|
|
7 Чэрвеня 1998
|
Сьвятло, зашыфраванае ў смузе. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
У цэнтральнай частцы Вашынгтона на скрыжаваньнi P-street i 22-й вулiцы стаiць помнiк Тарасу Шаўчэнку, на якiм я прачытаў словы ўкраiнскага песьняра:
... коли
ми дiждемося Вашингтона
з новим i праведним законом?
А дiждемось таки колись!
У сквэрыку на лаўцы дзень i ноч ляжыць бяздомны чорны чалавек. Ён не чакае Вашынгтона са справядлiвым законам. Яму, мабыць, i так добра. Бяздомнасьць - ягонае крэда, яна ня кара, а выбар. А вось Украiна, якая клiкала амэрыканца вуснамi свайго кабзара ажно ў 1857 годзе, усё яшчэ чакае. I перад новымi прэзыдэнцкiмi выбарамi, якiя адбудуцца праз год, тусуе ўсё тую ж зацёртую калоду яшчэ савецкай намэнклятуры, у якой Вашынгтона няма. Але што да мяне, то прачытваю я ў словах Тараса Шаўчэнкi пра сваё, пра Беларусь. "Калi МЫ дажджэмася Вашынгтона"? Вось i Янка Купала паўвеку цi то абяцае, цi выказвае здагадку, а хутчэй проста хоча верыць: "Прыйдзе новы а мудры..."
***
Вашынгтон надзвычай, без усялякай меры зялёны горад, дзе паўсюль шум аўто мяшаецца з птушынымi галасамi. Вулiцы тут нагадваюць пра Лёндан, а дзiкiя паркi, лагчыны й яры прымушаюць ня верыць, што ты - на зваротным баку Зямлi, а ня дзе-небудзь у Вiленскiм нагорным парку цi ў ваколiцах Мазыра. Асаблiва калi сярод гэтай зелянiны цябе засьпее навальнiца зь перунамi i зусiм лiпеньская, як па-нашаму, зьлiва.
Якраз пад такой навальнiцай мы з калегамi выйшлi з лагчыны да праваслаўнай царквы. Вашынгтонская руская царква - ляпiдарнае збудаваньне, у якiм вiсяць ляпiдарныя абразы, няма анi калiва пазалоты або звыклых у нас карункаў i служба вядзецца па-ангельску, дакладней, па-амэрыканску, бо ўсе сьпяваюць, ледзьве не прытанцаўваючы, як у большасьцi пратэстанцкiх сьвятыняў ЗША. Калега-журналiстка, расейка з Джамбула, якi цяпер называецца Тараз, нават паставiла сьвечку, чым выклiкала ў астатнiх лёгкую пашану. Увечары за агульным сталом яна прызналася, што паставiла сьвечку за Лукашэнку, якога вельмi любiць. Я стаў драматычна распавядаць пра тое, што ў нас стагнацыя, ёсьць палiтычныя вязьнi, i вельмi цяжка выжываць незалежным газэтам. А Лукашэнка - гэта такi дракон, якому, як у вядомым фiльме, рана цi позна зьнясуць галаву. На гэта расейка, не зьмiргнуўшы вокам, сказала: падарыце мне здымак вашага дракончыка!.. Напэўна, гэта сапраўды была любоў. Але я ня стаў ёй патакаць i заўважыў: толькi наўзамен на здымак вашага Назарбаева. Журналiстка скрывiлася.
Гэтак мiжволi ў Вашынгтоне мне давялося патрапiць у эпiцэнтар страсьцей i парадоксаў так званай СНГ. Казахi распавядалi пра валюнтарыста Назарбаева, малдаваны - пра тыраспальскага стагнатара Сьмiрнова. Сытуацыя з Прыднястроўем замарожаная гэтаксама, як i з далучэньнем да Румынii. На прыднястроўскiм купоне ў 500 рублёў - палкаводзец Сувораў. Малдаўскую мову ў Тыраспалi на лацiнку не перавялi. У астатняй Малдове ўжо 10 гадоў як перавялi i называюць румынскай.
Адкат у савецкiя часы з рознай хуткасьцю адбываецца ва ўсiх краiнах СНГ. Толькi нiдзе, акрамя нас, ён ня стаў афiцыйным курсам кiраўнiцтва краiны. Скончылiся фэерыi ўсталяваньня сувэрэнiтэтаў i для нацыяў, што выбралiся ў сьвет, настаў час ставiць наступную мэту. Лiтоўцы сказалi - у NATO, мы - назад у СССР, iншыя топчуцца на месцы. Краiны нiбы апусьцiлi ветразi i дрэйфуюць у чаканьнi наступнага парыву - або ўнутранага, або вонкавага. Зьдзiўляе, наколькi пабляклi паўсюль шыхты палiтычных фаварытаў. Гэта ўжо ня 91 год. Вашынгтон з новым i праведным законам не прыйшоў i на гэты раз.
