news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



19 Красавіка 1998
 
Бела-русі-фікацыя.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Калi пачынаеш гутарку пра расейцаў, якiх у сучаснай Беларусi паводле перапiсу мiльён, дык раптам разумееш, што iх няма. Не вiдаць. У штодзённым бытнаваньнi яны зьлiваюцца з тлом рускамоўнае беларускае публiкi. Яны не выходзяць на ўласныя
мiтынгi, не вызiраюць са старонак рускамоўнае прэсы. Мы ня зьвязваем свае ўяўленьнi пра расейцаў у Беларусi з русiфiкацыяй, бо яны, расейцы, такi самы аб'ект гэтай русiфiкацыi як i мы. Яны, як правiла не займаюцца беларусаедзтвам, таму мы iх не вылучаем з агульнае масы. Праўда, тое, што этнiчных працэсаў не вiдаць, зусiм не
азначае, што яны не адбываюцца i што заўтра ня выплеснуцца ва ўсёй сваёй непрыгляднасьцi або красе.

Гэтыя працэсы, напрыклад, ужо добра бачныя ва Ўкраiне, якая, у адрозьненьне ад Беларусi, не спынiлася ў сваiм разьвiцьцi i дае прыклады зусiм блiзкага кшталту. Апошняе сьведчаньне гэтага я знаходжу ў артыкуле са сьвежага нумару "Русской
мысли". Ён так i называецца "Новыя рускiя ўкраiнцы. Да пытаньня аб новых архетыпах масавае сьвядомасьцi ва Ўкраiне". Чытаючы гэты тэкст, ловiш сябе на думцы, што гутарка iдзе пра расейцаў i ў беларускiм кантэксьце таксама.

"Тое, што вялiкая, калi ня большая частка рускамоўнага насельнiцтва крiнаў Балтыi супрацьпастаўляе сябе расейцам, якiя жывуць у Расеi, - нi для каго ўжо не сакрэт. Нягледзячы на агульнасьць мовы i (часткова) культуры, цяжка паддаецца параўнаньню "нацыянальная самасьвядомасьць" расейца зь Вiльнi або Талiна i, скажам, расейца з Разанi або Нiжняга Ноўгарада. Мы ўсе яшчэ баiмося (цi не гатовыя?) пра гэта казаць, мiж тым як на справе мы прысутнiчаем пры грандыёзным працэсе фармаваньня зусiм iншай самаiдэнтыфiкацыi ў асяродзьдзi расейскамоўнага насельнiцтва былога Саюзу".

Крыху нiжэй мы прачытаем артыкул "Новыя рускiя ўкраiнцы" цалкам, а пачнем з уласна беларускiх успамiнаў i ўражаньняў. Напрыклад, Андранiк Антанян з свайго досьведу робiць выснову пра тое, што расейцы ў Беларусi павольна i няўхiльна зьнiкаюць сярод беларусаў. Яны страчваюць уласную этнiчную адметнасьць i
славутае пачуцьцё загадкавасьцi расейскае душы.

(А.Антанян: ) "Загадкавая расейская душа сярод беларускiх балот... Перш, чым што-небудзь казаць пра яе, лiчу вартым разьвесьцi два тэрмiны - этнiчнае паходжаньне й нацыянальнасьць. Першае мае дачыненьне да этнаграфii (расейскiя пiрагi, расейская музыка, расейскае хамства) - другое тычыцца справаў дзяржаўных. Груба кажучы, этнiчнасьць вызначаюць традыцыi, якiх ты трымаесься, а нацыянальнасьць - колер пашпатру ў тваёй кiшэнi. У той безьлiчы бюракратычных анкетаў, якую мне давялося запаўняць, на пытаньне пра этнiчнае паходжаньне я кожны раз адказваў па-рознаму - беларус, армянiн, асiрыец, скiф. У гэтым учынку ня столькi хулiганства, колькi жаданьня падкрэсьлiць, што этнiчнае атаесамленьне - справа выбару. Росчырк на паперцы зрабiць нашмат лягчэй, чым зьмянiць пашпарт. У Беларусi гэтыя два тэрмiны па сёньняшнi дзень сынанiмiчныя.

