|
|
9 Траўня 1999
|
Другая сусьветная вайна. Сучасны погляд. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Зьмяняюцца адносіны да вайны... Для Беларусі гэта безь перабольшаньня - рэвалюцыя. Для старых камуністаў - блюзьнерства. Для кіраўніцтва - зыбучы пясок пад нагамі. Бо ў нас вайна зь яе эпасам, героікай і стэрэатыпамі стала часткай этнічнае самаідэнтыфікацыі ледзьве не на генным узроўні. Бо на гэтым стаіць усё, наш сьвет, наша стабільнасьць. На нязьменнасьці адносінаў да вайны. І вось нешта зрушылася. Іншае стаўленьне прыходзіць ня з кніг Архіву найноўшае гісторыі, яно - неасэнсаванае. Гэта прырода бярэ сваё. Вось і называюць яе ўсё часьцей не вялікай айчыннай, а другой сусьветнай. І на вэтэранскіх сьвятах самі вэтэраны - ужо як рэдкая экзотыка. У тэлевізіі паказваюць дакумэнтальныя кадры, відавочна апошнія ў архівах, на якіх у папярэднія гады ляжала не палітычнае, а этычнае табу. Цяпер гэты звышнатуралізм ідзе ў анонсах, сярод рэклямы, як самае прывабнае. Патас Вялікай Айчыннай па-ранейшаму служыць надзейным прыкрыцьцём ад крытыкі. Яшчэ трохі, і мы пачнем адкрыта адварочвацца ад экранаў. Бо дэманстрацыя самых неверагодных спосабаў забойства і канцлягерных канвэераў выклікае млосьць. Гэтага не павінна быць. Значыць, гэтага нельга і ўбачыць. Яно не катарсіс і ня ўрок. Тут пратэстуе сама фізіялёгія... Яшчэ ня так разбуральна, але ўжо па ўсіх франтах зьмяняюцца адносіны да вайны. Пры гэтым даўняе адчуваньне таго, што вайна незразуметая, застаецца і нават большае. У сёньняшняй перадачы мы зноў паспрабуем зразумець вайну - з улікам тых зьменаў, што адбываюцца ў дачыненьні да яе ў грамадзтве.
Першы сюжэт зьвязаны з апытаньнем "Ці загінуў хто ў вашай сям'і падчас другой сусьветнай вайны?" Мы паслухаем адказы маладых людзей на вуліцах Менску, але спачатку дамо слова для адказу сталаму аўтару "Вострае Брамы", выканаўцу ўласных песень Зьміцеру Бартосіку.
(З.Бартосік: ) "Другая сусьветная пашкадавала маю сям'ю. Адзiн дзед геройстваваў на амурным фронце - у горадзе Барнауле адбiў прыгажуню-жонку ў тылавога генэрала. Баявы шлях другога прайшоў побач з iнтэнданцкiм абозам. I калi пасьля ён пачынаў уголас ганарыцца сваiм вэтэранствам, бабка яго асаджала: "Гэта ты ваяваў? Ды ты генэральскім жонкам жопы парыў". Гэтая фраза - бадай адзiнае маё сямейнае паданьне пра Вялiкую Айчыную. Таму дзень 9 траўня праходзiў у нас без асаблiвых застольляў.
Але ж песьнi той пары я сьпяваў ледзь не ад самых пялюшак. "Цёмная ноч", "Афiцэрскi вальс", "Зямлянка", "Мая любiмая". Там нiколi ня згадвалася вайна, перамога цi Сталiн. Цi не таму яны надаваліся для любой кампанii. Асаблiва я любіў іх выконваць, калi за сталом быў хоць адзiн вэтэран. Старэчыя вочы звычайна вiльгатнелi, прасілі сьпяваць яшчэ, і я быў гатовы працягваць без упынку.
