|
|
4 Красавіка 1999
|
Пошукі праўды. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Праўда - гэта адзінства часу, прасторы і дзеяньня. Сытуацыя праўды лепш знаёмая нам зь літаратуры, дзе ствараецца эфэкт праўдападабенства. Падобныя фокусы вырабляе з намі і наша памяць. На пытаньне пра сапраўдны ўчынак і праўдзівага чалавека людзі больш ахвотна называюць сваіх дзядоў і бабуляў. Яшчэ адзін пашыраны спосаб вызначэньня праўды - калі сапраўдны ўчынак атаясамліваецца з подзьвігам, а праўдзівы чалавек з героем. Памятаеце "Повесть о настоящем человеке"? Між іншым, гэтая назва-клішэ савецкіх часоў пры перакладзе на беларускую мову страчвае свой маналітны выгляд. Што такое "Аповесць пра сапраўднага чалавека"? І гэта ўжо настройвае на пошук праўды ў НАШЫМ культурным кантэксьце ХХ ст. Адна зь мінулых перадачаў была прасьвечана Крыўдзе, якую беларусы нясуць на сьвет цэлы. Пісьменьнік Адам Глёбус заўважыў тады ў этэры, што літаратарам трэба пісаць не пра крыўду, а пра праўду. Сёньня пошукі праўды - тэма "Вострае Брамы".
Апытваючы розных людзей, я імкнуўся іх папярэджваць ад пераводу тэмы ў плоскасьць героікі. Усё ж подзьвіг і праўда - зусім не сынонімы. Тым больш, подзьвіг гістарычны. Скажам, учынак Івана Сусаніна можа ўспрымацца нашым сучасьнікам толькі спосабам ўяўленьня, фантазіі, гэта значыць, не як праўда. Тым ня менш, большасьць маіх суразмоўцаў выказвалася менавіта пра герояў - знакавыя фігуры мінуўшчыны - Кастуся Астроскага, Касьцюшку, Каліноўскага. У прыватнасьці такое назіраньне зрабіў беларускі студэнт з Кембрыджу Мікола Пачкаеў, адказ якога чытае Віталь Цыганкоў.
(М.Пачкаеў)
Гэта быў Мікола Пачкаеў, які справядліва заўважыў, што праўдзівае ў масавай сьвядомасьці беларусаў найперш асацыюецца з героікай. Можна дапусьціць, што прычынай такога атаесамленьня стала само савецкае і постсавецкае жыцьцё, у якім праўда культывавалася менавіта як подзьвіг. Журналіст Аляксандар Лукашук таксама адразу што называецца выйшаў на героя, але тут жа спахапіўся, убачыўшы важную матывацыю подзьвігу ў чалавечай слабасьці.
(А.Лукашук)
Аляксандар Лукашук па-свойму разбурае тое маналітнае ўяўленьне пра героя, якое культывавалася за савецкім часам. Герой, лічылася, гэта чалавек мужны дужы і ва ўсіх сэнсах прыкладны, а зусім ня той, які ідзе на подзьвіг дзеля таго, каб пераадолець у сабе слабасьць і страх.
У савецкія часы праўда была знакам і назвай прэсы. Ад галоўнай маскоўскай Праўды вы ўсе бакі адгаліноўваліся і драбніліся тысячы рэспубліканскіх і галіновых, раённых і ўзроставых праўд. Па сутнасьці гэта і была АДНА газэта, у якой, паводле трапнае заўвагі Сяргея Даўлатава праўдай былі толькі апячаткі. Чым было ўсё астатняе? Ня тое што хлусьнёй або няпраўдай. Усё астатняе было прыдумкай - ад базавай ідэі пабудовы зямнога раю да маральнага кодэксу будаўніка камунізму. І праўда факту, у якой адлюстравалася б адзінства часу, прасторы і дзеяньня, лічылася ня тое што хлусьнёй або няпраўдай, а іншым, ня нашым выбарам. Нядаўна давялося размаўляць са старым камуністам. Кажу, чаму нам ня жыць як у Літве - без дэфіцытаў і з высокімі заробкамі? Ён адказвае: усё так, але Літва выбрала іншы шлях. Гэта значыць, чужы нам шлях. Ён мае на ўвазе Эўропу, імкненьне ў НАТО і тое, што называюць заходнім тыпам цывілізацыі. А я думаю, што ўсё гэта вытлумачэньні, а ня праўда. Праўда - гэта жыцьцё без дэфіцыту і з высокімі даходамі. Гаворку пра адмысловую савецкую праўду працягне Зьміцер Бартосік.
