|
|
27 Чэрвеня 1999
|
Бязьлюдная Беларусь. Вандроўка на Гарадоччыну. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Кожнае лета рэдакцыя "Нашай Нівы" выпраўляецца ў вандроўку па Беларусі, каб зьдзейсьніць запавет Францішка Багушэвіча:
Хай жа ўсе, усе, хто можа,
возьмуць свой кіёк дарожны,
У край айчынны час ісьці нам
Вывучаць свой люд.
Праўда, падарожнічаем мы не з кійком і не па дарогах, а па рэках, зь якіх звычайна адкрываюцца не фасады гарадоў і вёсак, а наадварот, іхная, так бы мовіць, знаніца, кантэкст краіны. Гэта Беларусь такая, якая яна ёсьць насамрэч - не прыхарошаная і не прыхаваная, не ўяўная ці віртуальная. Яна падыходзіць да рэчак сваімі дварамі і незвычайнымі краявідамі.
Гэтым разам нашай дарогай стала невялікая рэчка Обаль, што цячэ ў Гарадоцкім і Шумілінскім раёнах. Урэшце яе воды ўвальюцца ў Дзьвіну, каб даплысьці да Полацка. Мы ж гэтым разам скончылі сваё падарожжа ў Казьянах, у цэнтры заказьніка, дзе, кажуць, найвялікшая шчыльнасьць ласёў у Эўропе. Гэта самы паўночна-заходні кут краіны, мяжа з расейскай Пскоўшчынай, якая праходзіць па возеры Езярышчы, у якім ажно 20 астравоў і адкуль уласна распачаўся наш шлях. Унікальнасьць тутэйшых мясьцінаў у тым, што гэта самая малалюдная Беларусь. У іншы дзень мы не сустракалі тут ніводнага чалавека. Асабліва калі патраплялі ў бясконцы край балатоў, дзе абапал ракі цягнуліся бясконцыя прасторы парослых хмызамі кочак ды вытыркаліся ўсохлыя, быццам пагарэлыя або хворыя голыя ствалы бяроз. У такіх мясьцінах і сапраўды можа быць унікальная шчыльнасьць ласёў і ня менш унікальная няшчыльнасьць людзей.
Аднак працяглыя балаты ўсё ж рана ці позна зьмяняюцца ўзгоркамі, на якіх пасьвяцца статкі пярэстых кароваў і сям-там пракідаюцца хаты. Тутэйшыя вёскі маленькія - дзясятак ці два дамоў, і тое шмат зь іх пакінутыя. Людзей мала. Аднак дастаткова, каб мы пераканаліся ў іхнай шчырасьці і дабрыні. І ў тым, што яны жывуць далёка ад менскіх палітычных закалотаў, якімі, як лічаць у сталіцы, жыве ўся Беларусь. А яшчэ іх дастаткова, каб мы наўпрост падступіліся да праблемы малалюднасьці грунтоўна. Мы ведалі, што тутэйшы край найбольш пацярпеў ад сярэднявечнага вераломства суседняй маскоўскай дзяржавы. Гэта з тых часоў колькасьць насельніцтва тут так і не аднавілася да сваіх колішніх памераў. Аднак зьвернемся да спэцыяліста. Ужо па вяртаньні з вандроўкі я запытаўся пра малалюднасьць Гарадоцкай зямлі ў гісторыка Генадзя Сагановіча. Вось што ён адказаў.
(Г.Сагановіч: ) "Землі цяперашніх Гарадоцкага і Шумілінскага раёнаў уваходзілі калісь у Полацкае княства, а потым Гарадок быў у Віцебскай зямлі і паўсталым зь яе Віцебскім павеце, а тэрыторыя Шумілінскага засталася ў павеце Полацкім. У іх дэмаграфічным лёсе цесна перапляліся гісторыі з геаграфіяй.
