|
|
30 Чэрвеня 2002
|
Мундыяль як сьвята і вайна |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Футбольны чэмпіянат сьвету праходзіць як віхраслуп, пранікаючы ва ўсе закуткі плянэты і чалавечых душаў. Нават калі вы не заўзятар і вашая нацыянальная зборная ў ім ня ўдзельнічае, ён усё адно адбіваецца на вашым жыцьці і жыцьці вашай краіны. І тут нічога дзіўнага няма. Такая колькасьць чалавечае энэргіі зьбіраецца ў адным месцы з усёй зямлі, што па зьвестках з чэмпіянату можна варажыць як па зорах у небе. Мундыяль лучыць у сабе вобразы найвялікшага і ўсеагульнага фэсту, карнавалу і вайны. Гэта бітва народаў, сучаснае Ватэрлоо, якое натхняе пісьменьнікаў і палітыкаў, мастакоў і музыкаў.
Футбольны чэмпіянат палоніць усіх. Нават тых, хто не глядзіць матчы, але мусіць перажываць або цярпець эмоцыі бліжніх. Палоніць і тых, хто ніякім чынам прафэсійна да спорту не датычны. Гэтай парою ў кавярнях часьцяком загаворвалі пра футбол нават мастацтвазнаўцы. Вось некалькі назіраньняў Сяргея Харэўскага.
(Харэўскі: ) "Самае яркае ўражаньне – гэта заўзятары. Іхныя эмоцыі й спосабы іх выяўленьня – ці не найбольш красамоўнае сьведчаньне этнічнае тоеснасьці. Швэды й датчане, да прыкладу. Як і зазвычай, скандынавы расфарбоўвалі твары крыжам у колеры ўласных сьцягоў. Вельмі стрымана й годна паводзіліся на трыбунах туркі. Туркі хочуць быць эўрапейцамі. Нашмат болей фантазіі выявілі японцы. Як паказаць экспромтам японскі сьцяг? Трэба выразаць у белам аркушы дзірку, прасунуць туды галаву й расфарбаваць яе чырвонай губной памадай – вось табе і японскі сьцяг. Яшчэ больш страката й неўтаймоўна выглядаюць бразыльскія заўзятары: птушыныя пёры й трохколерныя – зялёна-жоўта-сінія саколкі, адчайныя дзяўчаты, якія паказваюць усяму сьвету свае грудзі, хлопцы, якія б'юць у барабаны. Адна з самых маладых нацыяў сьвету дэманструе сваю жыцьцяздольнасьць".
(Дубавец: ) Цікава, як бы гэтую самую жыцьцяздольнасьць прадэманстраваць нам, беларусам. Ня можам. Па-першае, беларускай зборнай на чэмпіянаце не было. Па-другое, калі яшчэ зь бела-чырвона-белым сьцягам і можна нешта такое прыдумаць, дык ён жа неафіцыйны. А з афіцыйным і зусім бяда. Ён ужо настолькі прадуманы ў пляне фантазіі, што ні адняць, ні дадаць нічога немагчыма. Усялякая твая прыдумка будзе лішняй. Як, дарэчы, і з афіцыйным гербам.
Выглядае, што справа зусім ня ў тым, што сьцяг і герб, якія прыдумаў першы прэзыдэнт РБ, непрыгожыя. А ў тым, што яны цалкам выключаюць усялякую сутворчасьць. Паспаліты народ ня мусіць умешвацца і адвольна інтэрпрэтаваць сымбалі дзяржаўнае важнасьці. Вось чаму яны такія мудрагелістыя і безгустоўныя. Натуральна, гэта не беларуская, а яшчэ савецкая прыдумка – бясконцыя палоскі, арнамэнты, вянкі ды завіткі. Не падробіш...
А яшчэ падумалася пра падсьведамую залежнасьць нетрапляньня беларускай зборнай на чэмпіянат ад немагчымасьці беларусаў нароўні зь іншымі народамі прыдумляць усялякія штукі з такой дзяржаўнай сымболікай...
