|
Алесь Адамовіч. Да 75-х угодкаў ад нараджэньня |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Алесь Адамовіч ані зьнешне, ані, тым больш, унутрана не ўяўляецца вэтэранам вайны, колішнім юным савецкім партызанам, якім насамрэч быў. Не ўяўляецца ён сярод тых сівых пераможцаў, грудзі ў мэдалях, што зьбіраліся на свае партызанскія сустрэчы праз шмат гадоў пасьля перамогі дзе-небудзь у лесе – з музыкай, паходнай кухняй і звонкімі віншаваньнямі ад піянэрыі. А паспрабуеш уявіць, убачыш дысананс – што робіць гэты літаратар, які піша рэабілітацыйныя тэксты пра нацдэма Гарэцкага – яўна не без каверзы чалавек – што ён робіць сярод правільных дзядуляў, так падобных міжсобку нават выразам вачэй. А настроіўшыся на душэўны матыў вэтэранаў і наагул адчуеш раптам, як сама сабою складзецца выснова: ня наш чалавек.
Натуральна, не пра адных нацдэмаў думаў і пісаў Адамовіч. Якраз мінулая вайна займае ў ягонай творчасьці галоўнае месца. Але й гэтыя аповесьці, як сказалі б вэтэраны, ня нашы, не пра тое, не пра нас. Найбольш актыўныя партызаны гнеўна патрабавалі ТАКОГА пра вайну не друкаваць.
(ДАВЕДКА
Алесь Адамовіч нарадзіўся трэцяга верасьня 1927 году, 75 гадоў назад, у Капыльскім раёне Менскай вобрасьці. Але родным для яго стаў пасёлак гутнікаў Глуша ў Бабруйскім раёне. У вайну быў байцом савецкага партызанскага атраду. Усё жыцьцё прысьвяціў літаратуры. Доктар філялёгіі, прафэсар. Аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых публікацыяў па-беларуску і па-расейску. Уласныя празаічныя творы пісаў толькі па-расейску. Аўтар раманаў і аповесьцяў "Вайна пад стрэхамі", "Сыны ідуць у бой", "Хатынская аповесьць", "Карнікі", "Апошняя пастараль" ды іншых. У суаўтарстве выпусьціў кнігі "Я з вогненнай вёскі" і "Блакадная кніга". У апошнія гады жыцьця жыў у Маскве, браў актыўны ўдзел у палітыцы ў часы перастройкі. Памёр у 1994 годзе. Паводле запавету пахаваны ў мястэчку Глуша на Бабруйшчыне.)
Людзі савецкія не рабіліся ў прозе Адамовіча нейкімі адмысловымі запамінальнымі тыпажамі. Псыхалёгія "нашага" чалавека ў яго ня толькі пазнавальная, але й прадказальная. Найчасьцей аўтару дастаткова некалькіх рысаў, каб абазначыць тып ці то старога партызана, ці то дзяўчыны-падлетка ці нечай жонкі, маці і г.д. Тут ад пачатку ёсьць завершанасьць вобраза. Нічога новага сказаць немагчыма. Іншая рэч – немцы, цэлае прадоньне ўнутраных матывацыяў, і ніколі ня ведаеш, якім чынам будзе разьвівацца ў яго думка або пачуцьцё.
Скажам, калі Быкаў найперш "нашым" людзям аддае свой асабісты псыхалягічны палігон, свае розум і душу пазычае найперш ахвярам, дык Адамовіч пазычаецца карнікам, забойцам і немцам. І чым вышэйшы ў ерархіі той немец, тым Адамовічу цікавей яго дасьледаваць. І тым больш парадоксаў адбываецца ўсярэдзіне такога чалавека. А што за цікавасьць атаясамлівацца зь якім Васіліем Цёркіным – зборным, уніфікаваным, трафарэтным вобразам удалага расейскага салдата.
