|
|
23 Жніўня 1998
|
Back in USSR. Прага-1968. |
|
|
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Большасьць людзей у Беларусi нiколi не чыталi Шэксьпiра, нiколi ня слухалi Баха, нiколi не задумвалiся пра падзеньне камунiзму. Напэўна, штосьцi падобнае можна сказаць пра любую iншую краiну i любы iншы народ сьвету. Але гэта нiякiм чынам не зьмяншае значнасьцi Шэксьпiра, Баха i падзеньня камунiзму для ўсiх. Гiсторыю, культуру i цывiлiзацыю рухаюць наперад ня масы, а адзiнкi, групы, выпадак i настрой.
30 гадоў таму войскi Варшаўскага пакту ўвайшлi ў Чэхаславаччыну. А перад тым была Праская вясна, адна зь першых спробаў падзеньня камунiзму. З падачы чэскiх пiсьменьнiкаў, найперш Мiлана Кундэры, Праская вясна ўспрымаецца менавiта як настрой. Гэтаксама ўспрымаюцца i балтыйскiя сьпеўныя рэвалюцыi. Да прыкладу, польскi выхад з камунiзму мы называем пэрыядам Салiдарснасьцi i вайсковага становiшча. Заўважце, у музыцы зьявiлiся мэталёвыя ноткi, а ў рэвалюцыйным аксамiце пракiдаюцца жалезныя шарсьцiнкi. Польскага варыянту для Беларусi ня хочацца. Тады як чэскi або балтыйскiя выглядаюць рамантычна i прывабна.
Я таму кажу пра гэта, што наш выхад з камунiзму яшчэ безвыходна наперадзе.
Большасьць людзей у Беларусi нiколi толкам не задумвалiся над 68-м чэскiм годам. А вялiкае мноства народу нават нiчога ня чула аб Праскай вясьне. I гэта зноў пацьвярджае думку пра тое, што масы ня робяць гiсторыю. Калi, вядома, гэта ня масы, што запаланiлi пляц перда прэзыдэнтурай.
Сяргей Харэўскi на ўгодкi ўводу савецкiх войскаў у Чэхаславаччыну таксама згадаў адну з балтыйскiх сьпеўных рэвалюцыяў - лiтоўскую. Вiдавочна, паводле настрою гэтыя падзеi сапраўды аднаго кшталту.
(С.Харэўскi: ) "Эпахальныя падзеi гiсторыi найчасьцей бачаць i адпаведна ацэньваюць толькi тыя, хто непасрэдна бярэ ў iх удзел. Астатнi народ жыве сваiм звычайным клопатам i ў вынiку альбо прымае падарункi гiсторыi, альбо становiцца гэтай гiсторыi ахвярай, а найчасьцей - застаецца нямым сьведкам эпахальных перамен.
Калi ў студзенi 91 году па Вiльнi йшла стралянiна й тысячы людзей ратавалi свабоду Лiтвы, гэтулькi ж людзей займалiся сваiмi штодзённымi справамi. Адначасова па горадзе езьдзiлi танкi i ў гастраномах стаялi звычайныя савецкiя чэргi па дэфiцытныя харчы.
Памятаю, я прыехаў тады ў Вiльню зь Пецярбургу, дзе тысячы расейцаў прагна лавiлi кожную вестачку зь Лiтвы, варожачы, куды павернецца гiсторыя былое iмпэрыi. А ў Вiльнi па-ранейшаму хадзiлi тралейбусы, працавалi кавярнi i нават чарга па швэйцарскiя лёды, нягледзячы на зiму, была звыкла доўгаю. Толькi калi сьцямнела, недзе далёка, у мiкрараёнах пачулася стралянiна. Але за вокнамi кватэраў нехта сьпяваў, нехта глядзеў тэлевiзар, нехта ўшчуваў дзяцей. Мiж тым, Лiтва стала незалежнай...
Калi ня быць у Беларусi, скажам, пару тыдняў, i арыентавацца ў падзеях толькi паводле прэсы, можна скласьцi сабе ўражаньне, што там па вулiцах езьдзяць танкi, штодня ўчыняюцца аблавы й пагромы, а паняволены народ жыве ў голадзе й холадзе. Невыпадкова замежныя калегi ўвесь час пытаюцца ў беларускiх гуманiтарыяў, колькi часу яны правялi ў вязьнiцах i колькi яшчэ журналiстаў томяцца ў лукашэнкаўскiх турмах... "Нiводнага?" - недаверлiва перапытваюцца замежнiкi.
Мiж тым, што ў Ашмянах, што ў Менску людзi жывуць, як i жылi, а часам нават i лепей. Савецкiя чэргi па харчы яшчэ не вярнулiся. У дзяржаўных шапiках можна набыць сьвежую апазыцыйную прэсу, а ў "блакiтным" экране пабачыць расейскiя пародыi на нашага саўгаснага прэзыдэнта. Новых заходнiх машын на дарогах усё болей. Ды й па вопратцы сёньняшнiх беларусаў мала адрозьнiш ад астатнiх эўрапейцаў.