(З.Бартосік: ) "Жыць па праўдзе - так нас, здаецца, вучылi ў савецкiх школах? Памятаю, як у гэтым накiрунку шчыраваў наш ваенрук. Маўляў, каб быць вартымi сваiх легендарных бацькоў i дзядоў, хлопцам з надыходам 18-цi трэба iсьцi дабраахвотнікамі на афганскую вайну, а дзяўчынам - ганарыцца намi й чакаць зь перамогаю. Цiкава, што сам ваенрук не ваяваў у сваiм жыцьцi нi дня... На ўроках расейскай лiтаратуры нам прапаноўвалася браць прыклад з Кашавога ды Марэсьева. Быццам ня сёньня-заўтра на горад меўся абрынуцца амэрыканскi дэсант. Гiсторыя адорвала нас цудам нашага нараджэньня ў самай моцнай i шчасьлiвай краiне. I мы радвалiся. Памятаю, як мяне перапаўняў няўцямны гонар за дзевяць гадзiнавых паясоў маёй айчыны. Можа толькi на ўроках бiялёгii праўда не суправаджалася прыкладамi для перайманьня.
Але самай непаўторнаю выглядала праўда на ўроках беларускай лiтаратуры. Абавязкова суворая, бязьлiтасная ды жорсткая. З бясконцай працай на палях i заводах. Прычым, чым цяжэйшаю праца была фiзычна, тым яна была праўдзiвейшая. Салодкаю й казачнаю магла быць толькi хлусьня, лянота й заходняя музыка. Цi не таму я кiнуў школу, так i не атрымаўшы сваечасова належнай сярэдняй адукацыi ды зьбегшы ў тэатральную вучэльню? Падсьвядома зрабiў выбар на карысьць прынаднай ляноты й хлусьнi. "Языком балбатаць" мне здалося цiкавей за "мяхі варочаць". Але заяву ў Аўганiстан я ўсё ж напiсаў. Дзякуй богу, у той час савецкiя войскi ўжо адступалi, і мой "урок праўды" застаўся нявучаным.
Гледзячы сёньня, зь якiм iмпэтам народ пераносiць цяжкасьцi быцьця, я губляюся ў здагадках - што нарэшце можа прымусiць iх адчуць сябе падманутымi? Зрэшты, ня мне дакараць iх у непраўдзiвасьцi iхнага жыцьця. Бальшыня жыве праўдзiва й чэсна, гэта значыць, цяжка й бедна. I цалкам гэтым задаволеныя. Да прыкладу, гаспадыня майго былога жытла ў доме, што каля менскага ГУМу, вэтэран вайны (на яе вачах атад СМЕРШаўцаў расстрэльваў былых палонных чырвонаармейцаў), былая жонка ня самага апошняга чыноўнiка ў мiнiстэрстве гандлю, сёньня, ледзь зводзячы канцы з канцамi, мужна працягвае верыць газэце "Правда". Праўда, грошы за кватэру прымае выключна ў далярах... Дзiўна, але ў адроджаных чэргах па самае неабходнае я амаль не заўважаю незадаволеных твараў. Iншым разам наадварот, - памаладзеласьць i ўзьняцьце духу. Адна кабецiна радасна выкрыкнула: "Кажуць Лукашэнка грошай ня плоцiць, а як за маслам, дык грошы ва ўсiх знаходзяцца". "Праўда, праўда", -
ажыўлена адгукаецца чарга.
Беларусы заўжды добра вучылiся ў школе. Самая, кажуць, адукаваная нацыя ў сьвеце. Але цi ня лепш было дзе-нiдзе прагуляць?"
(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік падвёў рысу пад прыдуманай праўдай.