За апошняе дзесяцiгодзьдзе не адна тысяча людзей навучылася размаўляць па-беларуску з расейска-крыўскiм слоўнiкам Ластоўскага. Але яны больш нагадваюць героя аповесьцi "Дзьве
Душы", чым носьбiтаў "рускага духу" з усiмi пышнымi "саборнасьцямi ды самадзяржаўямi". Сярод гэтай грамады я сустракаў чувашоў, жыдоў, украiнцаў, многiя зь iх былi новыя
прыбышы. Але сярод iх я нiколi не сустракаў расейцаў "з-за Ўралу". Былi паўкроўкi, былi стараверы - людзi так цi iначай зьвязаныя з нашым краем.

Я паспрабаваў пагартаць свой тэлефонны нататнiк i не згадаў нiводнага чалавека, якi б адназначна iндэнтыфiкаваў сябе як расейца. Розных адценьняў "западнарусiзму" ды дэфiнiцыяў кшталту "я чалавек савецкi, а значыць i рускi" колькi заўгодна. Але каб "Матушка Русь - Родина моя, а вы, жиды и нацмены, ее продали" - шчыра кажучы, ня чуў. I дзе тады той мiльён людзей, што на кожным перапiсе на пытаньне аб этнiчнай прыналежнасьцi з гонарам адказвае "расеец"? Быццам гэты мiльён жыве ў паралельным сьвеце i зьяўляецца да нас толькi пад час перапiсу насельнiцтва? Але ж лягiчна ўявiць, што такая колькасьць людзей павiнна валодаць адпаведным патэнцыялам, каб за паўстагодзьдзя даць расейскай лiтаратуры хоць бы аднаго больш-менш прыкметнага аўтара. Хто ведае ў Маскве Бранiслава Спрынчана цi Лену Казанцаву? За тыя гады, што я пражыў у расейскай сталiцы, такiх людзей бачыць мне не давялося. Дзе тыя прадстаўнiкi вялiкай культуры, што пiшуць на мове Пушкiна? Iх няма. Як няма ў Менску нiводнай рускамоўнай газэты, на падставе матэрыялаў якой нельга было б напiсаць дысэртацыю пра беларуска-расейскую моўную iнтэрфэрэнцыю. А колькi з таго
мiльёну зьяўляюцца грамадзянамi Расейскай Фэдэрацыi? Лiк iдзе на тысячы.

Калi Беларусь нарэшце здолее стаць дзяржаваю, а дасканалае валоданьне беларускай мовай перастане разглядацца як эксцэнтрычны выбрык, а будзе неабходнаю ўмоваю для нармальнай
кар'еры - то сам факт iснаваньня мiльёну расейцаў з усiмi iхнымi казкамi пра загадкавасьць душы будзе пастаўлены пад вялiкае пытаньне".

(С.Дубавец: ) Магчыма, ёсьць рацыя ў тым, што нацыянальныя адметнасьцi бароняцца тады, калi ёсьць вiдавочны прэсынг iншанацыянальнага асяродзьдзя. А тут - рускамоўныя сярод рускамоўных, так бы мовiць, страчваюць пiльнасьць. I ўжо незразумела, хто каго перайначвае. Русiфiкаваная Беларусь становiцца вялiкай падманкай для расейскага чалавека. I першы паказчык таго, што ён стачвае сваю этнiчную адметнасьць, сваю расейскую душу - тое, што ён у Беларусi не стварае сваёй расейскай культуры.

(С.Харэўскі: ) "З расейцамi я сутыкнуўся ў школе. Ня зь iх моваю, якая ўжо непадзельна панавала ў Менску, не з Расеяй, якую мы ведалi з тэлевiзара, а ўласна з прадстаўнiкамi расейскага этнасу. Гэта былi пара-тройка маiх аднаклясьнiкаў i дзьве настаўнiцы - расейскае мовы, натуральна, i гiсторыi.

