news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


8 Сьнежня 2002
 
Рамадан, Ханука, Каляды
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Кожнага разу пад новы год у нас чуваць і пра Хануку, і пра Рамадан, і пра Каляды. Гэта гісторыя падарыла нашаму краю такую чалавечую і рэлігійную разнастайнасьць, што жылі і жывуць у нас, апроч нас самых, і юдэі, і мусульмане – каго толькі няма. Таму і сьвяты розныя на слыху, не раўнуючы як у якім Нью-Ёрку ці Парыжы ці ў якой іншай сталіцы сьвету. Дарма што заежджыя скептыкі называюць наш край мядзьвежым кутом Эўропы. Вось жа ў сэнсе чалавечай разнастайнасьці мы нічым ня горшыя за самыя перадавыя сталіцы. Нават блізкія Расея і Польшча не пахваляцца тым, што ў іх і Ханука, і Рамадан, і Каляды – прычым у двух варыянтах. І ў Расеі, і ў Польшчы ёсьць рэлігійныя прыярытэты – праваслаўе і каталіцтва, таму ўсе астатнія там – меншасьці. Праўда, апошнім часам і ў нас спрабуюць зрабіць галоўным спаміж канфэсіяў праваслаўе, прычым менавіта расейскае праваслаўе, бо цэрквы РПЦ растуць у Беларусі як грыбы, а спробы іншых праваслаўных – аўтакефальных – нават толькі сабрацца разам – жорстка караюцца і законам, і амонам. Не па-людзку гэта і не па-нашаму, супярэчыць самой чалавечай прыродзе. І таму, нягледзячы на ўсе гэтыя прыярытэты, кожны беларускі чалавек абавязкова дзе-небудзь ды пачуе пра тое, што вось цяпер Рамадан, або – што Ханука пачалася.

Гледзячы на вялікую колькасьць новых хрысьціянскіх бажніцаў, што вырасьлі ў нас пасьля эпохі ўсеагульнага бязбожніцтва, я спрабую ўлавіць, адчуць адпаведны гэтаму рост непадробнага рэлігійнага энтузіязму ў народзе, у сродках масавай інфармацыі, у шчырых гаворках сяброў ды знаёмцаў, у найноўшай літаратуры. Ня маю на ўвазе тут людзей, так бы мовіць, апантаных, сапраўды царкоўных і багамольных, якіх і за саветамі зьбіралася ля храмаў вялікае мноства. Спрабую заўважыць і адчуць той душэўны зрух ці подзьвіг у іншых, новых. І, шчыра кажучы, не заўважаю. Сапраўды, верніцтва – зьява зусім асабістая, але мусіць жа яна хоць бы дзеля кантрасту з учорашнім сацрэалістычным атэізмам нейкім чынам выяўляцца ў літаратуры. Дапусьцім, адзінкі выявілі сваё верніцтва ў вершах і пайшлі працаваць у рэлігійныя выданьні. Ды такія самыя яны былі і за саветамі, толькі што не было тых выданьняў. Але ўсіх літаратараў у нас тысячы і... Па-філязофску нічога не зьмянілася ў іхных творах.

Скажаце, літаратура нікому нічога не абавязаная выяўляць. Згодны. Але тое самае магу сказаць і пра быт – велічэзны пласт грамадзкага жыцьця. Наведваньне бажніцы, якое ўчора асуджаліся, а сёньня нібыта ўхваляецца грамадзкай думкай – гэта таксама ні пра што не гаворыць. Стала прынята хрысьціць дзяцей і вянчацца ды адпяваць памерлых. У людзях, у нашых людзях па вялікім рахунку нічога не зьмянілася.

