|
|
12 Верасьня 1999
|
Верасень 1939-га. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Падзеі 17 верасьня 60-гадовае даўніны з кожным годам усё больш выразна ўспрымаюцца як ня наша гісторыя. Беларуская трактоўка таго, што адбылося, больш-менш акрэсьленая ў савецкія часы, не ўзнаўляецца, бо кнігі партыйных гісторыкаў патрабуюць зашмат намаганьняў, каб здабываць зь іх праўдзівыя факты і таму не перачытваюцца. А новыя ня пішуцца. Пэрспэктыва зьнікненьня Беларусі як самастойнай дзяржавы, нібы дамоклаў меч гіпнатызуе вучоных, скоўваючы іх пасіянарныя парывы. Абрыўкі фразэалёгіі пра "ўзьяднаньне нацыі" для сучасьніка нічога ня значаць, як і шыльды вуліц імя 17 верасьня па ўсёй заходняй Беларусі. Трапіўшы поглядам на такую шыльду, каторы раз спрабуеш у сёньняшнім дні акрэсьліць для сябе сэнс гэтай даты.
17 верасьня 1939 году Савецкі Саюз і Нямеччына паводле ўзаемнай дамовы прыступілі да падзелу Польшчы. Для Польшчы гэта стала пачаткам ІІ сусьветнай вайны, для Нямеччыны абярнулася бясслаўнай у выніку агрэсіяй, Расея сваю агрэсію, як гэта нярэдка бывала ў расейскай гісторыі, назвала вызваленчым паходам. Вось, па вялікім рахунку, і ўсё, што адбылося 17 верасьня 60 гадоў таму. Месца і роля ў тых падзеях нашай краіны і нашае нацыі могуць называцца ў падручніках гісторыі так або гэтак, але ўсё адно будуць гучаць непераканаўча. Бо "савецкая акупацыя Заходняй Беларусі" выглядае настолькі ж эфэмерна, як і "ўзьяднаньне дзьвюх частак аднаго народу". А гэта яшчэ раз пацьвярджае, што не існуе ў нас пакуль што свае гісторыі, якая б назвала ўсё з гледзішча нацыянальных інтарэсаў і давяла гэта як саім грамадзянам, так і ўсяму сьвету. У гісторыі ж няма нічога неназванага. І пакуль Беларусь не назвалася, ня стала суб'ектам уласнае мінуўшчыны, яна будзе заставацца пасыўным аб'ектам на палях перадзелу ІІ Рэчы Паспалітай, які ўчынілі Нямеччына і Савецкі Саюз.
Між іншым, ня толькі савецкія кнігі пра 17 верасьня выклікаюць недавер. Тое ж пачуцьцё нараджаецца, калі глядзіш на карціны мастакоў пра тыя часы. Нездарма ўсплёск беларускага савецкага мастацтва на гэтую тэму так хутка ачах, а творы былі глыбока схаваныя ў архівах. Замест таго каб ажыўляць гісторыю і вытлумачваць яе сваімі, вобразнымі сродкамі, тыя творы ўражвалі хлусьнёю і будзілі шмат непатрэбных, ідэйна няправільных, з пункту гледжаньня партыйнага кіраўніцтва, пытаньняў. Гэтую тэму працягне Сяргей Харэўскі.
(Сяргей Харэўскі: ) "Падзеі верасьня 1939-га ў гісторыі нашага мастацтва займаюць вузка акрэсьленае месца. Пасьля хвалі жывапісных і графічных твораў, зробленых да 1941 году, ніхто не вяртаўся да гэтае тэмы ў паваенны час. Нягледзячы на чырвоную дату "17 верасьня" ў беларускіх календарах, пра яе мала хто згадваў. А новае пакаленьне беларусаў мала што пра гэта і ведала...
Пару радкоў у савецкіх падручніках мала што прасьвятлялі. Аднак праўда пра той год вытыркалася ў паўсядзённым беларускім жыцьці. Памятаю, у кватэры аднаклясніка я засьпеў госьця -калярытнага дзеда з даўжэзнымі чорна-сарэбнымі вУсамі, па-ўланску закручанымі ўгору. Стары вайсковы дзедаў фрэнч справакаваў мяне на пытаньне: "Дзядуля, а вы ваявалі?". "Вядома! Як і ўсе... Ахоўвалі тэлеграфныя лініі, каб бандыты дратоў не парэзалі". "Якія такія бандыты?"- запытаўся я. "Якія? Маскоўскія, халера на іх..." - быў адказ. Я аслупянеў. Як патлумачыў пазьней аднаклясьнік, ягоны дзед і насамрэч быў уланам у Войску Польскім, адседзеў у лягерах, пасьля недзе быў у Іране, Італіі... У маёй галаве менскага школьніка ўсе веды па гісторыі БССР паступова ператвараліся ў кашу.