Выкладчыца расейскае мовы мне запомнiлася ўпартым змаганьнем за чысьцiню тае мовы. Зь нейкiм адчайным надрывам яна публiчна выгаворвала нам за ўсялякiя "бураки" ды "зэдлики", якiя бясконца траплялiся ў сачыненьнях, асаблiва на тэму "Как я провел лето". I зь безнадзейнай злосьцю перакрэсьлiвала фразу "ходили в грибы" у кожным другiм сшытку. Часам у добрым гуморы, разамлеўшы па абедзе, яна распавядала пра чароўныя краявiды роднага Ўралу й бяскрайнiя волскiя разлогi.

Выкладчыца гiсторыi, якая так i не сказала нам нi слова пра гiсторыю Беларусi, бясконца загаворвалася пра "древний русский город Шанхай", "древний русский город Самарканд" i "древний русский город Константинополь". А яшчэ яна не разумела нi слова па-беларуску i мы ёй перакладалi музэйныя цэтлiкi на экскурсiях. Мы шчыра думалi, што яна з намi гуляецца. Бо школьны выкладчык ня мог быць недалёкiм. Дзякуючы гэткiм настаўнiкам нашае ўяўленьне пра Расею й яе культуру засталося фрагмэнтарным i няўцямным...

Пра тое, што ня ўсе мае аднаклясьнiкi беларусы, я дазнаўся ў клясе 3-4-й. Выявiлася, што сярод нас ёсьць жыды! Раней я ведаў шмат сталага веку жыдоў з калярытнай зьнешнасьцю й
iмпазантнымi манэрамi. Але каб сярод аднаклясьнiкаў... Пасьля таго, як настаўнiцы - расейскае мовы, натуральна, i гiсторыi - пачалi прапаганду супраць здраднiкаў, якiя "хай уматываюцца ў свой Iзраiль", дзецi сталi пiльней узiрацца ў сваiх суседзяў па парце. "Ты ж беларус?" - спытаўся я ў свайго сябручка. "Не!" "А хто?!.." "Русский". "Адкуль вы прыехалi?" "З Казахстану, але мае бацькi родам з Расеi". "А дзе жывуць твае дзяды з бабамi?" "Ня помню, я ў iх ня быў"... Яшчэ цiкавейшае адкрыцьцё зрабiла нам аднаклясьнiца, якая прыехала з Талiну: "Я таксама руская, але мая мацi фiнка, а бацька татарын". Гэтыя дзьве катэгорыi я й запомнiў. Усiм расейцам дазвалялася не хадзiць на беларускую мову. Тады ў калiдорах было чуваць: "А мне можно, я русский!"...

Наша незалежнасьць ўскладнiла (цi заблытала) пытаньне: хто ж такiя расейцы ў Беларусi? Зьявiлiся й новыя катэгорыi - "да, я еврей, но человек русской культуры", "да, я тоже белорусс, но русский по образованию", i ўжо ня рэдкасьць "таксама расеец, але прынцыпова беларус"... Але ў мiльённай грамадзе расейцаў i тых, хто сябе гэткiмi лiчыць, так i не паўстала
культурнiцкага руху, як у iншых постсавецкiх краiнах. Зь лiтаратараў, што пiшуць па-расейску - Навум Кiсьлiк з Давiдам Сiмановiчам i Эрнэст Ялугiн з Эдуардам Скобелевым, ды яшчэ
тузiн супрацоўнiкаў правiнцыйных газэтаў. Рускi тэатар? А што там расейскага? Посьпех гэтаму тэатру прынесла менавiта беларуская драматургiя. У выяўленчым мастацтве беларускiя
расейцы ня выявiлiся наогул. Лiшне казаць, што пра расейскi фальклёр пагатоў нiхто ня рупiцца, бо яго няма. Яшчэ йснуе, праўда, суполка "Русь", старшыня якое ў адным з iнтэрвiю
заявiў, што для iх у Беларусi ёсьць толькi адна праблема - тарашкевiца, пры дапамозе якое некаторыя ймкнуцца "адарваць беларусаў ад рускiх"... Вось i ўся культура.