Але аднойчы на ўскрайку Гомеля я апынуўся зь гiтараю ў кампанii, нязвычайнай ужо таму, што гаварылі па-беларуску. Публiка сабралася маладая, але быў і адзін чалавек вэтэранскага веку. Рост пад самую столь, плечы малатабойцы, румянец як у немаўляцi. "Во парода, - падумаў я, - палкоўнiк, ня менш". Пасьля другой чаркi, каб зрабiць "палкоўнiку" прыемна, я звыкла зацягнуў: "Ночь коротка. Спят облака. И лежит у меня на погоне незнакомая Ваша рука". Ён слухаў уважлiва, але, на маё зьдзiўленьне, не падпяваў. Я налягаў на iнструмэнт як мог, дастаючы з памяцi песьнi Бэрнэса і Ўцёсава. Аднак жаданай рэакцыi ня было. "Добрыя песьнi. Добра сьпяваеш. А нашыя можаш?" Яго пытаньне засталося тады без адказу.
Падчас перакуру хтосьцi мяне ўпiкнуў: "Ты б яшчэ дзеду сьпеў цi хочуць рускiя вайны". "Але ж ён ветэран?" "Так. Вэтэран. Беларускай Краёвай Абароны, калi ты пра яе што-небудзь чуў".
Мяне прасьвяцiлi хутка. Баявы шлях старога быў падобны да прыгоднiцкага кiнасцэнара. Раскулачаныя бацькi, чырвонае войка, нямецкi палон, уцёкi, праца на Гамбурскiх вэрфях, вяртаньне ў Беларусь, прысяга пад нацыянальным сьцягам, адступленьне, Бэльгiйскi ўнiвэрсiтэт, дывэрсiйная школа ЗША, высадка парашутам пад Налiбокамi, пастка на Менскiм вакзале, i дваццаць пяць гадоў мардоўскiх лягераў. Сюжэтная лiнiя магла абарвацца ў любы момант. Але Бог не забываўся пра галоўнага героя.
Так упершыню я сутыкнуўся зь iншаю вайною. Дзе не было нi тылу, нi лiнii фронту. Не было батальных датаў. I дзе не магло быць Перамогi. Але быў шанец выжыць i застацца верным прысязе й свайму сьцягу.
У той вечар я гiтару больш у рукі ня браў. Сваiх песень у мяне яшчэ не было, а "нашых" я ня ведаў. Але цi патрэбная свая пераможная вайна для iхнага зьяўленьня й гучаньня ў кожным беларускiм доме? I цi бываюць перамогi без крывi? Баюся, адказаў на гэтыя патыньнi ня ўнiкнуць унукi нi пераможцаў, нi пераможаных".
(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік распачаў наша апытаньне ўласным адказам. А працягне яго Севярын Квяткоўскі, які зьвярнуўся да маладых людзей на менскіх вуліцах з пытаньнем: "Ці загінуў хто ў іхнай сям'і падчас другой сусьветнай вайны?"
(С.Квяткоўскі: ) "Больш як пяцьдзясят маладых менчукоў паспрабавалi ўзгадаць, цi хто зь iхнае сям'i загiнуў падчас другой сусьветнай вайны. Амаль у паловы апытаных першая рэакцыя была адмоўная:
- Не, не было.
- Все осталiсь жiвы.
- Нiхто не загiнуў.
- Не. Ну, у дзядулi была там рана нейкая...
- Падчас вайны - толькi далёкiя сваякi, у сэнсе, не мае блiзкiя.
Але, паразважаўшы, часьцяком давалi гэткiя адказы:
- Вроде бы, не...
- Прадзеды загiнулi... Я вельмi добра ня ведаю.
- Я ня ведаю, можа мой прабацька, але дакладна ня ведаю.
- Я точно не знаю... Мой дед жiл около Лiды. Его друзья-знакомые загiнулi, а iз родственнiков - нет.
- Гэта быў бацька майго дзядулi, думаеш, я магу пра яго што-небудзь ведаць?
- Не, няма, я ня ведаю iх - не цiкавiўся нiколi.
