|
|
11 Чэрвеня 2000
|
Люцінка Дуніна-Марцінкевіча. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Калі сёньняшнім летнім днём хочаш напоўніцу адчуць, у якой краіне жывеш і да якога народу належыш, трэба пакінуць мітусьлівы і пыльны горад. Асабліва калі гэты горад - Менск, адкуль многія тысячы людзей вырываюцца на вёску, а фактычна - у Беларусь. Кантраст тэмпаў, настрояў, клопатаў уражвае. Беларуская вёска паступова вылузваецца з парэштак калгаснага прыгону і акрыйвае душою. На пытаньне "як жыцьцё" тут вельмі часта адказваюць - цудоўна. Беларускі селянін не згадае за ўсю сваю гісторыю часу, калі б жылося яму гэтак добра. Напэўна, нешта падобнае было ў атмасфэры краю гадоў 200 таму. Сапраўдная ідылія, калі няма беднасьці і над душой не стаіць фактычна ніякая ўлада. Зьміцер Бартосік вырашыў спраўдзіць гэткае параўнаньне ў той вёсцы зь якой сто пяцьдзесят гадоў таму Дунін-Марцінкевіч пісаў сваю Ідылію.
(Зьміцер Бартосік: ) "У 1840-м годзе калескi рэгiстратар зь Менску, якi выйшаў у адстаўку, набыў сабе фальварак. Наўрад цi ён марыў пра сур'ёзную кар'еру пiсьменьнiка. Пiсаў дзеля свайго задавальненьня. Ставiў зь сялянамi спэктаклi. Iмя таго чыноўнiка было Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч.
Дзiўна, у каго зь менчукоў я ні пытаўся - нiхто ня мог растлумачыць дакладна, як жа тая вёска называецца. Хто казаў Люцiнка, хто - Люцынка. Але варта збочыць зь Вiленскай трасы на Пяршаi, вам любы падкажа дарогу на Люцiнку. Увогуле, едучы туды, я не настройваў сябе на нейкiя адкрыцьцi. Усё ж мiнула паўтары стагодьдзі! Але, як аказалася, дарэмна. Беларускiя вёскi нiколi не зьбяднеюць на скарбы.
Цуд пачаўся адразу ж на фундамэнце былога пiсьменьнiцкага дому. Уявiце сабе зялёны пагорак, якi сканчаецца каменнымi прыступкамi. Побач зь якiмi ляжыць вялiзны белы камень. Чым ня месца для скарбу? Вось, што пiсаў Марцiнкевiч:
"Калi я набыў маленькi фальварак Люцiнку, пры аглядзе яго зацiкавiла мяне перш за ўсё мясцовасьць; - дзеля гэтага стараўся я ад старых людзей, якiя здаўна тут жывуць, дапытацца, цi ня мае яна гiстарычных паданьняў - i амаль у адзiн голас мне расказвалi, што тут менавiта знаходзiўся калiсьцi, у старажытныя часы, езуiцкi кляштар з храмам божым i што ў час нашэсьця швэдаў, за Карлам ХII, кляштар гэты разам з касьцёлам ператвораны быў у груд друзу, а манахi былi замучаны адзiна за тое, што не хацелi паказаць месца, дзе iмi былi схаваны касьцёльныя скарбы - i так тыя скарбы i да гэтага часу яшчэ знаходзяцца недзе ў зямлi".
I пакуль я, уражаны настолькi нечакана жывымi дэкарацыямi, блукаў па падмурку, перада мною вырас мiлiцэйскi маёр з кабурой. I чалавечым голасам на чалавечай мове запытаўся: "Што гэта Вы тут, малады чалавек, робiця?" Сапраўды, нейкая зачараваная мясьцiна, - падумаў я, разглядаючы ласкавага беларускамоўнага мянта. Той, мiж тым, крыкнуў убок: "Марцiнкевiч, хадзi сюды!" Я б ужо нiчаму не зьдзiвiўся.
