|
|
17 Кастрычніка 1999
|
Забытае слова. "Калі сябры нас гудзяць згубаю..." |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Спачатку было слова. Дакладней, спачатку была страта слова. Я сустрэў яго ў старым вершы і прыняў за памылку ці нават за апіску. Бо ў сучаснай мове гэткага слова няма. Але старыя слоўнікі засьведчылі, што яно было, толькі забытае, страчанае. За словам пачыналася аповесьць, літаратурны твор, таксама згублены, як выглядала, назаўсёды. А была тая аповесьць пра горад, апеты ў беларускіх песьнях і вершах, неверагодна прыгожы і любімы, але гэтаксама страчаны і забыты. Па-над горадам стаяла зорка - наша зорка, наша прыцягальная мроя пра сваю зямлю і пра свабоду. Калі я зразумеў гэта, дык адчуў халадок усярэдзіне і горыч ад таго, як не стае нам усім сёньня тае зоркі, таго гораду, той аповесьці, таго слова.
Зь яго, прынятага мною за памылку, пачыналася клясычная нізка "Вершаў аб Вільні" Ўладзімера Жылкі:
Калі сябры нас гудзяць згубаю
І ворагі прарочаць скон, -
Тады к Табе, о Вільня любая,
Прыводзяць згадкі у палон.
У першых двух радках апазыцыі "сябры - ворагі" на самым відным месцы вытыркаўся незразумелы дзеяслоў "гудзяць". Мусіць апіска, - падумалася мне тады, гадоў дваццаць таму, пры першым прачытаньні. Пазьней давялося пабачыць і першую публікацыю ў віленскім даваенным часопісе "Студэнцкая думка", і пазьнейшыя - у леташнім выпуску "Беларускага кнігазбору". "Апіска" паўтаралася ў нязьменным выглядзе. Я спрабаваў прыдумаць, што іншае магло быць на месцы незразумелага слова і не знаходзіў прымальнага заменьніка. Інтрыга ўзмацнялася тым, што наўпроставы паэтычны нашчадак Максіма Багдановіча Ўладзімер Жылка з найвялікшым чуцьцём і піетэтам ставіўся ня тое што да кожнага слова, але да кожнага гуку. І потым "Вершы аб Вільні" мусілі стаць хрэстаматыйнымі адразу па напісаньні, бо адрасаваліся ўсёй нацыі, працягвалі паэтычную місію Багдановічавай "Пагоні".
Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню вострую браму сьвятую
І ваякаў на грозных канях.
Таму цяжка было паверыць, што першы ж радок вандруе з кнігі ў кнігу з банальнай апіскай. І пытаньне пра незнаёмы дзеяслоў пры кожнай новай сустрэчы заставалася адкрытым.
Вырашыць яго канчаткова я вырашыў сёлета, патрапіўшы ў Прагу. Рэч у тым, што пісаліся "Вершы аб Вільні" менавіта ў чэскай сталіцы, дзе Жылка ў сярэдзіне дваццатых гадоў вучыўся ва ўнівэрсытэце. Жыў паэт у прадмесьці Прагі Радоціне. Там і сёньня стаіць дом, у якім былі напісаныя віленскія вершы. Захаваліся лісты Жылкі да тагачаснага патрыярха віленскае беларушчыны Антона Луцкевіча. Лісты з Радоціна распавядаюць пра акалічнасьці стварэньня "Вершаў аб Вільні". Аднак мае падозраньні пра тое, што дзеяслоў "гудзіць" узяты з чэскае мовы, не апраўдаліся. Пры шчыльнейшым вывучэньні стала зразумела, што гэта не памылка, не апіска і не запазычаньне. Гэта слова папросту забытае ў сучаснай беларускай мове.
