|
|
31 Сакавіка 2002
|
Нераскрытыя справы ў гісторыі, сучаснасьці і літаратуры |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
ХХ стагодзьдзе пакінула беларусам шмат “гучных” і нераскрытых крымінальных справаў, якія, кажучы мовай сьледчых, “вісяць” ужо не на пэўных злачынцах, а на ўсёй нацыі. Калі, натуральна, будзе абраны менавіта такі погляд – нацыянальнае адказнасьці за ўсё, што рабілася на нашай зямлі. Цяпер стаўленьне да такіх рэчаў яшчэ толькі фармуецца – у зусім новых гістарычных умовах уласнае незалежнае дзяржавы. Раней у такіх выпадках ускладалі адказнасьць на розныя акупацыйныя рэжымы, разглядаючы саміх сябе як ахвяраў чужой гісторыі.
Аднак ужо дзесяць гадоў Беларусь існуе самастойна. Гэта значыць, што нацыя мусіць выпрацоўваць свой уласны комплекс этычных нормаў, які б грунтаваўся на ўласных традыцыях, мэнтальнасьці й гістарычным досьведзе. Што аб'яднае нас, беларусаў, у гутарцы пра тое, што “на слыху” – у прыватнасьці, пра “гучныя” нераскрытыя справы?
Увогуле сёньняшнія зьнікненьні вядомых людзей ніяк не выпадаюць з шэрагу падобных на працягу, скажам, ХХ стагодзьдзя, калі абсалютызм уладаў прышчапіў людзям уяўленьне пра магчымасьць непакаранага злачынства.
Сапраўды, калі сярод ночы прыяжджаў “чорны воран” і забіраў у сям’і бацьку, каго тут было вінаваціць? Начных візытораў ці тых, хто аддаў ім загад? Ці тых, хто прыдумаў усю гэтую машыну пераламваньня чалавечых лёсаў? Альбо калі нямецкі афіцэр забіраў бацьку сям’і, якога пасьля нехта недзе калісьці расстраляе...
Ні ў першым, ні ў другім выпадку пратэсты ня мелі сэнсу. Забойства ўчынялася ўладамі, гэта значыць, было нібыта законнае. І калі такія “законныя забойствы” рабіліся паўсюдна і масава, дык сярод іх і “незаконнае” забойства, учыненае ці то крымінальнікамі ў законе ці проста хуліганамі, таксама ў разуменьні грамадзян магло быць нераскрытае, закрытае, а можа быць, нават і “законнае”. Дзяржава, асабліва сталінская, нездарма рабіла свае арышты па начох, крыху таямніча. У выніку ўжо наогул нельга было зразумець нічога. Хто каго і навошта скраў ды забіў. Шукаючы вінаватых, можна было нарвацца на тых самых опэраў. Паспалітыя грамадзяне мусілі пераносіць усё гэта пакорліва і не задавацца пытаньнямі.
Вось жа няма сумневу, што традыцыі той пакоры дагэтуль жывыя ў нашых людзях. Нягледзячы на тое, што зьмяніліся час і абставіны. Падступіцца да новых этычных нормаў, да той лёгікі і матывацыяў сэрца, якія самі сабою складваюцца ў сёньняшняй Беларусі, мы й паспрабуем у гэтым выпуску “Вострае Брамы”.
Пачнем з гісторыі. Зь некалькіх найбольш характэрных гучных справаў у ХХ стагодзьдзі. З гісторыкам Уладзімерам Ляхоўскім мы гаворым пра забойства мастака Пэна ў Віцебску ў 1937-м, палітыка Іваноўскага і ксяндза Гадлеўскага ў часе мінулае вайны. Незакрытыя крымінальныя справы даўно са сталоў сьледчых перамясьціліся ў архівы. Чым тлумачыцца тое, што гэтыя справы засталіся нераскрытымі?
(У.Ляхоўскі: ) “Зразумела, што ніколі ня будзе пададзены пісьмовы загад на забойства чалавека. Гэта будзе рабіцца толькі ў вуснай форме. І ў такіх забойстваў ніколі ня будзе канцоў. Будуць толькі вэрсіі. З ХХ стагодзьдзя можна вылучыць некалькі такіх гучных справаў.