Марцiнкевiч аказаўся насупленым мужыком, гаспадаром суседняга дому. Ну, вядома, на маё арыгiнальнае патаньне, цi ня родзiч ён Вiнцэнту Iванавічу, адказаў няпэўна. Пераканаўшыся, што я ня злодзей, мужыкi пайшлi па сваiх люцінскiх справах. А я колькi часу стаяў, гледзячы на маляўнiчы пэйзаж, якi мала зьмянiўся ад часу напiсаньня гэтых радкоў:
Дом стаiць на пагорку - лес вокал, алешнiк,
Сад за домам, а ў садзе - iгрушы, чарэшнi.
З ганка ступiш i бачыш - лес воддаль, ялiны...
Дзелiць лес напалам стужка сiняй Люцыны...
Невялiчкая рэчка, ды рыбы ў ёй поўна,
А пры рэчцы - крынiца з вадою цудоўнай.
Злева, быццам дыван, луг стракаты квiтнее,
А на лузе бярозка там-сям зелянее...
Ну, канечне, лес адступiў, крынiчка зарасла травою, перакрытая плацiнаю Люцына стала возерам. Але не парушаная iдылiя. Якi дальнабачны чалавек быў гэты Дунiн-Марцiнквiч, што прамяняў Менск на Люцiнку. Цi, можа, гэта сама Люцiнка натхнiла менскага чыноўнiка на напiсаньне "Iдылii". Iдэальнай моваю. Калі сядзіш на падмурку Марцiнкевiчавага дому, каля вялiзнага, карэннага пня, што застаўся ад пiсьменьнiкавай лiпы й аглядаеш навакольле, такiмi далёкiмi й дробнымi выглядаюць нашы сёньняшнiя праблемы. Усе гэтыя лукашэнкi, абсе, кангрэсы-хартыi. I ўсё астатняе, што пройдзе-прамiльгне, а тут па-ранейшаму будзе ўсё той жа iдэальны беларускi краявiд. Агучаны крыкамi пеўня, сьмехам хлопчыкаў, што ловяць рыбу ў Люцыне, i iдэальнаю моваю. Не лiтаратурнаю, а жывою. Нават блакiтны камуфляж маёра, што iшоў па дарозе са сваiм сябрам, нiколькi не псаваў краявiду. I як тут, скажыце, ня жыць вечнасьцю? I ня быць аптымiстам? I адарваць адсюль можа, бадай, толькi паўстаньне.
Колькi, дарэчы, ні глядзеў я на фотапартрэт люцiнскага драматурга, заўжды лавiў сябе на думцы. Што гэтага чалавека вельмi лёгка ўявiць у сёньняшнiм часе. Замянi жупан паўстанца на звычайны швэдар, цi якi пiнжак. Таму я й спынiўся ў Першаях на зваротным шляху каля адной хаты. Гаспадар якой, проста неверагодна падобны на той партрэт, корпаўся у сваiм гародзе. Але мiстыка толькi пачыналася.
Мiкола Ганчарык, як адрэкамендаваўся мне двайнiк Марцiнкевiча, былы настаўнiк. Сёньня ён на пэнсii, i займаецца творчасьцю. Стварыў у Першаях тэатар, дзе ставiць марцiнкевiчавы ды свае ўласныя п'есы. З посьпехам гастралюючы па навакольлi.
Увайшоўшы ў хату, я аслупянеў. За сьцiплым мурам непрыкметнага дому хавалiся шляхецкiя пакоi. Старадаўнi раяль, камiнны бронзавы гадзiньнiк, мармуровае бюро, дубовыя разныя шафы, поўныя фалiянтаў, i безьлiч карцiн. "Зьбiраю тое-сёе цiкавае", - патлумачыў мне гаспадар на мой нямы запыт. I паведаў такую гiсторыю.
"Мне пашчасьцiла знайсьцi дакумэнты такiя... для напiсаньня "Пiнскай шляхты". Адно гумно там разьбiралi калхознае i ў шуле. Добрая папка была. Як устанаўлiвалi дваранства. Шляхта мясцовая абсалютна ня мела магчымасьцi устанавiць сваё дваранства. Там судовыя справы былi. I як аддаў аднаму чалавеку... дык цяпер i ня ведаю... дзе i што. А гэта была б па Дунiну Марцiнкевiчу вялiкая рэвалюцыя. Суседзi судзiлiся. Ён назваў Пiнская, а насамрэч Мiнская. Усё ягоныя суседзi. Цымерманы, Сапоцькi, Крэйчманы. Усё судзiлiся паміж сабой. Гэта быў вельмi цiкавы матэрыял. I дзе ён дзеўся? Гэта была б сэнсацыя ў лiтаратуры беларускай".