Адказаў, у якiх шчыра прызнавалiся, што нiколi не цiкавiлiся такiм пытаньнем, было няшмат. Але нават з тых, хто цiкавiўся, мала хто мог выразна распавесьцi пра жыцьцё сваякоў за ваенным часам.
- У меня, в прiнцiпе, кроме одного деда i бабкi, нiкто не погiбал, остальные прошлi войну хорошо: от партiзан до Берлiна, от Бреста до Кёнiгсберга... А я даже iх не знаю. Зато прадед сiдел в двух концлагерях. Одiн раз в первую мiровую войну, а второй раз - ... Бухiнвальд iлi Освенцiм... Зато у меня репресiрованных было дахера.
- Мой удзельнiчаў у вайне, але, на шчасьце, застаўся жывы. А прадзед загiнуў. Я не цiкавiлася, бо мае бацькi ня ведаюць, бо мае бабуля i дзядуля рана памерлi. Я не пасьпела спытаць.
- Не, у маёй сям'i няма тых, хто загiнуў, хто ўдзельнiчаў. Бабуля, дзядуля, яны падчас вайны жылi на Беларусi.
- У меня деду на войне ногу оторвало, а так - жiвой вернулся...
- У майго дзеда перабiлi ўсiх братоў, сясьцёр i г.д. Браты дзедавы загiнулi на вайне, сястру дзедаву забiлi тут, у вёсцы на працах. Як звычайна на вайне забiваюць: iшла ў непатрэбны час, i туды, куды ня трэба - забiвалi нi за што.
Мне складана абвiнавачваць у няведаньнi маладых беларусаў хаця б таму, што ў свой час я сам ледзь-ледзь дабiўся ад дзедавага брата расповеду "як ён быў у партызанах". Пры слове "вайна" той адно з прыкрасьцю адмахваўся. Толькi калi надышла незалежнасьць, я ад iншых сваякоў даведаўся, што ў яго - пятнаццацiгадовага хлопца - выбар быў невялiкi. I што наглядзеўшыся на партызанаў, пазьней, пад Кёнiгзбэргам ён
падлез пад кулi, каб моцна параненым, але жывым вярнуцца дахаты...
Падчас апытаньня з большай ахвотай i нязмушанасьцю адказвалi
тыя, чые сваякі загiнулi "проста", без "падтэкстаў":
- Прадзед был. Его ранiлi, он ехал в обозе, немцы бомбiлi обоз, i он погiб.
- Моего дедушкi вся семья погiбла в блокаде Ленiнграда: от голода i бомбежек.
- Дзядзька загiнуў ад таго, што ён нарадзiўся, i яму было ўсяго два гады. Ён быў у партызанскiм атрадзе, там не было лекаў, i ён памёр... Двое дзядоў загiнула ў сталiнскай калектывiзацыi.
- Мой дзед быў прастым салдатам. ён да Бэрлiна дайшоў. Трi ордена далi. Повезло - нiхто не загiнуў. Но, псiхiку себе iспортiлi на всю жiзнь".
(С.Дубавец: ) Для маладых людзей, да якіх на вуліцах Менску зьвяртаўся Севярын Квяткоўскі, сваякі, што ваявалі або загінулі ў мінулую вайну, належаць да пакаленьня дзядоў. Адсюль неўніканьне ў абставіны, якія ўжо не суперажываюцца, а ў лепшым выпадку толькі фіксуюцца, як факты гісторыі. Страта суперажываньня вельмі істотная, але непазьбежная. Калі браць гэта ўсё ў маштабах нацыі, можна сказаць, што народная памяць пазбаўляецца досьведу трагедыі - жывога адчуваньня вайны і адпаведна рэфлексу праціўленьня вайне. Прагматычны пацыфізм, што ўласьцівы як нашай моладзі, так і іхным раўналеткам у заходніх краінах, прыходзіць на зьмену суперажываньню, што культывавалася ў савецкай сыстэме выхаваньня, прапаганды і культуры.