Менск моцна зьмянiўся за апошнiя год-паўтары. У некалi безаблiчных мiкрараёнах паўсталi "макдональдсы", шэрыя гмахi дамоў усё болей заляпляюцца яркай заходняй рэклямай. Цэнтральныя вулiцы хораша падмеценыя, дамы сьвежапафарбаваныя, шмат кветак. Новыя крамы, кавярнi, рэклямы то тут то там яшчэ зьдзiўляюць вока. Праўда, недарэчнасьцi, што закладзеныя ў самiм спалучэньнi "рынкавы сацыялiзм", выяўляюцца i ў практыцы гэтага самага незразумелага сацыялiзму. "Всегда живая рыба!" - напiсана на тралейбусе. "Жывее ўсiх жывых",- падхоплiвае памяць. "Поздравляем с Днём Военно-Морского флота!" - крычыць рэклямны транспарант. Якога флёту? Якой краiны? А людзi вакол нiбы й не задаюцца пытаньнямi. Напрыклад, чаму пры "сацыяльна арыентаванай эканомiцы" кошты ў розных кавярнях розьняцца ў дзесяць (!) разоў. Вось тут нехта вячэрае за даляр, а за рогам - за тры сярэднiя ў краiне заробкi. Сёньня лягчэй параўноўваць Варшаву, Кiеў i Вiльню. Менск не падобны нi на што.
Загаловак у газэтах: "Суд над беларускай мовай!". "Нашу Нiву" сёньня судзяць паводле бальшавiцкай пастановы 33-га году. Iду па Менску, узiраюся ў твары людзей, удыхаю паветра роднага гораду. Не, нiчым "таталiтарным" ня пахне. Але гэта ня значыць, што таталiтарызму няма. Бо сапраўды адбываецца суд над мовай, сапраўды сядзяць у "валадарках" i "амэрыканках" палiтычныя. Здаецца, калi некага ў гэтай краiне за тоўстымi сьценамi казёных установаў будуць судзiць паводле пастановаў 37-га году, нават тады большасць народу будзе глядзець тэлевiзар, сьпяваць пад чарку i ўшчуваць гарэзьлiвых дзяцей.
Менавiта гэтак сёньня ў Менску разгортваецца мяжа, якая няўмольна й адназначна падзелiць нас, беларусаў, назаўсёды. На тых, хто, не задаючыся пытаньнямi, будзе выконваць чужыя пастановы памерлых рэжымаў, i на тых, хто прагне жыцьця; на тых, для каго Беларусь - недарэчнасьць, i на тых, для каго Беларусь - будучыня. Сёньня пытаньне беларускага правапiсу абыходзiць усiх, хто пiша цi пiсаў па-беларуску. Заўтра нiхто зь iх ня зможа сказаць, што нечага ня ведаў, ня гэтак разумеў... Ну а астатнiм, астататнiм застаецца iх штодзённае, нар-маль-нае жыцьцё".
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскi варожыць над будучыняй Беларусi, а я думаю пра адну фатальную i страшную несправядлiвасьць. Гэта ж вялiкае мноства людзей пражылi ўсё сваё адзiнае жыцьцё ў Савецкiм Саюзе, так i не даведаўшыся, што бывае iнакш, лепей.
Я прасякаюся шкадаваньнем да такiх сваiх суайчыньнiкаў, згадваю нават мармонскую споведзь за памерлых сваякоў i раптам разумею, што сёньня вакол мяне нямала людзей працягваюць жыць у СССР. I што рэсаветызацыя, якую праводзяць улады ў Беларусi, дазваляе не перажываць унутраную драму разьвiтаньня са звыклымi арыентырамi. Быццам нехта раздае квiткi на такi атракцыён - магчымасьць дажыць свой век у Савецкiм Саюзе i так нiколi й не даведацца, што такое СВАБОДА.
Вяртаньне да ўлады беларускае намэнклятуры моцна нагадвае тую ж Прагу ў жнiўнi 68-га. Праўда, чэхаславацкая намэнклятура дзейнiчала пад яўным маскоўскiм пратэктаратам, у нас жа ўсё робiцца пад таемным уплывам i паводле поклiчу сэрца. Але вынiк, бадай, той самы. На знакавым узроўнi яго можна сфармуляваць так: нацыянальная iнтэлiгенцыя патрапiла ў турмы або падалася на эмiграцыю.
