|
|
7 Ліпеня 2002
|
Янка Купала: Fantasy з раскрытых курганоў |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Сёлетняе ўшанаваньне Янкі Купалы выглядае чаргова, дзяжурна, інэрцыйна. Бяз той жарсьці і сутворчасьці, зь якімі адзначаўся, да прыкладу, 100-гадовы юбілей. Цяпер жа нічога прынцыпова новага не гаворыцца і не паказваецца. Хіба што ППРБ зьвярнуўся да народу з заклікам "берагчы і шанаваць родную мову, разьвіваць нацыянальную культуру". Праўда, не дадаў, што "разьвіваньне" культуры ў нас – справа самой культуры, а ніяк не дзяржавы, і што за родную мову на сталічнай вуліцы найменшая ўзнагарода – падазроны пагляд ахоўніка парадку. Словам, нацыя ў нас разьвіваецца і сама сабою, і сама для сябе, і сама сабе насупор.
Што да Купалы, дык ён цяпер нібы ў запасе – застаецца ў інтэрпрэтацыях 20-гадовае даўніны. Нават найноўшы 9-тамовы збор твораў ня выклікаў эмацыйнага ўздыму, бо зроблены паводле тых, колішніх стандартаў і ў пару гіпэртэксту ды постмадэрных трактовак успрымаецца як састарэлы.
Калісьці ўсплёскі публічнае ўвагі да Купалы выклікалі, да прыкладу, новыя помнікі паэту – у Нью-Ёрку альбо ў Менску – зь першай у савецкім мастацтве эратычнай скульптурнай групай. Купала тады апынаўся на самай вышыні сучасных эстэтычных уяўленьняў. А творы, справакаваныя ім, станавіліся жывым працягам культуры і цяпер ужо яны самі – клясыка.
Тое самае можна сказаць пра першую пастаноўку яшчэ як бы і не зусім дазволеных "Тутэйшых", якую зрабіў у Менску ў 1982 рэжысэр Валеры Масьлюк. З новым уздымам гэты посьпех паўтарыў Мікалай Пінігін. П'еса Купалы, якая ў Масьлюка прагучала маніфэстам беларускага нацыянал-камунізму (у залі прысутнічалі кіраўнікі ЦК, а для БССР гэта было вельмі важна – сьцьвердзіць, што і ў нас ёсьць такое, як у Літве або Грузіі, нацыянальнае лобі), дык у Пінігіна гэта быў ужо найгучнейшы з маніфэстаў незалежнасьці.
Сёньня Пінігін паўтарае "Тутэйшых". Але маніфэстам чаго яны маглі б стаць цяпер? Барацьбы з рэжымам Лукашэнкі? Дзіва, што пастаноўка задуманая ня столькі як трыюмф мастацтва, колькі як палітычная акцыя. Рэжысэр зусім не ў тэатральных традыцыях заклікаў публіку паводзіць сябе стрымана – гэтаксама як партыйныя лідэры заклікаюць мітынгоўцаў разысьціся і не варочаць машын.
А яшчэ ў колішнія часы пільную ўвагу да народнага паэта прыцягвала тое, што значная частка ягоных твораў была пад забаронай. Цяпер яны адкрытыя. А яшчэ – тое, як Купала загінуў...
Словам, 120-я ўгодкі з дня нараджэньня не ажывяць для нас Купалу. Ці то час такі неюбілейны таму прычынай ці заняпад літаратуразнаўчае школы, у якой так павольна зьмяняецца эстэтычнае пакаленьне.
120-я ўгодкі – сапраўды не кананічны юбілей. Чарговы кананічны будзе празь пяць гадоў, бо юбілей мусіць быць кратны 25-ці. Часу быццам і дастаткова, каб новае пакаленьне зь іншым поглядам на жыцьцё і сучасным успрыманьнем літаратуры перачытала Купалу па-свойму, што і значыла б – ажывіла.
А пакуль можна гаварыць хіба пра тое, якія моманты жыцьця і творчасьці песьняра найперш прыходзяць на розум кожнаму з нас. У кожнага гэта сваё. Скажам, Сяргей Харэўскі згадвае эпізод юнацтва паэта, які запомніўся яму зь юнацтва ўласнага.
