news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



25 Красавіка 1999
 
Гэпі-энд для Чарнобыля.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
У трынаццатую гадавіну Чарнобыльскай катастрофы ў "Вострай Браме" гутарка пойдзе пра культурны кантэкст гэтай падзеі. Найчасьцей яе называюць трагедыяй. Не забываючы, што трагедыя - гэта яшчэ й азначэньне жанру, мы прачытаем Чарнобыль як тэкст і параўнаем яго з творамі Ўільяма Голдынга і Васіля Быкава, а таксама задамо розным людзям пытаньне: Якім мог быць сёньняшні дзень, калі б не было Чарнобыля? Журналіст Аляксандар Лукашук:

(А.Лукашук: ) "Чарнобыль ня выбухнуў - гэта такое шчасьце для ўсіх, што немагчыма апісаць. Як апісаць жыцьцё, якое не загінула - гэта па сілах хіба Пану Богу, гэта ягоная тэрыторыя, як ягоная тэрыторыя - тое, што замест жыцьця. Гэта як бы не было і вайны, і Курапатаў, і калектывізацыі, і Слуцкі збройны чын перамог, і зараз Рада БНР якога-небудзь 15 скліканьня галасавала, пасылаць ці не міратворчы аддзел у Косава. Праўда, хутчэй за ўсё, і этнічных чыстак Косава не было б разам з усёй бальшавісцкай спадчынай, ад якой дагэтуль трасе палову сьвету. Чарнобыль - агонія камунізму. Несвабодныя грамадзтвы ня ў стане эфэктыўна справіцца з цывільнымі тэхналёгіямі высокай складанасьці - як кітайцы, якія пры Мао мелі атамную бомбу, але намагаліся ў кожнай вёсцы выплаўляць чыгун. Ці саветы, якія запускалі ў космас сабак і маёраў, а жыльлёвыя чэргі расьцягваліся на дзесяцігодзьдзі. Паглядзіце на бяззубыя ўсьмешкі 30-40 гадовых беларускіх вяскоўцаў - плёмбы ставіць так і не навучылася савецкая мэдыцына, якая сама як Чарнобыль. Калі мірны атам бяззубым - і маем тое, што маем. Тэхналягічныя аварыі здараюцца паўсюдна - але толькі ва ўмовах несвабоды яны запраграмаваныя, а іх наступствы катастрафічныя".

(С.Дубавец: ) Гісторык Генадзь Сагановіч. Тэкст ягонага адказу чытае Сяргей Шупа:

(Г.Сагановіч: ) "Калі б не Чарнобыльская катастрофа, яшчэ жылі б мае заўчасна памерлыя родзічы, і не пусьцела б так раптоўна мая палеская вёска; Беларусь не пакінула б столькі маіх знаёмых і незнаёмых, што зьехалі зь дзецьмі далей ад бяды, думаю, мы былі б ва ўсім мацнейшыя і нязможныя такой стомай ды безвыходнасьцю..."

Вядомы беларускі лекар і экстрасэнс Валеры Лістратаў:

(В.Лістратаў)

Фатограф і журналіст Анатоль Кляшчук:

(А.Кляшчук)

Перакладчык і выдавец Зьміцер Колас:

(З.Колас)

(С.Дубавец: ) Гэтак розныя людзі ўяўляюць сабе сёньняшні дзень, якім бы ён мог быць, калі б ня здарылася Чарнобыльскай катастрофы.

Нарэшце, у сёньняшняй "Вострай Браме", прачытваючы Чарнобыль як тэкст або гледзячы яго як фільм, мы паспрабуем даседзець да ўдалае разьвязкі - да гэпі-энду. Ці прынамсі ўявіць сабе нейкі выйсны канец гэтай гісторыі.

Але пачнем мы сёньняшнюю праграму з крыху сэнтымэнтальнага ўспаміну, які занатаваў наш сталы аўтар Зьміцер Бартосік. Гутарка ідзе пра Чарнобыль, але сярод асацыяцыяў, якія выклікае гэтае слова, аказваецца, можа быць ня толькі апакаліпсіс.