Напрыклад, 1937 год. Забойства вядомага мастака Пэна ў Віцебску. У партыйным фондзе ЦК КПБ захавалася справа пра абставіны гэтага забойства, дзе вельмі падрабязна апісваецца месца, дзе адбылося злачынства, усе нюансы – як яго забівалі. Жорстка забівалі. І – абвінавачаньне сваякоў у гэтым забойстве. Але ж ніхто ня быў пакараны. Таму хто забіў – гэта пытаньне. Ці забілі сваякі, ці зусім выпадковыя крымінальныя элемэнты, шукаючы ў яго грошы. Звычайна ў такіх справаў мала шанцаў, што калісьці будуць вядомыя ўсе абставіны забойства”.
Юдаль Пэн стаяў ля вытокаў Віцебскай мастацкай школы, быў настаўнікам Марка Шагала ды яшчэ многіх мастакоў. У ягоным забойстве кідаюцца ў вочы незвычайныя факты. І тое, што гэта быў 1937 год, самы разгар сталінскіх рэпрэсіяў, і тое, што мастаку пераваліла за 80 гадоў, і тое, што расьсьледаваньне гэтага забойства было на кантролі віцебскіх партыйных органаў. Але выніку няма. Справа аб забойстве Пэна, даступная гісторыкам і архівістам, адно бянтэжыць маладых навукоўцаў сваёй незавершанасьцю.
Мы яшчэ згадаем пра беднага Пэна, але цяпер зьвернемся да гучных забойстваў часоў мінулае вайны.
(У.Ляхоўскі: ) “Да прыкладу, можна ўзяць два гучныя забойствы фактычнага бурмістра Менску Вацлава Іваноўскага і вядомага каталіцкага сьвятара, беларускага дзеяча Вінцэнта Гадлеўскага. Вядома, што Вацлаў Іваноўскі ніколі ня браў з сабою аховы, хадзіў па горадзе адзін і на брычцы таксама езьдзіў без суправаджэньня.
І вось аднойчы ён ехаў на брычцы, да яго ззаду падскочылі два ці тры чалавекі (розныя крыніцы падаюць розную колькасьць людзей) і дратамі закалолі яго насьмерць. Прычым пакінулі жывым фурмана, які й распавёў акалічнасьці забойства. Але так і засталося невядомым, хто замовіў забойства Вацлава Іваноўскага – ці гэта было СД, ці гэта былі партызаны. Няма сьлядоў, і можна толькі здагадвацца і рабіць вэрсіі”.
Прыклад справы Гадлеўскага сьведчыць пра іншае. Гэта якраз тая справа, што хоць і выпадкова, але ўрэшце была раскрытая.
(У.Ляхоўскі: ) “Мы б ніколі не даведаліся пра акалічнасьці гэтай справы, калі б не адзін літоўскі ксёндз, які ў часе вайны быў капэлянам у літоўскіх вайсковых частках, што кватаравалі ў Менску. І вось ён ужо ў Заходняй Нямеччыне выпадкова пазнаў чалавека, былога обэр-афіцэра СД, які спрычыніўся да забойства вядомага беларускага ксяндза. Усё адбывалася ўжо ў 1961 годзе.
Гэты літовец падаў заяву ў суд, і суд разглядаў гэтую справу. Знайшоўся яшчэ адзін сьведка – малодшы афіцэрскі чын, які быў непасрэдным удзельнікам гэтага забойства і пацьвердзіў, што ў адзін зь сьнежаньскіх дзён 1942 году да Гадлеўскага пад’ехалі на кватэру два афіцэры СД, забралі яго, прымусілі заехаць у касьцёл і забраць касу. І яго выпадкова ўбачыў гэты літоўскі сьвятар. На запыт: куды едзе Гадлеўскі, той падкрэсьлена вясёла сказаў, што едзе ў Бэрлін на два тыдні. Пасьля гэтага яго больш ня бачылі. Як пацьвердзіў сьведка, Гадлеўскага пасадзілі ў машыну і адвезьлі пад Менск, у Трасьцянец. Обэр-афіцэр завёў Гадлеўскага ў пуню і двума стрэламі зь пісталету забіў яго. Тут жа чакала пахавальная каманда, якая й закапала цела сьвятара недалёка ад гэтай пуні”.
