news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



5 Верасьня 1999
 
Рэстытуцыя. Сядзіба Ядвігіна Ш. у Карпілаўцы.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
У мінулую нядзелю мы гаварылі пра тое, што паўнавартаснае жыцьцё культуры немагчымае без сыстэмнага назапашваньня таго, што ўжо створана. Што гэта значыць? Культурныя набыткі выстройваюцца ў такую сабе піраміду, дзе каласальныя каштоўнасьці - літаратурныя, гістарычныя, мастацкія - складаюць падножжа. Яны апісваюцца навукай і пашыраюцца, папулярызуюцца сярод шырокае публікі. Скажам, кінарэжысэр ставіць мастацкі фільм па кнізе Уладзімера Караткевіча "Дзікае паляваньне караля Стаха" і прыбягае да кансультацыяў архівістаў, гісторыкаў матэрыяльнай культуры. Нарэшце, навуковая і папулярная плыні сыходзяцца на вяршыні піраміды - у школьных падручніках, якія даюць прадуманую інтэрпрэтацыю гісторыі і культуры, а таксама ў энцыкляпэдыях і даведніках, якія прапануюць тыя веды ў канцэнтравана-скарочаным выглядзе. Уласна такая піраміда і ёсьць культурным кантэкстам, у якім твораць свае шэдэўры новыя літаратары, мастакі, гісторыкі. Гэта той стрыжань, вакол якога і адбываецца жывое жыцьцё нацыі. Так паўсюль у прызнаных і паважаных у сьвеце народаў. І менавіта брак гэтае стройнае піраміды ў сябе мы адчуваем, калі спрабуем вымавіць побач: беларуская культура і француская або нямецкая, або нават польская культура.

Век кампутараў і сыстэмных тэхналёгіяў не спрыяе, прынамсі пакуль, наладжваньню нашае беларускае піраміды. Хутчэй наадварот. Скажам, апошняя сур'ёзная праца ў кірунку сыстэмнага назапашваньня ў маштабах краіны вялася Інбелкультам у 20-я гады. Але ўсё было неўзабаве развалена і панішчана спачатку сталіншчынай, а пасьля і вайною. Ідэальнымі часамі культурнага будаўніцтва выглядаюць яшчэ ранейшыя - 18-19 ст. Каласальныя калекцыі Радзівілаў, Тышкевічаў, гомельскага Румянцава ды шмат каго яшчэ. Працы этнографаў тае пары Кіркора, Шпілеўскага, Федароўскага, слоўнік беларускай мовы Насовіча - нішто не паўтарылася ў далейшым ані маштабамі, ані значнасьцю зробленага. А тое, што было назапашана і сыстэматызавана - за мінулае стагодзьдзе прапала. Адсюль такое адчуваньне маладосьці і, адпаведна, "нявопытнасьці", беднасьці і нецікавасьці беларускае культуры. Адсюль бясконцыя рабселькораўскія парываньні адкрыць Напалеонавы скарбы і адкапаць нясьвіскіх апосталаў, што мысьліцца як культурнае дзеяньне, а насамрэч ёсьць дылетанцкай дыскрэдытацыяй культуры.

Дасьць Бог, некалі народзіцца ў Беларусі няхай не ідэальная, але спрыяльная да свайго ўлада. І менавіта перад ёю ўстане першая задача - будаваць сваю, беларускую піраміду - з таго, што ёсьць у беспарадку на Бацькаўшчыне і з таго, што расьцягнутае па ўсім сьвеце, найперш - у глыбокія спраты расейскіх архіваў ды музэяў, а таксама з таго, чаго ўжо няма, але дакладна вядома, што яно было. А пачынаць гэтую справу, калі задумляць яе на вякі, трэба менавіта адтуль - ад Радзівілаў і Тышкевічаў.