Сёньня я разумею сваiх былых настаўнiц. Настаўнiца расейскае мовы, якая ўжо памерла, мела прадбачаньне: па-першае, нiхто з вучняў так i не заехаў на горны Ўрал, а па-другое, ня вывучыў расейскую мову лепей, чым гэта трэба для прагляду тэлевiзара. Таму яна i ўпадала ў адчай, разумеючы марнасьць сваiх намаганьняў. Настаўнiца гiсторыi, якая даўно эмiгравала ў
Iзраiль, па-просту грэбавала намi, дзецьмi тубыльцаў, а таму прынцыпова не хацела мець з намi нiчога супольнага - нi мовы, нi... гiсторыi.

Што будзе з расейскай культурай у Беларусi далей? Сёньня яе закiдаюць да нас звонку - рэгулярна, як правiянт на фронт. Напаўняць яе тут зьместам не выпадае, бо ня йснуе носьбiтаў аўтэнтычнае культуры (за выключэньнем невялiкiх купак старавераў). Тутэйшыя расейцы i тыя, хто сябе гэткiмi лiчаць, толькi чакаюць. Вядома, не сваiх танкаў, якiя нiкуды зь
Беларусi не зьяжджалi. Маладыя чакаюць, калi, не выходзячы з кватэры, як iхны Ямеля на печы, яны ўедуць у Эўропу. Старэйшыя чакаюць, калi, нарэшце, скончыцца ўвесь гэты "самостийный балаган" зь межамi, пашпартамi ды "зайчыкамi". Але з чаканьня нiчога не вынiкае. Чаканьне паралюшуе. Калi заўтра ў Беларусi падыме галаву беларушчына, то, як i сем гадоў таму, нiхто ня будзе супраць, таму што яна нiчога не разбурыць. Нельга разбурыць тое, чаго няма".

(С.Дубавец: ) Цiкава, што людзi, узгадаваныя ў Расеi i блiзкiя да яе культуры, час ад часу спрабуюць супрацiўляцца, штосьцi прадпрымаць для захаваньня свае нацыянальнае
iдэнтычнасьцi. Але вось што з гэтага выходзiць.

(Зьміцер Бартосік: ) "Гадоў пяць таму была ў мяне iдэя. Адкрыць у Гомелi расейскi клюб. Мне ўяўляўся ўтульны дамок дзе-небудзь на Слабадзе, цi якi пакойчык у адным з Паскевiчавых палацаў, дзе б зьбiралiся мае браты па крывi й за каньяком i прэфэрансам сьпявалi расейскiя рамансы, абмяркоўвалi апошнiя падзеi расейскай палiтыкi, цi навiнкi маскоўскiх лiтаратурных часопiсаў. Гульня ў арыстакратыю, думаў я, ня можа не падабацца. А празь якiя пяць гадоў мой клюб павiнен быў стаць чымсь сярэднiм памiж масонскаю ложаю й буйным шоў-прадпрыемствам, з тракцiрам, багатай гастрольнай афiшай маскоўскiх актораў ды няпростай
магчымасьцю стаць адным зь ягоных чальцоў. А па-над клюбам годна лунаў бы расейскi трыкалёр...

