|
|
27 Верасьня 1998
|
Сымболіка свабоды – 2. |
|
|
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Мiнулую перадачу мы прысьвяцiлi тэме свабоды. Зьмiцер Бартосiк казаў, што несвабода - гэта турма, а свабода - свая краiна. Сяргей Харэўскi найбольшую ў Беларусi свабоду знайшоў у вёсцы, у якой больш, чым у горадзе праўды. Выпадковыя мiнакi на менскiх вулiцах, да якiх зьвяртаўся Севярын Квяткоўскi, анi не згаджалiся зьвязваць паняцьцi асабiстае свабоды i свабоды iснаваньня ў грамадзтве.
Пасьля ўсяго сказанага мне падалося, што ў нашай перадачы не хапае высновы. Вядома, пра свабоду можна гаварыць бясконца, але якраз гэта i спыняе. Чаму пра свабоду можна гаварыць бясконца? Калi свабода - гэта тое, за што рэальна змагаюцца i гiнуць, калi гэта таксама i сацыяльная катэгорыя, значыць, яе нельга ставiць у шэраг так званых вечных пытаньняў. Словам, чаму старыя як сьвет iнтэрпрэтацыi й алегорыi не здаюцца нам заежджанымi, а тэму i самое слова "свабода" мы кожнага разу пачынаем з чырвонага радка?
Напрыклад, журналiст i гiсторык Аляксандар Лукашук, для якога свабода сталася, бадай, найважнейшай асабiстай тэмай, знаходзiць яе ў сакруме:
(А.Лукашук: ) "Ёсьць словы, сэмантычны зьмест якiх ня так i лёгка раскрыць у адным сказе. Ня гледзячы на тое, што цi ня кожны чалавек ужывае iх бяз дай патрэбы i пры гэтым укладае ў iх свой
зьмест. Вельмi доўга такiм словам у гiсторыi эўрапейскай цывiлiзацыi было "Б-г". У нахабным XIX стагодзьдзi, калi старога Старазапаветнага Б-га людзi ўслодыч паторгалi за сiвую бараду - на яго месца прыйшло слова "Свабода". Мiнуў не адзiн дзясятак гадоў, тысячы, далёка ня самых горшых прадстаўнiкоў чалавецтва загiнулi ў iмя Свабоды, а ўсё адно цяжка знайсьцi двух людзей, якiя б раскрывалi сэнс гэтага слова аднолькава. Прынамсi мне такiя не сустракалiся. Вiдаць, у Беларускай Савецкай Энцыкляпедыi артыкул "Свабода" адсутнiчае не таму, што ў БССР яе не было. Проста рэдактары не рызыкнулi ўзяць на сябе адказнасьць за iнтэрпрэтацыю гэтага тэрмiну. I слушна зрабiлi.
Для мяне Свабода - гэта тое, што будзе заўтра. Тое, на што спадзяюся. У дзiцячым садочку марыў хутчэй пайсьцi ў школу, бо там не прымушалi спаць удзень. Як вучыўся ў школе, малiў Б-га, каб як мага хутчэй вырвацца з гэтага маразму, густа прыпраўленага хатнiмi заданьнямi й вядзеньнем дзеньнiка. Як скончыў школу - то абраў навучальную ўстанову як мага далей
ад хаты, каб не замiнаць жыць бацькам, i каб яны ня торгалi без патрэбы мяне. I зноў пачалося - вось сьпiхну сэсiю, i нацешуся свабодаю. Буду рабiць што хачу. Але, як на зло, так нiколi не здаралася. У пошуках гэтай самай свабоды я зьехаў у вольную Лiтву - тут нарадзiлася свая дзяржава, нашмат менш бюракратыная, чым РБ узору Кебiча-Шушкевiча, але, тым ня менш, дзяржава - яна й ёсьць дзяржава. Кожнага разу, як зьбiраюся зрабiць сабе выхадны дзень, каб нiкуды не выходзiць з хаты й нiчога не рабiць, прыяжджаюць зусiм ня званыя госьцi або зноў узьнiкае патрэба некуды iсьцi ды нешта зрабiць. I так бясконца. Ня ўпэўнены, што ў маiм жыцьцi быў хоць адзiн дзень, якi я прысьвяцiў таму, што хацеў зрабiць. Баюся, што такi дзень i ня прыйдзе. Пераконваюць мяне ў гэтым "Зацемкi ад нуды" клясыка стараяпонскай лiтаратуры Кэнко-Хосi, якiя, на вялiкi жаль, за шэсьць стагодзьдзяў ня страцiлi свае актуальнасьцi: "Тое, што адбываецца з Вамi дзень за днём, зусiм не падобна на тое, што было задумана. I так цэлы год. I так усё жыцьцё". Свабода - вiдаць, зьява няўлоўная.