Неяк распавядаючы пра сьляды панскае сядзібы, мы павялі гаворку пра рэстытуцыю - вяртаньне маёмасьці яе былым уладальнікам. Менавіта з гэтай тэмы мусіць пачацца і капітальны рамонт беларускага культурнага кантэксту. Менавіта Тышкевічы і ім падобныя дасягнулі найвышэйшага пункту нашай нацыянальнай цывілізацыі, адкуль пасьля мы доўга і пакутліва ляцелі ўніз, у сёньняшні хаос і самаадмаўленьне. Іхны даробак - гэта арыенцір. Аднавіўшы справядлівасьць, мы адчуем сябе нашмат больш багатымі і жыцьцяздольнымі.

У якасьці рэмаркі дазволю сабе сказаць пра, верагодна, памылковае адчуваньне, якое часам даводзіцца перажываць - што ўсё, што цяпер робіцца ў нашай культуры - гэта прафанацыя, якая ні на чым не стаіць, ні з чым не зьвязаная і ня мае крытэрыяў ацэнкі, бо сваіх крытэрыяў няма, а пад міжнародныя проста не падпадае. Адчуваньне ўвогуле крамольнае, бо няма сэнсу разбураць тую культурную ерархію, якая была створаная камуністычнай намэнклятурай пры сьціплым удзеле беларускага народа. Гэта прынамсі адзінае, хай сабе і ілюзорнае апірышча, якое мы маем. Зрэшты, ужо сёньня ўсё савецкае ўспрымаецца як рэтра, а на зьмену яму нічога не прыйшло.

Чаму? На мяжы 80-х і 90-х гадоў найлепшыя беларускія творцы рынуліся ў палітыку, спачатку акрыленыя, а пасьля расчараваныя той незалежнай дзяржавай, якую мысьлілі сабе як ідэал. У палітыцы яны працягвалі тварыць, аздабляючы той рамантычны пэрыяд мітынгаў і маніфэстацыяў. З гэтага пэрыяду мы не атрымалі этапных літаратурных і мастацкіх твораў. Затое нарадзілася субкультура апазыцыйных шэсьцяў. Сяргей Харэўскі распавядае пра яе, згадваючы славуты "Балтыйскі шлях", які адбыўся роўна дзесяць гадоў таму.

(С.Харэўскі: ) "Беларусь ужо мае сваю традыцыю недзяржаўных акцыяў. Тое, што пачыналася ў канцы 80-х, сёньня стала амаль што канонам. Шэсьці на Курапаты, напрыклад, абавязкова з крыжам, а "Чарнобыльскі шлях" - са звонам і абразом работы Аляксея Марачкіна. Дзень Волі, вядома, з харугваю БНР і са здымкам яе першага ўраду ў 5 мэтраў даўжынёю, які вырабілі мастакі Костка і Лойка. Дзясяткі прафэсійных мастакоў стваралі транспаранты, харугвы, інсталяцыі. Міхась Раманюк нават запачаткаваў калекцыю таго мастацтва. На кожнай акцыі ўсім вядома, што казаць і што засьпяваць. Калі ж нейкая маніфэстацыя ладзіцца "ня ў час", дык і яе кіраўнікі і публіка звычайна губляюцца, ня ведаюць як сабе паводзіць.

Так паўтараецца з году ў год. І сёньня ўжо маладзейшыя кіраўнікі апазыцыі шукаюць новых формаў для новае хвалі мітынгаў. Зьявілася ідэя павучыцца ў Югаславіі. Пару гадоў таму Белград некалькі тыдняў запар скаланалі несупынныя маніфэстацыі супраць былых камуністаў. Наперадзе заўсёды было карнавальнае шэсьце дасьціпных студэнтаў, якія дзьмулі ў дудкі й сьвісткі. Аднак што ў югаславаў, што ў нас, аўтарытарныя рэжымы засталіся непахіснымі.

