|
|
9 Лістапада 1997
|
Вялікі Кастрычнік і прыватны клопат. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Пасьля выхаду папярэдняе Вострае Брамы адзiн знаёмец папракнуў мяне: навошта гэтак шмат пра Ленiна, няхай забудзецца, ня згадваецца. Маўляў, разьвянчаньне галоўнага савецкага сьвятога ўжо адбылося i цяпер трэба, каб яго паглынуў нябыт.
Але як забыць, калi Ленiн дагэтуль стаiць на пляцах i вулiцах Беларусi? Калi юбiлей ягонае рэвалюцыi дагэтуль адзначаецца, як дзяржаўнае беларускае сьвята?
У Вiльнi на консульстве РБ вiсiць аб'ява: "7 ноября консульство не работает в связи с празднованием Дня Октябрьской Революции". Ужо не Вялiкай i не Сацыялiстычнай, а проста - Октябрьской.
Я разглядаў гэтую аб'яву i думаў пра парадаксальную неадпаведнасьць формы i зьместу. Вось тэкст, набраны на якiм-небудзь тайванскiм цi сынгапурскiм, але нiяк не савецкiм кампутары, надрукаваны на фiнскай, а не савецкай паперы, запраўлены ў плёнку на несавецкiм апараце. Вось консульства - акуратны будынак колiшняга лiтоўскага дзiцячага садка, якi нiчым не нагадвае пра савецкiя архiтэктурныя iдэалы. Вось Вiльня, якая калi й дарагая мне, беларусу, дык тым, што тут ад Скарыны да сёньня жыла й жыве сапраўдная беларушчына, несавецкая. Вось, нарэшце я, грамадзянiн Беларусi, якi прыйшоў перааформiць завершаны пашпарт i не магу зрабiць гэта з-за сьвята, якое ня мае нiякага дачыненьня да маiх грамадзянскiх абавязкаў.
Словам паводле формы ўсё, як бы сказалi камунiсты, капiталiстычнае, а паводле зьместу - савецкае.
Савецкая эпоха так i не стварыла нiчога простага, людзкага i зручнага. Заўсёды i паўсюль яна толькi iгнаравала прыватны чалавечы клопат. Чалавек iснаваў у атачэньнi гiгантаў
iндустрыялiзацыi i манумэнтальнай прапаганды, але часта не знаходзiў, дзе перахапiць, затэлефанаваць цi справiць патрэбу.
Зьмест савецкай эпохi - пампэзная iдэалягiчная шумiха або гэбiсцкая падозранасьць да кожнага - на кожным кроку паўставаў бар'ерам для простага чалавечага клопату - цi то на
шляху ў краму, цi то на шляху ў навуку, цi то на шляху ў людзi.
Мой знаёмец спадзяецца, што помнiкi правадыру, якiя дагэтуль стаяць на пляцах нашых гарадоў, самi сабою перастануць што-небудзь значыць i заўважацца? Але ж не. Яны дыктуюць нам нашыя ўзаемадачыненьнi. Працягвае iснаваць ня толькi савецкая форма, але й камунiстычны зьмест. Праўда, ён усё больш гратэскавы i варты жалю.
Цi ня самае публiчнае змаганьне памiж капiталiзмам i сацыялiзмам адбываецца сёньня ў Беларусi ў сфэры грамадзкiх прыбiральняў. У Менску на Даўгабродзкай я неяк завiтаў у яшчэ
нядаўна платную ўстанову. Сёньня там у вакенцы касiра сядзiць пажылы чалавек з выглядам старога бальшавiка, перад iм выстаўлены рулён паперы. Над вакенкам надпiс: Бесплатно. Ня
маю сумневу, што заўтра тут зьявiцца iншы надпiс: Закрыто. Прычына тая самая, што i ў аб'яве на кансуляце РБ у Вiльнi. Непавага да прыватнага чалавечага клопату.
