news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



5 Ліпеня 1998
 
Нобэль – Чарнобыль наадварот.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Беларуская iнтэлiгенцыя збалелася па Нобэлеўскай прэмii. Пра гэта гавораць, мараць, вераць у шчасьлiвае ўзнагароджаньне, як у панацэю ад нацыянальнага выраджэньня. Усе гэтыя, на першы погляд, бяссэнсавыя летуценьнi ўжо самi па сабе ёсьць жыцьцём культуры, якая намацвае сваю новую постсавецкую ерархiю.

На Нобэлеўскую прэмiю вылучаюць, аб ёй хадайнiчаюць, за яе спаборнiчаюць. I ўсё гэта адбываецца пераважна таемна або й зусiм таемна. Бо такiя правiлы дыктуе сам iнстытут Нобэлеўскай прэмii, якая прызначаецца ў вынiку складанай сыстэмы кулуарнага лабiраваньня. Сакрэтнасьць прыводзiць да таго, што ў розных асяродках беларускае элiты выношваюцца наконт Нобэля свае "вiды", пра якiя па-за межамi асяродку ня ведае нiхто. Такiм чынам, у Беларусi можа адначасова высьпельвацца некалькi кандыдатаў у розных намiнацыях, а самое прызначэньне акажацца, як заўсёды, нечаканым. Момант мафiёзнасьцi ў гэтыя закулiсныя гульнi прыўносiць аб'ём прэмii - больш за мiльён даляраў. Можна цалкам уявiць сабе, што для некага гэта нiштаваты бiзнэс.

У нацыяналiстычных асяродках Нобэля зьвязваюць найперш зь лiтаратурай i найчасьцей называюць iмя Васiля Быкава. Але й тут, высьвятляецца, ня ўсё адназначна i "адзiнагалосна". Скажам, я быў перакананы, што ўся наша элiта спадзяецца на прысуджэньне прэмii Быкаву i як можа лабiруе гэтую iдэю яшчэ з часоў Брэжнева (калi Быкаву, казалi, далi Ленiнскую прэмiю нiбыта дзеля таго, каб ён не атрымаў Нобэля), а можа быць i раней.

I вось гады тры таму ў зiмовай Варшаве я размаўляю з адным беларускiм апазыцыйным прафэсарам i кажу яму, што няблага было б, каб наша апазыцыя выкарыстала свае мiжнародныя сувязi дзеля лабiраваньня Васiля Быкава на прэмiю. Прафэсар задумаўся i адказаў, што Быкаў, вядома, добры пiсьменьнiк, але ён стары, а ў нас ёсьць маладзейшыя, якiя пра вайну пiшуць лепей за яго.

Адказ прафэсара я расцанiў як недасьведчанасьць. Маўляў, ня ведае чалавек лiтаратуры, бо якiя такiя маладзейшыя ў нас пiшуць лепш за Быкава i тым больш пра вайну?

Тую гутарку з прафэсарам я ўвесь час згадваў для сябе амаль як анэкдот. Пакуль не зразумеў, што памыляўся тады не прафэсар, а я сам. I ў той час, калi мы гаворым пра кандыдатуру Васiля Быкава, у яго, аказваецца ёсьць у Беларусi зусiм рэальны канкурэнт.

Зусiм нядаўна я зразумеў, што прафэсар меў на ўвазе Сьвятлану Алексiевiч. Яна ж i маладзейшая i таксама пiша пра вайну. Яе творы шырока перакладаюцца ў сьвеце. Увагi з боку прэсы ёй не бракуе, ды й пра яе кандыдатуру на Нобэля ўжо даводзiлася чуць ня раз. А калi ўлiчыць, што прэмiя, як правiла, бывае нечаканай... Выходзiць, бээнэфаўскi прафэсар ужо тры гады таму ведаў, каго яму трэба лабiраваць на швэдзкую прэмiю.

