news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



12 Ліпеня 1998
 
Эфэкт кулі.
 
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня
 
Калi нейкiя рэакцыi iншых людзей падаюцца нам неадэкватнымi, прычынаю гэтага можа быць i наша ўласнае неадэкватнае ўспрыманьне. Напрыклад, часам мы кажам: гэты чалавек не скарыстаў свой шанец. А ведаеш, падхоплiвае мае развагi сябра, нiчога дзiўнага. Ён не скарыстаў свой шанец, бо ўсе ад яго нечага чакалi, а ён проста трава. Ёсьць людзi, якiя — трава. Яны жывуць як цела, а не як розум. Гэтаксама як i народ — гэта трава. Частка жывое прыроды. Змагары за народнае шчасьце апэлююць да грамадзтва, а грамадзтва, аказваецца, яшчэ няма, ёсьць толькi народ, трава. Гэта значыць, i падыходзiць да яго трэба адэкватна, i лячыць, калi хворы, — адпаведна.

I тут мне на вочы трапляецца апошняя публiкацыя знакамiтага псыхатэрапеўта Кашпіроўскага пра несьвядомае цi, дакладней, непадуладнае розуму цела i пра тое, як такое цела трэба лячыць. Ага! — усклiкнуў я сам сабе. Дык гэта ж пра наш народ таксама гаворыцца. Мэтодыкi Кашпiроўскага зусiм дарэчна выглядаюць у кантэксьце беларускага народа i нацыянальнага адраджэньня. Кашпiроўскi кажа:

«Я хацеў, каб ў арганiзме людзей зьявiлiся новыя, аздараўляльныя рэчывы, каб уключылася ўласная «ўнутраная» аптэка... Нашае цела зусiм аўтаномнае — яно нiяк не залежыць ад нашых пажаданьняў. У нейкi момант страўнiк раптам пачынае песьцiць у сабе, напрыклад, пухлiну. I гэта нiяк не залежыць ад нашага розуму. Гэта жорсткi закон прыроды — чалавек ня можа ўплываць на арганiчную матэрыю. А я знайшоў, што на цела, насуперак спрадвечным стэрэатыпам, уплываць можна — праз розум iншага чалавека, празь ягоныя пачуцьцi. Што лепей —выдалiць пухлiну апэратыўным шляхам цi прымусiць арганiзм зьесьцi яе?»

Магчыма, мае параўнаньнi пададуцца неадэкватнымi, але хiба ня нам трэба казаць пра ўласную ўнутраную аптэку нацыi i пра аўтаномнасьць народа ад ягоных правадыроў? Кашпiроўскi працягвае:

«Нашым целам кiруе сфэра несьвядомага «я». I самае страшнае для нас — не хваробы розуму, а хваробы цела. Ад iх мы памiраем. У кагосьцi пасьля сумоўя з мною нечакана зьнiкла пухлiна! Чаму? Ды таму, што арганiзм «памятае» часы, калi нiякай пухлiны не было. Сiвыя косы набываюць ранейшы колер, шнары разыходзяцца. Чаму? Ды таму, што матрыца памяцi нормы вельмi дужая i надзвычай жывучая».

Па вялiкiм рахунку, гутарка iдзе пра генную памяць, голас крывi, пра тое, адкуль у вынiку бярэцца пашана да роднае мовы i да гiстарычнае славы краiны. Можна глыбока ня ведаць гiсторыю i яе пэрсанажаў, але пры гэтым ставiцца да iх зь пiетэтам. Так ёсьць ва ўсiм сьвеце, дзе сфармавалiся нацыi. Больш за тое, Кашпiроўскi настойвае, што нават i ня трэба ведаць тыя гiстарычныя падзеi i тых пэрсанажаў. I ў дачыненьнi да травы, да прыроды, да цела зусiм верагодна, што гэта так.