I таму сёньня ў рубрыцы ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ мы працягнем гутарку пра савецкую cпадчыну. Акрамя гэтага мы распавядзем пра юбiлей аднае менскае вучэльнi i пра новае выданьне старога беларускага фальклёру.
ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ
Ёсьць сярод маладзейшых беларускiх лiтаратараў адзiн, якi сёньня стварае вобразы Ленiна, Дзяржынскага ды iншых каменных постацяў, якiя стаяць на нашых вулiцах i плошчах. Гэта Сргей Астраўцоў, аўтар кнiгi прозы, якога чытачы найлепей ведаюць як журналiста Радыё Свабода i газэты "Свабода".
ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ
Яшчэ адзiн малады лiтаратар Андранiк Антанян прадстаўляе ўжо тое пакаленьне, якое не апiсвае камунiстычных iдалаў, а шукае спосабу ачысьсiць ад iх нашую зямлю. Пра адзiн такi эпiзод - пра пiсталет Фэлiкса Дзяржынскага...
(Андранiк Антанян: ) "Калi тое было? Мусi, гадоў шэсьць таму. Калi Лiтва чарговы раз у гэтым стагодзьдзi абвесьцiла пра сваю незалежнасьць, а савецкiя войскi ўсё яшчэ стаялi ў Вiльнi, i пакуль яшчэ не атрымалi каманды душыць людзей танкамi. Чаго я ў тыя днi прыехаў у Вiльню, узгадаць сёньня ўжо складана. Цалкам магчыма, што бяз дай-патрэбы. Проста склаў заплечнiк, пакiнуў бацькам цыдулку й паехаў. Аўтаспынам, вядома. У 16 гадоў вельмi проста ўзяць зубную шчотку ды зьмену бялiзны й зьехаць у няблiзкi сьвет. Кавы ў "Ledaine" папiць.
Начаваў я ў сквоце на вулiцы Зарэчнай 2 - у паўразбуранай частцы старога гораду. Аўтаномiя гэтая йснуе й па сёньняшнi дзень, не такая шматлюдная, праўда. Сем гадоў таму зарачанская
багема толькi й размаўляла пра блiзкую сьмерць Савецкага Саюзу, i кожны прапаноўваў свой варыянт сьмяротнага ўдару пад дых iмпэрыi. Звычайна збiралiся запусьцiць мурашоў у будынак ЦК Лiтоўскай Кампартыi, зрабiць публiчнае самаспаленьне на Краснай плошчы ў Маскве i г.д.. Вядома, зьдзяйсьняць гэтыя дзёрзкiя й небясьпечныя для здароўя намеры нiхто не зьбiраўся. Багема, размовы, прыгожыя позы.
Адзiную блiзкую да рэальнага стану рэчаў прапанову нарадзiла на сьвет божы мая сяброўка Аўшра. Яна сказала прыкладна наступнае:
"Савецкi Саюз гэта такi Кашчэй Неўмiручы. Сьмерць ягоная ў iголцы. Iголка ў качцы. Качка ў куфэрку. А куфэрак гэты, як мне здаецца, знаходзiцца тут, на Зарэччы, i называецца "Музэй
Ф.Э.Дзяржынскага", а iголка - цьвiк музэйнай экспазыцыi - асабiсты рэвальвэр першага й самага галоўнага чэкiста. Наша задача скрасьцi яго й патапiць у Вялейцы".
Мне спадабалася хада думак Аўшры. Мне было шаснаццаць гадоў. Маiм любiмым пэрсанажам беларускай гiсторыi быў Кастусь Калiноўскi, а музэi ўжо тады я недалюблiваў. Яшчэ я быў
закаханы ў Аўшру й словы "ня ўпасьцi тварам у бруд" разумеў крыху шырэй чым цяпер.
Плян наш быў просты - зайсьцi ў музэй пад маркаю сьцiплых маладых людзей, зацiкаўленых гiсторыяй рэвалюцыйнай барацьбы. Пасьля ў залi, дзе выстаўлены "пiсьцiк" зарачанскага Фэлюся, я разьбiваю адным ударам малатка шкло вiтрыны, Аўшра хапае пiсталет i мы бяжым уверх дварамi па Падрэчнай у бок Галяндэрскай да крэматорыю, а там ужо пачынаецца лес...
