жахам выбегла, пакінуўшы дзверы наросхрыст. Ён пайшоў паглядзець, што здарылася, і знайшоў Праўду з нажом у сэрцы. Тады ён перадусім выцер Зузаніны адбіткі і панаставіў цэлую кучу Праўдавых. Потым забраў рукапіс, бо баяўся, што ў ім магла быць нейкая згадка пра стасункі з насельнікамі Кінчара. На падлозе намаляваў “таямнічы знак”, магчыма, каб заблытаць, а можа, ён, як кожны творца, хацеў пад сваім творам падпісацца. Гэта сапраўды была няскончаная літара Х — Хвала.

Філ Марлоў сумна ўсміхнуўся:

— Або таксама магчыма, што гэта былі ўчынкі зусім не закаханага рыцара, а самаўпэўненага маладзёна, якому лёс падкінуў магчымасць маніпуляваць прыгожай дзяўчынай. Ён расказаў мне ўсё гэта, бо Зузана ўжо занадта доўга была па-за падазрэннямі, і ўкладзены ім капітал, такім чынам, не прыносіў дывідэндаў. Яна не была яму дастаткова ўдзячная. А тое няскончанае Х, не выключана, было не толькі подпісам, але і папярэджаннем, што ён пра ўсё ведае. Што да мяне, я б лепш апынуўся ў руках паліцыі, чым у вільготных далонях маладога Хвалы.

Кожны маўчаў, толькі Той чалавек адкашляўся і нясмела падняў руку. Перш чым ён паспеў хоць нешта сказаць, спадар Вінтэрмантэль энергічна ўмяшаўся:

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на! Але дзе грошы?

— А вы як думаеце, хто мог іх забраць? Сапраўдны творца ніколі не пагрэбуе ганарарам.

Дэтэктывы нават не паспелі выдыхнуць, як азваўся разважлівы голас інспектара Дэрыка:

— Шаноўнае спадарства, Зузана Нотбургава не вінаватая ані ў наўмысным, ані ў ненаўмысным забойстве. Зараз я вам раскажу, як мы, мой асістэнт і я, прыйшлі да такой высновы.

Аднаасобнае забойства

Рашэнне паводле інспектара Штэфана Дэрыка

— Шаноўнае спадарства, — містэра Марлоў перапыніў разважлівы голас інспектара Дэрыка. — Зузана Нотбургава не вінаватая ані ў наўмысным, ані ў ненаўмысным забойстве. Зараз я вам раскажу, як мы, мой асістэнт і я, прыйшлі да такой высновы.

Абодва сядзелі ў няўтульным пакоі, які ім выдзелілі, і маўчалі. Інспектар Дэрык зноў і зноў гартаў матэрыялы справы, якія выдаў ім спадар Вінтэрмантэль, а ягоны асістэнт Гары Кляйн гатаваў каву.

— Гары, — звярнуўся інспектар да асістэнта, — усе высвятляюць, хто што рабіў у тую лёсавызначальную ноч у Кінчары, але мы не ведаем... — ён пстрыкнуў пальцамі і ўстаў. — Як я адразу не здагадаўся... Хадзем!

— Куды? — спытаў Гары, якога рашучасць шэфа зусім не здзівіла.

— Дазнаемся, што па-за Кінчарам рабіў сам Праўда.

— А кава? — спытаў Гары з усмешкай.

— Пачакае, — сур’ёзна адказаў Дэрык.

Утульная браціслаўская кватэра спадара Праўды месцілася ў ціхім завулку ў цэнтры. Хоць яна і была забітая кніжкамі, паўсюль быў узорны парадак, пры поглядзе на які інспектар задуменна спытаў:

— Думаеш, ён тут сам прыбіраўся?

Гары яму адразу выдаў:

— Прыбіралася спадарыня Шуйкава з першага паверху, гэта было ў адным з рапартаў.

Інспектар кіўнуў, і ягоны асістэнт без словаў пайшоў па спадарыню Шуйкаву. Гэта была высокая хударлявая кабета сталага веку, з глыбока пасаджанымі вачыма, апранутая ў чорнае. Калі яны разам вярнуліся ў кватэру пісьменніка, яна аўтаматычна скіравалася ў кухню і нясмела прысела да стала.

— Фраў Шуйкава, — звярнуўся да яе інспектар, — вы даглядалі кватэру спадара Праўды?

— Так. З таго часу, як ён аўдавеў, я даглядаю ягоную кватэру. Уласна, даглядала.

Інспектар Дэрык спачувальна кіўнуў.

— Як ён паводзіўся апошнім часам?

— Скардзіўся, што ў яго нічога не выходзіць. Быў вельмі раздражнёны. Бывалі дні, калі ён зусім не еў, а толькі... — яна апусціла вочы.

Інспектар зразумеў:

— Толькі піў?

Спадарыня Шуйкава ўздыхнула:

— Часам ён зачыняўся адзін на дзень-два. Тады піў. Незадоўга да смерці ўсё змянілася, быццам да яго вярнуўся смак да жыцця. Ён быў радасны, бесперастанку жартаваў. Усё сам папрыбіраў, вычысціў, выкінуў усе бутэлькі. У мяне было адчуванне, — спадарыня Шуйкава сцішыла голас, — што ён збіраецца сюды некага прывесці. Урэшце і прывёў... смерць. — Яна перажагналася.

Інспектар спытаў:

— А ці ведаеце вы нешта пра раман, які ён пісаў?

— Ведаю, што ён яго скончыў, — упэўнена сказала спадарыня Шуйкава. Інспектар з асістэнтам пераглянуліся. Дэрык з націскам спытаў:

— Фраў Шуйкава, ці вы пэўныя, што ён кнігу скончыў?

Яна зусім не вагалася:

— Ён сказаў мне, што раман гатовы і што пра гэтую кнігу будуць гаварыць больш, чым пра ўсе іншыя, якія ён калі напісаў. Гэта было якраз тады, калі да яго вярнуўся добры настрой.

Гэтым разам спытаў Гары Кляйн:

— А вы не ведаеце выпадкова, дзе цяпер той рукапіс?

Спадарыня Шуйкава адказала, што, на жаль, яна ніколі не бачыла з яго ані старонкі і не ўяўляе, куды ён мог падзявацца.

Калі Дэрык і Кляйн засталіся адны, Гары шматзначна абвясціў:

— Гэта рукапіс!

— Так, гэта рукапіс, Гары, — кіўнуў Дэрык.

Сімона Саліцылава, дырэктарка выдавецтва “С.”, дзе Павал Праўда выдаваў свае кнігі, была імпазантная маладая дама. Яна ўжо іх чакала.

— Так, — сказала яна, калі яны расказалі ёй, з якой нагоды да яе прыйшлі, — вакол таго рукапісу Праўда рабіў надзвычайную таямніцу. Ён не хацеў мне сказаць пра раман нічога, нават паказаць урывак. Ён раздражняўся ледзь не да істэрыкі і ўвесь час пасоўваў тэрмін. Апошнія тры гады ён нічога не друкаваў, і я ўжо баялася, што ён перастаў пісаць. Часам такое здараецца; пісьменніку проста перастае пісацца. Але я памылялася. За пару тыдняў да смерці ён мне нарэшце пазваніў і сказаў, што рукапіс гатовы, але дзяліцца падрабязнасцямі адмовіўся, сказаў толькі, што пра яго будуць пісаць на першых старонках. — Яна паківала галавой. — У гэтым ён меў рацыю, усе загалоўкі былі пра яго забойства.

Гары спытаў:

— А дзе цяпер рукапіс?

— Гэта і я хацела б ведаць. Вы можаце сабе ўявіць, якія б цяпер у яго былі продажы? Як бы там ні было, я так і не ўбачыла з яго ні радка. На жаль.

Інспектар Дэрык змяніў тэму:

— Ці былі ў гера Праўды праблемы з алкаголем?

Дырэктарка пасур’ёзнела:

— Мне чамусьці заўжды здавалася, што ён п’е, хоць я і не магу патлумачыць, адкуль у мяне бралася такое адчуванне, бо за цэлыя восем гадоў я ні разу не бачыла яго п’яным. Магчыма, я памылялася.

Інспектар спытаў:

— А ці не заўважылі вы перад ягонай смерцю нейкай змены ў паводзінах?

Яна задумалася і старанна выбірала словы:

— Ён здаваўся мне больш сур’ёзным, больш засяроджаным. Ведаеце, спадар Праўда быў страшэнна адчувальны да любых выказванняў у свой адрас. Магчыма, ён збіраў сілы на вялікі бой з крытыкамі. Бо ён жа напісаў твор свайго жыцця, прынамсі, так ён яго ўспрымаў.

Дэрык задумаўся і пасля доўгай паўзы сказаў:

— Вы нам вельмі дапамаглі, фраў Саліцылава.

— Фройляйн, — паправіла яна і ўсміхнулася, паглядзеўшы на асістэнта Кляйна.

Інспектар таксама ўсміхнуўся, і яны развіталіся.

— Куды цяпер? — спытаў асістэнт, калі яны апынуліся на дварэ.

Дэрык дазволіў сабе адну са сваіх выключных ухмылак:

— У Жлуктаў. Усё зразумела.

Гары запытальна ссунуў бровы.

Зноў абодва сядзелі ў няўтульным кабінеце, Гары зноў гатаваў каву, а інспектар Дэрык зноў гартаў паліцэйскія рапарты. Гары сказаў:

— Як на мяне, абедзвюм сведкам можна верыць. І разам з тым, кожная кажа ледзь не адваротнае. У адной ён быў радасны, у другой сур’ёзны. У адной засяроджана рыхтаваўся да бою, у другой, шчаслівы, чакаў будучыні. Нехта з іх памыляецца.

Інспектар Дэрык нарэшце прамовіў:

— Гары, ёсць і трэці варыянт.

— Які? — здзіўлена спытаў Кляйн.

— Што і адна, і другая кажуць праўду. Хадзем, гэтая кава таксама пачакае.

— Шаноўныя, — звярнуўся да дэтэктываў інспектар Дэрык, — ніхто з вас не сумняецца, што здарылася забойства. Яго ахвярай стаўся пісьменнік, які пасля трох гадоў працы абвясціў, што скончыў свой найлепшы раман. Аднак рукапіс згубіўся. Насамрэч яго ніхто і не бачыў. Малады Пэтэр Хвала бачыў толькі папку нібыта з рукапісам. Адначасова з завяршэннем кнігі адбылася і змена ў паводзінах пісьменніка: замест напружання прыйшла эйфарыя. Здавалася, быццам ён “збіраецца да сябе некага прывесці”. То ён робіць уражанне жыццярадаснага чалавека, які перажывае другую маладосць, то паўстае як сур’ёзны творца, які збірае сілы на бой за свой найноўшы і найлепшы раман.

Усё сведчыць пра тое, што ягоная смерць сталася наступствам або таго, што ў яго быў гатовы рукапіс, або таго, што ён сабраўся пачаць новае пачуццёвае жыццё. Можа быць, нехта хацеў прыўлашчыць вынік яго трохгадовай працы? Або ў тым рамане было нешта такое, што для некага ўяўляла пагрозу? Або наадварот: можа быць, нехта забіў Праўду таму, што быў супраць, каб Праўда некага да сябе прыводзіў, а рукапіс скраў, каб адвесці ўвагу?

Я прапаную вам абсалютна іншую версію. Яе гісторыя мае толькі аднаго персанажа, самога Паўла Праўду. Тры гады вядомы пісьменнік піша свой новы раман. За гэты час ніхто не бачыў з рамана ані радка. Чаму? Таму што — і ў гэтым уся соль гісторыі — ніякага рамана ніколі не існавала. Тры гады ён спрабуе, але ў яго нічога не выходзіць. Яму, як кажа ягоная рэдактарка, ужо не пішацца. Ён пачынае піць. З’яўляюцца меркаванні, што ён ужо выпісаўся. Але гер Праўда хваравіта ганарысты. Настолькі, што хавае не толькі сваю няздатнасць напісаць раман, але і схільнасць да выпіўкі. Прыгадайце, на публіцы яго п’яным ніколі не бачылі. Ён часта раздражнёны, ажно да істэрыі. Ён падумвае пра самагубства. Але не звычайнае, а такое, якое выкліча сенсацыю, якая назаве яго пакутнікам. Ягоным імем будуць стракацець першыя палосы газет! І ён прыдумвае забойства Паўла Праўды. Ад гэтага ён прыходзіць у стан эйфарыі. Пачынае хваліцца, што раман скончаны, што гэта твор яго жыцця, нават быццам паказвае яго Пэтэру Хвалу. Бо калі рукапіс не знойдзецца — значыць, яго, хутчэй за ўсё, нехта скраў, і тады ён будзе яшчэ большым пакутнікам. Ён рыхтуе сваю кватэру для будучага прыходу паліцыі і журналістаў. Хоча выглядаць ахайным цвярознікам. Ён ужо адпісаў кватэру літаратурнаму фонду, і дазволю сабе выказаць здагадку, што на падобную дабрачыннасць ён аддаў і ўсе свае знятыя з рахунку ашчаджэнні. Выключна добрыя ўчынкі. Аднак магчыма, што ён сапраўды хацеў аблегчыць сваё сумленне. Само “забойства” таксама выдуманае. Чаму ў Кінчары? Бо яму хочацца мець публіку. Ён пачакаў, пакуль там збярэцца як найбольш гледачоў, і тады ўсё зрабіў. Намаляваў “таямнічы знак”, лёг на зямлю і ўсадзіў сабе ў сэрца нож. Той знак мусіў кожнага пераканаць, што гаворка ідзе пра забойства. Магчыма, аднак, што ён нешта і значыў. Напрыклад, літару С. С як Саліцылава. Праўда не любіў яе, бо яна бачыла яго наскрозь. Не выключаю, што ён хацеў уцягнуць яе ў сваё “забойства”.

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на, — выгукнуў спадар Вінтэрмантэль, — але каго ж тады бачыў бяздомны?

— Ды дэпутата Нотбурга, які вяртаўся з палявання. Гэта была частка спектакля. Праўда пакінуў прачыненыя дзверы, бо хацеў, каб ягонае цела знайшоў сусед-дэпутат, тады ягонае забойства мела б яшчэ большы рэзананс. Адно што якраз гэтая яго задума ў жыццё не ўвасобілася: дэпутату ўдалося непрыкметна прайсці міма. Але ў астатнім Праўда ўсіх абвёў вакол пальца. І нездарма ж ён скарыстаў нож з надпісам “Праўда пераможа”.

Той чалавек падняўся. Але раней, чым спадар Вінтэрмантэль паспеў пасадзіць яго на месца, азваўся дэтэктыў Стыў Карэла, і Той чалавек зноў так і не паспеў раскрыць рота.

— Усё было інакш і значна больш празаічна.

Правіла Маера

Рашэнне паводле дэтэктыва Стыва Карэлы

— Усё было інакш і значна больш празаічна, — сказаў дэтэктыў першай катэгорыі Стыў Карэла і пачаў аповед ад пачатку свайго расследавання.

Стыву Карэлу не хацелася нічога расследаваць. Але ж дэтэктыў першай катэгорыі Стыў Карэла з 87-га пастарунку справу ўзяў і таму адразу пачаў кіравацца правілам Маера. У калегі Карэлы дэтэктыва Маера была тэорыя, што чым менш справай будзеце займацца вы, тым хутчэй справа пачне займацца вамі.

На практыцы гэта выглядала так, што Карэла паставіў крэсла перад парогам дома пісьменніка Праўды і сеў на яго. Ён паглядзеў на гадзіннік: 11.11. Ухмыльнуўся:

— Што ж, пабачым, як хутка правіла Маера пачне дзейнічаць.

Дзейнічаць правіла Маера пачало ў 11.20 дзякуючы спадару Нотбургу асабіста. Гэта быў упэўнены ў сабе мужчына гадоў пяцідзесяці. Ён нёс дзве бутэлькі піва і адкаркоўнік.

Падышоўшы да Карэлы, ён спытаў:

— На службе?

Яны прадставіліся адзін аднаму. Нотбург падаў Карэлу бутэльку і сеў побач на траву. Карэлу мучыла смага і цікаўнасць, а піва было халоднае і добрае.

Нотбург спытаў:

— Што новага?

Карэла іранічна працытаваў бульварную прэсу:

— Забойцу злавіць ніяк не ўдаецца.

— Па вялікім рахунку, мне да гэтага справы няма, — сказаў Нотбург, не заўважаючы іроніі, — мяне трывожыць іншыя рэчы.

Ён глядзеў на дэтэктыва, быццам чакаў, што той спытае ў яго, якія.

— Якія? — спытаў Карэла.

— Што я ў той вечар не пераканаў яго пайсці з намі на паляванне, хоць ён і абяцаў. А яшчэ горш тое, што, каб не я, Праўда ніколі ў Кінчар не прыехаў бы.

— А навошта ён вам тут быў патрэбны?

