news programs realaudio contact archive
      Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



23 Чэрвеня 2002
 
Падарожжа на Ўсходняе Палесьсе
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Дарожныя паказальнікі на гомельскай Беларусі не такія, як на віленскай. Ну, Залесьсе ці Навасёлкі я ня ўлічваю. Гэта, скажам так, агульны фон. Але чаго тут зусім няма, дык гэта балцкіх назваў вёсак: Жупранаў з Кушлянамі ды Мірклішак са Скірдзімамі. На Гомельшчыне: Пакалюбічы, Сьвяцілавічы, Сенажаткі... А вось яшчэ вёскі – Барэц і Дварэц. Гэта не русізмы. Гэта якраз чыстая Беларусь, бо назвы ўтвораныя ад словаў "бор" і "двор". Яны такім самым чынам названыя, як невялікі трактар тут называюць "трактарэц".

У гэткую вось тапанімічную раскошу мы выпраўляемся зь Вільні на другі край Беларусі – у Рэспубліку Радзіму, якую называем так і таму, што гэта край старадаўніх радзімічаў, і таму, што самі нарадзіліся ў гэтых мясьцінах. А ў майго калегі літаратара Барыса Пятровіча – яшчэ й бацькі ў Хойніцкім раёне. Туды мы зьявімся пазьней, бо пачынаем – для паўнаты карціны – зь Веткаўшчыны, дакладней, з Чамярні...

Навокал – краіна кантрастаў, дзе адселеныя пасьля Чарнобылю вёскі, у якіх зашкальвае дазымэтар, суседзяць зь дзейнымі дамамі адпачынку. Дзе сьмяротна небясьпечна жыць, але дзе буяе й памнажаецца жывая прырода. Дзе Беларусь пакінула самыя лепшыя й плодныя свае палі, край, у якім, паводле пашыранага ўяўленьня, высьпяваюць абрыкосы і дыні. І ня толькі ў гэтым кантраст. Забягаючы наперад скажу, што бадай нідзе ў Беларусі ня бачыў у мястэчках і вёсках такой дамінацыі дзяцей і моладзі, як тут, у гэтых раёнах, у зоне, што падлягае адсяленьню.

За Сьвяцілавічамі – вёска Вялікія Нямкі, акурат тут давялося ўпершыню пабачыць "жыўцом" прыкрынічныя крыжы – знак спракаветнай беларускай архаікі, які так падрабязна апісаў Міхась Раманюк. Гэта калі ля крыніцы ставяцца крыжы і месца робіцца сьвятым, нешта накшталт царквы пад адкрытым небам. Тут зьбіраюцца мясцовыя людзі і на крыжы вешаюць ручнікі. І так з году ў год. Старыя ручнікі не здымаюць, таму крыжы з часам ператвараюцца ў такія захутаныя постаці...

Вялікія Нямкі – радзіма пісьменьніка Акуліна. У самых гэтых словах – літаратура. Мусіць, так доўга маўчалі гэтыя Нямкі, так ім у нутры ўсяго надумалася, нацешылася і набалела, што не маглі ня выплеснуць усё сваім уласным пісьменьнікам. Гэтак разам з вандроўкай пачынаецца яшчэ адна тэма – "радзіма пісьменьніка". Далей на нашым шляху такіх будзе шмат аж да Бярозаўкі за Мазыром – радзімы пісьменьніка Федарэнкі. У гэтых краёх радзімы пісьменьнікаў – як тыя этнаграфічныя крыжы, трапляюцца на кожным кроку. Верагодна таму, што тут і сапраўды – радзіма, яшчэ і ў гэтым сэнсе.

...У Гомелі бацька нахінаецца да пяцігадовага хлопчыка, робіць вуснамі "пу" і кажа: "Ты што зрабіў?" Малы падымае ўгору вінаватыя вочкі. Ай-яй-яй – кажу я, нашто ж так бянтэжыць хлопчыка. – Каб вучыўся саромецца, – адказвае бацька. Эпізод нацыянальнае пэдагогікі...