Адкладаць вырашэньне праблемы йснаваньня СэРуСэру ня сталi, проста зарулiлi дахаты па малаток. Неспадзяванкi пачалiся пасьля таго, як я сапраўды адным ударам расквасiў шкло, пад якiм ляжаў пiсталет колiшняга вiленскага гiмназiста Фэлiкса Дзяржынскага. Спрацавала сыгналiзацыя, малаток высьлiзнуў з рукi. Сьляды на месцы злачынства пакiдаць не хацелася, але перш чым атрымалася ўхапiць афарбаваную у чырвоны колер ручку малатка, двойчы давялося са ўсёй моцы сьцiснуць у жменi шкляныя аскепкi. Нам усё ж пашчасьцiла ўцяцы з музэю, праўда, трэба прызнаць, што вечна сонныя бiляцёркi ды даглядчыцы не адважылiся чынiць нам перашкоды.
"Пiсталет Дзяржынскага" насамрэч аказаўся звычайным муляжом, месца якому ў краме дзiцячых цацак або на складзе школы з мастацкiм ухiлам. Мiлiцыi-палiцыi чуваць не было. Аўшра, як у Галiвудзкiх кiнах, адарвала кавалак тканiны ад сваёй кашулi й перавязала мне скрываўленую руку. Яшчэ яна казала, што краiна, дзе ў музэi замест рэальных рэчаў, сымбаляў эпохi перахоўваюцца халтурна зробленыя муляжы, ня мае будучынi, i што ўсё савецкае мастацтва, увесь гэты сацрэалiзм, неўзабаве ператворыцца ў вытворчасьць муляжоў.
А я ў той дзень, на трывiяльным, заваленым гнiлым рызьзём ды засцаным катамi Зарачанскiм гарышчы прыйшоў да высновы, што рэчы, на самой справе датычныя да гiсторыi, не даходзяць да рук музэйшчыкаў. Дзе можна памацаць вяроўку, на якой павесiлi Калiноўскага, палёгаць у руцэ бомбу Пулiхава, цi пагартаць лемантар, па якiм так i не навучыўся пiсаць па-расейску без памылак Вацак Ластоўскi?"
ПРЫВАТНЫЯ РЭЧЫ
Адразу пасьля вайны ў Беларусi пачалi стварацца пэдвучэльнi, якiя б рыхтавалi зь вясковых дзяцей кадры iдэйных настаўнiкаў-русiфiкатараў для тых жа вясковых школаў. Зь перадачаў Свабоды мы ўжо ведаем пра тое, як самi дзецi супрацьстаялi такой палiтыцы, гуртавалiся ў нефармальныя патрыятычныя арганiзацыi, за што многiя зь iх пайшлi ў гулаг. Адным з рассаднiкаў русiфiкацыi стала Менская мастацкая вучэльня. Днямi яна адсьвяткавала свае 50-я ўгодкi. Яе выпускнiк Сяргей Харэўскi згадвае:
(Сяргей Харэўскi: ) "Пасьля таго, як у 1982 годзе вучэльня пераехала ў стары, яшчэ даваенны будынак былога фiнансава-эканамiчнага тэхнiкуму, тут стварылася асаблiвае асяродзьдзе. У гэтым аточаным цёмным паркам доме з пампэзным портыкам, паводле нейкага зьбегу
зораў, увесь час жыў беларускi дух. Вядома, камунiсты заўсёды трымалi руку на пульсе адукацыi. Але ж...
