news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



17 Лютага 2002
 
Вяртаньне фантазіі: віленскі Музэй.
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Сёлетняй лютаўскай адлігаю ў Вільні зноў загаварылі пра адраджэньне Беларускага Музэю. Быццам сам горад - старавечная сталіца - нагадаў пра сябе Пагоняю з Вострай Брамы, дамкамі Бабіча, дзе друкаваў Скарына і Базылянскімі мурамі, у якіх і месьціўся той славуты Віленскі Беларускі Музэй імя Івана Луцкевіча. Гаворкі пра ягонае аднаўленьне ўзьнікаюць пэрыядычна, тады, калі ў паветры раптам меней робіцца беларускага духу, натхненьня беларушчыны. На нацыянальнае адраджэньне гэта дзейнічае як зімовая дэпрэсія, і тады зьняможаныя ад аднастайнай руціннай будзённасьці розумы зноў пачынаюць тужыць па самай дарагой беларускай фантазіі - па Вільні.

Вільня са сваёй спадчынай і старэйшымі віленчукамі пры ўсёй той савецкай палітыцы на вынішчэньне здолела такі натхніць нацыянальны ўздым апошніх дзесяцігодзьдзяў. Адсюль у Менск і ваколіцы прывозілася невытлумачальнае жаданьне стварыць Беларусь у яе найбольш чыстым выглядзе. Музэй, які ўжо даўно не існаваў, быў, аднак, сымбалем і базаю таго натхненьня. Таму гаворка ідзе ня проста пра аднаўленьне пэўнае экспазыцыі, а пра вяртаньне беларускае філязофіі, нацыянальнага сьветапогляду, таго другога полюсу нацыянальнага самаразуменьня, безь якога ня можа быць Глёбусу Беларусі.

Віленская спадчына, якую ўвасабляе Музэй, моцна адрозьніваецца ад менскай. Гэта тая беларушчына, што не зазнала ўплываў савецкага часу, тады як менская - уся з тых уплываў і складаецца. Ня дзіва, што такія быццам савецкія пісьменьнікі як Танк або Караткевіч, дападаючы да віленскай спадчыны, раптам станавіліся не савецкімі, а беларускімі пісьменьнікамі ў чыстым выглядзе. Спадчына "Нашае Нівы", якая на пачатку мінулага стагодзьдзя зарадзілася сама сабой у першасным выглядзе, нібы тая крупіца жыцьця ў сусьветным акіяне, і не зазнала дэфармацыяў, хоць ведала і ўзьлёт і заняпад, - вось што такое віленскі Беларускі Музэй. Тады як менская спадчына - ад той самай крупіцы, прывезенай зь Вільні, што адразу ж была аплодненая расейска-савецкім кшталтам, адмаўлялася ад яго, працівілася яму, а ўрэшце аддалася яму. І ўжо сваё - архітэктуру, гісторыю і мову куртаціла на расейскі кшталт. Тым часам віленская традыцыя ўсе гэтыя гады драмала і дрэмле, нібы вясна ў сьнягах. Яна чакае свайго непрысьпешанага аднаўленьня.

Гісторык Сяргей Вітушка некалі і перабраўся ў Вільню з ідэяй адрадзіць тутэйшы Беларускі Музэй. За гэты час шмат зьмянілася канцэпцыяў. І вось - тая, якая выкрышталізавалася і стала паноўнаю сёньня:

(С.Вітушка: ) "Мая канцэпцыя такая: Вільня - гэта Беларускі Музэй. Калі для літоўцаў гэта цэнтар палітычны, адміністрацыйны, эканамічны, культурны, дык для Беларусі Вільня - гэта Беларускі Музэй. І вельмі добра, калі будзе тут у Вільні такая ўстанова, якая акумулюе гэта ў сабе".

(С.Дубавец: ) Ці магла б тут спрычыніцца ўлада зь Менску?

(С.Вітушка: ) "Беларуская дзяржава магла б падтрымаць гэта грашова. Як Польшча падтрымлівае палякаў на Віленшчыне, як Літва падтрымлівае сваіх землякоў у Беларусі. Асабліва Літва падтрымлівае. Існуе закон. Беларуская дзяржава магла б стварыць спрыяльную атмасфэру для навукоўцаў, якія маглі б прыяжджаць сюды, у Вільню, і дапамагаць ствараць гэты Музэй. Але ў прынцыпе, калі яна ня будзе дапамагаць, яго можна і трэба ствараць без падтрымкі беларускай дзяржавы, прыватнымі намаганьнямі".