Ну вось і Чамярня. Заснавальнік Веткаўскага музэю Фёдар Шкляраў – чалавек вельмі адораны і вельмі дасьціпны, заўсёды згадваў гэтую Чамярню як узор краявіду. Чамярня – амаль на мяжы з Расеяй. Гэта спракаветнае гарадзішча на беразе Бесядзі. Сказаць, што мясьціны прыгожыя, будзе банальна. Зрэшты, за гэтую вандроўку мы пабачылі вялікае мноства краявідаў, якія, перанясі іх на холст, выглядалі б абсалютнай пошласьцю. І ў гэтым для мастака-пачаткоўца – вялікая спакуса: перадаць боскае стварэньне так, як яно ёсьць. І ў гэтым вялікі ўрок для кожнага майстра – чаму літаральна змаляваны краявід на халсьце ператвараецца ў пошласьць.

У Чамярні, на гэтым самым гарадзішчы – спаленыя могілкі – карціна, якая сёлета ў Беларусі суправаджае цябе паўсюль, куды б ні паехаў. Абгарэлыя сосны. Першыя такія ў траўні мы бачылі адразу за беларускай мяжой на Пскоўшчыне. У пакінутай вёсцы іржавага колеру сасновая купа на ўзгорку. Згарэла ўсё, што было з дрэва – усе драўляныя крыжы. Засталіся на папялішчы толькі крыжы каваныя і цясаныя з каменя. Першая і найбольш верагодная здагадка – нехта падпаліў леташнюю жухлую траву, ад якой загарэлася і ўсё астатняе. Праўда, траву ў нас палілі заўсёды, а столькі спаленых могілак давялося пабачыць толькі сёлета.

Мы ад'ехалі ад гарадзішча, каб паглядзець на яго з дарогі. Сапраўды, сярод лысага поля плаўна вырастае пагорак, які раптам рэзка ападае да ракі. І на гэтым спадзе купкаю – тыя ржавыя сосны. Барыс Пятровіч, які меўся знайсьці літаратурнае параўнаньне ўсяму гэтаму, ляканічна сказаў: "Лабок".

У Ветцы наша даўняя знаёмая Галіна Нячаева, якая зьмяніла на пасадзе дырэктара музэю Фёдара Шклярава пасьля ягонае сьмерці, сказала, што гэта яна адкрыла яму гэтую мясьціну – Чамярню. Пасьля Шкляраў не аднойчы прыяжджаў сюды з эцюднікам, бо быў яшчэ й жывапісцам. А мабыць яшчэ часьцей – з гасьцямі. Каб проста так завезьці людзей, вывесьці на стромы бераг і сказаць: "Глядзіце!" І раптам такая музыка пачынае гучаць, такая нахлыньвае гармонія, што куды там да гэтага японскім школам зь іхным урокам любаваньня прыродай. Нашу сытуацыю нават любаваньнем не назавеш. Гэта хутчэй нейкае філязофскае глядзеньне ў абсалют. Ты ня сьлізгаеш позіркам, а зазіраеш у прадоньне сябе самога...

Дарэчы, у Ветцы, дзе сьцяной стаяў дождж, Галіна Нячаева паказала нам абноўленую экспазыцыю музэя, дзе гісторыя і мастацтва стараабрадцаў увесь час падсьвечваюцца спракаветнай беларускай традыцыяй – ручнікамі з геамэтрычнымі ўзорамі, у якіх спадарыня Галіна вялікі сьпец. Ад свайго папярэдніка Шклярава яна пераняла ня толькі пасаду, але й манэру размаўляць з наведнікамі. Гэта і экскурсія, і лекцыя, а раптам разумееш, што ўсё гэта – урок этыкі. Вельмі непасрэдны ўрок. Як на гэтай вось музэйнай лаўцы, на якой Шкляраў прыгожымі літарамі выразаў: "Спыніся, прысядзь, задумайся". Уладзімеру Сьцяпану, які здымаў пра музэй тэлефільм, дасьціпнік Шкляраў патлумачыў, што такі надпіс на лаўцы – для тых, хто думае тым, на чым сядзіць.