Як ні парываўся я ў школе, а пазьней і ў мастацкай вучэльні, намаляваць што-небудзь на гэты сюжэт, настаўнікі мякка, але катэгарычна адгаворвалі. Беларускія ж мастакі, не пасьпяваючы адсачыць чарговы выгіб лініі партыі, наогул адклалі гэтую тэму ў бок. А створанае перад вайною патанула ў музэйных сховах. Найперш таму, што ў большасьці тых твораў былі выяўленыя Вільня й Беласток, якія па вайне апынуліся за нашымі межамі. Каб не вярэдзіць нацыянальную сьведамасьць, на іх мусілі забывацца. Ды й Польшча стала па вайне братняй краінаю. Згадваць былыя звады было некарэктна. Ды і асобы, выяўленыя на тых палотнах, прапалі. Трэ было забыцца і пра іх.
Адзін з найбольш адметных тых твораў - "Сустрэча савецкіх танкістаў у Беластоку. 1939 год" Манасзона, якое цяпер у каталёгах завецца сьціплей - "Сустрэча з танкістамі". Шмат людзкіх тыпажоў, якія слухаюць танкіста-балагура. Куток старога гораду. Дахоўка. Брук. Першапачаткова, праўда, ён пісаў Вільню, але давялося крыху перапісаць і перайменаваць, каб выставіць у 40-м у Маскве. На той жа маскоўскай Усесаюзнай выставе "Нашы дасягненьні" было выстаўленае і яшчэ адно палатно Манасзона - "Зьнянацку", якое ілюстравала дзейнасьць партызанаў супраць польскіх жаўнераў. А побач у той экспазыцыі віселі "Народны сход Заходняе Беларусі ў Беластоку" Мадорава, "Беласток - савецкі" Давідовіча і Ціхановіча, "Белапалякі гаспадараць" Рана, "Раззбраеньне польскага атрада" Бржазоўскага, "Арышт савецкіх агітатараў" Андруховіча ды яшчэ тузін палотнаў на падобныя тэматы.
Сярод іх хіба толькі карціна Мазалёва, тады яшчэ зусім маладога мастака, "Горадня. 1939 год", засталася ў аналах беларускага жывапісу. На палатне - гарадзкі пэйзаж. Прыбяры дату - і нічога не застанецца ад верасьнёўскае драмы.
Было на той выставе перад савецка-нямецкай вайною і багата графічных твораў. Толькі зь Беластоку выстаўляліся тады Краеўскі, Хршчаноўскі, Малярэвіч ды Тыбер. Але найбольшы посьпех маела сэрыя графіка Гэмбіцкага, прысьвечаная вайне з Польшчаю. Калі я цяпер гляджу на ягоныя дрэварыты, скажам, на аркуш "Рэжуць драты", дык згадваю міжволі дзеда свайго аднаклясніка. Таго самага ўлана, які сьцярог тыя драты й патрапіў за гэта ў выгнаньне. Туды ж патрапіў і мастак Гэмбіцкі, рэпрэсаваны перад самай вайною. А дзясяткі палотнаў ды малюнкаў, якія адлюстравалі верасень 39-га, патрапілі ў запасьнікі, разам з самой тэмаю..."
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі распавёў пра мастацтва на тэму 17 верасьня, якое разам з самой гэтай тэмай патрапіла ў архіў, далей ад людзкіх вачэй.
Тэма сапраўды выключана з мастацтва і паступова зьнікае з гістарычнае навукі. Але гэта ня значыць, што падзеі 60-гадовае даўніны ніяк не прысутнічаюць у сёньняшнім нашым жыцьці і не ўплываюць на яго. Хутчэй наадварот. Іншая рэч, што гаварыць пра гэта не прынята. Прыблізна так як не прынята гаварыць пра хамства начальнікаў або пра тое, як шмат беларускіх культурных каштоўнасьцяў было вывезена ў Маскву. У нас вельмі шмат такіх вось тэмаў, пра якія не прынята гаварыць на старонках салідных газэт. Тым ня менш.
На сёлетнія ўгодкі верасьнёўскіх падзеяў найбольш выразна заўважаюцца два моманты, якія наўпрост замінаюць беларусам нарэшце дааформіцца ў паўнавартасную і сьвядомую нацыю. Першы з гэтых момантаў я б назваў культурным.
