|
|
3 Сакавіка 2002
|
Год Віктора Гюго. |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Вясковая бібліятэка ў Савічунах каля Сьвіранаў - радзімы Францішка Багушэвіча - носіць імя паэта. Чытачамі тут школьнікі і дарослы люд паспаліты. Адзін сталы наведнік прызнаўся, што чытаць заўсёды любіў і любіць. Сярод ягоных куміраў - пісьменьнік Віктар Гюга - такое імя пазначанае на кніжках. Савічуны, як і Сьвіраны, цяпер Літва, народ тут жыве беларускі, а чытаў таго Гюгу дзядзька, натуральна, па-расейску. Усё памятае, і Эсмэральду з казою і тое, як там каму "канкрэтна" адсеклі галаву. Дзядзьку 60 гадоў. І так праз усё жыцьцё захоплены ён сваім Віктарам Гюгам. Вось што значыць ня мець найменшае філялягічнае падрыхтоўкі. Хоць, можа быць, гэтак і лепей. Прачытаў беларускі чалавек з расейскае вокладкі імя Віктар Гюга - так, як усё яно, расейскае, чытаецца па-нашаму, - і выйшла, што адаптаваў сваім прыродным розумам замежнае прозьвішча на свой, беларускі лад. Ажно зайздрасьць бярэ, што мы, гаворачы зараз пра двухсотгадовы юбілей славутага француза, ня можам гэтак проста, як пра свайго, сказаць, што сёлета ў сьвеце адзначаецца год Віктара Гюгі. Філялёгія не дазваляе. Мусім ламаць язык на Віктора і на Гюго.
Юбілей паэта і раманіста Віктора Гюго - добрая нагода для размовы пра блізкае і далёкае ў культуры. Сапраўды ж, ня ведай ты, хто ён такі, і захапляйся прыгодамі і пачуцьцямі герояў, так падобных на цябе самога. Ня ведаеш, і няма паміж вамі ані часавага, ані прасторавага, ані моўнага бар'еру.
Усё жыцьцё пісьменьніка прайшло ў рамках ХІХ стагодзьдзя. Тады яшчэ не было самалётаў і інтэрнэту, затое творы Гюго ў нашым краі чыталі амаль адначасова з парыскай публікай. Прынамсі агульнапрызнаным кумірам ён быў і там і тут. Зусім ня так, як гэта выглядае сёньня, калі пра іхных куміраў мы дазнаемся іншы раз ужо пасьля сьмерці творцаў.
Гюго для французаў, бадай, як для нас Купала ці Колас - народны пясьняр, аўтар бэстсэлераў, абаронца рэспублікі, заўзяты дэмакрат і змагар за правы чалавека. На ягонай радзіме сёньня выходзяць прынагодныя часопісы, у тэатрах ставяцца ягоныя п'есы, бібліятэкі праводзяць канфэрэнцыі, народ цешыцца зь мюзыклу паводле ягонага раману "Адрынутыя", музыка зь якога гучыць і ў нашай сёньняшняй перадачы.
Аўтар "Адрынутых", "Сабору Парыскай Божай маці", "Чалавека, які сьмяецца" ды шмат чаго іншага мае сусьветнае прызнаньне і папулярнасьць. Аднак сёлетні юбілей адметны найбольшай цікавасьцю да Гюго не як да бэлетрыста, а як да палітыка. На навуковых канфэрэнцыях размова ідзе пра ягонае дэпутацтва ў парлямэнце, барацьбу за адмену сьмяротнага пакараньня, пра ягоную мару - Злучаныя Штаты Эўропы. Нават увядзеньне агульнай грашовай адзінкі эўра неяк містычна зьвязваюць з годам Гюго.
Пра тое, наколькі Гюго інтэграваны ў сучаснасьць, сьведчыць і ягоны апасродкаваны ўдзел у самых сучасных навуковых працэсах. Скажам, у вывучэньні генома чалавека. Для прачытаньня і ўзнаўленьня генаў была створаная адмысловая Арганізацыя расшыфроўкі чалавечага генома. Вучоныя з радасьцю адкрылі, што абрэвіятура іхнай арганізацыі гучыць як імя знакамітага францускага пісьменьніка - ГЮГО.