(З.Бартосік: ) "У дзяцiнстве многiя хлопцы партовага горада Гомеля марылi выключна пра марскую кар'еру. Ня быў выключэньнем i я. Гэтаму спрыяла ня толькi прыгожая рака, але й наяўнасьць у горадзе над Сожам Клюбу юных маракоў i рачнiкоў, дзе зiмою мы вучылiся вязаць вузлы й махаць сьцяжкамi, увесну налягалi на цяжкiя вёслы ялаў ды красавалiся адпрасаванымi гюйсамi ў Румянцаўскiм парку, а ўлетку выпраўлялiся ў падарожжы на клюбных цеплаходах. Ва ўсiх курсантаў была запаветная мара - патрапiць на "Тайфун", якi спускаўся па Дняпры аж да самага Херсона. Але з далёкай выцечкай мне так i не пашанцавала, бо разьмеркавалi мяне на ўбогi цiхаходны "Цiмур", канцавою мэтай якога быў нiкому невядомы Чарнобыль. Як жа мяне тады зьядала крыўда! I на клюб, i на тых шчасьлiўцаў, што ўбачаць начныя вагнi Кiева й Днепрагэса. Пакуль я на развалюсе "Цiмуры" буду гiбець у нейкiм там Чарнобылi.

Але калi табе - дванаццаць i постацi бацькоў паволi аддаляюцца, каб зьнiкнуць за лукавiнаю ракi, тады любая прыстань наперадзе здаецца Кейптаўнам. Сьпяваючы пiянэрска-пiрацкiя песьнi, драючы палубу, стоячы на вахтах, мы ўвесь час марылi толькi пра Чарнобыль. Дзе абавязкова павiнна быць ня так, як паўсюль. Дзе мы нарэшце кiнем якар i, як сапраўдныя марскiя ваўкІ, ленаватаю хадою сыйдзем у незнаёмы, амаль замежны горад. Каб замалявацца загарам перад дзяўчынкамi, растрацiць дадзеныя бацькамi на цукеркi рублi альбо пабiцца з чарнобыльцамi.

Сваёй мэты мы дасягнулi на пяты дзень паходу. Соннае ды ўтульнае мястэчка сустрэла нас сiняй царквою на беразе, усьмешкамi месьцiчаў ды неверагодным для нас дзiвам - абрыкосавымi дрэвамi, што расьлi ўздоўж вулiц, як у нас таполi. Пакуль нашыя капiтаны п'янствавалi ў мясцовым кабаку, мы бадзялiся па мястэчку, аб'ядаючыся тымi абрыкосамi і, згодна з указаньнем старэйшых, бокам абыходзілі царкву. Але раптам нас аклiкнуў поп. Мы крыху спалохана падышлi да яго. У апранутага ў расу мажнага барадатага чалавека аказалiся вясёлыя, жывыя вочы. Распытаўшы, адкуль такiя марачкi, ды пажадаўшы шчасьлiвага плаваньня, ён кожнага перахрысьцiў. Самы нахабны з нас гучна запытаў: "А праўда, што Бога няма?" Але адказ папа я не магу згадаць i да сёньня. Памятаю толькi, як сьвятар праводзiў нас поглядам i як мы пасьля накiнулiся на нахабнiка з асуджэньнем. "Падумаеш, што Бога няма, чалавека ж нельга крыўдзiць". Так у Чарнобылi я быў упершыню ў жыцьцi перажагнаны сьвятаром, але нiякай увагi таму факту тады не надаў. Неўзабаве мы аддалi канцы й скiравалi на горад Прыпяць. Але сучасны горад нiчым не зьдзiвiў. На зваротным шляху мне выпала вахта. Зноў праплываючы Чарнобыль, сiнюю царкву я сустрэў як нешта вельмi блiзкае, i глядзеў на яе, пакуль званiца канчаткова ня зьнiкла з вачэй.