Я перагартаў падшыўку старой "Свабоды", шукаў i не знайшоў, чаму яе выдаўцы абралi менавiта такую назву. Як i не знайшоў, што яны лiчылi Свабодаю. Вядома, калi не зважаць на караценькую зацемку, што сканчалася грубаватым лёзунгам: "Свабода - гэта капiталiзм". Я думаю, што выдаўцы газэты слушна зрабiлi, калi зьмянiлi старую назву на зусiм не сынанiмiчную, бо тае Свабоды так нiхто й не пабачыў. I зусiм не выпадкова, нiхто на гэты дзень так i не знайшоў асобнiка аднайменнай газэткi-папярэднiцы, адцiснутай братамi Iваноўскiмi ў 1902 годзе. Бо Свабода - гэта памкненьне, не прызначанае для таго, каб яе мацалi рукамi".
(С.Дубавец: ) Пiсьменьнiк Адам Глёбус таксама ўяўляе свабоду алегарычна:
(Глёбус)
Так думае пра свабоду Адам Глёбус. Свабода - гэта тое, што фатальна абмяжоўваецца клеткай. Дакладней, гэта ў прынцыпе тое, што абмяжоўваецца. Паэт Сяржук Сокалаў-Воюш, нiбы iнтуiтыўна прагнучы ўзяць свабоду рукою, сказаў, што...
(С.Сокалаў-Воюш: ) "Свабода — гэта радыястанцыя, i зусiм не iстотна, як яна называецца: «Беларуская Маладзёжная» цi «Голас Амэрыкi», «Радыё 101,2» цi «Нямецкая хваля», «Эхо Москвы» цi «Бi-Бi-Сi»... Свабода — гэта радыястанцыя, на хвалях якой я знаходжу тое, што хачу знайсьцi i тое, што мне зусiм не падабаецца.
«Я супраць таго, каб у знак пратэсту нехта палiў сьцяг Злучаных Штатаў, — казаў у часе аднаго з сваiх першых канцэртаў у Беларусi Данчык, — але я за тое, каб той, хто хоча яго спалiць, меў законную магчымасьць гэта зрабiць». Да гэтага цяжка нешта дадаць. I ўсё ж. Свабода — гэта магчымасьць выбару цi ня выбару памiж вiцебскiм «Выбарам», суполкай БНФ, групай Мiрона цi якiм-небудзь БПСМ. Несвабода ўзьнiкае тады, калi твая ўнутраная свабода ня можа зь незалежных ад цябе прычынаў рэалiзавацца ў зьнешняй свабодзе.
На пачатку 80-х мы рэалiзоўвалi сваю ўнутраную свабоду праз падпольны друк, нелегальныя сходкi i г.д. Гэта значыць, што мы былi свабоднымi. Але ня кожны ўнутрана свабодны знаходзiў тады гэткае выйсьце. Вось яна й была, агульная несвабода.
Калi ў эпоху адноснай свабоды я распавёў сваёй знаёмай, як мы перадавалi на Захад мапу, дзе былi пазначаныя месцы дысьлякацыi савецкiх ракетных комплексаў, яна незадаволена сказала: ты перадаваў карту, дзе былi ракетныя комплексы тваёй радзiмы? Не. Я не перадаваў такой мапы. Бо нiколi ня меў за радзiму (а толькi за месца нараджэньня) Савецкую Беларусь. Радзiмай была краiна без акупантаў тады, i без акупантаў ды iхных памагатых цяпер. Гэта яшчэ адна праява майго разуменьня свабоды.