Яшчэ бліжэй да "арыгіналу" працуюць псыхолягі, у якіх склаўся такі псыхалягічны тып чалавека - этыка-сэнсорны экстравэрт Віктор Гюго. Пісьменьніка, так бы мовіць, разьялі як музыку, расклалі па палічках. Што зробіш, навука заўсёды апраўдвае свае дзеяньні тым, што гэта трэба ня мёртвым, гэта трэба жывым.
Віктор Гюго ў трактоўцы прадстаўнікоў зусім новай навукі сацыёнікі, валодае магутнымі, яркімі эмоцыямі, бывае ўладарным, можа запаліцца нейкай ідэяй і жыць ёю ўсё жыцьцё. Ён любіць мастацтвы і сам стварае ўласны настрой, ён добры, працавіты і гэтак далей. Амаль як у гараскопе, толькі счытваецца ўсё ня з зорак, а з тэорыі ўспрыманьня інфармацыі. Найлепшым сябрам тыпа Гюго называюць тып Рабэсп'ера. Тут спрацоўвае іронія лёсу - дух пісьменьніка пратэстуе, як пратэстуюць супраць такога сяброўства і ягоныя тэксты, але марна.
Затое разам з навамоднымі псыхалягічнымі трактатамі Віктор Гюго крочыць па нашым сучасным сьвеце зусім як жывы. Натуральна, такія кніжкі не трапляюць у джунглі Бразыліі, дзе Віктор Гюго - адно з найбольш папулярных імёнаў для хлопчыкаў. Там дзейнічаюць свае законы папулярнасьці. Мабыць у прабівальнасьці да чытача "Адрынутыя" ўсё ж ніколі не саступяць падручнікам сацыёнікі.
Аднак, вернемся ўсё ж да прафэсійных заняткаў нашага героя. Для ілюстрацыйнае часткі праграмы я выбраў адзін твор, ня надта вядомы ў нас сёньня, але зусім актуальны для нашае сытуацыі. Называецца ён "Апошні дзень прысуджанага да сьмерці". Напісана ў першай палове ХІХ ст. Да чацьвертага выданьня францускі клясык напісаў прадмову, у якой сфармуляваў свае адносіны да праблемы. Ён зьвяртаецца да пракурораў-зьвінаваўцаў і да выканаўцаў-катаў. Тэкст быў напісаны веснавым днём 1832 году, тады, калі ў Беларусі шырокай хадою праводзіліся рэпрэсіі супраць удзельнікаў толькі што адгрымелага паўстаньня.
"Апошні дзень прысуджанага да сьмерці" - гэта простае ці ўскоснае, лічыце, як хочаце, хадайніцтва аб адмене сьмяротнае кары. - піша Гюго. - Не абарона нейкага аднаго пэўнага злачынцы, але хадайніцтва аб усіх асуджаных цяперашніх і будучых, на ўсе часы.
З гледзішча тых, хто судзіць і асуджае, сьмяротная кара неабходная. Найперш таму, што трэба выдаліць з чалавечага грамадзтва таго, хто ўжо прычыніў яму шкоду і можа прычыняць надалей. Але для гэтага дастаткова і пажыцьцёвага зьняволеньня. Навошта ж сьмерць? Вы кажаце, што з турмы можна зьбегчы? Вартуйце лепей. Кат не патрэбны, дзе дастаткова і турэмшчыка.
Нас аспрэчаць, маўляў, грамадзтва павінна помсьціць, павінна караць. Ні ў якім разе. Помсьціць можа асобны чалавек, караць можа Бог. Грамадзтва ж займае паміж імі прамежкавую ступень. Яго абавязак не "караць, каб адпомсьціць", а выхоўваць, каб выправіць.
Застаецца трэці і апошні довад - праславутая тэорыя прыкладу. Трэба паказаць прыклад! Трэба ўнушыць страх, паказаўшы, якая доля чакае тых, хто задумаў бы малпаваць злачынцаў. Вось амаль даслоўна тое, што на ўсе лады паўтараецца ва ўсіх вінаваўчых прамовах усіх пяціста судоў Францыі. Дык вось! Перш за ўсё мы адмаўляем самую ідэю прыкладу. Мы адмаўляем, што відовішча экзэкуцыі робіць той уплыў, якога ад яго чакаюць. Яно адыгрывае зусім не павучальную, але распусную ролю, яно забівае ў народзе жаласьць, а значыць, і ўсе добрыя пачуцьці. Згадаем толькі адзін факт, які меў месца зусім нядаўна, у апошні дзень карнавалу. У Сэн-Полі натоўп масак учыніў карагод вакол гільятыны, што яшчэ не астыла пасьля пакараньня нейкага падпальшчыка Луі Камю. Вось і паказвайце прыклад! Разгульны карнавал адкрыта сьмяецца над вамі!