(С.Дубавец: ) Калі ўсё ўявіць сабе такім, як ты сказаў, дык ці патрэбны ўвогуле музэй? Ці не дастаткова выдаць талковы даведнік пра музэй-Вільню, зрабіць віртуальнага правадніка ў інтэрнэце?

(С.Вітушка: ) "Ты ведаеш, гэта сёньня спакушальна: інтэрнэт дае магчымасьць будаваць нейкія віртуальныя экспазыцыі і паліграфічная тэхніка сёньня такая, што можна надрукаваць самы шыкоўны альбом. Але я думаю, што музэі існавалі і будуць існаваць, бо ў рэчаў ёсьць свая нейкая магія. Хоць у кожным музэі ёсьць таблічка "Рукамі не чапаць", але хочацца менавіта пачапаць гэту рэч. Я ня ведаю, чаму так. Калі гэтыя рэчы нас атачаюць, мы пераносім частачку душы на гэтыя рэчы і потым, ужо разглядаючы гэтыя рэчы, мы гэтую частачку душы неяк рэканструюем. Таму патрэбныя кнігі, гэтыя даведнікі, альбомы, патрэбная экспазыцыя ў інтэрнэце, але яна не заменіць хоць сабе невялічкай, але экспазыцыі з арыгінальных рэчаў".

(С.Дубавец: ) Апошнім дырэктарам віленскага Беларускага Музэю быў літоўскі мастак Уладас Дрэма. Але тое здарылася ўжо пасьля апошняй вайны. Самы ж росквіт Музэю прыпаў на перадваеннае дваццацігодзьдзе.

Гэта быў дзіўны час, калі ў Вільні пад польскай уладаю гаравалі і беларусы, і літоўцы. Тым ня менш, у горадзе працавалі дзясяткі беларускіх установаў, выходзіла прэса. У Музэй ішлі беларускія навукоўцы, студэнты і навучэнцы Беларускай гімназіі. Тут бывалі і іх літоўскія раўналеткі, тыя, хто пасьля пяройме скарбы беларускае спадчыны ў свае рукі. І тут істотна зразумець мэханізмы гісторыі, як адбывалася тая перадача Музэю, што ўрэшце на самым высокім нацыянальна-культурным узроўні сымбалізавала перадачу самое Вільні. Зазірнем туды, у тыя часы - канец трыццатых гадоў. Найлепшым чынам іх апісаў у сваіх дзёньніках Максім Танк, які, дарэчы, быў сталым наведнікам Музэю і чытачом музэйнае бібліятэкі.

А яшчэ Танк быў заўзятым камуністам і праціўнікам польскага прыгнёту. Усе тыя дваццаць гадоў Вільня разам з усёй Заходняй Беларусяй жыла пад польскаю акупацыяй. Буржуазная Літва скукожылася вакол Коўна, а савецкая БССР - у Менску. Польская мяжа праходзіла зусім недалёка ад беларускае сталіцы. Вось на глебе лявацкіх поглядаў і нянавісьці да польскіх акупантаў літоўскія і беларускія паэты сыйшліся ў Вільні. Яны пісалі адзін пра аднаго, перакладалі адзін аднаго, мелі супольныя выдавецкія праекты.

Гісторык Тацяна Поклад сустрэлася з дачкой Уладаса Дрэмы, віленскай рэстаўратаркай Гражынай Дрэмайтэ:

(Г.Дрэмайтэ: ) "Уладас Дрэма ў міжваенным часе, пад польскай акупацыяй, разам зь сябрамі змагаўся за літоўскасьць, супраць палянізацыі і усяго тагачаснага польскага ладу. Бацька зь сябрамі належаў да левай плыні, прагрэсіўнай на той час. Гэта былі часы ягонае маладосьці: ён нарадзіўся у 1910-м, а гэта былі гады 35-37-мы. Яны ўтварылі групу аднадумцаў – там былі літоўцы, беларусы, колькі палякаў. Самы блізкі сябра Дрэмы, галоўны ягоны паплечнік – Максім Танк. Былі яшчэ мастакі, паэты, пісьменьнікі – Альбінас Жукаўскас, Ёзас Кекштас, Ёнас Каросас, Она Міцуте, Ян Шутовіч – ён быў музэйшчык. Сярод іх бацька быў адзіны літоўскі мастак. Друк тады быў вельмі абмежаваны, палякі мала што дазвалялі выдаваць – дык яны рабілі хітра – выдавалі "аднаразовыя" часопісы, якія з кожным наступным нумарам зьмянялі назву. Там была і паэзія, і літарутара, і праблематыка. Дрэма рабіў для іх вокладкі, і таксама пісаў свае артыкулы, і заўсёды дадаваў свае ілюстрацыі – адну, другую. Вось адзін такі нумар я вам прынесла – "Пьювіс".