Але розная яна бывае ня толькі як прыдуманая і рэальная. Ёсьць, напрыклад яшчэ праўда ваўка і праўда зайца. Праўда прызнаных фактаў і праўда запозьненай самарэалізацыі. Калі сутыкаюцца дзьве такія праўды, іншы раз пачынаецца вайна.
На што сёньня спадзяецца прафэсар Мілошавіч у Косаве? Няхай падаюць натаўскія бомбы, яны толькі дапамагаюць, каб албанцы пакінулі край. А хто зь іх не пакідае, таго забіваюць. Так паступова албанцаў у Косаве не застанецца і гаварыць пра аўтаномію ня будзе каму. Сэрбы заселяць край сэрбамі, пройдзе дваццаць гадоў, усё натуралізуецца і нармалізуецца дэ-факто. Народ будзе насіць у сэрцах вечную падзяку свайму правадыру, які захаваў, дакладней, пашырыў тэрыторыю. Астатні сьвет паступова пра сутнасьць канфлікту забудзецца. Але вынік канфлікту стане фактам гісторыі і рэальным здабыткам тэрыторыі, гэта значыць праўдай. Кроў, забойствы і жаданьне албанцаў жыць у Косаве - усё гэта забудзецца, як зьявы часовыя.
Як ні парадаксальна, але на канчатковы вынік - на праўду - болей шанцаў якраз у Мілошавіча, чым у НАТО, якое выконвае ў Косаве паліцэйскую функцыю - імкнецца спыніць генацыд і пакараць забойцаў. Наймацнейшая праўда ў такіх выпадках - тая, што стаіць на нацыянальнай ідэі. Праўда кампрамісу, міжнароднага пагадненьня, захаваньня межаў - гэта праўда ўсталяваная і таму прыходзіць час, калі яна, як часовая, прайграе. Зь іншага боку косаўскі прэцэдэнт - гэта прэцэдэнт, які вырастае да развагаў з Гітлеравай кніжкі "Майн кампф" пра тое, што рух народаў няўстрымны і непадуладны прыдуманай лёгіцы, маралі або палітычным пагадненьням.
Я думаю, калі б у Ічкерыі ваявалі не маскоўскія генэралы і сібірскія яфрэйтары, а, скажам, стаўрапольскія казакі, дык і там справа вылілася б у тэрытарыяльны захоп і генацыд.
Нацыянальная праўда патрабуе цывілізаванае рамкі. Але найперш яна мусіць быць выказаная. Тут недабор нічым ня лепшы за перабор, бо таксама прыводзіць да войнаў, альбо да маруднае дэградацыі насельніцтва, якое не сфармулявала для сябе сваю нацыянальную праўду. Самы час нам перайсьці да беларускай нацыянальнай ідэі.
Беларусы ўсё яшчэ працягваюць несьці сваю крыўду на сьвет цэлы. Крыўду - гэта ня толькі пакрыўджанасьць, але й падманутасьць, крыўду - гэта значыць няпраўду, хлусьню або ілюзію - у нашым выпадку неістотна. Сяргей Харэўскі выказвае такую думку і ілюструе яе канкрэтнымі прыкладамі.
(С.Харэўскі: ) "Сiвабароды таджык у цюрбане на мае распыты, што ў iх ёсьць сапраўднага, тутэйшага, абвёў рукою краявiд, аточаны шыхтамi голых гораў. Ён падумаў пра самы вялiкi рахунак. "Гэтыя горы стаялi, калi не было яшчэ людзей, i будуць стаяць, калi людзей ня будзе. Горы ня зрушыш". Тады мне стала зразумелая натуральнасьць гэтых людзей, iх нетаропкiя манеры i ўпэненасьць у сабе. У гэтых гарах нiчога не зьмянiлася нi за пяцьдзесят гадоў, нi за сотню: нi паветра, нi вада, нi лад жыцьця. I гэта праўда.
