news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



3 Лютага 2002
 
Рэзыдэнт Беларусі Цімох Вострыкаў.
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Беларус-працаўнік, салдат або партызан -- найбольш распаўсюджаныя ў нашай гісторыі і літаратуры вобразы. Але імі не вычэрпваецца сацыяльна-палітычны партрэт дзяржаўнае нацыі. Да пракладу, што б вы сказалі пра беларуса-шпіёна? Не пра таго, што служыў савецкай, польскай, нямецкай ці якой заўгодна выведцы, а менавіта сваёй нацыі і краіне?

Беларускі шпіянаж, зрэшты, і беларускае ваярства або партызанка ў ХХ ст., як правіла, выглядаюць на гульню або мусовую дзейнасьць у чужых, небеларускіх структурах. Найбольш яркі тут прыклад -- парашутысты першай паловы 50-х гадоў. Самаму вядомаму зь іх -- Янку Філістовічу -- прысьвечаная нядаўняя кніга "Вяртаньне нацыяналіста". Герой нашай сёньняшняй перадачы мусіў ісьці па сьлядах Філістовіча. Розьніца хіба ў тым, што лёс ягоны склаўся больш удала. Ва ўсім жа астатнім ён, як і большасьць ягоных паплечнікаў, спускаўся з амэрыканскага самалёту на родную зямлю без усялякага ўцямнага заданьня і з адзіным памкненьнем -- патрапіць дадому. У сёньняшняй перадачы -- гаворка з гомельскім пэнсіянэрам Цімохам Вострыкавым.

Такім чынам, шпіянаж па-беларуску: перадумовы, стыль, вынікі. Да нашага героя ў Гомель адправіўся ягоны зямляк і сталы аўтар "Вострае Брамы" Зьміцер Бартосік.

(Зьміцер Бартосік: ) "Цяпер і ня ведаю, як бы ў дзяцінстве, гадоў 20 назад, успрыняў вестку пра тое, што ў суседнім панэльным доме на вуліцы імя піянэра-героя Царыкава ў Гомелі жыве самы сапрыўдны амэрыканскі шпіён. Хутчэй за ўсё, не паверыў бы. Бо амэрыканскія шпіёны маглі існаваць толькі на экране, але ніяк не стаялі ў чарзе па хлеб з кефірам за сваю савецкую пэнсію. Таму, напэўна, не аднойчы бачачы Цімоха Вострыкава, моцнай пароды старога, я не вылучаў яго зь сяльмашаўскага натоўпу. Фантазія савецкага школьніка, дзе героямі заставаліся адно піянэры ды "Палескія рабінзоны", ад гэтага не парушалася.

Са сваім колішнім суседам я пазнаёміўся зусім нядаўна. І быў уражаны ягоным лёсам, так падобным да кінасцэнару. Лінія галоўнага героя там магла абарвацца ў любы момант. Але, нібы ў кіно, кулі абміналі яго. Зрэшты, дамо слова герою".

(Ц.Вострыкаў: ) "Я, Цімох Якімавіч Вострыкаў нарадзіўся ў вёсцы Баршчоўка Церахоўскага раёну ў сям'і сярэдняка. У калгас мой бацька ня йшоў ніколі, да самай вайны. І да нас сабіралася шмат аднаасобнікаў. Бацька чытаў Біблію, і прыносілі яе сакрэтна, праз агароды... Але бацьку сталі дзёргаць. Да мяне асабіста ў школе прыставаў Грышчанка-настаўнік, каб я ішоў у камсамол. Але, ведаючы словы бацькі, што гэтая ўлада ад беса, я ні ў якія камсамольцы не пайшоў... Яны забіраюць у нас гумно, пуню, каровы, пасьля коні, і бульбу нават выграблі, і кабаноў забралі. Ну ўсё, адным словам, ачысьцілі, голенькіх аставілі. І ў гэты час даюць бацьку павестку на суд. Цэлую ноч, напэўна, ён ня спаў. Раніцаю ўстае, махнуў рукой: "Пайду ў турму". Яму далі тры гады, сядзеў ён у Хальчы, Веткаўскі раён. А я ў гэты час ужо вучыўся ў пэдтэхнікуме, на другім курсе. Вымушаны быў кінуць. Пайшоў на курсы электразваршчыка, і пачаў працаваць электразваршчыкам. Але спазьніўся на 15 ці колькі хвілін. А тады ж быў закон судзіць за спазьненьне. Ну, я думаю, трэба як небудзь скамбінаваць, каб не судзілі. І тут раптам курсы настаўнікаў. Гэта ўжо ў 39-м годзе, калі акупавалі Заходнюю Беларусь. То настаўнікаў патрэбна было туды. І я туды, скончыў гэтыя курсы. І мяне накіроўваюць у Берасьцейскую вобласьць, Маларыцкі раён. Дзе я й працаваў, да самага пачатку вайны".