(Харэўскі: ) "Бяларучы, ці, як часьцяком кажуць тутэйшыя, Бяларуч'е – цяпер вёска ў Лагойскім раёне. А некалі тут было даволі бойкае мястэчка, цэнтар воласьці, з царквой ды сынагогай. Яшчэ дваццаць гадоў таму на цэнтральным пляцы, што ляжыць пад падэшваю вялікага гарадзішча, стаяў пастамэнт ад помніка цару Аляксандру Другому. Той помнік паставілі нібыта ўдзячныя сяляне, за сваё шчасьлівае вызваленьне ад прыгону. Седзячы на высачэзнай гары колішняга гарадзішча, цікава было назіраць, як месяць пясок вакол таго пастамэнту вясковыя машыны. Ад іхных шынаў утвараўся малюнак Галяктыкі, цэнтрам якое заставаўся абшчэрблены куб... А яшчэ за царскіх часоў тут было народнае вучылішча, тое самае, што скончыў Янка Купала.
Вось жа ў той самы будынак, дзе ён вучыўся, пасялілі й нас, навучэнцаў мастацкае вучэльні імя Глебава, на час практыкі. Хіба дзеля надзвычай прыгожых тутэйшых ваколіцаў: невялічкая, але порсткая й чыстая рэчка Вяча, горы, каранаваныя лясамі, пярэстыя разлогі паплавоў ды палёў.
У нашую праграму ўваходзіла таксама маляваньне людзей з натуры. Самае цяжкое было дамовіцца зь вяскоўцамі, каб пазіравалі. Нарэшце азваўся адзін калярытны вусаты дзед. Сядзеў ён нерухома, ціха. Але пачуўшы, як мы, юнакі, гаворым міжсобку па-беларуску, без папярэдніх уводных словаў раптам сказаў: "А тое, дзеткі, што вам кажуць, нібы Купала мужыком быў, дык вы таму ня верце! Мы ўсе ў школу ў лапціках прыходзілі, а ён – у боціках". Дзед шчодра дзяліўся ўспамінамі пра Купалу, пры тым хутчэй не сваімі, а абагуленымі. Напрыклад, пра тое, што Луцэвічы былі не тутэйшыя і ў іхную, бяларуцкую, царкву не хадзілі. Пра тое, што юны Купала быў "хітранькі" і ня браў удзелу ў супольных пагулянках. Заўсёды аддаваў перавагу кумпаніі дзяўчат, а не дзецюкоў. "Мы пасьля моцна дзівіліся, што ён стаў паэтам," – сказаў стары.
На жаль, мне не прыйшло тады да галавы запісаць ягоныя расповеды. Нават імя ягонага не згадаю.
Апроч хаціны колішняе народнае вучэльні й пастамэнту ад помніка "цару-вызваліцелю", ад Купалавых часоў заставалася трухнявая старасьвецкая капліца на могілках. Самі могілкі тыя выглядалі таямніча: у шатах папарацяў заімшэлыя камяні, нават ужо ня йржавыя, а спарахнелыя жалезныя крыжы, што ад дотыку рассыпаліся ў нішто... Сюды, да гэтых магілаў, нават сонца не трапляла, нагэтулькі дзіка разрасьліся тут клёны, яліны й бярозы. Гэтак было напачатку 80-х гадоў. Цяпер, кажуць, і гэтых памятак не засталося. Застаўся адно краявід: з высокага й стромага кургана, пасярод Бяларучаў, далёка-далёка відаць, як зьвіваецца бліскучае цела рэчкі, зьнікаючы між бэзавых й смарагдавых гораў".
(Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі гаварыў пра сацыяльную прывілеяванасьць Купалы ў юнацтве. Падобна, што ніколі ў сваім жыцьці паэт асабліва ня бедзтваваў. Вось толькі боцікі маладзёна і пэўная бытавая раскоша за савецкім часам наўрад ці маюць дачыненьне да творчасьці прарока.
