(эфір 12 лістапада 2000) Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.
Надоечы давялося паглядзець новае расейскае кіно. Фільм "Рускі бунт" распавядаў пра пугачоўскае паўстаньне. Так сабе фільм, ярасьць расейская згуляная неяк стрымана, можна сказаць па-эўрапейску, ды яшчэ ў галоўных ролях, чамусьці, палякі. Словам, матрошкі на экспарт атрымаліся няісьцінныя.
Адзіная карысьць ад прагляду - што думалася ўвесь час пра кастрычніцкую рэвалюцыю, якая ў сутнасьці сваёй была такім самым рускім бунтам - вызваленьнем з душы самых жывёльных інстынктаў, якім невядомыя ані літасьць, ані спагада. Пугачоўшчына ўзору 1917 году царавала 70 гадоў, пасьля чаго Расея даволі хутка разьвіталася з рускім бунтам.
Але, бадай, нідзе гэты бунт не засеў так глыбака, як у Беларусі. Глядзіш на тое расьперазанае дзікунства на экране і думаеш пра камуністычную пугачоўшчыну, якая для беларусаў стала складнікам масавае нацыянальнае сьвядомасьці і нацыянальнае культуры.
Расхожае бытавое меркаваньне, што Беларусі як краіны і нацыі без кастрычніцкае рэвалюцыі не было б, працягвае гучаць са сьвяточнымі сталамі і ў выступах кіраўнікоў краіны. Для сталага пакаленьня беларусаў камунізм сплёўся з нацыянальнай ідэнтычнасьцю на самым глыбокім, бадай, генэтычным узроўні. І найлепшае сьведчаньне таго - беларуская паэтычная клясыка.
У прынцыпе, паэзія - сапраўдная і высокая - гэта як да-да немаўляці, у якім няма ані лёгікі, ані ўцямнага сэнсу, затое ёсьць нешта большае, чаго ня ведае разважлівая мудрасьць. Паэзія нараджаецца сама і сама ведае, якой яна мусіць быць. Таму і ўзьдзеяньне яе - неразважлівае - такое моцнае. Ёсьць, натуральна, і вэрсіфікацыя, але гэта ўжо работа або гульня - як бурымэ. Таксама можа быць і таленавітым і дасьціпным, але гэта не азарэньне і не адкрыцьцё.
Што да беларускай сытуацыі, дык тут камунізм пранік нават у гэтае вось азарэньне. Постсавецкая Расея параўнальна лёгка атрэсла зь сябе ідэалёгію марксізму-ленінізму, і было б абсурдам уявіць камуністычныя вершы ў цяперашняй расейскай школьнай праграме.
Зрэшты, там заўсёды была, да прыкладу, Ахматава. І іншыя паэты ведалі рэальную цану сваім шэдэўрам пра партыю і Леніна. Яны ведалі, што гэта версыфікацыя, а не азарэньне. Прыйшоў час і ўся гэтая часовая творчасьць была прыбраная з расейскае культуры гэтаксама лёгка, як савецкія назвы вуліц па ўсёй Расеі былі адным махам зьмененыя на дарэвалюцыйныя.
Ад чарговага рускага бунту не засталося і сьледу. З ночваў выплеснулі ваду, а дзіця засталося. А ў нас - так лёгка ня выплесьнеш. Можна, натуральна, урэзаць дзе на трэць, а дзе і на дзьве траціны творчую спадчыну Купалы, Коласа, Куляшова, Танка, Панчанкі, Броўкі і далей - па сьпісу школьнае праграмы. Але ёсьць рэальная небясьпека разам з гэтым пазбавіць нацыю сапраўдных шэдэўраў паэтычнага азарэньня
Напэўна, гэта добра адчуваюць настаўнікі і выкладчыкі літаратуры, якія шчыра пабойваюцца ўсялякіх радыкальных пераацэнак. Не прэтэндуючы на такую пераацэнку ў рамках аднае перадачы, мы возьмем сёньня толькі адну культавую постаць - Аркадзя Куляшова, і толькі пару-тройку характэрных рысаў, якія ілюструюць або не ілюструюць тую генэтычную заражанасьць камунізмам і рускім бунтам.