Можна па-рознаму вымяраць наступствы русіфікацыі, закрыцьця беларускіх школаў, звужэньня сфэры беларускай мовы. Але пры ўсім пры тым мова застаецца - зафіксаваная, жывая ў пэўных асяродках і заўсёды гатовая заняць пачэснае месца ў грамадзтве. Фатальныя страты адбываюцца, калі выпадаюць словы, нібы тыя зубы, а ў выніку паступова разбураецца гармонія цэлага. На забыцьцё дзеяслова "гудзіць" спатрэбілася гадоў пяцьдзясят. Жылка адкрываў гэтым словам лёсавызначальныя "Вершы аб Вільні" без усялякага ўнутранага ваганьня, а ўжо маё пакаленьне бачыла ў ім апіску. Як высьветлілася, страчана і забыта зусім арыгінальнае беларускае слова, якое ня мае сэнсавага эквіваленту. Гэта значыць, што яно не замененае нічым. На маю думку, найбольш дакладна ў цяперашняй беларускай мове ягоны сэнс перадае зусім небеларускае слова: гудзіць - дыскрэдытаваць. Больш шырокую лексыкаграфічную даведку я папрасіў зрабіць мовазнаўца Сяргея Шупу.
(С.Шупа: ) "Тое, што слова гýдзіць ужыў у сваім вершы Ўладзімер Жылка, ані не зьбянтэжыла складальнікаў савецкіх слоўнікаў: гэтага слова няма ня толькі ў стандартных беларуска-расейскіх слоўніках ці ў 6-тамовым тлумачальным, але нават у этымалягічным слоўніку беларускай мовы, які звычайна фіксуе розныя рэгіяналізмы і архаізмы. Адзіны прытулак гэтаму слову сёньня — дыялектныя слоўнікі.
Слова гýдзіць жыве, або прынамсі зусім нядаўна жыло, на ўсім беларускім моўным абшары. Фіксуецца яно і ў расейскіх дыялектных слоўніках, а ўва ўкраінскай мове захавалася ў межах літаратурнага стандарту. Яно й ня дзіва — слова гýдзіць ужывалася ў шматлікіх старажытных крыніцах, што ствараліся на ўсходнеславянскіх абшарах. У беларускіх крыніцах яно сустракаецца ў Аповесьці пра Валхвоў, у творах Сымона Буднага, у актавых кнігах Літоўскае Мэтрыкі.
Гýдзіць некага — значыць абгаворваць, ганіць, асуджаць, чарніць, зьнеслаўляць, асабліва калі несправядліва і за сьпінаю, але таксама і ў вочы. Гýдзяць звычайна бабы мужыкоў, сьвякроўкі нявестак, маткі дзетак, суседзі адзін аднаго. Гýдзяць дзяўчыну — каб ня бралі, гýдзяць тавар — каб зьбіць цану або пазбавіцца канкурэнта. Гýдзяць нечую працу — каб выставіцца самому.
Гýдзяць, пакуль не агýдзяць, загýдзяць, пагýдзяць, або й згýдзяць на нішто. Можна й ня моцна, а толькі трошку — прыгýдзіць.
Адгýдзіць некага — адраіць браць на працу або да шлюбу. Разгýдзіць нешта — разладзіць нагаворамі.
Агýда — паклёп. Загýда — фатальная хіба.
У іншых мовах такога слова з такім значэньнем няма. Паходжаньне цьмянае, варыянтаў тлумачэньня шмат і ніводзін не гучыць пераканаўча. Ідэальная характарыстыка для пурыстычнага акту аджыўленьня. Можна вяртаць у актыўны ўжытак, чаго там баяцца — усё адно нехта згýдзіць".
(С.Дубавец: ) Сяргей Шупа выказаў меркаваньне, што слова "гудзіць" вартае таго, каб яго вярнуць у актыўны ўжытак сучаснай літаратурнай мовы. Але гэта, так бы мовіць, рацыянальнае меркаваньне. Зь ім нельга не згадзіцца, аднак, пачынаючы сёньняшнюю гутарку, я меў найперш пачуцьцёвы штуршок. Рэч у тым, што ў нашым выпадку за страчаным словам, якое я прыняў быў за апіску, стаіць нешта нашмат большае, чым толькі лексыкаграфічныя характарыстыкі. За ім стаіць верш Уладзімера Жылкі, за якім, у сваю чаргу, стаіць натхнёнае памкненьне да тае зоркі, што служыць арыенцірам у шляху нашага народу да свайго нацыянальнага адраджэньня. Каб растлумачыць патрэбу гэтых высокіх словаў, я мушу спачатку ўзнавіць верш Уладзімера Жылкі цалкам:
(ВЕРШ)
Нагадаю, што гэты верш Уладзімер Жылка напісаў у прадмесьці Прагі і адразу адаслаў яго ў Вільню свайму літаратурнаму патрону Антону Луцкевічу. Сёньня я спрабую аднавіць забытае слова ў Жылкавым творы, а Жылка імкнуўся сьцьвердзіць цэлы горад - сымбаль і знак беларускага адраджэньня. З тых самых лістоў вядома таксама, што ў Радоціне Жылка пісаў і "Аповесьць аб Вільні", якая, на жаль, не захавалася.