І цяпер самы раз зірнуць на беларускую савецкую культуру. З аднаго боку, яна ўся прасякнутая матывам вайны, зь іншага - цалкам праігнаравала такія ваенныя тэмы, якія абмінуць проста немагчыма. Гэтую тэму працягне Сяргей Харэўскі.
(С.Харэўскі: ) "Просты люд нават у вайну хоча жыць па-людзку. Але жыць па-людзку ў вайну немагчыма...
Колішнія аднавяскоўцы Андрэя Саванюка, якога сёлета судзілі за ваенныя злачынствы на Берасьцейшчыне, часьцяком казалі пра яго: да вайны ж быў нармальны чалавек, як усе... Нешта падобнае распавядалі мне й мае сваякі, пра нейкага Зьмітрака, іхнага аднавяскоўца, які добраахвотнікам пайшоў у паліцыю. У першы ж месяц службы Зьмітрок вызначыўся, растрэльваючы жыдоў. Ля чыгуначнай станцыі жыла жыдоўская сям'я кандытараў. Яны выпякалі смачныя булкі й гандлявалі імі. З прыходам немцаў нават наіўна спрабавалі стаць прыватнымі гандлярамі... Дык вось, той самы Зьмітрок жыў насупраць. Старая цётка Роза ня раз частавала яго, малога, духмянымі сьвежымі слодычамі. Калі ж ён прыйшоў да яе ў хату са стрэльбаю, старая жыдоўка нават не галасіла. Толькі пакуль ехалі падводаю, увесь час пыталася: "Зьмітрок, а Зьмітрок, куды ж ты нас вязеш?" І яшчэ: "Няўжо ж ты САМ нас забіваць будзеш?" І такі забіў. Сам... Такіх гісторыяў у Беларусі не адна ці дзьве. Іх тысячы, падобных адна да адной.
Аднак найчасьцей паспаліты люд грэбаваў жыдабойцамі, ганьба лягала й на іхныя сем'і. А памяць перахоўвалася ў вуснай традыцыі з пакаленьня ў пакаленьне. Толькі ў вуснай, бо беларуская савецкая культура амаль цалкам праігнаравала Галакост. Нават жыдоўскага паходжаньня мастакі й літаратары - праігнаравалі. Ня думаю, каб ім нехта "замінаў" ці "не даваў". Напрыклад, галоўнаму скульптару БССР, Заіру Азгуру. Але фактам застаецца і тое, што ў канцэпцыю партызанскага краю ня ўпісваліся тысячы паліцаяў...
Беларуская савецкая культура шмат чаго абмінула ў той вайне. Нічога не сказана пра пальшчызну, якая бязьлітасна выбівалася з усіх бакоў. Пра людзкія дачыненьні паміж немцамі й беларусамі, якія міжволі цягнуліся амаль чатыры гады... Дзеля гэтага йснуе вусная гісторыя. Ёсьць у ёй і пра гераізм, і пра зьверствы. Але ня толькі... Распавядалі, як нейкі хлапец, якога вывезьлі ў Нямеччыну, пакахаў немачку, прыжаніўся, застаўся… А савецкія жаўнеры яго пасьля расстралялі. Распавядалі, як немцы загналі закладнікаў у хлеў, каб спаліць, але прыбегла немка, лекарка са шпіталю, учыніла лямант, сарамаціла жаўнераў. Ну, людзей і выпусьцілі. Пасьля чаго толькі той немцы не насілі. А яна нічога ня брала. Ганарыстая была. Распавядалі, як пачалася вайна, у адной вёсцы бабы ўсю ноч ткалі палатно. І да сьвітаньня пасьпелі выткаць даўжэзную йстужку, якой аперазалі ўсе дамы. Каб усе жывыя былі. Хто такое парадзіў? Невядома. Але ўсе такі й выжылі…
Распавядалі яшчэ, як адна жанчына, употай, ад мужа й дзяцей, насіла ваду й бульбу нямецкаму жаўнеру, які канаў ад ранаў у высокім жнівеньскім жыце. Ён усё нешта мармытаў няўцямнае. Паказваў здымкі дзяцей, бялявых, такіх чысьценькіх... Пасьля ён памёр. Відаць адразу было, што памрэ…
На вайне як на вайне. А вось дзеля чаго вясковая кабета рызыкавала ўласным жыцьцём?