Нашая праўда не паміж гор, а памiж людзей. Нельга сказаць пэўна, што не разаруць вось гэты курган, не асушаць вось гэтае балота, не ўбяруць у трубу вось гэтую раку. Няма пэўнасьцi i ў гарадах. У мэтро больш за двух жэтоны ў адныя рукi не прадаюць - сумняесься ў вартасьцi i жэтонаў, i грошай. Абвяшчаецца прыпынак "Плошча незалежнасьцi", але паўсюль бронзаю i стальлю выведзена: "Плошча Ленiна". Iрэальныя рэклямы заклiкаюць пасажыраў мэтро адпачыць на Канарах, альбо пакласьцi грошы ў адзiн зь дзяржаўных банкаў, цi проста вiншуюць з днём Ваенна-марскога флоту. Якога флоту? Несапраўдная рэкляма, неспраўдныя назвы. Праспэкт Ленiна перайменавалi ў праспэкт Скарыны, але нiчога ад гэтага не зьмянiлася. Гледзячы на шумавiньне сталiнскае архiтэктуры навокал, нiяк у Скарыну ня верыцца. Як ня думаецца i пра Нiкейскi царкоўны сабор 325 году на Юбiлейнай плошчы, хоць менавiта да ягонага юбiлею гэтак i назвалi гэтую плошчу яшчэ за царом. А па-над плошчай лунаюць
рэкляма цыгарэтаў "Camel" i два аголеныя цыкляпiчныя монстры з сярпом i молатам. Ня верыцца нi ў назву, нi ў шчырасць аўтара тых монстраў, мастака Кiшчанкi.
Чырвоны касьцёл пасьля рэстаўрацыi таксама выглядае несапраўдным, нiбы толькi што пабудаваным у комплексе з Домам ураду. Няма нi адчуваньня часу, нi адчуваньня духу. Архангел Мiхаiл i Ленiн стаяць побач. Неадпаведнасьць знакаў, якiя перамяшаныя ў Менску, выклiкае неспакой, няўпэненасьць нi ў чым. Танк, узьняты, як помнiк, на п'едэстал, быў аб'ектам кпiнаў столькі часу, колькi стаiць. Ну сапраўды, хто стаяў з сэкундамэрам i адзначаў, якi з танкаў падчас бою першы заедзе ў горад?.. Адзiн мой знаёмы амэрыканец iранiзаваў, што Менск - гэта савецкi Дыснэйлэнд, горад чырвоных казак.
Менчукi бурчэлi, што новае Траецкае прадмесьце неспраўднае, яно, маўляў, нiколi не было гэткiм. Ня верылася, што i ў нас могуць быць старасьвецкiя камянiчкi пад дахоўкаю. Але калi побач паўстаў мэмарыял ахвярам аўганскае вайны, усё стала адпаведным - усё бутафорыя...
Што ж ёсьць у нас праўдзiвым? Мова. Калi пачаўся суд над клясычным беларускiм правапiсам, ягоныя працiўнiкi апэлявалi менавiта да рацыi няпраўды. "Была б мова ўжо якая была. Ну несапраўдная, але ж усе прывыклi гэтак". Бо яны ня пэўныя, што гэтая мова йснуе насамрэч. Мова беларускага савецкага Дыснэйлэнду адпаведная ўсяму парку атракцыёнаў: дзядуля Ленiн i ягоныя сябры, помнiк танку i Дзень ваенна-марскога флёту. А каб запанавала сапраўдная мова? Прынамсi, на праспэкце Скарыны стаяў бы ня помнiк Калiнiну.
Праўда - гэта пэўнасьць. Пэўнасьць у сваёй мове, як у вечнасьцi гораў".
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі бачыць беларускую праўду ў праўдзівай беларускай мове. Я б дадаў да гэтага яшчэ й вёску, як канстанту нашага сьветапогляду, а таксама Вільню - як гістарычную і культурную сьвятыню нерэлігійнае нацыі. На гэтых трох "чарапахах" падымаецца наша нацыянальнае жыцьцё. Мова зрабіла зь беларусаў нацыю паэтаў, вёска дала нам мэнтальнасьць, а Вільня ўвабрала ў сябе нашыя архівы. Прыгожая вымалёўваецца праўда (ці можа яна быць непрыгожай - пытаньне), зь якой фантазія накрэсьлівае зусім чалавечны вобраз народа і краіны і аж дых захоплівае ад магчымасьцяў ствараць, вучыць дзяцей, любіць сваё.