Зьміцер Бартосік згадаў пра сталага Янку Купалу – праўда, не пра тое, як ён рабіў сабе гаракіры і чым урэшце скончылася ягонае жыцьцё. Увагу нашага аўтара прыцягнула іншае”.
(Бартосік: ) "Гэты голас я пачуў выпадкова. Машынальна ўключыў на кухні рэпрадуктар. Зь якога мужчынскі барытон чытаў верш. Чытаў па-беларуску. Верш быў прысьвечаны Сталіну. Такіх сюрпрызаў ад беларускага радыё я, прызнацца, не чакаў. Ну, ладна Машэраў зь дзедам Талашом. Але ж Сталін!.. Гэткая "прапаганда беларушчыны" прымусіла мяне адкласьці трапезу. Праўда, не ўваскрослы ў этэры "вялікі й мудры правадыр" мяне ўразіў. А голас, якім чытаўся панэгірык.
Гэта быў голас глыбокага старога. Голас, у якім няма і ўжо ніколі ня будзе радасьці жыцьця. Голас бясколерны й безэмацыйны. Быццам чытальніка зусім не хвалюе зьмест напіснага тэксту, і зусім няма справы да таго, каму той тэкст прысьвечаны. Такім голасам добра чытаць хаўтурныя прамовы.
"Ну, на Макаёнка зусім звар'яцелі", – адзінае што падумалася тады. Адкуль яны адкапалі такога замшэлага маразматыка! "Вы праслухалі ўнікальны запіс голасу Янкі Купалы", – бадзёрым жаночым галаском азвалася радыё.
...Першы пясьняр і будзіцель нацыі. Легендарны нашанівец і яскравы публіцыст. Аўтар "Машэкі" і "На куцьцю". На фотапартрэтах мудры й прыгожы дзядзька са шляхетнымі зморшчынамі й арыстакратычнымі вусамі. Ну, ніяк ня зьвязваўся ў мяне голас радыйнага прывіда з вобразам старога беларускага шляхціца.
На жаль, мы ніколі не пачуем голасу жывога Купалы. Але, дзякуй прагрэсу 1930-х гадоў, можам уявіць чалавека з раскошным асабняком у цэнтры сталіцы, з шыкоўнаю дачаю, ляўрэата й ардэнаносца, з асабістым “Шэўрале” й штатным кіроўцам. Чалавека, амаль усіх сяброў якога расстралялі. А самога пакінулі на п'едэстале. З правам адказу – навошта. Можа, адказам і ёсьць той мярцьвяны радыйны голас?"
(Дубавец: ) “У камуністычнай Беларусі Купала ўзначальваў сьпіс нацыянальных пісьменьнікаў паводле рэспубліканскай разнарадкі. Кожнай нацыі адводзілася пара самых-самых. У нас у пару да Купалы быў дадзены Колас. Так яны ў паспалітай сьведамасьці параю існуюць і дагэтуль. Але гэта таксама інэрцыя.
Гіерархічнае месца Купалы ўжо бадай ніколі ня будзе такім, як колісь. Бо наўрад ці мы яшчэ калі вернемся да прызначэньня паэтаў на першыя ці трэція месцы.
Апроч партыйных ці прэзыдэнцкіх разнарадак існуе яшчэ праблема інтэрпрэтацыі творчасьці. Адна эпоха ўзносіць адныя каштоўнасьці і тады найбольш прыкметнымі становяцца адныя клясыкі, другая гэта ўсё затушоўвае і ўводзіць моду на іншых. Ёсьць і такія, што застаюцца па-за модай. Да такіх належыць Янка Купала. Пастараюся пераканаць вас, што гэтыя словы – не юбілейны блеф.
* * *
Першым чынам Купалу трэба аддзяліць ад Коласа. Творчасьць і асобы творцаў занадта розныя, каб рабіць зь іх літаратурных двайнятаў. Колас – літаратар, паэт і празаік, мовазнавец. Купала – сапраўдны прарок, інтуітывіст, стваральнік нацыянальнае ідэалёгіі. Некалі выкладчыца Любоў Тарасюк на філфаку давала студэнтам фрагмэнты вершаў Купалы або Коласа і пыталася, каму зь іх належаць тыя словы. Памыліцца было немагчыма – настолькі розныя паэты эстэтычна, эмацыйна – як абітальнікі нябесны і зямны.