«Да мяне многiя зьвяртаюцца i кажуць: «Вазьмiцеся нас лячыць, мы вам верым». Але чым вераць? Розумам. А якое ўзьдзеяньне можа аказаць розум на, дапусьцiм, парэзаны палец? Нiякага! Мне вера непатрэбная. Гэта яшчэ адзiн стэрэатып, што лекару трэба верыць.

Iндусы напiсалi выдатную працу «Вызвалiцца ад вядомага». Вось i мая праца на тэлеэкране была спробай вызвалiць людзей ад вядомага. Нiякага гiпнозу не было. Я спадзяваўся вызвалiць мiлiёны ад iлжывых уяўленьняў, у тым лiку i пра патрэбу наркозу. Iнфармацыя, якая ўкараняецца ў чалавека, павiнна быць нябачнай i нячутнай. Тады яна дзейнiчае больш эфэктыўна. Паспрабуйце ўхiлiцца ад кулi — не атрымаецца, бо куля нябачная.

Целу пра цела вядома ўсё! Але целу невядома, з чым трэба змагацца. Калi ёсьць пухлiна, целу патрэбны сыгнал — зьнiшчыць яе! А ўжо цела само разьбярэцца з сабой».

Разглядаючы гэтыя словы ў якасьцi мэтодыкi нацыянальнага адраджэньня, можна зрабiць нечаканыя высновы:

па-першае, цi ёсьць сэнс у асьветнiцкай працы, у навучаньнi народа? Можа быць, паважнае стаўленьне да гiсторыi i мовы сапраўды павiнна пранiкаць у народ як куля — нябачна i бясшумна? Але хто тады i адкуль мусiць тую кулю выпусьцiць? Магчыма, новы прэзыдэнт. Бо хiба не нагадвае дзейнасьць сёньняшняга такiя вось стрэлы ў несьвядомае цела?

Па-другое, што ёсьць матрыца памяцi нормы, якая схаваная ў целе народа? Тут дастаткова аднаго слова, каб задумацца над сытуацыяй. Гэтае слова ўсё радзей гучыць у Беларусi ў дачыненьнi да грамадзкiх працэсаў. I гэтае слова — норма.

(Зьміцер Бартосік: ) "Менш за ўсё 3 лiпеня мне хацелася выходзiць на вулiцу. «Ну, што я туды папруся, — думалася мне. На халеру я буду псаваць людзям настрой сваiм цяжкiм поглядам на ўсё iхнае баляваньне. У iх сьвята. Iм сёньня дазволяць бадзяцца па ўсёй галоўнай вулiцы, ад броўкi да броўкi. На ўсiх кутах дзеля iхных вушэй будуць танчыць народныя калектывы ды сьпяваць iх любiмыя песьнi зоркi раённых ДК. Дзеля iхных глотак будзе ракою лiцца пiва з гарэлкаю ды смажыцца мяса. Дзеля iхных вачэй неба ўвечары будзе расквечанае агнямi фэервэркаў. Яны гэта ўсё заслужылi. Сваёю вераю ды працаю на сваё пахмельле. Ты — не. Ты лiчыш гэты рэжым акупацыйным. Гэтую дату — днём, калi 54 гады таму ў горад увайшлi чужыя танкi, каб зруйнаваць яго й перайначыць пад свае парады. Табе не даспадобы iх песьнi й сьцягi. Што табе рабiць сярод iх? Але адседзецца ў хаце за чытаньнем любiмага Томаса Мана ў мяне ня выйшла. Сьвята лезла скрозь муры й шыбы ўзмоцненымi да дурноты звонкiмi гукамi дзявочых галаскоў — «Я люблю цебя Дзiма, што мне так неабхадзiма». Пад такiя заклiкi, далiбог, нiяк не пераварваюцца Манавы прароцтвы падзеньня Нямеччыны. Ды й чаму б чужому сьвяту раптам не абернуцца маiм, дзякуючы якой рамантычнай сустрэчы?.. Я раптам прыгадаў аднаго няўдалага Дона Жуана.