Напэўна гэты музэй – самы дасканалы і жывы, а таму і самы багаты з усіх, якія даводзілася бачыць у Беларусі. Не зважаючы нават на даражэзныя экспанаты, столькі сюды ўкладзена ўсяго нематэрыяльнага, што самое месца, здаецца, стала сувымернай духоўнай альтэрнатывай самой Чарнобыльскай бядзе.

Яшчэ адзін кантраст – самы жывы музэй у самым нежывым месцы. Турысты сюды валам ня валяць, бо баяцца радыяцыі. Наколькі апраўдана баяцца – сказаць цяжка.

Гомельшчына даволі позна ўвайшла ў літаратуру. Яе й да БССР далучылі толькі ў 1926-м. Але выглядае яна ці не найбольш беларускай. Тут заўважна часьцей гавораць па-беларуску і беларускае візуальнае інфармацыі больш. Часам гэта калькі – "Шчасьлівага шляху!", часьцей нармальна – "Шчасьлівай дарогі!"

Барыс распавядае, як бачыў у адной тутэйшай вёсцы хворага на СНІД. Той лічыў сваё захворваньне несправядлівым (заразілі!) і помсьціў. Жыў у зоне адсяленьня, а абсьледавацца езьдзіў у Маскву. Кожнага разу купляў купэ і спакушаў якую-небудзь кабету. Туды кабету, назад кабету. Гэтак помсьціў. Калі Барыс напісаў пра гэта ў газэце, зь ім ледзьве не судзіўся цэнтар прафіляктыкі СНІД, маўляў, аўтар раскрыў мэдычную таямніцу. Справа была гадоў дзесяць таму, а Барыс абураецца дагэтуль. Чаму хворыя на СНІД абароненыя таямніцай ад астатніх, а астатнія ад іх – не!

А што табе "Ваўчыная Яма"? – пытаюся ў Барыса пасьля гэтай гісторыі. Быкаў – кажа – у краявідах Чарнобыльскай зоны ўпарта апісвае Віцебшчыну, хмызьнякі ды ўзгоркі. А якія тут на Палесьсі хмызьнякі?..

Тым часам мы заяжджаем у Гомель. Гомель – увесь у рысях. Гарадзкі герб, праўдзівасьць і права на існаваньне якога яшчэ пятнаццаць гадоў таму трэба было даказваць, цяпер паўсюль – на шыльдах, на этыкетках, у газэтах...

Далей – на Лоеў. Там нас чакае другі пасьля Чамярні "эратычны эпізод" гэтай вандроўкі. А пакуль пераяжджаем Дняпро. На ўвесь прасьцяг па даляглядзе – вёска Гарошкаў. Радзіма пісьменьніка Толіка Сыса. Барыс перакананы, што і сам пісьменьнік цяпер недзе тут. Але шукаць яго ня сталі. У Толіка цяпер усе сюжэты пачынаюцца зь мілым палескім акцэнтам: Я ўупіў альбо мы ўупілі і... далей ідзе сюжэт. Чаму мы да яго не заехалі? Барыс кажа, што калі я так хачу зь ім пабачыцца, мушу ўзяць бутэльку і з Сысом ўупіць. А інакш – навошта я яго шукаў? Жалезная лёгіка.

І мы пакідаем гэтае месца зь ня надта добрым паветрам. Тут рэчыцкія адстойнікі – ці то бытавыя, ці для нейкай вытворчай гадасьці – ня важна.

... Ізноў назвы паселішчаў на паказальніках уражваюць. Едзеш, як па Ірляндыі. Вось вёска Дублін, а вось нейкі Велін, дый сам Брагін таксама. Мужчынскія словы.