— Мая жонка з цяжкасцю пераносіла самоту. Вось навошта.

— Дапамагло?

Нотбург рассмяяўся.

— Хоць ён і не мог прамінуць ніводнай спадніцы, але пры гэтым ён быў, па сутнасці, толькі няшкодным тэарэтыкам. Я ж не вар’ят, — ягоны смех быў досыць непрыемны.

— Ён пасябраваў з вашай жонкай?

— Так, і добра на яе ўплываў.

— У чым?

— Праўда з кожнай жанчынай размаўляў інакш, чым яны былі прызвычаеныя. Ён даваў ім адчуванне, што кожная фраза, якую яны прамовяць, вартая таго, каб яе запомніць. Так яны пачыналі зважаць на тое, што кажуць, — Нотбург трохі адпіў з бутэлькі і дадаў: — І як паводзяцца.

— А на вашую дачку спадар Праўда меў добры ўплыў?

Той зноў адпіў. Гэтым разам намнога больш.

— Яны вельмі зблізіліся. Дачка вярнулася з Лондана поўная ўражанняў, і ёй хацелася імі дзяліцца.

На двор Хвалаў выйшаў Пэтэр. На ім была светла-шэрая майка, якая сягала каленяў. Ён выглядаў як спатнелы тоўсты анёл. Пры поглядзе на двух мужчын ён збянтэжыўся. Нотбург яму кіўнуў, Пэтэр кіўнуў у адказ і не спускаў погляду з Карэлы. Гэта быў ацэначны погляд. Тады Хвала развярнуўся і ўвайшоў назад у дом. Карэла вырашыў, што той так прыцэньваўся да чарговага мужчынскага канкурэнта ў Кінчары. Ён спытаў у Нотбурга:

— Ці ёсць у вашай дачкі хлопец?

— Яна кажа, што ў Лондане нехта ёсць.

— А вы ўпэўнены, што дачыненні спадара Праўды і вашай дачкі былі наскрозь нявінныя?

Нотбург устаў і паўтарыў рэзка, ужо зусім без смеху:

— Я ж не вар’ят! Яшчэ піва будзеце?

Карэла сказаў, што не, і Нотбург сышоў. Тут жа за агароджай у Хвалаў зноў паказаўся Пэтэр. Ён пераапрануўся. Зрабіўшы пару крокаў, крыкнуў:

— Ці не хочаце зайсці на каву? Мама вас запрашае.

— З радасцю, — сказаў Стыў Карэла.

Стол быў накрыты, быццам яго чакалі ад раніцы. Спадарыня Хвалава глядзела на Карэлу тым засяроджана-ўважлівым позіркам, які ён цудоўна ведаў. Ягоная жонка Тэдзі жыла ў сваім глуханямым свеце ад нараджэння.

Карэла звярнуўся да спадарыні Хвалавай на мове жэстаў:

— Дзякую за запрашэнне. Я дэтэктыў Стыў...

Яна яго перапыніла.

— З апаратам я сяк-так чую. Частуйцеся, калі ласка.

Яны прыселі, і Карэла пачаставаўся.

Пэтэр патлумачыў:

— Праўда ёй раз прынёс...

— Спадар Праўда, — падкрэслена паправіла яго маці.

— Спадар Праўда раз прынёс ёй падручнік мовы жэстаў. Уважлівы да чорцікаў, — іроніі ў Пэтэра было за дваіх.

Спадарыня Хвалава на імгненне знерухомела. Дэтэктыў спытаў:

— Якім у апошнім часе быў спадар Праўда?

Адказаў Пэтэр:

— Больш самастойны. Я нават пачаў быў думаць, што ён ужо ў стане самастойна намазаць сабе масла на хлеб.

— Пэтэр! — спадарыня Хвалава хмурылася. — Проста яму падабалася, як я гатавала. Ён казаў, што я выдатна гатую.

— Ну мама, але ж у яго насамрэч у апошнім часе не было столькі капрызных жаданняў, як перад тым.

— Якіх, напрыклад? — спытаў Карэла.

Спадарыня Хвалава напружана варочала галавой ад аднаго да другога. Пэтэр пачаў пералічваць. Слухаючы яго, можна было падумаць, што маці ўсе гэтыя стравы літаральна выцягнула ў яго з рота:

— Брынзавыя варэнікі са шкваркамі, наліснікі з клубнічным джэмам, запечаная фаршаваная курыца...

Спадарыня Хвалава звярнулася да Карэлы:

— Частуйцеся, калі ласка.

Карэла адпіў кавы. Потым спытаў у Пэтэра:

— Калі вы бачылі рукапіс новай Праўдавай кнігі?

— Тыдні за два да забойства. Я нёс яму падвячорак, — ён паглядзеў на маці і дадаў: — Чарнічны калач. Ён сядзеў за сталом, перад ім ляжала разгорнутая папка з паперамі. Калі ён мяне заўважыў, то папку хутка згарнуў. Потым сказаў: “Вось і мой новы раман гатовы”. Я спытаў, ці мог бы яго прачытаць, на што ён рэзка адказаў, што не, і дадаў, што раман пра святых. Нічога больш я з яго не вывудзіў.

Спадарыня Хвалава сказала:

— Спадар Праўда быў вельмі добры чалавек, яго ўсе любілі.

“Асабліва ваш сын”, — сам сабе падумаў Карэла. Потым падзякаваў і развітаўся.

Ён паглядзеў на гадзіннік. 11.55. Не забыць потым сказаць Маеру час, бо дэтэктыў Карэла ўжо ведаў, хто забойца.

Дэтэктывы, седзячы ў местачковай управе ў Жлуктаве, слухалі аповед Карэлы:

— Гэта гісторыя пра жанчыну, гадамі адрэзаную ад свету самотай і глухатой. І тут, нібы цудам, з’яўляецца выратавальнік. Няважна, што ён толькі “няшкодны тэарэтык”, важна тое, што ён даваў ёй неспазнаную датуль увагу і пачуццё самапавагі. Ён нават купіў ёй падручнік мовы жэстаў, быў з ёй ласкавы, хваліў яе кулінарнае майстэрства. Спадарыня Хвалава Праўду літаральна абагаўляла. Аднак для яго гэта была толькі двухбакова выгадная ўгода: Я буду да цябе гжэчны і ўважлівы, а ты мне будзеш гатаваць. Ніхто нікому не будзе нічога вінны. Спадарыня Хвалава, натуральна, ведала, што Праўда зносіцца і з іншымі жанчынамі, але з вясковай мудрасцю разумела, што без іх ён зможа абысціся, а без яе запечаных фаршаваных курыц — не.

З вяртаннем Зузаны атмасфера змянілася. Праўда сентыментальна любіў моладзь і нават заснаваў фонд у падтрымку маладых аўтараў, яму было добра ў іх кампаніі. Калі толькі было магчыма, ён аддаваў перавагу таварыству Зузаны, а не спадарыні Хвалавай. Раптам ён нават навучыўся намазваць хлеб маслам, як сказаў Пэтэр, што азначае, што Хвалава яму была патрэбная ўжо менш. У яе пачаліся душэўныя пакуты. Што робіцца? Што змянілася? Ад сына яна даведалася, што Праўда скончыў раман, і ёй прыйшло да галавы, што, можа, у ім яна знойдзе адказ. Спадарыня Хвалава не хацела нічога іншага — толькі прачытаць рукапіс. Адно што не ведала, як да яго дабрацца.

У тую суботу Нотбург з кампаніяй збіраўся пайсці на начное паляванне. Спадарыня Хвалава ведала пра гэта і меркавала, што Праўда пойдзе таксама. Яна не магла здагадвацца, што ён не пайшоў, у яго ж нават не гарэла святло. Яна пачакала, пакуль сын засне, і выслізнула да Праўды. Тады яе пабачыў бяздомны. Праўда прачнуўся ад нейкага шуму і прыспеў спадарыню Хвалаву, калі тая корпалася ў ягоных рэчах. Ёй не заставалася нічога іншага, як забіць яго. Яе боства злавіла яе пры зладзействе; цяпер яе боства ад яе канчаткова адвернецца, а можа, нават дапусціць, каб яна села ў турму. Гэтага яна не вынесла. Пасля забойства яна сышла разам з рукапісам.

Што да грошай, гэтага мы цвёрда не ведаем. Праўдападобна, ён сапраўды хацеў пазычыць іх Хвалам. Яму было з чаго мець згрызоты сумлення ў дачыненні да суседзяў. Відаць, грошы ён паклаў у папку з рукапісам — людзям уласціва складаць свае каштоўнасці ў адно месца. Я не думаю, што спадарыня Хвалава ўзяла іх свядома. Яна іх проста знайшла.

Зранку спадарыня Хвалава, як заўжды, ішла са сняданкам. Яна ўбачыла расчыненыя дзверы і пералякалася. Яна не памятала, ці зачыніла іх уначы. Таму, пабачыўшы, што Праўда здолеў з апошніх сіл напісаць, яна не адважылася гэта сцерці, бо баялася, што да яе ў доме ўжо нехта паспеў пабываць. Відавочна, Праўда спрабаваў напісаць, што забойца — спадарыня Хвалава.

— Тое, што ён намаляваў на падлозе, — гэта не С, не Х і не стрэлка. Гэта агульнапрынятае абазначэнне глухіх: перакрэсленае вуха.

У памяшканні стаяла цішыня. Праз нейкі час Той чалавек адкашляўся, быццам маючы намер нешта сказаць.

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на! — паспяшаўся апярэдзіць яго спадар Вінтэрмантэль, бо Той чалавек падняўся і ўжо раскрываў рот. — Толькі я не магу зразумець, як у Праўды ў руках апынулася крэйда, калі вы кажаце, што ён толькі прачнуўся.

— Спадарыня Хвалава шукала рукапіс у цемры. Глухі чалавек не чуе ніякіх гукаў. Магчыма, яна зачапіла крэйду, і яна ўпала на падлогу. А Праўда ў апошнія імгненні жыцця сабраў апошнія сілы і дацягнуўся да яе. Ён любой цаной хацеў пакінуць паведамленне. Урэшце, ён быў пісьменнік...

— Містэр, — азваўся Нэра Вулф, — вам робіць гонар, што вы адным з першых здагадаліся, што знак — гэта не літара. Вось толькі...

Прыгорблены дуб

Рашэнне прыватнага дэтэктыва Нэра Вулфа, расказанае яго асістэнтам Арчы Гудвінам

— Містэр, — азваўся Нэра Вулф, — вам робіць гонар, што вы адным з першых здагадаліся, што знак — гэта не літара. Вось толькі... — ён памаўчаў. — Арчы, — ён паглядзеў на свайго асістэнта, — апішыце сітуацыю, калі ласка.

Вулф стаяў у кабінеце местачковай управы з выглядам пакутніка.

— Арчы, забярыце мяне адсюль! Я паводзіўся як чысты дурань, калі пагадзіўся сюды прыехаць. Ведаеце, што яны далі мне на сняданак? Кансерву з назвай “Пячонкавы паштэт”!

Я спытаў:

— А чаму б вам не прысесці?

Нэра Вулф паказаў на зэдлік:

— Прысесці вось на гэта?! Я зараз жа хачу вярнуцца дадому!

— Вядома, містэр. Скажыце толькі адно імя: хто забіў Праўду?

Вулф узняў рукі.

— Натуральна ж, я ведаю, хто забіў, і гэта ведалі б і вы, калі б не чыталі адны коміксы. Я ведаю, хто забойца, але не ведаю, чаму ён забіў. Высветліце гэта! Прынясіце мне ўсё, што напісаў Праўда. Але спачатку забярыце мяне адсюль прэч!

Гатэль “Маладзік” выглядаў пашарпана, але гэта быў адзіны гатэль, які я знайшоў. У ім і працаваў спадар Хвала. Магчыма, ён дасць нам зніжку. Я паставіў машыну ў гатэльны гараж, але яшчэ перад тым раздабыў усё, што Праўда напісаў. Я папрасіў аднесці ў пакой Вулфа самы вялікі фатэль, які быў у гатэлі, каб яму было на чым уладкаваць свае амаль дзевяць пудоў вагі. Урэшце я зноў з’явіўся перад спадаром Хвалам і пачаў з анкетнага пытання: “Калі б вам давялося ахарактарызаваць спадара Праўду толькі адным словам, як бы вы яго назвалі?”

Хвала-старэйшы паглядзеў у кут гаража.

— Недалужны.

— Я хутчэй меў на ўвазе духоўныя якасці.

— Дык і я таксама, — сказаў ён і зноў утаропіўся ў кут.

Натуральна, зніжкі ён нам не даў.

Вулф сказаў, што пытанне трэба задаць усім. Таму я ўключыў у спіс і бяздомнага. Той сядзеў на пні і пляваў у згаслы агмень. Каля яго стаяла амаль пустая бутэлька з-пад віна. Нават не паглядзеўшы на мяне, ён прабурчэў:

— Чаго табе трэба?

— Што вы думаеце пра спадара Праўду?

— Дай дваццатку, братан. На хлеб, разумееш. — Але ён не ўтрымаўся і слізнуў поглядам на бутэльку.

Я даў яму пару манет. Ён сунуў іх у кішэню і нават не падзякаваў. Я паўтарыў:

— Дык што вы думаеце пра спадара Праўду?

— Пайшоў ты...

Тое, куды ён мяне паслаў, не было геаграфічнай назвай.

Хвала-юніёр вёў ровар. Я абагнаў яго на машыне па дарозе ў Кінчар. Хто ведае, чаму ён на ровар не сеў. Магчыма, для яго гэта было б нейкае рызыкоўнае спартовае дасягненне. Я прадставіўся і задаў яму пытанне. Ён сказаў:

— Гэта будзе характарыстыка не адным словам, а двума, згода?

Я велікадушна дазволіў.

— Распусная свіння, — сказаў ён. Выглядаў ён пры гэтым як артыст кабарэ, які расказаў анекдот.

Танны артыст кабарэ, які расказаў танны анекдот.

Спадарыня Хвалава прыладзіла апарат і сказала, што яна спяшаецца, бо пячэ бруснічны калач. Я задаў пытанне і ёй:

— Спадар Праўда быў вельмі добры чалавек. Яго ўсе любілі. Навошта вам гэта?

— Ды каб ведаць, якім ён быў.

— Спадар Праўда быў вельмі добры чалавек. Яго ўсе любілі.

Я сышоў, не чакаючы, калі яна паўторыць гэта трэці раз.

Я націснуў на нос клоўна, то бок на званок дома Нотбургаў, і тут жа азваўся дурнаваты мужчынскі смех. Мне спатрэбілася некалькі секундаў, перш чым я зразумеў, што гэта званок. Адчыніла прыбірачка; мокрыя рукі яна выцірала аб працоўны халат. Мне карцела спытаць наконт характарыстыкі Праўды і яе, але замест гэтага я прадставіўся і паведаміў, што хацеў бы пагаварыць са спадарыняй Нотбургавай.

— Я Нотбургава.

У яе голасе была чуваць дзіцячая радасць, што яна мяне аблапошыла. Яна запрасіла мяне ў залу, і мы селі сярод сродкаў для мыцця і чысткі ўсіх магчымых марак. Яна сказала так, быццам яе саму гэта здзівіла:

— Не выношу бруду.

Я пахваліў яе гігіенічныя прынцыпы і задаў анкетнае пытанне. Яна зымітавала высокі пісклявы тон спадарыні Хвалавай.

— Спадар Праўда быў вельмі добры чалавек.

Я нацягнуў на твар усмешку і спытаў:

— А хіба не быў?

— Вядома ж быў.

Такая інтанацыя была б у мышы, калі б у яе спыталі, ці быў кот добрым суседам. Аднак я вярнуўся да таго, дзеля чаго прыйшоў:

— Такім чынам, ягоная характарыстыка?

Яна паклала палец на вусны. Быццам хацела перашкодзіць адкрыццю страшнай таямніцы. Але не ўтрымала яе:

— Крывадушнік.

Яна ўстала, чым паказала, што аўдыенцыя скончаная. Я спытаў пра мужа і дачку. Сказала, што муж неўзабаве мае вярнуцца, а дачка сядзіць у сваім пакоі наверсе і я магу да яе зайсці.

На лесвіцы я павярнуў галаву. Цяпер на яе вуснах была цэлая далонь.

Кут Зузанінага пакоя ўтвараў акруглую нішу, і я зразумеў, што гэта адна з вежачак на фасаднай частцы. Пакой быў завалены плюшавымі цацкамі, а сама Зузана рабіла ўражанне, быццам яе забылі ў дзяцінстве. Я задаў абавязковае пытанне, і яна заглядзелася некуды ўдалеч:

— Ён быў вельмі мілы, уважлівы, але...

Я нічога не казаў. Праз імгненне яна дадала:

— Ён баяўся.

— Каго або чаго?

— Не ведаю, але баяўся, і чым далей, тым болей і болей.

— У яго былі праблемы? Працоўныя? Фінансавыя?