Дзяцюк без эмоцыяў забівае безабаронных людзей. Кабета ня можа прайсьці міма пакутаў чалавека - ворага. Што агульнага ў іхных паводзінах? Ненармальнасьць мэханічных учынкаў ва ўмовах вайны. Адзін адкрыта і без ідэйных прычынаў, наогул без прычынаў, робіць злачынства і застаецца беспакараным. Кабета ЎПОТАЙ робіць высакародны ўчынак, даючы апошняе прычасьце чалавеку, дакладна ведаючы, што яе не зразумеюць, і што рызыкуе сям'ёю. У абодвух выпадках няма рацыі. Адзін не дачакаўся кары, другая не спадзявалася на спачуваньне... У вайне ня можа быць рацыі, бо рацыю паралізуюць абставіны. Рацыя застаецца ў беларускай вуснай гісторыі, у якой усё - праўда. Каб жыць па-людзку. Каб быць гатовымі..."
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі заўважыў, што беларуская савецкая культура цалкам праігнаравала такую зьяву, як генацыд жыдоўскага насельніцтва на акупаванай беларускай тэрыторыі. І ня толькі гэта. Тут даводзіцца прыгадаць ранейшую думку, народжаную ў часы перабудовы, пра тое, што мінулая вайна і перамога ў ёй не былі тваімі, маімі, нашымі, народнымі, яны ніяк не належаць нам. Яны належаць выключна савецкаму кіраўніцтву і рэжыму. Гэта былі іхная вайна і перамога. Што да паспалітага чалавека, нават калі ён галоўны скульптар БССР, дык ён тут не выступаў суб'ектам, і пры ўсім жаданьні мог быць хіба што гарматным мясам.
Яшчэ лепш гэта разумееш, калі параўноўваеш нашую сытуацыю зь нямецкай. Для паваеннага германца тое, што адбылося, усьведамлялася як ягоная вайна і ягоная параза. Ён валодаў гэтым, трымаў уласны лёс у сваіх руках, вырашаў сам, як з усім гэтым разабрацца. Гэта была не вялікая айчынная вайна савецкага народа, а захопніцкая вайна нямецкага народа, бо належала яна апошняму. І ён пакаяўся, пасыпаў галаву попелам, але стаў жыць далей. У выніку зьявіўся досьціп пра тое, што пераможца жыве горш за пераможанага. Гэта калі параўноўваць, скажам, беларуса і немца. Але калі параўноўваць савецкі рэжым і нямецкі народ, усё становіцца зразумелым.
Незразумелым застаецца адно. Што ператварыла цывілізаванага немца ў зьвяра. Асабіста для мяне гэтае пытаньне паўстала яшчэ ў школе і не вырашалася ні лёгікай гістарычнага аналізу, ні вычуваньнем у сабе патэнцыяльнага азьвярэньня, ні творамі Томаса Мана, дзе літаратар нібыта і імкнуўся даць мне тое зразумець. Калі культурная, цывілізаваная Нямеччына раптам уся ператвараецца ў армію забойцаў, прычым самых вычварных, дык што тую Нямеччыну гарантуе ад гэтага цяпер? А вэтэраны толькі падлівалі алею ў агонь гэткіх развагаў: маўляў, пачакай, Нямеччына яшчэ ўздыбіцца, яшчэ захоча прадэманстраваць свае амбіцыі на панаваньне ў Эўропе і Сьвеце. А што гарантуе ад гэтага іншыя краіны? Вось усё паплыло ў Сэрбіі, якая так мала адрозьніваецца парадкамі ад сёньняшняе Беларусі. На чым увогуле трымаецца мір?