(С.Дубавец: ) Цімох Выстрыкаў, паводле беларускіх паняткаў, чысты ўсходнік. А ўсходнікі ў нас лічацца больш саветызаванымі і русіфікаванымі, бо на дваццаць гадоў даўжэй былі пад саветамі. Вось жа прыклад Вострыкава такі стэрэатып разбурае. Уражвае ягоная праз усё жыцьцё пранесеная чыстая мова. Да таго ж, становіцца зразумела, адкуль ён такі. Найперш гэта верніцтва, спазнанае з малых гадоў. І па-другое, як вынік, непрыйманьне калгасаў. Менавіта з калгасаў і пачаўся канфлікт беларускіх гаспадароў з савецкай уладай. І гэты канфлікт быў разьвязаны сілаю -- праз вынішчэньне нязгодных, а напавер -- найбольш заможных, самастойных розумам і здатных да працы гаспадароў. Вайна толькі прыпыніла гэты працэс.

(Песьня "Вставай страна огромная...")

Я згадаў гэтую песьню адно для таго, каб узнавіць атмасфэру тагачаснае менавіта ўсходняе Беларусі. І бачу, што -- ня вяжацца. Якая для іх гэта была "сьвятарная вайна"! Якой сьвятасьцю яна магла быць для іх асьвечаная? У прынцыпе стэрэатып беларускага ўсходніка патрабуе перагляду. Варта згадаць, што яшчэ ў дваццатыя гады ва ўсходняй Беларусі сустракаліся зусім заходняга кшталту паны -- з традыцыйнай гаспадаркай і традыцыйнымі ўяўленьнямі пра сьвет. Таму ня так і нашмат раней за Беларусь заходнюю запанавалі там камісары й камбедаўцы. Нездарма ж менавіта ва ўсходняй Беларусі расквітнела на час беларусізацыя. Аднак вернемся да тэмы шпіянажу і да лёсу нашага героя.

(Ц.Вострыкаў: ) "У траўні месяцы гэта ўжо было. І калі я прыехаў на пабыўку, то я наведаў бацьку ў Хальчы. А тут мабілізацыя. Нас забралі й гналі аж да Курска. І там па нейкай прычыне... Прычына вядомая, яны ж несьлі сьпісак нядобранадзейных. І мяне аддзялілі на акопы. Маладога, здаровага хлопца на акопы. Значыцца я быў недаверчывы ім. Ну, думаю, што я тут буду капацца. І мы, сем чалавек, дамовіліся перайсьці цераз мяжу, цераз фронт".

(С.Дубавец: ) Заўважце, сямёра беларусаў, вясковых хлопцаў, уцякаюць з прымусовае працы дахаты. Што тут нелягічнага або нялюдзкага? Аднак, зь іншага боку, яны дэзэрціры, якія без "зазрэнія совесьці" накіроўваюцца праз лінію фронту, гэта значыць, да нямецкіх акупантаў. Паміж гэтымі трактоўкамі -- сама тая лінія фронту, якая дагэтуль пралягае ў грамадзкай сьвядомасьці, за якой дагэтуль каму радзіма, а каму чужына зь яе непрыймальнымі ідэаламі беларушчыны -- мовы, традыцыі, гісторыі.

Я зноў параўноўваю ўсходнікаў і заходнікаў. Згадваю ўспаміны пастаўскае моладзі, якую пасьля вайны судзілі за "здраду Радзіме". Адна дзяўчына выказвала сваё неўраземеньне: як жа так, нарадзілася і пайшла ў школу пры Польшчы, пасьля прамільгнулі першыя саветы, у настаўніцкую сэмінарыю пайшла пад нямецкай акупацыяй, фактычна, чатыры разы мянялася ўлада і кожнага разу не свая была, не беларуская, а прышлая. Якой, скажыце, радзіме я здрадзіла? Добра, скажаце вы, гэта заходняя Беларусь, а што ж усходнікі?