Дзе сьпеўная рэвалюцыя прынесла плён, дык гэта ў краінах Балтыі. Дзесяць гадоў таму адбыўся "Балтыйскі шлях". Людзі ўзяліся за рукі і ўтварылі даўжэзны жывы ланцуг на сотні кілямэтараў ад Вільні да Таліна. Традыцыйныя строі, нацыянальныя сьцягі, народныя песьні, бацькі зь дзецьмі. Эстэтыка гэтае акцыі была прасякнутая маральнымі каштоўнасьцямі: сям'я, нацыя, свабода.

З тае акцыі засталося мноства здымкаў - з птушынае вышыні і з самага блізку. Зьбягае за далягляд жывы ланцуг, сярод палёў і лясоў, шчасьлівыя, узьнёслыя твары, у прадчуваньні большае радасьці.

І гэтая радасьць надыйшла праз два гады. Балтыйскія нацыі выйшлі з СССР, які неўзабаве распаўся сам.

Нашыя праблемы будуць разьвязаныя па-свойму. Ня гэтак як у Балтыі ці Югаславіі. Пэўна ня гэтак рамантычна ці карнавальна. Але досьвед "Балтыйскага шляху" падказвае, як рабіць дзейсныя акцыі. Па-першае, той "Шлях" меў акрэсьлены час (пасьля працоўнага дня й да заходу сонца). Па-другое, у іх была візуальная, усім бачная канчатковая мэта (злучыць велізарны людзкі ланцуг у сьвятле вогнішчаў). Па-трэцяе, іх эстэтыка была толькі сьцвярджальнаю - бяз лёзунгаў пярэчаньня ці карыкатураў, а толькі заклік да свабоды, дэманстрацыя лепшых пачуцьцяў".

(С.Дубавец: ) Памятаю, наша беларуская група стаяла ў тым чалавечым ланцугу, пра які распавёў Сяргей Харэўскі, на выезьдзе зь Вільні ў бок Рыгі. Гэта сапраўды было запамінальнае ўсеагульнае сьвята яднаньня. Цікава, Саюз развальваўся, народы разыходзіліся, а наймацнейшае пачуцьцё, якое засталося з тых незалежніцкіх акцыяў - пачуцьцё чалавечае еднасьці.

Так ці інакш, але субкультура шэсьцяў цалкам абарвала сувязь цяпершчыны з беларускім савецкім культурным кантэкстам. Урэшце і сама тая субкультура згарнулася ў аўтаномную зьяву. Ну, не зь яе ж нам пачынаць будаваць нашу піраміду. Таму вернемся да нашых Тышкевічаў. Якім чынам праблема рэстытуцыі вырашаецца ў суседняй Літве? На мінулым тыдні якраз адбылася падзея, якая дазваляе ўявіць, няхай сабе на будучыню, нейкую паралельную, беларускую сытуацыю.

Граф Альфрэд Тышкевіч, спадчынны ўладальнік Палангі, якая цяпер стала папулярным літоўскім курортам, жыве ў Варшаве. У камуністычнай Польшчы ён ня мог сьвяціць свой высокі тытул і таму перабіваўся на дробных пасадах, пакуль не пайшоў на пэнсію. Спадкаемца вялікага роду жыве вельмі сьціпла, калі не сказаць бедна. Каб вярнуць сабе законныя ўладаньні, паводле літоўскага заканадаўства, ён мусіць стаць грамадзянінам Літвы. Слушнае патрабаваньне, бо акрамя бедалагі Тышкевіча існуюць яшчэ дзясяткі прэтэндэнтаў на спадчыну, якія з задавальненьнем вярнулі б сабе маёнтак і лічылі б дывідэнды, але пры гэтым не знайшлі б патрэбы нават паказацца ў той Літве. Дык вось Тышкевічу, які таксама не схацеў мяняць свой польскі пашпарт, якраз на мінулым тыдні літоўская дзяржава прызначыла пэнсію - 500 даляраў у месяц. Яно вядома няшмат, але ўсё ж сякі-такі дадатак да нікчэмнае польскае пэнсіі атрымаўся. Бакі нібыта засталіся задаволеныя.