— Фінансавых дакладна не было, ён сам прапанаваў пазычыць мне грошы на Лондан. Я хацела вярнуцца, але бацька не пагаджаўся.

— Ён даў вам грошы?

Яна пакруціла галавой.

— Не. Але я і так не змагла б з’ехаць.

Не ведаю, ці баялася і яна, але вясёлай яна не выглядала. Я развітаўся і выйшаў на двор. Гаспадара замка я вырашыў пачакаць перад каванай брамай.

Калі б я быў курцом, я сказаў бы, што ён з’явіўся прыблізна пасля трох цыгарэт. Яму я таксама задаў пытанне з цыркуляра. Дэпутат Нотбург адказаў імгненна, але без якой-колечы цікавасці.

— Ён быў джэнтльмен.

Затым фармальна падаў мне руку і пайшоў у дом.

Для пэўнасці я спытаў і ў каванага клоўна, што ён думае пра Праўду. Таму як той маўчаў, як і належыць адданаму слугу, я паляпаў яго па жалезным твары і памылкова націснуў на нос зноў. Я паспяшаўся знікнуць раней, чым дагучаў смех, каб мяне, быццам хлопчыка, які забаўляецца, звонячы ў брамы, не падлавілі.

Але Вулфу пра гэта я не сказаў. Ён і без таго быў парадкам раззлаваны.

Калі я ўвайшоў у гатэльны нумар, ён нават не адарваў погляду ад разгорнутых кніг, толькі спытаў:

— Вы елі?

Я сказаў, што адкаркаваў выдатны пячоначны паштэт.

Ён толькі фыркнуў.

Я коратка пераказаў яму, што прынёс нам дзень. Спытаў, чым займаўся ён.

Ён працытаваў:

Прыгорблены дуб

на тонкую гляне ляшчыну,

яшчэ затрымціць.

— Прабачце?

— Гэта ягоны верш. Вельмі цікавы. А яшчэ цікавейшае — прысвячэнне: Дзяўчыне з сярпом.

— Гэта некалі быў іх камуністычны сімвал, так?

Ён паглядзеў на мяне з такой агідай, быццам я прымушаў яго есці катлету ў вакзальным буфеце, але потым толькі ўздыхнуў і расказаў мне пра кнігі, якія ўжо прачытаў. Я запомніў іх назвы: “Васьміног-нелегал”, “Неверагодныя жыццяпісы святых” або “Няпраўда”. Апошняя мне спадабалася найбольш. Але таму як Вулфа відавочна не цікавіла, якая з іх мне падабаецца і чаму, я ветліва спытаў, ці ведае ён ужо, чаму забойца забіваў. Ён не адказаў. Я спытаў, што мне рабіць далей. Ён сказаў, каб я пайшоў паесці. Я настойваў на тым, што мы павінныя нешта зрабіць. Ён сказаў, што падумае. Заплюшчыў вочы. Расплюшчыў вочы. Сказаў:

— Мне трэба ведаць толькі адно: рэцэпт бруснічнага калача спадарыні Хвалавай.

У Вулфа ніколі не ведаеш, калі ён кажа сур’ёзна. Я пайшоў.

— Шаноўнае спадарства, — прамовіў Нэра Вулф да дэтэктываў, якія сядзелі ў местачковай управе ў Жлуктаве, — я перакананы, што называнне нейкай з’явы насамрэч ёсць называннем нашага стаўлення да яе. Як інакш патлумачыць, што нехта адначасова можа быць распусным, шляхетным, крывадушным, добрым, недалужным і палахлівым? Калі мы зайздросцім чыімсьці поспехам у каханні, то ён “распусная свіння”, калі кімсьці захапляемся, то “добры чалавек”, калі некім пагарджаем, то “недалужны”. Калі ён пазбягае канфліктаў, то ён джэнтльмен. А калі ён выклікаў у нас пэўныя чаканні і не апраўдаў іх, то ён крывадушнік. Але як сюды дапасаваць фразу, што “ён усё больш і больш баяўся”? Зузана Нотбургава, нават таго не ўсведамляючы, падала такое ж суб’ектыўнае апісанне, як і кожны іншы. Тое, што ў спадару Праўду яна найбольш адчувала, быў ягоны страх. Заўважце, што, акрамя яе, перапалоханым яго не лічыў ніхто. Бо спадар Праўда, — Вулф зрабіў драматычную паўзу, — баяўся толькі ў яе прысутнасці. Каго ён баяўся? Сябе. Працытуем верш, які ён напісаў некалькі гадоў таму:

Прыгорблены дуб

на тонкую гляне ляшчыну,

яшчэ затрымціць.

Гэта неадцэнзураваны перапіс ягонага стаўлення да жанчын, дакладней, да дзяўчат. Калі яго правільна патлумачыць, а я лічу, што ў ім няма загадак, мы ўсё зразумеем. Так, спадара Праўду прыцягвалі маладзенькія дзяўчаты, і мы ведаем, што Зузана робіць уражанне дзіцяці. Ягоныя дачыненні з дарослымі жанчынамі былі платанічныя. Дачыненні з маладзейшымі ён маскаваў як толькі мог. Напрыклад, ён заснаваў фонд для маладых літаратараў. Аднак Зузана выклікала ў ім такую жарсць, якой ён сам жахаўся. Як ён прызнаваў, ён хацеў аблегчыць сваё сумленне. Ён вырашыў заплаціць за яе пражыванне ў Лондане. Ён усведамляў, што “прыгорблены дуб яшчэ трымціць”.

Вось толькі нехта не дазволіў сябе падмануць; гэта асоба, якая доўга дэманстравала сваю прыхільнасць, і ўсё безвынікова. Я кажу пра спадарыню Нотбургаву. Яна не магла не заўважыць, як спадар Праўда глядзіць на яе дачку. У выніку яе каханне і захапленне ператварыліся ў пагарду і нянавісць. “Я не люблю бруду”, — гэта яе ўласныя словы. Так, вядомага пісьменніка яна лічыла брудам.

Гэта было не забойства, гэта было смяротнае пакаранне. У тую ноч яна пайшла да Праўды — яе бачыў бяздомны — і зарэзала яго. Надпіс на тронках кажа ясна: праўда пераможа! Але яна не заўважыла, што спадар Праўда паспеў пакінуць апошняе паведамленне: імя забойцы. Яна шукала рукапіс і знайшла яго разам з грашыма. Забрала і адно, і другое. Грошы — каб стварыць уражанне разбойнага нападу, а рукапіс — каб яго знішчыць. Яна даведалася, што гэта меў быць найлепшы Праўдаў твор, і не вынесла, каб “крывадушнік” здабыў славу яшчэ і пасля смерці.

Вулф звярнуўся да спадара Вінтэрмантэля:

— Вы, вядома, хочаце ведаць, што азначае той знак. Гэта ані С, ані Х, ані стрэлка і нават не перакрэсленае вуха. Гэта серп. Спадар Праўда — аўтар жыццяпісаў святых. Сярод іх, іранічным збегам акалічнасцяў, ёсць і патронка хатняй працы. Яе знак — серп і вядомая яна як святая Нотбурга. Не забывайце, што дзяўчыне з сярпом, то бок Зузане Нотбургавай, ён прысвяціў свой сумны верш.

Спадарства, у мяне ўсё.

Спадар Вінтэрмантэль натхнёна выгукнуў:

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на, але... навошта вам, дзеля бога, быў рэцэпт бруснічнага калача?

Вулф адказаў проста:

— Бо я люблю бруснічны калач.

Той чалавек устаў. На шчасце, у гэтае ж імгненне азваўся і містэр Дэмпсі.

— Словы, словы, словы. Я вам адразу скажу, хто забойца. Гэта...

Розніца паміж шапкай і галавой

Рашэнне паводле сяржанта Гарыет Мэйкпіс і лейтэнанта Джэймса Дэмпсі

— Словы, словы, словы, — адрэагаваў на прамову Нэра Вулфа лейтэнант Дэмпсі. — Я вам адразу скажу, хто забойца. Гэта аўстрыйскі грамадзянін па імені Хуга Чэрвень.

Настала цішыня. Калі галоўны персанаж ужо ў першым сказе выдае імя забойцы, то не выпадае дзівіцца з таго, што творыцца ў цяперашніх дэтэктыўных гісторыях, з жахам падумаў спадар Вінтэрмантэль. Міс Гарыет Мэйкпіс прамовіла:

— Усё пачалося з машыны, якую мы толькі дарэмна сюды...

Яны стаялі перад местачковай управай. Мэйкпіс паказала на іх машыну і з’едліва нагадала:

— Калі ўжо мы дарэмна прыцягнулі сюды гэтую калымагу...

— Гэты аўтамабіль тут не дарэмна, Мэйкпіс, — адрэзаў Дэмпсі.

— Калі ўжо мы дарэмна прыцягнулі сюды гэтую калымагу ажно з Лондана, то патлумачце мне, навошта?

— Тут дэтэктываў — як у паліцэйскай акадэміі. Сведкі свае паказанні ўжо на памяць вывучылі. Таму будзем выдаваць сябе за маёмасных турыстаў.

— Турысты ў Кінчары! Фальшывую бараду вы сабе таксама начэпіце? Гэтую справу дапаможа вырашыць толькі псіхалогія.

— Гэтую справу дапаможа вырашыць толькі аўтамабіль.

Мэйкпіс зрабіла галантны жэст:

— Як сабе хочаце. Я звярнуся да псіхалогіі. Шчасліва заставацца.

Яна пакінула яго там. Разам з аўтамабілем.

Дэмпсі ведаў, што адзіным месцам, куды мела сэнс ехаць на машыне, быў гараж гатэля “Маладзік”, дзе працаваў Хвала. Туды ён і скіраваўся.

Хвала выглядаў моцна здзіўленым, што да яго з’явіўся кліент. Ён завучана паўтарыў:

— Вітаю вас у гатэлі “Маладзік”.

— О, значыць, тут дакладна не будзе лунатыкаў.

— Што, прабачце?

— Ну, бо лунатыкі пры маладзіку спяць спакойна.

Выглядала, што Хвала напружана спрабуе асэнсаваць пачутае.

— Вітаю вас у гатэлі “Маладзік”, — паўтарыў ён.

Пабачыўшы бессэнсоўнасць спробы завязаць жартаўлівую размову, Дэмпсі проста спытаў, дзе можна запаркавацца.

— Дзе хочаце, — сказаў Хвала і паказаў на пусты гараж. Вартаўнік па-ранейшаму выглядаў здзіўленым.

Пэтэр Хвала, які стаяў перад брамай іх дома, у адной руцэ трымаў ключы, быццам яму патрэбная была дадатковая гарантыя, што ён у кожны момант можа сысці. Ягоны погляд пераходзіў з твару Мэйкпіс на яе дэкальтэ і назад; Хвала гэтага зусім не маскаваў. Гарыет прадставілася журналісткай. Сказала, што пачула пра яго як пра знаўцу псіхалогіі, літаратуры і тых мясцінаў, дзе адбылося злачынства. Яна спытала:

— Пэтэр, ці не напісалі б вы для нас артыкул пра спадара Праўду?

Пэтэр Хвала моўчкі ківаў. Потым ён да яе нахіліўся і з бляскам у вачох спытаў:

— А што мне за гэта будзе?

Мэйкпіс выдала з сябе найбольшую лічбу, якая ёй здавалася яшчэ рэальнай.

Ён усміхнуўся і пакруціў галавой:

— Я меў на ўвазе не фунты, ягадка.

Мэйкпіс ён нагадваў другараднага актора-аматара, якому загадалі граць зводніка. Яна якраз разважала, як зрэагаваць, калі ўбачыла, як пад’язджае аўтамабіль. Яна б ніколі гэтага не прызнала, але яна была ўдзячная, што можа без тлумачэнняў пакінуць гэтага маладзёна. Так яна і зрабіла. Нават не развітаўшыся з Пэтэрам Хвалам, яна падсела да Дэмпсі ў машыну, і заставалася зусім няшмат, каб яна яму ўсміхнулася.

Дэмпсі сказаў:

— Паглядзіце на мяне, Мэйкпіс. Як я выглядаю?

Яна ўхмыльнулася:

— Як шараговы гангстэр.

Ён ударыў кулаком па стырне.

— У гэтым і ўся справа.

— У чым?

— Што я выглядаю як гангстэр. Вы нешта даведаліся?

— Малады Хвала хацеў бы больш мяне, чым тысячу фунтаў.

Цяпер ухмыльнуўся Дэмпсі:

— Ён мяне здзівіў.

Гарыет хвіліну памаўчала, потым ціха спытала:

— Як вы думаеце, колькі мусіць працаваць ягоны бацька, каб зарабіць тысячу фунтаў?

Дэмпсі таксама пасур’ёзнеў і сказаў:

— Зараз мы зробім вось што: вы паедзеце да...

Гарыет Мэйкпіс заехала на машыне ў гараж гатэля “Маладзік”. Яна апусціла акенца, і Хвала-старэйшы падышоў да яе. Мэйкпіс выпаліла:

— Хвіліну таму адбылася памылка. Гэта я мусіла прывезці машыну.

— І што? — спытаў Хвала падазрона.

— Ці не хочаце вы мне нешта даць?

Мэйкпіс паказала на мабільны тэлефон, які ў таго вісеў за поясам, быццам зброя, і па-змоўніцку старанна прамовіла па складах:

— Па-зва-ні-це сабе.

Яна падміргнула яму і дала задні ход, каб выехаць з гаража.

Хвала на яе вылупіўся. За той час Дэмпсі незаўважна пранік у гараж і схаваўся там.

Мэйкпіс зайшла на рэцэпцыю “Маладзіка” і прадставілася рэдактаркай прыватнага тэлеканала, якая хацела б даведацца, якія знакамітасці за апошнія гады ў іх спыняліся. Даведаўшыся некалькі імёнаў, яна папрасіла гасцявую кнігу, каб спраўдзіць звесткі, і ў адказ без праблем атрымала выпіску з кампутара. Яна пайшла храналагічным шляхам: адшукала дзень забойства і паступова пайшла назад. Выпісала сабе імёны і дні знаходжання. Звесткі папаўняліся. Дык значыць, гэта не выпадковасць. Выдатна!

Дэмпсі ўжо чакаў яе ў аўтамабілі. Ён кіўнуў:

— Як мы і чакалі, ён пазваніў адразу ж, як толькі вы выехалі з гаража. З ягоных словаў я толькі разабраў, што з яго ўжо досыць. Што ў вас?

Мэйкпіс дастала паперу.

— У дзень забойства і амаль без выключэння штомесяц у гэтым гатэлі спыняўся гер Хуга Чэрвень з Аўстрыі. Але галоўная знаходка — што за тыдзень да забойства у ім на адну ноч пасяліўся і сам Праўда.

Дэмпсі прысвіснуў.

— Усё дапасоўваецца, як гэтыя іх матрошкі.

Мэйкпіс паправіла:

— Матрошкі робяць у Расіі, а не тут.

— Якая розніца, — адказаў Дэмпсі. — Звяжыцеся з Інтэрполам. Магчыма, яны змогуць нам нешта расказаць пра жыццё гера Чэрвеня. А я пайду зірну на таго франта, які дзеля вас адмовіўся б ад старых добрых фунтаў стэрлінгаў.

— Некаторыя ўмеюць ацаніць якасць.

— Або колькасць, — і ён раздражнёна паказаў на яе дэкальтэ.

Дэмпсі знайшоў Пэтэра Хвалу ў момант, калі той размаўляў з Зузанай Нотбургавай. Яны сядзелі на лаўцы перад домам Хвалаў.

Ён прысеў побач.

— Я лейтэнант Дэмпсі, і ў мяне толькі адно пытанне.

Зузана ўсміхнулася. У Пэтэра быў знуджаны выгляд.

— Калі вы першы раз заўважылі, што Праўда баіцца?

Пэтэр абурыўся:

— Ён не баяўся!

Зузана яго паправіла:

— Незадоўга да забойства. Ён сказаў, што нехта думае, быццам рызыкуе шапкай, а пры гэтым рызыкуе галавой. Мне ён падаўся перапалоханым.

— Мне ён такога ніколі не казаў, — пакрыўджана адрэзаў Пэтэр.

Дэмпсі паспеў заўважыць, што ў Зузаны не толькі прыгожыя шэрыя вочы, але і прыгожая пастава. Зусім не шэрая.

— Шаноўнае спадарства, — звярнулася Мэйкпіс да дэтэктываў, якія сядзелі ў местачковай управе ў Жлуктаве, — ад Інтэрполу мы даведаліся, што гер Чэрвень — коміваяжор. А таксама, што ён ужо быў асуджаны за захоўванне наркотыкаў. Цяпер самы час рэканструяваць усю гісторыю.