Сёньня ў нашым расповедзе Цімох Вострыкаў касуе гэтае ўяўнае адрозьненьне, бо ўласным лёсам сьцьвердзіў быццам бы відавочнае: радзіма -- там, дзе радзіма, незалежна ад таго, дзе нехта правёў лінію свайго фронту.

(Ц.Вострыкаў: ) "Але прайшоўшы Мохава балота, дзе сам Дняпро пачынаецца, і нас спаймалі. У лазьню мы зайшлі начаваць І нас спаймалі. Ну я выкруціўся лёгка. Я сказаў, што я ўцёк з турмы. Як немцы прыблізіліся, я ўцёк. І назваў Хальч, дзе бацька сядзеў. Яна ж была акупаваная. Так я выкруціўся адтуль. Потым папаў у армію, каля Гжацка нас немцы акружылі. Ну, і я папаў у палон. Ня буду расказваць падрабязна, колькі дзён пабыў. Адным словам, я сумеў назапасіцца канінай, каторую варылі з забітых коней. І тады, калі прывезьлі ўжо да лягера, абгароджанага калючым дротам, я -- бачком, на шашу выходжу, кацялком махаю. Забягаю ў хату. І кажу: "Бярыце, што ў мяне. Дайце мне сьвітку нейкую". Тады я бяру мяшок. Туды саломы, каб было бачна, што я нейкі селянін. Праходжу паўз лягер, а немец крычыць... Куды, значыць. Я кажу: "На Плятнёўку". Ну й прайшоў. А потым прыйшоў дахаты. І бацька дома. Яго выпусьцілі".

(З.Бартосік: ) "Цімоху Вострыкаву сёлета спаўняецца 80 гадоў. Але гледзячы на ягоную ўсьмешку, вельмі лёгка ўявіць гэтага чалавека і ў 40, і ў 15 гадоў. У той час, калі сялянскі сын марыў самыя звычайныя людзкія мары. Жыць на сваёй зямлі й са сваёй працы. Што аказалася занадта фантастычным для народжанага ў Беларусі ў 1922-м..."

(Ц.Вострыкаў: ) "І ў гэты час я бачу, што тут у партызаны заганяюць. А што такое быць партызанскай сям'ёй? Усе падвяргаюцца небясьпецы. Я тады выяжджаю дабраахвотна ў Нямеччыну. Прыехаў я ў Рослаў. Там працаваў электразваршчыкам. Але ў гэты час я думаю, халера, што ж я станаўлюся такім здраднікам? І пайшоў мыцца ў лазьню. А немец не пускае. Гэта была нямецкая лазьня. І я пабіўся. Я яго адлупіў тазком. А тады баюся, што мяне ж могуць судзіць за гэтага немца. Я перскакваю завод і іду ў горад. А ў гэты горад прывозілі з былога Савецкага Саюзу людзей, каторыя праходзілі мэдычны агляд. І адпраўлялі іх, каго на завод, каго ў сельскую гаспадарку. І я даведаўся, што там ёсьць пераклдачык з Добруша. Кажу яму: "Як мне выблытацца адгэтуль?" І ён па парадку расказаў. "Ідзі, -- кажа, -- у туалет. Ляж. А чалавека прышлі да мяне". Ну я так і зрабіў. Лёг. А туалет жа ж там чысьценькі. Я лёг. Паслаў аднаго чалавека... Яму трэба было зафіксаваць, што гэта я хворы. Што я прыпадачны. І гэтак ён, разумееш, мяне выкарабкаў адтуль. І напісаў, што я хворы, у кагорту гэтых хворых адасобіў. Ну й мы паехалі назад. Тут мне ў Гомелі далі даведку, што я дабраахвотнік, у Нямеччыне быў. І я з гэтай даведкай жыў дома. Мяне бралі ў карны атрад. Ужо ў нас быў карны атрад супраць партызан. Я тады ўцёк да камэнданта з гэтай даведкай. Той камэндант даў наганяя таму начальніку атрада. І ўсё. Я спакойна жыву".