(С.Дубавец: ) "Пьювіс" па-беларуску - "Серп". Даволі падрабязна пра гэты альманах кажа ў сваім дзёньніку Максім Танк. Запіс 28 чэрвеня 1938 году:

"Ад Ё.Каросаса атрымаў часопіс "Пювіс". Увесь нумар прысьвечаны заходняй беларускай літаратуры. У перакладах В.Жвайгждраса, І.Кекштаса і А.Жукаўскаса надрукавана вялікая падборка вершаў, артыкул В.Русакайтэ аб маёй творчасьці і нарыс У.Дрэмы пра беларускае мастацтва, некалькі рэцэнзіяў І.Кекштаса і Ё.Каросаса. На апошніх старонках - хроніка і нэкралёг пра А.Асецкага. Агулам, нумар "Пювіса" - харошы братэрскі падарунак ад нашых літоўскіх сяброў і яшчэ адна прабоіна ў сьвет - прабоіна ў сьценах нашай адзіночкі".

(С.Дубавец: ) Апісаньне М.Танка сьведчыць пра тое, што натаваў ён гэта або з надта даўняе памяці, або з поўнага неразуменьня літоўскіе мовы або зь нечага пераказу. У "Пьювісе" няма артыкула аб ягонай творчасьці. Уладэ Русакайтэ падае пераклад імпрэсіі "Шляхамі і вёскамі" самога Танка. Няма тут і "некалькіх рэцэнзіяў" Кекштаса і Каросаса, а ёсьць толькі адзін водгук - на кнігу Оны Міцутэ, якая, дарэчы, пераклала большасьць беларускіх вершаў у "Пьювісе", але Танк яе сярод перакладчыкаў не называе. І тут няма ніякіх падводных камянёў. Прычына, паўтару, - няведаньне або задаўненая памяць. Бо саму Міцутэ і яе кніжку ён добра ведаў і згадваў у дзёньніку неаднаразова. Падводныя камяні ёсьць у іншым. Нумар адкрываецца артыкулам Вітаўта Тумаша - у будучыні буйнога эміграцыйнага навукоўца, якога Танк у савецкай публікацыі дзёньніка папросту ня мог згадаць. А гэта даволі грунтоўны агляд беларускай літаратуры ў тагачаснай Польшчы. З падобных прычынаў ня згадвае Танк і верш Натальлі Арсеньневай, які пераклала Она Міцутэ.

Гэтыя нібыта дробныя недакладнасьці зноў нагадваюць пра патрэбу сур'ёзнага дасьледаваньня Танкавых дзёньнікаў - найбольш ёмістых першакрыніц міжваеннага віленскага жыцьця, але разам з тым шмат у чым памылковых. Аднак вернемся яшчэ да тога "Пьювіса". Тацяна Поклад:

(Т.Поклад: ) "Літоўскае ў выданьні - толькі мова. Літоўцы ў Віленскім краі складалі на той час 2 %. Таму ў ролі тутэйшых літоўскіх пісьменьнікаў выступалі беларусы, або гуды. Ніякія не "балтарусы", - падкрэсьлівае дачка Дрэмы. Гуды - і ёсьць наша літоўская назва. "Балтарусы" - савецкая калька, да таго ж няўдалая, літаральна - белыя расейцы. У цяперашняй Літве ўжываюцца абодва варыянты - гуды і Гудзія, балтарусы і Балтарусія".