— Шляхі перавозкі і збыту наркотыкаў, — падхапіў Дэмпсі, — мусяць быць натуральныя. Скажам, праз наведнікаў, якія паркуюцца ў гатэльным гаражы. Задача спадара Хвалы была простая. Ён атрымліваў пакунак і на дамоўлены знак — адпаведны адказ на зварот “Вітаю вас у гатэлі “Маладзік”” — перадаваў яго далей. З ім за гэта рэгулярна разлічваліся. Калі б яго раптам падлавілі, ён мог бы бараніцца тым, што не здагадваўся пра змест таго пакунку, маўляў, “нехта” з гасцей папрасіў яго “нешта” “некаму” перадаць. З чаго б яму было адмаўляць? Гер Чэрвень кіраваў акцыяй і забіраў пакункі. Усё ішло як на мазаных колах. Датуль, пакуль Праўда не пачаў нешта падазраваць. Ён ужо год жыў у Кінчары і назіраў за Хваламі. Ён не верыў, што з нізкага заробку можна не проста пракарміцца, але і аплачваць навучанне сыну, і нават дапусціць, каб той прывык жыць на шырокую нагу. Напрыклад, адмовіўшыся ад тысячы фунтаў стэрлінгаў, каб толькі пагуляць у фраера. У Праўды было падазрэнне, што нешта нячыстае адбываецца менавіта ў гатэлі, таму ён вырашыў гэта спраўдзіць і зняў там сабе нумар. Граючы ролю дэтэктыва, ён быў залішне цікаўны.

Слова перахапіла Мэйкпіс:

— Фразу пра аблягчэнне сумлення ён сказаў, бо інвеставаў у гульню ўласныя грошы, каб быць упэўненым, перш чым са справай разабрацца. Праўдападобна, яшчэ перад тым ён сказаў Хвалу, што і ён хоча “ўключыцца ў гульню” і гатовы заплаціць “уступны ўнёсак”. Мяркую, што так ён хацеў знайсці доказы і з імі пайсці да Нотбурга як да дэпутата. Хвала ўсё перадаў Чэрвеню, той тут жа прыехаў і праз Хвалу паведаміў Праўду, што ўначы прыйдзе ў Кінчар і каб ён чакаў яго ўпоцемках. Таму Праўда адмовіўся ісці на начное паляванне. Бяздомны ўначы бачыў гера Чэрвеня.

Дэмпсі працягваў:

— Вы ўсе ведаеце, як добра крымінальнікі ўсё прыкмячаюць. Як яны адразу распазнаюць паліцыянта. А таксама, на жаль, і перапалоханага аматара, які гуляе ў дэтэктыва. Калі Чэрвень убачыў, што спадар Праўда дзейнічае з уласнай ініцыятывы, ён не стаў рызыкаваць раскрыццём усёй сеткі. Ён яго забіў.

Хвала пра забойства не ведаў. Таму зранку ён так перапалохаўся, калі знайшоў цела. Ён не быў непасрэдным забойцам, але нёс за злачынства адказнасць. Ён убачыў рукапіс. Праўда трымаў яго ў вялікім сакрэце, і Хвала падумаў, што там магла б быць згадка пра наркотыкі. Ён паслаў жонку па мабільны тэлефон, а сам тым часам схаваў рукапіс.

Мэйкпіс працягвала:

— Пасля Праўдавай смерці аперацыі з наркотыкамі вядома, прыпыніліся. Таму Хвала і быў так збянтэжаны, калі ў гараж заехаў лейтэнант Дэмпсі, які сапраўды выглядае як гангстэр. Хвала для пэўнасці паўтарыў пароль. Дэмпсі не рэагаваў, і Хвала выкінуў гэта з галавы. Аднак потым прыехала я, і Хвала страціў разважлівасць. Ён адразу пазваніў Чэрвеню, які яго запэўніў, што мясцовая наркатраса прыпыненая і нашыя візіты могуць быць толькі выпадковасцю.

Дэмпсі скончыў:

— Праўда, сабраўшы апошнія сілы, здолеў пакінуць паведамленне. Ён хацеў расказаць, хто забойца, а таму як не ведаў, як таго завуць, то прынамсі напісаў, дзе яго шукаць. Той знак — гэта не С, не Х, не стрэлка, не вуха і нават не серп, гэта намаляваны маладзік.

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на, — выгукнуў спадар Вінтэрмантэль, — але як забойца мог спадзявацца, што ў цемры знойдзе нож?

— Ён пра яго не ведаў. Наіўны Праўда падрыхтаваў яго для магчымай самаабароны. Ён ужо адчуваў, што рызыкуе галавой, а не шапкай... Для Чэрвеня гэта быў дар з нябёсаў. Яму не давялося скарыстацца сваёй зброяй. Ён не рызыкаваў. Бо ён прафесіянал.

Цішыню, акурат у момант, калі Той чалавек зноў збіраўся раскрыць рот, трывожным голасам перапыніла міс Марпл:

— Але ж гэта жахліва, што ў маладой спадарыні Зузаны шэрыя вочы, вам не здаецца?

Тры злачынствы ў адным

Рашэнне паводле міс Джэйн Марпл

— Але ж гэта жахліва, што ў маладой спадарыні Зузаны шэрыя вочы, вам не здаецца? — трывожным голасам прамовіла міс Марпл. — Мне гэта нагадвае маленькую Флору Эшлі, якую сёстры не хацелі ўзяць у кіно, і таму яна ім у школьныя партфелі закінула сырыя яйкі.

Запанавала цішыня. (Небарака, вось і дажылася да старэчага маразму, са шкадаваннем падумаў спадар Вінтэрмантэль).

Міс Марпл устала.

— Я зараз вярнуся. Калі б жаба ці чарніла... ну вы разумееце...

Спадар Вінтэрмантэль не разумеў і падазраваў, што не разумее ніхто з прысутных.

Пры поглядзе на сад Хвалаў, засаджаны без якой-колечы фантазіі, міс Марпл сумна паківала галавой і націснула на кнопку званка. У яе думкі пракралася дзіцячая песенька, і яна ніяк не магла ад яе пазбавіцца.

Калі спадарыня Хвалава адчыніла, міс Марпл, павітаўшыся, сказала, што яна з ініцыятывы на дапамогу маламаёмасным студэнтам, і спытала, ці не жадала б спадарыня Хвалава паўдзельнічаць, ахвяраваўшы рэцэпт — гаспадыня дома выдыхнула з прыкметнай палёгкай — свайго славутага бруснічнага калача?

— Мы таксама маламаёмасныя, — раздражнёна сказала спадарыня Хвалава, — і пры гэтым наш Пятрок вучыцца ва ўніверсітэце. Некаторыя і мелі б на гэта грошы, але... — не скончыўшы фразы, яна ўважліва паглядзела на госцю. Перад ёй стаяла ўвасабленне віктарыянскай цноты. Спадарыня Хвалава не магла далей стрымлівацца:

— Паглядзіце, я вырасла ў гэтым доме ў Кінчары. У нас была сядзіба і двое коней. І ведаеце, хто ў нас быў пахолкам? Стары Нотбург! А гэтыя вось тут, — яна з агідай паказала ў бок двухпавярховага дома з вежачкай, — робяць выгляд, быццам яны паны. Гэта пры тым, што ягоны бацька чысціў коней у нас! У нас!

У дзвярах з’явіўся Пэтэр. У яго быў прысаромлены выгляд. Ён адвёў маці ў дом, а калі вярнуўся, міс Марпл пачала яму, быццам апраўдваючыся, тлумачыць:

— Гэта не звычайны збор ахвяраванняў. Мы збіраем, а потым прадаем ідэі, як, скажам, рэцэпт вашай маці. Ці не паўдзельнічалі б і вы з нечым?

— Я ж не кухар! — пакрыўджана адказаў Пэтэр.

— Не, я не гэта мела на ўвазе. Вашая спецыяльнасць — літаратура. Можа, вы маглі б ахвяраваць...

— Я не пісьменнік, — перапыніў яе, ужо больш прыязна, Пэтэр.

— ...кароткія ўспаміны пра спадара Праўду?

На гэта Пэтэр адказаў, што падумае. Міс Марпл залетуценіла:

— А калі б удалося адшукаць страчаны рукапіс ягонага рамана, гэта прынесла б прыстойную суму...

Пэтэр паблажліва ўсміхнуўся:

— Кожны пісьменнік страхуецца, робячы копіі. Асабліва калі гэты твор — найлепшы. Не знойдзецца рукапіс — знойдуцца копіі. Пытанне толькі — калі?

Спадарыня Хвалава вярнулася з рэцэптам, і міс Марпл развіталася.

— Я мусіла здагадацца, — казала яна сабе.

Зузана ў дабрачыннай акцыі паабяцала дапамагчы. Міс Марпл спытала, ці не магла б яна ахвяраваць нейкую кнігу ад спадара Праўды.

— Прабачце, — сказала Зузана, — але яны ўсе мне дарагія. Кожную сваю кнігу ён мне падпісаў асабіста. Увогуле, я ніколі дагэтуль не чула, каб нехта гаварыў пра кнігі так, як ён. Мне яго вельмі не стае.

— Ахвотна веру, мая дарагая, — адказала міс Марпл, — вам тут, пэўна, вельмі сумна. Кінчар не робіць уражання месца, прыдатнага для юнай дамы.

— Кінчар не прыдатны ні для кога! Я б хацела вярнуцца ў Лондан, у мяне там... сябры, — прамовіла яна роспачна. — Але ж бацька мне на гэта не дасць грошай, ён хоча, каб я засталася дома. Спадар Праўда мне іх пазычыў бы, але гэта было б няправільна. А вам ніколі не хацелася стаць пісьменніцай?

Міс Марпл шчыра прызналася, што ніколі, і спытала:

— А вам, значыць, так?

Зузана рассмяялася.

— Толькі апошнім часам. Але спадар Праўда мне прызнаўся, што гэта жахліва. — У Зузаны на вочы нагарнуліся слёзы:

— Мне яго вельмі не стае.

— Дык вось яно што, — падумала міс Марпл і пяшчотна пагладзіла яе па валасах.

— Даражэнькія мае, — звярнулася міс Марпл да дэтэктываў, — вы ўсе ведаеце прыклады вырабаў, называных “тры ў адным”. Купіш сабе крэм для загару, а ён яшчэ й служыць як парфума ды адганяе камароў.

У мяне з першай хвіліны было адчуванне, што ў Кінчары адбыліся гэткія “тры злачынствы ў адным”. Праўда мусіў памерці як чалавек, мусіла памерці памяць пра яго, і злачынца ў дадатак хацеў з гэтага пазабаўляцца. Апошняе — хоць і не злачынства, але таксама гідкае. Калі мы правільна адкажам на пытанні як, калі, дзе і чаму, то мы зразумеем, што за як хаваецца забойства чалавека, за дзе — насмешка з ягонай памяці, а тым калі забойца хацеў пазабавіцца. За чаму хаваецца ён сам.

Адказ на пытанне як вельмі просты. Спадар Праўда быў забіты элементарна. Забойца да яго прыйшоў, узяў нож, які ляжаў у спадара Праўды на стале, і ўдарыў ім пісьменніка ў сэрца. Ужо выбар нажа з надпісам “Праўда пераможа” — дэманстрацыя надзвычайнага здзеку. Спадар Праўда ляжаў на падлозе мёртвы, забойца прысеў да яго, намаляваў “асаблівы знак” і сунуў крэйду ў пальцы нябожчыка. У гэты момант зазваніў мабільны тэлефон спадара Праўды, і высвецілася імя таго, хто званіў: Нотбург. Забойца разважае: калі Праўда не адгукнецца, нехта можа надумаць прыйсці сюды і паглядзець. Таму ён рызыкуе. Ён імітуе голас спадара Праўды і хутка кладзе слухаўку. Спадар Нотбург святкуе, ён у гуморы, ён нават не засумняваўся, з кім размаўляў. Пасля званка забойца гасіць святло, замыкаецца і сядзіць унутры са сваёй ахвярай. Ён не адважваецца пакінуць дом, бо бачыць, што госці ад Нотбургаў акурат выходзяць. Ён вычэквае, пакуль усё аціхне, выслізгвае на двор і пакідае адчыненыя дзверы. Тады забойцу і пабачыў бяздомны.

Другое пытанне, дзе, больш складанае. Тым, што забойства адбылося ў Кінчары, мусіла быць высмеяная рэпутацыя пісьменніка. Дзе цесна звязанае з “таемным знакам”, які забойца так клапатліва намаляваў. Але да яго я яшчэ вярнуся.

Я сказала, што за калі схаваны асаблівы смак аматара пазабаўляцца. Бо забойства адбылося на Купалу. Не забывайце, што, паводле метэаролагаў, чакаўся дождж, і забойца пакінуў адчыненыя дзверы. Усё таму, што ў Зузаны Нотбургавай шэрыя вочы, а галоўнае, таму, што яе завуць Зузачка. Магчыма, вы ведаеце вось гэтую песню... — і міс Марпл, крыху пачырванеўшы, чыстым голасам праспявала:

Ой, у ночку на Яна

будзе дожджык да рана.

Ты мне дзверы адчыні

і да сэрца прыхіні.

 

Як я йшоў да Зузачкі,

яна сплятала стужачкі.

Шэры вочкі плакалі,

белы слёзкі капалі.

 

Святы Яне, памажы,

шлях да шчасця пакажы.

Каб мне з Зузачкаю мілай,

векаваць аж да магілы.

— Ведаеце, — сказала яна, — забойца скарыстаў вядомую купалку, каб з дапамогай таго жаху, якім ёсць забойства, пазабавіцца. А заадно каб, так бы мовіць, падпісацца.

Так, Пэтэр Хвала не думаў нікому саступаць “мілую Зузачку”. Ён вельмі хваравіта ставіўся да Праўдавага ўплыву на Зузану і пачуваўся прыніжаным. Таму Праўда мусіў быць забіты і высмеяны, а Пэтэр Хвала хацеў гэтым і пазабавіцца. Мае даражэнькія, — уздыхнула міс Марпл, — гэта быў чын з катэгорыі “тры ў адным”. Таму мне гэта так нагадала маленькую Флору, якая хацела сёстрам адначасова адпомсціць, паздзекавацца з іх і пазабавіцца тым, што яны не могуць разляпіць старонкі сшыткаў.

Пэтэр Хвала рос у злапамятным асяроддзі. Ён сам не вылучаецца сімпатычнасцю, і мы ведаем, якімі жорсткімі могуць быць дзеці. Ён замкнуўся ў свеце кніг і ўрэшце заняўся вывучэннем літаратуры прафесійна. Ён хацеў зрабіцца “кімсьці”, каб Зузана магла яго паважаць.

Спадар Праўда ў Кінчары Пэтэру не перашкаджаў, хутчэй яго цешыла, што ў яго ёсць аднадумца. Але ўвесну вярнулася Зузана, і чаго Пэтэру не ўдалося дасягнуць за доўгія гады, спадару Праўду ўдалося за некалькі тыдняў. Зузана была зачараваная і ім, і літаратурай, і нават паспрабавала нешта пісаць. Спадар Праўда скраў у Пэтэра адзіную глебу, на якой той пачуваўся ўпэўнена, і адзіную істоту, якую ён любіў. За гэта пісьменнік мусіў паплаціцца.

Спадар Праўда аднойчы па сакрэце расказаў Пэтэру, што скончыў раман. Пэтэр забіў яго, каб скрасці рукапіс. Чаму? Каб праз нейкі час знайсці яго самому. Але замест “найлепшага рамана” спадара Праўды знайшлася б жахлівая, нечытэльная тарабаршчына. Да такога перараджэння спрычыніўся б Пэтэр. Так ён хацеў адпомсціць, а адначасова зняважыць памяць пісьменніка. Аднак ён мусіў пачакаць, ці не з’явіцца недзе раптам копія. А галоўнае, ён мусіў лагічна патлумачыць, як змог адшукаць рукапіс пасля такога працяглага часу. Таму ён прымаляваў каля мерцвяка той знак. А ведаеце, што ён значыць? У тым і ўся геніяльнасць, што нічога. Дакладней, пакуль што не значыць нічога. Калі “перараджэнне” рамана скончыцца, Пэтэр Хвала тут жа, на здзіўленне чытачоў, рукапіс знойдзе, бо той знак правільна прачытае. Ён мусіў выдумаць сімвал, які дае магчымасць дзясяткаў прачытанняў. Ён павінен даведацца, куды паліцыя нават праз месяц не зазірне, і туды рукапіс і засуне. Напрыклад, пад падлогу на месцы таго знаку.

Дазволю сабе дапусціць, што Пэтэр сапсуе раман, разгадае знак як “С” і перагляне кружэлкі спадара Праўды, — міс Марпл трохі пачырванела. — Я маю на ўвазе тыя сучасныя, якія абазначаюцца літарамі CD і на якія пісьменнікі запісваюць копіі. Тое, што рукапіс быў у папцы, мы ведаем толькі ад Пэтэра. Таму я ў гэта не веру.

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на, — натхнёна выгукнуў спадар Вінтэрмантэль, — але што грошы?