Чым прасьцейшая выява, тым лягчэй зрабіць зь яе трафарэт і тым болей надаецца яна да тыражаваньня. Адсюль і таталітарызм, які магчымы толькі ў спрошчаным жыцьці. Найменшая варыянтнасьць разбурае ўсё.
Славянскі плякатны тып у нас малявалі, бадай, ніяк ня менш за арыйскіх плякатных ваякаў у Нямеччыне. Пісьменьнік-раманіст займаўся тым самым, што і плякатысты, толькі наратыўная частка ў яго была пашыраная. Сёньня ўжо, відаць, ніхто ня зьлічыць, колькі тонаў такой вось макулатуры напладзілі савецкія, у тым ліку і беларускія пісьменьнікі. Што да Адамовіча, дык ён, бадай, з малых гадоў пачуваўся нейкім вывертам з усёй гэтай схемы. Пасьля на зьмену юначаму духу пярэчаньня прыйшла філялягічная культура і ўжо яна не дазваляла пісаць плякаты. Адштурхоўваючыся, нават падсьведама, ад савецкай дыдактыкі, ён аўтаматычна трапляў на другі бок лініі фронту – да карнікаў, да Фрыца-нямка, да Гітлера. Зрэшты, сам аўтар прызнаецца, што рабіў саступкі савецкай цэнзуры, зьмяняючы ва ўгоду ёй партрэты і лёсы сваіх рэальных пэрсанажаў. Але гэта былі выключэньні.
Не, не маглі Адамовіча цікавіць іпастасі савецкага салдата-пераможцы, бесшабашнага і прастакаватага да прымітыву. Тым больш, што пісьменьнік з уласнага жыцьцёвага досьведу ведаў цану тых плякатных перамогаў і з асаблівай упартасьцю дакопваўся да схаваных у памяці і ў архівах фактаў. Такіх, як факты спаленьня беларускіх вёсак разам з жыхарамі, што ўчынялі асобыя атрады, чэкісты. Ды й самы трагізм "нашага" чалавека на тле сусьветнага літаратурнага досьведу выглядаў спрошчана. Вось у немца што ў душы ці ў карніка – там цэлы Дастаеўскі. Натуральна, пісьменьнік нідзе не сыходзіць з абранай гуманістычнай пазыцыі, за што і атрымлівае ад былых паплечнікаў таўро "абстрактнага гуманіста".
Абстрактны дык абстрактны – пагаджаецца Адамовіч. Унівэрсальны – больш дакладнае азначэньне. Гэта значыць, што зьверствы савецкіх партызанаў нічым ня лепшыя за зьверствы фашыстаў, і ніхто ня мае права іх замоўчваць, як гэта робяць гуманісты канкрэтныя, выбарачныя. Як, да прыкладу, вось у гэтай гісторыі, што мела месца ў рэальнасьці:
"Праз паўгода большасьць з глушанскіх падпольшчыкаў пайшлі ў лес, у партызаны, і ў гэтую ж ноч з 3 на 4 сакавіка 1943 году партызаны павялі з сабой, выкраўшы ў немцаў з-пад носу (як зімой ваўкі сабаку выкрадваюць ад самага парога гаспадара), усю паліцыю. Іх пагналі кудысьці асобна ад нашага абозу, а калі наляцелі нямецкія самалёты і ўзяліся нас бамбіць, паліцэйскіх зачынілі ў нейкім хляве, каб не разьбегліся. Але адтуль яны так і ня выйшлі, і толькі потым мы пачулі, што адбылося: ляжалі там дровы, і камусьці з начальнікаў аховы прыйшла ідэя — няхай самі канчаюць сябе. Сказалі паліцэйскім: "22 — гэта перабор, далей павядзём толькі палавіну, самі вось гэтым (паленьнем) вырашайце, каму жыць, а каму не”. Слухалі празь сьцены, як унутры гэта адбывалася, а потым зайшлі і перастралялі “пераможцаў турніру” (так гэта называлі зь нядобрым сьмехам)".