Такія развагі натуральным чынам выводзяць мяне да думкі пра месца і значэньне рэлігіі ў цяперашнім беларускім сьвеце і найперш – у нацыянальным станаўленьні. Вядомая рэч, што ў літоўцаў, скажам, і палякаў вялікую ролю ў нацыянальным станаўленьні адыграў касьцёл, у Расеі – царква. А гэта нашы суседзі. У свой час і ў Беларусі была цэлая кагорта нацыянальна сьведамых ксяндзоў, якія менавіта нацыянальнаму адраджэньню прысьвяцілі, а то й аддалі свае жыцьці. Ды толькі і ў гэтае справы сёньня не відаць істотнага працягу. Касьцёл гаворыць па-беларуску неяк працэдурна, царква, за нязначнымі выключэньнямі, карыстаецца расейскай мовай. Але пэўна ж ня твораць нацыянальнага адраджэньня ні там, ні там.

Куды выправіцца ўся гэтая сытуацыя заўтра? Гутарка на гэтую тэму – у сёньняшняй перадачы.

Віленскі журналіст Віталь Каракорскі сабраў разам зьвесткі пра апошнія падзеі, якія тычацца ролі рэлігіі ў цяперашнім сьвеце і ў нашых краях.

(Каракорскі: ) "Пачаць, напэўна, трэба з таго, што кожны і безь мяне адчувае ў гэтыя сьнежаньскія дні: марозна – у Вільні з раніцы мінус дванаццаць, і цёмна – мала сьвятла. Дні надышлі самыя кароткія. Так адбываецца заўсёды напрыканцы году, колькі існуе чалавек. Зімна, паўтару, і няўтульна. Але, дзякуй богу, ёсьць альтэрнатыўныя, як той казаў, крыніцы сьвятла. Вось у юдэяў учора скончылася Ханука, вялікае рэлігійнае сьвята. Ягоны сэнс – цуд, які адбыўся пасьля таго, як быў вызвалены ад грэкасырыйцаў храм, а ў ім знайшлі адзін толькі глечык з алеем, якога, каб гарэла мінора, павінна было хапіць толькі на адзін дзень, а хапіла на цэлых восем. Вось і сьвяткуюць юдэі Хануку – сьвята сьвятла.

Ці іншы прыклад – толькі што скончыўся Рамадан і пачаўся Ід аль-фітр, ці інакш – Ураза-байрам. Рамадан мусульмане сьвяткуюць у гонар першага адкрыцьця, якое было дадзена Магамэту. Як невялікі знаўца ісламу, дазволю сабе думку, што гэтае адкрыцьцё Магамэт таксама атрымаў з дапамогай сьвятла. Як добра ведае сучасная фізыка, сьвятло – моцны, магчыма, галоўны носьбіт інфармацыі ў сусьвеце. А што такое адкрыцьцё як не інфармацыя з самай вышы?

Што ўжо казаць, як чакаюць сьвятла пэўнай зоркі заходнія хрысьціяне – каталікі і пратэстанты! Дарэчы, сьвятло гэтае зоркі на Каляды абвесьціць ня толькі пра тое, што 2002 гады таму нарадзіўся Ісус, але й пра тое, што сьветлавы дзень пачне нарэшце павялічвацца. Але Калядаў яшчэ трэба дачакацца, а сёньня па-ранейшаму зімна і няўтульна. І ня толькі простым сьмяротным, але й тым з нас, хто, здаецца, бліжэй да Бога.

Праваслаўны віленскі мітрапаліт Хрызастом сказаў нядаўна журналістам..."

(Дубавец: ) Перш чым працытаваць тое, што ён сказаў, заўважу, што Хрызастом – кіраўнік РПЦ у Літве – гэта, бадай, поўная супрацьлегласьць Філарэту – кіраўніку РПЦ у Беларусі. Іх яднаюць хіба што вонкавыя, фармальныя прыкметы, сярод якіх – прынцыповае невалоданьне мовай тытульнай нацыі. Што да ўсяго астатняга – сьветапогляду і становішча падпарадкаванай ім царквы, дык тут усё інакшае. Хрызастом выглядае ў Вільні рэфарматарам царквы (чаго варты ягоны дазвол на набажэнствы па-беларуску) і адначасова чалавекам, які вагаецца, сумняваецца, не хавае свайго расчараваньня. Філарэт – амаль дзяржаўная асоба – мае кансэрватыўныя погляды і ніколі ня скажа "лішняга", чалавек, якому пасавала б вызначэньне "высокі царкоўны чыноўнік". Я спрабую характарызаваць гэтых двух ярархаў не як царкоўны аналітык, а так, як іх бачыць, чуе і аналізуе звычайны чалавек. Дык вось, журналісты спыталіся ў Хразастома, як ён мяркуе, ці колькасьць вернікаў будзе зьмяншацца, ці, наадварот, новае постсавецкае пакаленьне абернецца ў веру? На гэта Хрызастом адказаў:

– У нас склаўся стэрэатып мысьленьня, што нявера і нерэлігійнае жыцьцё зьяўляюцца вынікам барацьбы з рэлігіяй у Савецкім Саюзе. Але ўзяць хоць бы Заходнюю Эўропу, дзе не было ніякай барацьбы з рэлігіяй і правы вернікаў не ўціскаліся. У Нідэрляндах, па-мойму, самая вялікая колькасьць нерэлігійных людзей – больш за 60 адсоткаў, а ў Літве, якая стаіць на парозе Эўрапейскага зьвязу, 83 адсоткі людзей заяўляюць пра сябе, як пра вернікаў. Аднак, ці вы думаеце, што гэтыя 79 адсоткаў каталікоў у Літве сапраўды жывуць, выконваючы традыцыі каталіцкай царквы?! Хрысьціянская традыцыя шлюбу адмірае і страчвае сваё значэньне. Любоў – гэта нейкі перажытак, бо ўсе гавораць пра сэкс і называюць яго любоўю. Так што я ня стаўлюся з аптымізмам да будучыні рэлігійнага жыцьця. У цяперашні час толькі адна рэлігія ў сьвеце – іслам – яўна дэманструе вернасьць сваім прынцыпам.

Так кажа кіраўнік праваслаўнай царквы ў Літве мітрапаліт Хрызастом, які ўважаецца за аднаго з выбітных інтэлектуалаў і тэолягаў. І ня толькі.

(Каракорскі: ) "Трэба сказаць, што Хрызастом – вельмі паважаная асоба ў літоўскім грамадзтве. Тут добра памятаюць, як ён 12 гадоў таму рашуча падтрымаў літоўскую незалежнасьць у самыя цяжкія хвіліны. Дык адкуль сёньняшні пэсымізм уладыкі? Ці насамрэч хрысьціянства страчвае свае пазыцыі ў сучасным сьвеце?"

(Дубавец: ) "А што на гэты конт кажуць адмыслоўцы дасьледчыкі і аналітыкі?"

(Каракорскі: ) "Напрыканцы мінулага стагодзьдзя Інстытут сацыяльнага разьвіцьця ААН зрабіў такую выснову, цытую: "Апошнія 20 гадоў сьведчаць пра тое, што адбываецца адраджэньне ўплыву рэлігіі на палітыку ў шмат якіх рэгіёнах сьвету. Тэорыі, паводле якіх распаўсюджаньне ўрбанізацыі, асьветы, эканамічнае разьвіцьцё, навуковы рацыяналізм ды сацыяльная мабільнасьць будуць істотна зьмяншаць ролю рэлігіі, сёньня выглядаюць недастаткова абгрунтаванымі".

Дадам, што ідзецца ня толькі пра іслам, якому пэўныя сілы намагаюцца надаць функцыі палітычнай дактрыны, але і пра Паўночную ды Лацінскую Амэрыку, Паўднёва-Ўсходнюю Азію, а таксама пра наш рэгіён – Цэнтральную ды Ўсходнюю Эўропу".