— Грошы спадар Праўда зняў, бо хацеў даць іх Зузане. Яго мучылі згрызоты сумлення, што ён адабраў у яе надзею стаць пісьменніцай. А забраў грошы Пэтэр. Ён сапраўды з маламаёмаснай сям’і, але галоўнае — ён не хацеў дапусціць, каб яны трапілі да Зузаны і яна ад яго зноў з’ехала. Гэта ўсё, мае даражэнькія.

Той чалавек энергічна ўстаў, але ў той самы момант азваўся камісар Мегрэ:

— З вашага дазволу, я запалю. Мой аповед зойме не больш часу, чым трэба, каб выкурыць адну люльку. Ён — пра чалавека, які...

Бяздомны назіральнік

Рашэнне паводле камісара паліцыі Жуля Мегрэ

— З вашага дазволу, я запалю. Мой аповед зойме не больш часу, чым трэба, каб выкурыць адну люльку. Ён — пра чалавека, які назіраў.

Было такое ўражанне, быццам камісар Мегрэ нават не ведае, з чаго пачаць. Ён толькі пабадзяўся вакол халупы бяздомнага; зусім не хаваючыся, пастаяў крыху каля вогнішча, пагрэў рукі над полымем, як меў у звычцы рабіць дома, у сваёй канцылярыі, перад камінам. Ён нават пару разоў запаліў у агні галінку, каб ад яе прыпаліць люльку. Бяздомны на яго не зважаў, хадзіў сабе на свае абходы, з якіх прыносіў набітыя нечым цэлафанавыя пакеты, гатаваў сабе ежу і еў. Паеўшы, бяздомны сядаў у “тэатральную ложу”, як Мегрэ назваў той закуток, — на малы каменны выступ, прыкрыты кустамі, з якога Кінчар быў відаць як на далоні.

Ад раніцы Мегрэ назіраў разам з ім.

Дзень спадарыні Хвалавай пачынаўся ўжо на світанні. Яна выходзіла на двор у начной кашулі, набірала вады з калодзежа, закасвала рукавы і паволі ўмывалася. На твары бяздомнага з’яўляўся шчасны выраз, які, аднак, знікаў, як толькі спадарыня Хвалава зноў заходзіла ў дом. Потым яны бачылі яе перад акном, як яна вызірае, чакаючы мужа з начной змены.

Хвала-старэйшы ступаў цяжкім крокам задуменнага ці стомленага чалавека, уваходзіў у дом, і Мегрэ ўяўляў, як ён мые рукі, сядае перад кубкам кавы, намазвае на хлеб масла, есць лыжкай гарачую яечню. Цікава, ці ківае ён час ад часу галавой, каб паказаць, што яму смачна, або ён такі стомлены, што ледзь усведамляе, што есць на сняданак?

Пэтэр Хвала з’яўляўся на сцэне каля адзінаццатай, яшчэ ў піжаме. Ён пастойваў на дварэ, чухаўся і азіраўся наўкола, быццам шукаючы прычыну, чаму ён тут. Мегрэ ніколі не бачыў яго за працай.

У Нотбургаў дзень пачынала гаспадыня. Яна выходзіла да каванай брамы і глядзела праз краты, як асуджаная. Камісара здзіўляла, з якім імпэтам яна бралася за любую хатнюю працу, адчыняла вокны, каб праветрыць на іх падушкі, падмятала ходнікі перад домам. Мегрэ гатовы быў прысягнуць, што ажно да іх на гару вецер часам даносіў пах выдатных страваў. Клапатлівая гаспадыня, якая мусіла несці крыж жонкі багатыра. Але ўжо пасля абеду было відаць, як яна з кілішкам туляецца па вялікім ружовым будынку.

Зузана адзіная з усіх хадзіла гуляць у вакольныя лясы. Малады Хвала тады караскаўся на супрацьлеглы схіл і назіраў за ёй. Ён не падазраваў, што сядзіць недалёка ад камісара. Мегрэ сам сабе ўсміхаўся: тут кожны назірае за кожным.

Той раніцай Мегрэ падняўся, калі яшчэ й на дзень не займала, каб як найраней заняць месца ў “тэатральнай ложы”. Дарогай ён купіў бутэльку віна. Ён паспеў выгодна ўладкавацца, калі прыйшоў бяздомны — дакладна на ранішняе ўмыванне спадарыні Хвалавай. Валацуга гучна падсеў да Мегрэ, быццам паказваючы прыярытэтнае права карэннага жыхара. Яны назіралі разам: без словаў і без адзінага ўзаемнага погляду, але з нейкім напружаным чаканнем, хто ж з іх першым парушыць маўчанне.

Спачатку з Кінчара выйшла Зузана, пасля, як ейны цень, Пэтэр, потым спадарыня Хвалава з торбамі пашыбавала ў краму. Нарэшце камісар пабачыў, як дэпутат Нотбург з мабільным тэлефонам, прыціснутым плячом да вуха, спешна выбягае з дома, сядае ў машыну і заводзіць яе, кажучы ў тэлефон адрывістыя фразы. Важная асоба, якая ў спешцы нават не мае часу азірнуцца на тых, хто застаецца.

Мегрэ толькі ўсміхнуўся, калі неўзабаве пабачыў спадарыню Нотбургаву, як тая спяшаецца да Хвалаў і нешта тлумачыць соннаму Хвалу. Праз імгненне яны ўжо разам скіроўваліся ў Нотбургаву сядзібу. У Хвалы ў руцэ была скрынка з інструментамі, як у слесара. Камісару гэта нагадала показку пра жонку, якая не магла даць рады з водаправодам.

Бяздомны заплюшчыў вочы.

— Як цябе завуць? — нарэшце прамовіў камісар Мегрэ.

Бяздомны прамармытаў:

— Дзёрка.

— Ты ўсё бачыў, так? — спытаў камісар.

Бяздомны паглядзеў на віно. Мегрэ кіўнуў, выцягнуў з кішэні штопар і працягнуў суседу. Той адкаркаваў бутэльку і ласа прыклаўся да рыльца. Гэта быў стары добры трук, як адбіць у другога жаданне піць. Мегрэ давялося прыкласці намаганне, каб не засмяяцца.

Рамонт водаправоду цягнуўся гадзіну. Хвала крочыў дадому з гонарам, як мужчына, які заслужыў прызнанне.

— Якая найбольш бегала за мужыкамі?

— Усе аднолькавыя.

— Але Хвалава іншая, хіба не?

Бяздомны ўсміхнуўся, а камісар спытаў:

— А той у машыне?

Валацуга сплюнуў.

— Той — багацей.

З крамы акурат вярталася спадарыня Хвалава з поўнымі торбамі. Бяздомны не спускаў з яе вачэй. Мегрэ мякка сказаў:

— Дзёрка, але ж і багацей можа быць добрым чалавекам.

— Такія могуць усё.

— Што ўсё?

— Усё.

Голас Мегрэ па-ранейшаму быў мяккі:

— Яны сустракаліся ў Праўды, так?

Бяздомны пацягнуўся па бутэльку. Яна была ўжо пустая, але ён усё адно паспрабаваў выцадзіць з яе ўсё да апошняй кроплі. Потым раздражнёна адкінуў яе ўбок.

Мегрэ паўтарыў:

— Яны сустракаліся, і нехта пра гэта даведаўся. Хто гэта быў?

Было відаць, што бяздомны перапалохаўся:

— Я нічога не бачыў, было цёмна.

— Я ведаю, Дзёрка, я ведаю.

Бяздомны ўстаў і пакандыбаў у халупу. Ён нават не азірнуўся.

Мегрэ паклаў у “тэатральнай ложы” пару банкнотаў і прыціснуў іх каменем.

— Спадарства, — звярнуўся камісар Мегрэ да дэтэктываў. — На пустой выспе, званай Кінчар, жывуць двое няшчасных людзей — самотная спадарыня Нотбургава са сваім знакамітым мужам і самотны спадар Хвала са сваёй недаткнёнай жонкай. Тое, што ўзнікла паміж гэтымі двума самотнымі людзьмі, пачалося як флірт з безвыходнасці, але перарасло ў нешта нашмат важнейшае.

На любых выселках кожны назірае за кожным. На гэтых — тым больш. Пакуль Зузана была ў Лондане, у распараджэнні нашай пары была ўся ружовая віла, але калі дзяўчына вярнулася, то яны мусілі прыдумаць нешта іншае. Ім пашанцавала, што Хвала даглядаў дом Праўды, у яго былі ад дома ключы, таму яны пачалі сустракацца ў ім. Часам Хвала мяняўся зменай з калегамі, каб правесці ноч з каханкай. Калі Зузана засынала, яе маці выслізгвала з дома і бегла да Хвалы. А спадарыня Хвалава і так нічога не чуе, досыць было не запальваць святла.

Ці ведаў пра гэта Праўда? Папросту немагчыма было не заўважыць, што ў ягоным доме нехта жыве. Яму, натуральна, было няёмка перад тымі, каго гэтыя двое падманвалі. І ён нават быў гатовы пазычыць каханкам уласныя грошы, толькі каб яны знайшлі іншае месца для любошчаў. Таму ён зняў з рахунку грошы.

У той вечар ён адмовіўся ісці на паляванне, каб сустрэцца са спадарыняй Нотбургавай і пагаварыць з ёй. Ці ён ёй пагражаў? Не ведаю... Яна прыйшла ўпотайкі, каб ніхто не бачыў — гэта адвечны дэвіз усяго Кінчара. Таму з Праўдам яны сустрэліся ў цемры. Пра што яны дамовіліся — невядома. Спадарыня Нотбургава, натуральна, усё паабяцала, іншага ёй не заставалася. Візіт цягнуўся нядоўга.

Аднак на каханкаў з Кінчара можна паглядзець і інакш: вачыма па-рабску пачцівай, вернай, працавітай жанчыны, глыбока перакананай, што гэтыя чалавечыя рысы правільныя, а таму мусяць быць узнагароджаныя. Спадарыня Нотбургава, прыцягальная і багатая, наўрад ці магла быць такой узнагародай, і ўсё ж яна была неяк прысутная, і спадарыня Хвалава гэта бачыла. Ці верыла яна таму, што бачыла? Безумоўна, прамінула нямала часу, пакуль яна паверыла, што такое прынамсі магчыма, а датуль яна, мабыць, за кожную падобную думку бегала спавядацца. Аднак аднаго дня яна ўсё ж дазволіла сабе паверыць у такую магчымасць. Яна глухая, але ж не сляпая! Яна клапацілася пра спадара Праўду і знайшла ў яго дома нямала прыкметаў здрады, хоць і ніводнага доказу. Доказ з’явіўся б, калі б яна прыспела каханкаў проста in flagranti ў іх гняздзечку.

У той вечар у яе з’явілася такая нагода. Яна вырашыла, што спадар Праўда пойдзе на паляванне. Калі Нотбург з кампаніяй сыходзілі, у Праўды пагасла святло. Значыць, дом пусты. Яна сядзела ля акна, гэтаксама як калі зранку чакала мужа, і заўважыла спадарыню Нотбургаву, як тая ўпотайкі перабягала да Праўды. Яна бачыла і як тая сыходзіла! Яна раздумвала, пакутуючы ад сумневаў. Што, калі спадарыня Нотбургава пайшла туды дзеля нечага іншага? Але чаму ў цемры? Ці вернецца яшчэ? Ці чакае там яе муж сваю каханку? Або яна ўсё надумала, і ў доме нікога няма?

Спадарыня Хвалава не стрывала чакаць даўжэй. Спадар Праўда ляжаў у ложку ў цемры, калі яна без грукату адчыніла дзверы і ўвайшла. Зразумейце, яна разважала толькі ў дзвюх катэгорыях: або дом пусты, або ў ім ейны няверны муж. Яна і сапраўды ўбачыла абрысы мужа. Напэўна, спадар Праўда пытаўся ў яе, не могучы зразумець, што яна там робіць, але яна яго не пачула. У часе, калі яе муж павінен быць на працы, яна бачыць яго ў чужым ложку. Яна схапіла нож і ўсадзіла яго мужу ў сэрца. На жаль, яна позна зразумела, што ўчыніла трагічную памылку. Але спадар Праўда быў ужо нежывы.

Што яна рабіла пасля? Пакорліва села перад домам Праўды і чакала, што здарыцца. Безумоўна, у злачынстве яна хацела прызнацца.

Так на світанні яе знайшоў спадар Нотбург. Яна расказала яму, што ўчыніла і чаму хацела, каб ён зрабіў што трэба, бо ён жа дасведчаны “гарадскі” чалавек. Нотбург імгненна зразумеў: з гэтага будзе скандал, які знішчыць ягоную рэпутацыю. Яго няверная жонка — прычына забойства вядомага пісьменніка! Зрэшты, заставалася яшчэ слабая надзея, што нічога не ўсплыве. Ён палітык, умее правільна падбіраць словы. Ён пачаў супакойваць спадарыню Хвалаву, даводзячы, што назад ужо ўсё адно нічога не вернеш, але трэба ж думаць пра будучыню іх дзяцей. Ён навучыў яе, што трэба рабіць. Яна, звыклая слухацца, усё зрабіла па-ягонаму. Выцерла нож, зрабіла на ім Праўдавы адбіткі, узяла рукапіс і грошы. Схаваўшы рукапіс, быццам забойства адбылося дзеля яго, Нотбург хацеў пусціць следства падманным следам. Грошы ён прымусіў забраць спадарыню Хвалаву; у выпадку неабходнасці гэта будзе доказ супраць яе. Урэшце ён загадаў спадарыні Хвалавай намаляваць “таемны знак”. Ён хацеў, каб паліцыя марнавала час разгадваннем яго значэння і не заглыблялася ў міжасабовыя дачыненні ў Кінчары. А магчыма, ён хацеў, каб у доме застаўся відавочны доказ яе віны.

На гэтых словах Мегрэ выбіў попел з дапаленай люлькі.

— Бяздомны Дзёрка, як заўсёды на світанні, прыйшоў пацешыцца на спадарыню Хвалаву пры ранішнім умыванні. Замест гэтага ён убачыў занадта шмат, каб сумнявацца, што спадарыня Хвалава замяшаная ў забойстве. Калі да яго прыйшла паліцыя, ён зразумеў, што, выдаўшы спадарыню Хвалаву, ён пазбавіцца адзінай штодзённай радасці. Таму ён хацеў выгарадзіць гэтую жанчыну, адвесці ўвагу са світання, сказаўшы, што бачыў нейкую постаць уначы.

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на! — спадар Вінтэрмантэль не хаваў свайго захаплення. — Але гэта значыць, што ўначы бяздомны нікога не бачыў?

Камісар Мегрэ ўсміхнуўся:

— Ведаеце, уначы, а тым больш у цемры ён сапраўды нікога пабачыць не мог.

— Спадарства, — азваўся агент ФБР Фокс Малдэр, — чаму вы ўсе забываеце пра...

Знак рака

Рашэнне паводле спецыяльных агентаў ФБР Фокса Малдэра і Даны Скалі

— Спадарства, — азваўся агент ФБР Фокс Малдэр, — чаму вы ўсе забываеце пра значэнне дня, у які адбылося забойства? Гэта ж было 23 чэрвеня, пярэдадзень святога Яна, дзень, у які Сонца ўваходзіць у сузор’е Рака і стымулюе фантазію, а перадусім, — Малдэр сцішыў голас, — ноч залатых скарбаў.

Агент Дана Скалі шматзначна дадала:

— Пры пэўных акалічнасцях можна ўбачыць скарб нават праз камень.

Скалі нешта клацала на лэптопе.

— Што робіш? — спытаў Малдэр.

— Гуляюся з перакладнымі слоўнікамі, — у яе на твары з’явілася ўсмешка, — а ты, як бачу, з нейкай тэорыяй.

Адказ Малдэра пацвердзіў яе здагадку:

— Пры якіх акалічнасцях ты можаш бачыць праз камень?

— Тваё пытанне звязанае з забойствам?

— Не ведаю, ці з забойствам, але з днём забойства напэўна, з папараццю, якая ў Праўды завяла, і з крэйдай, якая была ў ягонай руцэ. Гэта не можа не быць звязана. Паводле мясцовых вераванняў, у купальскую ноч расчыняюцца залатыя скарбы ў зямлі, а калі ў чаравік пакласці папараць, то месяц пакажа на іх месцазнаходжанне. Пры гэтым дарогу трэба пазначаць асвечанай крэйдай, інакш скарбам завалодаюць нячыстыя сілы.

— Думаеш, Праўда шукаў скарбы?

— Не сумняюся. Яшчэ б ведаць, дзе.

Скалі закрыла лэптоп і сказала:

— А што скажаш наконт таго, што па-венгерску “kincstár” значыць “скарбонка”? Ён шукаў тут. Добрая праца, Малдэр.

Фокс Малдэр усміхнуўся:

— Добрая праца, Скалі.

