|
|
14 Сьнежаня 1997
|
Беларушчына ў Інтэрнэце. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Гадоў 10 таму, калi мы зь сябрамi набiралi тэксты першых незалежных газэт на кампутары, нельга было нават уявiць сабе, якая рэвалюцыя тэхналёгii адбудзецца неўзабаве. Тая
кампутарная прыстаўка да тэлевiзара, зь якой файлы перапiсвалiся на магнiтафон, выглядала больш на забаўку, чым на заўтрашнi дзень выдавецкае справы. Тады, 10 гадоў назад,
паўсюль яшчэ стаялi лiнатыпы i кожны газэтны i кнiжны радок адлiваўся ў мэтал. Друкарнi мала чым зьмянiлiся ад Скарынавых часоў. Хiба што болей стала грукату i смуроду.
I вось сёньня, праз 10 гадоў, ужо цяжка ўявiць сабе газэту або кнiгу, якая набiраецца ў мэтале, або выдавецтва, не аснашчанае кампутарамi. Найноўшыя праграмы вёрсткi, прыёмы сканаваньня здымкаў, найусялякiя шрыфты... Магчымасьцяў столькi, што не пераспрабуеш за жыцьцё. Гэтак на тэрыторыi разваленага сэсэсэру непрыкметна адбылася амаль нiкiм не заўважаная сапраўдная рэвалюцыя тэхналёгii, iнфармацыi i культуры. Яна стала часткай усеагульнай рэвалюцыi, iмя якой Iнтэрнэт. Сусьветная кампутарная сетка заўтра заменiць тэлевiзар, радыё, а магчыма i газэты зь бiблiятэкамi. Праблема выбару iнфармацыi набывае тут зусiм iншую якасьць. Вы прыходзiце дадому, сядаеце ў фатэль i выбiраеце не адзiн зь пяцi або пяцiдзесяцi тэлеканалаў, а тое, што вам хочацца глядзець i слухаць: апошнiя навiны зь любой сфэры жыцьця на любой мове, або кiнафiльм - адзiн з усiх калi-небудзь зьнятых, або нават
размову зь сябрам, якi пяць гадоў назад эмiграваў у Аўстралiю i хоча паказаць вам сваiх авец. Iншая якасьць выбару безумоўна паўплывае на характар i сутнасьць чалавека, зьменiць яго так, як у свой час зьмянiла урбанiзацыя. Для беларускай культуры гэтыя зьмены азначаюць новы этап - пасьля Скарынавай друкаванай кнiгi. Усё гэта адбываецца сёньня, у канцы ХХ
стагодзьдзя, але зьменены культурны ландшафт мы пабачым, бадай, ужо ў наступным тысячагодзьдзi.
Рэвалюцыя адбываецца непрыкметна, але пры гэтым яна татальна руйнуе ўсе ранейшыя ўяўленьнi i нават iдэалёгii. Уявiце сабе гома саветыкуса, якi пралiчвае мэгабайты свайго харддыска або шукае аднадумцаў у Iнтэрнэце. Я не ўяўляю. Рэвалюцыя не заўважаецца, таму што для нас яна ўсё яшчэ чужая. Яна ня стала тэмай дыскусiяў у друку. Усе дыскусii i пазнавальныя матэрыялы нiбы з маўклiвае згоды аддадзеныя на водкуп Захаду, дзе, зрэшты i ствараюцца новыя тэхналёгii. Але пра тое, якiя зьмены гэтыя тэхналёгii прыўносяць у беларушчыну, у нас не гавораць. Хоць, магчыма, гаварыць пра гэта нашмат важней, чым
абмяркоўваць антыбеларускiя дэструкцыi сёньняшняга рэжыму. Прынамсi, гэта стваральная тэма, якая абяцае беларушчыне вялiкую будучыню.
