news programs realaudio contact archive
      Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Дадатковы Пошук


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


28 Ліпеня 2002
 
Як зьмянілася за апошні час стаўленьне беларусаў да собскай мовы?
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Мне падалося, што гэтым сьпякотным летнім днём самы час зьвярнуцца да гарачага моўнага пытаньня, якое пэрыядычна прысутнічае ў нашых "Вострых Брамах". Але што яшчэ не сказана пра мову? За апошнія два дзясяткі гадоў напісаныя цэлыя бібліятэкі на гэтую тэму. Толькі вось нешта ня цягнецца рука да тых кніг. Няма там прароцтваў, якія б зьдзейсьніліся ў сучаснасьці. Наадварот, колішнія прагнозы выглядаюць сёньня часта недарэчнымі. Як і колішнія стэрэатыпы. Да прыкладу, беларуская мова нікуды ня дзелася, нягледзячы на прарочаную ён пагібель. Больш за тое, яна істотна палепшыла свой грамадзкі статус. Асабліва пасьля таго, як ёй на палову ўрэзалі статус дзяржаўны. Гэта яе, натуральна, падкасіла, асабліва ў справаводзтве і адукацыі, зь іншага боку, ніхто ўжо не назаве яе ўтрыманкай на шыі дзяржавы, яна больш не інвалід. Літаральна за апошнія пяць-сем гадоў начыста зьніклі колішнія папрокі ў тым, што яна "калхозная", грубая, што на ёй нельга выказаць адмысловых думак і пачуцьцяў. І раптам пачынаеш разумець, наколькі зьмяніўся сьвет у дачыненьні да нашай мовы. Укладзеная ў 80-я гады Алегам Бембелем кніга "Мова і маральна-эстэтычны прагрэс" – сапраўднае шчыраваньне дзясяткаў людзей пра лёс беларушчыны – чытаецца сёньня як надзвычай каштоўнае, але ўжо архіўнае сьведчаньне, як дысыдэнцкі ўчынак. Многія тагачасныя ацэнкі становішча мовы папросту незразумелыя сёньня.

Сталы аўтар "Вострае Брамы" Зьміцер Бартосік выбраўся на галоўную вуліцу краіны, каб у размове зь мінакамі паспрабаваць убачыць увесь зрэз дачыненьняў беларусаў з сваёй роднай моваю. Галоўным вынікам апытаньня стаў агульны матыў, які так ці інакш праходзіў праз усе адказы.

(Бартосік: ) "Выйсьці на сталічны праспэкт Францыска Скарыны з дыктафонам мяне прымусіла спрэчка. У чарговы раз мой сябра-расеец паспачуваў мне наконт колькасьці носьбітаў беларускай мовы. "Як ты думаеш, – пытаўся ён, – калі сабраць усіх беларускамоўных, пісьменьнікаў, мастакоў, чытачоў "Нашай Нівы" са слухачамі "Свабоды" на стадыёне "Дынама", ці шмат застанецца вольных месцаў? Гледзячы па накладах вашых газэтаў, дык вельмі шмат”.

Стаміўшыся хаяць несьвядомы й забіты беларускі народ, я вырашыў да таго народу й зьвярнуцца з больш чым простым пытаньнем. "Чаму Вы, беларус, не гаворыце па-беларуску?" Месцам апытаньня я абраў найбольш люднае скрыжаваньне праспэкту Скарыны й вуліцы Леніна. Сюрпрызы пачаліся адразу.

– Скажыце, Вы беларус?
– Да.
– Вы гаворыце па-беларуску?
– Да нет вабшчэта.
– А чаму Вы, беларус, не гаворыце па-беларуску?
– Плоха ў школе учылся.

– Вы беларус?
– Да.
– Вы гаворыце па-беларуску?
– Ну кагда эта неабхадзіма. Пытаюсь успомніць усё, што знаў. Тагда, кагда са мной пытаюцца загаварыць на беларускам языке. Ну і кагда-та я пытался дзелапраізводства, лет восем назад, весьці на беларускам языке.
– Дзякуй Вам.
– Калі ласка.

– Вы гаворыце па-беларуску?
– Размаўляю.
– А ці часта даводзіцца размаўляць па-беларуску?
– Не, ня часта. Проста чуеш больш рускай мовы, чым беларускай. Больш размаўляеш па-беларуску ў тых выпадках, калі чуеш, што людзі кажуць па-беларуску. Таксама стараешся размаўляць па-беларуску.