***
Мядзяны Вашынгтон, зялёны ад часу, скача па горадзе свайго iмя на канi ў натуральную велiчыню. Сталiца ЗША лiтаральна заселеная помнiкамi. Постаць нашага земляка Касьцюшкi ўзьведзеная ад iмя польскага народа на плошчы перад Белым домам. А ў мэмарыяле Касьцюшкавага сябра Джэфэрсона, якi, няслушна прачытаўшы слова "Lithuania", называў Беларусь Вялiкiм Княствам Сiлiцыянiяй, мне хочацца думаць, што ягоная трохмэтровая постаць увасабляе i нашую гiсторыю. Магчыма, гэта тое знаёмае пачуцьцё прыжывалы, калi даведзенае да ладу чужое вельмi хутка становiцца сваiм, блiзкiм, бо сапраўднае сваё - занядбанае. Зь iншага боку, хiба амэрыканцы на этапах гiсторыi ўяўлялi свой шлях так ясна, як гэта бачыцца здалечынi сёньня? Дык можа i ў нашай смузе зашыфраванае нейкае будучае прасьвятленьне?
На жаль, гэта толькi допуск. Розьнiца памiж намi сёньня i iмi 200 гадоў назад большая, чым падабенства. У Амэрыцы тады сабралiся мужныя й валявыя людзi, бо iншымi й не маглi быць першыя эмiгранты. Яны сабралiся i сталi вырашаць, якую iм збудаваць краiну. 200 гадоў таму на iх ня цiснуў цяжар застарэлых праблем. I адно, чаго яны iмкнулiся пазьбегнуць з эўрапейскiх стандартаў - гэта тыранii. Вось чаму Вашынгтон ня стаў каралём, а стаў першым прэзыдэнтам. Валявыя людзi прыдумалi такую сыстэму, якая дазволiла iхнай канстытуцыi празь 200 гадоў стаць самай старой у сьвеце.
***
Цыкляпiчныя помнiкi Джэфэрсону i Лiнкольну - гэта выключэньне. Амэрыканцы звычайна ставяць сваiх бронзавых герояў у натуральны чалавечы памер. Духу iмпэрскасьцi я ў Вашынгтоне не адчуў нiдзе, хоць i гатовы згадзiцца з выказваньнем, што гэты горад валадарыць у сьвеце. Праўда, на кожнае сьцьверджаньне тут iснуе мноства контраргумэнтаў, а побач з сусьветным панаваньнем стала прысутнiчае i комплекс вiны.
У гэтым сэнсе цiкава было разглядаць мэмарыял салдатам вiетнамскай вайны. Вайну, якую тут называюць непатрэбнай, Амэрыка вяла з 1959 да 1975 году. Нехта за гэты час пасьпеў нарадзiцца i скончыць школу. ЗША страцiлi ў Вiетнаме 158 тысяч салдат. Iх iмёны выбiтыя на чорнай мармуровай сьцяне. Побач - тры бронзавыя ваякi пасьля цяжкога бою. Скульптурная група - у чалавечы рост. На тварах - разгубленасьць, страх, ярасьць. Геройства няма. Я праходжу сярод тысяч людзей, якiя аглядаюць мэмарыял i думаю пра афганскую вайну. Iдэолягi ў Беларусi сутыкнулiся зь няпростай праблемай: што мусяць увасабляць помнiкi палеглым салдатам-афганцам. Так цi iнакш, яны шукалi, iмкнулiся выснаваць сэнс той вайны, у якой нiякага сэнсу не было. Урэшце ў цэнтры Менску паставiлi праваслаўную каплiцу i анёла. Вельмi спрэчнае рашэньне, як зрэшты i любое iншае ў гэтай справе. Амэрыканцы, перад якiмi стаяла падобная задача, пазьбеглi прывязкi да рэлiгii, хоць мелi на тое болей паставаў. У iх усё ж гiнулi вернiкi, а не камсамольцы. Але галоўнае, чаго пазьбеглi амэрыканцы - гэта гераiзацыi сваiх салдатаў. Сваякi i сябры прыходзяць сюды ўшаноўваць памяць блiзкiх, якiх урад выкарыстаў у якасьцi гарматнага мяса. Для iх гэта помнiк вялiкай несправядлiвасьцi, якая часам запаноўвае ў сьвеце. Таму тут проста ня могуць правiць службу сьвятары, сюды ня могуць прыяжджаць перад загсам маладыя, як гэта адбываецца на аналягiчным мэмарыяле ў Менску.