Празь пяць гадоў пасьля той вандроўкi пра невялiкае мястэчка Чарнобыль даведаецца ўвесь сьвет. Для сьвету гэтае слова стане сынонiмам апакалiпсiсу. Для мяне ж яно назаўжды будзе асацыявацца з той бязьмежнай свабодай, якую адчувае птушаня, упершыню пакiдаючы бацькоўскае гняздо. З чаканьнем нечага невядомага, але абавязкова толькi добрага. I зь сiняй царквою, дзе я быў хрышчаны ня згодна з абрадам, а на шчасьлiвы шлях".

(С.Дубавец: ) Для Зьмітра Бартосіка слова "Чарнобыль" асацыюецца найперш з маладымі гадамі і жаданьнямі, а таксама зь сіняй царкоўкай на беразе Прыпяці. Гэта вельмі карысная інфармацыя для нас, якія вырашылі прачытаць Чарнобыль як тэкст і датрываць да гэпі-энду. Трагедыя ня можа ўспрымацца як вялікі твор, калі ня дорыць тое жаданае сьвятло ў канцы тунэлю. Беспрасьвецьце - гэта проста марудная пагібель.

Часам у мяне зьяўляецца такое адчуваньне, што ў нас у Беларусі ўжо склалася табу на любыя адвольныя інтэрпрэтацыі паняцьця Чарнобыль. Яго недатыкальнасьць нагадвае недатыкальнасьць сьвятарных кароваў савецкага часу - Леніна, КПСС, Камунізму. І дакладна як і тады, гэтае табу тым больш жорсткае, чым менш само паняцьце зьвязваецца з канкрэтным, эфэктыўным, ратавальным дзеяньнем і чым больш за кулісамі табу робіцца ўсялякіх таемных справаў. Адзін дасьведчаны экспэрт, да якога я зьвярнуўся зь сёньняшнім пытаньнем, адказаў: Чарнобыль - гэта нячысты бізнэс і нячыстая палітыка, таму ён мяне не цікавіць. Трагічны патас Чарнобыля становіцца ўсё больш надзейным прыкрыцьцём згаданага бізнэсу і палітыкі ад шырокага грамадзтва.

Чаму для параўнаўчага аналізу раману пад назвай "Чарнобыль" быў абраны менавіта "Валадар мух" Уільяма Голдынга? Зразумела, што Чарнобыль цяжка назваць лякальнай катастрофай, і ўсё ж адбылася гэтая аварыя ў замкнёнай краіне, якая мала адрозная ад няжылае выспы ў Ціхім акіяне. Там наўкола вада, а тут - дзяржаўная мяжа, таталітарная ідэалёгія, адміністрацыйная сваволя.

Раман Голдынга распавядае пра эпізод другой сусьветнай вайны. Самалёт з ангельскімі хлопчыкамі на борце церпіць катастрофу на невялікай няжылай выспе ў Ціхім акіяне. Выратоўваюцца толькі хлопчыкі - ад шасьці да дванаццаці гадоў. Увесь твор - гэта гісторыя іх выжываньня. Спачатку яны склікаюць сходы і вырашаюць трымаць сыгнальны агонь на вяршыні гары. Потым пачынаюць паляваць на сьвіней. Апошні занятак, шал забойства і пах крыві, прыводзіць іх да зьдзічэньня. З уласьцівай падлеткам нястрымнасьцю яны ператвараюцца ў дзікуноў. Яны абрастаюць патламі, яны брудныя, усё цела ў іх - у запёках ад ранаў. Твары размаляваныя рознакаляровай глінай. У рытуальным танцы яны нібы выпадкова забіваюць свайго райналетка. Потым ужо лягчэй і сьвядома забіваюць другога. Нарэшце сярод іх застаецца толькі адзін хлопчык, які яшчэ мае ў сабе цывілізацыйныя стопары.