Наколькі стае гістарычных сьведчаньняў, абшары гэтыя былі заўжды малалюднымі. І першую прычыну таму стварыла прырода: тут ці ня самы халодны раён Беларусі з кароткім вегетатыўным пэрыядам, а глебы неўрадлівыя. Прыродныя ўмовы не спрыялі разьвіцьцю сельскай гаспадаркі, а значыць і росту насельніцтва. Падобна, хлеба тут ніколі не было ў раскошу. Гісторыкам добра вядомы ліст полацкага мітрапаліта да рыжанаў з просьбай прыслаць у Полацак жыта. У 1520-х на забесьпячэньне тутэйшых замкаў збожжа звозілі з іншых раёнаў Беларусі, у прыватнасьці з Панямоньня.
Памежнае становішча гэтай зямлі абярнулася тым, што гэткім жа адмоўным стаў для яе і фактар гістарычны – суседзтва з Маскоўскай дзяржавай, якая вякамі вяла войны. Блізкасьць мяжы стала сапраўдным няшчасьцем. Тут і шляхта не жадала браць зямлі - ня толькі беднай, але і небясьпечнай.
Што да колькасьці жыхароў, дык да сярэдзіны ХVІ ст., мяркуючы па рэвізіях і рэестрах, гэтыя землі былі сярэднезаселенымі. Праўда, ёсьць факты, што ўжо ў 1520-х жыхары папросту ўцякалі ад вайны, нават з добра ўмацаванага Полацка. Але радыкальная дэмаграфічная зьмена зьвязаная з вайной Івана Жахлівага і шаснаццацігадовай акупацыяй паўночнай Беларусі. Край тады папросту вылюднеў. Жыхары, калі не загінулі і ня трапілі ў палон, самі разьбягаліся. Царскія ўпаўнаважаныя наракалі, што, вызначаючы мяжу занятых земляў, яны ня мелі ў каго спытацца пра назвы тых мясьцінаў.
І ў гады Смуты зноў ад Масквы асабліва даставалася Віцебшчыне. Невыпадкова ўжо на сярэдзіну ХVІІ ст. поўнач Беларусі была адным з самых малалюдных раёнаў. Калі на захадзе нашага краю жыло тады па 15-19 чалавек на адным квадратным кілямэтры, дык тут, у Віцебскім павеце – адно крыху больш за 7 асобаў. А на канец Маскоўскай вайны ў Віцебскім павеце не засталося і па 3 чалавекі на квадратны кілямэтар. Фактычна, за гады ўладараньня маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча найбольшыя людзкія страты панесьлі тры памежныя паветы – менавіта Віцебскі і Полацкі, ды яшчэ Мсьціслаўскі, у якіх насельніцтва скарацілася на дзьве траціны і ў два-тры разы было меншым, чым у цэнтры і на захадзе Беларусі.
Застаецца згадаць, што і ў Паўночнай вайне найперш цярпелі нашы паўночныя раёны, дзе стаяла вялізная армія Пятра І. Пазьнейшыя часы нічога істотна не мянялі, і на ХХ ст. гэтыя землі заставаліся своеасаблівай дэмаграфічнай ямай. Улады ж БССР не займаліся справамі народазасяленьня. Хутчэй наадварот, палітыка бальшавікоў і асабліва апошняя вайна спрычыніліся да яшчэ большага вылюдненьня паўночных раёнаў Беларусі".