***
У чым адмысловая жывучасьць амэрыканскае мадэлi? Найперш, у адносiнах да права. Закон тут не рэгулюе жыцьцё, а забясьпечвае свабоду людзей. Дзеля параўнаньня дастаткова зiрнуць на правы прэзыдэнта i прэсы.
У адрозьненьне ад Лукашэнкi, Клiнтан мае фактычна толькi адну магчымасьць рэальна ўмешвацца ў палiтыку - гэта накласьцi вэта на рашэньне Кангрэса. Вось i ўсё. Усё астатняе робiць Кангрэс. А што ж прэзыдэнт? Ён цэлымi днямi сядзiць на тэлефоне i ўгаворвае кангрэсмэнаў галасаваць за патрэбны яму законапраект. Патрэбны, але не ягоны, бо сам ён права заканадаўчай iнiцыятывы ня мае.
Наогул усё жыцьцё ў ЗША точыцца шляхам дамоўленасьцяў i зьдзелак. Менавiта зьдзелкi, а не закон, рэгулююць жыцьцё. Закон iснуе для забесьпячэньня зьдзелак - раўнапраўных i свабодных. Амэрыканская сыстэма нагадвае мне джазавую кампазыцыю, у якой фрагмэнты яснай мэлёдыi зараз жа вар'ююцца i разьвiваюцца ў розныя бакi, нiбы iмкнуцца адлюстраваць усю заблытанасьць жыцьця. На канцэрце пiянiста Дзiка Хаймэна ў цэнтры iмя Кенэдзi мне падумалася, што джаз - гэта ўцёкi ад
банальных рашэньняў.
Што да прэсы, то ў Амэрыцы няма нiводнага дзяржаўнага выданьня, радыё або тэлеканала. Голас Амэрыкi i Радыё Свабода - дзяржаўныя, але iх забаронена трансьляваць на тэрыторыю ЗША. Адзiны нарматыўны акт аб прэсе - гэта прыняты ў 34-м годзе закон, якi забараняе цэнзуру з боку ўладаў. I гэта таксама своеасаблiвае, не такое, як у нас, разуменьне законаў. Законы абараняюць ня друк, а народ - ад умяшальнiцтва ўладаў у сродкi масавай iнфармацыi. Дарэчы, у ЗША нiколi й не было
дзяржаўных выданьняў. I прэзыдэнт краiны, каб выступiць у тэлевiзii, мусiць дамовiцца з тэлекампанiямi. А яны пры гэтым будуць яшчэ й круцiць носам - цi скажа ён чаго цiкавага i цi спадабаецца гэта iхным гледачам.
Калi працягваць паралель з РБ, то тут усё роўна наадварот. У Амэрыцы ня толькi ня садзяць у турму журналiстаў, але ўрад у прынцыпе ня можа штосьцi прадпiсаць прэсе або закрыць выданьне. Хутчэй наадварот. Скандальная адстаўка Нiксана была ажыцьцёўленая фактычна двума журналiстамi Washington Post. Ды i пад сёньняшнiм прэзыдэнтам разгойдвае крэсла прэса. Менавiта амэрыканскiя рэалii нарадзiлi сьцьверджаньне, што прэса - чацьвертая ўлада, якое часам без усялякiх падставаў ужываюць беларускiя журналiсты.
***
Я ўвесь час думаю пра тое, чаму тут, у Амэрыцы, пазаставалiся многiя не апошнiя людзi Беларусi, сярод якiх нямала i маiх знаёмых? Адказ, вiдаць, ня можа быць адзiн.
Па-першае, тут амаль няма бытавое нянавiсьцi, адсутнасьць якой я заўважыў яшчэ ў Лёндане. Нiхто нiкога ня шчэмiць проста так, дзеля самазадавальненьня. I гэта галоўны плюс.
Па-другое, даходы тут на ўзроўнi чалавечых жаданьняў - кожны звычайны жыхар набывае дом, машыну i што там яшчэ трэба для таго, "каб дастойна сустрэць старасьць".
Па-трэцяе, тут давяраюць. У краме, у доме, паўсюль. Цана даверу нашмат большая, чым у нас. I калi ты скрадзеш, або падманеш, ганьба будзе неадэкватна (па-нашаму) вялiкая i на ўсё наступнае жыцьцё.
Трох гэтых пунктаў ужо дастаткова, каб наш зямляк пераканаўся, што нiчога такога ў Беларусi пры ягоным жыцьцi ня будзе i падаў заяву на эмiграцыю. Летась 750 нашых землякоў выйгралi грын-карту. Нельга нават уявiць, колькi iх прайграла - у сто разоў болей цi ў тысячу.
Фактар радзiмы пакрываецца словам "Чарнобыль". Г.зн. эмiграцыя для дзяцей i для здароўя ня можа падлягаць маральным сумневам.