Сёньня Беларусь стаiць за паўкроку не ад, а да свабоды. Каб зрабiць гэтыя паўкроку, трэба даць магчымасьць кожнаму, стоячы пад бел-чырвона-белым, спалiць цi ўзьняць той сьцяг, якi ён хоча. Чаму пад бел-чырвона-белым? Таму што ён, як i сусьвет, не пытаньне выбару, а значыць, не пытаньне свабоды".
(С.Дубавец: ) Такiм чынам, свабода - гэта алегорыя, гэта не турма, гэта промысел Божы i бел-чырвона-белы сьцяг... Згадзiцеся, прастора для iнтэрпрэтацыяў - бясконцая. Няхай так. Але чаму?
Магчыма, таму, што мы паходзiм з краiны, дзе мiльёны людзей так i не далi сабе цяму, што такое "ўсьвядомленая неабходнасьць", як вучылi бальшавiкi, а самое паняцьце "свабода" не ўключалася нават у слоўнiкi па этыцы. Свабоды не было.
У iншых краiнах, у заходнiм сьвеце свабода стала ня толькi ключавым паняцьцем фiлязофii, але й базавым прынцыпам выхаваньня, iснаваньня, побыту. Там яе заўсёды выказвалi як нешта сапраўды неабходнае й зразумелае ад нараджэньня. Свабода - гэта непадзеленая адказнасьць. Чым больш у цябе адказнасьцi за сябе й iншых, i чым менш ты сваёй адказнасьцi дэлегуеш дзяржаве або падзяляеш з начальствам, тым большая твая свабода.
Ёсьць ты i адказнасьць за сябе ты ня дзелiш нi з кiм у сьвеце. У цябе ёсьць тое, што табе дарагое? Ты кажаш - мова, Бацькаўшчына, твае сьвятынi. Табе кепска? Ты кажаш, што ў краiне пануе кепскi рэжым? Ён зьдзекуецца з тваiх сьвятыняў? Але, сам разумееш, тое, што табе кепска - гэта не праблема рэжыму цi нейкае трэцяе сiлы, бо гэта ты адказны за сябе й свае сьвятынi. У цябе ёсьць свабода рэалiзоўваць сваю адказнасьць, адстойваць свае прынцыпы. Рэжым - гэта вецер, якi рве сьцягi або пяшчотна вее у твар. Ты стварыў сям'ю i адказнасьць за яе цалкам належыць табе. Анiякi рэжым, анiякi дыктатар не адказвае за тваю сям'ю. Падступнасьць савецкае сыстэмы была якраз у тым, што сыстэма спакушала цябе тым, што гэта яна, сыстэма, узвалiла на сябе адказнасьць за цябе, твае сьвятынi й тваю сям'ю. Гэта аўтаматычна значыла, што сыстэма пазбаўляла цябе свабоды.
Я так падрабязна спыняюся на гэтай лёгiцы, таму што яна адначасова элемэнтарная i найвышэйшая з тых, што выпрацавалi людзi. Свабода - гэта зусiм не ўседазволенасьць i, тым больш, нiякая не "ўсьвядомленая неабходнасьць", а менавiта нi з кiм не падзеленая адказнасьць.
Не бярыся любiць або ратаваць увесь сьвет. Гэтым ты толькi нашкодзiш сабе i iншым. Рэалiзуй сябе, беражы свае сьвятынi i разьвiвай сям'ю - вось i ўсё, што ты можаш зрабiць найлепшага. Хто б ты пры гэтым нi быў - генiй цi так званы "маленькi" чалавек. Калi вакол цябе людзi займаюцца тым самым - ты адчуеш ня толькi ўнутраную, але й вонкавую свабоду.