Але мяне нiхто не разумеў. Дэпутаты дэмакратычнага горсавету бачылi ўва мне iмпэрскага шпiёна, якi й беларускай моваю авалодаў па загаду ФСБ. "Ты б лепш пра якую "беларускую хатку" падумаў. А то зусiм ужо няма дзе гомельскiм беларусам зьбiрацца", - ушчувалi мяне сьвядомыя беларусы. "Что за бредовая идея. Ты же не в Торонто и даже не в Баден-Бадене",
- казалi несьвядомыя расейцы. Сябры ўвогуле глядзелi як на безнадзейна хворага, але дарагога таварыша. Спакойна й з разуменьнем. Маўляў, усё нармальна, Дзiма. Будзе ў цябе
расейскi клюб, i ангельскi будзе, усё будзе. Толькi пачакай трохi. Чакаць сапраўды давялося нядоўга. Неўзабаве грымнуў рэфэрэндум, што ўзаконiў мову расейскае нацменшасьцi. Над
краiнаю ўзышлi iншыя сьцягi. А я на ўсю поўнiцу адчуў, што тут ня Бадэн-Бадэн.

Нашыя расейцы, самi таго ня хочучы, апынулiся ў пастцы. Iх мову зрабiлi дзяржаўнай, iм больш ня трэба напружвацца ў пошуках небеларускамоўнай школы для сваiх дзяцей, яны ўжо не палохаюцца "злавешчага ценю Пазьняка". Але на гэтым выгоды й сканчаюцца. У адрозьненьне ад сваiх адзiнакрэўнiкаў у балтыйскiх краiнах, тут яны амаль нiчым, як бы нi хацелася, не вылучаюцца з астатняга "простага люду". I чалавек, што зрабiў iх мову дзяржаўнай, - IХНЫ прэзыдэнт. Як бы прыкра гэта iмi не ўсьведамлялася. Гэта ганарлiвыя палякi, ваяўнiчыя лiтоўцы, разьвясёлыя ўкраiнцы ды мудрыя татары могуць мець свае клюбы й газэты ды з прыемнасьцю адчуваць клопат сваiх дзяржаваў. Расейскага пытаньня ў нас быццам няма. Пры тым, што быццам ёсьць расейцы. Сама прыналежнасьць да гэтай нацыянальнасьцi за савецкiмi часамi здымала шмат якiя праблемы, прынамсi на кар'ерным шляху. Я нават памятаю, якою гордасьцю перапаўняў нас з сябрам такi нязначны факт - у нашай клясе толькi мы былi расейцамi. Гэта давала нам адзiную прывiлею - не наведваць урокi беларускай мовы. Але таксама красамоўны факт - мы адзiныя ў клясе, хто праз гады будзе гэтай моваю карыстацца.

Па статыстыцы расейцы ў краiне складаюць 13 працэнтаў насельнiцтва. Думаю, сярод беларускiх нацыяналiстаў, цi проста людзей неабыякавых да беларушчыны працэнт маiх супляменьнiкаў ня меншы. I справа тут не ў пяшчотных пачуцьцях да пакрыўджанага малодшага брата. Расеец, асаблiва прыежджы, цалкам пазбаўлены закамплексаванага погляду беларусаў на сваю сялянскую мову. Для расейскага вуха яна такая ж сялянская, як i польская.

Некалi маё захапленьне беларушчынай станавiлася нагодаю для вясёлых кпiнаў маiх расейскiх знаёмых. Сёньня я не бяз радасьцi адзначаю той факт, што ўсё радзей сустракаю няўцямныя
позiркi. Тое, што раней успрымалася iмi як мая "асабiстая бздура", сёньня для адных выглядае як тонкi разьлiк у пабудове ўласнае будучынi, для iншых - як пазыцыя, вартая перайманьня.
А адна знаёмая кiнематаграфiстка сказала мне паўжартам: "Ты же предатель своего народа". На што я вельмi натуральна зьдзiвiўся: "А што, нашыя народы знаходзяцца ў стане вайны?"
Сябе яна, дарэчы, ад самага пачатку новай беларускай дзяржайнасьцi лiчыць расейскай эмiгранткай. Мне падабаецца такая пазыцыя. Мая знаёмая мае на гэта поўнае права, здымаючы кiно ў Эўропе й прадаючы яго ў Маскве. Але яна - шчасьлiвае выключэньне. Для астатнiх Масква ва ўсiх сэнсах становiцца ўсё далей i далей. А жыць хочацца тут i зараз. Цi не таму мне даўно ўжо ня трэба тлумачыць беларускаму расейцу свой моўны выбар сакавiтасьцю ды мiлагучнасьцю беларускае гаворкi? Беларуская мова прыгажэй за гэты час ня стала. Яна стала больш, калi так можна сказаць, канвэртабэльнай. I гэта не ў апошнюю чаргу залежыць ад тых палутара мiльёна чалавек, што засталiся без свайго клюбу".