Ну каму б гэта з вэтэранаў спадабалася ўспамінаць такое. Асабліва калі сам пра гэта ведае і яшчэ больш асабліва – калі сам у падобным удзельнічаў. Якія з такіх успамінаў атрымаюцца "ўрокі міру" і як у вочы глядзець звонкагалосай піянэрыі? Зь іншага боку, а чаму з гэтага трэба рабіць тайну? Гэта ж ня змус нейкі, гэта ж самі савецкія партызаны той турнір прыдумалі й наладзілі. Але гэта ўжо Адамовічава лёгіка, абстрактны гуманізм.
Адамовіч парушаў лінію кола, намаляванага вакол савецкага пісьменьніка, выходзіць за якую было непажадана, падазрона, злачынна. На цкаваньне літаратара паўсталі не асобы, паўстаў сам савецкі прымітывізм.
Між іншым, гэты тэрмін абазначыў ня толькі літаратуру сацрэалізму, але й самое савецкае жыцьцё. Мы яшчэ не разглядалі гэтыя зьявы ва ўзаемазалежнасьці. Насамрэч літаратура – убогая, хлусьлівая, прымітыўная – адлюстроўвала такое самае ўбогае і прымітыўнае жыцьцё. Найперш сацрэалізм быў у жыцьці. Ён адбіваўся ў літаратуры і зноў вяртаўся ў жыцьцё, тыражуючы тыя стэрэатыпы, якіх з гэтага ж жыцьця і набраўся. Заўважце, як сёньня з пагардаю гаворым мы пра сацрэалізм, быццам на яго імкнемся перакінуць увесь той прымітывізм, тым часам сваё ж сацрэалістычнае жыцьцё пакідаем сабе як нешта сьветлае, бо гэта ж была наша маладосьць і гэтак далей. Але гэта – усяго толькі падманлівы эфэкт нашае памяці.
Груба кажучы, савецкіх людзей можна было падзяліць на некалькі зусім простых тыпаў – маці і бацька, дзеці, бабуля і дзядуля, начальнік, вучоны кабінэтны і камандзіровачны, артыст. У дасканаласьці сацрэалізму ўсё зводзілася да падзелу наагул на два тыпы: добры і дрэнны. І абодва былі пазнавальныя зь першага погляду і зразумелыя да неглыбокага свайго дна. Што тут можна было адкапаць псыхолягу, інжынэру чалавечых душаў?
Сёньня мы спакваля адыходзім ад гэткага спрашчэньня. Зьявілася тое, чаго не магло быць за саветамі – унікальнасьць канкрэтна ўзятага чалавека. Ягоная неспазнавальнасьць зь першага погляду. Вось бярэцца, скажам, сто выпадковых менчукоў – і кожны іншы, нетыповы, не такі, а каб зразумець, які – двума пытаньнямі не абыдзесься.
Кульмінацыя сацрэалізму, ці, дакладней, сацпрымітывізму была найлепей адпрацаваная ў кітайскіх камуністычных турмах, дзе стаяла задача ня толькі зрабіць усіх аднолькавымі, але... мэтад называўся – ператварэньне чалавека ў жабу. Чалавека садзілі ў глыбокую закрытую яміну з жабамі і з часам ён забываўся, як выглядае неба і што на сьвеце ўвогуле нешта ёсьць акрамя гэтых самых жабаў. Урэшце ён і сябе пачынаў атаясамліваць зь імі. Гэтак прымітывізацыя даводзілася да абсалюту. Верагодна, у Савецкім Саюзе настолькі акрэсьленай і доўгатэрміновай мэты ня ставілі, але якімі б іншымі мэтамі гарманічнага разьвіцьця ні прыкрывалася ідэалёгія, відавочна тое, што ўся савецкая гісторыя была гісторыяй прымітывізацыі чалавека, вяртаньня яго да больш простага віду. І ў гэтым сэнсе камунізм быў адваротнай эвалюцыяй.