Асабiста я нiчога ня маю супраць Сьвятланы Алексiевiч. I калi б зоркi леглi для яе шчасьлiва, варта было б шчыра парадавацца за пiсьменьнiцу, якая пiша па-расейску. Але не за Беларусь.
Бо, парадаксальным чынам, такая прэмiя магла б стаць апошнiм цьвiком у труну беларускае мовы, якая пасьля такога прызнаньня рускамоўнае лiтаратуры ў Беларусi наўрад цi б ужо ачомалася да паўнавартаснага грамадзкага iснаваньня. Магчыма, яна б атрымала статус iрляндзкае мовы, на якой яшчэ гавораць сяляне ў краiне, дзе сямёра англамоўных пiсьменьнiкаў носяць званьне ляўрэатаў Нобэля.

Справядлiва было б, каб рускамоўныя пiсьменьнiкi прадстаўлялiся ў сьвеце, як расейскiя. На жаль, пакуль гэта ня так. I ў тым не вiна пiсьменьнiкаў, а бяда тых краiнаў, што падарваныя 200-гадовай расейскай акупацыяй.

Купалава апазыцыя "Белабог - Чарнабог" трансфармавалася ў алiтэрацыю Аляксандра Лукашука "Нобэль - Чарнобыль". Самое слова "нобэль" з гэтага моманту стала беларускiм. Цi стане яно для нашае культуры лёсавызначальным?

(Аляксандар Лукашук: ) "Нобэлеўская прэмiя для Беларусi - як Чарнобыль наадварот. Ейнае
выпраменьваньне прасякнула б жыцьцё нацыi на пакаленьнi наперад i асьвяцiла б на пакаленьнi назад. У гэтым сьвятле адкрылася б - i так стала iснай - уся Беларусь, мiнулая i будучая, для сьвету i для сябе самой. Спраўдзiлася б Купалава мэтафара пра пачэсны пасад мiж народамi. З Нобелеўскага п'едэсталу загаварыла б уся нашая задушаная, закатаваная, расстраляная ў 20 стагодзьдзi лiтаратура i мова. Яна б уваскросла як Хрыстос пасьля зьняцьця з крыжа.

Тое, што я сказаў, - аргумэнты слабасьцi. Вонкавае прызнаньне - пацьверджаньне iстотнасьцi iснаваньня, яго вартаснасьцi - патрэбнае тым, хто сумняецца ў сабе. Беларусы сумняюцца. Для мяне асабiста гэта быў бы самы шчасьлiвы дзень у жыцьцi. Толькi слабыя ведаюць, што такое перамога".

(Уладзiмер Арлоў: ) "Я лiчу, што найбольшую верагоднасьць атрымаць Нобэлеўскую прэмiю ў сучаснай Беларусi мае пiсьменьнiк, i мы ведаем iмя гэтага пiсьменьнiка. Калi прысуджэньне яму Нобэлеўскай прэмii адбудзецца, напрыклад, сёлета, то мой прагноз такi. Па-першае, нарэшце сярод багатых беларусаў зьявiцца пiсьменьнiк, якi дасягнуў багацьця не праз гандаль, напрыклад, гарэлкай цi сумленьнем, а лiтаратурнай працай. Па-другое, чалавек, якi займае пасаду прэзыдэнта краiны, не павiншуе нобэлеўскага ляўрэата. Па-трэцяе, дзяржаўныя выдавецтвы Беларусi не закiдаюць нобэлеўскага ляўрэата прапановамi пра новыя выданьнi ягоных кнiг. Па-чацьвертае, Мiнiстэрства адукацыi не рэкамэндуе выкладчыкам роднай мовы абавязкова правесьцi адмысловы ўрок, прысьвечаны новаму нобэлеўскаму ляўрэату. Па-пятае, калi чытачы захочуць сустрэцца зь ляўрэатам, высьветлiцца, што дзеля гэтага патрэбны пiсьмовы дазвол "вэртыкалi" або, напрыклад, БПСМ. Можна прагназаваць таксама пэўныя захады з боку падаткавай iнспэкцыi. Але ўрэшце гэткая рэакцыя будзе мець несумнеўны станоўчы эфэкт. Карацей, я мару, што ў ХХI ст. Беларусь уступiць са сваiм першым нобэлеўскiм ляўрэатам, бо на наступнае стагодзьдзе ў нас плянуюцца новыя".