(С.Дубавец: ) Максім Танк не аднойчы згадвае Ўладаса Дрэму ў сваіх дзёньніках. Вось запіс 23 студзеня 1938 году:

"Заўтра зьбіраюся наведаць Дрэму, паглядзець яго новыя гравюры. Яго работы - пранізаныя глыбокай любоўю да людзей працы, да сваёй зямлі - выдзяляюцца з усяго таго, што мне даводзілася бачыць на розных выстаўках ня толькі ў Вільні. Мастацтва яго вырасла на літоўска-беларускім паграніччы, і сам ён зьяўляецца жывым зьвяном нашай дружбы. Ён ня толькі лепшы знаўца літоўскага народнага мастацтва, але - і нашага, беларускага, аб чым гавораць яго шматлікія артыкулы ў розных часопісах".

(С.Дубавец: ) А вось яшчэ адзін запіс, 3 сакавіка 1937 году, які характарызуе дачыненьні тагачаснай віленскай інтэлігенцыі. Тут згадваецца Рафал Яхімовіч. Менавіта ягонае працы бюст Івана Луцкевіча адкрываў музэйную экспазыцыю ў Базылянскіх мурах. Максім Танк піша:

"Сустрэўся зь літоўскім мастаком-скульптарам Рафалам Яхімовічам. Калісьці Пётр Сергіевіч мяне зацягнуў у яго майстэрню. Мне тады вельмі спадабаліся многія яго работы. Дужа таленавіты чалавек! Не выпадкова на конкурсе пабудовы помніка Ю.Пілсудзкаму яго работа была адзначана як адна зь лепшых. Праўда, я ня ўцерпеў і сказаў яму, што мяне зьдзівіў яго ўдзел у гэтым спаборніцтве, у якім нават перамогу цяжка назваць перамогай. Я знаю, што ні Дрэма, ні наш Сергіевіч не ўзяліся б за ўвекавечаньне памяці чалавека, сьлед чыйго бізуна астаўся на плячах народа. Ён пачаў быў тады гаварыць, што падзяляе думкі, але цяжкае матэрыяльнае становішча і яшчэ некалькі падобных "але"..."

(С.Дубавец: ) Яхімовіч ня быў камуністам. Што да левых інтэлігентаў, дык у іх асяродку беларуска-літоўскае сяброўства выглядае настолькі моцным, што Гражына Дрэмайтэ дагэтуль гаворыць пра яго з захапленьнем:

(Г.Дрэмайтэ: ) "Гэта былі вельмі блізкія дзяржавы, нацыі, якія на той час яднаў агульны супраціў і агульныя памкненьні. Дрэма вельмі любіў паэзію, ён перакладаў вершы свайго сябра, Максіма Танка, на літоўскую. Вось у гэтым нумары ёсьць адзін верш, я ведаю яго на памяць зь дзяцінства, яго вельмі любіла мая маці. Увогуле, яны усе былі вельмі-вельмі злучаныя псыхалягічна, маральна, духоўна, гэта былі насамрэч аднадумцы, паплечнікі... Цяпер такіх дачыненьняў няма".

(Т.Поклад: ) "Свае паэтычныя пераклады М.Танка на літоўскую Дрэма падпісваў псэўдонімам Жвайгждрас (па-беларуску Зорнік). Гэтак пасьля ён назваў свайго сына, які нарадзіўся у 1943-м, і цяпер ёсьць у Літве такі архітэктар Жвайгждрас Дрэма".

(Г.Дрэмайтэ: ) "Максім Танк ня раз бываў у Вільні і ў савецкія ўжо часы, з дэлегацыямі ад братняга народу... Прыгадваю, ён быў ужо сталага веку, - ня памятаю, у якім годзе... Ён быў у нас дома, мая маці прыгадвала часы маладосьці. Маці - у дзявоцтве Ядвіга Сісайтэ - была хатняй гаспадыняй, але яна шмат ім усім дапамагала, асабліва ў розных кансьпірацыйных справах, хавала, што трэба было схаваць, і яе вельмі любілі. Дык вось, у іх было што прыгадаць... І Максім Танк у яе папрасіў: "Ядвіга, ці можаш ты згатаваць літоўскіх калдуноў?" Памятаю, што маці тых калдуноў яму зварыла. І ён распавёў, што напісаў паэму пра маміны калдуны "Ядвігіны калдуны". Я гэтую паэму не чытала, ня бачыла, але гэтая гісторыя захавалася у нас у сям'і, што Танк быў надзвычай зачараваны мамінымі калдунамі".