Перастройка сталася вяртаньнем на эвалюцыйны шлях. На нашым канцы сьвету адбыўся зрух да чалавечае разнастайнасьці. А да таго, у савецкі час галоўным полем прымітывізацыі і супраціву ёй была расейская культура. Там, як выглядала, вяршыліся лёсы сьвету. І туды цягнуўся Адамовіч, прагны да непасрэднага ўдзелу ў гэтых самых важных, як выглядала, працэсах. Непасрэднага – гэта значыць, безь перакладу.
У Адамовіча крок да чалавечае разнастайнасьці быў крокам ад плякатнага савецкага партызана – у процілеглы бок – да карніка, які паліў беларускія вёскі разам зь людзьмі. Гэта быў крок пісьменьніка. У 1980-м наш абстрактны або ўнівэрсальны гуманіст ня мог яшчэ і пальцам крануць хлусьлівы плякат, затое мог усю сілу свайго псыхалягічнага аналізу перакінуць на паліцая, на немца, на ворага. Так зьявіліся "Карнікі" – можа быць, самы папулярны і чытаны твор Адамовіча. Чытач мусіў сьледам за аўтарам зрабіць крок да чалавечае разнастайнасьці і нават больш за тое, прымерыць сьледам за ім тыя душы да сябе. Падобна, што менавіта такі эфэкт ад кнігі і атрымаўся. Людзі моцна задумаліся. Пра свой досьвед прачытаньня "Карнікаў" распавядае Зьміцер Бартосік:
(Бартосік: ) "У сваім жыцьці я прачытаў нямнога кніг. Прычым, большасьць прачытанага, напэўна, ужо ніколі не ўваскрэсьне ні ў душы, ні ў памяці. Але некалькі назваў застануцца са мною назаўжды. Сярод іх і кніга Алеся Адамовіча.
Лета 1987-га году. Разгар Перабудовы. Чытва – мора. Я працую шліфоўшчыкам на гомельскім заводзе станочных вузлоў, чакаю прызыву ў войска і чытаю. Што такое станочныя вузлы, я ня ведаю й дагэтуль. А вось Адамовіцкія "Карнікі" не забываюцца. Пачытаць іх параіў мне бацька. Маўляў, пачытай, сынок, добрую беларускую кніжку. Ні ў якой іншай літаратуры такога ты не прачытаеш.
І неяк, перад сном, адрабіўшы другую зьмену, я, каб хутчэй заснуць, адкрыў гэтую беларускую кніжку пра вайнушку. Яшчэ не разумеючы, якую пастку падрыхтаваў мне аўтар. Інтэлігентны дзядзечка ў акулярах, які цёпла пазіраў са здымку.
У тую першую ноч я адолеў толькі разьдзел, дзе апісваліся трызьненьні Гітлера. Насаладзіўшыся аўтарскай фантазіяй, што перанесла мяне ў апартамэнты фюрэра, ды паспачуваўшы людажэру й ворагу маёй савецкай радзімы, я спакойна заснуў. Пакінуўшы прыемнае чытво на наступныя ночы.
І наступнай ноччу, пасьля плённай працы ды сытнае вячэры, я ў ложку адкрыў адамовіцкі том, як адкрываюць дэсэртны дэтэктыў. А страшнага Гітлера ўжо ня было. Пайшлі беларускія пасёлкі на шляху ў колішніх украінскіх рабацяг, колішніх афіцэраў савецкай арміі ды іхных нямецкіх паплечнікаў-камісараў. Пачаліся забітыя людзьмі, спаленыя зрубы, у якіх трупы працягвалі стаяць. Пачаліся карціны лягераў, дзе чырвоныя камандзіры елі трупы сваіх баявых таварышаў. Пачаўся салодкі дым ад спаленага чалавечага мяса. Пачаліся больш чым пераканаўчыя доказы, што чалавек ня ведае сваіх д'ябальскіх здольнасьцяў. І няма той мяжы, да якой можна апусьціцца. У тым ліку й табе. Васемнаццацігадоваму шчанюку-камсамольцу, які нахабна думае, што сьвет створаны адмыслова дзеля ўвасабленьня ягоных мараў. Шчанюку, у параўнаньні зь якім, пры пэўных абставінах, і дзядуля Гітлер выглядаў бы рэйстагскім летуценьнікам.