— Што ты меў на ўвазе, пытаючыся пра камень, праз які можна бачыць? — пацікавілася Скалі дарогай у Кінчар. Малдэр набраў паветра:

— На ўсёй Зямлі ўздоўж 50-й паралелі пашыраныя легенды пра скарбы ў зямлі, якія пры пэўных акалічнасцях можна ўбачыць. Усе гэтыя легенды маюць нешта агульнае: час, то бок перыяд летняга сонцазвароту, далей — месяцовая ноч, наяўнасць цудадзейнай матэрыі і, нарэшце, знаходка золата. А цяпер паспрабуй перавесці гэта ў навуковыя тэрміны.

Скалі засмяялася:

— Палярызаванае месяцовае святло, якое падае пад пэўным вуглом, можа настолькі ўзмацніцца, што пройдзе нават праз непразрысты слой.

Малдэр кіўнуў:

— Дэтэктар на золата. Застаецца толькі высветліць, дзе ён гэтае золата ў Кінчары хацеў знайсці.

Дэпутата Яна Нотбурга пытанне развесяліла.

— Мясцовыя назвы? Што, і вы крыжаванкі складаеце?

Агенты навастрылі вушы.

— Небарака Праўда гэтым быў апантаны. Хацеў ведаць назву ледзь не кожнага пня ў наваколлі.

Скалі спытала:

— Навошта яму гэта было трэба?

— Не маю ўяўлення. Ён толькі казаў, што з дапамогай іх складзе ўнікальную крыжаванку.

— А ці не ведаеце, — умяшаўся Малдэр, — якія назвы яго найбольш цікавілі?

— Гэта ведаю дакладна, — ухмыльнуўся Нотбург. — Усе.

Была зноў чарга Скалі:

— Як называюцца найбліжэйшыя мясціны?

Нотбург паказваў пальцам:

— Вунь тую гару мясцовыя называюць Шчэпня, пад ёй Бабскі Луг, а вось гэтая гара над намі называецца Святаянная. Хлопцам я ўяўляў, што яна мая. У мяне там быў нават свой трон.

Малдэр спытаў:

— Там, дзе халупа бяздомнага?

Нотбург кіўнуў:

— Так, толькі крыху вышэй. У той халупе некалі жылі дрывасекі. Я, бывала, сядзеў на тым сваім троне і кідаў у іх шышкі.

Дэпутат Нотбург голасна рассмяяўся.

Яны развіталіся.

Ужо адыходзячы, яны пачулі за сабой дзявочы голас:

— Я чула, пра што вы гаварылі з бацькам. Я Зузана.

Яны кіўнулі.

— Калі хочаце, я адвяду вас да таго бацькавага трона.

Яны пагадзіліся і рушылі разам з ёй. Было відаць, што Зузана не наважваецца пра нешта спытаць. Нарэшце асмелілася:

— Чаму вы пыталіся ў бацькі пра назвы ў ваколіцах?

Скалі адказала проста:

— Мы думаем, што па назвах спадар Праўда спрабаваў адшукаць след закапанага скарбу.

Зузана паглядзела на іх са здзіўленнем. Яны пераглянуліся, і Малдэр мякка спытаў:

— Вам гэта нешта нагадвае?

— Спадар Праўда напісаў апавяданне пра чалавека, які, даведаўшыся назву гары, знайшоў радовішча каштоўных камянёў.

— А ці ёсць нейкае радовішча тут?

— Наколькі я ведаю, не. — Праз імгненне яна дадала: — Адзіная цікавостка ў Кінчары — гэта халупа, у якую бацька кідаў шышкі.

“Яна тут няшчасная”, — падумаў Малдэр.

Халупа бяздомнага была пустая. Яны падняліся вышэй, і Зузана прывяла іх да трона. Гэта была вялікая плоская скала ў форме правільнага круга, каля якой стаялі высокія валуны проста насупраць адзін аднаго. Як вартаўнікі.

Зузана сказала:

— З Пэтэрам мы спрабавалі высветліць, куды скіроўваюцца падоўжаныя восі, калі іх працягнуць з цэнтра праз гэтыя бакавыя камяні.

Скалі з цікаўнасцю паглядзела:

— І куды яны вядуць?

— Нікуды, — сказа Зузана. — З Кінчара нічога нікуды не вядзе.

І пайшла прочкі.

— Яна тут няшчасная, — сказала Скалі.

Яны ўзяліся даследаваць трон. І сподні камень, і “вартаўнікі” былі гранітныя.

Малдэр сагнуўся і выгукнуў:

— Глядзі!

Каля самага краю пад адным з камянёў была раскапаная глеба.

— Думаеш, нехта спрабаваў падкапацца пад валун?

— Думаю, я ведаю, пра што яшчэ трэба даведацца. Хадзем.

— Куды?

— Праўда быў непрактычны чалавек. Што б ён рабіў, калі б у яго ўзнікла тэхнічная праблема?

Скалі выпаліла:

— Хвала-старэйшы!

Праз паўгадзіны яны былі ў гатэльным гаражы.

Спадар Хвала не выглядаў здзіўленым. Малдэр зразумеў: гэтыя людзі ўжо звыклі да пытанняў дэтэктываў.

— Вы маеце рацыю, ён сапраўды нядаўна ў мяне пытаўся, як даставіць у лес цяжкую тэхніку.

— І?

— Як і здаўна, найлепшая тэхніка ў гарах — гэта конь. Калі вам трэба нешта мацнейшае, то гэта нятаннае задавальненне.

Калі яны селі ў машыну, Скалі засмяялася.

— Гэта было адно з самых хуткіх нашых расследаванняў.

— І нават магчыма, што яно не адносіцца да сакрэтных матэрыялаў, — падкрэсліў Малдэр.

— Спадарства, — звярнулася да дэтэктываў агент Скалі, — пры пэўных акалічнасцях можна ўбачыць скарб і праз камень. Мы мяркуем, што спадар Праўда хацеў дамагчыся прызнання, якога, як лічыў, заслужыў як шукальнік-аматар. Пошукам скарбаў ён зацікавіўся даўно, нават напісаў пра гэта апавяданне. Ён трапіў у Kincstár і зразумеў, што ён у Скарбонцы. Заставалася зразумець, у якой.

Фокс Малдэр падхапіў:

— Самым шанаваным месцам у ваколіцах была Святаянная гара, на якой ёсць асаблівае, магчыма, мегалітычнае ўтварэнне, называнае “трон”. Ён прыцягвае з першага погляду і стымулюе фантазію. Стымуляваў ён і фантазію Праўды. Ён па-аматарску спрабаваў даследаваць тое месца. Ён нават паспрабаваў памераць таўшчыню сподняга каменя, каб ведаць, якая тэхніка спатрэбіцца, каб яго падняць. Гэта было “нятаннае задавальненне”, як сказаў спадар Хвала, таму Праўда зняў грошы загадзя. Зразумела, што ён меў “згрызоты сумлення”, бо мясцовым насельнікам ён ні пра што не расказваў.

— Усё мусіла вырашыцца ў купальскую ноч, — зноў перахапіла слова Скалі. — Праўда прынёс папараць, якая ў тутэйшых паданнях грае ключавую ролю. Крэйда ў яго была. Заставалася чакаць месяцовага святла.

Малдэр працягваў:

— Такім чынам, зразумела, чаму спадар Праўда адмовіўся пайсці на паляванне. Ён пачакаў, пакуль Нотбург з гасцямі сыдуць, і скіраваўся да трона. Думаю, ён нават не ўхмыльнуўся, укладваючы ў чаравік галінку папараці.

А цяпер уявім сабе, што легенда праўдзівая, пэўныя акалічнасці акурат былі датрыманыя, палярызаванае святло прасвяціла тоўсты слой граніту, і Праўда сапраўды скарб убачыў. Мы маем гэтаму два доказы. Першы: ягонае забойства. Забойца быў пра ўсё інфармаваны. Бо Праўда яму давяраў. Забойца ведаў і тое, што ўначы Праўда пойдзе шукаць скарб. Так, забойца — самае нявіннае стварэнне ў Кінчары.

Чарга расказваць зноў перайшла да Скалі:

— Зузана Нотбургава зразумела, што ад нас не варта таіць тое, пра што мы і так даведаліся б: што з Пэтэрам Хвалам яны рабілі падлікі, што Праўда ведае пра значэнне імёнаў. Але яна паспрабавала пераканаць нас, што яна адчайна хоча з Кінчара вырвацца. Насамрэч яе адсюль не выцягнула б ніякая сіла. Бо яна прагне завалодаць скарбам! Але вернемся да золата. Павал Праўда насамрэч “убачыў” яго глыбока пад “тронам”. Ён прыбег дадому. Паводле дамовы, прыходзіць Зузана, Праўда з гонарам паведамляе, што скарб знайшоў. Абяцае, што на другі дзень яны пойдуць па яго разам. Ён хацеў яго “знайсці” перад вачыма ўражаных гледачоў. Таму ён затаіў самае важнае: што скарб ужо зноў нябачны. Зузана пра гэта не падазравала і забіла яго. Яна была перакананая, што досыць залезці на гару, і на ёй яе будзе чакаць раскапаная яма, поўная золата.

Малдэру заставалася толькі скончыць:

— Яна ўзяла і грошы, і рукапіс. Грошы таму, што іх яна вельмі любіць, а рукапіс таму, што баялася, што ў ім гаворыцца пра скарбы. Не забывайце, што ён быў “пра святых”. А гара, на якой знаходзіцца “трон”, называецца Святаяннай.

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на, — выгукнуў спадар Вінтэрмантэль, — але што значыць знак на падлозе?

Той чалавек устаў і падняў руку, але яго, на шчасце, ніхто не заўважыў, бо якраз у гэты момант Дана Скалі сказала:

— Уявіце сабе, што вы адшукалі скарб і паміраеце. Вы хочаце пакінуць пра гэта апошнюю вестку, і ў вас у руцэ крэйда. Што вы пазначыце? Ды месца, дзе скарб знаходзіцца. Калі б Праўду стала сілы дамаляваць, у яго атрымалася б кола. А так ён паспеў толькі палову. Кола як круглы сподні камень “трона”. І гэта другі доказ.

— Таварышы! — энергічна выгукнуў маёр Зэман. — Я пратэстую...

Трыццаць першая справа маёра Зэмана

Рашэнне паводле работніка Дзяржбяспекі ЧССР

— Таварышы! — энергічна выгукнуў маёр Зэман. — Я пратэстую супраць патугаў тых, хто ў імкненні схаваць уласную няздольнасць зневажае памяць таварыша Праўды.

Уся вашая так званая дэтэктыўная навука — гэта толькі набор спекуляцый, якімі вы хочаце адвесці ўвагу ад класавай сутнасці злачыннасці. Але ад праўды не схавацца. Праўда пераможа! Прычым нашая, сацыялістычная.

Дэтэктывы на маёра Зэмана глядзелі так, быццам першы раз даведаліся, як з’яўляецца на свет дзіця. Спадар Вінтэрмантэль прыплюшчыў вочы. Пачынаецца! — падумаў ён з жахам.

Маёр Зэман папераджальна падняў палец:

— Возьмем гэтую справу. Кожны з вас так напінаўся, каб патлумачыць тую самую фразу. Маўляў, таварыш Праўда, здымаючы грошы, прамовіў: “Прынамсі, аблегчу сваё сумленне”. Але ад каго мы гэта ведаем? Ад банкаўскага работніка! Ад прыслужніка капіталу. Ха-ха-ха! Я адразу зразумеў, што сваё расследаванне я павінен весці ў гэтым напрамку...

Маёр Зэман ведаў, да каго звярнуцца: да Монікі ў Лондане. Моніка быў таварыш, што акрамя важных вестак дасылаў на радзіму і лёзы “Жылет”, якія сапраўды галілі. Ах, якія былі часы!

Маёр Зэман зайшоў на пошту і падышоў да акенца.

— Дзевушка, мне трэба зрабіць міжнародны званок, у Лондан. Вось нумар. Колькі гадзін гэта зойме?

Дзяўчына за акенцам зрабіла няўцямную грымасу:

— У сэнсе “колькі гадзін”? Вунь тэлефон, званіце.

Маёр з ухмылкай пагразіў пальцам:

— Ат жартаўніца! Што б гэта было, калі б кожны вось так проста мог узяць і пазваніць у Лондан! Мяне цікавіць, ці паспееце вы звязацца яшчэ сёння.

Дзяўчына паглядзела на нумар:

— Гэты нумар і так несапраўдны, павінна быць дзевяць лічбаў.

— Тады пашлю тэлеграму.

— Тэлеграму?! Чаму б вам не паслаць проста эсэмэску?

Маёр Зэман наморшчыў лоб:

Каго?

Маёр Зэман, майстар канспірацыі, нарэшце паслаў таварышу Моніку тэлеграму наступнага зместу:

“5884 25888! 33 — 1 — 47 — 48!

(1519? Лёзы?)

Мр. Намэз”

Подпісам ён ганарыўся асабліва.

У банк маёр Зэман ішоў, пераапрануўшыся ў багатага замежнага турыста: майка з Мікі-Маўсам, самбрэра, у адной руцэ дыпламат са скуразамяняльніка, у другой — сетка з апельсінамі. На шыі ў яго вісеў бінокль, на вачах былі сонечныя акуляры, на нагах — бермуды, белыя шкарпэткі і сандалі. Ён жаваў жуйку. У кожным сказе казаць “o yes”, успомніў ён лекцыю са спецпадрыхтоўкі; гэта пераканае кожнага.

Ён увайшоў у банк, і ўсе вочы скіраваліся на яго. Гэта таму, што я так добра замаскаваны, усцешыўся ён.

У банку маёр Зэман адразу ўбачыў падазронага работніка, бо той кліентцы перад сабой усміхаўся. На штрыфелі ў яго быў бэдж: Душан Тлусты. “Вядома, тлусты, — з агідай падумаў маёр, — калі цябе кормяць замежныя агенты”. Ён падышоў да акенца.

— O yes, — сказаў ён, — я багаты турыст. Я Лондан.

Работнік ветліва прапанаваў:

— Would you like to speak English?

Ён не зразумеў ані слова, бо да такой магчымасці іх на спецпадрыхтоўцы, на жаль, не падрыхтавалі.

— O yes, але па-славацку, — сказаў ён і дастаў з рота жуйку. Яму шкада было яе выкінуць, таму ён прыляпіў яе сабе за вуха. Звычайны багаты заходні турыст. Ён спытаў:

— O yes, што сказала тая жанчына перада мной?

Работнік ад нечаканасці не мог падабраць словы:

— Але... я не маю права...

Маёр Зэман задаволена кіўнуў. Ён дастаў з дыпламата “Праўду”, паклаў перад сабой і шматзначна пастукаў па ёй пальцам:

А яна ў цябе ёсць?

Душан Тлусты пачаў спалохана азірацца. Зэман узмацніў напор:

— Мы вернемся, а з намі вернецца і Праўда. Як мінімум зноў як друкаваны орган КПС. O yes!

Работнік пацягнуўся па тэлефон.

Маёр Зэман пагардліва паглядзеў яму ў вочы і падумаў:

— Я цябе наскрозь бачу, ты, Тлусты!

Зэман чакаў перад банкам, пакуль у Душана Тлустага скончыцца працоўны час. Ён не спускаў з яго вачэй. Дакладней, не спускаў іх з яго тое імгненне, пакуль Тлусты выйшаў з банка, сеў у аўтамабіль і знік. Маёр з настальгіяй прыгадаў свае жыгулі, у якіх ім захапляліся ўсе супрацоўніцы...

Але ягоная ўвага не аслабела. Ён добра заўважыў налепку на заднім шкле: “НАТО ТАК”.

Маёр Зэман здрыгануўся ад агіды.

Адказу ад Монікі ўсё яшчэ не было. “Нічога, — супакойваў сябе маёр, — у крайнім выпадку звяжуся з Ладамірам”. Задачай агента Ладаміра было сачыць за агентам Монікам. Маёр Зэман адчуваў, як яго сагравае ўспамін пра цудоўныя часы сацыялістычнай салідарнасці.

“У каго ёсць свой агент, таму не бывае самотна!” — расчулена сказаў ён сабе.

Навокал была цемра, немагчыма было нічога ўбачыць. Але маёр Зэман бачыў!

— Таварышы, — звярнуўся маёр Зэман да дэтэктываў, — таварыш Праўда быў пісьменнік, але ў першую чаргу ён быў чалавек, адданы справе сацыялізму. Нават пад жорсткім націскам імперыялістычных памкненняў Захаду ён не жадаў здрадзіць ідэі і паплаціўся за гэта жыццём. Таварыш Праўда стаў пакутнікам!