(С.Дубавец: ) Гісторык Генадзь Сагановіч спыніў свой дэмаграфічны агляд на часах савецкае Беларусі. Відавочна за наступныя амаль дзесяць гадоў тут нічога не зьмянілася. Хіба што сьляды русіфікацыі за ўсе часы сталі больш кантраставаць з адзнакамі ўласна беларускімі. Як, напрыклад, у назвах паселішчаў. Назвы, якія тояць у сабе загадку і не паддаюцца хуткай расшыфроўцы - як помнікі мовы, мэнтальнасьці, як напластаваньні культурных слаёў, зь якіх чэрпаем мы і будуць чэрпаць веды і пачуцьцё патрыятызму нашыя далёкія нашчадкі. Сама Обаль, Сьвіна, якая ў яе ўпадае, Казьяны і проста прыгожая Ставіца. А побач - Ламаносава, Мішуціна і брутальны Пралетарск, які, дарэчы, тутэйшыя людзі называюць Іванаўкай. Назвы, як правіла, адпавядаюць характару паселішчаў. І гэта асабліва тычыцца новазбудаванага з сілікатнае цэглы сяла Пралетарск, жыхары якога ціха сьпіваюцца, так і ня ўзвысіўшы сваё паселішча да вобразу Гораду Сонца. Зрэшты, хто б ім дазволіў.
Знаёмства зь вёскай было б ня поўным без наведваньня мясцовых могілак. Калі ў паселішчы пяць хат і жывуць, як той казаў, два з паловай чалавекі, дык менавіта могілкі ўбіраюць у сябе функцыю і царквы і архіву, і калектыўнага партрэту некалькіх пакаленьняў вяскоўцаў.
Могілкі ў гэтых мясьцінах не такія як паўсюль. Па-першае, на іх адчуваецца клопат, яны выглядаюць нібы пасьля генэральнай прыборкі. Жывыя магілы, на якія яшчэ прыходзяць людзі, усе падноўленыя, помнікі нядаўна пафарбаваныя, зоркі на стандартных савецкіх слупках замененыя крыжамі. Але ўразіла ня гэта. Магілы не падпісаныя. Працэнтаў на 90. Прычым ня тое, каб нехта сьцёр ці адарваў табліцы. Так было задумана ад пачатку. Стаяць доўгія шэрагі безыменных крыжоў, а паміж іх помнікі, часта са здымкамі, але таксама бяз прозьвішчаў. Высокія надмагільлі, іншы раз ці не ў паўмэтра, абнесеныя дошкамі і нагадваюць дзіцячыя пясочніцы. Вакол - па пэрымэтры - лаўкі. Надмагільле выконвае ролю стала, калі сям'я зьбіраецца сюды на Радуніцу або на Дзяды. Вось яны ядуць, выпіваюць пры дарагім нябожчыку. Навошта пісаць ягонае прозьвішча? Яны і так ведаюць свайго Івана ці бабулю Маньку. А каму тыя яшчэ патрэбныя, акрамя іх, сямейнікаў? Пакуль яны сюды прыходзяць, ёсьць памяць, перастануць хадзіць - і памяць вычарпаецца. Сэрца не падманеш. Паваліцца крыж, зарасьце магілка. Надпісы - для чужых, для сваіх - пачуцьці. А падпісалі б Івана, дык ужо б і сваякі прыходзілі да яго як да чужога. Ёсьць у гэтай лёгіцы шмат прыроднага розуму. Хоць гарадзкому чалавеку, каб прыняць такое, трэба абавязкова ў сабе нешта важнае зламіць.
Аднак хопіць пра могілкі, пара пра жывых.
Самі людзі таксама сваімі лёсамі паўтараюць тапаніміку краю. Тут шмат расейцаў - тых, што пераехалі на заробкі або ратуюцца ад міліцыі і турмы. І шмат беларусаў, перамешчаных зь іншых раёнаў краіны. Карэнных, менавіта з гэтых вёсак жыхароў мала, бо ўся моладзь пакінула край.
Зьміцер Бартосік быў уражаны тым, як у гэтых мясьцінах яму разанула слых родная расейская мова.