Калi зь Люцыкi паехаць у бок Ракава, дык за вёскаю Падневiчы, вы можаце заўважыць ля самай дарогi парослы лесам пагорак. Празь зелянiну дрэваў прагляне каталiцкая каплiчка й крыжы. Падымецеся да каплiчкi. Побач зь ёю вы знойдзеце магiлу Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча. Ня менскага чыноўнiка, кiм быў пры жыцьцi. А беларускага клясыка. Кiм застаўся. Я шмат бачыў магiл. Але такой прыгожай не прыгадаю. Нiводнага чалавека навокал, толькi дарога, што хаваецца ў лесе, неба над касьцёльнымi крыжамi, ды родная, прыгожая зямля. У якую тут, па сканчэньнi жыцьцёвай працы, легчы - пачэсна. Зiрнiце на краявiд, што адкрываецца з пагорка. Калi вы чалавек не абыякавы да гэтай зямлi, вас ня будзе болей мучыць пытаньне - у чым жа сэнс жыцьця й сьмерцi. Далiбог, не ў схаваных стагодзьдзе таму, i скрадзеных учора доказах вашага "дваранства".
(Сяргей Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік пераканаўся, што нічога істотнага не зьмянілася ў самай ідылічнай беларускай вёсцы за сто пяцьдзесят гадоў. Там і цяпер пануе ідылія, прычым жыцьцё людзей напоўненае глыбокім сэнсам.
Некалі ў "Вострай Браме" ўжо была гаворка пра прыгажосьць запусьценьня, калі зеляніна захоплівае рэшткі калгасных мэхдвароў. У сёньняшняй вёсцы ніяк не прыходзіць думка пра дэградацыю гэтай самай вёскі, пра што часьцяком разважаюць гараджане. І дэмаграфічная сытуацыя не палохае. Ну, меней застаецца ў нас вясковых жыхароў, дык можа яно так і лепей. Няма патрэбы ў такой колькасьці людзей на зямлі. Хрэстаматыйнае вясковае п'янства таксама гэтам летам ня кінулася ў вочы. Наадварот, куды ні паедзеш, паўсюль тая самая здаровая і поўная сэнсу ідылія. А яшчэ - набожнасьць. Гэтую зьяву Сяргей Харэўскі занатаваў у вёсках, што раскіданыя сярод Блакітных азёраў”.
(Сяргей Харэўскі: ) "Днямі мы з прыяцелем Дзянісам Раманюком аб'яжджалі ваколіцы Блакітных азёраў. Гэта вельмі сваісты, характарны край. Сумежжа трох абласьцей - Гарадзенскай, Менскай ды Віцебскай. Зусім побач - Літва. Туды, на Вільню, сыходзяць адсюль усе дарогі, Пастаўшчыну перасякаюць літоўскія цягнікі. Ды й большасьць тутэйшае моладзі ад'ехала зь вёсак найперш у Вільню. Таму ў выходныя дні па ваколіцах Блакітных азёраў круціцца багата машын зь літоўскімі нумарамі. Можа гэткая адарванасьць ад сталічнага Менску й захавала тут адметны, тутэйшы лад...
