news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



2 Студзеня 2000
 
Менская Брама.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Ох і ня проста даецца гэтая перавалка - у 2000 год. Быццам усё, чаму не наканавана пераадолець гэтую мяжу, адпадае, адвальваецца, зьнікае. Тут вам і грандыёзныя адстаўкі, і жахлівыя прыродныя катаклізмы або войны, якія імкнуцца да часу "ікс" падабраць як найболей ахвяраў, каб як найболей народу не пусьціць за той запаветны рубеж. А вось і зусім незаўважны для публікі эпізод, калі акурат напярэдадні круглай даты натхненьне пакінула творцу і выглядае, што назаўсёды. Або - ужо толькі ўпісваючы сам гэты год у нейкія блянкі ці анкеты, адчуваеш чыста фізычны супраціў, нібы менавіта ты гэта робіш упершыню ў сьвеце. Пачынаеш з двойкі. А яно ж і сапраўды так. І рука ня слухаецца. Пераправа, пераход, перавалка. Чалавецтва ўзыходзіць на гэты грэбень, імкнучыся любым спосабам памяняць сваіх коней, абвергнуць старую прыказку. Зрэшты, для таго і існуюць аксіёмы, каб іх абвяргаць.

А тут яшчэ прадказаньні, прароцтвы ўсялякія пра канец сьвету - у поўнай адпаведнасьці з агульным кантэкстам. І калега пытаецца - што чуваць зь Японіі, ці прайшла Японія перавал, ці не адбылося там якога канца? Бо Японія ў часавых катаклізмах першая. Другі калега абвяшчае, што год будзе вісакосны, маўляў, ой, ня просты будзе год.

На сёлетнія Каляды Папа Рымскі назваў сымбалем 2000 году браму. Перад сьвяточнай імшою Ян Павал ІІ запыніўся ў браме сабора і паказаў тэлекамэрам эвангельле. Маўляў, у новую эру ідзем з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі. "Увайдзіце ў браму касьцёла - вы ўвойдзеце ў Хрыста!" - паўтарыў сьледам за Папам кардынал Сьвёнтак перад брамаю менскай катэдры. І толькі пасьля гэтага ён і цэлы натоўп вернікаў за ім увайшлі ў касьцёл.

У рэдакцыі "Нашай Нівы" ўзьнікла ідэя разьмясьць выяву брамы на першай старонцы першага нумару газэты ў 2000 годзе. Маўляў, увайдзіце ў нас і падзяліце нашыя каштоўнасьці напярэдадні трэцяга тысячагодзьдзя.

З праграмай нашай яшчэ прасьцей, бо яна сама і ёсьць брама да беларускага культурнага кантэксту ХХ стагодзьдзя. Але ня проста прайсьці ў ейны атвор, як ня проста прамінуць перавалку гэтага новага году. І тым больш цікава зрабіць гэта і, пераадолеўшы, агледзецца па баках - як там.

Калі акінуць вокам усю гісторыю брамаў, якіх толькі ў сьвеце няма, дык першапачатковыя асацыяцыі мы знойдзем у чалавечай фізыялёгіі. Там брама сымбалізуе прыход у жыцьцё, нараджэньне, зьяўленьне на сьвет. Прычым гэта брама з аднабаковым рухам. Але і ў часе немагчыма вярнуцца назад. Брама сымбалізуе пераадоленьне. Адсюль, магчыма, і тыя выдаткі, якія нясе чалавецтва на мяжы тысячагодзьдзяў, бо пераадоленьне вымагае затратаў або стратаў, ахвяраў. Гэтак як Максім Багдановіч злучыў у сваім славутым паэтычным цыклі "Вагітныя" каханьне і сьмерць, так і брама - нараджае новае, але празь церні і страты.

У гэтым сэнсе паказальная гісторыя Менская брамы, той самай старажытнай, якая стаяла некалі на Нямізе ад самага ўзьнікненьня паселішча. Цяпер там станцыя мэтро - таксама славутая нядобрай славаю. Дарэчы, станцыя мэтро нагадвае браму перагорнутую, якая вядзе не ў прастору, а ў зямлю, за межы натуральнага для чалавека ўспрыманьня сьвету. Вось куды патрапіла менская моладзь, якая мінулым летам ірванулася ў гэтую браму. Ці можа нейкі злы дух ці зьбег абставінаў пагнаў іх у тую галоўную менскую браму, якая цяпер глыбока пад зямлёю. Штосьці павяло іх туды ўвасьці. Дарэчы, што там за брама і якая яе гісторыя? Пра гэта я папрасіў распавесьці Сяргея Харэўскага.