(З.Бартосік: ) "Няўжо табе ахвота лезьцi ў гэты бруд?" - адна менская панi нiяк не магла зразумець маю радасьць напярэдаднi вандроўкi на балоцiстую рэчку Обаль. "Дурніца, - адказаў я, - у тым i справа, што ў балоце няма бруду. Вада ёсьць, чараты там усялякiя з гадзюкамi. А бруду - нуль. Бруд ствараецца людзьмi, а не прыродаю. I чорнае ад глею дно самай балоцiстай рэчкi значна чысьцейшае за тваю бэтонную плiтку менскага праспэкту". Яна мяне, вядома ж, не зразумела. А пра галоўнае, што мяне каторы ўжо раз цягне ў беларускiя нэтры, я даводзiць ня стаў.
Нiдзе й нiколi так лёгка й радасна не разважаецца пра будучыню, як у нашых байдарачных вандроўках. I чым больш дзiкiм i неабжытым выглядае краявiд навакол, тым больш радаснаю ўяўляецца тая будучыня. Сакрэт тут просты. Кiдаючы сябе ў поўнае няведаньне таго, што адбываецца ў сьвеце, мы ўсё ж ведаем дату канца нашага маршруту. Жыцьцё напаўняецца iншымi падзеямi. Якiя ўдалечынi ад чалавечага жытла набываюць незвычайную важкасьць. Як, напрыклад: нечаканая сустрэча з ласём, спуджаная нашымi вёсламi чародка забаўных качанятаў, цi пiльны й цiкаўны позiрк савы зь цямрэчы дупла. Ад разуменьня банальнай iсьцiны, што тут, у гэтых балатах, жыцьцёвы лад нiякiм чынам не залежыць ад рэжымаў i ўладаў, сапраўды, як пiша Адамовiч, "банальна хочацца жыць".
Абпальваць сьпiну пад сапраўдным сонцам, не шкадаваць уласнай скуры злым авадням, як паратунак сустракаць залеву з маланкамi, насалоджвацца купаньнем у каламутнай вадзе,
не захiнацца ад гаючай крапiвЫ. А разьбiўшы лягер, стомлена ляжаць на зямлi, зачаравана пазiраючы, як iскры ад вогнiшча перамешваюцца з зоркамi ў нашым небе.
Чужымi й недарэчнымi на працягу маршруту мне здавалiся менавiта стварэньнi рук чалавечых. Жалезабэтонныя масты, разбураныя часам жывёлагадоўчыя фэрмы, iржавыя воданапорныя вежы, адзiным упрыгожаньнем якiх былi бусьлянкі. Але нiколi ня мог падумаць, што мне так будзе рэзаць слых расейская мова. Якую мне давялося пачуць падчас вечаровай выправы па сялянскую гарэлку ў вёску Обаль.
Вёска больш нагадвала п'яную ўскраiну якога-небудзь Кемерава. Шырока раскiданыя ўздоўж гразкай, бязьлюднай вулiцы двухпавярховыя бэтонныя баракi. Самагонам мы, вядома, не
разжылiся. Па падказцы сустрэчнага забулдыгi з пранонсам пецярбуржца, мы знайшлi дзьверы тутэйшай бiзнэсмэнкi, начной перапрадавачкi мясцовай амброзii - напiтку "Залацісты моцны". Хвiлiнаў пяць цётка вывучала позьнiх гасьцёў, нiбы прыбышоў зь iншае плянэты, нiяк не даючы веры, што нехта можа заплысьцi сюды ў якасьцi турыста. У яе абдзёртым жытле мяне зацiкавiў "дызайн" падлогi - на брунатных дошках былi намаляваныя рамонкi. Цётка нам давяла, што: "В деревне только пара человек из местных". "А астатнія?" "Остальные из страны дураков". Як высьветлiлася, у ваколiцах сапраўды атабарылася шмат расейцаў - перасяленцаў, уцекачоў ды былых зэкаў. Якiя ў беларускiх джунглях знайшлi сабе месца пад сонцам i такi-сякi заробак.
У гэты момант мне рашуча закарцела апынуцца на менскiм праспэкце. Дзе няма першароднасьцi, але ёсьць iлюзія стварэньня чысьцiнi".