(Дубавец: ) Значыць, аналітыкі ААН бачаць павелічэньне ролі рэлігіі ў палітыцы. Як на маю думку, дык у Беларусі хутчэй павялічваецца роля палітыкі ў рэлігіі. Гэта значыць, што царква выкарыстоўваецца дзеля палітыкі. Што да саміх палітыкаў, дык наўрад ці з савецкіх часоў яны сталі меншымі бязбожнікамі. Захаваньне самога стылю паводзінаў тагачасных партыйных ды камсамольскіх кадраў з дамешкам іміджу новых рускіх бізнэсмэнаў плюс што-нішто падгледжанае ў тэлерэпартажах пра ўсялякія высокія саміты і брыфінгі – вось і ўвесь вобраз цяперашняга афіцыйнага палітыка. Хіба ў Літве гэта выглядае па-іншаму?

(Каракорскі: ) "Вось апошні тутэйшы прыклад. У пятніцу літоўскія мэдыі паведамілі, што кандыдат у прэзыдэнты Раландас Паксас накіраваў ліст у каталіцкія парафіі, у якім віншуе вернікаў з пачаткам адвэнту і блізкімі Калядамі. Як пішуць газэты, ксяндзы зараз ламаюць галовы, ці чытаць гэты ліст у часе казаньняў, ці вырашыць, што гэта – толькі рэклямны ход прэтэндэнта. Той самы Паксас нядаўна павіншаваў юдэяў з Ханукай, а ў Клайпедзе ён сустрэўся з праваслаўнымі і пратэстанцкімі сьвятарамі. Выглядае на тое, што палітык-папуліст добра ўсьведамляе ўплыў рэлігіі на выбаршчыкаў. Ды і паводле сацыялягічных апытаньняў царква (а ў выпадку Літвы – касьцёл) карыстаецца найбольшым даверам у грамадзтве. Зь іншых інстытуцыяў толькі мас-мэдыя здольныя канкураваць з касьцёлам".

(Дубавец: ) Гэта тыповая сацыялягічная карцінка, прынамсі на посткамуністычнай прасторы. Але, на маю думку, тут спрацоўвае ня столькі прынцып даверу, колькі бясьпекі. І гэта якраз ня добра для дзяржавы і краіны, калі людзі найбольш давяраюць таму, ад каго не чакаюць рэальнае шкоды. Людзі не давяраюць дзяржаўным, палітычным, эканамічным структурам, бо тыя непрадказальныя і пры тым надзеленыя вялікай зьнішчальнай сілаю. А царква і газэта – якое ад іх зло, асабліва калі ў першую ня ходзіш, а другой не чытаеш. Дзяржава выглядае слабою пры такой сацыялёгіі.

(Каракорскі: ) "Вяртаючыся да Хрызастома. Можа, страта пазыцыяў – гэта не агульнахрысьціянская, а вузкаканфэсійная, праваслаўная праблема? Вось яшчэ адно з апошніх паведамленьняў інфармацыйных агенцтваў. У чацьвер расейскае выданьне "Газета" паведаміла пра сэнсацыйны, як піша, дакумэнт – праект дакладу да агульнага паседжаньня Савету бясьпекі, Дзяржаўнага савету ды Савету ў справах рэлігіі. Прысьвечаны даклад рэлігійнаму экстрэмізму. Экстрэмістамі, паводле аўтараў дакладу, абвешчаныя каталікі, пратэстанты, сэктанты, ісламісты – усе, апроч праваслаўных, будыстаў і, як іранічна піша "Газета" – пакуль што – юдэяў. На пятнаццаці старонках дакладу галоўнай пагрозай выглядае рыма-каталіцкая царква, – паведамляе выданьне. У этэры радыё "Эхо Москвы" старшыня расейскага парлямэнцкага камітэту заканадаўства Павал Крашаніньнікаў сказаў, што абвешчаньне пэўных рэлігіяў экстрэмісцкімі будзе шкодным перш-наперш той канфэсіі, перавага якой падкрэсьліваецца.

Расейская праваслаўная царква гістарычна ўжо мела дзяржаўны статус – у царскай Расеі. На думку слынных праваслаўных філёзафаў, такіх, як Мікалай Бярдзяеў ці айцец Сергій Булгакаў, менавіта гэтая дзяржаўнасьць і была адным з асноўных фактараў масавай адмовы вернікаў ад праваслаўя ў 17-м годзе мінулага стагодзьдзя. Але і сёньня маскоўскія ярархі намагаюцца быць пры ўладзе. І ў Расеі, і ў Беларусі, дзе толькі што прыняты закон пра выключную ролю праваслаўнай канфэсіі".