(С.Дубавец: ) Цімох Вострыкаў не пайшоў ні да савецкіх партызан, ні ў карнікі, ні ў паліцыю. Выкруціўся. Пашчасьціла. Хто ён тады з гледзішча паноўнае ідэалёгіі? Тут вялікае пытаньне і для камісара, і для штурмбанфюрэра. Вось бы задумаліся, вось бы пачуць іхны адказ. Ідзе вайна, беларускі хлапец працуе на гаспадарцы і -- ні вашым, ні вашым ня служыць. Цяпер уявіць сабе такія развагі камісара і штурмбанфюрэра ўжо магчыма. А тады яны не задумляліся. Забіралі на службу сілком. Нявечылі лёсы, кроілі душы, бо мелі сілу. І мала каму як Вострыкаву гэтак пашанцавала перакантавацца. Зрэшты, гісторыя тым ня скончылася. Для Вострыкава і яму падобных шанцаў на ўдалы працяг не прадугледжвалася.

(Ц.Вострыкаў: ) "Пры немцах я нідзе ня быў. Зайздросьцілі хлопцы. Што гэта такое -- яго ніхто не бярэ. А бацька мой ужо быў старастам сельсавету. І ні камуністаў, ні камсамольцаў, нават тых, хто нас грабілі, ён не зачапаў. Усе жылі спакойна. Нашу вёску аставілі цэленькай. Бліжэйшыя пабілі, папалілі. У нас было ўсё цэлае. І вось тады, калі немцы адступалі, я дома быў. Быў вялікі дождж у гэты час. Я глядзеў за парасятамі. У нас ужо й парасяты былі ў той час, ужо ў нас гаспадарка разьвялася. Ну, немцы прыйшлі, мяне хапілі й яшчэ чалавекі чатыры. Пасадзілі ў джып, прывезьлі да самай Церахоўкі. Потым мы даехалі да Гомеля. І загналі нас у гараж. Я кажу: "Так, хлопчыкі, трэба нам выкручвацца. Пагоняць ізноў у гэты лягер". Яны не згадзіліся. Пайшлі цераз Сож. Дык аднаго ўбілі. А я думаю -- паеду я туды, дзе настаўнічаў. І сеў у цягнік, каторы быў ад адной часьці СС, каманда "Фляўм". Аказваецца, там былі дзеці, з каторых бралі кроў для немцаў. А я ж гэтага ня ведаў. Ну, мяне схапілі. А я меў дакумэнт, што я быў дабраахвотна ў Нямеччыне. Яны паглядзелі й прынялі мне ў гэту часьць. Але даверу ніякага не было. За мной глядзеў такі немец Занда. Увесь час. Там былі жыдкі, чалавек 100, можа 150. Яны пілілі дровы, мяне не перадзявалі ў нямецкую форму, а мы італьянскую форму мелі. І паставілі мяне жыдоў ахоўваць. І я сказаў: "Пілу наадварот, і цягайце, каб людзі бачылі, што вы піліце". Тады яны, праўда, мяне завезьлі ў свой барак. Паказалі ўсім жыдкам. Што я такі-такі, я ім спрыяю. А потым усіх нас адправілі ў Нямеччыну на работу. Я папаў у Франкфурт на Майне. І да самага канца вайны там працаваў".

(С.Дубавец: ) Канец вайны -- сам сабою эўфарычны час. Мары пра мірнае ўладкаваньне і мноства ілюзіяў. Паміж сьвяточных салютаў савецкі ўрад нібыта дае большую свабоду царкве, паміж сцэнаў братаньня салдаты прыгадв аюць абяцанкі камандзіраў скасаваць калгасы. Цімох Вострыкаў ілюзіяў ня мае. На ўсё ягонае, роднае гэтыя мары не распаўсюджваюцца. Колькі ён ужо бачыў падману ў людзях. Але гэта быў яшчэ ня ўвесь падман.