Лоеў, як і ўсе тутэйшыя мястэчкі і вялікія вёскі, гадоў сто таму быў жыдоўскім. Гэта значыць, што апроч наежджай расейскай адміністрацыі тут жылі пераважна габрэі, а сялянская маса, якая атачала паселішча, была беларуская. Ад габрэяў засталіся камянічкі, якія й сёньня ўтвараюць аблічча гэтага зусім курортнага гарадка. Ціхі і ўтульны, акуратны Лоеў мае ўсе падставы прыцягваць турыстаў. Вялікую ваду дае зьліцьцё Дняпра з Сажом, пляжы, прыгажэнныя краявіды... І асаблівае радыяцыі тут няма. Праўда, колішні дух і інтэлект малюсенькага мястэчка ўжо ня тут – ён разьвеяны па ўсім сьвеце. Варта згадаць, да прыкладу, лоеўскага выхадца бэн Бэцалеля, знакамітага талмудыста, які апынуўся ажно ў Празе і напрыканцы 16 ст. стаў галоўным праскім рабінам. Гэта ён прыдумаў слыннага праскага голема. А з Францішкам Скарынам яны там разьмінуліся прыблізна на чвэрць стагодзьдзя...

Зрэшты, алюзіі колішняга лоеўскага інтэлектуалізму і досьціпу можна пабачыць і сёньня. Гэта я пра той абяцаны "эратычны сюжэт". А ўбачылі мы яго на цэнтральнай плошчы мястэчка, побач з будынкам райвыканкаму. Убачылі і вачам сваім не паверылі. Ленін. Звычайны Ленін, вельмі акуратны помнік, вельмі правільны, амаль такі, як у Менску на плошчы незалежнасьці, чорны. Толькі Ільліч тут ні на што не абапіраецца а паказвае пальцам на сутоку Дняпра і Сажа, туды, дзе гарадзкі пляж. А замест указальнага пальца ў Леніна – фалас. Самы што ні ёсьць рэалістычны, адпаведны ўсяму помніку. Ну, усякіх даводзілася бачыць Ленінаў – і пафарбаваных зялёнай ці блакітнай фарбай і нават такога, як у пасёлку Жаркоўскі на Цьвершчыне, у якога штаны ўехалі ў зад, але гэткага – з фаласам замест указальнага пальца – ня бачыў ніколі.

Мы сьмяяліся, але стрымана. Усё ж месца тут сур'ёзнае – штаб раённай вэртыкалі, вакол дзелавіта сноўдае мясцовае начальства. І потым, сам факт такога Леніна ўяўляўся за межамі магчымага. Ці гэта жарт скульптара? Але ж ставіўся помнік у самыя суворыя сталінскія часы – у 1948-м. Магчыма, пажартаваў які пазьнейшы рэстаўратар? А можа гэта водгук беларускай палескай архаікі, дзе фаласам, да прыкладу, упрыгожвалі вясельны каравай, зьвязваючы гэта ўсё з заклінаньнем плоднасьці. А яшчэ думалася пра тое, што людзі ў нас часта на такія рэчы не зьвяртаюць увагі. Усё ж такі Ленін – штука сур'ёзная, таму калі й бачыш у ім нешта "ня тое" – ня вер вачам сваім.