Футбол крочыць па плянэце. Як пасяўная з дажынкамі адначасова – два ў адным. За што яго гэтак і любяць. Ужо не адна ахвяра ў таго сьвята, але й не адзін культурны набытак у той вайны. Нездарма да такіх мундыяляў штораз ствараюцца гімны.
Грамадзтва рашуча падзеленае на заўзятараў і незаўзятараў. Гэта як у нас з мовай. Праўда, аднолькава заўзятыя абаронцы роднага слова па-рознаму рэагуюць на футбол. Зрэшты, іхная рэакцыя, якой бы яна ні была, безвыніковая. Гэта футбол рэагуе на беларушчыну вынікова, гэта ён неабыякавы да яе. Ён прымушае заўзятараў "Дынама" выцягваць на трыбунах нацыянальныя сьцягі, а рускамоўных камэнтатараў з БТ гаварыць па-беларуску – няўмела і з падстрахоўкай, па два камэнтатары разам, але... Народ ля тэлевізараў, слухаючы гэтыя ніяк не мілагучныя і слаба інфармацыйныя заіканьні, не пратэстуе. Як у свой час і ў масе сваёй не пратэставаў супраць шырокага пераводу школы на беларускамоўнае навучаньне. Выходзіць, людзі ў нас і сапраўды, ужываючы расейскія словы, адчуваюць, што гавораць па-беларуску.
А ці зьмянілася нешта ў беларускім футбольным заўзятарстве з савецкіх часоў? Пра гэта гаворыць сталы аўтар “Вострае брамы” і адзін з самых апантаных футбольных заўзятараў, у пэўным сэнсе "дзіця футболу", Зьміцер Бартосік.
(Бартосік: ) "Тое, што для савецкага чалавека футбол – гэта ня "проста гульня", я зразумеў яшчэ ў маленстве. Калі ўбачыў трамвай, забіты радаснымі мужычкамі. Як жа гэтыя мужычкі ў той вечар былі непадобныя на саміх сябе! Звычайна сумных і пахмурных. Быццам цяпер у кожнага зь іх быў дзень нараджэньня. "А каб вы прапалі са сваім футболам", – сказала тады маці. Выснова нарадзілася імгненна. Футбол – гэта сьвята для дарослых мужчын.
Ну дзе яшчэ можна было ня думаць пра затрыбуннае жыцьцё. Зь ягонымі партсходамі й мясцкомамі. Дзе яшчэ можа было забыцца на дэфіцыты й крыкі начальнікаў. На трыбуне – усе роўныя. Дзе яшчэ можна было даць волю эмоцыям. У тым ліку й патрыятычным. Бо хварэлі ж не за "Дынама" й "Гомсельмаш", а за беларусаў.
Мы, юныя піянэры, вельмі хутка разгадалі дарослыя сакрэты. І разам з усімі хадзілі на матчы "Гомсельмаша", і разам крычалі "але-але-але, гамсяльмаш, гамсяльмаш!" І ня вельмі засмучаліся ад паразаў, і ня верылі, што каманда калі-небудзь пакіне другую лігу саюзнага чэмпіянату. Хоць да гэтае пары я памятаю прозьвішчы гомельскіх карыфэяў мяча – Абабурка, Панцялееў, Шынкароў. Але ня іх гульня была тым магнітам, што цягнуў нас на стадыён...
І не з-за развалу СССР апусьцелі трыбуны нашых стадыёнаў. А з-за таго, што футбол пачаў станавіцца проста гульнёй. Як ва ўсім сьвеце. Дзе людзі зьбіраюцца хварэць за сваіх. Да тае незабыўнай пераможнай гульні з галяндцамі. Калі нацыянальны сьцяг ужо быў пад забаронаю. А бел-чырвона-белы пасьляматчавы марш у цэнтры сталіцы не на жарт напалохаў улады...
Я даўно не хаджу на стадыён. Што можа быць больш ненатуральным, як адчуваньне несвабоды на трыбуне. Я не хачу стаяць пад позіркамі амонаўцаў. Бачыць, як б'юць тых, хто прыйшоў хварэць са сьцягам. Чуць "Жыве Беларусь" з размаляваных у чырвона-зялёнае твараў. Я не настолькі апантаны заўзятар, каб не зважаць на такія моманты гульні.
