|
|
17 Студзеня 1999
|
Я - славянін. Што гэта значыць? |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Я - славянін. Мы - славяне... Што гэта значыць? Калі гэта самахарактарыстыка, дык ці пазнаем мы сябе паводле славянства? І ці пазнаюць нас іншыя? Лаўлю сябе на думцы, што прамовіў гэтыя словы ці не ўпершыню ў жыцьці: я - славянін. Між тым, увесь наш сёньняшні дзяржаўны лад і недзяржаўны быт трымаецца толькі на гэтым адным-адзіным паняцьці. Яно абавязкова гучыць у праграмах навінаў, праяўляецца ў посьпехах аўтамабілебудаўнікоў і ў чорных дзірах спажывецкага рынку. Яно замяніла сабою ўсіх учарашніх апорных сланоў і чарапах, на якіх трымалася наша грамадзкае бытнаваньне: Ленін, партыя, камунізм, ды бадай усё, што магло аб'ядноўваць і дысцыплінаваць народныя масы, сёньня зьвялося да аднаго - славянства. Я славянін. Мы славяне. Што гэта значыць? Пра гэта наша сёньняшняя перадача.
З кім сябраваць, з кім злучацца, з кім жыць? Эканамічныя, палітычныя і ўсякія іншыя рацыянальныя мэтазгоднасьці адыходзяць на задні плян перад гэтай - мы славяне. Ну сапраўды, чаго б нам яднацца зь неабдымнай імпэрскай Расеяй, якая крызысуе, развальваецца на вачах? Або з Сэрбіяй, якая не вылазіць з вайны? Адказ адзін - мы славяне. І галоўнае не задумвацца пра тое, чаму б нам не яднацца з славянамі-палякамі або з славянамі-чэхамі? Урэшце і з украінцамі ў нас штосьці ня йдзе. А калі задумацца? Калі славянства - гэта сапраўды наш шлях, а значыць і лёс кожнага з нас, дык што ж гэта ўсё ж такі значыць - славянства.
Найперш паспрабуем высьветліць гэта ў людзей, якія ходзяць па менскіх вуліцах. Можа быць, яны падкажуць, што для іх значыць іхнае славянства? Да мінакоў зьвярнуўся Севярын Квяткоўскі.
(С.Квяткоўскі: ) "Пасьля таго, як я трэцi раз ня здаў залiк па гiсторыi паўднёвых i ўсходнiх славянаў, я не хачу адчуваць сябе славянiнам", - гэтак паўжартам адзiн мой знаёмы адказаў на пытаньне, што для яго значыць быць славянiнам. А вось, што мне адказалi мiнакi на менскiх вулiцах:
ГОЛАС: Цяжка мне сказаць, што такое быць славянiнам. Проста гэтае пытаньне не стаiць наогул.
Перад тым, як прыйсьцi да такой высновы, чалавек спрабаваў зьвярнуцца да рэлiгii альбо да мовы. А вось наступны мой рэспандэнт ня меў анiякiх сумневаў:
ГОЛАС: Нет, конечно, как это можно i адчуваць, что я славянин? Ну, если казаць, так всё можно адчуваць. Тебе будут говорить, что ты немец i ты будзешь чувствовать себя немцем.
Ягоны сябра быў менш катэгарычны:
ГОЛАС: Адчуваеш, канешна. Ну, с детства i менталитет, накладывается культура наша славянская на характер человека.
Увогуле, найперш мяне цiкавiлi адказы маладых людзеi, вольных ад савецкiх стэрэатыпаў. Вось, напрыклад, меркаваньне студэнта адносна iдэi славянскага брацтва:
ГОЛАС: Я был в Польше, к белорусам, украинцам относятся намного лучше, чем к туркам или румынам. Может быть, в этом и проявляется то самое славянское братство?
Маладых менчукоў, да якiх я зьвяртаўся, найчасьцей мала абыходзiла iхная славянскасьць. Адзiн студэнт сказаў, што ўпершыню задумаўся пра сваю нацыянальнасьць толькi ў Расеi,
дзе яму намякнулi на тое, што беларус - гэта славянiн другога гатунку... Адна дзяўчына прыгадала, што чытала, быццам славянкi лiчацца самымi прыгожымi эўрапейкамi... Але
збольшага:
ГОЛАС: Если у тебя в паспоре написано или не написано, что ты беларус, так ты можешь себя адчуваць или не адчуваць.