...Чарнобыль суправаджае нашую вандроўку хутчэй як вобраз, чым як рэальнасьць. Сапраўды ж, радыяцыю не памацаеш, а што ў горле запяршыла – дык магло і ад цыгарэты. Чарнобыль – невідзімка. Іншы раз хацелася думаць пра яго як пра вялікі міт, створаны беларускім народам у канцы мінулага стагодзьдзя, як пра фальклёр. Нешта падобнае да пачвары Нэсі ў шатляндзкім возеры, толькі не такое "матэрыяльнае". Чарнобыль нагадвае дух Нэсі. Такое прыблізна адчуваньне Чарнобылю, па-мойму, у людзей, якія жывуць на забруджаных тэрыторыях. І ў такім стылі пра яго распавядаюць. Пра хваробы гавораць як пра іншую тэму, падыходзячы ўжо нібы "з другога боку". Хваробы – гэта рэальнасьць. А Чарнобыль – злая, натуральна, але ўсё ж казка. Зьмешваць іх, складаць у прычынна-выніковую сувязь не выпадае. Як нельга зьмешваць уласную хату з палацам якога зьмея Гарыныча. Гэта два розныя жанры. І калі зьмешваць – як тады жыць?

...У вечаровым сонечным Брагіне на акуратным цэнтральным пляцы парамі шпацыруюць дзяўчаты і хлопцы. Дзеці ядуць хойніцкае марозіва. Маладая жанчына годна нясе свой вялікі жывот – цяжарная. На сьветлавым табло на будынку палаца культуры сьвецяцца лічбы – 96 мікрарэнтген у гадзіну. За бюстам земляка-пажарніка, які загінуў на АЭС – сьпісы населеных пунктаў: пахаваных, якія зрылі бульдозэрамі, адселеных і тых, якія знаходзяцца ў стадыі адсяленьня. Брагін – у гэтым апошнім сьпісе.

Дарога з Брагіна ў Хойнікі ідзе паміж засеяных палёў. Зьлева і справа – адселеныя, пустыя вёскі. Проста сярод поля раз-пораз стаяць знакі – трохсотмэтровая забарона на прыпынак. Гэта яны абазначаюць, што злы казачны дракон усё ж існуе, і адчуць ягоны дотык, матэрыялізаваць небясьпеку пры жаданьні можна акурат у гэтым месцы.

Дарога на Бабчын закрытая шлагбаўмам і ахоўваецца міліцыяй. Але гэтым разам у нас няма задачы патрапіць у трыццацікілямэтровую зону, і таму мы праяжджаем міма. Бабчынскі пэдтэхнікум, у якім у дваццатыя гады ўтварылася беларуская нацыяналістычная арганізацыя альтруістых, застаецца пакуль неадведаным. А яшчэ Бабчын – радзіма пісьменьніка Мятліцкага, таго самага, які цяпер прызначаны рэдактарам часопіса "Полымя" і які пісьменьніцкую кар'еру зрабіў на вершах пра Чарнобыль. Я цытую нешта з колішняга верша Мятліцкага пра радзіму: "Дзе помнічак пад ліпамі ля школы вартуе даўняй памяці грамы". І мы ўсе разам задумляемся, што гэта ўсё значыць...

Хойнікі – чыста польскае слова. Толькі націск трэба ставіць правільна – ХойнІкі. Гэта як Мінск або Гродна – таксама польскія варыянты беларускіх назваў, якія прыйшлі назад у мову беларускую з расейскай. Зусім яскравы прыклад – Гайнаўка. Яна цяпер з польскага боку мяжы і па-польску – Гайнувка, а ў расейцаў няма такога "г" і яны польскую ўжо назву перадаюць праз "х" – Хайнувка. Ну, а паколькі ў нас доўгі час за эталён ва ўсім бралася расейская мова, дык цяпер і па-беларуску афіцыйна – Хайнуўка. У выніку беларуская вёска зь беларускім насельніцтвам, якое так прыгожа назвала сваё паселішча Гайнаўка, цяпер па-беларуску – Хайнуўка.

Праўда, нашы людзі, як правіла, на такія алягізмы не зьвяртаюць увагі, як на той фалас Леніна ў Лоеве. Альбо як на расклад руху на Ашмянскай аўтастанцыі, дзе Літва названая "дальнім замежжам", хоць ехаць да яе 20 кілямэтраў, а быў бы аўтобус на Ашгабад – называўся б "блізкім замежжам", хоць ехаць да яго трэба было б 3 тысячы кілямэтраў, далей, чым да Нью-Ёрку, дарэчы...