(Ц.Вострыкаў: ) "І вось скончылася вайна, і я баюся ехаць дахаты. Таму, што я ж быў у палоне. А Сталін сказаў, хто быў палонны, той ня наш чалавек. Я пайшоў працаваць на фэрму да немца. А потым знайшоў свой лягер, беларускі, каля Рэгенсбургу. І паступіў у гімназію. І вучыўся аж да 49-га году, а тады выехалі мы, такая называлася ў нас "дванаццатка". Запруднік, Урбан... Мы арганізавалі сваю групу й выпускалі часопіс "Наперад" і працавалі ў шахце. Але тут з Бэльгіі прыехаў Рагуля Барыс, і захацеў нас узяць ва ўнівэрсытэт бэльгійскі. Ну й мяне таксама ў тым ліку. І я бачу, калі я буду тут вучыцца... Ну што? На эміграцыі... А мне гэта ўсё ўжо астачарцела. Я ня мог там доўга жыць. Ня мог. І я выказаў жаданьне Урбану выехаць у Беларусь і што-небудзь зрабіць карыснае. А тут, безумоўна, даведаліся амэрыканцы. Ну й згадзіліся мяне перакінуць сюды. Якім спосабам, я ж нічога ня ведаў. Я толькі думаў, перайду Бэрлін, там жа ж пераходы былі. І адтуль лёгка можна дабрацца дахаты. Але выйшла крыху інакш..."

(З.Бартосік: ) "Я намагаюся паставіць сябе сёньняшняга на месца трыццацігадовага Вострыкава. Вось яна, запаветная Эўропа, што імкліва адыходзіць ад вайны. Яна можа даць тое, пра што ў Беларусі й ня марылася. Кар'еру, магчымасьць вандраваць па вольным сьвеце, а галоўнае адсутнасьць бальшавікоў. І адмовіцца ад такога лёсу? І абраць вяртаньне ў сталінскую Беларусь? Няўжо ўся справа толькі ў тым, што пра тую Эўропу калісьці "ня марылася"?"

(Ц.Вострыкаў: ) "Калі я згадзіўся ехаць, амэрыканцы мяне паставілі ў кансьпіратыўную кватэру. Там ужо быў адзін, Амон ён называўся, Джым. А мы прыехалі яшчэ з адным, з Каніцкім, з шахцёрам бэльгійскім, беларусам. І калі я сказаў яму, што я хачу адзін ехаць, ён гаворыць: "Не, брат, цяпер ужо позна. Цябе зловяць, ты выдасі мяне. Дык мы павінны быць разам". І вось мы едзем на тапаграфію, па азімуту хадзіць. Станаўляць паштовыя скрынкі, перадаць якія пакеты. Сталі вучыць гэтую кансьпіратыўную справу для разьведчыкаў. А потым паехалі скакаць з вышкі. І нам зрабілі два разы вылеты ноччу. Я ўпаў на дарогу. Тут мне стала зразумела, што нас выкінуць, напэўна, на парашуце. І вось тут жа. У гэты час, калі мы там былі, гэты Амон вёў размову на марзянцы з палякамі. А тыя сказалі яму, што ваш хлопец ужо спайманы. Гэта размова йшла пра Філістовіча. І таму Амон адмовіўся ляцець. І нас засталося фактычна два. А ім двух мала. Яны рашылі дабавіць да нас яшчэ двух. І дабавілі Касьцюка Генадзя і Арцюшэўскага Міхася. Нас стала чацьвёра. І тут, калі я зразумеў, што мы прададзеныя, я пачаў мысьліць, што выхаду ўжо ніякага няма. І тут я надумаўся як-небудзь астацца жывым, калі я пападу ў КГБ...

Мы там не абучаліся, не вучыліся, а мучыліся. Напрыклад, абучаў нас такі Нік, лейтэнант. "Калі, -- кажа, -- вы будзеце ісьці ў лесе, то пастойце каля дрэва. Прыгледзьцеся. А тады скок да другога дрэва. Ізноў пастойце. Зноў скок". Дык я яму паказаў вось так, кажу: "Ты чалавек чокнуты. Ды нас дзіця ўбачыць, як я пераскакваю, адразу скажа, што гэта шпіёны". Такая навука была... Мы былі ў вадной кватэры. А цераз дарогу былі, канечне, савецкія разьведчыкі. І вось я паглядзеў у бінокаль туды, яны адразу схаваліся за вакно. Яны ўжо нас цікавалі, ужо ўсё там было разложана. Калі нас накіроўвалі туды, то маёр, Віктар, ён сказаў таму, Джоў, з Бэльгіі, а ён быў радыстам у нас. "Як толькі прызямліцеся то дайце адразу радыёперадачу. Дзе яны вас скінулі". Дык я кажу: "Слухай, дык зразу ж нас засякуць. Пэленгатары засякаюць адразу". "А мы гэта, -- гаворыць, -- хочам лётчыкаў праверыць". Дык для чаго яны нас засылалі, лётчыкаў правяраць, ці заданьне выконваць? Заданьняў фактычна ніякіх не было.