ГОЛАС: Я считаю, что славянин это человек, который ощущает себя славянином, и не задумывается о том, почему он славянин. А просто родился и вырос в славянских традициях, в славянских обычаях, возможно, ел картошку с молоком i значит славянин.
А вось адказ маладога, але сталага чалавека:
ГОЛАС: Знаете, сейчас особой гордости за свою пренадлежность к той или иной национальности нет. Сейчас всё перемешалось, и сподручней это... Особой разницы я не чувствую.
Гэты спадар распавёў пра тое, што, працуючы за мяжой побач з палякамi, славакамi i югаславамi, заўважыў, што дзяржавы гэтых людзей нашмат больш дбаюць аб сваiх грамадзянах, чым дзяржавы ўкраiнцаў, беларусаў цi расейцаў.
Што да найстарэйшага пакаленьня нашых грамадзянаў, дык яны альбо пачыналi цытаваць дзяржаўныя газэты пра велiч i неабходнасьць усходнеславянскага трыадзiнства, альбо адказвалi так:
ГОЛАС: Какой славянин? Меня не интересует ни славянин, ни еврей, ни американец. Главное - человеком нужно быть в первую очередь".
(С.Дубавец: ) Цікава, што ніхто з апытаных мінакоў не спаслаўся на гісторыю. Хоць гэта, відаць, адзіная сфэра, у якой паняцьце славянства што-небудзь значыць. Мы паходзім ад славянскіх плямёнаў. Праўда, гэта занадта далёкая гісторыя, каб там усё было дастаткова ясна і зразумела. Але існуе нешта накшталт грамадзкай дамоўленасьці пра тое, што мы - нашчадкі крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў і што плямёны гэтыя славянскія.
Праўда, калі пачынаеш паглыбляцца ў дэталі жыцьця тых плямёнаў, якая-кольвек рэальнае блізкасьць растае як дым. Напрыклад, беларускі гісторык і археоляг мінулага стагодзьдзя Адам Кіркор піша, што нашыя продкі-славяне мелі звычай пасьля сьмерці мужа забіваць і ягоную жонку, а таксама маленькіх дзяцей і ўсіх хавалі разам. Прычым дзяцей тапілі і чамусьці тапілі разам зь пеўнямі. Якое гэта мае дачыненьне да сёньняшняга славянскага братэрства? - спытаецеся вы. А якое дачыненьне гэтае братэрства мае да нас? Я славянін і спрабую самаідэнтыфікавацца, гэта значыць, зразумець, у чым заключаецца маё славянства. З гісторыяй не атрымалася. Можа быць, прасьцей будзе з мовай? Славянскія мовы. Пра іх лепей ведае мовазнавец Сяргей Шупа.
(С.Шупа: ) "Самае вострае, амаль экстатычнае адчуваньне славянскага кантакту я заўважаю ў сабе падчас зносiнаў з украiнцамi, асаблiва заходнiмi, калi кожны з нас гаворыць сваёй мовай i рознасьць нашых моваў ня толькi не стварае бар'ер, а наадварот дадае нашаму кантакту непаўторныя нюансы. Да таго ж агульнасьць нашага гiстарычнага лёсу, сувымернасьць нашых краiнаў, падобнасьць нашых нацыянальных праблемаў дапамагаюць нам разумець адзiн аднаго з паўслова. Гэта - выпадак сымэтрычнага разуменьня.
Цяпер - пра несымэтрычнае разуменьне. Ясна, што беларус заўсёды здолее паразумецца з расейцам (я маю на ўвазе мову - у гэтым сэнсе лiтаральна: здолее дамовiцца). Аднак беларуска-украiнская iдылiя тут не паўтараецца. Або расеец будзе разумець беларуса непараўнальна горш, бо практыка паказвае, што расейцы ў масе сваёй па-беларуску разумеюць зь вялiкай цяжкасьцю, або - якраз дзеля гэтай прычыны - беларус проста сам пярэйдзе на расейскую мову. У гэты самы момант славянская еднасьць распадаецца. Бываюць i шчасьлiвыя выняткi - гэта нашыя, беларускiя расейцы, грамадзяне Беларусi ня толькi паводле пашпарту, або нейкiя сьветлыя галовы ў самой Расеi.