Пасьля адборачнага матчу чэмпіянату сьвету, дзе нашы прайгралі ўкраінцам, мы зь сябрам пайшлі залізваць раны ў боўлінг "Журавінка". На суседняй дарожцы гуляла кампанія маладых вясёлых людзей. Іхны столік упрыгожваў чырвона-зялёны сьцяжок. "Зараз я ў іх куплю сьцяжок, – сказаў сябра, – учыню прылюдны, цынічны акт ганьбаваньня "гасударственай сімволікі". Але акцыя не ўдалася. "Мы з гэтым сьцягам перажылі ганьбу Беларусі", – адказалі нашы суседзі. "Пры чым тут ганьба? – не зразумеў мой прыяцель. – Гэта ж усяго толькі гульня. Ганьба зусім у іншым". Але цяпер ужо яны не зразумелі, у чым".
(Дубавец: ) "Зьміцер Бартосік уважліва сочыць за кожным пэнальці на цяперашнім футбольным чэмпіянаце сьвету. Тым часам Сяргей Астраўцоў у Горадні аддае перавагу палітычнай кроніцы. Акурат у чэрвені там судзілі журналістаў газэты "Пагоня". Судзілі гэтаксама кепска, як матч гішпанцаў з карэйцамі, калі забітыя гішпанцамі мячы не залічваліся з-за судзейскіх памылак, што бесстароньне зафіксаваў фотаробат. Тым ня менш, карыфэі сусьветнага футболу мусілі адправіцца дахаты, бо судзьдзі маюць права на памылку. Нават на такую, што мяняе вынік справы на адваротны. Сяргей Астраўцоў працягвае”.
(Астраўцоў: ) "Суд можна параўноўваць з тэатрам, можна параўноўваць з гульнёй. З боксам, напрыклад. Але каб на рынгу былі толькі абвінавачаны і пракурор — супернікі плюс судзьдзя, рэфэры. А калі абвінавачаных два і яны маюць двох адвакатаў? Чым не футбол, га? Размовамі пра які поўніўся горад усе тыя дні, калі ў Ленінскім судзе Горадні адбываўся судовы працэс супраць журналістаў Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Судовае разьбіральніцтва цягнулася з 4 да 24 чэрвеня. Хаця шчыра скажу, што думкі пра футбол, пра мяч мяне наведалі толькі ў апошні дзень. Калі я стаяў разам з усёй заляй, слухаючы прысуд.
Адкруціўшы судовую стужку назад, паспрабую пашукаць падабенства. Пачатак "гульні". Каманда бел-чырвона-белых, назавем іх так умоўна, патрабуе ад рэфэры большай залі. Каб усе ахвотныя мелі магчымасьць назіраць за падзеяй. У адказ гучыць адмова. За дзьвярыма чуваць гучнае, зусім стадыённае скандаваньне — "Ганьба! Ганьба!" Судзьдзя з пракурорам пакідаюць залю. Ля дзьвярэй судовага будынку на вуліцы яшчэ болей заўзятараў, якія ня трапілі на гульню. Ланцугі амону не прапускаюць іх. Заўзятары ціснуць і прарываюць перашкоду. Разьбіта дзьвярная шыба, хтосьці параніўся. Прыяжджае хуткая. Натхнёныя перамогай заўзятары прарываюцца ў залю. Але перапынак зацягнуўся. "Футболу" няма.
Наступны дзень. Калі першыя заўзятары — журналісты праз хвіліну пасьля адкрыцьця суду апынуліся ў залі, яна была ўжо напалову запоўнена. Узвод аднолькавых людзей у цывільным з амонаўскімі тварамі моўчкі сядзеў, не рэагуючы на іранічныя выгукі і ўсьмешкі. Голеныя галовы, шварцэнэгераўскія сківіцы, вялікія плечы. Бел-чырвона-белыя адразу заявілі пратэст. Чырвона-зялёныя праігнаравалі яго. Да болю знаёмая з савецкіх часоў справа. Вы ня можаце купіць квіток на спэктакль альбо канцэрт. Палову залі займаюць прыгнаныя гуртам салдаты. Другая пустуе. Гэта рабочым выкупіў квіткі прафсаюз.