(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік заўважыў, што ў найменш кранутых цывілізацыяй кутках Беларусі найлепей думаецца пра будучыню краіны. І гэта сапраўды так. Бо тут няма тых праблемных вузлоў, якія даводзілася б разблытваць у гарадах, а зьдзічэлы, пасьвяжэлы край выглядае як чыстая старонка паперы, на якой можна лёгка крэсьліць свае паветраныя замкі плянаў і мараў. Прыгожыя краявіды толькі падахвочваюць на свамыя сьмелыя ідэі.
Свой погляд на дэмаграфічную сытуацыю і свае ідэі будучыні гэтых мясьцінаў пераказвае Сяргей Харэўскі.
(С.Харэўскі: ) "Вандруючы па Гарадоцкім раёне, мы бачылі ў самых гожых мясьцінах падмуркі закінутых сядзібаў, няжЫлыя хаціны, амаль зруйнаваныя плаціны на рэках. Аднойчы, шпацыруючы ў лугах на другім беразе ад вёскі з адметнай назвай Вясьніцкія, я натрапіў на дзіўную карціну... Адзін за адным зь зямлі падымаліся вялізарныя каменныя падмуркі, на якіх у золку палымнелі хвалі скрыпеню. Навакольле, якое спачатку ўдавала на неруш, набыло абрысы розуму: сталі яснымі лініі прысадаў, межы колішняга ворыва. Зьдзічэлыя няплодныя йгрушы ды сьлівы шапацелі пра род, што некалі тут пражываў...
Гарадоччына - найменш населены раён Беларусі і адзін з самых буйных па плошчы. Тут, на тэрыторыі больш як у 3 тысячы км. жыве толькі 36 тысячаў чалавек. Альбо блізу 12 чалавек на квадратны кілямэтар. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у Эўропе. Для параўнаньня: у самай "прасторнай" Фінляндыі на квадратны кілямэтар прыпадае ўсё ж 15 чалавек. Альбо ўзяць, напрыклад, які Ганцавіцкі раён, там шчыльнасьць утрая большая.
Беларусь наогул - адна з найменш урбанізаваных дзяржаваў Эўропы. У нашых вёсках жыве ажно 33 % насельніцтва. Столькі ж вяскоўцаў, напрыклад, у Калюмбіі і ў самай аграрнай краіне Заходняе Эўропы - Партугаліі. Але тэндэнцыя да павелічэньня долі гарадзкога насельніцтва паўсюдная і няўхільная на ўсіх кантынентах. Таму сытуацыя на Гарадоччыне - мадэль нашае блізкае будучыні па ўсёй краіне.
Старыя, яшчэ савецкія, даведнікі падаюць, што ў гэтым раёне пад ворывам 23% земляў. Сёньня гэтая лічба нашмат меншая. Палі задзірванелі і можна прадбачыць, што да ўзнаўленьня тут пасадкаў справа ня дойдзе. Ня хопіць рук. Жывёлагадоўля, якой жыве гэты край, не патрабавала ані вялікае адукацыі ані вялікае колькасьці работнікаў. Гэта і стала прычынаю ад'езду адсюль моладзі.
Але сам па сабе край, густа зарослы травою, існаваць ня зможа. Плаціны на рэках, як, напрыклад, на вялікім Ключагорскім вадасховішчы, неўзабаве зруйнуюцца ўшчэнт і могуць парушыць той рэжым, што склаўся тут за дзясяткі гадоў. Зьвяры, без нагляду лясьнічых, пакрысе выбіваюцца наежджымі браканьерамі з Расеі, пра што кажуць тутэйшыя людзі, са скрухаю згадваючы, колькі было дзічыны раней. Рыбаў, таксама з-за несупыннага браканьерства, становіцца штогод меней. Чысьціня ды неруш таксама патрабуць штодзённага клопату!