Гэта я да таго, што можна толькі сабе ўявіць, якая колькасьць нашых графаў і князёў магла б выказаць жаданьне вярнуць сабе былую маёмасьць пры зьяўленьні адпаведнага беларускага заканадаўства. Але тут паралель абрываецца. 86-гадовы Альфрэд Тышкевіч пабачыў у Паланзе дагледжаны палац, у якім ён вырас і дзе цяпер знакаміты музэй бурштыну, беражліва захаваныя пабудовы навокал, цэлы парк і не сьпілаваныя векавечныя сосны. А што б пабачыў нашчадак Тышкевічаў у нас - у Лагойску ці Валожыне? У лепшым выпадку занядбаныя будынкі або руіны, у горшым - ані сьледу. І тут, думаецца, будучы беларускі закон аб рэстытуцыі мог бы і не патрабаваць ад якіх амэрыканскіх Радзівілаў зьмены грамадзянства. Бо што б ні рабілася, было б на карысьць. А падатак з маёмасьці ўзбагачаў бы дзяржаўную скарбонку. Толькі з гэткай рэформы маёмасных дачыненьняў і можа пачацца ў нас культурнае будаўніцтва. Бо так бы зьявіўся прыватны інтарэс. Што да дзяржаўныя ініцыятываў у гэтай сфэры, дык яны дыскрэдытавалі сябе цалкам.

На адным з аб'ектаў страчанае спадчыны пабываў наш сталы аўтар Зьміцер Бартосік, які працягвае свой пошук забытых адрасоў беларушчыны. Гэта вёска Карпілаўка. Цікава, хто і што магло б адрадзіць гэты некалі жывы культурны асяродак? Але паслухаем Бартосіка:

(З.Бартосік: ) "Празь невялiчкую, у дзесяць двароў, вёску пралег белы шлях, ахайна выкладзены бэтоннымi плiтамi. Старыя жылыя хаты абапал гэтай узьлётнай паласы глядзелiся амаль недарэчна. Узьнiкалi асацыяцыi з Хатыньню. Маленькая згорбленая бабулька, некага нягучна праклiнаючы, палола гарод. Да яе я й зьвярнуўся са сваiм галоўным пытаньнем: "Чым славутая вашая вёска?" На што старая адразу ж выдала вычарпальны адказ: "Дык вунь, хлопча, лiпы бачыш? Там Лявiцкiя жылi".

Творы Ядвiгiна Ш., Антона Лявiцкага я чытаў. Невялiчкiя вясёлыя байкi, у якiх няхiтрыя беларускiя дзядзькi становяцца ахвярамi анэкдатычных махлярстваў. Асаблiва запомнiлася мова гэтых анэкдотаў, яшчэ не ўнармаваная правiламi, жывая.

Старая Надзея Левандоўская паскардзiлася мне на нейкую менскую прайдзiсьветку, што за вялiкiя грошы прадала ёй амэрыканскае насеньне, якое прарасло нянаскай прыгажосьцi жоўтымi кветкамi заморскага сарняка, i над якiм бабка ўжо трэцiя суткi гнула сьпiну, праклiнаючы тую Амэрыку, што спачатку адаравала нас каларадзкiмi жукамi, а цяпер "гэтай жоўтай трасцай". Я ж, выдаючы спачуваньне, з насалодаю слухаў яе мову, дзiвячыся, што першая пачутая мной карпiлаўская гiсторыя была нiбы зь Ядвiгiнскага рэпэртуару.

"А дому даўно, хлопец, няма. Як удаву ягоную з сынамi НКВД забрала, так i стаяў. Пакуль калхоз некуды яго не прадаў. А дом прыгожы быў, з балконам i рознакаляровымi вакенцамi. А пасьля яшчэ доўга нашы мужыкi падмуркi рылi. Усё нейкае золата шукалi", - распавядала бабулька. А я чарговы раз схамянуўся ад супадзеньня. "Золата". Менавiта так называўся першы беларускi раман, напiсаны гаспадаром зруйнаванай сядзiбы. "I што, няўжо знайшлi?" - пацiкавiўся я. "А, - махнула старая рукой, - ня там, вiдаць, шукалi".