Аднак, нягледзячы на тое, што адбыўся суд, гэтая справа ў нас стала вядомая выпадкова. Міжволі падумаеш, што акалічнасьці й іншых падобных нераскрытых забойстваў – недзе побач, дастаткова толькі выявіць цікавасьць...
(У.Ляхоўскі: ) “Проста можна дзівіцца, як сталі вядомыя акалічнасьці справы Гадлеўскага. З Коблінца – гэта бундэсархіў Нямеччыны – па дамове зь беларускімі архівамі сюды паступілі справы часоў вайны. І ёсьць штатны перакладчык у архіве, які паступова перакладаў гэтыя справы на расейскую мову зь нямецкай. Справа Гадлеўскага паступіла недзе ў пачатку 1990-х і была перакладзена дзесьці ў 1995–96-м годзе.
І толькі сёлета архівісту выпадкова трапіліся на вочы гэтыя аркушы судовае справы. Можна толькі дзівіцца нядбайнасьці нашай. У Нямеччыне ў той час былі і эмігранты нашы, і ніхто ня ведаў пра судовую справу, пра забойства Вінцэнта Гадлеўскага. Можа, яна б яшчэ і тут у Менску праляжала дзесяць гадоў і ніхто б ня ведаў...”
Словам, наяўнасьць матэрыялаў яшчэ не гарантуе раскрыцьця “гучнае” справы. І тут усё залежыць ад выпадку...
(У.Ляхоўскі: ) “Я думаю, што калі браць савецкія архівы, там цяжка знайсьці сьляды гэтых справаў. Бо ніякіх пісьмовых загадаў няма, ніякай дакумэнтацыі не вялося. Звычайна – вусны загад на забойства таго ці іншага чалавека. Акалічнасьці могуць быць у немцаў. Менавіта там можна знайсьці нейкія акалічнасьці забойства і Глякоўскага, і іншых каталіцкіх сьвятароў таго часу, якія дагэтуль нераскрытыя”.
(С.Дубавец: ) “А ці хтосьці зь беларускіх навукоўцаў працуе ў нямецкіх архівах па гэтай тэме цяпер?”
(У.Ляхоўскі: ) “Сьмешна... Калі ўзяць сталае пакаленьне вельмі паважаных гісторыкаў, архівістаў, якія займаюцца пэрыядам другой сусьветнай вайны, яны нават у належнай ступені не валодаюць нямецкай мовай, каб распрацоўваць гэты пласт нямецкіх архіўных дакумэнтаў. Яны карыстаюцца адным вузкім фондзікам, які перакладзены ў Нацыянальным архіве Беларусі на расейскую мову, і ўсе свае навуковыя працы кампілююць менавіта з гэтых матэрыялаў, якія складаюць можа дзясятую частку ўсяго архіўнага фонду, які трапіў зараз з Коблінца ў Беларусь”.
Гісторык Уладзімер Ляхоўскі кажа пра адсутнасьць у Беларусі гістарычнае школы што да пэрыяду мінулай вайны, а таксама пра непадрыхтаванасьць дасьледчыкаў таго часу. Падобна, што тое самае можна сказаць і пра вывучэньне савецкага пэрыяду, і пра гісторыю апошняга дзесяцігодзьдзя, таксама адзначаную зьнікненьнем вядомых людзей.
Варта згадаць, што тэма брутальнага зьнішчэньня чалавека, пасьля якога не застаецца ані сьледу, адлюстраваная і ў беларускай літаратуры. Найперш маю на ўвазе творы Васіля Быкава, ягоную знакамітую “Аблаву”. Тут матыў ня тое што пакоры, але абсалютнае бясьсільнасьці чалавека перад наступам нялюдзкае дзяржаўнае машыны.
Перачытваючы фінал твора, дзе камсамолец Міколка кіруе аблавай на ўласнага загнанага ў багну бацьку і зноў перажываючы гэтую абсурдную сытуацыю, я спрабаваў думаць пра пачуцьці сёньняшніх ахвяраў – выкрадзеных і, можа быць, забітых, а таксама пра ўнутраныя матывацыі іхных выкрадальнікаў і забойцаў. І выглядала, што Быкаў тады, у 1988 годзе, выпісаў у “Аблаве” і іх:
“Людцы, завошта вы так? – гучала ў ім нутраным роспачным шэптам. – Што я зрабіў кепскае вам? Што – малатарню?.. Дык тады ж дзякавалі па шчырасьці, здаецца. Ці ж я хацеў каму кепскага? Ці сабе многа ўзяў? Я ж аддаў усё вам – бярыце. Толькі завошта ж мяне так люта? Людцы, адумайцеся!..”