Калі ж, насуперак рэчаіснасьці, вы ўсё яшчэ чапляецеся за сваю закасьнелую тэорыю застрашальнага прыкладу, дык будзьце ўжо пасьлядоўныя ў справе застрашэньня, адрадзіце 16 стагодзьдзе, адрадзіце ўвесь арсэнал катаваньняў, адрадзіце і Фарыначы і заплечных справаў майстроў, адрадзіце шыбеніцу, дыбу, вогнішча, адразайце вушы, чацьвяртуйце, жыўцом закапвайце людзей у яму, кідайце ў кацёл з варам, адкрыйце на ўсіх парыскіх скрыжаваньнях побач зь вітрынамі крамаў, вітрыну страшных трафэяў ката, куды ўвесь час будзе пастаўляцца сьвежае мяса. Вось ужо будзе сапраўды ўсім прыкладам прыклад! Вось жах, які застрашвае насамрэч.
Самое паветра сучаснай цывілізацыі рана ці позна павінна зьнішчыць сьмяротную кару, - зьвяртаецца Гюго да судзьдзяў і катаў. - Гмах будучага грамадзтва ня рухне ад таго, што ня будзе гэтай ганебнай падпоры. Цывілізацыя - ня што іншае, як шэраг пасьлядоўных пераўтварэньяў. І вам выпадзе быць сьведкамі пераўтварэньняў крымінальнага кодэксу, які прасякнецца Хрыстовым законам і азорыцца ягоным добрасным сьвятлом. Злачынства будзе разглядацца як хвароба, і супраць гэтай хваробы знойдуцца свае лекары, якія заменяць вашых судзьдзяў, знойдуцца лякарні, якія заменяць вашу катаргу. Свабода будзе тоесная здароўю. Алеем і бальзамам будуць лекаваць тыя раны, якія прысмальвалі жалезам і агнём. Тое зло, на якое накідваліся гневам, пачнуць лекаваць міласэрнасьцю. Гэта будзе проста і велічна. Замест шыбеніцы - крыж. Вось і ўсё".
Віктор Гюго абураецца бесчалавечнасьцю пляцавых публічных пакараньняў, аднак нават думкі не дапускае, што кара сьмерці можа адбывацца непублічна ды яшчэ й без шырокае галоснасьці. Гэта, на ягоную думку, было б вяршыняй дзікунства. Выглядае, што наша сёньняшняя практыка дзяржаўнага сьмерцезабойства - гэта крок назад ад разуменьня сьмяротнае кары ў часы пляцавых адсячэньняў галавы.
Так ці інакш, прароцтва вялікага пісьменьніка наконт адмены сьмяротнае кары ня зьдзейсьнілася ў нас і сёньня. Зрэшты, не заўсёды ажыцьцяўляюцца ня толькі мары пісьменьнікаў. Нават іхная воля пасьля сьмерці часьцяком парушаецца. У зьвязку з Гюго гэта выклікала цэлы скандал, які разгарэўся ў Францыі напярэдадні юбілею. Распавядае Тацяна Поклад.
(Т.Поклад: ) "Можна толькі здагадвацца, як паставіліся б клясыкі да сучасных мэтадаў папулярызацыі іх твораў: да экранізацыяў, мюзіклаў ды іншага перастварэньня. Цяпер, калі сьвяткуецца юбілей Віктора Гюго, паміж заслугаў пісьменьніка пералічваюцца кінафільмы, зьнятыя паводле ягоных раманаў, спэктаклі на Брадвэі і ў Лёнданскім "Уэст-Эндзе". Маўляў, творы жывуць. Яны ня толькі існуюць, але й, так бы мовіць, разьвіваюцца. Можа, і цікава, што б сказаў сам Гюго адносна ўсіх гэтых інтэрпрэтацыяў ягоных твораў, але наўрад ці гэта каго хвалявала б сёньня, калі б не скандал, які разгарэўся ў Парыжы яшчэ летась. Нагодаю стала публікацыя кнігі - працягу рамана Гюго "Адрынутыя" – як яе адразу назвалі "Адрынутыя - ІІ".