(Зянон Пазьняк: ) "Нобэлеўская, як i ўсялякая прэмiя, што адзначае талент i iнтэлект, спрыяе фармаваньню разумнай элiты грамадзтва. А ў грамадзтве ўзровень разумнай элiты - гэта найважнейшае. Страта такой элiты цi яе перараджэньне, цi абнiжэньне ўзроўню вядзе да грамадзкiх хваробаў, такiх як таталiтарызм, самаразбурэньне, страта арыентыраў, што можа скончыцца нацыянальнай катастрофай.

Наяўнасьць прэмii для элiты i для элiтарных дасягненьняў трэба толькi вiтаць. З другога боку, сытуацыя з прызначэньнем такiх прэмiяў ня можа быць цалкам аб'ектыўнай. Тут умешваюцца
палiтычныя, геаграфiчныя i iншыя традыцыйныя чыньнiкi. Акрамя таго, грамадзтва таксама павiнна быць актыўным.

Iнтэлектуальны ўзровень беларускай элiты - гуманiтарнай, навуковай, тэхнiчнай - вельмi высокi. Але грамадзтва ня ўмее яго скарыстаць, ня ўмее выявiць, прадставiць i нават шанаваць. Не знаходзiцца актыўных людзей, каб арганiзаваць падрыхтоўку i прадставiць Васiля Быкава на Нобэлеўскую прэмiю. Само па сабе такое ня робiцца, а пiсьменьнiк i ягоная творчасьць вартыя прэмii Нобэля. Грамадзтва ня здолела нават абаранiць вялiкага пiсьменьнiка ад лукашэнкаўскага акупацыйнага рэжыму. I гэта ў значнай ступенi ўзяла на сябе мiжнародная супольнасьць.

Так што розум у грамадзтве павiнен быць актыўным. Калi гэтага ня будзе, то не адбудзецца i яго поўнай рэалiзацыi. Будуць страты. Можа быць, як i ў прыкладзе зь Беларусяй, высокi
iнтэлектуальны ўзровень, але гэта прападае марна альбо выкарыстоўваецца iншымi, не на карысьць нацыi".

(Андранік Антанян: ) "Iснуе стэрэатып, згодна зь якiм Нобэлеўская прэмiя ў лiтаратуры - гэта найвышэйшая ступень мiжнароднага прызнаньня пiсьменьнiка. Доўгi час у гэта верыў i я, ажно да таго дня, пакуль на распродажы ў бiблiятэцы за сьмешную суму не набыў кнiжку Эляны Балютавiч'ютэ "Пiсьменьнiкi ляўрэаты Нобэлеўскай прэмii". I зьдзiвiў мяне ў гэтай кнiжцы ня столькi сам не па-эўрапейску мудрагелiсты цырыманiял шанаваньня чарговых ляўрэатаў - ад Каралеўскага прыёму да дзяўчынак с запаленымi сьвечкамi ў галаўным уборы, якiя 13 сьнежня пояць абраньнiкаў Швэдзкае акадэмii каваю. Ня столькi фармулёўкi матываў прысуджэньня таму цi iншаму пiсьменьнiку, хоць значная частка зь iх поўная звычайных алягiзмаў. Скажам, Габрыэлю Гарсiю Маркесу прысудзiлi прэмiю "За раманы й навэлы, у якiх фантазiя й рэчаiснасьць зьлiваюцца ў адзiн багаты паэтычны сьвет, якi адлюстроўвае жыцьцё аднаго кантынэнта й яго канфлiкты". Можна падумаць, што канфлiкты знаходзяцца па-за межамi чалавечага жыцьця. Але гэта мяне не зьдзiвiла. Зьдзiвiла тое, што пра iснаваньне добрай трацiны Нобэлеўскiх ляўрэатаў я даведаўся з гэтай кнiжкi. Мне неяк здавалася, што больш-менш арыентуюся ў гiсторыi лiтаратуры XX ст. Але ў каго са знаёмых фiлёлягаў нi пытаўся, што iм гавораць прозьвiшчы: Тэмплеруп, Понтапiдан, Ундсэт... Усе пацiскалi плячыма i ў адзiн голас казалi: "Скандынавы нейкiя". Вось табе й сусьветная вядомасьць. Так што леташнi нобэлеўскi сюжэт зь нiкому не вядомым iтальянскiм блазнам i прапановаю Сяргея Шупы закрываць Нобэлеўскую манапольку - вiдаць, ужо меў месца ў гiсторыi лiтаратурнага працэсу.