Аднак пачынаць трэба, мабыць, усё ж ня з гэтага. Каб набыць сваю нацыянальную праўду, трэба скінуць з плячэй сваю крыўду. У праграмным Купалавым вершы мне ўбачылася расшыфроўка гэтае самае крыўды. Перачытаем тры страфы:
А хто там ідзе, а хто там ідзе?
У агромністай такой грамадзе?
- Беларусы.
А што яны нясуць на худых плячах,
На руках ў крыві, на нагах у лапцях?
- Сваю крыўду.
А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць на паказ сваю
- На сьвет цэлы.
Крыўда на сьвет цэлы - рэхам адбіваецца ў кожнай сёньняшняй згадцы пра разьвітыя краіны, захад, цывілізаванае грамадзтва, эўрарамонт. Беларусы цягам двух стагодзьдзяў прывучваліся да супрацьпастаўленьня сябе і Захаду. Вось у гэтым крыўда і няпраўда.
Які-небудзь статыстычны ангелец або амэрыканец жыве небагата, працуе з напругаю сіл (тут я пазьбегнуў выразу "цяжка працуе", далей будзе ясна чаму), часам напіваецца, часам лупцуе жонку... Словам, нічым не адрозьніваецца ад звычайнага беларуса. Але. Ва ўяўленьні беларуса недзе ёсьць лепшае жыцьцё, недзе там, дзе жыве ангелец або амэрыканец, а ва ўяўленьні ангельца або амэрыканца лепшае жыцьцё можа быць толькі на небе. Адсюль нерэлігійнасьць беларуса, як зрэшты і ўвогуле савецкага па духу чалавека.
Кароткая гісторыя гэткіх уяўленьняў такая. Спачатку ў СССР будавалі камунізм, лепшае жыцьцё мусіла настаць яшчэ пры жыцьці будаўнікоў, захад паграз у гнілым капіталізме і там вось-вось павінны былі адбыцца сацыялістычныя рэвалюцыі. Пасьля віды на лепшае жыцьцё тут і цяпер пачалі таяць, узровень жыцьця і свабоды стаў мізарнець, тымчасам на захадзе ўсё буяла і разьвівалася, людзі багацелі. Захад паступова ператварыўся ў той самы рай зямны, на які паглядалі з зайздрасьцю, а той й маліліся. Так сфармавалася крыўда, гэта значыць хлусьня.
Простая праўда была, ёсьць і будзе ў тым, што жыцьцё адно, што хлеб здабываецца ў поце твару, што трэба будаваць свой дом і неяк ужывацца з суседзямі, гадаваць дзяцей... Гэтак паўсюль. І ў гэтым сэнсе сьвет адзіны. Яшчэ ў часы "Нашае Нівы" пачатку стагодзьдзя, калі адбывалася масавая эканамічная эміграцыя беларусаў на захад, мы бачым, як проста гэтыя вясковыя дзядзькі інтэграваліся ў індустрыйны быт якога-небудзь Чыкага. Многія так і засталіся там жыць. Натуральна, зьдзіўляліся асаблівасьцям прыроды дзесьці ў Аўстраліі, але лаўлю сябе на думцы, што ніколі ня чуў, што камусьці з тых вясковых дзядзькоў ні за што не далася мова - ангельская ці француская. Назіраючы эмігрантаў сёньняшніх бачу, што нічога з тых часоў не зьмянілася. Калі гутарка ня йдзе пра прыдуманыя матывацыі накшталт "славянскага брацтва" ці "собственной гордасьці", а тычыцца толькі працы, дому, сям'і, дык ніякага падзелу паміж намі і імі, ніякага лепшага жыцьця на зямлі не існуе. Гэта наша крыўда прыдуманая і мы самі празь яе ствараем сабе жыцьцё горшае. Жывучы асабліва ў Менску, мы ня можам сказаць з поўнай пэўнасьцю, што адбываецца тут і цяпер, мы найчасьцей бязьдзейнічаем. Няма нашае праўды, але ёсьць вось гэтая праўда пра нас.
|
|
|
|
|
|
|