Аўтар, журналіст Франсуа Сэрэза, назваў свой твор "Казэта, або Час ілюзіяў" – не прэтэндуючы на самую назву "Адрынутыя", але патлумачыў, што гэта - працяг. Крытыкі абвясьцілі кнігу літаратурнай падзеяй, а Сэрэза паабяцаў яшчэ адну кнігу з гэтае сэрыі, якая мелася зьявіцца пад назвай "Марыюс", але скандал вакол першай публікацыі затрымаў яе.
Першы абурыўся прапраўнук пісьменьніка П'ер Жан Гюго. Свой пратэст ён выказаў адкрытым лістом да прэзыдэнта Францыі і міністра культуры й адукацыі. Гэты ліст надрукавала Liberation, а падпісаны ён быў, апроч П'ера Жана, ягонай жонкай Ларэтай і пяцьмю іхнымі дзецьмі. Яны зьвінавацілі Сэрэза ў спробе зарабіць грошы на вялікім творы, а найбольш – у здрадзе францускай клясыцы і гвалтоўным парушэньні правоў на інтэлектуальную ўласнасьць. "Аўтар скраў славутую назву, пэрсанажаў і зрабіў цалкам новую кнігу. Гэта - не працяг, а пераробка," – сьцьвярджае П'ер Жан Гюго. Найбольшы гнеў нашчадка выклікала тое, што Сэрэза перайначыў канцоўку: адмоўны пэрсанаж паліцыянт Жавэр, які ў фінале "Адрынутых" патануў, тут уваскрасае і робіцца станоўчым героем. Прыгадваюцца словы самога Віктора Гюго, які пісаў: "Калі б не атрымаўся такі канец, я б ніколі ня здолеў пісаць зноў".
(С.Дубавец: ) Спрэчкі вакол спадчыны, што належыць ня толькі ўсяму сьвету ды чалавецтву, а яшчэ й нейкім унукам якогась літаратара, узьнікаюць паўсюдна, у тым ліку, і на нашай, беларускай глебе. Варта згадаць, як нашчадкі Максіма Гарэцкага валодалі правам выкрэсьліваць з публікацыяў ягоных твораў тыя месцы, дзе, як ім здавалася, былі неадэкватна закранутыя інтарэсы сям'і. У выніку ў эпізодах "Камароўскае кронікі" ўтварыліся сэнсавыя правалы, Гарэцкі выглядаў нечакана неахайным у выкладаньні ўласных думак, затое гонар сваякоў не пацярпеў. Іншы раз нашчадкі вялікага пісьменьніка цягнуць за ягоным вобразам цэлы шлейф сваіх уласных чамаданаў і праблем - маральных, як у выпадку з Гарэцкім, ці матэрыяльных, як у гісторыі з Гюго. Толькі ў беларускім варыянце няма каму і на каго падаць у суд, бо гэта якраз унукі-праўнукі маюць такую схільнасьць. Уяўляючы сябе гаспадарамі ці, дакладней, апекунамі генія, яны часам гатовыя распаўсюдзіць сваё апякунства ледзьве не на ўсіх геніяў чалавецтва. Тацяна Поклад Працягвае:
(Т.Поклад: ) "Ці можаце Вы ўявіць сабе 10-ю Сымфонію Бэтговэна?!" – усклікнулі нашчадкі Гюго і запатрабавалі кампэнсацыі ў памеры ня менш за 600 000 даляраў, а таксама каб Вярхоўны Суд Францыі забараніў выданьне кніг Сэрэза.
Пасьля гэтага супраць "Адрынутых - ІІ" выказаўся і францускі Саюз Пісьменьнікаў. Хоць знайшліся там і такія, хто падтрымаў ідэю працягу. Маўляў, імітацыі кніг - найбольш натуральны спосаб легальнага літаратурнага бізнэсу. Трэба думаць, што і пратэсты нашчадкаў – таксама досыць натуральны спосаб здабываць сабе грошы і вядомасьць. Праўда, П'ер Гюго паабяцаў усю прысуджаную яму суму аддаць на ўшанаваньне памяці прапрадзеда. У зьвязку зь цяперашнім скандалам газэты згадваюць, што нашчадак клясыка ўжо аднойчы распачынаў цяжбу з кампаніяй "Дыснэй" - тым разам з-за мультфільму, і таксама беспасьпяхова.