"Нiчога не мяняецца на гэтай зямлi", - думаў я, вырульваючы ў стары парк былой сядзiбы Лявiцкiх. Але карцiна, убачаная там, уразiла й пераканала ў адваротным. Сярод зьдзiчэлых ябыняў i ружовага кустоўя закiнутага саду зеўрала залiтая застаялаю зялёнаю вадою яма, абкладзеная вялiкiмi шэрымi валунамi. Непадалёк мiрна застыў бэтонны дот першай абарончай лiнii савецкай мяжы 39-га году. Самае масца задумацца пра марнасьць чалавечага лёсу ў гэтай краiне.

Нарадзiцца празь пяць гадоў пасьля вялiкага паўстаньня, вучыцца ў нелегальнай люцынкаўскай школцы адной з дачок Дунiна-Марцiнкевiча, доўгiмi завейнымi вечарамi слухаць дзiўныя гiсторыi з вуснаў легендарнага гаспадара, паступiць у Маскоўскi ўнiвэрсытэт i быць адлiчаным за палiтыку, пачаць пiсаць па-беларуску ў бутырскай турме, вярнуцца дахаты на папялiшча згарэлага дому да ўдавелай мацi. Ажанiцца, пабудаваць па ўласным праекце новы дом з мансардаю i камiнам, абсадзiць яго ружамi i садам, прайсьцi пешшу ад Вiльнi да Карпiлаўкi, зьбiраючы й друкуючы ў "Нашай Нiве" непрыдуманыя байкi яшчэ вясёлага люду, пачаць пiсаць першы нацыянальны раман, увайсьцi ў Раду БНР, паўдзельнiчаць у паўднёвым паходзе генэрала Булак-Балаховiча, адпачыць пасьля баёў у Варшаве, выдаць кнiжку ўспамiнаў i легчы на вечны спачын на вiленскiх могiлках Роса.

Як не вязаліся з такiм прыгожым шляхам прыгожага чалавека нi гэтая брыдкая зялёная яма, нi гэты дот, якi так нiкому нiколi й не спатрэбiўся. Але пачуцьцё вяртаньня дадому, выказанае iм у нашанiўскiх "Лiстах з дарогi", ажыўляла пакiнутую сядзiбу.

"Ну, але годзе ўжо гэтай гутаркi: годзе гутаркi на сягоньня, а цяганiны на сёлета. Вось бо ўзгорак, а там - долi векавыя дубы, лiпы стаяць - мае дубы, мае лiпы! Сад вiдаць - мой сад! А ўжо пы самым лесе памiж розных дрэў выглядае дамок - мой дамок! Мой! Апiсаць вам яго! Як жа я апiшу, калi ён мой?! Бягу, ляту да яго!.. Бывайце здаровы!"

Я нарваў некалькi яблыкаў з дрэваў, пасаджаных Лявiцкiм, ды паехаў па сваiх справах. А сакрэт бэтонкi аказаўся вельмi посты. Дарога вяла на купалаўскiя Акопы".

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік іранізуе зь беларускай савецкай культурнай ерархіі. Маўляў, у літаратурнага генэрала Янкі Купалы памятныя мясьціны дагледжаныя, а ў шарагоўца Ядвігіна Ш. - не. Сутнасьць іроніі ў тым, што ніхто па вялікім рахунку ня ведае, хто зь іх больш таленавіты і ўнес большы ўклад у культуру - пясьняр ці аўтар першага раману. Вось менавіта, ніхто ня ведае. Ад гэтага іх расстаноўка ў ерархіі, як і занядбаньне ядвігінаўскіх мясьцінаў выклікае прыкрасьць.