(С.Дубавец: ) Аказваецца асымiляцыйнаму ўплыву рускамоўных беларусаў супрацьстаяць вельмi няпроста, калi не немагчыма. У такiм выпадку прагны да культуры расейскi чалавек, каб не задыхнуцца, выбiрае шлях iнтэграцыi ў
беларускi культурны кантэкст.

Аўтар артыкула ў "Русской мысли" пiша:

"Цi ня йдзем мы да заходнеэўрапейскае мадэлi, дзе швайцарац называе сябе швайцарцам, а ня немцам або французам, нягледзячы на тое, што ягоная родная мова нямецкая або француская? Гэтая думка напрошваецца сама сабою, калi сустракаесься з дагэтуль нябачаным фэномэнам: маладыя рускамоўныя кiяўляне, вяртаючыся са стадыёну, дзе кiеўскае "Дынама" перамагло знакамiты эўрапейскi клюб, расьпяваюць украiнскiя песьнi i на пытаньне, хто яны, крычаць табе ў твар, што яны ўкраiнцы. Пры гэтым мiжсобку яны гавораць па-расейску, ня ведаюць гетманаў Запароскай Сечы i... ненавiдзяць (цi проста ня любяць) львоўскiх нацыяналiстаў. Як усё гэта зразумець?"

Мне згадваецца тыповая сцэнка зь менскiх вулiц падчас апазыцыйнае дэманстрацыi. Хлопец, якi ў групе раўналеткаў апантана скандзiруе "Не-за-леж-насьць!", раптам убачыў на другiм канцы вулiцы сябра. "Серёга давай скорее сюда, к нам!" i далей: "Не-за-леж-насьць!". Я думаю, цi маглi б яны нейкiм чынам скандзiраваць слова "Независимость", i разумею, што "незалежнасьць" - гэта ня толькi слова. Магчыма, гэта й ня слова ўвогуле. Iмпэрская Расея ня можа мець Дня незалежнасьцi. Гэтаксама, напрыклад, як i iмпэрская Англiя. У сьвядомасьцi расейскiх расейцаў проста няма такога паняцьця. Магчыма, таму карэнны расеец, гэтаксама як i карэнны ангелец, нiколi да канца не зразумеюць нас. А мы не зразумеем iхнага пачуцьця велiчы дзяржавы - Расеi або Вялiкай Брытанii.

Але вось ангелец трапляе настала ў Беларусь, жэнiцца зь беларускай i лiтаральна адкрывае для сябе нязьведанае раней пачуцьцё змагара за незалежнасьць. Тое самае ў шырокiм маштабе адбываецца з расейцамi. Нездарма сярод нашых сяброў,
беларускiх нацыяналiстаў, так шмат этнiчных расейцаў i асаблiва шмат беларуска-расейскiх паўкровак, якiя ўвасабляюць у сабе антаганiстычныя пачаткi - iмпэрскае гардынi i нацыянальнае крыўды малога народа.

Але працягнем чытаць артыкул пра новых украiнскiх расейцаў:

"Яны асьвiстваюць зорак маскоўскай эстрады, якiя прылятаюць у Кiеў на ўласных самалётах, абагаўляюць украiнскую эстраду, якую ставяць бязьмерна вышэй за маскоўскую, ледзьве ня моляцца на Сяргея Бубку, размахваюць жоўта-блакiтнымi сьцягамi, i нярэдка пры сустрэчы з заежджымi масквiчамi наўмысна, "з патрыятызму", размаўляюць зь iмi па-ўкраiнску.