На высокай гары, што пануе над ваколіцамі, ляжыць хутар Абрамаўшчына. Дзьве хаты, шырока раскінутыя сады, агароды. Жывуць тут браты Антановічы. На тым самым месцы, дзе быў фальварак іхнага прапрадзеда. Ад таго яшчэ фальварку засталіся лядоўня, лямус, скляпы. А на самай гары - вялізная старая таполя. Запытаўся ў гаспадара, колькі ёй гадоў. Той пасьмяяўся. Кажа: "Як я быў во-оо такім малым, гэтае дрэва ўжо было як цяпер. Пад ім я і вырас". Нязвыклая для Беларусі сытуацыя, калі пяць пакаленьняў роду жывуць на адным пляцы, справакавала мяне на пытаньне: "А ці вы працавалі калі ў калгасе?" "Не, тут і калгаса гэткага не было. А я лясьнічыў". "Ну, а каму цяпер, якому калгасу належаць вакольныя землі?" Дзед зноў расьсьмяяўся: "Ад Нарачы да Сьвянцянаў адзін калгас. Узбуйнялі, узбуйнялі... Дык нат і ня ведаю як цяпер завецца". Разам з калгасамі ў нябыт сыйшло і амаль усё, што тут было савецкага. Нідзе не відаць колішняе агітацыі. Затое пасюдна, амаль з кожнага пагорку відаць крыжы. Старыя й багата новых. Па вечарах з большых вёсак далёка чуваць сьпевы...
У вёсцы Лушчыкі, што на Мядзельшчыне, мы прыпыніліся ля вясковае каплічкі, вакол якое сабралося на вечаровую малітву блізу ўсё жыхарства. Павітаўшыся, запыталі: "За што цяпер моліцеся?"
"Молімся за добрых і за благіх! І Матку просім, і Бога. Молімся за ўвесь сьвет. Каб здаровыя былі, каб шчасьлівыя. За дзяцей, за ўнукаў. Каб лепшыя людзі былі на сьвеце". Адказалі й зноў зацягнулі свой пранікнёны сьпеў. Для нас, за нас, "за ўвесь сьвет".
Побач, ужо на баку Пастаўшчыны, у вёсцы Пешкаўцы, людзей зусім мала. Але й тут пастаўлены новы крыж. Запынілі кабету, распыталіся.
"Дзьве толькі хаты стаяла, а крыж ужо стаяў. Калі ў полі пастаўлены крыж, дык туды ж людзі йдуць. Кожны пахвалёнку кажа. А хто й проста жагнаецца. А як за нашай вёскай крыж, дык там людзі пабітыя, магіла там".
"Крыжы цяпер пастаўленыя стаяць. Закон такі - ставіць крыжы на перакростках. А новыя крыжы пастаўленыя ў чэсьць мэнькі. У чэсьць нашага... як сказаць... Кожны чалавек нясе свой крыж. Мне так здаецца. Парадак, традыцыя была стаптаная, загубленая. А цяпер, дзе былі старыя крыжы - пастаўленыя новыя".
Між іншым, па-тутэйшаму скрыжаваньні завуць "крыжоўкамі". Тутэйшая мова наогул стракаціць мясцовымі словамі, палянізмамі, русізмамі. Але й тыя русізмы ў ёй арганічныя, ад мясцовых старавераў. Да беларушчыны тут ставяцца ўхвальна. А часам даводзіцца пачуць і гэткае:
"Мы католікі. Дзяды нашыя па-польску маліліся. І бацькі таксама. Ну і гэтак мы молімся. Цяпер ужо многа адпраўляецца і па-беларуску. Але ўсё роўна, як пойдзеш у касьцёл і імша правіцца па-беларуску, то ўсё роўна ў цэркаў прыйшоў".
А на адным хутары, папрасіўшы вады, я раптам пачуў: "У нас цяпер на чыстай, каб слушнай, беларускай мове ніхто ж гаварыць ня ўмее!" Сказана, дарэчы, было чысьцютка па-беларуску. Зрэшты, я пазьбегнуў дэбатаў, пахваліўшы смачную ваду. "Але! Вада ўкусная. Як сьпірт у Бушэўскага!" "Хто такі Бушэўскі?" "Пан быў у Лынтупах. Вялікі сьпіртзавод ягоны там і дасёньня працуе. Добры быў чалавек. Школы пабудваў. Я ў аднэй зь ягоных школаў вучыўся. У Гурніцы, тут побач. А сам Бушэўскі загінуў у Варшаве. У часе паўстаньня..." Гэткіх старых мужыкоў тут пазаставаліся адзінкі. Зрэдзьчасу наведваюць іх дзеці. Хоць тыя, што зь Літвы, ня надта й наезьдзяцца з-за цяперашніх межаў. А тыя іхныя дзеці, што ў Беларусі, ня маюць гэтулькі грошай, каб езьдзіць часьцей. Квіток ад Менску да Сьвіры, напрыклад, каштуе цяпер больш за 2000 рублёў. Засталіся тут амаль адныя кабеты.