(Т.Поклад: ) "Ні паэмы, ні верша з падобнай назвай у Максіма Танка няма. Магчыма, у цеплыні сяброўскага дому, за ўспамінамі пра маладосьць Танк расчуліўся і паабяцаў уславіць Ядвігіны калдуны, але пасьля не знайшоў на тое ні часу, ні натхненьня. Мая суразмоўца колькі разоў зазначыла, што ў савецкія часы Танк, як прыяжджаў, – быў ужо такі... зьнявераны, без настрою. Зрэшты, усе яны (сябры Дрэмы з тых міжваеных часоў) пачуваліся гэтаксама".

(Г.Дрэмайтэ: ) "Яшчэ ад таго сяброўства ў міжваенным часе застолося шмат эскізаў і ілюстрацыяў бацькі да беларускіх выданьняў. Вось адно з такіх выданьняў – Лявон Случанін, "Рагнеда", Менск, 1944 – Дрэма рабіў вокладку, ілюстрацыі. Іх было шмат. Памятаю эскізы вокладкі да зборніку беларускае паэзіі "Восень". Пасьля сьмерці бацькі я аддала усе ягоныя малюнкі у Нацыянальны Мастацкі Архіў, тамсама і ўсе эскізы да беларускіх твораў".

(Т.Поклад: ) "З даваеннае Вільні ва Ўладаса Дрэмы засталося і веданьне беларускай мовы, якой ён вольна карыстаўся. Ягоная дачка Гражына прыгадвае такі выпадак з бацькавага жыцьця".

(Г.Дрэмайтэ: ) "За савецкім часам у Менску была нейкая канфэрэнцыя па мастацтву, па архітэктуры – дакладна не прыгадаю, у якім годзе. Бацька чытаў паведамленьне ад Літвы. Удзельнічаў увесь Саюз, усе рэспублікі. Ну, і ўсе чыталі паведамленьні па-расейску. І ўсе навукоўцы зь Менску – таксама толькі па-расейску. А калі выйшаў Дрэма на трыбуну, ён пачаў гаварыць па-беларуску. І ўвесь свой даклад прачытаў на прыгожай беларускай мове. Усе тады заахалі – які сорам, самі беларусы на свёй мове не выступалі, а Дрэма, ад Літвы, гэтак добра размаўляў па-беларуску".

(Т.Поклад: ) "Веданьне беларускай мовы для літоўца Дрэмы было натуральным. Можна меркаваць, што гэтай мовай ён карыстаўся і дома. Жонка ягоная паходзіла зь сям'і Сысоў з-пад Вільні. Дзяўчынаю Ядвіга разам зь сястрою служыла у Лендварове, у графа Тышкевіча, толькі там яны і навучыліся гаварыць па-польску, - распавяла мне дачка Дрэмы. Спадарыня Гражына згадвае, што маці, ужо ў замустве, па-літоўску не гаварыла".

(С.Дубавец: ) Уся згаданая тут літоўская групоўка ў тыя часы мела крыху іншы выгляд. Сябра Танка Ёнас Каросас быў вядомы як Ян Карась, Она Міцутэ была жонкай беларускага музэйніка Яна Шутовіча. Яны лучыліся зь беларусамі і зьнешне, відаць, нічым не адрозьніваліся міжсобку. Яднала іх таксама і левая арыентацыя. Аднак будучыні ў іх агульнай быць не магло. Прынамсі доўгае будучыні. Ва ўмовах палянізацыі і беднаватага польскага ладу віленскія літоўцы былі сацыялістычнай зоркай для сваёй замежнай Літвы - капіталістычнай, ковенскай. Такой самай зоркай, якой для віленскіх беларусаў быў савецкі Менск. Аб'екты для крытыкі, сацыяльныя ворагі - беларускія буржуі з ксяндзамі і нацыяналістамі - былі для Танка з таварышамі тут, у Вільні. Менск жа выглядаў прыстанкам чыстай ідэі, чыстага камунізму. Сацыяльныя ворагі для Дрэмы і ягоных сяброў - літоўскія буржуі з ксяндзамі і нацыяналістамі - былі ці маглі быць толькі ў ковенскай Літве, за межамі Віленскага краю. Іншымі словамі, лявацкая суполка віленскіх літоўцаў выконвала для сваёй краіны і нацыі тую самую функцыю, што Менск для лявацкай суполкі віленскіх беларусаў. Мэтрапольная беларуская ўлада магла прыйсьці ў Вільню толькі ў выглядзе ўлады савецкай, што яна і зрабіла на пару месяцаў у 39-м. Літоўская ж улада магла прыйсьці сюды толькі капіталістычнай. У выніку беларуская ўлада зьнішчыла тут усё ўласна беларускае, а літоўская ўсё ўласна літоўскае ўвабрала ў сябе. Максім Танк стаў найбуйнейшым савецкім паэтам, а Ўладас Дрэма - найбуйнейшым літоўскім дасьледнікам Вільні.