Атрымаўшы паэтаў ліст, Луцкевіч піша артыкул "Вільня ў беларускай літаратуры", куды ў выглядзе цытатаў устаўляе поўныя тэксты Жылкавых вершаў. Артукул друкуецца ў часопісе "Студэнцкая думка" і трапляе ў Прагу. У адказ, у лісьце Луцкевічу Жылка піша:
"Галоўнае, што радуе ў Вашым артыкуле, гэта тое, што мы адзінакава гледзімо на Вільню. Ваша аўтарытэтнае слова яшчэ болей пераконвае мяне, што к вырашэньню "Віленскага пытаньня" прыйдзем толькі нашым шляхам. І яшчэ - веру: зьдзейсьненьне сапраўднае сувэрэннасьці нашага народа, сапраўднае незалежнасьці адбудзецца толькі ў Вільні, ці... нідзе. Менск - этап у разьвіцьці і поступе нашае ідэі".
На двары 1925 год. Жылка піша гэта ў прадмесьці Прагі, у двухпавярховым асабняку, дзе здымае ці то пакой, ці то толькі ложак. У Вільні пануюць палякі і пальшчызна, але працуюць беларуская гімназія, газэты, партыі. Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада налічвае 100 тысяч сяброў. Вільня мае неафіцыйны статус сталіцы Заходняй Беларусі. У Менску будуюць камунізм. Жылка запыняецца над лістом Луцкевічу і выводзіць гэтую відавочна вынашаную, прадуманую і прачутую фразу: "Менск - толькі этап".
На маю думку, такое разуменьне вельмі сугучнае сёньняшняму дню. У Менску блытаюцца віды на будучыню Беларусі, дакладней, ніхто не прапануе выразнага бачаньня - якой павінна быць краіна. Зь сёньняшняга Менску не відаць тае прыцягальнае зоркі, якая б вабіла ў ідэальную Беларусь. Такое адчуваньне, быццам неглыбокая ручаіна нацыянальнае энэргіі вычарпаная тут дарэшты. Справа ў патэнцыяле. Уявіце, што сталіцаю Беларусі стаў бы ня Менск, а, скажам, Бешанковічы. Я, вядома, крыху утрырую, але раблю гэта для таго, каб паказаць, што па-першае, не ў геаграфічным цэнтры справа, па-другое, ня кожны горад можа выконваць функцыі духоўнай сталіцы, а калі й можа, дык патрэбна невядома колькі часу, каб горад набрыняў тым духам і нарадзіў уласную традыцыю. Факт той, што Менску ХХ-га стагодзьдзя на такую справу не хапіла. Ягонае ўнутранае энэргіі зусім няшмат, каб наталіць зацыкленае на Менску нацыянальнае адраджэньне. Затое ў Вільні адчуваецца гэткі патэнцыял.
Гаворачы пра Вільню, я ня маю на ўвазе тэрытарыяльных прэтэнзіяў да сучаснае Літвы або якой-кольвек экспансіі. Але тут важны прынцып.