Аднак ніхто не адумваўся – яго гналі, як гоняць воўка на адмысловым паляваньні. А ён усё чакаў, што нехта там стане і скажа: “Пастойце, братцы! Што ж гэта мы...”
Ня стаў, не сказаў, і яго гналі далей.
Скончыўся змрочны ельнік, і за кустоўем лазьняку ўсчыналася дрыгвяністая імшарына... Ён, аднак, не спыняўся... Тут ужо брыў да пояса ў багне, рассоўваючы целам раску, упарта лез усё далей, пакуль ногі мелі нейкае апірышча ў тваністым, перавітым карэньнем доле. Хутка, аднак, дол зьнік пад нагамі, зьнянацку Хведар шуснуў з галавою ў густую багністую прорву, аднак усё ж вынырнуў, згубіўшы з галавы шапку. Каб не захлынуцца канчаткова, ухапіўся аднаруч за нейкі сьлізкі корань з суседняй купіны. Увесь ён быў у багне, толькі галава яшчэ вытыркалася на паверхню.
“Не, ужо ня вылезу!” – з панылай злосьцю сказаў ён сабе ў думках, гойдаючы целам застаялую раску на твані. Яго тут трохі хавалі ад берага купіны і лазьняк. А галоўнае – тыя, на беразе, мабыць, ня надта імкнуліся ў багну, мабыць жа, ведалі, што дна ў ёй няма. І ён гэта ведаў. Колькі разоў, бывала, са страхам глядзеў здаля на лазьняковы прасьцяг бяздоннае багны, якую заўжды акуратна абыходзіла жывёла. Цяпер ён сядзеў у ёй. І, мусіць, шляху назад не было.
Яны там крычалі, а ён ужо мала і слухаў. Усё роўна вылезьці адсюль ён ня мог. Ды ня надта і хацеў. Ён толькі марудзіў. Дарма, аднак, марудзіў.
Можа, ён хоць перад канцом згледзіць сына? Бедны Міколка: што ён перажывае цяпер? Пэўна ж, то не па сваёй волі – ён змушаны! Можа, яму загадалі? Які вышэйшы начальнік. Бо, мабыць жа, ёсьць і над ім начальнік. І паслалі яго лавіць у лесе бацьку, якога ён выракся. Калі выракся, дык, мабыць, можна і лавіць. Але калі такое магчыма, тады як жа жыць? Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? І сын змушаны яго катаваць? Божа, нашто ты стварыў тады белы сьвет!
Хведар інстынктыўна хлябнуў болей паветра – на астатні раз – і выпусьціў з рук вузлаваты корань. Цяжкія ногі ў нязносных сырамятных пасталах адразу памкнулі яго ў глыб багны, ён захліпнуўся. Знутры балюча ўдарыла ў вушы, і ўсё пагасла ў вачах.
Ня дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасьціла ціха памерці.
Шукалі яго доўга, паролі шастамі зь берага і з куп'я. Ды так і не знайшлі.
Багна спрадвеку ўмела хаваць свае таямніцы”.
* * *
Перачытваючы гэтыя быкаўскія радкі, я спрабаваў думаць пра пачуцьці сёньняшніх ахвяраў – выкрадзеных і, можа быць, забітых, а таксама пра ўнутраныя матывацыі іхных выкрадальнікаў і забойцаў. У душы ахвяраў – разуменьне поўнае безвыходнасьці і ўся роспач ад несправядлівасьці гэтага сьвету – нібы лінзаю сабраны ў адну кропку агонь. У крыві загоншчыкаў – толькі адрэналін, зусім жывёльная неразумная эмоцыя.
Каторы раз адчулася, што адно толькі выразнае прачытаньне быкаўскага твору дзе-небудзь у школе магло б неяк паўплываць на паводзіны гаспадароў сытуацыі ў дарослым веку. Будзь яны дарэшты абазьлёныя ці нават азьвярэлыя, самая крупіца хоць бы якога ўсьведамленьня, магла б падкарэктаваць хаду падзеяў. Ня верыцца, што літаратура зусім не ўплывае на жыцьцё. Проста ўплыў яе схіляе да незаўважнае нармальнасьці. А заўважаецца, як правіла, ненармальнае ды анамальнае.