Судзьдзя адмаўляе падсудным, не даючы мець грамадзкіх абаронцаў. Мікола Маркевіч пачынае гаварыць футбольнымі тэрмінамі: "Высокі суд, гэта фактычна гульня ў адныя вароты". Пракурор цісьне, як жалезная фаланга. Адчувае падтрымку ўзводу, які ў зале, узводу, які вартуе дзьверы Ленінскага суду. Адчувае за сьпінай моц дзяржаўнай машыны. Аднак часам гуляе нечакана слаба, непераканаўча. Павал Мажэйка гаворыць, што не рабіў ніякага паклёпу на прэзыдэнта, ня маючы нічога падобнага нават ў думках. Пракурор Рабаў у адказ задае наіўнае пытаньне: "Як вы тады патлумачыце, чаму заведзеная крымінальная справа?" "Трыбуны" выбухаюць сьмехам. Сьмяюцца журналісты, сьмяюцца дыпляматы, ды ўсе астатнія. Рэфэры спыняе сьмех пагрозаю выгнаць з залі.
Абарона бел-чырвона-белых выдатна вядзе гульню, пераходзячы раз-пораз у контратакі. Але чырвона-зялёныя трымаюцца жалезабэтонна.
Апошнія хвіліны "матчу". Відавочную перавагу каманды Маркевіча і Мажэйкі рэфэры разбурае, не залічвае іхныя галы ў браму чырвона-зялёных. Больш за тое, яна, як раней казалі, "валявым рашэньнем" зьмяняе лік на адваротны. Звонку зусім не эмацыйны чалавек, вядомы праваабаронца Гары Паганяйла, дэманстрацыйна пакідае залю. Назваўшы пачутыя "каншахты" ніякім не судом, а — ганьбішчам. Рэфэры захоўвае жалезны спакой. Пачутае далей стварае ў мяне ўражаньне адфутбольваньня. І зь цягам чытаньня прысуду гэтае ўражаньне няўмольна ўзмацняецца.
Адвакаты пераканаўча давялі, што газэта "Пагоня" з крамольнымі нататкамі і вершам не распаўсюджвалася. А толькі ў гэтым разе яна лічыцца сродкам масавай інфармацыі. Судзьдзя ж гаворыць, што вершык прачыталі дзьве супрацоўніцы друкарні. А значыцца — распаўсюджваньне газэты даказана. Доказаў таго, што хтосьці чытаў ў інтэрнэце вершык пад назвай "Абяшчаў, абяшчаю, буду абяшчаць" няма. Але суду, аказваецца, дастаткова дапушчэньня, што тэарэтычна нехта яго там мог прачытаць.
І самы фундамэнтальны ход. Абарона гаворыць: дапусьцім, абвінавачаньне лічыць, што ў крамольных нататках гаворыцца менавіта пра Лукашэнку і што яго, быццам бы, абвінавачваюць у "генацыдзе, забойствах палітычных апанэнтаў і стварэньні мафіі". Тады яно павінна прадставіць суду доказы таго, што вышэйназваная асоба нічога гэтага не рабіла. Іначай кажучы, доказы невінаватасьці прэзыдэнта. Але паколькі рассьледаваньня і суду не было, значыцца гэтыя зьвесткі не абвергнутыя... Суд робіць гэткі "ход канём". Б'е праціўніка на ягоным полі, ягонай жа зброяй. Судзьдзя Клімава заяўляе літаральна наступнае. Паклёп на прэзыдэнта ў публікацыях "Пагоні" даказваецца тым, што абвінавачаньне супраць яго не высоўвалася, суду не было, і яго не прызнавалі вінным у стварэньні мафіі і гэтак далей.
Вось такі "футбол" атрымаўся. Што да Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, дык яны сапраўдным футболам падчас працэсу цікавіліся. Асабліва Павал. Глядзеў некаторыя матчы, цікавіўся гульнямі ў інтэрнэце і ў газэтах. Быў заўзятарам Партугаліі і Харватыі, а таксама польскай зборні — таму што суседзі. Цяпер ён — за немцаў. Каб быць за эўрапейцаў. Мікола таксама чакае перамогі нямецкай дружыны".