Вельмi падобная сытуацыя несымэтрычнага разуменьня назiраецца i ў беларуска-польскiм кантакце. Розьнiца ў неаднолькавай палiтычнай дыстанцыi да Польшчы й Расеi ды яшчэ ў тым, што Польшча для нас - натуральная брама ў Эўропу, а Расея - напэўна брама ў нiкуды.
Кантакт з усiмi астатнiмi славянскiмi народамi стварае даволi камiчную сытуацыю сымэтрычнага неразуменьня. Што з таго, што мы паводле ягонай гаворкi апазнаем чалавека як македонца, славенца або кашуба? Як нам, не зьвяртаючыся да чараў алькаголю, спазнаць слодыч славянскай еднасьцi ад кантакту з прадстаўнiкамi гэтых бясспрэчна славянскiх народаў? Памятаю, маё першае ўражаньне ад горнясэрбскай (або як нас вучаць казаць расейцы - верхнялужыцкай) мовы - гавораць па-нямецку, толькi не зразумець нiводнага "нямецкага" слова. На леташнiм Усеславянскiм зьезьдзе ў Празе я цэлы дзень прабавiў у кампанii двух славенцаў. Уратавала нас тое, што мы гаварылi па-ангельску. Ня ведаю, што адчувала пры гэтым мая славянская душа, але гэтыя хлопцы з Марыбору былi мне значна блiжэйшыя, чым расейцы ў казацкiх папахах. Зноў жа - зь якiм iрляндцам бывае лягчэй паразумецца, чым з чэхам, бо для звычайнага чэха - хоць ты беларус, эстонец, якут або таджык - ты ўсё адно застанесься расейцам.
Вось жа, падсумоўваючы, зазначу, што памiж беларусамi i ўкраiнцамi iснуе нешта значна большае за славянскую еднасьць; памiж беларусамi i славенцамi-македонцамi-кашубамi ды iншымi далёкiмi славянамi - нешта значна меншае. А ў кантактах з расейцамi асобная славянскасьць беларуса або супярэчыць расейскай, або проста ў ёй зьнiкае. Так шуканая мною славянская еднасьць растае ў нябыце".
(С.Дубавец: ) Моўная практыка таксама не выводзіць на разуменьне ўласнага славянства. Дастаткова згадаць Югаславію, дзе прадстаўнікі трох славянскіх народаў вынішчалі адзін аднаго зь лютасьцю неверагоднай. Да распаду Югаславіі мову гэтах народаў - сэрбаў, харватаў і мусульманаў - ва ўсім сьвеце ведалі як адну - сэрбска-харвацкую. Аднак гэткая еднасьць не перашкодзіла югаслаўскім славянам ствараць для сваіх аднамоўцаў і аднарасцаў канцэнтрацыйныя лягеры ў найгоршых традыцыях трэцяга рэйху. Адзінае, што падзяляе гэтыя народы, - рэлігія. Яны праваслаўныя, каталікі і мусульмане. Але ж пры гэтым ніхто зь іх не адмаўляецца ад сваёй прыналежнасьці да славянства.
Прывязку славянства да праваслаўя вось ужо некалькі стагодзьдзяў прапагандуе Расея. На бытавым узроўні можна часам пачуць падзел на славянаў і палякаў, на хрысьціянаў і каталікоў. Сказваецца ўплыў ідэалягічных імпэрскіх стэрэатыпаў. Дык можа праваслаўе злучае сапраўдных элітных славянаў? Але што тады рабіць з праваслаўнымі японцамі? Альбо з беларускім гетманам Канстанцінам Астроскім, "ревнітелем православія", які ўвайшоў у гісторыю найперш бліскучай перамогай у бітве пад Воршай, дзе на галаву разьбіў войска сваіх адзінаверцаў-маскавітаў? Адным словам, і рэлігія нам нічога не тлумачыць. Наадварот, ці не панславісцкая расейская прапаганда прывяла да таго, што і беларусы і ўкраінцы сталіся шматканфэсійнымі народамі, падзеленымі на праваслаўных, каталікоў, уніятаў, пратэстантаў. А югаслаўскі праклад паказвае, наколькі гэта небясьпечны падзел.