– Вы беларус?
– Беларус.
– Ці даводзілася Вам гаварыць па-беларуску?
– Даводзілася.
– У якіх выпадках.
– Кагда ў дзярэўню еду. Тагда разгаварываю.

– Вы беларускі?
– Да.
– А чаму не гаворыце па-беларуску?
– Не знаю. Нам нравіцца наш язык. На рускам прошче.
–Вы лічыце, што гаворыце на мове Пушкіна й Лерманатава.
– Еслі чесна, я – украінка. Здзесь жыву.
– А я руская. Паэтаму на рускам разгаваріваю.
– А ці даводзілася чуць беларускую мову, жывую, на вуліцах?
– Давольна часта.
– І як вы да гэтага ставіцеся?
– Еслі каму-та нравіцца, пускай абшчяюцца.

Першае, што мяне ўзрадавала – ніводзін зь мінакоў не адмахнуўся ад такога "несур'ёзнага" пытаньня. Было прыемна бачыць, як людзі шукаюць сабе апраўданьні. Значыць, гэта іх сапраўды хвалюе.

– Вы беларус?
– Да.
– Ці гаворыце Вы па-беларуску?
– Не гавару.
– А чаму Вы не гаворыце?
– А таму, што вы міня не навучылі.
– А хто мы?
– Вы. Це, хто жэлаеце, што б я гаварыл па-беларускі.
– А што павінна быць, каб у Вас гэта жаданьне прачнулася?
– О! Каб эта праснулася, нада з первава класа гаварыць па-беларускі.

– Вы беларус?
– Нет, я рускій.
– А ці гаворыце Вы па беларуску?
– Кагда пріезжаю к себе дамой, то на смешаном.
– А чаму беларусы не гавораць па-беларуску?
– Потому, што, наверно, не так давно это всё началось. Не прівыклі ешчё.

– Ці гаворыце вы па-беларуску?
– Нет вабшче-та. Всё панімаю, но не гавару. В застойныя времена, как іх называют, в брежнеўскія времена всех беларусаў называлі калхознікамі. І беларускі язык – адзін ілі два ўрока былі ў недзелю. Поэтому нашэ пакаленіе нікто пракцічэскі не гаваріт па-беларускі.
– А як вы думаеце, гэтую сітуацыю можна выправіць?
– Ну ў прынцыпе можна. Медведзя за ложку мёда учат на веласіпедзе ездзіць. І беларуса можна... любова челавека можна научіць, еслі эта прінцыпіальна важна.

– Размаўляю па беларуску. Даволі такі часта. Я вучуся ў педкаледжы нумар адзін. Ён на беларускай мове, таму прыходзіцца вельмі часта разаўляць на беларускай мове.

Ці не занадта прымітыўна мы часам думаем пра сваіх людзей, за іх знаходзячы адказ на гэтае складанае пытаньне? А між тым адказы могуць быць самымі нечаканымі.

– Вы беларуска?
– Да.
– Гаворыце па-беларуску?
– Ізредка. Таму, што нада разгаварівать ілі с малаком мацері, ілі нікак. А еслі бабушка кагда-та в своё время разгаварівала на беларускам, я помню как ана гаваріла красіва. То сейчас некоторые вешчі па радзіо і па целевідзінію вазмушчяют. Эта "апэратар", "Амэрыка", "даляры"... Я как паслушаю, это совершенно не певучій беларускій язык.

– Ці гаворыце вы па-беларуску?
– Размаўляю добра. Як прыходзіцца, тады й размаўляю. Гэта і з прафэсійнай дзейнасьцю зьвязана. Бывае, і дома размаўляем. Усяляк бывае...

– Ці гаворыце вы па-беларуску?
– Ізредка.
– А чаму беларусы не гавораць па-беларуску?
– Наверна, няма калі.
– А Вашая думка?
– Я думаю, што беларусы могуць гаварыць па-беларуску. Але яны ня маюць магчымасьці.

– Прышло эта ў прывычку гаварыць прошчэ. Зачем кавэркаць язык, кагда можна прошчэ сказаць? Прошчэ на рускам, канечна. Так, как прывыклі. Хаця я вырас у балоце. Дзецкіе годы прашлі ў партызанах. Усе размаўлялі на беларускай мове. Дзеці ўсе на беларускам очень харашо разгаварівают. Но ваабшче на рускам.

Во як! Значыцца, расейскую мову "кавэркаць" зусім не шкада. Таксама сваеасаблівая барацьба за моўную чысьціню.