(Дубавец: ) "Між іншым, суд над журналістамі "Пагоні" супаў у часе з пачаткам закрыцьця ў Расеі радыкальнай газэты "Лімонка", чый рэдактар пісьменьнік Лімонаў даўно ўжо сядзіць у турме. Жыва ўявілася, што калі Беларусь на "безумоўнай аснове" ўвойдзе з Расеяй у адну дзяржаву, інакш кажучы, калі і ў Беларусі будзе Расея, дэмакратычную і заслужаную для нацыянальнага адраджэньня "Пагоню" які-небудзь расейскі судзьдзя будзе разглядаць нароўні з той "Лімонкай", а беларускіх адраджэнцаў прыраўняюць да ўласных нацыянал-бальшавікоў. Але розьніца ў тым, што тых судзьдзяў мы ўжо не назавем махлярамі, бо зьменяцца самыя правілы гульні. Зусім іншы пачнецца футбол. Расейскі, дэмакратычны...
Як на працягу сёлетняга чэмпіянату галасавалі, выбіралі, заўзятарствавалі – усё гэта зьявы аднаго парадку – у Менску? Вось што ўгледзеў там Севярын Квяткоўскі”.
(Квяткоўскі: ) "Вы за Буша ці за Гора?" – такое вулічнае апытаньне мне давялося рабіць у часе выбараў прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Менчукі зь вялікшым імпэтам абмяркоўвалі прэтэндэнтаў на кіраўніка Белага дому, чым пазьней кандыдатаў на прэзыдэнта Беларусі. Цяпер падобнае – "за Бразылію ці за Нямеччыну?" – чуваць у транспарце, кавярнях, і проста на вуліцах. Пытаньне з разраду "за Бітлз ці Ролінг Стоўнз?"
Калі Мундыяль ужо стартаваў, а БТ яшчэ не пачало перамовы пра трансьляцыю матчаў, ля крамы спадарожнікавых антэнаў у цэнтры Менску цэлы дзень стаяў натоўп мужчынаў. У самой краме й празь вітрыну яны сачылі за мячом. Большасьць гледачоў былі зусім матэрыяльна зацікаўленыя ў выніку матчу, бо паставілі на кон пэўную суму. Стаўкі, праўда, невялікія, але на піва хапала. Апрача азарту гледачамі футболу рухае чаканьне сюрпрызу. Сёлета сюрпрыз зрабілі многія зборныя: няўдачнікі французы й шчасьліўчыкі карэйцы... А таксама судзьдзі, якія не шкадавалі картак для гульцоў. Некаторыя мае знаёмцы нават рабілі стаўкі на колькасьць папярэджаньняў за адзін матч.
Людзі чакаюць сюрпрызу, цуду альбо папросту відовішча. Калі сыходзяцца ў двубоі Буш і Гор, альбо зборныя Бразыліі й Нямеччыны, бачыш вялікую інтрыгу, бо супернікі розныя й роўныя. А што можа выклікаць азарт або стварыць відовішча ў Беларусі? Двубой Лукашэнкі й Ганчарыка? Ці супрацьстаяньне "гомельшыны" зь "віцебскдрэвам?"...
За савецкім часам футбольны стадыён быў ці не адзіным месцам, дзе чалавек мог без асьцярогі публічна выяўляць свае эмоцыі, што патаналі ў агульным крыку. Трыбуны шалелі, а пасьля некалькі дзясяткаў тысяч чалавек амаль моўчкі разыходзіліся па дамах. У якой іншай краіне на вуліцы выкацілася б сапраўдная фіеста. А ў Менску хіба купкі падлеткаў, размаляваных у чырвона-зялёныя колеры, няладна выкрыквалі "Жыве Беларусь!" Ды чуліся саркастычныя выказваньні, кшталту, "дзякуй Лукашэнку, выйгралі, бо яго не было на матчы".
На мітынг пратэсту супраць адсутнасьці трансьляцыі Мундыялю на пляц Якуба Коласа прыйшло трыста чалавек, зь якіх большасьць былі палітычна заангажаваныя, журналісты й супрацоўнікі спэцслужбаў. Астатнія лаяліся на лавах у сквэрыках і на кухнях дома.
