|
Антысавецкая літаратура |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
У мінулай "Вострай Браме" мы гаварылі пра тое, як за савецкім часам выяўляліся пазацэнзурныя настроі беларускіх літаратараў. Тое вальнадумства, якое можна было знайсьці за кулісамі прыгожага пісьменства, складаецца зь бяскрыўдных на сёньняшні погляд эпіграмак пра Петруся Броўку ці Рыгора Нехая або з розыгрышаў, якія ўчыняў у пісьменьніцкім асяродку Андрэй Макаёнак. Хоць, трэба сказаць, і гэтыя гульні ды фрывольствы ўжо супярэчылі манумэнтальна-партыйнаму вобразу савецкага пісьменьніка. Усё астатняе, што з ідэйных твораў трапляла ў друк, мела цалкам савецкі ідэалягічна вывераны выгляд.
Тэма Вялікага Кастрычніка або ленініяна займалі ў беларускай савецкай літаратуры паноўнае месца. Ім прысьвечаныя кнігі, і пра гэтыя кнігі напісаныя цэлыя бібліятэкі. Але сёньня гэта ўжо нікому непатрэбна, апроч адзінкавых навукоўцаў, занятых рэтраспэкцыяй. Чытач гэтага чытаць ужо ня будзе, перавыданьні не чакаюцца. Вось жа ў сёньняшняй перадачы я хацеў бы разьвіць мінулую гаворку ў такім кірунку: а ці існавала беларуская антысавецкая літаратура, антыкастрычніцкая, антыленініяна? Літаратура, у якой бы абвяргаліся тыя ідэалягічныя куміры. Прынамсі, дагэтуль спробаў сфармаваць такі разьдзел з гісторыі беларускай літаратуры я не згадаю. І таму паспрабую напярэдадні чарговае гадавіны Вялікага Кастрычніка высьветліць, ці ёсьць тут прадмет гаворкі, а калі няма, дык чаму.
Глыбокая савецкасьць беларускае літаратуры цалкам вынікае з гістарычных абставінаў. Ад пачатку свайго ўзьнікненьня гэта была літаратура прыгнечанай сялянскай нацыі, якая цярпела то ад расейскага царызму, то ад польскіх паноў. Словам, гібела пад чужынскай уладай. І калі прыйшла свая беларуская ўлада рабочых і сялян, гэтая літаратура, натуральна, успрыняла камунізм як вызваленьне. Тысячы твораў маладых паэтаў у 20-я гады ўсхвалялі Леніна і бальшавікоў. Натхнёна і часта таленавіта. Усялякая правізна ў поглядах успрымалася як чужародная і штучная. А тут яшчэ партыя падсыпала ідэалягічных жупелаў пра тое, што беларусы – плоць ад плоці Вялікага Кастрычніка, бо толькі ён дазволіў ім падняць галаву, а пазьней – і ўвогуле зьявіцца на сьвет як нацыі.
Як жа яны ўсе – аднадумцы і натхнёныя Кастрычнікам творцы – маглі паставіцца да сталінскага малоху, які пачаў ім і іхным таварышам секчы галовы, іншы раз дваццаці пісьменьнікам за дзень? Гэта ня быў нават шок, гэта было зьняменьне. Па-мойму, яны як сьлед так і не агойдаліся ад таго зьняменьня дагэтуль. Бо й дагэтуль пісаньне твораў з саркастычным, сатырычным або крытычным поглядам на камунізм, чаго з коптурам напісана ва ўсіх постсавецкіх народаў, у нас выклікае водсьвет таго колішняга зьняменьня ўваччу. А навошта... а ня варта... лепей усё гэта хутчэй забыць. Ня думаць нават.
Гэта як бы малое яшчэ зусім і зусім шчасьлівае дзіця памкнулася да ласкавай бацькоўскай рукі ды раптам атрымала ад той рукі страшэннай сілы зьнявечлівы, бадай, сьмяротны ўдар. Псыхіка такога не вытрымлівае. Яна сьцінаецца, скукожваецца і ўжо ніколі ў жыцьці не памкнецца нават казаць пра тое здарэньне, бо растлумачыць яго немагчыма. Можна толькі пастарацца забыць. Інакш кожнага разу будзеш зноў адчуваць зьняменьне і паскуднае ныцьцё ў сэрцы – ад найвялікшае страты.