Iзноў жа народ у масе сваёй не праводзiць такiх паралеляў. Чаму? Каб не настрашваць самога сябе? Цi таму, што такi роздум не ўваходзiць у правiлы атракцыёну пад назвай "працягваем жыць у СССР"? Вось што гавораць мiнакi на мескiх вулiцах. З апытаньнем зьвярнуўся да iх Севярын Квяткоўскi.
(С.Квяткоўскі: ) "Зьмiцер Вайцюшкевiч з гурта «Крывi», якога я сустрэў каля адноўленае катэдры на пляцы Волi, гэтак ахарактарызаваў уваход савецкiх войскаў у Чэхаславаччыну:
— Гэта калi да цябе ў хату прыяжджае чалавек i пачынае хадзiць па стале нагамi, спаць з тваёй жонкай на тваiх вачах...
Спадар, якi працуе ў сфэры шоў-бiзнэсу i якога я спынiў ля рэстарану «Крынiца»:
— Лично меня ничего не связывает с Чехией. Я там ни разу не был и вспоминать об этом не хочу.
Першакурсьнiца фiлфаку БДУ выявiла больш цiкавасьцi да падзеяў трыццацiгадовае даўнiны:
— Я чытала ў газэце, што сёньня будзе пiкет пакаяньня. Таму што беларусы таксама былi ў савецкiм войску i Беларусь уваходзiла ў склад СССР.
А вось два таксоўшчыкi, што пiльнавалi пасажыраў на пляцоўцы перад фiрмовай цырульняй «Мара», палiчылi, што з акупацыяй Чэхаславаччыны няма нiякiх праблем. Пра маральную адказнасьць беларусаў яны сказалi наступнае:
— Нет. Не несут ничего. Ничего абсолютно.
Наступны рэспандэнт аказаўся аднагодкам падзеяў жнiўня 1968 г.
— По-моему, любой белорус, который думает, несет ответственность. В моральном плане это была оккупация или, скорее, интервенция.
Студэнт, якi адпачываў на лаве:
— За те события Беларусь несет ответственность чисто исторически. Она была в Союзе, а это были союзные, скажем так, дела.
Затым я зьвярнуўся да дзьвюх сябровак дваццацiпяцiгадовага веку. Адна зь iх сказала:
— Сейчас каждый волен жить так, как ему хочется. Я не берусь ничего характеризовать, потому что — не стоит после стольких лет забвения. Войны затеваются ради того, чтобы кому-то в карман перетекло определенное количество денег.
Сусед па лаве, якi зарабляе свой хлеб зборам пляшак:
— В принципе, я и тогда был против этих дел. Зачем соваться в чужие дела? Пусть они сами решают свои вопросы... Для общественности никто ничего не говорил. А между собой говорили всегда, что это неправильное решение.
А вось словы кабеты, якая гулялася ў сквэрыку са сваёй унучкай:
— Мы люди более философского настроения. Я считаю, это прошло как историческая дата, всего лишь. Для изучения и познания.
Сталы спадар каля кафэтэрыя «Пiнгвiн» таксама быў настроены на фiлязофскi лад:
— Это был коммунистический режим. Фашиствующий. Все, кто входил в Советский Союз, несут моральную ответственность. Не белорусы, а руководители этих стран.
Перад самым сканчэньнем майго шпацыру, каля выхаду з станцыi мэтро «Кастрычнiцкая» я спаткаў лiтаратара i выдаўца Адама Глёбуса i запытаўся ў яго, цi ёсьць сувязь памiж сучаснай Беларусяй i Чэхаславаччынай 1968 году?
— Думаю, ёсьць. Я добра памятаю, як чытаў часопiс «Советская Чехословакия». Гэта быў самы круты часопiс на тыя часы.
Што да пачуцьця вiны:
— Асабiста мне няма ў чым каяцца. Але прынесьцi спачуваньнi ўрад наш павiнен".
(С.Дубавец: ) "Севярын Квяткоўскi распытваў выпадковых менчукоў пра тое, цi бачаць яны сувязь памiж Чэхаславацкiмi падзеямi 30-гадовай даўнiны i тым, што адбываецца ў Беларусi сёньня.
А што ўвогуле сёньня адбываецца ў нашай краiне? Я маю на ўвазе сутнасныя падзеi, а ня бiтву за ўраджай, выбух каля банку або вандалiзм на новым менскiм помнiку, якi атрымаў назву Нулявы кiлямэтар. Зьмiцер Бартосiк паспрабаваў убачыць тыя зьмены ў грамадзтве, пра якiя ня пiшуць газэты.
(З.Бартосiк: ) "Небагатае на падзеi летняе менскае жыцьцё пару дзён таму было падквечана гiсторыяй амаль што дэтэктыўнай. На якую прагна накiнулiся напэўна ўсе салiдныя газэты краiны.