У 1985 годзе, празь сем гадоў пасьля сьмерці паэта, выйшла з друку кніга ягоных выбраных вершаў пад назваю "Крылы". У прадмове народны паэт Панчанка тлумачыў гэтую назву наступным чынам: "Жыцьцё народа - яго невычэрпная паэма, народная мудрасьць - крыніца яго паэзіі, а ленінскае вучэньне - яго крылы". Лепей і ня скажаш. Але паспрабуем зірнуць на Куляшова бязь ленінскага вучэньня, як на проста паэта. Тым больш, што Куляшоў дае падставы для гэтага.
Зьміцер Бартосік, уражаны песьняю на словы паэта, адправіўся на ягоную радзіму - у Саматэвічы".
(Бартосік: ) "Упершыню я пачуў гэтую песьню ў летняй мітусьлівай Маскве, на Трыюмфальнай плошчы, колішняй Маякоўскага. Я вяртаўся дадому з войска. Яшчэ не ў Беларусь вяртаўся, а толькі ў Гомель. І ў чаканьні цягніка цэлы дзень бадзяўся па расейскай сталіцы - бяз справы й пэўнай мэты, абы куды ісьці.
І тут сярод тлуму й сквару Садовага кола, зь нечага прыпаркаванага аўто зайгралі "Песьняры". Музыка настолькі кантраставала з шалёным рытмам гораду, што я міжволі спыніўся. Стаяў, курыў і слухаў да канца песьню пра няспраўджанае каханьне да нейкай смуглявай Алесі.
Штосьці ў маім разьняволеным дэмбельскім настроі на міг зьмянілася. Гэта ня быў гонар за Беларусь, ці яшчэ якое патрыятычнае пачуцьцё. Я ехаў дадому й беларускую песьню на сваім шляху прыняў хіба што як добры знак. Яе шчымлівая мэлёдыя яшчэ доўга не выходзіла з галавы.
Празь некалькі гадоў, самастойна навёрстваючы школьны курс беларускай літаратуры, я разгарнуў кніжку Куляшова. На першай старонцы мяне чакаў прыемны сюрпрыз - верш "Бывай". Але знаёмыя словы ўжо не ўспрымаліся без мэлёдыі. Я схапіў гітару й паспрабаваў прасьпяваць. І тут мяне чакала новая неспадзяванка.
Верш быў даўжэйшы за песьню на цэлыя тры страфы, але сьпяваць менавіта верш было значна цікавей. Песьня без выразнага рэфрэну набывала рамансавы драматызм. Вось гэтыя прапушчаныя строфы:
"Ці помніш першае нясьмелае прызнаньне?.. Над намі жаўранкам збвінеў і плакаў май. Назаўтра золкае туманнае сьвітаньне, Суровы позірк твой і мой нямы адчай". "Пашла за ціхія далёкія прасторы Сьвітальнай зоркай ты, што гасьне ў сіняве. Душы пакрыўджанай гарачыя дакоры Сьлязой халоднаю застылі на траве". "Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая. Твой сьветлы вобраз панясу я па жыцьці. На ўсходзе дня майго заранка дагарае, Каб позна ўвечары на Захадзе ўзысьці".
Той факт, што чалавеку, які так вытанчана й геніяльна разьвітаўся са сваім першым каханьнем, было 14 гадоў, мяне не бянтэжыў.
Пазьней я даведаўся рэальную гісторыю гэтага каханьня. Гісторыю, што сама па сабе - гатовы кінасцэнар.
Малады чалавек, згубіўшы ўсе надзеі на ўзаемнасьць, праводзіць сваю каханую з роднае беларускае вёскі ў далёкі Ленінград на вучобу. Тая, з усьмешкай прымаючы ягоныя хлапечыя заляцаньні, дазваляе хлопчыку правесьці сябе да станцыі. Яе вабіць незнаёмы, вялікі сьвет. Дзе жыцьцё - ярчэйшае й цікавейшыя людзі. Далей ад гэтай вясковай глушэчы. Хлапец адчувае, што бачыць сваё каханьне, можа, апошні раз у жыцьці. Ён піша верш.