Паралельна з раманам Голдынга Чарнобыльскую трагедыю чытае Сяргей Харэўскі:

(С.Харэўскі: ) "Уiльям Голдынг у сваім рамане "Валадар мух" распавёў пра катастрофу: над бязьлюднай выспаю разьбiўся самалёт. Ацалелі адныя хлопчыкі, дзеці... На прыгожай акіянскай выспе яны знайшлі сабе мноства ежы і яшчэ нейкі час, па інэрцыі iмкнуліся паводзiць сябе цывiлiзавана: размеркавалi абавязкi, парупiлiся пра вагонь i дах над галавою, курэлi дымам, каб iх маглi пабачыць з мора і зратаваць. Але мiналi днi, а паратунку не было. Пакiнутыя сам-насам хлопцы пачалi дзiчэць, забылiся пра сыгнальны вагонь, пра разьмеркаваныя абавязкi. Тыя, хто заклiкаў да розуму, засталiся ў меншасьцi. Астатнiя, пасыўна падпарадкоўваючыся iмпэтнаму правадыру-дэмагогу, жылi як набяжыць, ня дбаючы пра заўтра. Урэшце ўсё скончылася нашмат бОльшай катастрофаю: гуляючы, хлапчукi забiлi двух сваiх прыяцеляў і ўрэшце падпалілі сваю выспу...

Раман Голдынга згадаўся мне, калi сябра-фатограф вярнуўся нядаўна з "чарнобыльскiх" раёнаў, дзе здымаў паводку, і распавёў пра свае ўражаньні. "Я хацеў пабачыць эпiчную прыгажосьць: магутную стыхiю, якая бязьлiтасна ачышчае зямлю, - казаў сябра. - А няма прыгажосьцi. Паўсюль бруд. Людзi, самi жывучы нiшчымна, зрабiлi нiшчымным усё вакол сябе. Разваленыя будынiны, слупы, драты, кучы хлуду. Вада сыдзе, а бязладзьдзе застанецца. Гэта ўжо ня людзкае жыцьцё". "Ну неяк жа жывуць, - казаў я, - нешта ж робяць". "Што iм рабiць? Палi змыла, калгасныя гаспадаркi, лiчы, ляснулi, грошай, тэхнiкi, бэнзыну няма. Электрычнасьць не паўсюль. Залiло калодзежы, прыбiральнi, могiлкi, хлявы. Дык яны заплывуць за хлеў, дзе iм здаецца вада чысьцейшая, адтуль i мыюцца, i п'юць. Пра
радыяцыю нават ужо й гаварыць забылiся. Жывуць. А навошта?.."

Навошта жыць, сапраўды? Жыць хворым i бедным, у гразi й радыяцыi, працаваць на дзяржаву задарма, сеяць хлеб, якi пасьля зрэдзьчасу прывозяць у бруднай жалезнай машыне. Верыць уладзе, якiя нiчога ня робiць, i галасаваць за тое, каб нiчога не зьмянялася... Скажуць эвакуявацца - паедуць. Скажуць вяртацца - вернуцца. Як скажуць. Хварэюць, памiраюць дзецi. Бог даў, Бог забраў. Зрэшты, дзе ён, той Бог? Як ён да нас, так i мы да яго...

Хлопчыкi ў рамане Голдынга таксама некалi хадзiлi ў царкву й сьпявалi ў хоры. Пакiнутыя людзямi, яны пакiнулi й Бога. На зьмену яму прыйшоў страх - таямнiчы нябачны Зьвер, якi iм то мроiўся, то сьнiўся. Некаторым здавалася, што яны яго бачылi. Шустры правадыр неўзабаве сьцемiў, што, песьцячы ў малодшых дзецях жах перад нябачным Зьверам, якi можа спускацца зь неба i вылазiць з акiяну, ён апануе iхныя душы, спаралiзуе памкненьне мысьлiць лягiчна. I гэта дало правадыру абсалютную ўладу.