Колас мог прэтэндаваць на першую ролю ў літаратуры, але ён ня быў магам, чараўніком, богам. Нават у гэтай пары Купала-Колас ён ад пачатку заняў не альфабэтнае, а сьціплае другое месца. Купала ж стаў аб'ектам першага і адзінага ў беларусаў уласнага культу асобы – прычым не мусовага і не паказнога. Ён сам назваўся імем паганскага бога, узяў на сябе гэткую місію, якую адразу і з удзячнасьцю прызналі астатнія.
О, богі рэк, лясоў і ніваў!
Дажбог, багамі сьвету дан,
Пярун блыскотны і грымлівы,
І ты, Купала, сьветач тайн...
Сьветач тайн – гэта й ёсьць маг, чараўнік, калі заўгодна, стваральнік самых неверагодных блёкбастэраў, fantasy, які мог бы разьлічваць на ролю валадара дум у сёньняшнім Галівудзе, стваральніка бясконцай сэрыі культавых стужак, у якіх паганскі бог адным махам раскрывае беларускія курганы, у кожным зь якіх схаваная свая гісторыя, свае героі, свае скарбы. Усё гэта ажывае і пачынаецца сапраўднае кіно – кожнага разу зь іншай інтрыгай, зь іншымі ўдзельнікамі і зь іншым вынікам. Але гэта нязьменна арыстакратычныя беларускія гісторыі – пра каханьне і сьмерць. Хіба ня гэта стрыжань усёй творчасьці Янкі Купалы? І хіба гэта не гарантуе яму несьмяротнасьць?
Сьветач тайн – гэта місія Купалы і як ідэоляга. Паэт выступае павадыром свайго цёмнага народу ва ўласную мінушчыну. Ён кажа – глядзіце: вы на гэтай шэрай зямлі жывеце, мазольна корміцеся зь яе, бядуеце ды жабруеце, але ня ведаеце, што пад нагамі ў вас, у курганах – сапраўднае золата, якое сьведчыць пра вашу супольную спадчыну, а гэта значыць, пра тое, што вы і ёсьць супольнасьць, народ, і нічым ня горшы за тых расейцаў або палякаў ці іншых.
Раскрытыя прарокам сьведчаньні гісторыі даюць народу права на існаваньне – на незалежнасьць, сваю культуру, мову, на сваю нацыянальную годнасьць. Купала клікаў "цёмнага мужыка" да асьветы і, разам з тым, захапляўся прыгоствам сваёй краіны і яе людзей, паказваючы і тут на адметнасьць народу, якая зноў жа дае яму права на самастойнае існаваньне.
Ёсьць у Купалы і матыў беднасьці краю і плачу над доляй. Але гэта, як нам раней падказаў Купалаў папярэднік Янка Лучына, – зашыфраваны плач беларускае шляхты, арыстакратыі над маёмасьцю, якую адабрала расейская ўлада. Тое, чаго ня мог зразумець Максім Багдановіч, які заклікаў кінуць вечны плач свой аб старонцы, маўляў, расплюшчы вочы на фантастычную прыгажосьць Беларусі. Угледзь яе. Але, у адрозьненьне ад Багдановіча, Купала, выгадаваны ў шляхецкіх традыцыях, ня мог не перажываць і гэтага – страты маёмасьці беларускае арыстакратыі. Адсюль матыў наўмыснага заніжэньня гэтай каштоўнасьці ў яе забраным выглядзе:
Невясёлая старонка
Наша Беларусь:
Людзі – Янка ды Сымонка,
Птушкі – дрозд і гусь...
Небагатыя і вёскі,
Садоў ў іх ня знаць,
Толькі часам дзе бярозкі,
Як тычкі, стаяць...