Што ж да самога Віктора Гюго, дык ён, аказваецца, менш за ўсё хацеў, каб нашчадкі распараджаліся ягонымі творамі. На літаратурнай канфэрэнцыі ў 1878 годзе ён сказаў: "Нашчадкі не павінны выказвацца за аўтара, бо не яны пісалі яго кнігі і яны ня маюць аўтарскіх правоў". Менавіта на гэтыя словы і спаслаўся Францускі Суд, калі адхіліў пратэст прапраўнука Гюго супраць напісанага Сэрэза працягу "Адрынутых".
(С.Дубавец: ) Што рабіць, калі ўнукі славутых часам блытаюць сваю генную спадчыннасьць са спадчыннасьцю творчай. Натуральна, хацелася б, каб такія рэчы супадалі. Багацейшай была б сусьветная культура. І судовых цяжбаў, падобных да згаданай, натуральна, не было б. Гісторыя ведае прыклады, калі пісьменьнік прасіў у запавеце зьнішчыць усё, што ён напісаў. Але не згадаю ніводнага прыкладу, каб нехта забараняў у наступных пакаленьнях пісаць працягі ягоных твораў. З аднаго боку, цяжка ўявіць сабе матывацыі такой забароны. З другога боку, кожная інтэрпрэтацыя - ад інсцэніроўкі да школьнага пераказу - ёсьць своеасаблівым працягам. Што да інтэлектуальнае ўласнасьці, дык варта згадаць думку пра тое, што геній ёсьць уласнасьцю ўсеагульнай, а той, у кім ён жыве, - адно толькі праваднік.
Зоркі сусьветнае клясыкі першае велічыні недасяжна далёкія ад НАШАЙ зямлі - так нас навучылі яшчэ ў школе. І таму нейкія набліжэньні ўспрымаюцца як поўная нечаканасьць або выпадковасьць. Скажам, тое, што Мэрымэ напісаў апавяданьне пра літоўскага мядзьведзя, Байран - пра Івана Сьцяпанавіча Мазэпу, а Адам Міцкевіч на лекцыі ў Парыжы ўслаўляў беларускую мову. Аднак дастаткова хоць трохі заглыбіцца ў ХІХ стагодзьдзе, каб зразумець, што ніякіх выпадковасьцяў не было, і праблема тут у нас самых, у савецкім і постсавецкім выхаваньні, якое вольна ці міжвольна ўзыходзіла да расейскай традыцыі пакланеньня ўсяму заходняму і прыніжэньня свайго.
Дарэчы, пісаў пра Мазэпу і Віктор Гюго. А яшчэ ён быў каралём тэатру. Прызнаным таксама і ў нашых краёх. Яшчэ пры жыцьці пісьменьніка ягоныя п'есы ішлі ў нашых тэатрах і нават часьцяком ратавалі рэпутацыю тэатраў. Ёсьць такі эпізод з гісторыі Віленскай трупы, якая пад новымі расейскімі парадкамі ледзьве не заняпала. Тады тут паставілі п'есу Гюго "Марыя Тудор" з тагачаснай прымадонай Гэленай Маеўскай у галоўнай ролі. І ў тэатар зноў паваліў народ. Аншляг. Першая палова ХІХ ст. Інтрыга са сцэны пераносіцца ў жыцьцё. Маеўская выходзіць замуж за Адама Кіркора і кідае тэатар. Пазьней яна стане гераіняй самага гучнага віленскага адзюльтэру - разам з Уладзіславам Сыракомлем. Можна было б не зьдзіўляцца, што пра той скандал ведаў Гюго, таксама вядомы герой падобных гісторыяў.
З аддаленьнем ад расейска-імпэрскіх і ад савецкіх часоў мы, верагодна, усё болей будзем даведвацца пра сябе ў люстэрках зорак сусьветнае клясыкі. Не Гюго будзе рабіцца бліжэй да нас, а мы да яго. Як той мужык з Савічунаў, які быццам нікуды і не аддаляўся, бо, як кажуць, самапасам пайшоў у вясковую бібліятэку імя Францішка Багушэвіча і выбраў сабе кнігу Віктара Гюгі - пра Эсмэральду з казой і "канкрэтнае" адсячэньне галавы. Тая кніга стала ягонай улюбёнай чытанкай, а пісьменьнік Гюга - блізкай душою на ўсё жыцьцё.
|
|
|
|
|
|
|