Апошняя надзея - гэта знакі, сымболіка, паводле якой нас іншыя і мы самі сябе пазнавалі б як славянаў. Пра выяўленчыя прыкметы славянства падрыхтаваў матэрыял мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
(С.Харэўскі: ) "Славянскае мора, за рэдкiм выключэньнем, заўсёды аддавала перавагу "драпежнай" сымболiцы: арлы i львы, як i стагодзьдзi таму трывала ўплеценыя ў геральдыку славянскiх народаў. Што праўда, гэтыя сымбалi былi запазычаныя з Захаду. Нават баўгарскi леў стаў сымбалем гэтае краiны найперш як родавы гэрб дынастыi Гагенцолернаў, запрошанай цараваць у адроджанай краiне. Аднагаловыя, белыя й чорныя арлы былi запазычаныя ў германцаў. А дзьвюхгаловы арол прыйшоў у Расею непасрэдна зь Бiзантыi. Папярэдне гэта была рымская хiмэра, якую выяўлялi яшчэ этрускi.
Заўважу, што арламi птушыная славянская сымболiка не вычэрпваецца. Фантастычныя птушкi альбо пярнатыя стварэньнi са зьвярынымi й чалавечымi галовамi ва ўсiх славянаў сталi
ўлюбёнымi пэрсанажамi дэкаратыўнага мастацтва. Аднак жа й яны былi запазычаныя. Сырэны, то з крыламi, то без, адна зь якiх стала гербам Варшавы ды яшчэ тузiну славянскiх гарадоў ад Балканаў да Сiбiры, узыходзяць да антычных часоў, i палюбiлiся славянам позна, у эпоху Рэнэсансу. Нашмат старэйшы пэрсанаж птушка Сiрын, з жаночым торсам, якая яшчэ з дахрысьцiянскiх часоў шануецца ў Эўропе менавiта славянамi. Яна вядзе сваё паходжаньне ад птушкi Сiмург, генiя замагiльнага сьвету зь iранскае мiталёгii, i яе прынесьлi ў Эўропу скiфскiя плямёны, а на Дунай - вугорцы. Яшчэ адзiн дэманiчны пэрсанаж - птушка Гамаюн, iзноў жа запазычаная, у фiноiдаў. Ува ўсiм гэтым птушыным карагодзе насамрэч ёсьць нешта непапраўна славянскае. Памятаеце словы гераiнi "Навальнiцы" Астроўскага: "Чаму людзi
ня лётаюць, як птушкi!" Пасьля чаго гераiня топiцца.
У гэтай любовi да фантастычных пярнатых ёсьць нешта НЕДАхрысьцiянскае. Бо, прынамсi, хрысьцiяне мусяць ведаць пэўна, каму дадзена лунаць у нябёсах. Прага дадаць свайго
прыроднага разуменьня, расквецiць аскетычную, ва ўяўленьнях славянаў, хрысьцiянскую сэмантыку, прыводзiць да парадаксальных вынiкаў. Павы, якiя паводле раньнехрысьцiянскiх, катакомбавых традыцыяў увасабляюць неўмiручасьць i ўваскрашэньне, ператварылiся ў славянаў у Жар-птушку, пяро якой можа ашчасьлiвiць якога-небудзь Iвана-дурака. Лебедзь, сымбаль чысьцiнi й цнатлiвасьцi, ператварыўся ў спакусьлiвую хiмэру "Цароўну-лебедзь"...
З Блiзкага Ўсходу прыйшла таксама выява Сьвятога Юрыя (Георгiя, Ежы), якi забiвае (коле, сячэ) страшнага цмока. Уяўленьнi пра яго маюць невялiкiя разыходжаньнi: у заходнiх
славянаў цмок - гэта ўсё ж не крылатая зьмяя, а грувасткая вялiкая пачвара з чатырма нагамi. Але сам пэрсанаж - ваяр, прыйшоўся даспадобы ўсiм славянам аднолькава. Калi ў часы
адраджэньня славяншчыны, у сярэдзiне мiнулага стагодзьдзя, мастакi пакутлiва шукалi сымбалi й вобразы, якiя б маглi характарызаваць славянскую еднасьць, то ўсё зьвялося да
аднаго: вобраза волата на канi, якi гатовы адным махам сьсекчы сем галоваў. Насамрэч, што можа быць агульнага памiж нашчадкамi баўгарскага хана Аспаруха, польскага караля Пяста
ды нашага князя-ваўкалака Ўладзiмера? Прага збройнага чыну. Менавiта мiлiтарная гiсторыя стала духовым апiрышчам славянскага сьвету.