Сталін абсалютна мэханічна зьляпіў Заходнюю, польскую, і Ўсходнюю, савецкую, часткі Беларусі ў адно. Пасьля алоўкам абкарнаў новае цэлае з краёў да тых памераў, якія яму ўяўляліся лягічнымі і выгаднымі. Такім чынам Беларусь узьядналася, але ў цэлым істотна зьменшылася. Землі зь людзьмі адыйшлі да Польшчы, Літвы, Латвіі і Расеі. А паколькі гэта ўскрайкі краіны, а не яе сярэдзіна, дык пэрспэктыва ўзьяднаньня іх з этнічнай мэтраполіяй была фактычна пахаваная. Энэргія ўзьяднаўчых парываў, якая ажно біла цераз край і ў польскай, і ў савецкай частках Беларусі, на краях была рэзка зьменшаная і амаль што зьнікла. Беласток зусім ня прагне сёньня вярнуцца назад у Беларусь. Тое самае можна сказаць пра Віленшчыну і Дзьвіншчыну. Але найвялікшай стратаю для беларускай сьвядомасьці і культуры стала страта Вільні.
Старая калыска нацыянальнай культуры, асьвечаная імёнамі Скарыны, Каліноўскага і "Нашай Нівы" ў міжваенным часе, пад Польшчай, мела неафіцыйны статус сталіцы Заходняй Беларусі. Менавіта гэты рэгіён - ад Еўя і да Палесься, які быў населены беларускамоўнай сялянскай масай, карміў гэты горад і даваў яму кадры работнікаў, вучняў, студэнтаў. Уладзімер Жылка пісаў пра гэта ў 20-я гады ў сваіх "Вершах аб Вільні":
А там, па-над мурамі даўнімі,
Дзе места ўсенькае відно,
Руіна думамі дзяржаўнымі
Гадае там: чыё яно?
Але ўжо лёс рукой няўхільнаю
Загад вызначвае зь вякоў:
Усё магутней б'е пад Вільняю
Прыбой нямоўкнучы з палёў...
Ўсё пераможней нестрыманае
Стыхіі шум і бурны круг...
О, места роднае, каханае,
Цябе залье крывіцкі рух!
Колькасьць віленскіх беларускіх пэрыёдыкаў вымяраецца трохзначнымі лічбамі. Паводле згадак старога віленчука Лявона Луцкевіча, у верасьні 1939 году, калі Вільню зрабілі сталіцай Заходняй Беларусі ўжо афіцыйна, ні ў кога ў горадзе гэта ня выклікала зьдзіўленьня. Літоўцаў на той час тут было ўсяго два працэнты. Новая ўлада, якая ва ўлётках па-беларуску пісала, што прыйшла сюды на вякі, першай справай узялася за вываз тутэйшых беларусаў у Сібір. Праўда "вякі" працягнуліся месяц. Сталін адрэзаў Вільню Літве. Аднак і таго месяца хапіла, каб абезгаловіць тутэйшую беларускую масу, бо вывезьлі першым чынам інтэлігенцыю. Як, дарэчы, і па ўсёй Заходняй Беларусі. Людзям, якія без усякага прысьвяцілі жыцьцё свайму народу, камісары пісалі ў прысудах адно слова: расстраляць.
Якой была б сёньня Беларусь, калі б тады, у 39-м засталася зь Вільняй? Няма сумневу, што яна была б іншай. Без таго лішку русіфікацыі, які захрас у сьвядомасьці кожнага беларускага чалавека невытлумачальным стопарам, а краіну трымае на мяжы небыцьця, ня кажучы ўжо пра цывілізацыйнае адставаньне ад суседзяў - тых жа літоўцаў. Тут выйшла як у латарэі. Мы з Вільняй адчувалі б як нацыя сваю поўную кандыцыйнасьць і значна лягчэй пакінулі б невядома чыю савецкую родзіну ў 91-м. А выйшла, што гэтая кандыцыйнасьць дасталася літоўцам, і сёньня яны гавораць пра сваё нацыянальнае адраджэньне як пра мінулы этап, які яны прайшлі бяз стратаў.