Неяк мне давялося выслухаць безьлiч камплiмэнтаў на адрас Беларусi й беларусак ад аднаго маскоўскага кiроўцы-перагоншчыка. Ён прыехаў сюды, каб забраць набыты ягонымi гаспадарамi МАЗ. Па атрыманьнi машыны маскоўскаму госьцю захацелася разьняволiцца. Пакаштаваць беларускага каханьня. Час быў самы прыдатны — 23 гадзiны, i масквiч, узяўшы таксоўку, паехаў па Менску, прадчуваючы незабыўную беларускую ноч у абдымках адной з прыгажуняў, ад колькасьцi якiх на менскiх вулiцах расейская галава пайшла кругам. Запрашэньне да раману ў расейца не адзначалася вытанчанасьцю. Спыняючы таксоўку, ён высоўваў галаву й крычаў сваёй абраньнiцы ледзь не на ўсю вулiцу адну толькi фразу: «Эй, трахацца пайдзём!» Няцяжка было адгадаць рэакцыю «непрадзьвiнутых» менскiх дзяўчатак на такую стыльную маскоўскую прэлюдыю. Паматаўшыся бяз вынiку па вулiцах чужой сталiцы ды пакiнуўшы менскаму таксi суму, за якую можна было б спакусiць, бадай, Шахерэзаду, зьбянтэжаны масквiч накiраваўся на сваю стаянку. «Але што яны ўсе робяць на вулiцы?» —запытаў ён у таксiста на разьвiтаньне. «Гуляюць», — адказаў той. «I ўсё? — разгубiўся маскоўскi госьць, — а першай гадзiне ночы?! Загадкавая, блiн, краiна».

Гэтую фразу — загадкавая краiна — масквiч будзе паўтараць да самага ад'езду. «Вы не разумееце, у якой чыстай краiне вы жывяцё. У вас жа школьнiцы газоны граблямi капаюць. На свае вочы бачыў. I якiя школьнiцы! Кожная — гатовая фотамадэль. Нашы ж двоечнiцы, здаецца, усе даўно на трасах па чырвонцу аддаюцца. А граблi й за сотню ў рукi ня возьмуць. Якi тут, не хер, край балот. Рай некранутых Еваў. А вы й не заўважаеце». Ён пакiнуў Беларусь зь няўцямнай усьмешкаю на твары, так i не паспытаўшы беларускага каханьня. Павез у свой дзесяцiдаляравы рай сьветлыя ўражаньнi ад загадкавай краiны. Разгадкi пакiнуўшы мне.

У гэтыя днi прыгожых жанчын на менскiх вулiцах было шмат, як нiколi. На любы густ i запыт. Выпускнiцы, дзевачкi-трасьцiначкi ў клёшах i на цяжкiх, а-ля хунта, падэшвах; навучэнкi ПТВ, iнтрыгуючыя караценькiмi спаднiцамi ды лайкравымi панчохамi; нашыя нязломныя бiзнэс-лэдзi ў кофтачках i пiнжаках ад мсье Дынама; маладзяшчыеся перакiсьсю вадарода ды чаравiчкамi-шпiлькамi каралевы плянавых аддзелаў, бухгальтэрыяў ды iншых адмiнiстрацыяў. Беларусаў можна зразумець. Навошта напружвацца, жывучы ў гатовым раi? Гэта быў сапраўды грандыёзны парад. О, калi б я злавiў у Сьвiслачы залатую рыбку, мне бы не спатрэбiлася дакучаць жывёлiнцы трыма жаданьнямi. Мне б хапiла й аднаго. На ўсё б жыцьцё, бадай, хапiла. Ды замест рыбкi да мяне з глыбiнь шашлычнае чаргi падплыў знаёмы беларускi нацыяналiст. Каб засьведчыць мне, старанна пражоўваючы мясцо, сваё незадавальненьне «лукашысцкiм» сьвятам. Божа, падумаў я з жахам, няўжо ж да канца маiх дзён я буду прыцягваць увагу адно нацыянальна заклапочаных сяброў БНФ? Не карай, Стваральнiк!