Дарогі герояў разыходзяцца ўсё далей, і надзея на сустрэчу ўсё меншая. Яна вучыцца на пэдагога ў Піцеры. Ён едзе ў сталіцу Савецкай Беларусі, дзе зь першых крокаў заяўляе сябе таленавітым паэтам. Лёс ня скупіцца на выпрабаваньні, але аберагае героя ад самага страшнага. У трыццатыя ён пазбаўляецца двух самых блізкіх сяброў. Пасьля арышту першага зь іх ён тыдзень не ўстае з ложку. Ён бясьсільны што-небудзь зьмяніць і чакае самага страшнага. Але лёс літасьцівы да яго. Жыцьцё працягваецца. Наш герой жэніцца, нараджаюцца дзеці.
І тут прыходзіць вестка зь мінулага. Ліст ад той, што калісьці нібыта адпрэчыла яго. У ягонай каханай арыштаваны муж. Але герой дапамагчы ня можа нічым.
Далей - вайна, фронт. І героям зноў наканавана выжыць. Каб сустрэцца напачатку пяцідзясятых гадоў у родных мясьцінах. Яны дамаўляюцца спаткацца на пошце. Немаладая настаўніца расейскай літаратуры прыходзіць раней. Машына ўлаўраванага паэта і сталінскага ляўрэата крыху прыпазьняеца. Чалавек у добрым гарнітуры выходзіць на пыльную вясковую вуліцу, не даходзячы да дзьвярэй пошты, праз вакно бачыць тую, на каго чвэрць стагодьдзя таму маліўся, і зьбянтэжана вяртаецца да свайго аўто. Кульмінацыя.
Час не пашкадаваў ягонага каханьня. І ён не гатовы быў сустрэцца зь немаладой, пазбаўленай колішняй прыгажосьці, кабетаю. Адваротную дарогу да сталіцы Савецкай Беларусі герой намагаецца трымаць сябе ў руках. Але сьлёзы ўвесь час просяцца вонкі. Болей спробаў сустрэцца - зь ягонага боку - ня будзе. Яны абмяняюцца яшчэ некалькімі лістамі.
Напрыканцы жыцьця ён насьпявае свой колішні юначы верш знаёмаму кампазытару. Той удасканаліць мэлёдыю. І народзіцца песьня. А праз кароткі час наш герой пойзе з гэтага жыцьця, ушанаваны ўладаю ды запраграмаваны ў школьных падручніках. Настаўніца на шмат гадоў перажыве свайго паэта.Узгадваючы тыя далёкія провады ў вялікі сьвет кожнага разу, калі па радыё пусьцяць найпапулярнейшую песьню "па заяўках слухачоў".
... Я ехаў у Саматэвічы. На радзіму не аўтара "Сьцяга брыгады" і "Хамуціўса", і не перакладчыка "Яўгенія Анегіна". Я ехаў на радзіму чатырнаццацігадовага аўтара маёй любімай песьні. Я ведаў, што Саматэвічы - забруджаная радыяцыяй і ўжо адселеная вёска. Я ведаў, што той старой, дзьвюхсотгадовай хаты, колішняй карчмы, дзе жылі Куляшовы, няма. Хоць новая і складзеная з тых самых бёрнаў. Я ведаў, што магу яе не знайсьці, а падказаць будзе няма каму. Але ўсё гэта толькі падахвочвала маю цікавасьць да месца падзеяў.
За Магілевам паток аўтамабіляў заўважна радзее. Гэта самы непапулярны, а, можа, і самы бедны беларускі рэгіён. Турыстамі сюды ня едуць. А павярнуўшы за Чэрыкавам на Касьцюковічы, дагэтуль прамая траса пачынае кружляць, нібы рака. Хваістыя лясы паступова саступаюць месца ліставым. На якіх ужо амаль не засталося лістоты. І першая вёска безь людзей дае зразумець, што вы ўехалі ў адселеную зону.