Можа быць, бестыі капіталу яму і прабачылі б творы маладосці, напрыклад, “Хто ж нам яе паправіць?” — захапляльную радыёп’есу аб разборы доменнай печы, або “Кампостар” — камедыю аб эксплуатацыі рабочых на ЦЭЦ, але яму ніяк не маглі прабачыць таго, што ён бязлітасна выкрываў сапраўдны выскал так званай дэмакратыі. Таварыш Праўда працаваў замежным карэспандэнтам у пэўнай лонданскай газеце — The Capital. Ён хацеў праўдзіва і нескажона інфармаваць аб сітуацыі ў Славакіі, і ягоным эксплуататарам гэта не падабалася. А як жа: Capital! Цікава, якія ў іх былі твары, калі яны прачытвалі сказ тыпу: “Левыя ў Славакіі ўвесь час набіраюць папулярнасць”? Я ажно бачу, як гіены з The Capital у адчаі рвуць на сабе валасы! Як яны тыя сказы выкрэсліваюць, перапісваюць, змяняюць значэнні. Яны ж фарысеі ад журналістыкі! — маёр Зэман мусіў на імгненне спыніцца, каб з такой брыды апамятацца.

— Але вернемся ў Славакію. Таварыш Праўда штодня вымушаны быў змагацца з The Capital. Яны выкарыстоўвалі ўсе даступныя сродкі, каб прымусіць таварыша Праўду маўчаць аб пекле капіталізму. Яны сакрэтна падаслалі агента ў ягоны банк. Аднак таварыш Праўда ўсё адно не маўчыць, ён піша.

Маёр Зэман разышоўся:

— Бо што такое капітал, таварышы? Гэта новае боства, якому пакланяюцца яго святыя — капіталісты. Таварыш Праўда дапісаў кнігу пра “святых”, гэта значыць кнігу пра капітал, які прыграбае да сваіх рук прэсу.

У той дзень таварыш Праўда ішоў у банк, не падазраючы, што ідзе насустрач смерці. Ён зняў грошы і пахваліўся работніку Тлустаму, што дапісаў свой раман. Тлустага я выкрыў адразу. Калі я — вядома ж, пераапрануты — спытаў у яго, што казала жанчына перада мной, ён адразу пачаў запінацца. Тым цікавей выглядае тое, з якой ахвотай ён у паліцыі даваў паказанні пра ўяўную фразу таварыша Праўды. Чаму? Таму што яму яе загадалі сказаць ягоныя наймальнікі.

Каб з таварыша Праўды зрабіць злачынцу са згрызотамі сумлення!

Тлусты адразу зразумеў, якая небяспека пагражае The Capital. Як толькі таварыш Праўда выйшаў з банка, Тлусты тут жа паведаміў аб усім у цэнтральнае бюро, і адтуль прыйшоў загад. Калі я шматзначна сказаў перад Тлустым слова “Праўда”, ён вельмі перапалохаўся і кінуўся да тэлефона... каб атрымаць новы загад. Што яшчэ мог зрабіць такі прыслужнік?!

Імперыялістычная рука забойцы дабралася да Кінчара і згасіла жыццё пісьменніка. Тая самая рука вывела і “таямнічы знак”. Вы ўсе памыляліся. Яго пакінуў не забіты са сваіх апошніх сіл, і не забойца, каб адвесці ўвагу. Гэта паведамленне забойцы да тых з The Capital, хто паслаў яго выканаць гэтае агіднае злачынства, паведамленне імперыялістам і агрэсарам. Гэта не С, не Х, не стрэлка, не вуха, не круг, не месяц і ўжо напэўна не серп. Паверце, імперыялістам серп ніколі не быў да душы! Гэта U. Што абазначае USA, Злучаныя Штаты Амерыкі!

— Але... але... але ж... — спадар Вінтэрмантэль ледзь здолеў выціснуць з сябе слова, — але ж Лондан не ў Злучаных Штатах Амерыкі!

Маёр Зэман толькі махнуў рукой:

— На спецпадрыхтоўцы нас навучылі, што

У Пентагоне ўсё строяць падкопы,

Без стомы ў газеты пішуць паклёпы.

Спадар Вінтэрмантэль выглядаў зусім бязрадна. Нарэшце ён запытаў:

— Чаму спадар Праўда зняў грошы? Дзе яны? Дзе рукапіс? Каго бачыў бяздомны? Калі адбылося забойства? І галоўнае: хто забіў?

— Гэтага я пакуль не ведаю, — прызнаўся маёр Зэман, — але дастаткова ўзяць у распрацоўку Тлустага і... Ну, і яшчэ тых, з кім таварыш Праўда зносіўся, увесь Кінчар і Жлуктаў, астатніх пісьменнікаў і ўсіх чытачоў ягоных кніг. І пачакаем, што адкажа таварыш Моніка. Злачынства мы раскрыем, не сумнявайцеся. Праўда пераможа!

У памяшканні доўга, вельмі доўга панавала цішыня.

Нарэшце Той чалавек уздыхнуў.

Спадар Вінтэрмантэль таксама ўздыхнуў.

Яшчэ праз імгненне пачулася:

— Mesdames et messieurs! Яшчэ тут ёсць я, Эркюль Пуаро! І я скажу вам, як гэта было насамрэч. З пэўнага гледзішча, — падкрэсліў мсье Пуаро, — рацыю меў кожны з вас, але...

Адзінаццаць вялікіх дэтэктываў

Рашэнне паводле прыватнага дэтэктыва Эркюля Пуаро

— Mesdames et messieurs! Яшчэ тут ёсць я, Эркюль Пуаро! І я скажу вам, як гэта было насамрэч. З пэўнага гледзішча, — падкрэсліў мсье Пуаро, — рацыю меў кожны з вас, бо кожны з вас высветліў пэўны важны факт і ласкава перадаў яго мне. Прынёс проста сюды праз гэтыя дзверы, — Пуаро паказаў пальцам, — так, што мне зусім не давялося нават выходзіць з памяшкання. Досыць было скарыстацца сваімі мазгавымі звілінамі...

Мсье Эркюль Пуаро звярнуўся да спадара Вінтэрмантэля:

— Пад трупам спадара Праўды быў дыванок, n’est-ce pas?

Спадар Вінтэрмантэль пачаў блытана тлумачыць:

— Ды не, не зусім дыванок... толькі кавалак звычайнага лінолеуму. Цела ляжала на ім, а рука з крэйдай на зямлі.

Мсье Пуаро выдыхнуў з заўважнай палёгкай:

Вядома! А цяпер, — ён звярнуўся да дэтэктываў, — я вам скажу, у чым адзінаццаць вялікіх дэтэктываў мелі рацыю.

1. Містэр Шэрлак Холмс зразумеў, што гэта было зымітаванае забойства.

2. Містэр Каломба здагадаўся, што забойства адбылося раней, чым меркавалася.

3. Містэр Марлоў убачыў нездаровасць дачыненняў у Кінчары.

4. Гер Дэрык асэнсаваў важнасць утойвання рукапісу.

5. Містэр Карэла раскрыў схільнасць спадара Праўды да наіўных жэстаў.

6. Містэр Нэра Вулф распазнаў той страх, што ахопліваў Праўду ў таварыстве Зузаны Нотбургавай.

7. Міс Мэйкпіс і містэр Дэмпсі прыкмецілі непрафесійнасць у яго гульні ў дэтэктыва.

8. Міс Марпл разгадала, што “таямнічы знак” трэба не чытаць — на яго трэба глядзець.

9. Мсье Мегрэ ўсвядоміў, што бяздомны нікога не мог убачыць.

10. Міс Скалі і містэр Малдэр заўважылі значэнне дня забойства.

11. А... эмм... таварыш Зэман звярнуў увагу на сучаснасць.

Да таго ж, калі ласка, не забывайце вось пра што: спадар Праўда зняў усе грошы; ён збіраўся ісці на паляванне; зранку знайшлі адчыненыя дзверы.

Mesdames et messieurs, цяпер застаецца толькі пазвязваць усё між сабой. Напрыклад: спадар Праўда зняў усе грошы. Вы разумееце, n’est-ce pas? Звычайна пакідаюць столькі, каб рахунак не скасавалі. Але калі ведаць, што рахунак больш не спатрэбіцца... спадар Праўда зняў усе грошы і закрыў рахунак. Калі б ён хацеў толькі змяніць банк, ён перавёў бы іх на новы рахунак. З гэтага вынікае, што спадара Праўду новы рахунак не цікавіў. Аднак заробак з лонданскай газеты ён атрымліваў праз банк; ці значыць гэта, што адтуль яму больш не збіраліся прысылаць грошы? Так, менавіта так! Бо ён сам збіраўся ў Лондан, прычым надоўга. Невыпадкова ягоная кватэра была прыбраная — як калі гаспадары з’язджаюць на працяглы тэрмін. Чаму ён пра гэта маўчаў?

Спадар Праўда скончыў свой раман і сказаў, як заўважыў гер Дэрык, што пра яго будуць пісаць на першых палосах газет. Хоць спадар Праўда быў ганарлівы, але ж не дурны: ён добра ведаў, што пра пісьменнікаў на першых палосах не пішуць. Хіба толькі калі яны апынуцца ў цэнтры вялізнага скандалу. Précisément! Пра гэта і гаворка! Спадар Праўда скончыў свой раман і нікому яго не паказаў. Бо ведаў, што калі хоць нехта яго прачытае, гэта спрацуе як дэтанатар. Ён хацеў ціхенька з’ехаць у Лондан, адтуль даслаць рукапіс свайму выдаўцу і чакаць. Бо ён сапраўды напісаў, як высветліў... эмм... таварыш Зэман, кнігу пра святых новай эпохі. Аднак не пра заходніх, а пра ўсходніх. Пра тых, хто тут, у Славакіі, будуе вілы з вежачкамі і хто, дзякуючы сваёй палітычнай пазіцыі, недатыкальны. Як мы ведаем, ён тры гады працаваў над раманам. Апошні год ён правёў у Кінчары, бо яму трэба было ведаць, як такія святыя новай эпохі паводзяцца ў прыватным жыцці. І як вы ўсе пабачылі, яны ствараюць вакол сябе пекла. Я б сказаў, што да таго часу ён пісаў свой раман не пра канкрэтную асобу, але чым даўжэй ён жыў у Кінчары, тым больш з неканкрэтнага дэпутата вымалёўваўся спадар Нотбург. Ці меў ён згрызоты сумлення і з гэтай нагоды — да гэтага я яшчэ вярнуся, але безумоўна ён адчуваў іх у дачыненні да маладзенькай Зузаны, якую палюбіў. Ён баяўся ў яе прысутнасці, бо ўсведамляў, які боль ёй прычыняе, і разумеў, што прыйдзе пасля. Грошы, якія ён зняў, ён вырашыў пакінуць Зузане, каб у выпадку неабходнасці яна магла выехаць за мяжу. Ён хацеў “аблегчыць сваё сумленне”.

Далей: звярніце ўвагу на адказ спадара Нотбурга наконт характарыстыкі спадара Праўды. Нотбург сказаў: “Гэта быў джэнтльмен”. І сапраўды. Як джэнтльмен Праўда дзейнічаў, напрыклад, і тады, калі спадарыні Хвалавай падараваў падручнік мовы жэстаў. Ён меркаваў, што людзям досыць намякнуць, як ім варта дзейнічаць, і тыя так і зробяць. Наіўнасць наіўных палягае на тым, што яны пераацэньваюць значэнне добрай парады.

Мсье Пуаро ўздыхнуў.

— Цяпер прыгадайце, як містэр Марлоў спытаў у Зузаны Хвалавай, калі яна бачыла спадара Праўду апошні раз? Яна сказала: “У суботу пад вечар, ён прынёс нейкія часопісы...” Над гэтым трэба было задумацца. У спадара Нотбурга пачынаюць збірацца госці на святкаванне імянінаў, а спадар Праўда ў гэты час прыносіць туды нейкія часопісы. Ён нават не ідзе павіншаваць? Вядома ж не! Спадар Праўда аднёс Нотбургу маленькі падарунак, “нешта для бацькі” — так, магчыма, ён сказаў Зузане, якая яму адчыніла. Калі пазней яна пыталася, што там было, спадар Нотбург адказаў, што “нейкія часопісы”. Гэта пачулі і мы. Аднак у падарунку для бацькі быў рукапіс. Спадар Праўда ведаў, што неўзабаве пакаціцца жахлівая лавіна, а таму як ён быў “джэнтльмен”, ён хацеў папярэдзіць спадара Нотбурга. Да рукапісу ён прыклаў свой нож з надпісам “Праўда пераможа!”. Выключна джэнтльменскі жэст. Ведаеце, ён хацеў даць дэпутату добрую параду. Напэўна, ён паслаў бы і рэвальвер, калі б ён у яго быў. Калісьці гэтак рабілі, калі некаму даваўся апошні шанец пазбегнуць скандалу.

Спадар Нотбург разгарнуў падарунак і зірнуў у рукапіс. Ён усё зразумеў. Аднак ужо збіраюцца госці! Увесь вечар ён правёў паміж гасцямі і чытаннем рукапісу. І роздумам! Ён ведаў, што Праўда настолькі джэнтльмен, што рукапіс паслаў яму першаму. Ён ведаў, што для яго гэта значыць поўны канец. Ён не ведаў, колькі ён мае часу. Ведаў адно: дзейнічаць ён павінен імгненна. Аднак у зале было поўна людзей, і выйсці з дома незаўважна было немагчыма. А той нож яго страшэнна раз’юшыў. Вы толькі ўявіце, што вам нехта хоча знішчыць жыццё і падае вам набіты рэвальвер з заклікам: застрэлься! Тады Нотбург успомніў пра забойства, якое я некалі раскрыў у Месапатаміі.

Мсье Пуаро нясціпла ўдарыў сябе некалькі разоў у грудзі.

— Гэта сапраўды было зымітаванае забойства. Спадар Нотбург быў вясковы хлопец, пэўна ж, ён гуляўся ў дзяцінстве з рагаткай. Ад вежачкі ў доме Нотбургаў да акна спадара Праўды ўсяго пара метраў. Дэпутат — паляўнічы, ён умее дакладна цаляць нават у цемры. Ён падрыхтаваў рагатку, на гэта ў яго было некалькі гадзін, стаў да акна і пазваніў спадару Праўду. Сказаў яму нешта накшталт: “Сябра, дзякую табе за шанец, пагасі святло і падыдзі да акна, нешта табе пакажу”. Спадар Праўда мусіў думаць, што стане сведкам тэатральнага самагубства. Таму як ён сам “заклікаў” да гэтага, то цяпер і паслухаўся. Як мы ведаем, вокны былі адчыненыя, было незвычайна цёпла. Хвіліну яны стаялі адзін насупраць аднаго, потым спадар Нотбург прыцэліўся і стрэліў. Але ў рагатцы была не папяровая кулька. Там быў нож з надпісам “Праўда пераможа”. І спадар Праўда памёр.

Забойца з гасцямі пайшоў на паляванне, пад раніцу вярнуўся і злачынства давёў да канца. Цела было пад акном на лінолеуме. Ён павярнуў лінолеум так, каб цела ляжала ў бок дзвярэй, ад акна, якое ён зачыніў. Ён дамаляваў “таямнічы знак”, у якога не было ніякага іншага сэнсу, акрамя як пацвердзіць, што цела ўпала так, як яго потым знайшлі. Ён зрабіў новыя — Праўдавы — адбіткі пальцаў. Дзверы пакінуў адчыненымі, каб выглядала, што забойца сышоў праз іх. Грошы ён забраў не таму, што ў яго іх было мала. Проста сіла звычкі.

Бяздомны насамрэч нікога не бачыў. Бо была купальская ноч, паўсюль адзначалі, ён шукаў, дзе б што сцягнуць. У Кінчары ён зусім не быў, і тое, што ён нікога не бачыў, мусіла быць ягоным алібі.

Адпачатку мяне ва ўсёй справе раздражняла адна рэч: чаму ў спадара Праўды ў руцэ была крэйда? Так, mesdames et messieurs, — узняў голас мсье Пуаро, — паводле ўсіх сведчанняў спадар Праўда мусіў быць у цемры, дык адкуль, mon Dieu, у яго ў руцэ выпадкова апынулася крэйда? Але калі ў яго яе не было да забойства, то ці магу я, Эркюль Пуаро, паверыць, што чалавек на парозе смерці будзе шукаць крэйду, а не дапамогу? Да таго ж, пры адчыненых дзвярах!

Забойца нас старанна пераконваў, што знак намаляваў Праўда. Але ж чаму крэйдай? Чаму не тым, што прыйдзе да галавы першым — крывёй? Чаму ён адмовіўся ад такой уразлівай карціны, якая ў той жа час падкрэслівала б... эмм... аўтарства? А таму, што забойца, — голас мсье Пуаро гучаў драматычна, — да сваёй ахвяры дабраўся тады, калі кроў, pardon, ужо не была матэрыялам, прыдатным для пісання. Ён вымушаны быў скарыстацца крэйдай.

Павіслую цішыню абарваў спадар Вінтэрмантэль:

— Геніяльна, сапраўды ге-ні-яль-на! Гэта абсалютна дасканала!