У вёсачцы Куцькі мы зьвярнулі ўвагу на тое, што нейкі чалавек, ідучы полем, зьняў капялюх, ківануў у бок крыжа й пашыбаваў сабе ў лес. "Чаго гэта ён?" - запыталіся мы ў кабетаў каля вясковага крыжа.
"Гэта ж перад Крыжам! Мужык той немы. А й то панімае, што трэба чапку зьняць. Няма ўжо мужчынаў. Усе павымерлі. А каторыя хворыя! Узяць - удовы, удовы, удовы..."
"Как камунізм быў - дык якое там! Якія крыжы!? За камунізмам жа толькі рэзалі, рэзалі... Гэты крыж, што тут стаяў - сьпілавалі. Пацягнулі і ўсё. У лес. Хоць ужо цяпер ніхто нам ня шкодзіць. І молімся".
Узіраючыся ў твары гэтых кабет, аглядаючы хараство тутэйшага навакольля, дзе няўхільна зарастаюць лесам былыя калгасныя палеткі, разумею ясна, што недалёкі той дзень, калі тут не застанецца людзей наогул. Закінутыя хаты й нават цэлыя вёсачкі тут ня дзіва. Ад яшчэ пазначаных на мапе дзясяткаў хутароў ужо няма й знаку. Але ад гэтага чамусьці няма прыкрасьці. Усё тут застаецца чыстым. І людзі, гэтыя старыя кабеты, ні на што не наракаюць. У іх цяпер час пажыць па-людзку. Без прыгону й зьдзекаў. І яны моляцца й пяюць...
Пасярод вёскі Ігнацішкі стаіць сьвежапафарбаваная каплічка. Штодня пад ёй надвячоркам зьбіраюцца тыя кабеты...
"А нам усё памагаецца. І ў благім, і ў добрым. Нада, нада каб крыжы былі ў кожнай вёсцы. А мы вось тут захацелі паставіць. Цяпер кожны вечар ходзім пад крыж, молім пацеры. Увесь май адпраўляем".
Людзі, што яшчэ жывуць тут, ганарацца сабою й сваімі продкамі. Тут, нягледзячы на малалюднасць ды нямогласьць тутэйшых старых, прыбраныя могілкі, дагледжаныя маленькія касьцёлы й чыстыя вуліцы. Людзі тут, зрастаючыся дарэшты з прыродаю, ці мо самі з сабою, вераць шчыра й сардэчна.
"Молімся. Прасілі дажджу - пайшоў. Каб спакой быў прасілі. Будзе спакой па людзях. А во ў Засьвіры быў град. Па гарэх. А да нас, дзякуй Богу не дайшло."
Пройдзе яшчэ дзясяткі два гадоў, і лес абступіць вёску шчыльней. Рэшту гародаў перарыюць дзікія зьвяры, якіх тут багата. У хатах будуць жыць адно кажаны й птушкі. Аж датуль, пакуль ня ўваліцца страха й бадылі зьдзічэлых канопляў ды бэз не прыгорнуць у апошія абдымкі струхлелыя сьцены. Адно крыжы, адноўленыя крыжы, будуць стаяць тут. На памяць пра род чалавечы, што некалі тут жыў".
(Сяргей Дубавец: ) “Молімся - адказваюць беларускія вясковыя цёткі на пытаньне, чым жывяце-займаецеся. І ў маленьні іхным вельмі шмат спрадвечнага, яшчэ дахрысьціянскага духу, яднаньня з прыродай. Пакуль беларускі горад заняты кароткацечным клопатам і яшчэ толькі вырашае - быць яму як такому ці ня быць, пакуль там разважаюць пра акупацыйны рэжым, інтэграцыю ды ўсялякія іншыя страшнасьці, Беларусь раскашуе ў вёсцы. Лета, зялёныя пагоркі і паўсюль кветкі-краскі. Наша краіна ў красках”.
|
|
|
|
|
|
|