Вернемся да тэмы Беларускага Музэю. 1939 год. У Вільню прыходзяць саветы. Усё гэта называецца вызваленчым паходам чырвонай арміі. Арыштоўваюць дырэктара музэя Антона Луцкевіча, які нязьменна працаваў тут доўгія гады. Неўзабаве Луцкевіч загіне ў ГУЛАГу. А на дырэктаравым крэсьле пачнуць зьмяняцца іншыя людзі.

Дачка апошняга дырэктара літоўскага мастака Ўладаса Дрэмы Гражына памятае тыя часы. Вось што яна сказала гісторыку Тацяне Поклад:

(Г.Дрэмайтэ: ) "Калі Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча быў зачынены, бацьку прызначылі часовым дырэктарам. Музэй тады знаходзіўся на Замкавай, недалёка ад унівэрсытэту. Я тады была яшчэ школьніцай, пра музэй гэты памятаю няшмат. Было два пакоі ўсяго. Паколькі гэта было вайною, бацька ратаваў экспанаты ад бомбаў, калі немцы ці расейцы бамбілі Вільню. Памятаю, ён пераносіў рэчы дадому, хаваў у сутарэньнях. Я дапамагала яму пераносіць гэтыя экспанаты, абразы, гравюры, фотаздымкі. Дрэма інвэнтарызаваў рэчы, да ўсіх, памятаю, наклейваў нумары, усё стараўся сумленна захаваць. Ён быў дырэктарам нядоўга. Пасьля частка экспанатаў трапіла ў Нацыянальны музэй Літвы, ён яшчэ адзін год там быў дырэктарам. Пасьля гэтая маёмасьць перайшла ў Этнаграфічны музэй...

Я ўжо пыталася ў беларусаў, у прадстаўніка беларускага пасольства ў справах культуры: "Чаму вы нічога ня робіце дзеля экспазыцыі Беларускага музэя?" Гэты прадстаўнік пасольства мне адказаў так ветліва: "Ой, это было бы хорошо..." На тым усё і скончылася. Быццам людзі самі ня хочуць.

Пару разоў наконт Музэя да мяне прыходзіў Лявон Луцкевіч – я казала яму пра тое, што зрабіць экспазыцыю Беларускага музэя можна – толькі гэта вымагае шмат працы... Самога музэя ўжо не засталося. Калекцыя падзеленая – ня ведаю, хто гэта зрабіў, ну, улады, пэўна. Я ведаю, што вельмі шмат экспанатаў у Музэі Мастацтва, я – сама рэстаўратар, і добра памятаю, колькі мы рэстаўравалі графікі, - а на звароце быў цэтлік Музэя Луцкевіча. Усё гэта па інвэнтарах можна знайсьці. І вельмі шмат ёсьць у Мастацкім музэі ў Будрыса ў палацы Хадкевічаў. І многа ёсьць у Этнаграфічным музэі, у Кульнітэ".

(Т.Поклад: ) "Варта дадаць, што частка экспанатаў – рукапісаў і старадрукаў – захоўваецца у Літоўскай Нацыянальнай бібліятэцы імя М.Мажвідаса, у Адзеле рукапісаў і рэдкіх выданьняў. Скарынаўскія Бібліі са штампамі і інвэнтарнымі нумарамі Музэя Луцкевіча перададзеныя ў фонды бібліятэкі Літоўскай Акадэміі Навук. А ўвогуле поўнае высьвятленьне таго, у якіх установах апынуліся экспанаты Беларускага Музэя, патрабуе сур'ёзнага пошуку. Гражына Дрэмайтэ лічыць, што самае галоўнае – каб беларускія экспанаты не былі вывезеныя зь Вільні".