(Сяргей Харэўскі: ) "Была свая Брама і ў Менску. Яе бачылі ваяры, што біліся на Нямізе ў 967 годзе. У той браме наверсе была капліца. Паводле паданьня, там перахоўваўся цудадзейны абраз Маці Божае, напісаны Сьвятым Лукой. Патрапіў гэты абраз зь Канстантынопалю, прыплыўшы цераз мора, уверх па плынях беларускіх рэк. У часы войнаў і пошасьці абраз плакаў, папярэджваючы пра беды. Ён і цяпер у Менску, ў праваслаўнай Катэдры...

Менская брама прастаяла стагодзьдзі, ажно пакуль зямля не паглынула яе. Нават выяваў не засталося. Усё ХХ стагодзьдзе браму шукалі археолягі. Фантазія малявала ім рознае. Гэтак археоляг Загарульскі зрабіў гіпатэтычную рэканструкцыю Менскае брамы, вялiзнай, зь дзьвюма грувасткiмi вежамi. Макет Менскага замку з прыдуманай брамай паставілі ў музэі. Пакуль не была знойдзеная сапраўдная брама, гэтая фантазія ўважалася за сымбаль нашае гiсторыi. Нягеглая, прымітыўная, дзікаватая: тры прастакутнікі пад стрэшкамі. "Браму Менску" шматкроць выяўлялi на значках, плякатах, капэртах, у манаграфiях i падручнiках. Тады й прыйшла ідэя пабудаваць у Менску браму паводле "правобразу". Яна павінна была стаць трыюмфальнай брамай усёй БССР. Быў створаны творчы калектыў на чале з архітэктарам Рубаненкам, у склад якога ўвайшлi будаўнікі з Масквы ды Ленiграду.

Будаўніцтва на Прывакзальнай плошчы закончылі ў 1956 годзе. Брама складалася з двух адзiнаццацiпавярховых домоў-вежаў. Савецкі мiт пра беларускую гісторыю стаў адпаведным мiту пра савецкую рэчаіснасьць. Верхнiя ярусы, з гадзiньнiкам i гербам БССР, былi густа застаўленыя неверагоднымі шпiлямi. А па кутах першага ярусу стаялi бэтонныя скульптурныя групы: сяляне, рабочыя, iнтэлiгенты, моладзь... І паўсюль, нібы елачная мішура, - выявы кветак, слуцкiх паясоў i нават зуброў. Але неўзабаве ўсё гэта пачало аблятаць. Савецкая "брама", як i iншыя савецкiя мiты апынулася няякаснай дэкарацыяй. Адзiная дэталь, што трывала вісіць на сваім месцы дагэтуль - гэта герб БССР...

А ў 1984 годзе знайшлі сапраўдню менскую Браму. Яна аказалася зусім ня гэткай, як яе ўяўлялі раней. Гэта была шматпавярховая вежа, якая "ўрастала" ў вялізны штучны вал, складзены з камлёў лістоўніц і шчыльна забрукаваны. Раскопкі штодзень прыносілі дзіўныя адкрыцьці. Напрыклад, ля самае Брамы, на дне шматмятровага катлавану знайшоўся... жывы калодзеж. Калі вычарпалі колькі вёдраў, знайшлі залатое калечка з надпісам: "каханаму..." А Браму пасьля закапалі назад. Мэтрабудаўцы хацелі яе наогул зрыць. Але людзі не дапусьцілі. Пакуль будавалі мэтро, была ідэя зрабіць рэстаўрацыю. Таму гэтую станцыю праектавалі марудна й нестандартна. Усе раскопкі ашчадна закансэрвавалі. У пераходзе станцыі "Няміга" й дасёньня, за жалезнымі дзьвярыма й бэтоннымі плітамі, схаваная менская брама... У завірусе найноўшых часоў пра яе забылі".

(С.Дубавец: ) "Сяргей Харэўскі распавёў пра забыцьцё менскае брамы. Праўда, падзеі мінулага лета паказалі, што ў людзкім лёсе ня ўсё залежыць ад таго, памятаеш ты пра тое або забыў. ЯНО само нагадае. Вось жа і гэты катаклізм з падушанымі людзьмі здарыўся напярэдадні 2000 году, дадаўшы да агульначалавечых каласальных і часта незразумелых стратаў і жменю нашых, беларускіх, менскіх.

Магчыма, ня так і важна, ці ёсьць у горада брама, ці яе няма, цэлая яна або разбураная. Галоўнае каб яна была ва ўсьведамленьні людзей і ў іхнай памяці. Інакш перад імі будзе раз-пораз паўставаць не прастора, а сьцяна.