Iдэалягiчны кантроль iснаваў i падсьведама. Усе ведалi, што можна маляваць, а што не. Гэта быў час, калi ў Афганiстане iшла вайна. Некалькi выпускнiкоў вучэльнi склалi там галовы. А
камсамольскiя арганiзацыi сачылi, каб баранi Бог, дзе на сьцяне цi ў сшытку не зьявiлiся пацыфiсцкiя значкi. Але многiя правакацыi праходзiлi. Ужо ў сярэдзiне 80-х нацыянальная
сьведамасьць сярод навучэнцаў пачала буяць нечаканым кветам. То тут, то там зьяўлялiся Пагонi, бел-чырвона-белыя спалучэньнi, шасьцiканцовыя крыжы i нават подпiсы беларускаю
лацiнкай. Настаўнiкi часьцей за ўсё глядзелi на гэта скрозь пальцы. А спадарыня Лордкiпанiдзе, якая правяла маладосьць у сталiнскiх турмах, актыўна баранiла права вучняў пiсаць на сваёй мове. Пасьля зьявiлiся насьценгазэты па-беларуску, з усiмi нацыянальнымi "наваротамi" i першыя ў Менску беларускамоўныя дыскатэкi...
Але пасьля ўдзелу навучэнцаў у акцыi супраць зьнiшчэньня будынку першай беларускай опэры, "органы" узялiся за мастацкую вучэльню ўсур'ёз. На агульным сходзе вучэльнi, пасьля цытатаў 30-50-х гадоў пра дробнабуржуазнасьць Дунiна-Марцiнкевiча i Багушэвiча, старшыня камсамольскае арганiзацыi з прозьвiшчам Марцiнкевiч, распавёў зьнямелым вучням i настаўнiкам, што ў вучэльнi дзейнiчаюць некалькi(!) антысавецкiх груповак. Тады гучнай справы ня выйшла. Дырэктар вучэльнi, Краўчук, па мянушцы Орех (за тое, што старанна "окал"), як нi спрабаваў давесьцi ў КГБ, што й сапраўды ён выявiў нацыяналiстычную сетку, нiчога не дамогся. Зь ягонага спрыту сьмяялiся нават гэбiсты. Ну а камсамолец Марцiнкевiч, злоўлены спачатку за расьпiцьцём гарэлкi ў пад'ездзе, а пасьля i за "фарцою",
скончыў сваю палiтычную кар'еру.
Пакрысе ўсё ўвайшло ў норму. Аднавiлiся нават рэпэтыцыi рок-гурта "Мроя", якi прынес славу вучэльнi. Праўда, не такую, як хацелася б кiраўнiцтву. Змаганье дырэкцыi зь беларушчынай не супынялася. Дырэктар выклiкаў па адным вучняў, якiя паслугоўвалiся моваю, i казаў: "Я тоже белорус, но говорю по-русски. И ты, будь добр, в училище говори по-русски". Вынiкi такога выхаваньня неўзабаве далi свой плён...
У кастрычнiку, на сьвята брэжнеўскае Канстытуцыi, на вучэльнi былi вывешаныя бел-чырвона-белыя сьцягi... Савецкiя былi сарваныя, адзiн паклалi замест анучы перад дзьвярыма, а другi знайшлi ў сьметнiцы. Цiкава, што хлопцы, якiя зрабiлi гэты ўчынак, не былi беларусамi па крывi. Таму iх нават не падазравалi. Затое паўгады ў вучэльнi йшлi гэбiсцкiя допыты, праводзiлiся экспэртызы. Дазнаньне КГБ выявiла, што й сапраўды, дзясяткi навучэнцаў ужо даўно праводзiлi незалежнiцкую прапаганду, актыўнiчалi ў розных беларускiх суполках. У ЦК КПБ i ў "органаў" галава пайшла кругам. Праз пару гадоў дырэктара вучэльнi "скарацiлi".