– Вы беларус?
– Нет. Я литовец. Но живу в Белоруси уже с 70-го года. Я люблю беларускую мову. Мои сыновья адмоўливались. Нет, – я говорю, – будете учить в школе как все. Надо уважать беларускую мову. По крайней мере я здесь живу. И я понимаю всё. Но трудновато, потому что дома говорим по-русски. А дети все умеют по-белорусски. У меня двое сыновей. А по-литовски не умеют..."

– Расейская мова бліжэй ка мне. Таму, што я нарадзіўся як бы ў Савецкім Саюзе. Таму я размаўляю па-руску. Раней, калі я вывучаў беларускую мову на ўроках, у школе.

– Не так харашо знаем, как хацелась бы. Я паддзержываю, што нада гаваріць чіста на беларускам языке. Но нас очень мала учілі в школе. І людзі в основном обшчаюцца толька на рускам языке. І еслі кто-то будет разговарівать на белорусском языке, это смотріцца как-то не очень. Людзі сцесняюцца этово. Я не знаю – почему. Но стыдзяцца говоріць на сваём радном языке. Хаця ні адзін народ не гаваріт на чужом языке в своёй стране. Нас как-бы взялі в плен і заставляют гаваріць на чужом языке. Мы уже самі паверілі в то, што эта наш радной язык".


(Дубавец: ) “Іншы раз уяўляеш сябе археолягам, якому вясковы дзядзька, праходзячы міма, кідае жартаўлівую заўвагу: ня там капаеце. Колькі ж капалі ў нас на моўную тэму – ня там! І тэорыя хуткага выміраньня ў розных варыянтах, і шматлікія мадыфікацыі "рэальнага білінгвізму", і ўзаемапранікненьні... А варта было трыццаці працэнтам беларусаў сказаць у перапісе насельніцтва, што дома гавораць па-беларуску, як спэцыялісты схапіліся за галаву. Праўда, схапіліся з розных бакоў. Адныя сказалі, што гэта народ нафантазіраваў, другія, што жыве Беларусь, трэція – маўляў, вось бачыце, да чаго давяла русіфікацыя!

На маю думку, тыя 30 працэнтаў або 3 мільёны, якія дома гавораць па-беларуску – зусім рэальная колькасьць сьведамых беларусаў разам зь іхнымі дзецьмі плюс вясковае насельніцтва. Гэта тое, у што ператварыўся мільён, які на рэфэрэндуме 1995 году галасаваў, каб родная мова была адзінай дзяржаўнай. Але вось сапраўднае сёньняшняе адкрыцьцё – той агульны матыў, які аб'ядноўвае ўсе адказы мінакоў з праспэкту Скарыны. Зьміцер Бартосік не сустрэў абсалютна ніводнага чалавека, які б хоць нешта хоць крыху непаважнае сказаў пра беларушчыну. 10 і 20 гадоў таму такіх "ацэнак" было б з коптурам. Гэта значыць, што за тымі трыма мільёнамі так ці інакш стаяць і ўсе астатнія. Але працягнем апытаньне.

(Бартосік: ) "Памятаю такую формулу вызначэньня роднай мовы. Маўляў, на якой мове думаеш, тая і ёсьць родная. На якой мове думаюць мае апытаныя, ня ведаю. Бо з расейскай у іх справы – ня вельмі. Сказаць яшчэ нешта могуць. Але так, быццам сапраўды палонныя. Толькі не якіх узялі ў палон, а якія самі здаліся. Ці, на нейкі момант, паверылі, што здаліся...

– Акруженіе заставляет. У меня есьць очень харошы знакомый. Дзіректар музея выяўленчага мастацтва. Прафесар. Он гаваріт толька на беларускам языке. А мне стыдна, кагда я не магу ему пряма атвеціць. Ілі разгаваріваць с ім на беларускай мове. Люблю беларускі язык, но не пріспасобілся.

– Вы беларус?
– Беларус.
– На якой мове часьцей прыходзіцца гаварыць?
– А мне бяз разьніцы. Ну лучша беларуская, канечна, рэч. Чаму? Таму што я беларус. Сама больш – трасянка ў нас, а не беларуская мова. Тое самае ў мяне.

– Мне даводзіцца размаўляць часьцей на рускай мове, але мне падабаецца беларуская мова. Я вывучаў гэтую мову зь першага па чацьверты клас. І я за то, каб усе людзі размаўлялі на беларускай мове. Калі будуць усе размаўляць, я, мабыць, тожа буду на ёй размаўляць.
– А большасьць вашых знаёмых, як вы лічыце, пры нармальнай палітыцы, яны б з радасьцю перайшлі на беларускую мову, ці ўспрынялі б гэта ў штыкі?
– З радасьцю.