Увогуле можна бясконца распавядаць пра беларускія брамы - пра віленскую Вострую Браму ці Слуцкую браму ў Нясьвіжы, у якой, між іншым, таксама быў абраз маці божае вострабрамскай. Можна казаць і пра футбольную браму, калі не абзываць яе "варотамі". Адрозьненьне ў тым, што менавіта вароты з папярочынай і называюцца ў нас брамай. Само па сабе "брама" - цёплае слова. Хораша пра гэта ў вершы:

Мы крочым праз вострыя брамы,
якiя ўтварае пара дарагая,
мая залатая пара.
Але нас ня золата вабiць,
што ўрэшце абернецца
бруднай iржою i гноем,
а готыка голых таполяў,
што рукi скрыжоўваюць
недзе ля самага шэрага, шэрага,
шэрага неба.

Мы рушым праз новыя
вострыя брамы старыя,
як некалi, поруч,
i вера вяртаецца нам,
i нешта нам кажа,
што мы не адзiныя ў сьвеце.

Важная дата на гэтыя Каляды, якую мы ня можам абмінуць увагай - гэта 20 ўгодкі беларускай майстроўні, першай, так бы мовіць, апазыцыйнай арганізацыі і акцыі. Фактычна гэта быў прыход у беларушчыну новага пакаленьня, адрознасьць якога ад папярэднікаў была ў незастрашанасьці. Падзея выглядае забытай ня менш, чым тая менская гарадзкая брама, пра якую мы гаварылі раней.

Здаецца зусім не было сьнегу і менскія вуліцы выглядалі пуста і змрочна. Якія ў тым часе Каляды! Позьні Брэжнеў, абрэвіятура КГБ жахлівая нават для вымаўленьня. А тут у раёне тэатру імя Янкі Купалы - цэлы рознакаляровы натоўп студэнцкае моладзі - з казой, дзедам, цыганам ды іншымі традыцыйнымі пэрсанажамі. Ідуць-пяюць. Рэдкія мінакі крыху спалохана азіраюцца. Весялосьць песень гасьне, адлятаючы ў проймы паміж шэрымі партыйнымі будынкамі. Але яшчэ жывы быў Караткевіч у сваім доме на Карла Маркса. Майстроўня сьпявалі яму ў двары. З вокнаў кідалі капеечкі адважныя людзі. Памятаю пачуцьцё выкліку, таго, што мы робім нешта недазволенае, але пры гэтым добрае і ніяк не заганнае, бяскрыўднае.

Мы ўжо выйшлі з таго караткевічавага двара, калі нас дагнаў хлопец і працягнуў падарунак са словамі "Гэта ад сям'і Адамчыкаў". Ня памятаю, ці называўся ён ужо тады Адамам Глёбусам.

Ужо за праспэктам наляцелі міліцэйскія машыны. Для іх гэта ўсё таксама было зусім нязвыклым і нечаканым. Але адчувалі, што хоць гэта і народныя песьні, аднак - выклік. І рэагавалі адпаведна. Спрабавалі выхапіць з натоўпу каго-небудзь аднаго, але ўсе трымаліся разам. Памятаю, заявілі - забірайце ўсіх. Але на тое спатрэбілася б шмат машын. І міліцыя адстала. А моладзь паехала ў майстэрню знаёмага мастака, каб там расправіцца з накалядаванымі пачастункамі. У сваім коле панаваў свой сьвет, зусім не такі, як на халодных і пустых вуліцах.

Страшна даўно гэта ўсё было. І, лічы, не пакінула сьледу ў пісанай гісторыі. Бо яшчэ й гісторыяй удзельнікі гэта ўсё не ўспрымаюць. Бо мала хто зь іх пераступіў праз уласныя сорак гадоў. Якая там гісторыя! Між тым, як ні круці, з гэтага сапраўды пачалося ўсё, што было пасьля - адраджэнскі рух, незалежнасьць і цяперашняя апазыцыя.

Мне здаецца, што 2000 год ператворыць усё гэта ў "сапраўдную" гісторыю. Бо зь яго, 2000-га і пазаўчорашні дзень выглядае мінуўшчынай. Што там было ў мінулым стагодзьдзі? Тады ж лягчэй і ясьней убачацца нам і нашыя набыткі і страты. Але за ўсё трэба плаціць. І мы плацім гэтым пераадоленьнем, гэтым праходам у браму, гэтым цяжарам на душы, зь якім даецца перавалка на рубяжы вякоў.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.