Нкалькi гадоў сярод беларускiх лiтаратараў i журналiстаў ходзяць чуткi, што калi ня сёлета дык у наступным годзе Васiль Быкаў атрымае Нобэлеўскую прэмiю. Для мяне гэта толькi новая iнкарнацыя старога слогану беларускага адраджэньня "Загляне сонца i ў наша ваконца". Аднак, як сьведчыць гiсторыя, мудрае эўрапейскае сонца нешта ня надта любiць сьвяцiць для нашага краю. Клiмат у нас ня сонечны цi што?

Уяўляю, што дзяды з Швэдзкае акадэмii ўсё ж прагаласуюць за сына беларускай вёскi Васiля Быкава, i прызнаюць яго за аднаго з найвыбiтнейшых лiтаратараў сучаснасьцi. Што гэта зьменiць? Натуральна, колькi тыдняў усе эўрапейскiя газэты будуць друкаваць партрэты Васiля Быкава. Пiсаць пра яго, як пра вялiкага пiсьменьнiка й нязломнага барацьбiта, перакладаць на скорую руку ўрыўкi зь ягоных твораў. Колькi дзясяткаў тысяч чалавек даведаюцца, што iснуе беларуская мова й лiтаратура. Натуральна, што не абыйдзецца без кур'ёзаў. Бо журналiстам пiсаць даводзiцца пра тое, у чым яны нi на грам не разьбiраюцца. Ясна, што за гэтым хлыне хваля перакладаў. Перакладаць аповесьцi Васiля Быкава будуць пераважна з расейскай мовы i друкавацца яны будуць пераважна ў спэцыялiзаваных выданьнях. А праз дваццаць гадоў якi-небудзь дацкi фiлёляг знойдзе ў сьпiсе Нобэлеўскiх ляўрэатаў прозьвiшча Быкава i з хiтраватаю ўсьмешкай будзе пытацца ў сваiх знаёмых фiлёлягаў: "Хто такi Васiль Быкаў?" А яму ў адзiн голас будуць адказваць: "Ня ведаю. Расеец нейкi..."

Што да Беларусi, то, баюся, калi сёлета Васiль Быкаў урачыста вып'е кавы з Карлам XVI Густавам, сёньня гэта нiчога ня зьменiць. "Советская Белоруссия" будзе пiсаць пра перафарбоўшчыка й кан'юнктуршчыка Быкава, якi на старасьцi гадоў вырашыў напляваць на iдэалы "Советской Родины", пра даўгiя рукi амэрыканскай разьведкi i пра тое, што iмпэрыялiсты з НАТА суюць свой доўгi нос у справы "суверенной республiкi", i патасна пытацца, а чаму не далi такога ж мэдаля й такога ж чэка з шасьцю нулямi Iвану Шамякiну, якi нiчым ня горшы. Народ збольшага будзе паблажлiва казаць пра тое, што прэмiю Быкаву далi за тое, што ён бээнэфавец, i выключна для таго, каб насалiць прэзыдэнту. Новых чытачоў для беларускiх кнiжак гэта не дадасьць. Як не ўплываюць на iх наклады, розныя дзяржаўныя прэмii, што немаведама па якiм прынцыпе штогод раздаюцца шчодраю рукою. Бо беларусы прызвычаiлiся да пахмурнага надвор'я".