– Вы беларус?
– Беларус. По праісхаждзенію, і па месту жыцельства.
– Але не па мове?
– Чаму не? І па мове таксама. Вельмі добра разумею. І крыху дрэнна размаўляю на беларускай мове. Бо ўспамінаю дзяцінства. Калі езьдзіў да бабулі на Случчыну. Два тыдні і потым ніякіх праблем не было.
– А чаму беларусы мала гавораць па-беларуску?
– Беларусы майго ўзросту – гультаі. 50 год размаўляць на рускай, а потым неяк ламаць сябе вельмі цяжка.

Шчыра прызнацца, чым далей я стаяў на праспэкце, тым усё больш любаваўся сваімі суразмоўцамі. Людзьмі прыгожымі, разумнымі і разважлівымі. Цікава, калі ад прыроды таленавітаму і прывабнаму чалавеку зь дзяцінства ўбіваць у галаву, што ён тупы і цёмны, да якога стану можна давесьці аднаго чалавека? А калі тое самае рабіць з цэлым народам на працягу 30 пакаленьняў? Няўжо дзесяці гадоў перадышкі хапіла, каб пакрысе вяртацца да свайго? Ці, дакладней, прыходзіць у сябе?

– Скажыце, Вы беларуска?
– Нет, украінка.
– Калі-небудзь узьнікала ў вас патрэба перайсьці на беларускую мову?
– Нет. Могу чітаць по-беларускі, дзеці ў меня учат беларускі. Оба медалісты. Оні ісьцінные беларусы, очень любят беларускую мову. Много кніг у нас на беларускай мове. Только я не выучіла за 20 лет. Но панімаю.

– Вы беларус?
– Нет, русский. Я офицер, здесь служил. И остался здесь жить в Белоруси из-за того, что мне люди нравятся. Я присягу принял на верность белорусскому народу. И не считаю, что я предал Россию. А если люди при мне разговаривают на белорусском языке, во мне нисколько это не вызывает какого-то неудобства.

– Вы беларус?
– Беларус.
– На якой мове часьцей прыходзіцца гаварыць?
– На беларускай толькі.
– І не ўзьнікае ніякіх праблемаў?
– Даўно такога не ўзьнікае.

– Вы беларус?
– Нет, русский.
– Ці ўзьнікала калі патрэба пераходзіць на беларускую мову ці карыстацца ёй?
– Я карыстаюся ёю. Я разделяю точку зрения, что в общем-то надо разговаривать по-белорусски. Живя в Белоруссии.

– Вы беларус?
– Беларус.
– А на якой мове часьцей прыходзіцца гаварыць?
– На рускай.
– А чаму.
– А жыў у Расіі, служыў у Расіі, вяваў у Расіі. У Мінску не разгаварываюць па-беларуску. К сажаленію. Красівая мова. І нада што б яна была. І прагнаць цех, хто мешает.

"Прагнаць тых, хто замінае", – думка, канечне, правільная. Але як, стоячы на праспэкце, пабачыць хоць аднаго з тых, каго трэба праганяць? Хаця б аднаго знайсьці, хто скажа адкрыта й простым тэкстам. Што, беларуская мова – непрыгожая, грубая й калхозная. Што на яе трэба забыцца як мага хутчэй. Пакінуць для некалькіх соцень аматараў. Што на ёй ня выказаць сваіх глыбокіх пачуцьцяў і высокіх думак... Ну ніводнага!

– На якой мове часьцей прыходзіцца гаварыць?
– На рускай. Прывычка й акружаюшчіе. Магу й на беларускай. Ня вельмі добра, але магу. Лічу, што гэта праблема. Трэба, каб больш гаварылі па-беларуску. Але складаецца такая сітуацыя, што беларуская мова застаецца недзе ў самым нізе. І руская вылазіць наперад. Гэта павінна на дзяржаўным узроўні вырашацца. Бо ў нас заўсёды рабілася так... лічылася, што беларусае – гэта ўсё нейкае дрэннае. Невыразнае. Трэба на дзяржаўным узроўні гэта рашаць.