Ды й жывёлагадоўля пры цяперашнім ладзе становіцца нерэнтабэльнай: няма куды здаваць прадукцыю, з-за бездарожжа яна псуецца раней, чым яе куды давязуць. У самым малочным куце Беларусі ня знойдзеш сыру!
Што тут будзе і што можа быць у наступным тысячагодзьдзі? Ці ёсьць сэнс канкураваць з Эўропай у бульбаводзтве ці жывёлагадоўлі? Замест таго, каб лавіць апошнюю рыбу, можа варта яе разводзіць? Замест таго, каб дабіваць апошнюю дзічыну, можа варта гадаваць на мяса аленяў, як, дарэчы, гэта ўжо робяць у іншых раёнах? Замест таго, каб гвалціць гліну, спрабуючы выціснуць зь яе кволы ўраджай, мо пара аднавіць былую славу выбітнай гарадоцкай керамікі, якая некалі шырака экспартавалася? Заняцца тым, чым ня могуць заняцца іншыя... Калі бульба ледзь расьце - трэба саджаць хмель. Калі ёсьць лясы ды азёры - трэба запрашаць турыстаў, якія паядуць тутэйшую гадаваную рыбу, пап'юць лішняе малако, накупляюць гліняных ды льняных сувэніраў, пафатаграфуюць буслоў ды ласёў. Цывілізаваны турызм прынясе з сабою, бадай, самае істотнае - людзкія кантакты, з-за браку якіх адсюль некалі ўцякала моладзь. І горшы. Грошы, за якія будуць пракладзены добрыя дарогі, дагледжаныя лясы й рэкі. Будуць пабудаваныя дамы й гатэлі, на тых самых падмурках, дзе сёньня вецер гойдае цыбукі скрыпеню. І дасканаласьць прыроды будзе прымножаная гаспадарскімі рукамі, мо і з тых самых радзінаў, што некалі ўраблялі гэты куток.
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі распавёў пра каменныя падмуркі колішняй панскай сядзібы. Пра тое, што гэта была менавіта панская сядзіба, сьведчылі яшчэ й прысады вербаў, і прадуманая пляніроўка тэрыторыі ў злучыне ракі Абалянкі.
Стаўшы лягерам у гэтай бязьлюднай мясьцінцы, мы доўга разважалі пра лёс усходнебеларускіх паноў, сьляды якіх сьцерліся нашмат болей, чым сьляды заходнебеларускай шляхты. Драматычны лёс гаспадароў зямлі, так заманліва апісаных у Марцінкевічавай "Ідыліі". Што з гэтага ўсяго магло б быць, мы бачылі ў паездках па так званых цывілізаваных краінах Эропы. Тарыцыя, парадак і ўраджай. Гэтак міжволі хада нашых развагаў каторы раз прывяла да высновы пра рэстытуцыю - вяртаньне зямлі колішнім уласьнікам, альтэрнатывы чаму проста не існуе. Дзяржава мусіць прынамсі дэкляраваць, што ўся маёмасьць будзе вернутая колішнім гаспадарам. Толькі з гэтага і можа пачацца адраджэньне беларускай вёскі. Зразумела, што няпростае адраджэньне, але рэальнае і пэрспэктыўнае.
Мне згадаліся словы Фёдара Дастаеўскага пра тое, што менавіта зь землеўпарадкаваньня пачнецца парадак ва ўсім - і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і ў культуры краіны. Які парадак на зямлі, пісаў ён, такі і ў сыстэме адукацыі.
А яшчэ думалася пра свабоду, якой так шмат у бязьлюднай Беларусі. Гэткае ні з чым не параўнанае пачуцьцё птушынае вольнасьці, якое перажываеш на прасторах роднае зямлі. І побач - яшчэ адным кантрастам - калгасны прыгон, калі трактарыст атрымлівае 6 мільёнаў рублёў і тое нерэгулярна. Прыгон, з-за якога людзі і пакінулі гэты прыгожы край.
|
|
|
|
|
|
|