Пасьля порцыi пiва з гарэлкай мая хада значна пашпарчэла ў пошуках зусiм не жаночых вабнотаў. Але, патрапiўшы да запаветных дзьвярэй зь лiтарай «М», я быў зноўку зьбянтэжаны колькасьцю стройных ног, пяшчотных шыяў ды iгрывых вачэй. На iмгненьне здалося, што ў парыве страсьцi я пераблытаў дзьверы. Ля кожнай кабiнкi ўтварылася вясёлая дзявочая чарга. Засяродзiўшы ўвагу на пiсуары ды слухаючы бесклапотнае шчабятаньне за сьпiнаю, я адчуў сябе сiбiрскiм селянiнам у Эўропах, дзiкiм занзiбарцам у чэраве заходняй цывiлiзацыi.

Вось куды было б цiкава запрасiць таго маскоўскага пiжона. Маўляў, у вас у Маскве зь дзяўчынкаю ў туалеце не пазнаёмiсься. А ў нас — хоць спатканьнi прызначай. Калiсьцi, дарэчы, мне вельмi хацелася выглядаць сапраўдным iншаземцам у вачах менавiта расейцаў. Для беларусаў, думалася, толькi Расея можа служыць лепшым i агромнiстым люстрам нашай эўрапейскасьцi. А перад кiм жа яшчэ казыраць рэшткамi готыкi ды барока, гiстарычнай спадчынай Вялiкае Лiтвы й Рэчы Паспалiтай, урэшце, шляхетнымi дамкамi, заходнiмi аўтамабiлямi ды добрымi, зноў жа, у параўнаньнi з расейскiмi, дарогамi. Але большасьць маiх суайчыньнiкаў захацела цi то растварыцца ў гэтым люстры, цi то схавацца за iм. Толькi атрымалася наадварот. Для расейца я стаў iншаземцам. Ды радасьцi ад гэтага не паболела. У ягоных вачах я, напэўна, выглядаю адданым вырабляльнiкам танных МАЗаў, якога можна па-сваяцку паляпаць па плячы, маўляў, «харошая рэспублiка, бедна, но чыста» i кiраваць у сапраўдную Расею, «бязь месных страннасьцей». Для эўрапейца ж я так i ня стаў сваiм. Але эўрапеец, нарэшце, заўважыў мяне дзякуючы чырвонай пляме не майго сьцяга.

Мiж тым, разгуляева на галоўнай нашай вулiцы набiрала абароты. Адчуваньне было такое, што гульбiшча iдзе «за канец сьвету». Пiлася й пажыралася ўсё, што прадавалася, але неяк без натхненьня. Савецкая Беларусь гуляла незразумелы сьвету баль. Нарэшце, далi доўгачаканы салют, што ненадоўга прымусiла публiку прыўзьняць галовы. Самi сабою на памяць прыходзiлi кадры з «Тытанiка», дзе таксама народ забаўлялi яркай стралянiнаю. Не без захапленьня майстэрствам пiратэхнiкаў назiраючы за агнямi, што прыгожа пераўтваралiся то ў чырвоныя зоркi, то ў чырвона-зялёныя кругi, мне менш за ўсё хацелася прыкiдваць — колькi яшчэ нас чакае пераможных чырвоных салютаў. Пяць цi, можа, трынаццаць. Канец гэтай азлобленай на ўвесь сьвет дзяржаўкi будзе мала адрозьнiвацца ад канца вялiкага судна.