Што яшчэ? Свабода. Абсалютна незразумелае ў Беларусi слова. Па вяртаньнi ў Менск мне сходу давялося прачытаць у газэце тэзу пра тое, што журналiст - гэта самая дзяржаўная прафэсiя...
Ну вось, бадай, i ўсё. Усё астатняе 50/50. Зямля ў нас прыгажэйшая. Яшчэ з самалёта я глядзеў на нашыя ўзьлескi i згадваў вашынгтонскi Патамак, у якiм ня здолеў абмыць твар - такая брудная там вада. I людзi нашыя, падалося, у масе сваёй прыгажэйшыя. Дык чаму ўсё ж iмкнуцца туды нашыя землякi i не вяртаюцца. Можа таму, што ня меў рацыi Багушэвiч - Бог дзелiць якраз роўна, i меў рацыю Караткевiч - каму найлепшая зямля i найлепшы народ - таму найгоршае ў сьвеце начальства? I наадварот. У нашага народа было дастаткова часу, каб пераканацца, што балянс у гэтай справе ёсьць вялiкай раўнавагай iснаваньня. Якую нельга парушаць, бо iнакш - зноў вайна цi зноў рэвалюцыя. I таму яны галасуюць за Лукашэнку, а выбiраюць Клiнтана, пiшучы заявы на конкурс зялёных картак.
***
Што да прысутнасьцi Беларусi ў амэрыканскiм жыцьцi, дык тое "замоўчваньне", якое можа часам раздражняць у Менску, тут успрымаецца зусiм натуральна. Вялiзная, 270-мiльённая фэдэрацыя, складзеная з 50 штатаў, у кожнага зь якiх ёсьць свая канстытуцыя, жыве ў цалкам самадастатковым сьвеце. Што iм Беларусь. Беларусь? - перапытваюцца яны. Расея? Soviet Union? У кнiгарнях я сустракаў тут толькi адну кнiгу, дзе можна прачытаць пра нашу краiну - гэта фундамэнтальны даведнiк "Расея - Украiна - Беларусь". Наш разьдзел пачынаецца на 1019 старонцы. Герб Пагоня выяўлены побач з партрэтам першага прэзыдэнта. Тое самае - у сувэнiрных крамах, якiя спэцыялiзуюцца на сымболiцы розных краiнаў - можна знайсьцi значкi, гадзiньнiкi, папяльнiчкi зь бел-чырвона-белым сьцягам, а побач - з савецкiм, чырвона-зялёным. Прычым выраблена гэта ўсё ў Кiтаi.
На сустрэчы з рэдактарам мiжнародных навiнаў CNN я спытаўся, хто ў iх фармуе ўяўленьне пра Беларусь, i атрымаў адказ: маскоўскае бюро. Тое самае мне сказалi i ў мiжнародным аддзеле Washington Post. Цiкава, што падзеi ва Ўкраiне для гэтай газэты асьвятляе варшаўскае бюро.
У вашынгтонскiм Newseum - адзiным у сьвеце iнтэрактыўным музэi iнфармацыi ёсьць карта сьвету, на якой усе краiны расфарбаваныя ў тры колеры - у залежнасьцi ад становiшча прэсы - свабодная яна, не зусiм свабодная або зусiм несвабодная. Тут у коле сваiх суседзяў - вольных Польшчы, Лiтвы, Латвii, не зусiм вольных Украiны i Расеi Беларусь зафарбаваная самым нядобрым колерам. Музэй належыць арганiзацыi Freedom Forum, якая ўважлiва сочыць за становiшўчам прэсы ў нашай краiне, ведае пра арышты журналiстаў, дзяржаўную манаполiю i барацьбу Лукашэнкi зь незалежнымi выданьнямi.
Так цi iнакш, у мяне склалася ўражаньне, што Амэрыка гатовая прыняць Беларусь у сваю iнфармацыйную прастору. Прынамсi БЫЛА гатовая пару гадоў таму. Але сёньня справа застопарылася. Пераходны пэрыяд. 2 сьцягi, iнфармацыя праз Маскву i немагчымасьць што-колечы растлумачыць. Я доўга расказваю перакладчыку Бiлу пра наш back in USSR i пра тое, як гэта б'е па свабодзе, па культуры i эканомiцы, а ён заўважае, што ў апошнiм нумары часопiса Economist для Беларусi прагназуецца эканамiчны рост. Дай Бог, - кажу я i адпраўляюся на скрыжаваньне P-street i 22-й вулiцы, каб дзеля падмацаваньня свайго нацыянальнага аптымiзму прачытаць на помнiку словы ўкраiнскага песьняра:
... коли
ми дiждемося Вашингтона
з новим i праведним законом?
А дiждемось таки колись! |
|
|
|
|
|
|