Іронія зразумелая і добра дапасоўная да пачатку 80-х. Сёньня, нават пры тым, што дзяржаўнае фінансаваньне Купалавых мясьцінаў не перапынілася, ягонае месца ў беларускай савецкай ерархіі ўжо мала каго хвалюе. Каб пацьвердзіць гэта, ня варта рабіць апытаньні публікі. Варта зьезьдзіць у Вязынку - галоўную Купалаву мясьціну, вёску, дзе ён нарадзіўся.

Некалі ў гэтым запаведніку былі рэдкае прыгажосьці краявіды. Памятаю, у навакольных лясах сярод таўсьценных дрэваў можна было блукаць бясконца і бачыць увесь час нешта новае. Тыя карцінкі і цяпер, празь дзесяць-пятнаццаць гадоў стаяць у вачох. Але сёньня я іх не знайшоў. Сарамліва затулены тонкай палоскай дрэваў музэйны комплекс з усіх бакоў узяты ў шчыльнае кальцо так званых садовых участкаў. Некалі нехта прыдумаў гэты дзіўны жарт ці зьдзек, каб пакаленьне нашых бацькоў магло пацешыць сваю сялянскую кроў, пакалупацца на шасьці сотках. Ух, як яны карчавалі тыя вязынскія лясы. Я гэта бачыў. Яны ручной пілою рэзалі камель - да зьнямогі, бо тоўстае дрэва давалася няпроста. Пасьля яны абкопвалі пень з усіх бакоў - таксама да зьнямогі, бо трэба было выкалупваць зямлю між карэньня. Затым, калі пень з каранямі амаль што вісеў у паветры, яны абсякалі карані сякерай. Часам чаплялі вяроўку і спрабавалі сарваць пень сваімі запарожцамі, але гэта мала калі выходзіла. Уявіце сабе, што на шасьці сотках такіх дрэваў бывала дваццаць, а то й болей. А яны ўсё ехалі і ехалі, каб пасьля сваіх, як правіла, кабінэтных менскіх заняткаў, зноў учапіцца ў жывыя дрэвы Купалавай зямлі. І вось вынік - голыя пясчаныя ўзгоркі з куртатымі спарудамі, абнесеныя жалезнай сеткай. Відовішча на вершы не натхняе.

Каб тут таксама адбылася своеасаблівая рэстытуцыя - каб сюды вярнуўся запаведны лес, спатрэбіцца гадоў сто. Гэта, вядома, засмучае. Але цешыць надзея на тое, што так усё ж адбудзецца. Бо куртатыя дачкі насамрэч патрэбныя толькі таму пакаленьню, якое іх тут укарчоўвала. Наступнікі абыякавыя. Жыльля тут ня зробіш і ехаць дзьве гадзіны ў электрычцы, каб вырасьціць вядро памідораў можна толькі пры тых мізэрных заробках, якія існуюць сёньня і якія не дазваляюць схадзіць па тыя памідоры на блізкі рынак. Асалода ад паляводзтва - гэта рудымэнт сялянскага паходжаньня цяперашніх гараджан у першым пакаленьні. Наступнікам хацелася б каб прынамсі было прыгожа, а той хто бачыў дачныя будоўлі, рассыпаныя цяпер па ўсёй Беларусі, наўрад ці зноўдзе ў іх прыгажосьць. Гэтыя карыкатуры на вёску, дзе будовы пасаджаныя адна на адну, больш нагадваюцца жабрацкія кварталы якога небудзь Шанхаю, чым нешта прыдатнае для адпачынку.

Між іншым, дачкі - выдатна ілюструюць тое, што адбываецца сёньня ў беларускай культуры. Адчуваньне часовасьці, немагчымасьці ацаніць, адсутнасьць сувязяў, ерархіі і пэрспэктывы. Яны, дачкі, некантэкстуальныя, чым і адрозьніваюцца найперш ад вёскі. А нажыць тую кантэкстуальнасьць, перажыць сто гадоў і некалькі пакаленьняў, - на такое яны не разьлічаны.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.