(Зьміцер Бартосік: ) "Апошнiя днi цi, дакладней, ночы чэрвеня жыхарам менскага цэнтру ўжо другi год не прыносяць жаданага адпачынку пасьля працоўнага дня. На галоўным праспэкце iдзе рэпэтыцыя вайсковага параду да галоўнага сьвята нашай сёньняшняй дзяржавы. Наглуха зачыненыя вокны не выратоўваюць ад выхлапнога смуроду вялiзнае браняванае калёны. Гукi рухавiкоў прасочваюцца скрозь капiтальныя сьцены пасьляваенных дамоў, а стальныя гусянIцы пры сутыкненьнi з асфальтам прымушаюць зьвiнець кожную шыбiну.

Я вызiрнуў на вулiцу не ад цiкавасьцi, а ад немагчымасьцi заснуць. Але ўбачаная карцiна не падалася мне сумнаю. Хутчэй, заваражыла сваёю гарманiчнасьцю. Па начным праспэкце, якi
йзноў зрабiўся Сталiнскiм, цёмнымi прывiдамi праносiлiся танкi, БТРы ды iншыя пачвары. Замыкалi калёну тры джыпы з прымацаванымi сьцягамi знаёмых колераў, што бравурна выпроствалiся ветрам. Як тут усё адпавядала адно адному: архiтэктура пераможнага трыюмфу, нафарбаваная дзеля параду тэхнiка, колеры сьцягоў. Нават жоўтая лiтара "М" моднай амэрыканскай сталоўкi нейкiм чынам упiсвалася ў гэты "начны патруль". Цалкам лiшнiмi глядзелiся адно выпадковыя гледачы. Сваiм разьняволеным, неунiфармаваным выглядам яны ўносiлi дасбалянс у агульную карцiнку. Я зрабiў намаганьне ўявiць на гэтых машынах нашыя сьцягi. Але не ўявiлася. Нашыя сьцягi не для начных спэктакляў...

Дзень усё верне на свае месцы. Дзённае сьвятло змые ўвесь начны мiстыцызм. Баявая тэхнiка ўжо ня здасца такою непераможнаю, хутчэй недарэчнаю. Баi ў гэты дзень будуць iсьцi большай часткаю ў чэргах па пiва. А галоўны камандзiр зьдзейсьнiць нязвыклы для сябе ўчынак - зачытае сьвяточную прамову на беларускай мове. Апафеозам сьвята стане канцэрт колiшняй менскай дзяўчынкi, якая ўсё ж "прабiлася ў Маскву". А пазаўтра ўсё iзноў пойдзе сваёй чарадой. Танкi схаваюцца да наступнага параду. Апазыцыйная прэса будзе з новай сiлаю "разоблачать антибелорусский режим". А рэжым будзе надалей дасканалiць свой стыль i сваю мову. I спажыўцы дзяржаўнага беларускага слова знойдуцца. Мовы, на якой нельга мысьлiць, але можна паслухаць "канцэрт па заяўках радыёслухачоў", можна даць аб'яву ў газэту "Звязда", цi нават самому напiсаць якi беларускi вершык для "Чырвонай змены". Не забываючыся на запаветную мару "пробиться". Што з гэтым тэлебачаньнем, з гэтай прэсаю, а значыць i з гэтай моваю нiяк не асацыюецца. Чырвоная беларушчына застаецца прыручанай сiнiчкаю не для высокiх палётаў. Назаўсёды скаваная сваiм адмысловам стылем. Хiба могуць словы прыпевак i вестак з палеткаў каштаваць дорага?