(Дубавец: ) Гісторыя ня вучыць ні іх, ні нас. Узьвелічэньне дзяржавай нейкай адной царквы адбываецца толькі і выключна ад слабасьці гэтай царквы, ад яе недаверу да сябе самое, да сваіх сілаў, свайго духоўнага патэнцыялу. Хто сёньня будзе сур'ёзна казаць пра экспансію праваслаўя? Хіба што ярархі расейскага праваслаўя. Але выключна дзеля самазаспакаеньня. Маўляў, мы не ад слабасьці чапляемся за дзяржаву, а дзеля пашырэньня. І, можа быць, у Беларусі, як нідзе, гэткае самаапраўданьне выглядае карыкатурна. Наш народ даўно не выяўляе прыкметаў рэлігійнага фанатызму, каб думаць яшчэ й пра экспансію. Прычынай гэтаму шматразовы ў гісторыі гвалтоўны наварот усіх беларусаў то ў адну канфэсію, то ў другую, то ў бязбожніцтва, у выніку чаго людзі рабіліся індыфэрэнтнымі і да канфэсіяў, і да рэлігіі. Другая прычына – традыцыйная шматканфэсійнасьць.

Між іншым, праваслаўная царква, так каб на ўзроўні царквы, а не адзінкавых сьвятароў, ніколі і не спрабавала ў нас стаць на чале нацыянальнага адраджэньня. Касьцёл спрабаваў, а царква ніколі. І цяпер яна выпрасіла сабе ў прэзыдэнта месца прыярытэтнай. Хіба гэта не выглядае карыкатурна?

(Каракорскі: ) "Я нядаўна перачытаў раман-антыўтопію Ўладзімера Вайновіча "Масква-2042". Чытаў зь іншай нагоды – вельмі ўжо цяперашняя палітычная сытуацыя ў Расеі нагадвае фантазію Вайновіча з 82-га году мінулага стагодзьдзя. Напрыклад, паводле аўтара, улада ў Маскве ў 2042-м годзе належыць КПГБ – Камуністычнай Партыі Дзяржаўнае Бясьпекі, вельмі падобна да сёньняшняга пуцінскага рэжыму. І пра рэлігію там ёсьць. Дакладней, ніякай царквы няма, а ёсьць рэлігійная служба КПГБ, якую ўзначальвае генэрал-маёр айцец Зьвяздоній. І ня хрысьцяцца яны там, а зьвезьдзяцца.

Дарэчы, калі сёньня Пуцін вярнуў чырвоную зорку на чырвоны сьцяг расейскага войска, чым не нагода была царкве ўзмацніць свае пазыцыі ў грамадзтве і рашуча выступіць супраць. Дык не. Вось іншыя заява. У пятніцу мітрапаліт Кірыл сказаў, што РПЦ не хацела б, каб праваслаўныя жылі па выключна лібэральных, як ён кажа, чужых законах. Пад чырвонай зоркай, калі ласка – жывіце. А па лібэральных законах – не. А галоўны лібэральны закон, калі хто ня ведае, гэта царква асобна, а дзяржава асобна. Як тыя пуцінскія мухі з катлетамі. Але для вялебнага Кірыла чужы той закон, паводле якога Богу – Богава, а Кесару – Кесарава".

(Дубавец: ) І зноў я думаю, што робіцца гэта ўсё ад слабасьці і ад няверы царквы ў самую сябе. І грамадзтва не сказаць каб з упэўненасьцю глядзела ў заўтрашні дзень – туды, праз два, тры, пяць гадоў, туды, дзе вырастуць дзеці. Што там будзе – ня ведае ніхто абсалютна, у тым ліку і кіраўнікі дзяржавы. Вось тут бы тое грамадзтва і прыгарнуць, аб'яднаць у адзіным подзьвігу калі не нацыянальнага адраджэньня, дык веры ў сябе, прынамсі. Далібог, шмат каму гэта вельмі патрэбна. А лёгіка кіраўніка РПЦ нагадвае думкі таго ратавальніка, толькі не душы, а цела, які ня кідаецца ратаваць тапельца, баючыся патануць самому.