Адзін знаёмы пажартаваў, маўляў, калі карэйцы перамогуць у фінале, дзьве Карэі аб'яднаюцца.
А ўявіце сабе выхад зборнае Беларусі ў паўфінал чэмпіянату сьвету. Гэта што, пачатак нацыянальнае рэвалюцы? Мяркую, дзясяткі, калі ня сотні тысячаў людзей былі б на сёмым небе ад шчасьця: у сквэрах, "на прадпрыествах" і ў хатах. АМОНацы будуць лавіць маладафронтаўцаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, у крамах забароняць продаж піва. А пераможцы-футбалісты адно завітаюць на радзіму, каб ім паціснуў руку прэзыдэнт, і разьедуцца па эўрапейскіх клюбах. А праз колькі часу мінакі на вуліцах будуць палка адказваць карэспандэнту на пытаньне "вы за Буша ці за Гора".
У тым выпадку, калі ня зьявіцца адчуваньне слова "мы".
(Дубавец: ) “Ну вось Севярын Квяткоўскі і сурочыў. Акурат напярэдадні фіналу Паўночная Карэя патапіла паўднёвакарэйскі карабель. Так шмат гаворыцца пра аб'яднаньне дзьвюх Карэяў, але да аб'яднаньня, выходзіць, яшчэ далёка. У іх там свае "бел-чырвона-белыя" супрацьстаяць "зялёна-чырвоным".
Напярэдадні фінальнага матчу ўпору было згадаць старое пытаньне дзіцячых гульняў – ты за нашых ці за немцаў. Нашыя ў гэтым выпадку – бразыльцы. Ранальда ў заўзятарскіх колах гатовы стаць нацыянальным героем Беларусі, як некалі наш Ігнат Дамейка стаў нацыянальным героем у Лацінскай Амэрыцы.
Постсавецкая Расея вынесла зь сёлетняга футбольнага поля бою першых ахвяраў. Самы час задумацца, што гэта такое – сьмерць заўзятара, які загінуў у бойцы. Распуста? Ці, як сказаў бы, Дастаеўскі сквэрна? А калі на магіле напісаць – "мужна загінуў на знак нацыянальнае трагедыі пасьля таго, як зборная Расеі пацярпела паразу"... Вось вам і своеасаблівы сымбаль патрыятызму і месца збору заўзятараў, якія такую сьмерць інакш як геройскую ўспрымаць ня будуць. А самагубства заўзятара? Чым не высокі акт, так падобны да самагубства ўсеагульна любімага паэта? Паэт жа ў Расеі болей чым паэт. Заўзятар – болей чым заўзятар. Зрэшты, ня толькі ў Расеі. Але, бадай, ня ў Беларусі.
Беларусы таксама маюць сваіх паэтаў-самагубцаў, толькі прычыны ў іх зазвычай былі празаічныя. А вось да ахвяраў сярод заўзятараў мы яшчэ не дажылі. Тым ня менш, задумацца нашай аўдыторыі расейскіх тэлеканалаў ёсьць пра што.
Калі спорт закліканы даваць выхад ваяўнічай энэргіі мас, дык ахвяры тут запатрабаваныя гэтаксама як у славутай прыказцы пра мастацтва. Калі ў вашага народу ёсьць крыўда на наш народ, дык нябачнае войска нашых заўзятараў сыдзецца зь нябачным войскам вашых, піўнымі пляшкамі разаб'юць адны адным галовы і на нейкі час усіхнае напружаньне будзе зьнятае. Хіба ня ў гэта ператварыліся некалі сапраўдныя бітвы пад Воршай і Ватэрлоо? Тады, выглядае, гібель заўзятара ў бойцы – сапраўдны подзьвіг. Зусім не бессэнсоўны, як гатова было нам уявіцца напачатку.
Праўда, душа не заўсёды падтрымлівае такую лёгіку. І ў гэтым зноў жа нашая беларуская амбівалентнасьць. Думаючы пра ахвяраў мінулага чэмпіянату, пра сваіх міжволі ўздыхаецца з палёгкай: ратаваў, Божа. |
|
|
|
|
|
|