Нечакана пачуўся голас Таго чалавека:

— Прабачце, калі ласка, дайце мне ўжо сказаць, што...

Развязка ў справе забойства ў Жлуктаве

Рашэнне паводле адзінага аматара сярод геніяльных дэтэктываў — старасты мястэчка Жлуктаў

Нечакана пачуўся голас Таго чалавека:

— Прабачце, калі ласка, дайце мне ўжо сказаць, што... — дэтэктывы павярнуліся да Таго чалавека, а потым — як на загад — зноў да спадара Вінтэрмантэля. Відавочна, ніхто з дэтэктываў ужо не памятаў, што гэта за чалавек і чаму ён тут. Спадар Вінтэрмантэль яго зноў прадставіў:

— Гэта стараста Жлуктава.

Стараста трохі пералякана вырачыўся ў стол. Пачухаў сабе за вухам. Пакруціў галавой. Уздыхнуў. Потым злучыў далоні, як пры малітве.

— Людцы! Прабачце, я з самага пачатку спрабаваў вам гэта сказаць, але ён, — стараста з дакорам паглядзеў на спадара Вінтэрмантэля, — усё не хацеў даць мне слова. Я ведаю, вы ўсе вядомыя персанажы, і для нас гонар, што вы тут, але я мушу вам нарэшце сказаць...

Стараста зноў разгублена змоўк і толькі пасля досыць працяглай паўзы выціснуў з сябе:

— Войта Прыгнанец ачухаўся.

Увесь тузін вялікіх дэтэктываў глядзеў на яго з недаўменнем. Ён працягваў:

— Прабачце, калі ласка, не сярдуйце, але вы мусіце гэта ведаць.

Ён зноў з дакорам паглядзеў на спадара Вінтэрмантэля, глыбока ўдыхнуў і пачаў тлумачыць:

— Выплаты нам прыходзяць заўсёды дваццатага. У тую суботу было ўжо дваццаць трэцяга, гэта тры дні. Грошы канчаліся, дык мужыкам у карчме не было за што піць. Тады Войта Прыгнанец прыгадаў, што швагер вінны яму восемдзесят крон. Яго звалі Людусь, таго швагра. Таксама Прыгнанец, ага. Людусь Прыгнанец. Дык Войта да яго і пайшоў. Недзе праз гадзінку вярнуўся і сказаў, што, мусіць, швагра забіў, бо ляжыць там з нажом у сэрцы. І што ён нейкі дзіўны, ані да сябе не падобны. Мужыкі думалі, што ён, як заўсёды, п’яны, і не бралі да галавы. А тады ім Войта паказаў гэтую, як яе... абувалку.

У спадара Вінтэрмантэля быў зусім збянтэжаны выгляд:

— О Божа! Якую абувалку?

— Ды во гэную, ага, — сказаў стараста і выцягнуў з партфеля шэрую металічную лыжачку для абутку.

Ён з піетэтам паклаў яе перад сабой.

— Сказаў, што ўзяў яе ў нябожчыка Людуся, бо заўсёды марыў пра такую. Адно што той Людусь Прыгнанец, той швагер, памёр ужо з год таму, ад гэнага, ад цырозу печані, ага. Ну, усіх гэта збянтэжыла, бо як бы тады Войта змог яго закалоць цяпер? Ну ведаеце, нашыя не любяць спяшацца, таму яны разважалі, што ды як. А Войта сіламоц хацеў пайсці ў паліцыю здацца, што ён, маўляў, забойца. Мужыкі яму не пярэчылі, хай здаецца, калі яму гэтак хочацца! Але ж ён паблытаў дарогу і зайшоў у сад за касцёлам. Ну і з той пары там адсыпаўся. І я ўсё ніяк не мог вам сказаць, што ён ужо ачухаўся.

Дэтэктывы ўражана маўчалі. Маўчаў і спадар Вінтэрмантэль. Стараста зноў пачухаў за вухам.

— Ну, а мужыкі дагэтуль у карчме разважалі. Ведаеце, Войта Прыгнанец заўсёды ўсё блытае. Раз выбраўся з кантрабандай у Польшчу, а замест таго дайшоў да Венгрыі. А нядаўна забыў, што ўжо жанаты, і хацеў пабрацца з касавокай Юльцяй, што ходзіць да нас у грыбы.

Спадар Вінтэрмантэль ад немачы зажмурыў вочы. Стараста Жлуктава паслужліва пачакаў, калі той іх расплюшчыць, і толькі потым працягнуў:

— Урэшце мужыкі ўзялі гэную абувалку і прыйшлі да мяне. Што раз я прадсядацель, дык каб вырашыў. Мяне тады ў карчме не было. У мяне быў гэны... герпес, — дадаў ён у сваё апраўданне.

Містэр Нэра Вулф падняў указальны палец:

— Як нас інфармаваў спадар Вінтэрмантэль, Людусь Прыгнанец быў мінулым уладальнікам дома ў Кінчары, у якім пасяліўся пісьменнік Праўда.

Усе дэтэктывы кіўнулі. Да няшчаснага старасты звярнуўся лейтэнант Каломба:

— Вы хочаце сказаць, што прайшло столькі часу, пакуль яны дадумаліся звязаць забойства спадара Праўды са сцверджаннямі гэтага... Прыгнанца, што ён некага забіў?

— Ну я ж кажу, — стараста падняў рукі, — у нас тут не любяць спяшацца.

Сяржант Мэйкпіс рэзка запярэчыла:

— Але ж не мог спадар Прыгнанец столькі часу высыпацца з пахмелля!

Цяпер здзівіўся стараста:

— Чаму не мог? То ж усяго тры тыдні!

Засмучаны спадар Вінтэрмантэль, усё ніяк не могучы ачомацца, спытаў:

— Вы сцвярджаеце, што Войта Прыгнанец забіў спадара Праўду, бо з перапою паблытаў яго са шваграм, які ўжо год як мёртвы?!

— Прабачце, я нічога не сцвярджаю. Я толькі паўтараю, што казалі мужыкі ў карчме. Войта прыгадаў, што Людусь застаўся яму вінны восемдзесят крон, і выйшаў з карчмы. А калі вярнуўся, дык сказаў, што, пэўна, яго закалоў, але што ён сам да сябе нейкі не падобны. Я ж кажу, ачухаўся ён. Я б яго, калі дазволіце, паклікаў...

— Mon Dieu, — выгукнуў Эркюль Пуаро, — але чаму абувалка?

— Ды адкуль я ведаю, — адказаў стараста. — Такая абувалка заўсёды згадзіцца, хіба не?

Спадар Вінтэрмантэль грукнуў кулаком па стале.

— Але ж гэта нечувана! У дэтэктыве забойцам не можа быць той, хто не выступае ад пачатку дзеяння! Якая карчма? Які швагер? Якая абувалка? І як патлумачыць “таямнічы знак”, фразу пра сумленне, грошы, постаць, якую бачыў бяздомны, страчаны рукапіс пра святых? А?

Стараста схіліў галаву:

— Прабачце... Гэтага я не ведаю. Але ж Войта вам усё сам патлумачыць. Хоць я б яму надта не верыў, бо нядаўна ён бажыўся, што гутарыў з марсіянінам, які яму сказаў, што ў Славакіі неўзабаве будуць калоніі ў гэным, у Кювеце. Мо ён зноў усё прыдумаў. Ці паблытаў. Ці там зусім і не быў. Ці ўжо знайшоў спадара пісьменніка забітым. Ці...

Спадар Вінтэрмантэль застагнаў.

Астатнія сядзелі без гуку.

Стараста Жлуктава зноў засаромеўся, аднак прапанаваў:

— Дык а вы... не хочаце паслухаць Войту Прыгнанца? Ці мужыкоў з карчмы? Цяперака яны цвярозыя. Выплаты ж пакуль няма.

Спадар Вінтэрмантэль схіліў галаву і ледзь чутна казаў сам сабе:

— Дванаццаць самых геніяльных дэтэктываў усіх часоў, дванаццаць самых геніяльных рашэнняў — і ўсё дарма! Можна ўсё пачынаць наноў. — Ад лютасці ён ледзь не душыўся.

— Што ж, усё зразумела, — прамовіў містэр Нэра Вулф і ўстаў. — Спадарства, дазвольце развітацца. — Ён павярнуўся да спадара Вінтэрмантэля і сказаў цішэй: — Я дастаў выдатны рэцэпт бруснічнага пірага. Калі б не гэта... — не дагаварыўшы, ён выйшаў з памяшкання, а за ім і ягоны асістэнт містэр Гудвін, які яшчэ паспеў усміхнуцца сяржанту Мэйкпіс і адсалютаваць маёру Зэману.

Агент Скалі і агент Малдэр адначасова закрылі лэптопы, адначасова ўсталі і адначасова падалі рукі спадару Вінтэрмантэлю. З прафесійнай усмешкай яны пажадалі яму далейшых поспехаў.

Містэр Шэрлак Холмс прашаптаў доктару Ўотсану:

— Я ж казаў, што гэта вельмі адметны народ! — ён падышоў да лыжачкі для абутку, падрабязна разгледзеў яе праз лупу і нават вымераў складным метрам. Потым выцягнуў з-пад крэсла футляр са скрыпкай, пакланіўся, і яны разам з доктарам Ўотсанам годна падаліся да выхаду.

Дэтэктыў першай катэгорыі Стыў Карэла не сказаў ані слова. Ён ні з кім не развітаўся, проста ўстаў і скіраваўся да дзвярэй. У іх ён павярнуўся, кіўнуў старасту Жлуктава і з задуменным тварам выйшаў.

Лейтэнант Дэмпсі падышоў да спадара Вінтэрмантэля і ўхмыльнуўся:

— Не бярыце да галавы. Ніхто не дасканалы.

Сяржант Мэйкпіс шапнула Дэмпсі:

— Акрамя мяне, вядома.

Праз імгненне пачуўся гук матора, які паступова сціхаў удалечыні.

Інспектар Каломба нерашуча ўстаў, зачапіўшы і скінуўшы на падлогу клубок воўны, што ляжаў на стале перад міс Марпл, а з кішэні ў яго зноў выпала незапаленая цыгарэта. Ён падняў яе, хвілю на яе пазіраў, быццам не ведаў, што гэта, потым пачасаў лоб, падняў руку на знак развітання і пакрочыў да дзвярэй. У іх ён спыніўся і прамовіў:

— Каб не забыць, спадар Вінтэрмантэль, напішыце мне, як усё скончыцца. Місіс Каломба будзе цікава.

Нарэшце ён запаліў цыгарэту і выйшаў.

Міс Марпл падышла да спадара Вінтэрмантэля і прыязна ўсміхнулася:

— Даражэнькі спадар Вінтэрмантэль, для мяне гэта зусім не быў страчаны час, паверце. Паглядзіце! — і міс Марпл паказала спадару Вінтэрмантэлю давязаную дзіцячую шапачку, якую разам з рэшткамі воўны і спіцамі ўклала ў вялікую чорную торбу. Пасля гэтага і яна з усмешкай пашыбавала да выхаду.

Спадар Вінтэрмантэль змучана ўздыхнуў і зноў заплюшчыў вочы.

Ён расплюшчыў іх, толькі калі адчуў сяброўскае паляпванне па плячы.

— Калі прыедзеце ў Францыю, заходзьце, — развітваўся камісар Мегрэ. — Улетку ў Парыжы і так не праціснуцца сярод турыстаў... так што тут было добра... так ціха... па-хатняму...

Гер Штэфан Дэрык і ягоны асістэнт Гары Кляйн дысцыплінавана пачакалі, пакуль спадар Вінтэрмантэль вызваліцца, а потым падалі яму рукі. Інспектар Дэрык сказаў:

— Да пабачэння, гер Вінтэрмантэль. Дашліце нам, калі ласка, выніковы рапарт, каб мы маглі дадаць яго ў архіў. Дзякую.

— Дзякую, і не забудзьце даслаць нам выніковы рапарт, каб мы маглі дадаць яго ў архіў, — паўтарыў ягоны асістэнт Гары Кляйн.

Таварыш Зэман павярнуўся да спадара старасты з пытаннем:

— Той Прыгнанец, той мёртвы Прыгнанец... ці не быў гэта наш агент з кодавым імем Сокал?

Стараста з сумневам пакруціў галавой:

— Ды не. Каб быў ён, пра гэта ўжо даўно ведаў бы ўвесь Жлуктаў. Але адзін такі ў нас некалі быў, рабіў у калгасе на ферме...

Таварыш маёр рэзка пагразіў яму пальцам:

— Мы гэта праверым, не хвалюйцеся! — адрывіста сказаў ён і пайшоў.

Мсье Пуаро падняў лыжачку для абутку і спытаў у спадара Вінтэрмантэля:

— Ці мог бы я пакінуць яе сабе як souvenir? Разам з трубкай для атрутных дроцікаў паўднёваамерыканскіх індзейцаў гэта будзе аздобай усёй маёй калекцыі рарытэтаў.

Калі спадар Вінтэрмантэль разгублена кіўнуў, Эркюль Пуаро засунуў souvenir у кішэню, пакланіўся на ўсе бакі свету і грацыёзна пакрочыў да дзвярэй.

Містэр Філ Марлоў прасачыў за ім поглядам і ўхмыльнуўся:

— У вас плацяць абувалкамі? У нас прынята ў далярах... але прынамсі цяпер я ведаю, якая тут стаўка за дзень, — ён прыціснуў капялюш да ілба, дастаў з кішэні чарговую жуйку і з ціхім смехам знік.

Стараста і спадар Вінтэрмантэль засталіся адны. Стараста засмучана спытаў:

— А чаго ўсе раптам пайшлі? Я ж толькі сказаў праўду.

Спадар Вінтэрмантэль адно махнуў рукой.

— Праўду, праўду! Гэта былі Вялікія Дэтэктывы, а вы на іх з нейкай сваёй праўдай... Вялікім Дэтэктывам патрэбныя вялікія ўскладненні, хітрамудрыя злачынствы, смелыя выкрыцці, ад якіх ажно дых перахоплівае. А вы ім падкінулі нейкіх мужыкоў у карчме! Каго гэта цікавіць?!

Стараста выглядаў збянтэжаным. Ён сказаў:

— Войта з мужыкамі чакаюць насупраць карчмы. Яны слова далі, што сёння ніякай выпіўкі. Калі б гэныя дэтэктывы засталіся, дык усё рашылі б адным скокам.

— А нашто? Каб даведацца, што нейкі п’янюга... — спадар Вінтэрмантэль толькі паціснуў плячыма.

— Гэтулькі старанняў дарма! — уздыхнуў стараста.

Спадар Вінтэрмантэль агледзеў пустое памяшканне.

— Прынамсі міс Марпл давязала шапачку, — сказаў ён сам сабе невясёла. І адразу выкрыкнуў: — Вы хоць разумееце, што вы з мяне зрабілі? Я ўжо ніякі не с.л.п., я цяпер а.л.п. — адмоўны літаратурны персанаж! Што ж мне рабіць? — ён усхліпнуў.

У старасты дрыжаў голас:

— Я сапраўды не хацеў, не, ну праўда, не перажывайце, не ведаю, чым бы я мог... чакайце, у мяне ёсць ідэя! — ягоны твар праясніўся. — Ды што ідэя, у мяне ёсць нешта, што памагае ўсім.

Ён устаў і праз хвіліну вярнуўся з поўнай бутэлькай і дзвюма чаркамі. Наліў.

Спадар Вінтэрмантэль без словаў выпіў. Потым другі раз. Трэці. Асуджанасць у ягоным твары паступова знікала. Ён сказаў:

— Але ж гэта былі цудоўныя рашэнні, праўда?

— Цудоўныя, — пагадзіўся стараста, — адно цудоўнейшае за другое. Мне спадабалася, як прыдумаў інспектар Каломба. Пра тую траву.

— І за гэта вып’ем! — сказаў спадар Вінтэрмантэль ужо значна больш разняволена.

Стараста наліў і дадаў:

— А яшчэ мне надта спадабалася рашэнне міс Марпл. Што той знак нічагуткі не значыць.

Цяпер пагадзіўся спадар Вінтэрмантэль і сказаў:

— Ага. Але я ўсё ж лічу, што самае цудоўнае рашэнне было ў мсье Пуаро.

Стараста захоплена выгукнуў:

— Ага, было файна. Сапраўды ге-ні-яль-на! Давайце за гэта!

Яны пачаркаваліся. Потым яшчэ, яшчэ і яшчэ.

Пад вечар абодва ўжо блазнавата пасміхаліся.

— Ура... уры... урэшце, — нарэшце спадару Вінтэрмантэлю ўдалося вымавіць правільна, — усё ж мела сэнс прыехаць сюды, у Жлуктаў.

— Вып’ем за гэта! — пагадзіўся стараста.

І яны абняліся.

пераклад са славацкай — Сяргей Сматрычэнка

© Daniela Kapitáňová, 2012

© Сяргей Сматрычэнка, пераклад, 2012