Калі РПЦ у Беларусі прэтэндуе на ролю прыярытэтнай царквы, дык яна мусіла б на роўных палемізаваць з аўтарытарным кіраўніком краіны і гэтым даказала б сваю прыярытэтнасьць. Рэальную, а не папяровую. І ў чалавека зьявіўся б выбар – ня верыш уладзе, вер царкве. Але ж гэта пры строгім, лібэральным падзеле царквы і дзяржавы.

(Каракорскі: ) "Вось цалкам іншы прыклад. Новы архібіскуп Кентэрбэрыйскі, гэта значыць, фактычны галава англіканскае царквы, Руўэн Уільямс падчас сваёй інтэрнізацыі другога сьнежня абвясьціў, што будзе шукаць магчымасьці аслабіць альбо нават цалкам скінуць сьвецкую ўладу са сваёй канфэсіі. Спадар Уільямс, былы архібіскуп Валійскі, лічыць, што абвешчаньне Валійскай царквы незалежнаю яшчэ ў 20-м годзе мінулага стагодзьдзя было вельмі карысным. Няма сумневаў, што архібіскуп таксама дбае пра ўзмацненьне пазыцыяў хрысьціянства. А я думаю – ці хто возьмецца сьцьвярджаць, што англікане горшыя хрысьціяне за праваслаўных. І як вымяраць моц пазыцыяў: колькасьцю храмаў, ці колькасьцю вернікаў у іх, а можа якасьцю – сілай веры? Здаецца, справа ў суадносінах сьвятла і цемры ў кожным з нас.

Канфуцыя пакуль экстрэмістам ніхто не абвяшчаў. Дык вось Канфуцый сказаў: значна цяжэй запаліць сьвечку, чым праклінаць цемру".

(Дубавец: ) Значна цяжэй запаліць сьвечку, чым праклінаць цемру, – сьледам за Канфуцыем кажа Віталь Каракорскі. У сёньняшняй перадачы мы шукалі тую запаленую сьвечку, а натыкнуліся на мноства праклёнаў. Нішто не дазваляе сказаць, што беларускае грамадзтва за постсавецкі час стала істотна больш рэлігійным.

Адзін мой калега любіць паўтараць: калі ты спытаесься пра маю веру, я не скажу табе нічога, бо гэта мая і толькі мая справа. Сапраўды так. Але сёньня мы гаварылі не пра гэта. Мы гаварылі пра ролю рэлігіі ў станаўленьні беларускае нацыі і беларускага грамадзтва. Бог у кожнага ў сэрцы, але калі чалавек далучаецца да рэлігійнае суполкі, паўстае калектыў – тая сіла, якая здольная на многае і якая ў гісторыі шматкроць выкарыстоўвалася для ўсенароднага ўздыму – ці то на ворага, ці то на нацыянальнае адраджэньне. Сёньня такога настрою няма. Царква пачуваецца паслабленай – адна канфэсія паслабленая законам, бо гэтым законам прыніжаная, другая – бо гэтым законам узьвялічаная.

Пры тым не спыняецца па ўсёй Беларусі будаўніцтва храмаў, быццам той усенародны ўздым і сапраўды ёсьць, толькі глыбока схаваны ў падпольле, нябачны. Нехта скажа, што храмы зь дзяржаўнай падтрымкаю будуюць ярархі РПЦ. Калі так, дык неўзабаве яно стане відаць. Вялікае мноства храмаў нехта ж мусіць утрымліваць. Прычым не мусова. Пройдзе ўсяго некалькі гадоў, і мы пабачым, як усенародны подзьвіг выйдзе з падпольля, альбо – як стаяць зачыненымі тыя бажніцы.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.