Аднак вернемся да нашых дакумэнтальных нераскрытых справаў. Паспаліты чалавек можа і абурыцца нават, маўляў, урэшце, што такое забойства 80-гадовага габрэя Пэна перад абсалютна “законным” забойствам мільёнаў ягоных суграмадзянаў у тыя самыя 1930-я гады? Або перад генацыдам мільёнаў ягоных супляменьнікаў у часе вайны.
Што такое забойствы Гадлеўскага і Іваноўскага ў параўнаньні з гібельлю кожнага чацьвертага беларуса? Няўжо мусіць быць дасьледаваная кожная такая сьмерць? А чаму тады – ня кожная сьмерць у ХІХ, XVIII, у XX стагодзьдзі. Дзе межы і крытэрый важнасьці той ці іншай справы?
Зь іншага боку, не дасьледуючы гэтыя непакараныя забойствы, хіба мы не дапускаем магчымасьць новых?..
На маю думку, крытэрыем калі не ацэнкі, дык цікавасьці да такіх эпізодаў гісторыі мусіла б быць зусім пэўная неабыякавасьць да той ці іншай асобы. У такім выпадку тысячы і мільёны трагедыяў не ператвараюцца ў халодную статыстыку. Урэшце ніводзін канкрэтны чалавек, які стаўся ахвярай забойцаў, не вінаваты ў тым, што ён аказаўся адным зь мільёнаў. Неістотна, калі чалавек жыў, у якую эпоху. Ягоная сытуацыя робіцца прадметам дасьледаваньня, а ягоныя забойцы ўрэшце выкрываюцца тады, калі гэта становіцца цікава канкрэтнаму дасьледніку. І адпраўны пасыл такога вывучэньня заўсёды ёсьць і будзе толькі ў сэрцы гісторыка.
І тады, калі ёсьць непадробная цікавасьць да таямнічага эпізоду мінуўшчыны – яна мусіць быць задаволеная і ўрэшце задавальняецца, бо нішто, як той казаў, на зямлі не мінае бясьсьледна. У выніку дасьледнік на зьмену сораму няведаньня атрымлівае пачуцьцё годнасьці за ўласны род і за ўласную дасьведчанасьць.
Тое самае адбываецца і з постацямі нацыянальнага маштабу. Толькі тут суб'ектам дасьледаваньня выступае не адзін чалавек, а многія, цэлыя гістарычныя школы. Скажам, пакуль ня высьветленыя абставіны гібелі Янкі Купалы, тое самае пачуцьцё сораму вярэдзіць душы дасьледнікаў. І гэты верад – адзіны стымул зноў і зноў адпрацоўваць розныя вэрсіі, шукаць невядомыя крыніцы. Так будзе датуль, пакуль на зьмену сораму ня прыйдзе пачуцьцё годнасьці.
“Гучныя” справы і называюць так ад розгаласу, які робіцца ім у друку, на вуліцах ды ў гаворках. Між тым, мушу прызнацца, што, рыхтуючы гэтую перадачу, я не сустрэў аніводнага выпадку посьпеху такіх мэтадаў, гэта значыць, каб у выніку “гучнасьці” нейкім чынам справа была раскрытая. Нават самая “гучная” наша справа апошніх гадоў – Курапаты – ад розгаласу стала сымбалем нацыянальнае трагедыі, але як крымінальная справа не атрымала хоць бы якой завершанасьці.
Што гэта значыць? Толькі тое, што розгалас, безумоўна патрэбны, мае на мэце, тым ня менш, што заўгодна, але не ўсталяваньне ісьціны. Ілюзія блізкае справядлівасьці – усяго толькі ілюзія. Можа быць, так адбываецца таму, што матывацыі розгаласу іншыя, гэта не пачуцьцё сораму невядомасьці канкрэтнага дасьледніка. Досьвед жа нашай гісторыі паказвае, што толькі гэты самы сардэчны верад мог прывесьці і прыводзіў у нас да высьвятленьня акалічнасьцяў таемных выкраданьняў і забойстваў.
Розгалас усчынаецца і зьнікае, часам перабіваецца іншым розгаласам. Застаюцца факты. |
|
|
|
|
|
|