За гады йснаваньня вучэльнi, зь яе сьценаў выйшла звыш трох тысячаў выпускнiкоў. Большасьць зь iх не засталася мастакамi. Хто пiша кнiгi ў Менску, хто працуе круп'е ў Нью-Ёрку, хто гандлюе машынамi ў Ляйпцыгу, а хто й па-просту настаўнiчае ў вёсцы. У лiтаратуру сыйшлi Глёбус, Сьцепаненка, Сiўчыкаў, у музыку - Вольскi, Анемпадыстаў. Што да мастакоў, дык i iх нямала: Савiцкi, Шчамялёў, Шаранговiч, Паплаўскi, Сумараў, а таксама браты Кашкурэвiчы, Пятроў-Хруцкi, Клiнаў. Мiхась Мiрошнiкаў, якi вывесiў сьцягi, працуе рэстаўратарам мэталу ў музэi народнага дойлiдзтва ў Строчыцах, а ягоны паплечнiк Алесь Макееў даўно эмiграваў з бацькамi ў Канаду. Цiкава, як складзецца лёс тых хлопцаў, якiя вывесяць на мастацкай вучэльнi нашыя сьцягi заўтра?"
(Сяргей Дубавец: ) Сяргей Хароэўскi згадваў пра сваю родную Менскую мастацкую вучэльню ў зьвязку зь яе 50-мi ўгодкамi.
OPUS CITATUM
Але, сапраўды, досыць пра Ленiна. Прынамсi, для гэтае перадачы яго дастаткова. Найчасьцей мы й гаворым пра яго, бо ня маем нагоды гаварыць пра штось альтэрнатыўнае, людзкае.
У якасьцi такога я выбраў кнiгу "Фальклёр у запiсах Яна Чачота i братоў Тышкевiчаў", якая нядаўна выйшла ў акадэмiчнай сэрыi "Беларуская народнай творчасьць". Усе творы запiсаныя ў пачатку мiнулага стагодзьдзя i зьяўляюцца першакрынiцай сьведчаньняў пра тое, што было з нашай краiнай i нашымi продкамi амаль дзьвесьце гадоў назад, калi Беларусь была захопленая Расеяй, але яшчэ ня страцiла свайго ўласнага аблiчча.
На жаль, для многiх сучасных беларусаў такая кнiга - як бы за болевым парогам. У галовах усё яшчэ сядзiць тэза пра тое, што да 17-га году гэта была дзiкая краiна, дзе панавала
бязьлiтасная эксплуатацыя, а чарназёмны народ у аборах i з каўтуном у галаве сядзеў па зямлянках. I толькi рэвалюцыя вызвалiла яго з жабрацтва i цемнаты. Уся гiсторыя да 17-га
году адрэзаная хiрургiчным спосабам. Гэта значыць, чалавек не праектуе яе сьведчаньнi на сваёй ўласнае жыцьцё. Бо да рэвалюцыi не было нiчога. А калi што й было, дык да нас або да
нашага жыцьця гэта ня мае нiякага дачыненьня. Гэта - казкi, прыгожыя прыдумкi. А калi не прыдумкi, дык што тады нам усiм трэба зрабiць з сабою, якi перажыць грандыёзны пераварот
уяўленьняў пра сябе i свой край, фактычна - перарадзiцца. Таму лепш не чапаць лiха.
Аднак рана цi позна зачапiць яго давядзецца. Ня нам, дык нашым наступнiкам. I тут аўтэнтычныя, дакумэнтальныя запiсы народных песень, прыказак i абрадаў, зробленыя Янам Чачотам i братамi Тышкевiчамi саслужаць нам незаменную службу.
Першаю нам кiнецца ў вочы Вiльня. Так шмат яе i з такой любоўю пяяў пра яе наш продак.
Ой, у Вiльнi, Вiльнi Усе званы званiлi.
Магчыма, Вiльня таму й ня стала беларускай, бо была занадта высокай марай. Як Бог ня можа быць проста родзiчам цi суседам, як Дунай ня можа быць проста ракой. Вiльня стала для беларусаў iх горадам-iдэалам, горадам увогуле, як Дунай стаў увогуле ракой.