Беларусь канцэнтруе ўвагу на Менску, фактычна новым, іншым горадзе, у якім дагэтуль зносяць камяніцы мінулага стагодзьдзя, каб зьнішчыць рэшткі старое Беларусі. Падручнік гісторыі ў такой сытуацыі становіцца ўсё больш фантастычным, ніяк не зьвязаным з асяродкам, у якім жывуць вучні. У Вільні зь некалькіх прычынаў - рэлігійных і з-за таго, што прэтэндуюць на горад розныя нацыі, камуністы не маглі б руйнаваць так шмат, так безаглядна і цынічна, як гэта было ў Менску. Тым больш, што менавіта тут, а ня ў Менску засталіся галоўныя помнікі той культуры і гісторыі, пра якую напісана ў падручніках. Асабіста ў мяне няма сумневу, што Вільня выцягнула б усю Беларусь.
Але гісторыю не перапішаш, і ў выніку мы маем другі момант, пра які сёньня выпадае гаварыць у зьвязку з угодкамі верасьнёўскіх падзеяў. Сьвядомасны.
Сталы аўтар Вострае Брамы Зьмецер Бартосік апынуўся на старой савецка-польскай мяжы і паглядзеў, ці ад яе што-небудзь засталося.
(Зьміцер Бартосік: ) "Неяк, сьпяшаючыся на сустрэчу ў адным студэнцкiм летнiку, я вырашыў ня ехаць па шашы, а скарацiць шлях па грунтоўцы і тым самым выйграць кiлямэтраў дваццаць. Аднак, як высьветлiлася, паехаўшы напрасткi, я згубiў амаль гадзiну. Пра што, зрэшты, не пашкадаваў. Шлях пралягаў празь вёскi Трусавiчы ды Лоўцавiчы.
У Трусавiчах маю ўвагу прыкавала спаруда, грунтоўна складзеная зь вялiзных камянёў. Я спынiў машыну і ўвайшоў усярэдзіну каменнага цэпэлiна з адтулiнай навесе. Як ні напружваў фантазiю, а зразумець, што гэта такое й дзеля чаго тут пабудавана, ня мог. Памяшканьне адначасова нагадвала вiнны склеп i сярэднявечную катоўню. На суседнiм падворку я заўважыў тутэйшага мужыка. "А то пан пабудаваў", - адказаў ён на маё пытаньне. "Але што гэта?" "А хрэн яго знае". Яшчэ ад панурага мужыка я даведаўся, што пан зьбег на суседнія Лоўцавiчы. "А што, там лепш?" "Лепш там, дзе нас няма. А так, хто яго ведае. Кажуць, да 39-га было нiчога". Да мяне паступова даходзiла, што я знаходжуся лiтаральна на самай мяжы, што некалi падзяляла адну краiну й дзьве вёскi на два сьветы і два варожыя лягеры.
Мяжу і сёньня яшчэ можна пазнаць. Па змрочнай сьцяне лесу, што ўстала на ўсходзе, схаваўшы ад лоўцавiцкiх заходнiх вачэй шчасьлiвае трусавiцкае жыцьцё. Па неразьежджаным
калдобiстым участку старой дарогi на выезьдзе зь лесу. Быццам не было прамiнулых гадоў i словы Купалы напiсаныя зусiм нядаўна: "Ты не спаткаеш СТУЛЬ суседа, А мо й матулi з вас якi... Былi сваiмi ў шчасьцi, ў бедах, - Цяпер чужыя чужакi".
Дзiўна, але мяне нiколi не наведвала пачуцьцё падзелу на "тут" i "там" нi ў Гораднi, нi ў Слонiме, нi на Нарачы. А тут, памiж дзьвюма маленькiмi вёсачкамi, на няiснай сёньня мяжы,
узьнiкала пачуцьцё таямнiчасьцi. Амаль казачнасьцi. Зьнiклi былыя заставы, драты, вышкi, але сам фэномэн мяжы ня зьнiк. Што асаблiва адчуваецца на тым баку, у заваяваных Лоўцавiчах.
Тэма верасьнёўскага паходу, як мне здалося, па сёньня выклiкае ў тамтэйшых бабулек насьцярожанасьць. Шок, якi перажылi колiшнiя польскiя школьнiцы, ясна заўважаецца ў старэчых вачах. З часоў, як сказала мне адна зь iх: "пайшлi бальшавiкi". Не вызвалялi й не беларусы, а "пайшлi бальшавiкi". Таму й ня дзiва, што 39-ты назаўжды стаў iм кропкаю адлiку для параўнаньня з наступнымi часамi. "Жывём, сынок, так, як раней i паны не жылi. Целявiзары глядзiм". Галоўнаю ж загадкай памежжа стаў для мяне факт, што беглi адсюль, а не туды. Зьбяднелы селянiн, не даючы веры польскай прэсе, выпраўляўся ў бок усходняга лесу. Нiбы па птушку шчасьця. I, як у старадаўнiх казках, болей аб iм нiхто й нiколi ня чуў. Але знаходзiўся новы рызыкант, i зноў вёска дарэмна чакала ягонага вяртаньня. Пакуль аднойчы загадкавая мяжа за лесам не перасунулася за Беласток. Купалавы радкi 26-га году сёньня гучаць сумным водгаласам таго таямнічага памкненьня:
"На пагранiччы вечнай вехай
Красуе памяць аб мiнулым,
Калi разьюшанай уцехай
Жыцьцё ў крывi з крывёй танула.