Празаік Барыс Сачанка, які пра тутэйшую сваю родную вёску Вялікі Бор напісаў тоўсты раман "Вялікі Лес", тлумачыў, што спрадвечная беларуская назва Хойнікаў – Хвойнікі.

Глінішча. Радзіма пісьменьніка Мележа. Дом-музэй, як той казаў, вылізаны, акуратненькі. Перад ім – бюст Мележа, які ў гэтым выкананьні нагадаў нам Быкава. Барыс Пятровіч зьвяртае ўвагу на тое, што дом-музэй належыць аддзелу культуры Хойніцкага райвыканкаму. А ў Хойніках сваіх пісьменьнікаў, маўляў, любяць, як нідзе. Натуральна, праяжджаючы такой вёскай, пачынаеш углядацца ў абліччы вяскоўцаў – хто тут знакаміты Васіль, а хто – Ганна Чарнушка. Людзі на балоце, якога даўно ўжо няма...

У Юравічах Барыс заявіў, што менавіта тут самыя прыгожыя беларускія дзеўкі. Ён наагул патрыёт Хойнікаў, ці Хвойнікаў. Але тут нешта здаўся на карысьць, выходзіць, Калінкавіччыны. Гэтая -ччына правакуе цэлую плойму згадак пра тое, як гомельцы або гамяльцы або афіцыйныя гамяльчане – у сэнсе, жыхары вобласьці – называюць жыхароў сваіх гарадоў і вёсак. Можна ж брагінцы сказаць, а можна і брагінчане, хойнікцы і хайнічане. Гэтыя -ане гучаць больш на расейскі манер, хоць гэта няпраўда, дакладней, гэта чыста мясцовая праўда. А ўсё расейскае ў нас ухваляецца, і нягледзячы на ўзор якіх-небудзь ленінградцаў, тут жыхароў Чачэрску, да прыкладу, упарта называюць чачарчане. І толькі так. Чачэрцы ўжо як бы і не па-нашаму.

Архітэктурная прыкметнасьць Юравічаў – руіна кляштару і стары калегіюм, у якім сёньня праваслаўны манастыр. Усё гэта абнесенае высокім плотам. Уваход – напісана – толькі з блаславеньня, і побач табліца з папярэджаньнем пра злога сабаку. Нечым усё гэта нагадвае зону. Магчыма, так і трэба. Тут утаймоўваюць целы, каб мацаваўся дух...

Юравічы можна лічыць абсалютным пачаткам чалавека ў Беларусі. Менавіта тут знойдзеная самая старая ў нас чалавечая стаянка. Каля 30 тысячаў гадоў таму. І – абсалютная прастора для фантазіі. Што гэта быў за чалавек, адкуль прыйшоў і чаму ён менавіта тут вырашыў пасяліцца? Свой адказ мы знаходзім даволі хутка. На месцы.

Уявіце сабе, што вы праехалі кілямэтраў сто па абсалютнай роўнядзі сярод палёў, лясоў і вёсак. Такая роўная плоскасьць на месцы асушаных балот. І раптам гэтая плоскасьць абламваецца і вы глядзіце з трыццацімэтровай гары, а перад вамі – унізе на ўвесь прасьцяг, на ўсю шырыню далягляду – іншая плоскасьць з тымі самымі пялямі, лясамі і вёскамі, толькі від зьверху. Здагадка прыйшла адразу. Гэта ж мы стаім на беразе легендарнага мора Герадота, якое славуты грэцкі гісторык намаляваў некалі на месцы сучаснага Палесься... І таму нічога дзіўнага, што першабытны чалавек вырашыў пасяліцца на беразе мора.