Цёмны, цёмны народ гэты,
Трудна і сказаць,
Абарваны, недадзеты
Ня ўмее чытаць...
Купала сфармаваў нацыянальную ідэалёгію, скампанаваўшы дзе ўкраінскі, дзе польскі, а дзе й расейскі літаратурны досьвед. Аднак жа галоўным у яго было тое, што ён апісваў Беларусь і беларускага чалавека зусім пазнавальна і асабліва, што і зрабіла яго прызнаным паэтам нумар адзін, прарокам, геніем. Геніем ён стаў яшчэ ў нашаніўскія часы. Бадай – галоўным беларусам. Не ў фармальным сэнсе, што, верагодна, няпроста несьці ў сабе праз жыцьцё. Купала нёс ажно да трыццатых гадоў, калі камуністычныя ўлады пачалі ламаць яго на іншы лад. Вялікі паэт мусіў пісаць трындушкі на хвалу новаму ладу і ягонаму кіраўніку Сталіну. Вось ягоны настрой тых часоў, выказаны, праўда, раней. Але гэта ЯГОНЫ настрой:
Будзь ты дуж, як вада,
Як жалеза, цьвярды, –
Калі ж нойдзе нуда,
Ты ня зможаш нуды!
Як благая напасьць,
Атуманіць сабой
І спакою ня дасьць,
Аж заныеш душой...
Стане пеклам жыцьцё,
Людзі – горш ад зьвярэй;
Думаць будзеш усё,
Як памерці скарэй...
Прарок, надзелены поўнай адказнасьцю за лёс свайго народу, але ўжо пазбаўлены ранейшае магчымасьці ГАВАРЫЦЬ, сам ператвараўся ў нейкае падабенства кургана, які закрыў свае скарбы ад чужога вока і застыў нерухомы, бясконца стомлены. Падрыхтаваўся ня быць.
Перайшло, мінула,
Што калісь жыло,
Ў курганох заснула
Зельлем зарасло.
Прарок ня мог ня скончыць такое жыцьцё самагубствам. Даастачы вычарпаны і пазбаўлены голасу, што ён мог яшчэ? Маўчаць? Дык для прарока маўчаць і значыла – перастаць жыць.
Вэрсіі пра забойства выглядаюць у гэтым кантэксьце жанравай эклектыкай. Нацыянальны культ ператвараецца ў гэткага героя-змагара, якога некаму трэба прыбраць з дарогі. Але ці магчыма фізычна зьнішчыць нацыянальны культ? Натуральна, не. І ўяўныя забойцы наўрад ці пайшлі б на такую безвыніковую, а пры тым рызыкоўную "мокрую" справу.
Купалава чаканьне фізычнае сьмерці за дзесяць гадоў выцягнула зь яго ўсе сокі. Пішучы свае вершы пра Сталіна, ён інтуітыўна імкнуўся застацца на плыву, ня выпасьці з поля зроку свайго народу і сваёй краіны. Яму як прароку менавіта гэта было найважней – "з цэлым народам гутарку весьці". А "Сталін" быў дазволам застацца на першым месцы ў школьных праграмах. Прычым застацца мусіла "Спадчына" – тая, што ад прадзедаў спакон вякоў. Урэшце так яно й выйшла. Купала застаўся прарокам, што было б немагчыма пры эміграцыі або пісаньні ў стол. А для пакаленьняў беларусаў радзіма пачыналася зь ягонай "Спадчыны".
Застаецца актуальнай ягоная ідэалёгія і сёньня, як, мабыць і заўсёды прыцягальная ідэя адкрываньня скарбаў, што ляжаць у курганах, пакуль не зьяўляецца чараўнік і не паказвае ўсім, чаго яны ў сябе пад нагамі ня бачаць. Застаецца і вялікі эмацыйны накал, энэргетыка гэтых твораў, якая хвалюе і абуджае. Калі самыя простыя словы наўпрост сягаюць у сэрца і запамінаюцца на ўсё жыцьцё:
Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,
Ці запеў салавей, ці загагала гусь, –
Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,
Сваю матку-зямлю – Беларусь. |
|
|
|
|
|
|