Славянскiя народы, якiя апынулiся ў 19 стагодзьдзi на ўскрайку цывiлiзацыi, адраджаючы сваё мастацтва, зьвярнулiся найперш да батальнага жанру, i найперш з палiтычнымi мэтамi. Калi ў
мастацтве Францыi, Iталii цi Гiшпанii гiстарычны жывапiс займаў сьцiплае маргiнальнае месца, у славянаў ён стаў найбольш шанаваным. У Матэйкi палякi б'юцца з маскалямi, у Брулова расейцы б'юцца з палякамi. Нават улагодненыя цывiлiзацыяй чэхi, Алеш цi Чэрмак, пiсалi найперш крывавую гiсторыю. Лiшне казаць, што выяўлялi яны мячы, штыкi i кроў.
Бадай, цi ня самы славянскi сымбаль - гэта меч, чыя б рука яго нi сьцiскала: варшаўскай Сырэны цi жаўнера-беларуса ў Трэптаў-парку. Ну а палёты, палёты сiрынаў, усьмешлiвых
грыфонаў цi канька-Гарбунка - гэта для дзяцей, славянскiх дзяцей, пакуль яны ня могуць узяць у рукi меч..."
(С.Дубавец: ) Слухаючы Сяргея Харэўскага, я, шчыра кажучы, ставіў на сабе экспэрымэнт - ці зварухнецца ў душы што-небудзь блізкае й роднае ад згадкі якога-небудзь знака або сымбаля. Не зварушваецца. Разумею, што гэта вельмі суб'ектыўны падыход. Але што зробіш, калі славянскае братэрства ўрэшце мусіць браць пачатак з кожнай асобна ўзятай славянскай душы. Бо толькі ў душы яно й можа матывавацца, калі не знаходзіць сабе падставаў ані ў мове, ані ў мастацтве, ані ў гісторыі пра патопленых разам зь пеўнямі немаўлятаў. Зьміцер Бартосік назіраў мэтамарфозы душэўнага яднаньня славянаў на баксэрскім турніры.
(З.Бартосік: ) "Калi дзяржаўны этэр усё часьцей й ўсё больш навязьлiва пачынае нагадваць пра маю славянскую кроў у надзеi на пераможны барабанны бой, што павiнен загучаць у маёй душы, я нават ужо не раздражняюся. Каб даведацца, што такое, гэтае загадкавае славянскае братэрства, мне хапiла прысутнасьцi на адным баксэрскiм паядынку, што адбыўся летась на чэмпiянаце Эўропы ў Менску.
У боксе я разумею прыкладна столькi сама, колькi ў славянскiх узаемасувязях, але не адседжвацца ж было ў хаце, калi непадалёк прынародна й беспакарана б'юць хлопцаў у
чырвона-зялёнай форме й з капусным гербам на грудзёх.
А патрапiў я, як высьветлiлася, на самае цiкавае. На паўфiнальны бой ў цяжкой вазе памiж пасланцамi Югаславii ды Iзраiля. Спачатку пад воплескi й братэрскiя вiтаньнi на рынг
выйшаў высокi магутны бляндын Аляксандар Урбанавiч. А праз хвiлiну пад сьвiст i рогат выбег нязвыкла для боксу таўстазады iзраiльцянiн, Туфiк Нузiзi. Акрамя аспэкту, трапна выяўленага ў дактрыне "Бей жидов, спасай Россию", бой заiнтрыгоўваў яшчэ й тым, што, хоць байцы былi ў роўнай вагавай катэгорыi, але тая вага разьмеркавалася ў iх па-рознаму. Жыдоўскi спартовец быў на тры галавы нiжэйшы i недзе ў паўтары разы таўсьцейшы за
свайго славянскага асанiстага вiзавi.
Зь першых хвiлiнаў паядынку публiкай авалодала незвычайная весялосьць. Туфiку з-за малога росту было значна цяжэй дацягвацца да славянскага аблiчча, прыходзiлася крыху падскокваць, але затое югаславу ня так проста было манэўраваць вакол шырокага iзраiльскага зада. За трыма вясёлымi хвiлiнамi публiка й не заўважыла, што па ачках вядзе жыд. Што,
безумоўна, толькi дадало iнтрыгi.