У самым цэнтры сталiцы, на пляцы памiж, як кажуць у народзе, "домам Калхозьнiка" й будучым ягоным "маўзалеем" 3 лiпеня адкрыўся новы помнiк. Нулявы кiлямэтар. Пачатак адлiку да ўсiх нашых райцэнтраў i нянашых сталiц. Невысокая гранiтная пiрамiда з бронзавымi картушамi па бакох. На адной з граняў - выява беларускае мапы з адыходзячымi ад яе стрэлкамi. Што цiкава, стрэлкi паказваюць выключна на Ўсход. Каб, напэўна, было зразумела, у якi Рым павiнны весьцi беларускiя шляхi. Ля падножжа пiрамiдкi можна прачытаць колькi там да Вiльнюса, цi да Мiёраў. Адным словам, рэч у гаспадарцы карысная. I стаяць бы ёй некранутай гадамi.
Калi б не жывучы беларускi сюжэт, якi вядома калi распачаўся, ды невядома калi скончыцца. У якiм нешчасьлiвае дзяцiнства штодня перапаўзае ў бязрадасную старасьць. Дзе ўчынкi ня маюць хоць якой-небудзь уцямнае мэты, а думкi - цьвярозасьцi. I дзе ўсё, ад нараджэньня да сьмерцi робiцца выключна экспромтам.
Нулявы кiлямэтар прастаяў трохi болей за месяц. Пакуль аб яго не зачапiлiся герастраты. "Група падагрэтай алькаголем моладзi", - як напiсалi газэты. Ставячы сябе на iх месца, я зразумеў, што без iмправiзацыi тут не абышлося. Ну, а як яшчэ можна раскурочыць па частках гэтую канструкцыю амаль насупраць прэзыдэнцкiх вокнаў, пасьля цяжкае працы загрузiць бронзу ў злоўленую таксоўку на вулiцы, дзе мiлiцыянтаў больш чым электраслупоў. Каб пасьля везьцi багатую здабычу дахаты. А галоўнае - навошта. Ну не дзеля вандроўкi ж у Пiшчалаўскi замак.
Якiя там былi сапраўдныя матывы ды прычыны вандалiзму - ад чэсных газэт не даб'есься. А з напалову праўды лiтаратурнага сюжэту ня зробiш. Таму дэтэктыўная гiсторыя застаецца сюжэтам газэтным.
Але што цiкава. На маiх вачах i ў маiм часе адбываюцца, на першы погляд, нашмат менш заўважныя й годныя ўвагi падзеi, пра якiя салiдныя газэты ня пiшуць. У менскую электрычку сеў звычайны з выгляду дачнiк, з тым толькi адрозьненьнем ад астатнiх, што пачытаць у дарогу ён узяў нашанiўскую кнiжку "Гарт". А ў Баранавiчах, дзе нядаўна выйшаў культурнiцкi альманах з назваю "Рыцар Свабоды", маладыя аматары роднага слова набiлi морду мясцовым баркашоўцам. А ў Рэчыцкiм коледжы апошнi збор БПСМ быў прысьвечаны бiчаваньню аднаго з вучняў, якi амаль год мужна мыў падлогу роднае аўдыторыi сёньняшнiм дзяржаўным сьцягам. I такiх негазэтных фактаў па ўсёй краiне штодня набiраецца ўсё больш i больш. За iмi пры жаданьнi ўжо можна разгледзець лiтаратурныя сюжэты новых кнiг.
З нулявым кiлямэтрам усё ў парадку. Яго зноў апранулi ў бронзу. Вось толькi адна дэталь так i не вярнулася. Герб "Капуста".
(С.Дубавец: ) З назiраньняў Зьмiцера Бартосiка можна скласьцi характэрную карцiну сёньняшняе Беларусi. Праўда, гэта будзе толькi адна з карцiн. Мне нават тры плоскасьцi ўявiлiся: вось звычайныя людзi пражываюць сваё нармальнае жыцьцё, вось iнтэлiгенцыя перабiваецца ў пракуратурах i сьледчых iзалятарах або зьбiрае чамаданы на Захад. А вось дачнiк у менскай электрычцы чытае апазыцыйную кнiжку "Гарт". Чацьверты сюжэт - а iх, паводле Борхеса павiнна быць менавiта чатыры - адсутнiчае. Гэта тое, што ў Маскве называюць забаўным словам кремлеведенiе. Пра тое, што адбываецца ў нашых наглуха закрытых уладных кабiнэтах, ня ведае нiхто. Зрэшты, гэта ня значыць, што там не разыгрываецца чацьверты сюжэт. I што некалi ён не абернецца самым значным для грамадзтва i для беларускай гiсторыi вынiкам Шэксьпiраўскага маштабу. Пры тым нават, што большасьць людзей у Беларусi нiколi не чыталi Шэксьпiра, ня слухалi Баха i не задумвалiся пра падзеньне камунiзму.
|
|
|
|
|
|
|