Вось яны і пісалі найболей лірычныя вершы або раманы пра вёску, апісвалі бабуліны кросны ці хоць бы і камбайны з трактарамі, а каб сыходзіла гладчэй, устаўлялі атрыбуты актуальнага савецкага жыцьця – ленінскія пакоі, пераходныя вымпелы ды партбілеты, камбайнёраў ды піянэраў. Імітавалі ў гэтай справе шчырасьць. Але насамрэч шчырасьць тут была немагчымая настолькі ж, наколькі немагчымая была і крытыка ўсяго гэтага. І ў самых вусных сваіх эпіграмах, розыгрышах і ананімных паэмах яны ніколі не краналі таго ліха...
Якім чынам можна вылучыць асобныя антысавецкія творы і сабраць іх у разьдзел? Штосьці ж пісалася ў Беларусі савецкай і перадавалася ў Вільню, у Беларусь Заходнюю, дзе было апублікавана? Штосьці пісалася пад акупацыяй, штосьці, магчыма перадавалася на Захад ужо пасьля вайны і чыталася на Радыё Свабода? Прынамсі хоць нейкае карціны мае асабістыя прыгадкі не ўтвараюць. Ці можна лічыць антысавецкім творам "Запіскі Самсона Самасуя" Мрыя ці гэта толькі савецкі сатырычны твор? А "Каханы горад" Юстапчыка, які пісаўся пад акупацыяй – яшчэ менш антысавецкі. Хіба што некаторыя вершы Геніюш, пісаныя падпольна, але й тут антыкамунізм – зусім не асноўная ідэя.
Згадваю верш знакамітага паэта пад назвай "Помнік Леніну ў Баку" – Баку, натуральна, зь вялікай літары. Спачатку падумаў, што гэта ёрніцтва, а пасьля зразумеў, што – гульня. Такая самая як Макаёнкавы розыгрышы, толькі паэт быў маладзейшы і не такі ўляўраваны як Макаёнак. Хоць ягоная бяскрыўдная гульня была абсалютна рызыкоўная. Такія забаўкі адсочваліся кампэтэнтнымі органамі, ім давалася адназначная ідэалягічная трактоўка і ўсё ішло ў справу. Паэт станавіўся нядобранадзейным.
Зь іншага боку, дасьледчыкі беларушчыны на эміграцыі таксама пільна сачылі за такімі гульнямі, дэшыфруючы іх як знакі вольнаму сьвету, пасланыя з-пад савецкага прыгнёту. Літаратуразнаўца Пятро Васючэнка неяк згадваў на Радыё Свабода, што Антон Адамовіч знайшоў у назьве паэмы Язэпа Пушчы "Цень Консула" абрэвіятуру ЦК і гатовы быў патлумачыць, што твор скіраваны супраць рэжыму.
Спробы знайсьці саму гэтую тэму, гэта значыць, тых, хто дасьледаваў яе раней, таксама не далі выніку. У нас створаныя цэлыя разьдзелы пра антысавецкія і антыкамуністычныя супраціў, рух, паўстаньні, а вось пра літаратуру – нічога. У Беларускай Электроннай Бібліятэцы ёсьць падразьдзел "Антысавецкая літаратура" ў разьдзеле "Публіцыстыка", але там наведніка сустракае ляканічнае паведамленьне: "Гэты разьдзел часова ня мае інфармацыі".
Урэшце даводзіцца зьвярнуцца да ўласнае памяці і прыгадаць першы ў жыцьці сапраўды антысавецкі верш, напісаны на маіх вачах.
Гісторыю нашу ўшчэнт
Разьнесьлі. У сілы права.
І нейкі сьляпы дацэнт
Закрэсьліў маю дзяржаву.
Казаў ён: кім вы былі,
Пакуль не прыйшоў Кастрычнік?
Казаў, што на маскальлі
Трымаўся шчэ наш язычнік...
Гэта Сокалаў-Воюш, 1980-ы год, менскі раён Грушаўка. Пісалася на чыгуначных рэйках за агароджаю Белпалка на замову падпольнага часопіса "Люстра дзён", які мы выдавалі разам зь Вінцуком Вячоркам.