З пачаткам другога раўнду ў сэктары, якi займала дэлегацыя заўзятараў з Расеi, узьняўся рускi чалавек i, не шкадуючы нi ўласнага горла, нi суседзкiх вушэй, пачаў падтрымлiваць
югаслава выкрыкамi "Саша, мы с тобой!" "Славяне! Поддержим брата!" Лянiвыя беларусы, мiж тым, марнаваць свае галасы на падтрымку братана ня надта сьпяшалiся. I мелi рацыю.
Трымацца славянiну пад цяжкiмi ўдарамi божага абранца прыходзiлася ўсё цяжэй i цяжэй. Напрыканцы паядынку, да расчараваньня расейскага заўзятара, сымпатыя залi амаль цалкам
перайшла на бок Давыдавага нашчадка. Хацелася сьпяваць "Хава Нагiлу". I пад чарговае расейскае "Славяне!" югаслаў атрымаў апошняе прывiтаньне зь берагоў Ярдану, пасьля якога больш ня ўзьняўся. Ягоны маскоўскi прыхiльнiк, зьлёгку расчараваны тармазнутасьцю беларусаў, цяжка апусьцiўся на сваё крэсла. Наколькi ж моцным было ягонае й маё зьдзiўленьне на незвычайны ўздым тутэйшых трыбун, калi ў наступным баi супраць беларуса выйшаў ягоны зямляк-масквiч! "Спасаць Расею" ахвочых не знайшлося.
Напэўна, нi ў воднай славянскай краiне няма столькi славянскага як у Беларусi. Славянскiя вулiцы, унiвэрсамы, бэнзакалёнкi, цырульнi ды банкi. Славянскiя рэстарацыi, у якiх абавязкова ёсьць якiя-небудзь чэбурэкi, таксама абавязкова й выключна славянскiя. Не зьдзiўлюся, калi хутка зьявiцца славянскае мыла цi пiва. Гэта ўсё можна набываць, есьцi, але як гэта ўсё пераварваць душою - не ўяўляю. А пераможа ўсё адно Туфiк Нузiзi. Бо перамога заўжды будзе за тым, хто змагаецца пад сваiм сьцягам. Наколькi гэта банальна, настолькi ж абнадзейвае. Я славянскага сьцяга ня ведаю, а "Славянскiх" пяльменяў не ўжываю прынцыпова".
(С.Дубавец: ) Пасьля ўсяго сказанага й пачутага "я славянін" не загучала больш зразумела, чым напачатку. Наадварот, зьявілася іншае пытаньне: чаму яно не гучыць? Напэўна таму, што гэтая забытая рэалія, калі й мела сур'ёзныя падставы для разгляду, дык толькі ў далёкай гісторыі. Настолькі далёкай, што яна з нашай сучаснасьцю ня мае нічога агульнага. А яшчэ таму, што ідэя славянства заўсёды выкарыстоўвалася менавіта як імпэрская і тымі дзяржавамі, якія прэтэндавалі на тое, каб дамінаваць спаміж іншых - перадусім гэта тычыцца Расеі і Сэрбіі.
Сёньня гэтая ідэя ўжо зусім не такая драпежная і зубастая, як было яшчэ на пачатку стагодзьдзя, калі галоўнай справай славянаў сталі жыдоўскія пагромы. Панславізм не абнаўляецца, а толькі паўтарае старыя формулы, як правіла, далёкія ад гуманнасьці. Аргумэнты ўзыходзяць да крыві і да расы. У такой, расісцкай форме, панславізм, магчыма і змог бы атрымаць нейкае разьвіцьцё на парозе трэцяга тысячагодзьдзя. Але наўрад ці ён меў бы якое-кольвек сур'ёзнае пашырэньне, большае за які-небудзь яшчэ адзін Ку-клукс-клан. Нават калі яго падтрымлівае дзяржава.
І яшчэ адно пытаньне: чаму ў вуснах сёньняшняга беларускага кіраўніцтва заклінаньне пра агульнаславянскае братэрства гучыць пераканаўча і не выклікае ані ўнутранага, ані вонкавага пратэсту з боку слухачоў. Цяпер я бачу толькі адно тлумачэньне гэтага. Прычына ў папулізме, адно з залатых правілаў якога сьведчыць: лёзунг павінен быць просты і няясны.
|
|
|
|
|
|
|