Мiльёны людзей жывуць на забруджаных радыяцыяй i хiмiяй землях, бязвольна назiраючы, як усё сканчаецца: грошы, здароўе, жыцьцё. I нiчога не зьбiраюцца мяняць. Бо ня бачаць нi сябе, нi сваiх дзяцей у будучынi. Ні ў сьветлай, ні ў змрочнай. Бо перакананыя, што, па-першае, да iх ужо нiкому няма справы, як меркавалi i дзецi на выспе з раману Голдынга. А па-другое... iх воля сьцiснутая нябачным Зьверам, якi тоiцца паўсюль - радыяцыяй. Спачатку радыяфобiя нарастала стыхiйна. Пасьля яе ўзялi на ўзбраеньне дэмакраты, каб згуртаваць людзей вакол сябе. Затым на гэтым пачалi спэкуляваць камунiсты, мовячы: "Куды ж нам без СССР?" Дайшла чарга i да Лукашэнкi: "Каму мы патрэбныя ў сьвеце, са сваёй радыяцыяй?" Гэтак за трынаццаць гадоў людзей пераканалi, што паратунаку няма, трэба слухаць правадыра, не спрабуючы пераацанiць сваё становiшча i заняцца самаратаваньнем.

Драматычны твор Голдынга сканчаецца гэпi-эндам: прыехалi дарослыя i забралi дзяцей з панiшчанай iмi, некалi прыгожай, выспы. Стала зразумела, што Зьвер, нават нябачны і ўсюдыiсны, - гэта толькi зьвер, а людзi маюць розум i могуць зрабiць разумны выбар. Каб не было бОльшых трагедыяў..."

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі згадаў пра гэпі-энд. Аднак перад самым фіналам раман Голдынга больш нагадвае тыповыя быкаўскія канцоўкі. Зьдзічэлыя хлопчыкі ўчыняюць аблаву на таго адзінага - Ральфа, у якім яшчэ захаваліся стопары розуму і прыстойнасьці. У экстазе яны падпальваюць увесь востраў. Паранены Ральф выбягае да акіяну, які цяпер уяўляецца адначасова сьмяротным сыходам і адзіным паратункам. Патас апісальніка жыва нагадвае быкаўскую "Аблаву", калі галоўны герой кідаецца ад загоншчыкаў у дрыгву і парынае ў ёй, успрымаючы такую сьмерць як паратунак.

І вось тут адбываецца самае галоўнае адрозьненьне паміж той культурай і цывілізацыяй, якую прадстаўляе Быкаў, і той, якую прадстаўляе Нобэлеўскі ляўрэат Голдынг. У Быкава гэта канец, у Голдынга - працяг і пасьля - гэпі-энд. Уцякаючы, хлопчык Ральф налятае з разгону на чалавека, які стаіць на беразе. Гэта капітан у белай фуражцы. Палаючы востраў быў заўважаны з крэйсэра і капітан прыплыў у разьведку.

- Добры дзень, - кажа капітан Ральфу.

- Добры дзень.

- Дарослых тут няма? - Ральф ківае. - У вас тут што, вайна? Абышлося без забойстваў, спадзяюся. Няма мёртвых целаў?

- Толькі два. Іх зьнесла ў акіян.

Сьмерць азначае незваротную страту. Забойства - незваротную віну. Але недалёка ад берага відаць выразны абрыс крэйсэра. Кашмар скончыўся.

У Быкава крэйсэра не бывае. Не бывае іншай зямлі, не бывае паратунку. Уявіць сабе такі канец у Голдынга, як, зрэшты і ва ўсёй заходняй культуры або, дакладней, маскультуры высокага кшталту, немагчыма, там гэта ў лепшым выпадку ўспрымалася б як недасказанасьць, як чыста тэхнічная недапісанасьць тэксту. І ня толькі ў культуры. У жыцьці. Там абавязкова мусіць быць працяг. Тут усё можа абарвацца на самым кашмарным месцы. Як Чарнобыль. Чарнобыль у нашай сьвядомасьці абарваны на самым кашмарным месцы. За 13 гадоў прапаганда папрацавала для гэтага на поўную катушку - як афіцыйная, так і апазыцыйная. Чарнобыль - сьмерць - радыяцыя - безнадзейнасьць - беспрасьвецьце. Няма крэйсэра і ня можа быць. Жыцьцё ў прынцыпе ня мае ніякага сэнсу. За ХХ стагодзьдзе беларуская ідэя аж вывернулася ўся ў гэткім мазахістычным парываньні. Душылі камуністы, стралялі немцы, ударыла радыяцыя... Было, але каб жа хоць слова да гэтага - пра тое, што жыць - варта.