Кажуць, сёньняшнюю Літву зрабілі паўнавартаснай нацыяй 20 гадоў даваеннага капіталізму. Але нельга забываць, што ўсе тыя 20 гадоў уся нацыя літаральна мроіла Вільню, як старажытную сталіцу, безь якой нікуды. І менавіта гэтая мроя найперш вырабіла літоўцаў у паўнавартасны народ. У выніку сёньня ў літоўскім сойме сур'ёзна гавораць пра тое, што Літва хоча браць чынны ўдзел у міжнародных перамовах пра будучыню Калінінграда, бо скончыўся 50-гадовы тэрмін, на які, паводле Пацдамскай канфэрэнцыі, гэтую тэрыторыю атрымала Расея. А нядаўна Літва ў сваіх афіцыйных паперах цалкам афіцыйна перайшла да называньня ўсіх гэтых Савецкаў ды Чарняхоўскаў і самога Калінінграду старымі літоўскімі назвамі. А ў нас нават дасьведчаная прафэсура называе Вільню Вільнюсам.
Параўнаньне зь Менскам як этапам выкліканае зусім рознымі патэнцыяламі двух гарадоў і розным нацыянальным досьведам і скарбам у іх. Наколькі празрыста адчуваў гэта Максім Багдановіч, калі пісаў сваю "Пагоню", Антон Луцкевіч у шматлікіх артыкулах, Уладзімер Жылка ў сваіх "Вершах аб Вільні", і наколькі гэта цяжка даказаць і зразумець сёньня. Быццам нешта зьмянілася за мінулыя гады. Хоць асабіста я схіляюся да думкі, што тут хаваецца адна з прычынаў нашага нацыянальнага застою. Менск можа заставацца палітычнай сталіцай, але ў справах духоўнасьці і культуры, гэта значыць, у справах ідэальных ён - толькі этап.
Віленская беларушчына таксама выглядае сёньня зусім не такой шырокай і імпэтнай, як гэта было ў міжваенныя часы. Адыходзяць старыя, а маладыя, усё часьцей прасякнутыя набытым літоўскім грамадзянствам, імкнуцца натуралізавацца ў літоўскім асяродзьдзі. Тым ня менш, сёе-тое ў Вільні жыве і нават пашыраецца. Сяргей Харэўскі распавядзе пра новую выдавецкую сэрыю "Партрэты віленчукоў". З гэтай нагоды ён сустрэўся з аўтаркай першае брашуры спадарыняй Галінай Войцік.
(Сяргей Харэўскі: ) "У мінулую пятніцу ў Вільні выйшла яшчэ адна беларуская кніжка. Дакладней, танкая брашурка - "Лявон Луцкевіч", напісаная Галінаю Войцік. Гэтым выданьнем распачынаецца новая сэрыя кніжак "Партрэты віленчукоў", якая рыхтуецца ў мясцовым выдавецтве "Рунь".
Хто такія віленчукі? Спадарыня Войцік лічыць, што гэта тыя, для каго Вільня была месцам, дзе імі тварылася беларускае жыцьцё. І няма розьніцы, ці гэткі чалавек насамрэч нарадзіўся тут ці пераехаў сюды. Галоўнае, што ён быў зь Вільняю.
"Партрэты віленчукоў" невыпадкова пачынаюцца з постаці Лявона Луцкевіча, "дзядзькі Лявона" - самай прыкметнай асобы ў беларускім жыцьці Вільні канца нашага стагодзьдзя.
"Хударлявы, сярэдняга росту, заўсёды падцягнуты й акуратны, зь невялікай бародкаю, празь якую прабівалася сівізна, "прафэсарскія" акуляры, з-пад якіх пранізьліва глядзелі цёмныя вочы, высокі лоб, скульптурна-тонкія рысы твару, мяккая ўсьмешка засяроджанага на нейкай думцы чалавека, - усё выдавала ў ім патомнага інтэлігента, і гэткім ён запомніўся многім віленчукам".
Бадай толькі ў гэтых словах і выяўляецца суб'ектывізм аўтаркі. У астатнім Галіна Антонаўна Войцік, удава Лявона Луцкевіча, піша даведачным стылем, адмыслова "сухаватым", як яна кажа. Чаму? Рэч у тым, што большасьць наступных брашурак, якія калі-небудзь убяруцца ў ладны том, - гэта тэксты, якія сам Лявон Луцкевіч рыхтаваў для перадачаў Радыё "Свабода" і Літоўскага радыё. Гэткіх тэкстаў больш за 50. Сьціслыя, блізу лекцыйнага фармату, яны былі прызначананыя толькі запоўніць прагаліны ў беларускай гістарыяграфіі. Пасьпець запоўніць. Ня даць згубіцца імёнам. Першым сярод іх стала імя самога Лявона Луцкевіча.