Вядома, ва Ўкраiне, дзе рускамоўных больш, чым ва ўсiх iншых "нярускiх" дзяржутварэньнях, што нарадзiлiся на тэрыторыi былога СССР, захоўваецца i старое супрацьстаяньне "самасьцiйнiкаў" i "саюзьнiкаў". Але нельга не заўважыць, што
рускамоўнасьць губляе сваю былую сувязь з "iмпэрскiмi" поглядамi, i лякалiзуецца тэрытарыяльна (пераважна ў Крыме, у некаторых паўднёвых рэгiёнах), а таксама паводле ўзроставае прыкметы (у Кiеве на камунiстычныя мiтынгi пад лёзунгам
"аб'яднаньня з Расеяй", прыходзяць амаль выключна пэнсiянэры).

Новыя формы жыцьця, якiя ўзьнiкаюць i замацоўваюцца ва Ўкраiне лiтаральна на вачах, уражваюць. Можна пэўна сказаць, што большасьць людзей як ва Ўкраiне, так i ў Расеi не разумеюць, што адбываецца. Маскоўскiя сродкi масавай iнфармацыi моцна
сядзяць у палоне старой iдэалягiчнай схемы, згодна зь якой расеец, якi жыве за межамi Расеi, "в ближнем зарубежье", ня можа ня быць (дзесьцi там, у глыбiнi душы) патрыётам Расеi. Г.зн. ня можа мець iншае радзiмы, акрамя Расеi. Такiм чынам
пажаданае выдаецца за сапраўднае. Мiж тым, чалавечая сьвядомасьць ня можа доўга пярэчыць такой магутнай рэальнасьцi, як факт прыналежнасьцi да iншае дзяржавы. У Францыi на пытаньне пра "нацыянальнасьць" нiхто не адказвае,
што ён араб цi армянiн: могуць быць тыя або iншыя "нацыянальныя каранi", але нацыянальнасьць у грамадзянiна Францыi адна - француз.

Гэта пакуль цяжка зразумець людзям са сьвядомасьцю "савецкага чалавека". Факты ўкраiнскага патрыятызму рускамоўных можна разглядаць як "выключэньнi", а можна (што на нашу думку, больш адпавядае сапраўднасьцi) як першыя знакi фармаваньня новай украiнскай нацыi. I тут, вядома, непазьбежны яшчэ адзiн канфлiкт: памiж украiнскiмi расейцамi (русскими украинцами) i ўласна ўкраiнцамi. Рэч у тым, што ня толькi "iмпэрская Расея" церпiць паразу перад аблiччам такiх рэвалюцыйных фактаў. У проiгрышы застаецца i "нацыяналiстычная Ўкраiна". На першы погляд гэта здаецца парадаксальным: замест таго, каб радавацца ўкраiнскаму патрыятызму рускамоўных, украiнамоўныя "этнапатрыёты" гэтага патрыятызму не прыймаюць. I зразумела чаму: уяўленьне пра Ўкраiну ў iх у кожнага сваё.

Адбыўся наступны парадокс. Iдэя асобнае ўкраiнскае дзяржавы вынашана ўкраiнскiмi нацыяналiстамi. За яе яны вякамi плацiлi дарагой цаной. Украiнскiя нацыяналiсты далi сучаснай Украiне яе сьцяг, гiмн, яе асаблiвую гiсторыю.

Няма сумневу, што з часам украiнская мова, як пра гэта марылi нацыяналiсты, запануе ва ўсiх сфэрах грамадзкага жыцьця, выцiснуўшы адтуль расейскую. Няхай яшчэ i штучна, але яна ўжо пануе ў дзяржаўных органах, армii, у школах, заваёўвае пазыцыi ў сродках масавай iнфармацыi. Настаўнiкi яшчэ на пераменках гавораць мiжсобку па-расейску, але ўрокi, як ад iх патрабуецца, вядуць па-ўкраiнску (натуральна, гутарка ня йдзе пра расейскiя школы, колькасьць якiх зьмяншаецца, бо, дбаючы аб будучынi, бацькi жадаюць, каб iхныя дзецi ведалi дзяржаўную мову). У Кiеве сёньня ўжо, калi ты загаворыш па-ўкраiнску, нiхто не падумае, што прыехаў зь вёскi (як было яшчэ 10 гадоў таму).