Я паехаў у Наваградак. А ў Наваградку мы меліся мець сустрэчу з Касьцюком. Дамовіліся каля пошты. Я прыйшоў а другой гадзіне, а яго няма. Я чакаў-чакаў, яго няма. Нешта нячыстае. Паеду ж я ў Менск. Я думаў, калі я паеду на бацькаўшчыну, там яны мяне ня зловяць. Але яны не дачакаліся гэтага, пакуль я паеду. Я ў вакзал зайшоў, сеў на лавачцы перад вакзалам. А тут бачу нашага, каторы пайшоў з павіннай, Арцюшэўскага. Бачу яго ў акулярах. І ён мэтры два ад мяне праходзіць. І мяне ўзялі дрыжыкі. Я ўжо ўсё зразумеў. У 11 вечара мяне схапілі. Прыводзяць на другі паверх у КГБ. А я бачу, вакно адчынена. я як скочыў у вакно, а там ужо падрыхтоўка была. Ужо стаялі двое. І мяне за ногі схапілі й сталі цягнуць. Ну мяне тут ужо ў турму, і пачаліся допыты..."

(З.Бартосік: ) "У Цімоха Вострыкава вельмі шмат дзіцячага ў твары, у голасе. Нягледзячы на лёс, падобны да міннага поля, па якім прайшоў наш герой. Не давяралі яму бальшавікі, не давяралі немцы, не давяралі амэрыканцы. Не даверыўся яму й МГБ. У савецкай контрвыведкі была ідэя перавербаваць Вострыкава й накіраваць яго на Захад. Але гэтым разам не даверылі канчаткова. Вяртаньне сялянскага сына на Бацькаўшчыну адбылося значна пазьней. Пасьля 23-х гадоў, праведзеных у мардоўскіх лягерах.

Седзячы не на кансьпіратыўнай, а на самай звычайнай кухні банальнага панэльнага дому й слухаючы аповед, падобны да прыгодніцкага кіно, я намагаўся зразумець, чым гэты прыгожы велікан са шчырай усьмешкай, мог насьцярожваць усе СС, ЦРУ і НКВД? У чым яны адчувалі небясьпеку для сябе? Ці ня ў тым, што нюхам адчувалі -- ня іхны ён рэзыдэнт".

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік размаўляў у Гомелі зь Цімохам Вострыкавым. Я хацеў дадаць -- вэтэранам беларускага шпіянажу, але завагаўся. Ці выглядае ўсё распаведзенае на шпіянаж? Можа і выглядала б, калі б быў суб'ект, дзеля якога можна было б ахвяраваць сабою.

У лёсе Цімоха Вострыкава праглядаюць два выразныя матывы. Адзін зь іх -- не загрузнуць у непатрэбшчыне -- гнаў яго праз усё жыцьцё па той самай лініі фронту, якая рабілася востраю, як лязо. Другі матыў будзе адказам на пытаньне -- у чым гэты чалавек усё ж дазволіў сабе загрузнуць.

Свае гады, праведзеныя ў ГУЛАГу, Цімох Вострыкаў прысьвяціў вывучэньню гісторыі. Згадваючы крыніцы, галоўным чынам, з памяці, ён напісаў працу, у якой даводзіў беларускасьць Вялікага Княства Літоўскага і месца летапіснае Літвы, што месьцілася на тэрыторыі сучаснае Беларусі. Фактычна Вострыкаў, ня ведаючы пра тое, рабіў тую самую падзьвіжніцкую працу, што і Мікола Ермаловіч.

Змушаны ў маладосьці пакінуць родны дом, вёску, бацькоў, ён увесь час спрабаваў вярнуцца туды, на перадвызначаную яму жыцьцёвую прастору. У гэтым і была сутнасьць ягонага шпіянажу. І кожнага разу варожая яму сіла вырывала яго адтуль і закідала то ў нямецкі лягер, то ў эміграцыю, то ў ГУЛАГ. Урэшце Вострыкаў дабраўся такі дадому, але зашмат мінула часу, каб дарагія мясьціны сустрэлі яго гэткімі самымі, якімі мроіліся ва ўспамінах. Найбольш прыдатным месцам аказалася летапісная Літва. Выглядае, што беларусу ўсё яшчэ больш надаецца роля гісторыка, чым шпіёна.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.