Наступнай ноччу я ўжо браў страшную кнігу з павагаю, адкрываў павольна. Як дзеці адкрываюць страшныя казкі. Гэтым разам я пазнаёміўся з Тупігам. Трыцацігадовым днепрапятроўцам, шарагоўцам карнага батальёну Мельнічэнкі, маўклівым бамбізам, які не здымаў шыняля нават у самую сьпёку. І працаваў. Ня п'янстваваў з аднапалчанамі, ня зьверстваваў попусту й без патрэбы. А менавіта працаваў. І аўтар даў мне напоўніцу пакаштаваць тае працы. Асабліва ў сцэне ліквідацыі ўсёй вёскі, што сабралася ў адной хаце. Тупіга, калі хто забыўся на зьмест, паспрачаўся з калегам, што пакладзе ўсіх адным дыскам. Як прафэсіянал, ён не любіў марнаваць патроны. І зайшоўшы ў забітую людзьмі хату вёў зь сялянамі пустую размову, сам у гэты час выбіраючы найбольш зручнае месца для агню. Каб націснуць на курок у самы нечаканы момант, і першымі пад кулі патрапілі дзеці на печцы.
За ўвесь час чытаньня "Карнікаў" я не прысьніў ніводнага кашмара. Але сам таго не жадаючы, я пачынаў паважаць Тупігу. Сярод астатніх герояў раману – паўп'яных сьмярдзючых хахлоў, якія рабілі з забойства цяжарных жанчын забаву, інтэлігентнага масквіча-афіцэрыка, заклапочанага пошукамі апраўданьня сваім дзеяньням, эсэсаўцаў, што ня бачылі ў тутэйшых людзях людзей, толькі Тупіга выглядаў чалавекам, які ведаў цану ім ўсім. Чалавекам, які ў прапанаваных умовах жыцьця й сьмерці зрабіў свой выбар сьвядома. І жыў, і працаваў згодна са сваім выбарам. Безь непатрэбнага енчаньня.
Ад моманту прачытаньня я яшчэ доўгі час ня мог пазбавіцца ад таго Тупігі. Ува мне раптам зьявілася ягоная спакойная ўпэўненасьць. Быццам і мне, які ніколі ў сваім жыцьці не забіваў, вядомае тое пачуцьцё, што дорыць чалавеку кулямёт і права навесьці ягоную рулю на іншых. І апранаючы штодня цяжкія кірзовыя боты ды брудны халат, і павольна ідучы штодня па залітым сонцам заводзкім двары, і пазіраючы на свой цень, я бачыў на зямлі адбітак Тупігі ў шынялі.
А майстар быў незадаволены маімі спазьненьнямі. І начальнік цэха быў таксама нечым абураны. А калегі па працы дазвалялі сабе жарты на мой адрас. І ніхто зь іх ня мог даўмецца, чаму я такі спакойны і абыякавы. Быццам мяне зусім не хвалюе месячная прэмія з трынаццатай зарплатай. Я глядзеў на іх вачыма Адамовіцкага героя й мяне сапраўды, абсалютна не хвалявала тое, што ім здавалася жыцьцёва важным...
Да Тупігі я вярнуўся пасьля войска, падчас няўдалай спробы паступіць у маскоўскі ВГІК на акторскі курс Джыгарханяна ды Філозава. Спазьніўшыся на першыя туры, я меў намер зачараваць камісію адразу на трэцім. У посьпеху свайго матэрыялу я не сумняваўся. Як і ў сваім выкананьні таго самага маналёгу Тупігі, дзе ён абірае больш зручнае месца для агню. У тым, што камісію яшчэ ніхто не расстрэльваў, я быў пэўны. Але калі Армэна Барысавіча я заінтрыгаваў, дык Філозаў застаўся непахісны. Адным словам, артыст зь мяне не атрымаўся. Хоць маналёг я магу ўзгадаць і зараз..."