Большасьць рускамоўных газэт Кiева настроеныя апазыцыйна ў дачыненьнi да Масквы. Прынамсi посьпехi Расеi iх мала хвалююць. Затое яны адчувальныя да перамогаў украiнскiх спартоўцаў, i для iх Бубка са сваiм шастом важнейшы за гетмана Сагайдачнага зь ягонай булавой".

Тое, пра што пiша аўтар "Русской мысли", жыва прыгадвае мне журналiстаў зь менскiх рускамоўных апазыцыйных газэт. Яны таксама не ў захапленьнi ад Пазьняка, як i ад новага закону аб мовах, якi сёньня разглядае лукашэнкаўскi парлямэнт. У апошнiм нумары "Беларусской деловой газеты" закiды ўладаў аб прыцясьненьнi рускамоўных у Беларусi называюць "издевательством" i настойваюць на тым, што новы закон, якi быццам бы прыраўноўвае дзьве мовы, ня ўлiчвае моўных рэалiяў.

Дэмакратычна настроеныя расейцы ў Беларусi ня ставяць на Маскву. Для iх больш цiкавая Эўропа. Гэтаксама як i ўкраiнскiя расейцы, яны ня хочуць быць другаснымi, правiнцыяламi.

"Маскоўскiя "патрыёты Расеi" дарэмна глядзяць у бок рускамоўных Украiны. Дарэмна пад уплывам "патрыётаў" мусiруецца час ад часу iдэя "абароны карэннага расейскага насельнiцтва блiжняга зарубежжа". "Мы ня маем патрэбы ў абароне маскалёў", - такую заяву надрукавала нядаўна адна з галоўных кiеўскiх газэт. Жырыноўскi яшчэ можа прыехаць у Крым, але ў Кiеве яму рабiць няма чаго (тое самае й Лужкоў: прыехаў агiтаваць "за Расею" ў Севастопаль, але не рашыўся прасунуцца хоць крыху на поўнач - у рускамоўны Данецк).

Нарэшце, зьвернемся да неабвержнага факту: абсалютная большасьць рускамоўных прагаласавала за незалежнасьць Украiны. Чаму? Вось адказы на бытавым узроўнi: "Калi мы будзем у складзе Расеi, мы будзем правiнцыя. А так - мы паўнавартасная
эўрапейская краiна".

Якая пэрспэктыва ў культуры, абапертай на расейскую моўную i этнiчную базу? У Беларусi праявы такой культуры спрадвеку былi i, бадай, будуць асуджаныя на правiнцыйнасьць. Гэта значыць, што кожны таленавiты творца ўсё адно iмкнецца ў
"цэнтар" - у Маскву або Пiцер. Бо ня можа быць цэнтрам расейскай культуры Менск або Полацак. Менск у сёньняшняй сытуацыi ў расейскiм культурным кантэксьце - гэта Тамбоў або Волагда. Слушна кажуць, што цывiлiзаваныя краiны адрозьнiваюцца ад нецывiлiзаваных адсутнасьцю правiнцыi. Дык вось Таганрог i Волагда на шляху цывiлiзацыi маюць шанец ператварыцца з правiнцыi ў самадастатковыя цэнтры расейскай культуры. Менску ж такая пэрспэктыва ня сьвецiць. Ён або вечна будзе заставацца правiнцыяй на ўскрайку iмпэрыi, або стане
паўнавартасным цэнтрам культуры, у якой, акрамя яго, iншых сталiцаў няма.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.