Амэрыканцы ператварылi свабоду ў культ i практыку ва ўсiх сфэрах жыцьця. Таму ў нашага чалавека на захадзе часам узьнiкае пачуцьцё пакiнутасьцi. Мы там нiкому не патрэбныя, - кажа наш чалавек. Гэта значыць ня тое, што нiхто не прыласкаў цi не абагрэў, што было нязручна або няўтульна. Гэта значыць, што там наш чалавек нiкому ня мог адрасаваць клопат за сваё жыцьцё, свой харч i свае задавальненьнi. Ён згубiўся ў моры свабоды. Iншы наш чалавек вырваўся ў гэтае мора i пачаў ляпiць сваё гняздо, свой занятак, сваю надзею. Свабода ўвасобiлася ў яго ў гэтых самых цаглiнах сямейнага шчасьця i дабрабыту, здабыць якiя яму не перашкодзiў нiхто. Нашаму чалавеку, як малому дзiцяцi, сказалi - iдзi сваiмi нагамi сам. Адзiн заплакаў i папрасiўся на ручкi, а другi пайшоў. Марна пытацца, каторае дзiця выглядае больш разьвiтым i жыцьцяздольным.
Калi ж вярнуцца з вольнага сьвету на нашую бацькаўшчыну, мы заўважым, якое мноства людзей, нiбы за тыя ручкi, чапляецца за рудымэнты сацыялiзму. А тыя рудымэнты - няхай ня зьнешнiм выглядам, але сутнасьцю сваёй - гэта рудымэнты лягера, дзе ты iнвэнтарызаваны i прыпiсаны, гэта значыць - належыш i выкарыстоўваесься.
З малых гадоў для заходняга чалавека няма большае страшылкi, чым гэтая - быць выкарыстаным. Для нашага чалавека гэта часта наадварот - прыносiць адчуваньне шчасьця. "Быць патрэбным людзям", - разважае ён з замiлаванай сьлязою ў воку. Прыгожая сэнтэнцыя абяртаецца парой жахлiвымi антылюдзкiмi наступствамi.
Аднак пара ўсё ж зрабiць тую абяцаную ў пачатку перадачы выснову.
Вытлумачэньне свабоды пачынаецца з адмоўя "не". На маю думку, гэта няслушна. Бо свабода ня мае нiякага дачыненьня да таго, цi ты сядзiш у турме, цi ходзiш па вулiцы. У свабоды як
непадзеленай адказнасьцi ёсьць толькi адзiн антыпод - гэта спакуса. Калi замест будаваньня свайго гнязда й дабрабыту ты спакушаесься простымi мiрскiмi радасьцямi або няправеднасьцямi. Да прыкладу, праца муляра або выхаваньне дзiцяцi - такiя заняткi ня могуць быць спакусаю. Гэта норма.
Але ж менавiта спакусу ў нас на бытавым узроўнi найчасьцей атаясамлiваюць з свабодай. Прычым кожны атаясамлiвае ў меру сваёй разбэшчанасьцi. Хтосьцi згадае бязбожнiцтва i ўседазволенасьць, хтосьцi нястрыманасьць i амаралiзм. Усё гэта стала для людзей, народжаных у СССР, сынонiмам свабоды.
Спакуса стала ўвасабленьнем свабоды, а неспакушальнасьць, якая асацыюецца з манаствам, рэглямэнтам, войскам - стала ўвасабленьнем турмы. I калi ўявiць сабе, што менавiта памiж
свабодай i спакусай зьмяшчаецца чалавечая сьведамасьць, дык у савецкiм варыянце для сьведамасьцi папросту не засталося месца. Яна была выцiснутая з прасторы памiж дзьвюма несвабодамi.
Спакуса - гэта выпрабаваньне свабоды. Калi ты iснуеш у непадзеленай адказнасьцi, творча рэалiзуесься i будуеш свой дабрабыт, менавiта спакуса не дае табе спынiцца, здаволiцца, заснуць. Менавiта спакуса, нiбы д'ябал, увесь час прымушае цябе змагацца за сваю свабоду i цанiць яе.
Да гэткай мэханiкi жыцьця, лепшай за якую не прыдумаў нiхто, нашаму грамадзтву яшчэ трэба iсьцi i йсьцi празь невядома якiя завалы, расставiць арыентыры, памiж якiмi знойдзецца месца для сьвядомасьцi чалавека.
|
|
|
|
|
|
|