Парадокс у тым, што мы не былі тады антысаветчыкамі або антыкамуністамі. Але мы бачылі, у якім заняпадзе і загоне знаходзіцца мова і гісторыя Беларусі, мы разумелі, якія скарбы схаваныя ад нас і гэтая цікавасьць да беларушчыны, жаданьне жыць у ёй, вывучаць яе і ўзбагачаць яе – гэтае зусім пазытыўнае жаданьне і рабіла нас аўтаматычна антыкамуністамі і антысаветчыкамі.
Пасьля мы не аднойчы пераконваліся, што гэты парадокс ёсьць. Варта было мастаку намаляваць Мірскі замак, як ужо гэта станавілася падставай для гутаркі ў КГБ. Варта было на вечарыне прачытаць фрагмэнт з забароненай Купалавай паэмы "На Куцьцю", як заля прыціхала ня толькі ад магіі вершаў, але й ад таго, што дзеіцца нешта недазволенае. Варта было групе студэнтаў пачаць сьпяваць калядныя песьні, як адразу ж вакол, нібы восы, пачыналі віцца таптуны і агенты. Самая цікавасьць да беларускай мінуўшчыны была антысаветызмам. І гэта вельмі добра выявілася ў тым сокалаўскім вершы. Усё, што тут было да Кастрычніка – табу. А той, хто на гэтае табу пасягнуў, становіцца ізгоем. Нездарма і падпісаны той верш быў псэўдонімам Казімер Усюдыгнаны. Эпізод вельмі цікавы, бо ўсё рабілася на нейкім падсьведамым юначым поклічы, а не было прадумана і вынашана гадамі.
Грамадзтва адразу дало нам зразумець, што наш краязнаўчы парыў – гэта амаль злачынства. І ад самага пачатку сваіх зацікаўленьняў беларушчынай мы адчувалі, што цікавіцца ёю можна толькі падпольна. Пасьля сталі чытацца кнігі Бажко, Прокшы, Бегуна... І мы ўбачылі, дзе нашае месца, а заадно і шмат даведаліся пра сваіх папярэднікаў і калегаў за мяжой. Дзякуючы гэтым кніжкам мы зразумелі, што мы – антысаветчыкі. Наступным унівэрсытэтам было ўжо "Радыё Свабода".
Наш антысаветызм вырастаў з краязнаўства вельмі марудна і нібы неахвотна. Ён, бадай, нічым не нагадваў расейскае дысыдэнцтва, для якога галоўным было змаганьне з палітычным рэжымам, тады як для нас – пазнаньне свае культуры. Варта згадаць, што ў коле нашага падпольнага чытаньня былі кнігі расейскіх вучоных Гумілёва, Ліхачова, Трубачова, цалкам прызнаных на той час у Расеі карыфэяў гуманістыкі. Ды й кнігі Ўлашчыка па беларускай гісторыяграфіі, выдадзеныя ў Маскве, у Менску маглі інкрымінавацца чытачу як нездаровая цікавасьць. Зноў жа, таму, што тут усё мусіла пачынацца толькі пасьля рэвалюцыі – нацыя, мова, гісторыя. Гісторыя ў Расеі была проста гісторыяй – агромністай, расьпісанай на стагодзьдзі, даступнай. Гісторыя ў Беларусі была знакам, які насьцярожваў. Нездарма ў сярэдзіне 80-х адзін беларускі рок-гурт выбраў сабе такую назву – "Гісторыя" – бо гучала на той час даволі адрэналініста.
Беларускі антысаветызм зусім не падобны ні да расейскага, ні да польскага або чэскага. Прычым гэта тычыцца ня толькі прыведзеных прыкладаў. Гэта тычыцца і "Дзёньніка" Кузьмы Чорнага, і "Споведзі" Ларысы Геніюш, і "Гутарак" Міколы Ермаловіча і іншых падобных твораў, якія пісаліся падпольна. Цэнтральнай ідэяй заўсёды было вывучэньне, захаваньне і прымнажэньне беларушчыны, а не выкрыцьцё, крытыка і ўрэшце зьвяржэньне існага палітычнага рэжыму.