Памятаю, зь якою крыўдаю распавядаў мой сябра-бiзнэсовец пра тэлефонны званок з далёкае Эстонii. Эстонскi фiрмач, зацiкаўлены ва ўсё тых жа МАЗах, удосталь даў волю свайму досьцiпу з нагоды «такой чудеснай рэспублiкi, на каторую весь мiр смотрыт с надзеждай». «Включайте факс», — адказаў сябра. «О, в вашей рэспублiке дажэ факс есть!» — данеслася зь безь пяцi хвiлiнаў Эўропы. Але сябра дарэмна крыўдаваў на свайго балтыйскага калегу. Нас павiнны нелюбiць. Можа, хоць гэта паслужыць нагодаю для зацiкаўленьня самiмi сабой.

Вось за гэтымi сьветлымi думкамi я i ўбачыў тую, каго шукаў. Я ўбачыў пад ненатуральна белаю чолкаю неверагодна сiнiя вочы, ад погляду якiх не была страшнаю думка, што жысьць прайшла дарэмна, i ня вернеш. Я ўбачыў вусны, якiя яшчэ не згубiлi дзiцячай пульхнасьцi, але ўжо навучылiся складацца ў цынiчную ўсьмешку. Толькi пасьля я зьвярнуў увагу на яе ногi, ад сузiраньня якiх думка пра мiнулае жыцьцё губляла надрыў таннага рамансу. Такiх ног я й на самой справе яшчэ не цалаваў. Адным словам, я ўбачыў курву, прафуру, самадайку, лахудру, цi як там яшчэ яе пасьпелi нарачы тыя, каму валоданьне ёю падалося занадта дарагiм. Я ўбачыў тую, наблiжэньне да якой хоць на крок пагражала няўцямнай небясьпекаю. Тую, што, нават калi яна была самою цнотаю, адным паваротам шыi абуджала згадкi аб раi. Дзе яе першым i галоўным абавязкам было Даць. Цана, некалi заплочаная першаадкрывальнiкам Адамам вядомая. Я, у адрозьненьне ад яго, быў у нашмат менш спрыяльных абставiнах. Гiтары пад рукой не было, у кiшэнi — пошлая зялёная дваццатка. Каб чытаць ёй беларускiя вершы ў такi сьвяточны дзень, я не настолькi многа прыняў. Ня мог жа я зь ёй абысьцiся так, як абышоўся адзiн менскi актор з прастытуткаю ў беластоцкiм гатэлi. На прапанову каханьня менчук адказаў згодаю, але з умоваю «Як я хачу». «Ого!», — заiнтрыгавалася панi, — як жа пан хоча?» «У доўг», — быў адказ гордага беларуса.

Я абраў самы дурацкi варыянт з усiх магчымых. Пасьля апошняга сьвяточнага стрэлу я маўклiвым ценем, гэткiм бязмоўным рыцарам паплёўся ў сьлед за ёю ў надзеi, годнай пiянэра, да яе пад'езду знайсьцi тыя словы, ад якiх яна растане i ў якiя паверыць назаўжды. Мой маршрут скончыўся ля гатэлю «Плянэта», дзе яна, вядома ж, не жыла.

Як нам не варочаецца язык гаварыць i думаць аб радзiме, ня дай бог, не высокiмi словамi. А радзiма тым часам, стамiўшыся чакаць нашых даўгоў, сама шукае сабе адэкватнае цаны. Калi радзiма — гэта тое, што здольнае радзiць. А ня толькi даваць. I калi-небудзь яна адкрыецца сьвету. Адкрыецца ня дранiкамi, ня МАЗамi i ня танкамi. А сьвет адкрые для сябе новы славянскi Тайлянд. Ня можа тое, што каштуе дорага, доўга заставацца без належнай увагi. Беларусы са сваiм «толькi б не было вайны», як заўжды, зразумеюць гэта занадта позна. Нямецкi пiсьменьнiк, што прадракаў i нават жадаў пад бамбардоўкамi савецкiх танкаў краху сваёй краiны, на шчасьце, памылiўся. I шанец вярнуцца на ўсходнiя рубяжы выглядае вельмi спакусьлiва. Гэта будзе новая вайна, у якой кроў не пралiваецца, а наадварот — выцiскае аджылую. Але цi ня ў новай, вольнай донарскай крывi выратаваньне нашага раю?"