Высновы атрымаліся наступныя. Няма сэнсу шукаць прычыны ў псіхіцы або этніцы людзей. Па вялікім рахунку ўсе нацыі ня хочуць, каб забівалі іх і ня хочуць забіваць іншых. І калі вайны хочуць, дык як магчымасьці пераменаў. Але вайну пры гэтым мысьляць не як забойства, а як зьмену жыцьцёвага ладу, якая можа разьбіць гордзіеў вузел назапашаных невырашальных праблемаў: фінансавых, сямейных, сацыяльных. Але й гэта нічога ня значыць, бо пачынаецца як правіла ня з гэтага. Пачынаецца з таго, што спрыяе згаданаму назапашваньню невырашальных праблемаў.
Праўна-ўладная шапка, надзетая на кожнае грамадзтва. Гэта яна мусіць рэгуляваць вырашальнасьць праблемаў, дачыненьні людзей, поступ у справах, своечасова загладжваць канфліктныя месцы і ўвесь час апярэджваць магчымыя небясьпекі. Выдатны прыклад - ЗША. Амэрыканцы з гонарам кажуць пра сваю сыстэму заканадаўства і ўлады, якая засьцерагае ад тромбаў у грамадзтве або своечасова лекуе іх. Там ня можа прыйсьці да ўлады Лукашэнка, адзіным інструмэнтам палітыкі якога будуць папулізм і рэпрэсіі, далей - ён ня можа разагнаць Вярхоўны Савет і замяніць яго сваім кішанёвым парлямэнтам, урэшце ён ня можа сам перапісаць заканадаўства. За два стагодзьдзі амэрыканцы давялі засьцерагальныя мэханізмы да дасканаласьці. Да гэтага ж імкнуцца і ў іншых заходніх краінах. Што да народа, дык калі прыпусьціць, што Лукашэнка стане кіраўніком ЗША, разгоніць кангрэс і правядзе там свае рэфэрэндумы, дык магчыма і там народ падтрымае свайго прэзыдэнта. Але ў тым і вартасьць тамтэйшай сыстэмы, што ня прыйдзе.
Такім чынам мір трымаецца ў краіне на дзяржаўнай сыстэме, якая не дапускае да назапашваньня невырашальных праблем. Калі так, дык у сёньняшняй Беларусі вайны няма толькі таму, што крытычнае масы гэтых праблем яшчэ не нарасло. Зь іншага боку, ніхто ня скажа, што іх меншае. На вялікі жаль, і дзяржаўная сыстэма ніяк не імкнецца іх разьвязаць. Яе вэктар скіраваны ў іншы бок - да саюзу з ахопленай вайною Югаславіяй. Што да грамадзкай думкі, дык яна, як мы бачылі раней, вызваляецца ад суперажываньня і цалкам пераключаецца на свае нявырашаныя праблемы.
Згадваецца эпізод зь нейкага францускага фільма, дзе збанкрутавалы гаспадар у сваім замку зьбірае ўсю сваю радню і абвяшчае ім пра тое, што вымушаны прадаць радавы маёнтак. Пакупнік, як цяпер бы сказалі "новы рускі", супакойвае прысутных, маўляў, вы можаце пажыцьцёва пасяліцца ў суседнім флігелі. Але тут усчынаецца шум у стылістыцы чэхаўскага "Вішнёвага саду": ды як жа так, гэта ж наш радавы маёнтак і - гаспадару - ды як ты мог... Выслухаўшы ўвесь гэты гвалт, бясьсільны гаспадар падымае вочы да неба: "Госпадзе, хутчэй бы вайна..." На экране зьяўляюцца тытры і постскрыптум, які паведамляе год падзеяў - 1914-ы.
|
|
|
|
|
|
|