(Г.Дрэмайтэ: ) "Насьмелюся сказаць, што дзякуючы Дрэму экспазыцыя Беларускага Музея не была раздробленая канчаткова, ён захаваў экспанаты ад вывазу – у тыя ж часы ўсяляк было, колькі тады немцы, палякі вывозілі, - цяпер ня вернеш. А гэта ж належыць гісторыі Вільні, і мусіла б заставацца ў Літве. Шмат згублена, бо Літва на такім перакрыжываньні нацыянальных культураў... І жыды свайго шмат вывозілі, і за савецкім часам нямала страчвалася. Усё ж, дзякуючы Дрэму, захаваліся беларускія экспанаты, інвэнтарныя сьпісы. Магу сказаць наконт аднаўленьня Беларускага Музэя, што зараз гэта магчыма. Патрэбны прафэсіяналізм, а галоўнае – жаданьне".

(С.Дубавец: ) Дачка апошняга дырэктара віленскага Беларускага Музэю Ўладаса Дрэмы Гражына мае на аднаўленьне гэтай установы аптымістычны погляд. Усё залежыць ад тых, хто за такую справу возьмецца.

Дагэтуль існавала шмат розных поглядаў на віленскую спадчыну. Нехта патрабаваў перавезьці ўсё ў Менск. Але нават калі б была згода на тое цяперашніх літоўскіх уладаў, гэта немагчыма. Бо не перавязеш дзясяткі будынкаў і сам віленскі ляндшафт, у якім зарадзілася тая крупіца першароднае беларушчыны.

У Вільні, пакуль жывы быў Лявон Луцкевіч, пераважала думка пра тое, што адноўлены музэй мусіць быць дзяржаўным. Сёньня галоўны выказьнік ідэі аднаўленьня гісторык Сяргей Вітушка мае іншую думку.

(С.Вітушка: ) "Павінна існаваць беларуская грамадзкая арганізацыя і гэта павінна належаць ёй. На жаль, мы маем два прыкрыя факты, калі дзяржаўныя беларускія музэі спынілі сваё існаваньне. Гэта сьветлай памяці Музэй імя Луцкевіча, віленскі. Напрыканцы свайго існаваньня ён стаў дзяржаўным літоўскім музэем і сталася магчымым ягонае расфармаваньне. А другі выпадак у Польшчы, у Гайнаўцы таксама быў дзяржаўны беларускі музэйчык, які таксама - польскія ўлады палічылі патрэбным расфармаваць, і экспанаты перакінулі ў іншыя музэі. Я думаю, што юрыдычныя ўласнасьць беларускага грамадзтва над гэтымі рэчамі засьцеражэ ад такіх прыкрых здарэньняў. І галоўнае. Тыя людзі, якія пачнуць ствараць Беларускі Музэй тут, у Вільні, павінны мець давер і літоўскіх уладаў, і людзей, якія зьбераглі ў сваіх прыватных архівах рэчы і гатовыя перадаць гэта Музэю. Значыць, гэта павінна быць абсалютна празрыстая, адкрытая структура, усе фінансавыя патокі павінны быць выстаўленыя напаказ, навуковыя канцэпцыі павінны быць абмеркаваныя шырока і зацьверджаныя нейкім кансэнсусам. Я ведаю, гэтага будзе вельмі складана дабіцца".

Будзе вельмі складана дабіцца - кажа Сяргей Вітушка. Складанасьці залежаць ад згоды ініцыятараў паміж сабою, ад іх здольнасьці паразумецца з уладамі, а яшчэ - ад таго, ці сапраўды прыйшоў час брацца за такую справу. Сёньня ў нас ёсьць дастаткова прыкладаў таго, як нешта ў беларускай традыцыі адраджалі, ды так і не адрадзілі, адно сапсавалі, бо распальвалі агмень беларушчыны або ня з тымі мэтамі, або ня ў час. Віленскі Беларускі Музэй здольны даваць энэргію для ўсёй Беларусі. І сёньня ініцыятары ўжо разумеюць, з чым яны маюць справу. Вільня - як Музэй, Музэй - як беларуская філязофія і як крыніца натхненьня ў беларушчыне, як вяртаньне першароднай беларускай фантазіі, чаго так часта бракуе сёньня ў нашым кульутрніцкім і грамадзкім жыцьці.



archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.