Перад паглядам, як прывiды,
Ўстаюць расстрэлы i пажары,
Нiчым ня сплачаныя крыўды,
Нiчым ня вернуты ахвяры".
(С.Дубавец: ) Таямнічае памкненьне, пра якое казаў Зьміцер Бартосік, спрэс заўважнае ў заходнебеларускай прэсе, у кнігах пра той час і ва ўспамінах старых людзей. Яны сапраўды, нібы матылёк на агонь, ляцелі ў той камуністычны рай за ўсходняй мяжою, іх тут жа арыштоўвалі і расстрэльвалі як польскіх шпіёнаў, а абсалютная большасьць іхных суайчыньнікаў у Польшчы пазірала на іх з зайздрасьцю і марыла пра прыход Чырвонае Арміі, за што палякі часта блыталі іхную нацыянальнасьць са словам "бальшавік". Што гэта такое, прызнацца, не зусім ясна і дагэтуль. Можна, вядома, знаходзіць усялякія экстэнсіўныя матывацыі: савецкую прапаганду, панскі прыгнёт ды шмат чаго іншага, але чыста па чалавечы зразумець тое таямнічае памкненьне немагчыма.
Нядаўна буйная варшаўская газэта "Rzeczpospolita" апублікавала матэрыял, у якім вядомыя беларускія асобы - Адам Мальдзіс, Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч ды іншыя распавядаюць пра адносіны беларусаў да палякаў. Дык вось там ёсьць прызнаньне віцэ-старшыні Зьвязу Палякаў Беларусі Тадэвуша Малевіча, які зьдзіўляецца ўжо сёньняшняму беларускаму таямнічаму памкненьню.
Рэч у тым, што грамадзяне Беларусі перасякаюць мяжу Польшчы шэсьць мільёнаў разоў у год. Тыя, што былі ў Польшчы, калі вяртаюцца, распавядаюць пра высокі ўзровень разьвіцьця краіны і грамадзтва, дагледжаныя вуліцы, каляровыя гарады, пра поўныя крамы. Ня ведаю, як яны гэта трактуюць, - зьдзіўляецца Малевіч, - але як даходзіць да якога галасаваньня, дык большасьць не выказваецца за заходні дабрабыт і стыль жыцьця, які прадстаўляе Польшча, а выбірае ўсходнія стандарты. На думку Малевіча, гэта парадокс. Асабліва ў заходняй частцы краіны, у Гарадзенскай і Берасьцейскай абласьцях, дзе шмат сем'яў жыве з паездак у Польшчу.
Па-мойму, гэта тое самае таямнічае памкненьне, пра якое казаў Зьміцер Бартосік і якое мела месца ў Заходняй Беларусі. Больш за тое, мне згадваюцца выбары Лукашэнкі, якога таксама выбрала на прэзыдэнта таямнічае беларускае памкненьне. Яшчэ кажуць, што беларусы галасавалі не за яго, а супраць Кебіча. І тут усё сыходзіцца. Яны галасавалі супраць панылага і беднаватага польскага капіталізму за той сьветлы і малады калгасны лад, які праз гады ўвасобіўся ў пэрсоне шклоўскага дырэктара саўгасу.
Магчыма, не памылюся, калі скажу, што ўся беларуская дэмакратычная інтэлігенцыя паціскае плячыма, калі сутыкаецца з праблемай гэткага выбару, гэткага таямнічага памкненьня. Хоць, верагодна, ніякае вялікае таямніцы тут і няма. Справа ў дрэннай інфармацыі, дрэннай адукацыі і, як гэта заўважана ў нас яшчэ Ўладзімерам Караткевічам, дрэнным начальстве. Думаць пра такую разгадку нашмат цяжэй, чым варажыць пра таямніцу. Бо тады відаць, колькі яшчэ той інтэлігенцыі трэба зрабіць тытанічнае работы, каб пераадолець адсталасьць і цемру, якія нікуды не прапалі за апошнія 60 гадоў.
|
|
|
|
|
|
|