Уявiце сабе, што праз тры-пяць гадоў Iнтэрнэт будзе ў кожнай школе, у кожнай бiблiятэцы, у кватэрах. I канкурэнцыйнасьць нашае культуры ў кiбэрпрасторы запатрабуе ад нас зусiм iншага погляду, iншага мысьленьня, iншых хуткасьцяў. Напрыклад, поўны збор твораў Купалы вы набудзеце на адным кампакт-дыску, дзе акрамя тэкстаў будуць i жывы голас песьняра, i, скажам, вiдэазапiс ягонай п'есы "Тутэйшыя" ў Купалаўскiм тэатры, i ўся
пэрсанальная энцыкляпэдыя "Янка Купала". Прычым выраб такога дыска зойме некалькi месяцаў, тады як традыцыйны Збор твораў патрабуе доўгiх гадоў выданьня.
Ведаю, што нашы пiсьменьнiкi старэйшага пакаленьня адхрышчваюцца ад кампутара як ад чорта. Але, на жаль, публiчныя дыскусii пра мастацкае слова ў Iнтэрнэце вядуцца ня ў нас, а ў Амэрыцы, дзе ўжо выказаная ўся магчымая аргумэнтацыя як за так i супраць. Беларусь не навалiлася талакою на кiбэрпрастору. У нас зусiм няма беларусiзаваных праграмаў, мы карыстаемся расейскiмi, польскiмi або ангельскiмi. Створаны некалi Вiктарам Аўтушкам кампутарны перакладчык з кiрылiцы на лацiнку - цi не адзiная беларуская праграма за гэтыя 10 гадоў.
Тым ня менш, беларускае слова пашыраецца ў Iнтэрнэце. Мы таксама апаноўваем гэтую прастору. Некалькi газэт, падштурхнутых да кiбэрпрасторы небясьпекаю быць закрытымi ва
ўласна газэтным выглядзе, кнiгi, даведнiкi. Паказальна, што найбольшая беларуская культурная падзея, зьвязаная з Iнтэрнэтам, злучыла сёньняшнюю тэхналягiчную рэвалюцыю з
папярэдняй, зь iмем Скарыны. Сяргей Шупа адшукаў у кампутары выстаўленую на продаж ягоную кнiгу.
Гэтая падзея нацыянальнага маштабу наштурхоўвае на процiлеглыя думкi. Па-першае, пра маральны бок справы, калi асобныя людзi набываюць кнiгу, якая б зрабiла гонар нацыянальнай бiблiятэцы ды i ўсёй краiне, галоўны праспэкт якой носiць iмя
першадрукара. Набываюць таму, што дзяржаўныя органы гэтай краiны тое мала абыходзiць. Па-другое, думаецца пра будучыню беларушчыны ў кiбэрпрасторы. Другая тэма, безумоўна,
цiкавейшая, бо дазваляе казаць пра рэальныя справы i самыя неверагодныя фантазii, якiя пры новых тэхналёгiях можна ўвасобiць у жыцьцё. Мабыць, у наступным стагодзьдзi гэтая тэма
стане галоўнай тэмай культуры ў Беларусi. А першая думка, наадварот, можа завесьцi ў прыгноблены стан, чарговы раз прымусiць казаць пра пагiбель беларушчыны, мовы, культуры. Калi ж дзьве гэтыя думкi зьвесьцi разам, мы атрымаем яшчэ адзiн доказ часовасьцi сёньняшняга антыбеларускага рэжыму, якi не знайшоў у сабе анi сродкаў, анi цiкавасьцi, анi
элемэнтарнага разуменьня, каб прыдбаць для нашчадкаў вечную кнiгу.
Бадай, галоўная асаблiвасьць Iнтэрнэту - гэта ягоная ўсеагульнасьць. У гэтай прасторы беларуская культура сапраўды адкрытая сьвету. Яе творы могуць уваходзiць у Iнтэрнэт у любой кропцы Зямлi i ў любой iншай кропцы прымацца. Яе будучыня тут залежыць толькi ад яе самой. Яшчэ трохi, i гэтая гiганцкая хваля зьнясе на сваiм шляху ўсё, што прыносiць нам сёньня так шмат праблем.
|
|
|
|
|
|
|