А сапраўды, хто-небудзь хоць аднойчы спрабаваў вылiчыць кошт мовы? Можа гэта пара тысячаў за датаванае беларускамоўнае выданьне, цi, можа, усё, чым валодае сёньня рэальная Рэспублiка Бедарусь? Разам з усiмi сваiмi танкамi ды камбайнамi. I якi хаос мог бы ўнесьцi ў мазгi лаўцоў маскоўскага жорава нобэлеўскi мiльён, дадзены менавiта нашаму слову. Як першы лот ў ацэнцы. Як указальнiк накiрунку, куды сапраўды варта прабiвацца. Як гатовы сьцьвярджальны адказ на шмат якiя пытаньнi, што сёньня здаюцца недарэчнымi. Што, можна, валодаючы гэтым словам, прачнуцца мiльянэрам? На гэтай мове можна зьдзяйсьняць самыя дарагiя маскультурныя праекты, кшталту свайго нацыянальнага "Плэйбою" цi мыльнаопэрнага сэрыялу? I менавiта на гэтаю мове навучаць кiраваць танкам?..

Але наўрад цi такiя пытаньнi прыходзяць у галаву тым, хто пад бразгат жалеза аб асфальт марна намагаецца заснуць. Каб назаўтра намагацца стварыць сабе "харошае настраенiе". Я ж
ведаю адказы на тыя пытаньнi i бяз Нобэлеўскай прэмii. А паколькi гэтыя танкi надаюцца выключна для параду, я маю надзею дачакацца ўтылiзацыi iх i ўсяго таго, што яны быццам бы аберагаюць".

(Сяргей Харэўскі: ) "Аднаго разу польскае пасольства ў Менску наладзiла вечарыну, прысьвечаную прызначэньню Нобэлеўскае прэмii Вiславе Шымборскай. Як i мае быць, было запрошана колькi лiтаратараў, перакладчыкаў, журналiстаў з культурнiцкiх выданьняў. На маё зьдзiўленьне, беларускiя калегi, за выключэньнем вядомага перакладчыка спадара Сёмухi, ня здолелi ўцямна растлумачыць ролю Шымборскай анi ў сусьветным, анi ў польскiм кантэксьце...

Цi ня самым калярытным удзельнiкам тае вечарыны быў стары прыяцель паэткi Янка Брыль. "Я знаёмы зь Вiславаю, бадай, болей, чым хто з прысутных, ад 52-га году. Тады мы добра кантактавалi. Разам з польскiмi раўналеткамi мы распрацоўвалi мэтад сацыялiстычнага рэалiзму", - казаў Брыль. Пасьля сьпеваў i дэклямацыяў пад раяльны акампанiмэнт, панi амбасадар Эльжбэта Смулкова прапанавала па трэцяй чарцы. Прысеўшы ва ўтульны фатэль, спадар Брыль шчыраваў з суседзямi: "Але ж i пашанцавала ёй! Зрэшты, палякi заўсёды былi джэнтэльмэнамi. Ёсьць у iх тры нобэлеўскiя ляўрэаты, нарэшце прапусьцiлi наперад жанчыну".

У беларускай прэсе пра тое, што паэтка з суседняе краiны атрымала найвышэйшую ў сьвеце ўзнагароду ў галiне лiтаратуры, напiсалi хто двума радкамi, хто ў два абзацы. Чамусьцi некаторыя згадалi Бродзкага i Салжанiцына. А ўжо праз тыдзень беларуская публiка йзноў нiчога ня ведала пра Вiславу Шымборскую...

У той самы час Польшча трыюмфавала. Здымкi, iнтэрвiю, камэнтары, i бадай, самае iстотнае, вершы Шымборскай запаланiлi ўсю польскую прэсу. У любой кнiгарнi можна было пабачыць дзясяткi рознафарматных выданьняў i пра Шымборскую, i пра яе паэзiю. У Варшаве са мною ў гэты раз шчыраваў адзiн кракаўскi выдавец: "Для нас гэта зорны час. Шымборская - зараз гэткi тавар, якi разыйдзецца ўмомант. Але я табе скажу - гэта зорны час i для паэзii. Большасьць тых, хто купляе сёньня яе кнiгi, раней наогул не цiкавiўся паэзiяй". Для Польшчы Шымборская стала адным з нацыянальных сымбаляў.