Да клясычных антысавецкіх твораў можна далучыць хіба кнігу Францішка Аляхновіча "У кіпцюрах ГПУ" і падобныя творы, напісаныя і выдадзеныя вязьнямі ГУЛАГу за межамі СССР. Праўда, замежная антысавецкая літаратура і тая, што стваралася нашай эміграцыяй – гэта крыху іншая тэма. Яна не фэнамэнальная, бо пісалася і выдавалася ў той атмасфэры, дзе такія публікацыі заахвочваліся і дзе побач зь беларусамі пісалі расейцы, украінцы і дзеці іншых народаў. Погляд на савецкі рэжым там быў тыпалягічна падобны. Няхай гэта не падасца дзіўным, але я б аднёс беларускую антысавецкую літаратуру, што выходзіла за мяжой паводле духу і сутнасьці да постсавецкай літаратуры. На тую паліцу, куды стаўлю сёньняшнія нібыта антысавецкія, а насамрэч постсавецкія творы. Чытаючы іх, мы не зразумеем фэномэну беларускай літаратурнай антысаветчыны.
У Беларусі падсавецкай усё тое нішчымнае антысавецкае, што пісалася, як правіла, ляжала і сьпісамі не хадзіла. З аднаго боку, пісьменьнікі неяк умудраліся друкаваць і самае вострае, зь іншага – баяліся ўсялякай падпольшчыны.
Фармальна і тыя нешматлікія антысавецкія творы – сёньня ўжо літаратура постсавецкая, а не антысавецкая, бо яна калі й змагалася з камунізмам, дык у зусім вузкім коле людзей, якім яна мала што новага адкрывала, а загучала больш-менш пасьля таго, як камунізм ляснуў.
У пэўным сэнсе такая дадзенасьць супярэчыць лёгіцы. Бо калі існавала вялізная маса твораў пра Леніна і камуністаў з абсалютна станоўчай характарыстыкай, мусіла ж быць і нешта з характарыстыкай калі не адмоўнай, дык нэўтральнай.
У нас жа – яшчэ адзін парадокс – менавіта праз ухвальныя вершы пра Леніна выяўляўся той наш антысаветызм, які насамрэч быў беларускім патрыятызмам. Яскравы прыклад – вядомая паэма Генадзя Бураўкіна "Ленін думае пра Беларусь" – замаскаваная прапаганда беларушчыны, бо слова Беларусь пастаўленае побач з абсалютным – Ленін, ад гэтага быццам таксама рабілася абсалютным.
Беларусы, беларускія літаратары пад саветамі праіснавалі нібы пад наркозам, выкліканым прапагандысцкімі газамі. Каб зразумець гэта і каб адчуць, зусім неабавязкова спасылацца на тое, што гэта былі савецкія таталітарныя часы. Прыклады недапушчэньня іншадумства мы бачым і сёньня – хоць бы і ў дачыненьні да трактовак нядаўняга маскоўскага тэракту з захопам тэатру. Усе расейскія тэлеканалы пераконваюць беларусаў, што можа быць толькі адзін погляд на праблему, ніякія сумневы недапушчальныя. Гэта значыць, што думаць у прынцыпе шкодна, бо думка і пачынаецца з сумневу. Тэза – антытэза.
Заўважце, менавіта старыя, савецкія яшчэ антыкамуністы, дзе гэта ім удаецца, прапануюць глядзець на праблему ва ўсёй яе складанасьці. Алена Бонэр кажа пра тое, што з тэрарыстымі трэба размаўляць і чым болей, тым болей шанцаў захаваць жыцьці і ў прынцыпе хоць некуды зрушыць працэс зь мёртвай кропкі. Валерыя Навадворская ва ўласьцівай ёй манеры ўскладае адказнасьць за гібель людзей на расейскае кіраўніцтва. А Вітаўтас Ландсбэргіс зьвяртае ўвагу, што ў ацэнках палестынскага тэрарызму на Захадзе часта гучыць матыў, што тыя камікадзэ – даведзеныя да апошняе рысы, у іх няма выйсьця. Дык чаму, маўляў, з гэткімі меркамі не падыходзіць да чачэнцаў – як да загнаных у бязвыйснасьць?