Хто быў той першы чалавек, таксама становіцца зразумела хутка, на самой стаянцы. Праўда, ад яго захаваўся толькі пастамэнт з надпісам "В.И.Ленин". Сюды ж праведзеная электрычнасьць. Падсьветка. Жыва ўяўляецца, як у сталінскія часы гэты першабытны чалавек ці першачалавек стаяў высока і горда па-над морам Герадота. Такі сабе Заратустра. На самым глыбінным узроўні скрайнасьці змыкаюцца. І тут гэта адчуваеш. Лысы карузьлік – звышчалавек. Пастамэнт сталінскага часу з такімі самымі ляпнінамі, як на менскім Сталінскім праспэкце. Але Леніна няма. Ён сышоў, хутчэй за ўсё, разам з разьвянчаньнем культу Сталіна. Дакладней, пераставілі яго кудысьці, ці на плошчу, ці на які школьны двор. Але вось сымболіка! Ленін на стаянцы першабытнага чалавека зьнік разам са зьнікненьнем таго, каго называлі Ленінам сёньня...

Не дае спакою той першы чалавек. Беларускі Адам. За сваю гісторыю Палесьсе ведала многія перасяленьні і засяленьні. Кажуць, што славяне прыйшлі сюды з Дунаю, бо ўсе тутэйшыя песьні – пра Дунай. А яшчэ тут сьпяваюць пра мора. "Колькі раз я ў моры парынала, не дастала ў моры дна, я сваімі белымі рукамі адмахала ўсім людзям, я сваімі русымі касамі прыплывала к берагам". Што дзіўнага, што народ, які жыве па берагах колішняга мора, захаваў тое мора ў сваіх песьнях?

Пазьней тут масава сяліліся... Хто толькі ні сяліўся. Нават туркі. Але мястэчкі былі габрэйскія. Сёньня гэтага ўжо не відаць. Пагналі габрэяў тутэйшыя партыйцы са сваім прыроджаным антысэмітызмам. Самы паказальны прыклад гэткага выгнаньня – сёньняшні стары Мазыр – акуратны і прылізаны на мінулыя Дажынкі, але цалкам спустошаны, выхалашчаны. Таксама, дарэчы, кантраст. Акуратны горад, у якім ніхто не жыве, а толькі прагульваюцца. Зь дзяцінства памятаю стары драўляны рынак, які заўсёды быў проста затоплены народам. Цяпер на ягоным месцы – новы, вялізная бэтонная гаргара. Таксама меўся быць рынкам. Але ня стаў. Няма каму сюды хадзіць, бо ўся забудова прылеглых вуліц зьнесеная. Мне згадваецца, як у 1980-я, калі старыя камяніцы тут руйнавалі цэлымі вуліцамі, мясцовы загадчык аховы помнікаў зьдзіўлена пытаўся – навошта нам пакідаць гэтыя "жыдоўскія клапоўнікі"? На сьцяне ў ягоным кабінэце – і гэта ў сярэдзіне 1980-х! – вісеў партрэт Сталіна. Цяпер я думаю, што з такой "філязофіяй" можна было б і ад старой Вільні зь яе "жыдоўскімі клапоўнікамі" не пакінуць каменя на камені. Але пакінулі. І цяпер "клапоўнікі" ўнесеныя ў сьпіс сусьветнае спадчыны.

Апошняе ўражаньне – нібы ў працяг гэтае тэмы – я вынес з гастраному ў Калінкавічах. У прадавачкі-жыдовачкі на бэджы прачытаў яе імя і прозьвішча: Надзея Фундамэнт. Побач яе каляжанка, наліваючы мне смачнага мазырскага квасу, распавядала яшчэ адной, трэцяй прадавачцы: "Я ў Фундамэнт летам зьбірацца не люблю, вып'еш 50, а ап'янееш на 150, панэльны дом, сонечны бок – чыстая саўна..." І ўсе сьмяяліся, разам з гэтай самай ва ўсіх сэнсах сымбалічнай Надзеяй Фундамэнт.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.