Для краiны факт прысуджэньня Нобэлеўскае прэмii яе грамадзянiну - ня толькi гонар, але i ўнiкальная магчымасьць распавесьцi пра сябе сьвету. Спараўды, хто б ведаў краiнку
Сэнт-Люсiя, каб не лiтаратар Дэрэк Уолкот, якi таксама атрымаў Нобэля? Французы атрымалi дванаццаць прэмiяў за лiтаратуру, улучна з самым першым ляўрэатам у сьвеце, Франсуа Сюлi-Прудомам. Натуральна, пра Францыю ведаюць у сьвеце i бяз Нобэля. Але тое, што французы маюць тых прэмiяў больш за каго - сьведчаньне магутнасьцi францускае культуры. I Францыя прымае гэта, як належнае.

Праўда, распавесьцi пра пэўны край могуць i нобэлiсты iншых краёў. Сянкевiч i Мiлаш прамаўлялi пра Беларусь, хоць i па-польску... Такiм чынам, нешта ад iнстытуту нобэлеўскага ляўрэацтва Беларусь ужо атрымала...

Раней раздача прэмiяў Нобэля была густа замяшаная на палiтыцы: якi кантынэнт пара прадставiць, якi колер скуры ў прэтэндэнта, i пытаньне, цi ня саме iстотнае, цi рэпрэсавалi творцу на радзiме?.. Гэткiм чынам у ляўрэаты патрапiлi два савецкiя аўтары, якiх пазбавiлi савецкага грамамдзянства. Iх ужо добра запомнiлi ўсе былыя жыхары СССР. Ня столькi па творах, колькi па зубадрабiльных камэнтарах у камунiстычнай прэсе, кшталтам: "тунеядцу дают премию". Таму ў Менску часьцей за ўсё iх i прыгадваюць, двух расейскiх лiтаратараў зь нязьменным асацыятыўным шэрагам: нобэлеўскi ляўрэат - дысыдэнт, эмiгрант, прарок i гэтак далей. Уявiць сабе, што прэмii могуць даваць i за чыстую эстэтыку... Не, не ўяўляецца. Таму Шымборская ня надта каго цiкавiць тут, бо не кладзецца ў асацыятыўны шэраг...

Кiм мусiць быць беларускi прэтэндэнт на Нобэля? Тым, чый маштаб ня выклiча сумневаў у аматараў лiтаратуры ў любой краiне...

Калi прэтэндэнт мусiць пiсаць, як Салжанiцын, палiтычна-дакумэнтальную прозу, то iм мог бы быць Францiшак Аляхновiч са сваiм эўрапейскiм бэстсэлерам "У кiпцюрох ГПУ". Мог бы, ды ня стаў... Не было Беларусi на мапе. Хоць кнiгу Аляхновiча надзвычай апэратыўна, нават па сёньняшнiх часах, пераклалi на 11 моваў. Бо Аляхновiч першы па-мастацку распавёў сьвету пра жахi сталiнскага рэжыму. Калi б у тыя, 30-я гады прэмiю Нобэля ўручылi яму, з намi й нашай моваю лiчылiся б i Захад i Ўсход... Беларусь магла б зьявiцца на мапе сьвету раней.

Калi прэтэндэнт мусiць пiсаць, як Бродзкi, памiж турэмнымi адсiдкамi, то iм мог бы стаць Славамiр Адамовiч. Мог бы, ды ня стане, бо самым маладым ляўрэатам, ва ўзросьце 41 году, быў толькi Рэдзярд Кiплiнг i тое... у 1907 годзе. Кансэрватыўныя швэдзкiя акадэмiкi не даюць прэмii людзям, маладзейшым за сябе. А таму нават салiдны лiтарацкi даробак Адамовiча ў Стакгольме важыць мала. А шкада, бо ў гэтым выпадку, зважаючы на ўзрост паэта, мы былi б упэўненыя ў будучынi мовы...

Уявiць сабе свайго, беларускага ляўрэата цяжка. Зрэшты, не цяжэй, чым уявiць сабе, што ўсе навокал загавораць на сваёй, беларускай мове..."


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.