Спачатку бязьлюдны краявід з чорнымі, нежывымі вокнамі й адсутнасьцю зеляніны нараджае жаданьне як мага хутчэй праехаць праклятае месца. Асаблівы сум наганяюць гаспадарчыя пабудовы. Іржавыя ваданапорныя вежы, кароўнікі бяз дахаў ды павыбіваныя шыбы савецкіх кантор. Міжволі ўзьнікаюць асацыяцыі са "Сталкерам" Таркоўскага.
Я толькі паддаю газу, і за чарговым крутым паваротам чарговай пустой вёскі ледзь не наяжджаю на нейкага маладога чалавека студэнцкага выгляду. Той сядзіць на ўзбочыне дарогі, адзін на бязьлюднай вуліцы, і нешта піша ў блякнот. Прычым так засяроджана, быццам у сябе дома. А можа ён і быў у сябе дома. Хто ведае...
Спыняцца я ня стаў. Да маёй мэты заставалася зусім няшмат.
Перад самымі Саматэвічамі - міліцэйскі пост. Але прозьвішча аўтара любімай песьні тут прагучала, як пароль. Я сьцішыў хуткасьць і вельмі асьцярожна ўехаў у вёску. Вёска аказалася немалым мястэчкам. Тут нават заблукаць было няцяжка. Некалькі доўгіх вуліцаў злучаліся невялікімі й крывымі завулкамі. Быў надвячорак. Цёплае восеньскае неба зацягвалі хмары.
Я думаў пра страх, але ніякага страху не адчуваў. Наперадзе была прыгажосьць. Прыгажосьць запусьценьня. Прыгажосьць ува ўсім, што я бачыў вакол сябе. У зарослым мохам і патрэсканым ад часу старым асфальце пасярэдзіне вуліцы, якой, здавалася, і канцу няма. У сям-там расчыненых дзьвярах хатаў. У закінутых студнях, зь якіх даўно ўжо ніхто ня піў вады. Якое, мусіць, незвычайнае пачуцьцё павінны адчуваць тыя, хто сапраўды нарадзіўся ў гэткіх адселеных вёсках, прыяжджаючы на свае родавыя котлішчы. Нясьпешна шпацыруючы па знаёмых зь дзяцінства задворках. Заходзячы ў пустыя дамы сваіх сяброў дзяцінства, зазіраючы ў цёмныя вокны сваіх першых школьных каханьняў, напаўняючы маўклівы краявід даўно адгучалымі галасамі. Гэта павінна быць фантастычнае пачуцьцё. Блізкае да адчуваньня вечнасьці зямнога жыцьця. Падоранага менавіта табе.
Месца куляшовавага дому я знайшоў, дзякуючы старой кабеце, што выйшла мне насустрач з аднаго дому. Сьледам за кабетай выбег брыты нагала маладзён зь сіняю ад татуіровак кісьцю рукі. Пачаставаўшыся ў мяне парай цыгарэтаў, ён гэтаксама хутку зьнік.
Той, дзякуючы каму я прыехаў сюды, нарадзіўся ў самым прыгожым саматэвіцкім кутку. Дом стаіць па-над невялікай лясной рэчкай Чарнавуткай. Каля самай дарогі, што вядзе з Касьцюковічаў на Красную Гару. Лепшага месца для карчмы нельга й прыдумаць. А на супрацьлеглым баку вуліцы - лес, у зарасьцях якога губляецца рака. З гармоніяй карціны крыху кантрастуе цяжкі бэтонны мост, пабудаваны за Саветамі. Праз зарослы хмызьняком двор я увайшоў у хату.
Ад людзей, што некалі жылі тут, сьлядоў засталося няшмат. Разламаны жалезны ложак на падлозе, даўно астылая печка, на сьцяне - выразаная з часопіса рэпрадукцыя карціны "Калюмб адкрывае Амэрыку", лісток календара за травень 87-га году.