(Сяргей Харэўскі: ) "Праглядаючы новую кнiгу з цытатнiкам Лукашэнкi, я зьвярнуў увагу на ягоныя словы пра жанчын: «Апошнюю капейку я аддаю, калi яна ў мяне ёсьць, людзям, i, перадусiм, жанчынам. Я зь вялiкай павагай стаўлюся да жанчыны». Праўда, не напiсана, да якой. А вось i жанчына пра Лукашэнку, Тамара Дудко: у яго, высьвятляецца, «адсутнiчае тыповы мужчынскi стэрэатып аб другаснай ролi жанчыны»... Як бачым, на нашых вачох фармуецца пэўная сэксуальная палiтыка, чарговая спроба «спарадкаваць» узаемаадносiны плоцяў у адной асобна ўзятай дзяржаве. I Лукашэнка першым з мужчын пазбавiўся «стэрэатыпаў».

Сэксуальнасьць у розныя часы была чыньнiкам ня толькi бiялягiчным, аб'ектыўным, але й культуратворчым i нават палiтычным. Таталiтарныя рэжымы заўсёды ймкнулiся навязваць нацыям свае ўяўленьнi пра ролю плоцi i рэглямэнтаваць яе адпаведна з сваiмi ўяўленьнямi i магчымасьцямi. Пра эпохi, культуры, моды й норавы можна дакладна меркаваць i з таго, якое месца ў iх займае плоць. Памятаеце крык жанчыны з эпохi «перестройки»: «Сэкса ў нас няма!»?..

У сёньняшняй Беларусi кiраўнiцтва iмкнецца сачыць за «традыцыйнымi» каштоўнасьцямi, праўда нетрадыцыйнымi мэтадамi. Здавалася б, што атэiстам, хоць i праваслаўным, да Хрыста й ягонае бiяграфii? Але вось ня мусiць беларускi народ бачыць, як жывога Хрыста спакушае жывая жанчына. А таму аматараў творчасьцi Скарсэзэ ля тэлевiзараў чакаў сюрпрыз —рэтрансляцыя фiльма «Апошняя спакуса Iсуса» была перапыненая. Праваслаўная царква падзякавала рэжыму, хай сабе й атэiстычнаму...

На нядаўняй сустрэчы з расейскiмi лiтаратарамi Лукашэнка сьцьвердзiў, што палiграфiя i кнiгагандаль мусяць быць на сто адсоткаў дзяржаўнымi хоць бы ўжо таму, што сёньня ледзь не паўсюль у Менску гандлююць парнагарафiяй. Трэба думаць, што неўзабаве мы станем сьведкамi новай порцыi дакумэнтаў, якiя нараджаюцца ў нетрах Адмiнiстрацыi. Яшчэ ня вызначылiся, праўда, колькi працэнтаў чалавечага цела можна паказваць 6 цi 25...

Перад другой сусьветнай вайною жорсткiя меры супраць абортаў i кантрацэпцыi, прастытуцыi й эротыкi пракацiлiся па ўсёй Эўропе. Нацыi нiбы прадчувалi немiнучыя ваенныя страты людзтва. Натуральна, наперадзе ўсёй Эўропы былi таталiтарныя рэжымы. Мусалiнi адным указам закрыў публiчныя дамы, казiно, i... офiсы камунiстаў i заклiкаў павысiць нараджальнасьць. Камунiсты ў Расеi ў 1936 годзе забаранiлi аборты i, фактычна, разводы. Праўда, Сталiн нараджаць не заклiкаў. А вось Гiтлер спалiў унiкальныя зборы бэрлiнскага Сэксалягiчнага iнстытуту i заклiкаў павысiць нараджальнасьць. Былi нават выдадзеныя мэтадычкi са схемкамi, як гэта рабiць...