Каб адчуць розьніцу, я паспрабаваў мэханічна прыставіць да Быкава Голдынгаў крэйсэр. Уявіце сабе, селянін Роўба, які ўцякае ад аблавы ў дрыгву, ужо разьвітаўся з жыцьцём, але тут зусім блізка пачуліся стрэлы - гэта былі свае, сяляне-партызаны, якія змагаліся супраць калгасаў. Або - селянін Роўба разьвітаўся - і тут відмо анёла спусьцілася зь неба і, сьветлае й чыстае, падхапіла яго на рукі, панесла з сабою ў сонечную прастору вечнага шчасьця. Гэта ня праўда? Але гэта праўдападобна - у першым выпадку з пункту гледжаньня фактаў, у другім - з гледзішча хрысьціянскае сьвядомасьці. Мы адстойваем праўду жыцьця, але самі ў жыцьці мысьлім толькі катэгорыямі праўдападабенства. Мысьленьне паспалітага чалавека - гэта не аналітычная зводка генштаба, а заўсёды - мастацкая літаратура. Менавіта так мы думаем або мусім думаць пра сваё жыцьцё, каб яно мела сэнс і працяг і працяг сэнсу. Нашыя жаданьні абавязкова павінны збывацца. На зямлі ці на небе. Інакш мы ператвараемся ў дзікуноў, у фізіялягічныя арганізмы, інакш нам сапраўды няма для чаго жыць.

Уявіце, каб героі Быкаўскай "Ваўчынае ямы" напрыканцы твору знайшлі крыніцу, якая б іх ацаліла, і, умыўшыся ў ёй, паглядзелі на сонца і адзін на аднога і падумалі, што сталі блізкімі людзьмі. Ці хоць бы і без крыніцы - нават паміраючы ад хваробы - адчулі між сабой крэўнасьць. Была б зусім іншая гісторыя. Вы скажаце - нацяжка. А мне думаецца, што ў гэтым і хаваецца праблема выжываньня і чалавечага аптымізму беларусаў. Будзе новае лета і новае сонца і землі ачысьцяцца, і воды ачысьцяцца, і ўнукі адселеных брагінцаў вернуцца ў свой старажытны Брагін - падноўлены і прыгожы, маляўнічы, туды, дзе прайшло жыцьцё дзядоў і бацькоў.

У грамадзкім усьведамленьні Чарнобыля дакладна гэтаксама не хапае крэйсэра, надзеі на гэпі-энд, увогуле надзеі. Чарнобыль падбіў жыцьцездольнасьць нацыі ня столькі радыёнуклідамі, колькі гэтай вось безнадзёгай. Нацыі - ва ўласнай сьвядомасьці абкладзенай незразумелай і абсалютнай пагрозай - ніяк ня бачыцца ўласная будучыня. Застаецца толькі марудна апускацца ў нішто.

Мне цікава было б пачытаць раман пра Чарнобыль заходняга аўтара. Якую б канцоўку прыдумаў ён? Які можа быць гэпі-энд для Чарнобыля?

А можа ўжо позна? Можа, за трынаццаць гадоў наш кінафільм расьцягнуўся ў бясконцую мыльную опэру. А ў мыльных опэрах не бывае гэпі-энду?

Адна фраза ў Голдынгавым рамане асабліва запыніла маю ўвагу. Непрыкметная, на першы погляд фраза. Капітан, агледзеўшы хлопчыка Ральфа і ягоных загоншчыкаў - брудных, зарослых, пабітых, размаляваных - кажа:

- Здавалася б, ангельскія хлопчыкі - вы ж усе ангельцы, праўда? Маглі б выглядаць больш прыстойна...

Перанесшы сказанае на нашыя рэаліі і на Чарнобыль, я востра адчуваю згаданую цывілізацыйную розьніцу. Так нагадваем мы ўсе тых хлопчыкаў-падлеткаў. І капітан кажа: здавалася б, беларусы - вы ж усе беларусы, праўда? Маглі б выглядаць больш прыстойна...



archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.