... Зьяжджаць не хацелася. Я вырашыў паезьдзіць па гэтай беларускай Пампэі. Першае выпрабаваньне чакала мяне ў выглядзе драўлянага маста праз Чарнавутку ў іншым баку мястэчка. Рызыка зваліцца з машынаю ў ваду, у такім дзіўным месцы, як ня дзіўна, дадала неабходнай вастрыні. Я пераляцеў праз масток і апынуўся перад Палацам колішніх гаспадароў мястэчка, князёў Галынскіх. Пасьля ў сядзібе Галынскіх зрабілі местачковую школу. Але сядзіба ня так уразіла, як саматэвіцкая царква. Для мястэчка, дык проста агромністая.
У нядзейных і паўразбураных храмах ёсьць нешта, чаго пазбаўленыя храмы, дагледжаныя й адрэстаўраваныя. Нейкая велічная нязломнасьць, выклік бязьлітаснаму часу. У пахіленых, але ня зваленых бурамі крыжах. У неатынкаваных, пачарнелых вежах. У паедзеных іржою купалах. І абліччы сьвятых у такіх храмах глядзяць на цябе з ацалелых фрэсак больш жыва й сувора. У такіх храмах не патрэбныя святары.
Я стаяў пасярэдзіне гэтай грамады й глядзеў на неба скрозь абвалены галоўны купал. Пакуль неба не пачало імкліва цямнець.
Дарога дадому не падалася доўгай. Доўгім тут падалося жыцьцё, якое наперадзе".
(Дубавец: ) "Зьміцер Бартосік наведаў радзіму Аркадзя Куляшова - мясьціны, дзе нарадзіўся верш "Бывай", які стаў клясычнай песьняроўскай песьняй. Я папрасіў Зьмітра не пісаць пра савецкасьць Куляшова, а зірнуць на яго проста як на паэта.
Ці можна разглядаць паэзію Аркадзя Куляшова без камунізму ў крыві ягоных вершаў? І ці не скасуем, ці ня зьменшым мы такім чынам вартасьць ягонага даробку і веліч яго як клясыка нацыянальнае літаратуры? Натуральна, мы ня маем ніякага права рэдагаваць і цэнзураваць ягоную творчасьць. Але як тады растлумачыць ягоную "рамантыку грамадзянскай вайны" ўжо сёньняшняму пакаленьню школьнікаў, для якіх гэта тое самае, што "рамантыка Гулагу" або "рамантыка Галякосту"? Бо праблема якраз не ў паэтызаваных камуністах і Леніне, якія тлумачацца проста - гістарызмам. Праблема ў рамантызацыі бесчалавечнасьці.
Дапускаю, што расейская літаратура можа разглядаць радкі Маякоўскага "я люблю смотреть как умирают дети" пэўным экстрэмізмам аўтара, якога ніхто й ніколі не назаве народным паэтам Расеі, гэта значыць, настаўнікам нацыі. У Расеі хапае і правільных творцаў-клясыкаў. У нас жа, у Беларусі, дзе рускі бунт засеў у гены, і дзе ацэнка творцаў будуецца паводле жорсткага вэртыкальнага прынцыпу - ад слабога да моцнага таленту, само паняцьце няправільнага або іншага паэта ніколі нават не прамаўлялася і ня ставілася.
Народны паэт па-за сумневамі і памылкамі. І ягоная геніяльная антычалавечнасьць з усёй сілай узьдзейнічае на душы цяперашніх школьнікаў.
Выйсьце з гэтай заблытанай сытуацыі бачыцца ў разьвітаньні з камунізмам - у публічным вызначэньні рускага бунту як антыгуманнае зьявы, у называньні злачынстваў і амаралізму савецкае эпохі. Толькі пасьля гэтага, калі грамадзкая сьвядомасьць будзе гатовая да грунтоўнае пераацэнкі, такая пераацэнка пачнецца. На жаль, сёньня мы яшчэ далёка ад самага пачатку гэтых працэсаў. І таму вызначаць цяпер месца Куляшова ў будучых школьных праграмах немагчыма.
Гэтаксама як немагчыма пераскочыць адным махам некалькі натуральных фазаў разьвіцьця. Усё што мы можам - гэта рыхтавацца да вялікае пераацэнкі, пачынаючы яе з тых твораў, якія справядліва разьлічваюць на вечнасьць.