"Пекла савецкіх лягераў не падарвала ў ім веры ў чалавека. Ён увесь час казаў, што на сьвеце больш людзей добрых, чым паганых. Ён быў сама талерантнасьць у адносінах да людзей іншых паглядаў, але заўсёды прынцыповы. Лявон праз усё сваё жыцьцё ні разу ня здрадзіў ідэі вольнай, незалежнай Беларусі. У апошнія гады, калі на Бацькаўшчыне запанавала дыктатура савецкага тыпу, ён не паддаваўся роспачы - верыў у будучыню нашага народу".
Гэткага Лявона Луцкевіча ведаў і я. Зрэшты й сотні іншых людзей. Але сэрыя з паўсотні імёнаў будзе ўбіраць у сябе й імёны, далёкія ад нашага часу. Напрыклад, дойліда Вітана-Дубейкаўскага ці кампазытара Галкоўскага. І цяпер спадарыня Войцік, рэдагуючы спадчыну свайго мужа, мусіць ажыўляць тыя партрэты... Дзе, аднак, мяжа мэмуарыстыкі, жанру, каштоўнага найперш сваёй суб'ектыўнасьцю, і аб'ектыўнасьцю гістарычнай? Сама Галіна Антонаўна адказала мне, што большасць людзей яна ведала асабіста, яшчэ зь дзяцінства. Аднак, у дачыненьні да гэтага праекту, размова сёньня можа весьціся не пра паўнату, а пра дакладнасьць характарыстыкаў, пры дапамозе якіх выбудуецца герархія беларускага жыцьця ў Вільні. А таму мяжою будзе праўда. Напрыклад, праўда пра вядомага літоўскага географа Чэслава Кудабу, паў-беларуса з паходжаньня. Ён напісаў пра Беларусь дзьве кнігі, якія, дарэчы, былі перакладзеныя Галінаю Войцік на беларускую мову. І ён жа быў першым ініцыятарам стварэньня Таварыства Беларускай Культуры ў Літве... Я пра гэта ня ведаў, хоць пасьпеў пазнаёміцца са спадаром Кудабам асабіста, падчас працы над ягонаю кнігаю "Па Вяльлі". Ня ўсё я ведаў і пра Лявона Луцкевіча, хоць у шматлікіх гутарках зь ім правёў доўгія гадзіны...
"Пры ўсёй яго камунікабэльнасьці Лявон быў замкнуты чалавек, ён не паказваў сваіх перажываньняў і непаладкаў на рабоце. Разрыў сувязі зь некаторымі сябрамі, усе адмоўныя эмоцыі ён таіў у сабе, замыкаўся, як сьлімак у сваёй шкарлупіне. У такі час ад яго было цяжка дамагчыся й слова. Суцеху ён знаходзіў у музыцы: слухаў Баха, Бэтховэна, Моцарта, Чайкоўскага, Вівальдзі, старадаўнюю музыку, ігру на клявэсіне..."
Наступнай кніжкаю ў гэтай сэрыі стане кніга пра беларускага праваслаўнага сьвятара айца Аляксандра Каўша. Яго спадарыня Войцік таксама ведала асабіста. Але найперш яна працуе цяпер над аўтарскай кніжкаю ўспамінаў пра сваю маці, Зоську Верас, легендарную мэмуарыстку й пісьменьніцу. "Скажыце, - спытаўся я на разьвітаньне, - ці верыце Вы, што калі-небудзь тут, у Вільні, адродзіцца гэткае ж беларускае жыцьцё як колісь, якое Вы памятаеце й апісваеце?" "Калі б мы ня верылі, - адказала спадарыня Галіна, - ня варта было б друкаваць гэтыя кніжкі. Я веру. Мы мусім верыць..."
|
|
|
|
|
|
|