(Дубавец: ) Зьміцер Бартосік на ўсё жыцьцё запомніў маналёг Тупігі з Адамовічавых "Карнікаў".
* * *
Адамовіч і піша па-расейску і імкнецца ў Маскву не таму, што ён пачуваецца расейцам і цаляе заняць месца ў расейскай літаратуры. Зусім не. Нездарма і імя ён сабе пакінуў беларускае – Алесь, і нацыянальнага сантымэнту ў яго хапае. Ён едзе туды, дзе на той час быў цэнтар, дзе было самае высокае начальства, дзе вырашаліся праблемы глябальнае ядзернае пагрозы, трэцяй сусьветнай вайны, канца камунізму. Ён едзе ва ўнівэрсальнасьць, відаць, і адчуваючы пры гэтым прывіднасьць таго ўнівэрсалізму. Але вонкавыя знакі – шасьцідзясятніцтва, Сахараў, мэмарыял – заварожваюць.
Ягоная сьмерць не дазволіла нам прасачыць разьвіцьцё гэтае лёгікі. Хоць сёе-тое для асэнсаваньня ў нас ёсьць. Перастройка разваліла ня толькі савецкую імпэрыю, але й вобраз Масквы як унівэрсуму. Масква з сталіцы сьвету ці прынамсі многіх народаў стала ператварацца ў расейскую сталіцу – тады яшчэ нясьмела. Але і тады ўжо Адамовіч робіць характэрныя ўчынкі – знакавыя для ягонага вяртаньня. Ён бярэ ўдзел у Чарнобыльскім Шляху, ягоная постаць заўважная на Сойме БНФ, ён заснавальнік беларускага ПЭН-цэнтру.
Сёньняшняя расейская і маскоўская моўная і геаграфічная дыслякацыя ўжо зусім не азначае ўнівэрсуму. У культурным сэнсе гэта такая самая правінцыя, як і Беларусь. І тут і там усё яшчэ адбываецца пераходны пэрыяд. Адно што ўсеагульнае стала расейскім, а беларускае засталося беларускім. Сваім запаветам пахаваць сябе на радзіме Адамовіч сам адказаў на пытаньне пра вэктар свайго разьвіцьця і руху.
Вяртаньне на эвалюцыйны шлях абярнулася вяртаньнем да разнастайнасьці ня толькі чалавечай і псыхалягічнай, але й нацыянальнай – разнастайнасьці відаў, моваў, спадчынаў, радзімаў, краінаў... І той Адамовічаў унівэрсум, што складаўся з Масквы як пупа зямлі, з глябальнай ядзернай пагрозы, чалавека "вообще" і звышлітаратуры – гэты ўнівэрсум ляснуў, а на ягоным месцы ўтварылася мноства непадобных і тым цікавых культураў, кожная зь якіх вядзе свой дыялёг паміж небам і зямлёю без пасярэдніцтва якогась цэнтру, кожная ўзыходзіць да ўнівэрсуму сама, сваімі сродкамі. І няма сярод іх ні большых, ні меншых, ні галоўных і другасных. Пры гэтым унівэрсальны Адамовіч не ператварыўся ў расейскага пісьменьніка. Ягонае імя яшчэ можна сустрэць у даведніках "русских писателей", але зь нязьменнаю дэфініцыяй – "белорусский писатель". Адамовіч вяртаецца туды, дзе ён сапраўды патрэбны, дакладней, дзе ён можа быць найболей запатрабаваным і ўжо адкуль можа паўтарыць свой выхад не ва ўнівэрсальны цэнтар, а ў шырокі сьвет. |
|
|
|
|