– Вы беларус?
– Да, беларус.
– На якой мове часьцей даводзіцца гаварыць?
– Часьцей на беларускай... Я шучу. Часьцей на рускай.
– Чаму?
– Таму, што ўсе тут гаварят на рускам язые. Раз усе, значыць і я.
– Ніколі не ўзьнікала патрэбы перайсьці на беларускую?
– Патрэба толькі тагда, калі прыходзіцца размаўляць з такімі, як Вы. Жаданьня не было ніколі. Бо руская мова бліжэй да мяне па духу. Бікоз... Ізвініце. Відзіце, я перехажу на беларускі язык, для меня он уже как інастранный...

– ... І па-руску, і па-беларуску. Я валодаю добра й той, і другой моваю.
– А па-беларуску ці часта даводзіцца гаварыць?
– Амаль кожны дзень. З вамі я размаўляю па-беларуску, таму што Вы размаўляеце па-беларуску. Калі чалавек будзе размаўляць па-руску, і я буду па-руску. Для мяне ніякай праблемы няма. Мы зь дзяцінства гэта ўмеем, і нас вучылі гэтаму. Разумееце? Дзеці мае таксама размаўляюць і па-руску, і па-беларуску. І яшчэ на якойсьці другой замежнай мове. На нямецкай. ангельскай.

– Вот мы ездзілі січас в Расію аддыхаць. Вот там как раз разгаварівалі на беларускам, патаму што ані нічево на беларускам вабшче не панімают. Ну і інцересна была, што мы два языка знаем, і это совсем другой язык.

– Усе размаўляюць... Працэс беларусізацыі пайшоў. Усе рускамоўныя пачалі вывучаць мову. А потым ён у адваротным накірунку амаль што... Таму трэба неяк па-іншаму вырашаць. Не так, як левыя радыкалы гэта прапануюць. Крыху мяняць трэба ў сучаснай палітыцы адносна мовы. Гэта складанае пытаньне і яго на вуліцах не вырашаюць. Праўда ці не?

Можа й праўда, што вуліца ня месца для вырашэньня галоўнай, на маю думку, беларускай праблемы. Але менавіта на галоўнай нашай вуліцы я адчуў, што родная мова для большасьці зь іх – пытаньне балючае. І родная мова, – гэта ня мова прафэсійнай дзейнасьці, і нават ня мова маткі з бацькам. Гэта нешта сакральнае. Тая, на якой хочацца думаць. І гаварыць таксама хочацца. Але з кім?

Сотні людзей крочаць па сваіх неадкладных справах. На працу, на спатканьне, ці на шпацыр. І нават не здагадваюцца, колькі насустрач ім ідзе аднадумцаў і аднамоўцаў. Прынамсі я не чакаў, што іх так шмат. Гатовых у момант зьняць моўнае пытаньне раз і назаўжды".


(Дубавец: ) Зьміцер Бартосік вярнуўся зь менскага праспэкту Скарыны з сапраўдным адкрыцьцём. Беларусы гатовыя ўсе разам загаварыць па-беларуску. І патрэбная для гэтага толькі воля іхнае беларускае дзяржавы.

Пакуль Бартосік вяртаўся з праспэкту, знаны амэрыканскі прафэсар і літоўскі паэт Томас Венцлава вярнуўся з паездкі па Беларусі ў Вільню і даў інтэрвію літоўскай газэце "Рэспубліка", дзе, паміж іншым, гаворыць і пра нашу моўную сытуацыю. Венцлава таксама зрабіў у Беларусі важнае адкрыцьцё. Цытую:

"У нечым мне давялося зьмяніць сваё меркаваньне. Мне здавалася, што справа беларускае мовы і нацыянальнай самасьвядомасьці праіграная, што беларусы, як даўнія прусы, сыходзяць з гістарычнай арэны. Нічога падобнага. Вядома, там болей расейскага друку, ён таньнейшы, яго падтрымлівае дзяржава. Але шмат і беларускага, у ім можна знайсьці шмат цікавага, чаго няма ў расейскай прэсе. Усё важнае ў культурным жыцьці гэтай краіны адбываецца па-беларуску. І гэта, відаць, надоўга. У найбліжэйшае стагодзьдзе гэтая мова будзе існаваць і, бадай, стане мацнейшай. Цяперашні рэжым парадаксальна гэтаму спрыяе".

Канец цытаты, якая сваім духам нагадала мне словы з парыскай лекцыі Адама Міцкевіча, сказаныя ў ХІХ стагодзьдзі. Ніякім чынам не прымяншаючы трывогі нашае інтэлігенцыі за лёс роднае мовы, хачу зьвярнуць увагу на тое, што адносна яе збываюцца менавіта пазытыўныя прагнозы, а прароцтвы моўнае пагібелі хутка старэюць і застаюцца цікавыя адно як архіў.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.