А яшчэ мы абавязкова зьвернем увагу на высьмейваньне няздараў i ўсялякай бядоты! Тут няма працяглых журботных песень пра тое, што няма чаго есьцi, няма ўва што абуцца. Такiя песьнi зьявяцца пазьней. У гэтых жа няма нi лапцей, нi каўтуна. А вось казловых боцiкаў ды шаўковых хустачак - колькi заўгодна.
Тут амаль пануе сацыяльны мiр. Часам можна падумаць, што гэтыя песьнi складалiся панамi. I толькi род заняткаў - жнiво, касьба i г.д. выдае, што панамi выглядаў наш працоўны люд.
Вiншую паноў вянком, Паны мяне мядком.
Кiдаецца ў вочы i мiр рэлiгiйны, цi, можа, рэлiгiйная абыякавасьць, якая выяўляецца ў непрынцыповай тэрмiналёгii. "Ды няма ксяндза дома, Ды паехаў да Альбова Ключыкi купавацi, Цэркаўку адмыкацi". Цэркаўку адмыкае ксёндз.
Геаграфiя - уся Беларусь, але найчасьцей сустракаецца Вiльня - хутчэй iдэальны, чым рэальны беларускi горад. Гэтаксама як i найбольш частая рака - Дунай - iдэальная беларуская рака.
Iмёны таксама мяшаныя - каталiцкiя i праваслаўныя: Казюшка, Андрэйка, Кацярынка, Юрась з Габрусём, Гарыслаўка i Яначка, Настулька, Ульлянка, Люсечка, Аленка, Мар'ячка, Барыска,
Кузёмка ды Анатолька, Зьмiтрачок i Мiхалка, Адолька, Славачка i Тамашок. Iмёны пераважна памяншальныя. Гэтаксама ласкава апяваецца i побыт i прырода i абрадавыя сьвяты. Гэтыя
бязьбедныя людзi, паселеныя Богам у бязьбедным краi мелi клопаты хiба што псыхалягiчнага характару, зьвязаныя з дачыненьнямi памiж людзьмi ў сям'i або на глебе а'янства i
глябальнымi фiлязофскiмi праблемамi.
Чамусьцi бяз дай прычыны мне ўсё гэта пачынае нагадваць фiльмы Бергмана, дзе чалавека турбуюць не праблемы быту, а праблемы быцьця. Гэткаю паўстае Беларусь зь песень пачатку ХIХ ст. Зусiм эўрапейская краiна, ужо анэксаваная Расеяй, але яшчэ не разбураная, не абрабаваная, яшчэ жывая. Адзiнае, бадай, сьведчаньне новай рэальнасьцi - рэкруцкiя наборы ў расейскую армiю, якiя зь песень паўстаюць сапраўднымi аблавамi на моладзь.
Нездарма тут вельмi чыста гучаць патрыятычныя матывы, амаль невядомыя нам у пазьнейшых песьнях:
Старана мая, староначка,
Не магу цябе пазабыцi,
Ды нi ўдзень ходзячы,
А нi ўначы сплючы.
Радзiма тут зьвязваецца ня столькi з краем, колькi з родам, зь сям'ёю.
Усё, што было пасьля, - быў гвалт прыхадняў i змаганьне патрыётаў менавiта за гэтыя традыцыйныя падмуркi iснаваньня, галота i вынiшчэньне ўсялякага супрацiву, русiфiкацыя i
рэвалюцыйныя маршы, войны i акупацыя.
Нашы дзяды ня зналi бяды, але ж унукi набралiся мукi. - Запiсаў Яўстафi Тышкевiч у Барысаўскiм павеце ў пачатку мiнулага стагодзьдзя. Аналiз беларускае гiсторыi падказвае,
што такая прыказка суправаджае нашую нацыю на працягу ўсяго ейнага iснаваньня.
Маўляў, усё прайшло мiнула, няма таго, што раньш было. Няма - гэта праўда, але няма не фатальна, а таму што надта мала ў нас чаго робiцца пад скляпеньнямi цi ў атворы нашае Вострае Брамы.
|
|
|
|
|
|
|