Чым больш складанымі мы бачым такія сытуацыі, чым болей адкрыта задаем нетабуяваных пытаньняў, тым меней шанцаў у таталітарызму. Груба кажучы, балота, у якое ўвесь час тыкаць кіем, шукаючы цьвёрдае месца, ніколі не зарасьце раскай і ня будзе таіць у сабе абсалютную небясьпеку. Варта згадаць, як зьявіліся першыя савецкія табу і ў якія пачвары яны ператварыліся за Сталінам і колькі паламалі чалавечых лёсаў і тады і пазьней... Вось чаму ў сёньняшняй немагчымасьці гаварыць, выказваць ня тое, што няслушныя думкі, а сумневы, скажам, у мэтазгоднасьці спэцназаўскага штурму мне ня ўбачыліся, але адчуліся сымптомы той, яшчэ не зусім забытай таталітарнай раскі.
Гэткія прыклады спатрэбіліся мне ня столькі для тэматычнае паралелі, колькі для згадкі старых антысаветчыкаў-антыкамуністаў, якія менавіта ў недапушчэньні іншадумства бачаць новую пагрозу таталітарызму. Лішне казаць, што кожны каўказец цяпер успрымаецца ў Расеі вялікай колькасьцю расейцаў як вораг. "Дабіць зьвера ў ягоным логаве" – самы папулярны адказ сацыялягічнага апытаньня. Лексыка нібы ўзятая са сталінскіх часоў.
І што цяпер? Калі падобныя настроі пачынаюць прэваляваць у грамадзтве, тады ажывае такая інстытуцыя як данос. І ўсякае іншадумства можа быць проста прыдуманае, папярэджанае, і ўрэшце – пакаранае.
Ёсьць выпадкі, калі дабро спачатку ўсьведамляе, што яно павінна быць "з кулакамі", пасьля пераступае праз мэтазгодныя меры абароны, пасьля руйнуе такія паняткі як асабістая свабода, свабода слова і прэзумпцыя невінаватасьці і пайшло-паехала, пад гучнае улюлюканьне заведзенага прапагандай натоўпу ператвараецца тое дабро ў абсалютнае зло. Прынамсі, за Сталіным было так. Страху хапіла на некалькі пакаленьняў беларускіх пісьменьнікаў, каб па-просту не дапускаць іншае думкі пра Леніна ці камунізм.
* * *
Сёньня імя Кастрычніка – таго самага Вялікага – успрымаецца ў Беларусі нэўтральна. То Кастрычніцкі РАУС пахапае ўдзельнікаў апазыцыйнай акцыі, а Кастрычніцкі суд іх засудзіць на суткі або на штраф. То калгас "Кастрычніцкі шлях" адстане на ўборцы ўраджаю. Ёсьць яшчэ станцыя мэтро Кастрычніцкая, але яна ўжо ўспрымаецца як проста – ад назвы месяца, як Ліпеньская альбо Студзеньская. Ліпеньскі РАУС або Студзеньскі суд – гучала б, відаць, недарэчна.
Мабыць ідэйнай антысавецкай ды антыкамуністычнай літаратуры ў Беларусі ўжо ня будзе ніколі. А ўсё, што будзе пісацца пра тыя часы, так ці інакш будзе антысавецкім і антыкамуністычным. Малаверагодна, што нехта будзе зьвяртацца да вобразу Леніна – так, як гэта зрабіў, скажам, расейскі рэжысэр Сакураў. Цяпер Ленін стане расейскім альбо, можа быць, галівудзкім пэрсанажам.
Іншая рэч – той досьвед, які беларуская культура вынесе з тае адсутнасьці антысавеччыны. А досьвед у тым, што праўдзівая літаратура заўсёды мусіць супраціўляцца таталітарнай ідэалёгіі ды масаваму ідэалягічнаму псыхозу, зь якой бы нагоды ён ні ўздымаўся.
Пакуль у Беларусі такога псыхозу няма – ані праўрадавага, ані антыўрадавага. Пэўныя прыкметы гэтае зьявы дэманструюць расейскія тэлеканалы. Зрэшты, і камунізм прыйшоў у Беларусь з Расеі. Прыйшоў адназначна, аднааблічна, пакінуўшы свайго антыпода на радзіме. |
|
|
|
|