Сочачы за лёгiкай разьвiцьця аўтарытарызму ў Беларусi, ужо сёньня можна прадбачыць далейшае абмежаваньне эротыкi, больш жорсткае заканадаўства ў дачыненьнi да прастытуцыi. А нядаўнiя абмежаваньнi абортаў, — гэта, хутчэй за ўсё, толькi пачатак шырокае кампанii павялiчэньня нараджальнасьцi. Дыктатуры ня мiрацца са зьмяншэньнем колькасьцi сваiх падданых. У гэтым сэнсе Лукашэнкавая цiкавасьць да працэсу дзетанараджэньня неарыгiнальная. Арыгiнальнае тое, што ён асабiста вырашыў наведваць радзiльнi, з шампанскiм i цукеркамi. Праўда, у апэрацыйныя яго пакуль не пускалi. Пакуль..."

(Севярын Квяткоўскі: ) «Не люблю я вёску» — такiмi словамi адзiн мой прыяцель спрабаваў пачаць свой нарыс. Асабiста я недаверлiва стаўлюся да людзей, якiя ня любяць вёску. Асаблiва ў электрычцы «Менск — Асiповiчы».

Электрычка амаль заўжды забiтая, бо цi ня большасьць пасажыраў — пэнсiянэры-безьбiлетнiкi. Скразная нiтка iхных падарожных развагаў — «мы сваё аджылi». Але разам з тым пэнсiянэры —самая жыцьцярадасная частка пасажыраў. Яны ня п'юць а палове на сёмую, едучы на працу, ня ныюць з-за падзеньня курсу «зайчыка»... Хiба што жаляцца на малую пэнсiю i атсутнасьць прадуктаў у вясковай краме, ды самi ж з радасьцю тлумачаць, што раней бывала i горш...

Вясковыя-местачковыя пэнсiянэры езьдзяць у Менск на рынкi альбо ў госьцi. Iхныя дзецi iмкнуцца ў горад, каб «людзьмi звацца». Ня трэба быць Фройдам, каб зразумець, чаму, «зачапiўшыся» ў горадзе, яны пачынаюць ненавiдзець вёску — сымбаль заняпаду й безнадзейнасьцi. У той час, як у горадзе можна ня толькi «стаць чалавекам», але, нават, ператварыцца ў прэзыдэнта краiны.

У адрозьненьне ад большасьцi беларускiх грамадзянаў, мой прыяцель-журналiст нiколi ў жыцьцi не бываў у вёсцы. Але ня любiць ён яе з тае ж прычыны, што й астатнiя. Найперш ён даведаўся аб гэтым знаку безнадзейнасьцi зь беларускiх кнiжак: дзiцячых i дарослых. Пра «куток цемнаты»...

Я беларус. Таму мне ў поўнай меры ўласьцiвая беларуская нацыянальная рыса — недаверлiвасьць. Я не давяраю людзям, якiя нiколi не былi ў вёсцы. Яшчэ ў большай ступенi не давяраю вяскоўцам, якiя ператварылiся ў гараджанаў...

Горад — месца самоты асобы i вялiкiх магчымасьцяў для сэксуальных кантактаў. Вёска — знак супольнага ладу i жыцьця «на вачох». Штораз электрычка вязе пасажыраў ад «кутка цемнаты» да месца, дзе можна «людзьмi звацца». На памяць прыходзяць славутыя словы Зянона Пазьняка аб тым, што, маўляў, раней у беларусаў не было сэксу, бо трэба было шмат працаваць, каб зарабiць ежу, якой усё роўна не хапала. Але чаму ж тады такiя жыцьцярадасныя ў нас пэнсiянэры, i такiя абыякавыя да жыцьця маладзёны?..

Я люблю вёску, i ведаю, якiм мусiць быць сапраўдны горад. Яны вернуцца ў Беларусь разам з даверам. Калi зьнiкне страх жыцьця на вачох".


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.