news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


8 Лютага 2004
 
Аляксандар Салжаніцын. Жыць без ілжы
30 гадоў таму прагучаў заклік расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына “Жыць без ілжы”, у якім аўтар прапанаваў суграмадзянам рэцэпт процістаяньня таталітарнаму рэжыму. А менавіта: асабіста ня ўдзельнічаць у хлусьні, якая наскрозь працяла грамадзтва. Наколькі дзейсны такі рэцэпт у сёньняшняй Беларусі? Каб адказаць на гэтае пытаньне, удзельнікі перадачы “Вострая Брама” перачыталі зварот Салжаніцына.
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
12 лютага 1974 году расейскі пісьменьнік-дысыдэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Аляксандар Салжаніцын падпісвае свой зварот да суайчыньнікаў пад назвай “Жыць без ілжы”. Дакладней, тэкст звароту пісаўся крыху раней і быў раскладзены па схованках з умовай: калі аўтара арыштуюць – распаўсюдзіць праз суткі. Так і адбылося. Самога Салжаніцына чакала выгнаньне з СССР, а на радзіме ў легальным друку “Жыць без ілжы” зьявілася толькі ў 1988 годзе. Нельга, аднак, зьменшыць ролю гэтага эмацыйнага закліку, які ў часы глыбокага застою перадаваўся з рук у рукі і падбухторваў людзей на супрацьстаяньне таталітарнаму ладу.

Што да Беларусі, дык у нас 30 гадоў таму зварот Салжаніцына водгуку ня меў. Прынамсі ў кроніцы дэмакратычнай апазыцыі такіх зьвестак няма. Рэч у тым, што дысыдэнцкія зьявы ў тагачаснай Беларусі мелі бадай выключна нацыянальна-дэмакратычны характар. Гаворка ішла пра адраджэньне культуры, а не пра зьмену палітычнага рэжыму. І гэта быў першы пункт, у якім беларусы з Салжаніцыным разышліся.

Нібы ў адказ на гэта Салжаніцын “не заўважыць” беларусаў як асобнае нацыі. Крыўдныя словы прагучаць пазьней у ягоным праграмным артыкуле “Як нам уладкаваць Расею”. Але гэтыя два пункты, на маю думку, так і застануцца бескарыснымі пунктамі супрацьстаяньня, калі да іх не дадаць трэцяга.

У адрозьненьне ад усіх іншых самастойных і разьвітых культур нашае часткі сьвету, беларусы ня маюць свайго перакладу ані “Архіпэлагу ГУЛАГУ”, ані звароту “Жыць без ілжы”. Інакш кажучы, мы ня бачым Салжаніцына, а ён ня бачыць нас. Ён – бясспрэчна вялікі пісьменьнік сусьветнага маштабу і вялікі грамадзянін. І для таго, каб вынесьці яму прысуд у імпэрскім поглядзе на нас, мы мусілі б загаварыць зь ім па-свойму. Магчыма і ён пасьля гэтага пачуў бы нас, бо, як вядома, самы цывілізаваны спосаб выхаду з супрацьстаяньня – гэта размова. Лепшага ня вынайдзена.

Нарэшце, ёсьць і яшчэ адна, ужо чыста наша, унутраная карысьць у тым, каб перачытаць Салжаніцына па-свойму. Ён – ці ня самы расейскі паводле духу сучасны пісьменьнік, у якога кожнае слова і стылёвая сынкопа, кожны тон і паўтон дакладна перадаюць чыста расейскую нэрвовасьць і мэнтальнасьць, максымалізм у вялікім і дробязнасьць у прыватным. Мы, якія хацелі б запярэчыць яму, што мы ёсьць, мы асобныя і разьвітыя і – не такія, менавіта ў ягоных тэкстах распазнаем сваю інакшасьць найлепшым чынам. Ягоная саборнасьць, безальтэрнатыўнасьць праваслаўнага адраджэньня, а нават і сам дух тэксту, так падобнага на царкоўную казань – усё гэта можа быць зразумелае для беларускага індывідуалізму, нашай шматканфэсійнасьці і рацыяналістычнага погляду на сьвет, але не сваё.

Сёньня мы перачытаем зварот Аляксандра Салжаніцына “Жыць без ілжы” ўпершыню па-беларуску. Услухаемся ў яго і дамо магчымасьць аўтару ды ягоным суайчыньнікам услухацца ў нас.

“Аляксандар Салжаніцын

Жыць без ілжы

Калісьці мы ня сьмелі і шэптам шаргацець. Цяпер вось пішам і чытаем Самвыдат, а ўжо адзін адному ў курылках НДІ ад душы наскардзімся: чаго толькі яны не напракудзяць, куды толькі ня цягнуць нас! Тут і непатрэбнае касьмічнае выхваляньне пры развале і беднасьці жыцьця; і ўмацаваньне далёкіх дзікіх рэжымаў; і распальваньне грамадзянскіх войнаў; і безаглядна выгадавалі Мао Цзэдуна (на нашы сродкі) – і нас жа на яго пагоняць, і прыйдзецца ісьці, куды дзенесься? і судзяць, каго хочуць, і здаровых заганяюць у вар’яты – усё “яны”, а мы – бясьсільныя.

Ужо да донца даходзіць, ужо ўсеагульная духовая пагібель насунулася на ўсіх нас, і фізычная вось-вось запалае і спаліць і нас, і нашых дзяцей, – а мы па-ранейшаму ўсё ўсьміхаемся баязьліва і лапочам каснаязыка:

– А чым жа мы перашкодзім? У нас няма сілаў. Мы так безнадзейна расчалавечыліся, што за сёньняшнюю нішчымную кармушку аддамо ўсе прынцыпы, душу сваю, усе намаганьні нашых продкаў, усе магчымасьці для нашчадкаў – толькі б не разладзіць свайго лядачага існаваньня. Не засталося ў нас ані цьвёрдасьці, ані годнасьці, ні сардэчнага гарэньня. Мы нават усеагульнай атамнай сьмерці не баімся, трэцяй сусьветнай вайны не баімся (можа, у расколінку схаваемся), – мы толькі баімся крокаў грамадзянскае мужнасьці! Нам толькі б не адбіцца ад статку, не зрабіць кроку паасобку – і раптам аказацца бязь белых булак, бяз газавай калёнкі, без маскоўскай прапіскі.

Ужо як дзяўблі нам на палітгуртках, так у нас і ўдзяўблося, выгодна жыць, абы на ўвесь век добра: асяродзьдзе, сацыяльныя ўмовы, зь іх ня выскачыш, быцьцё вызначае сьвядомасьць, мы тут пры чым? мы нічога ня можам.

А мы можам – усё! – але самі сабе хлусім, каб сябе заспакоіць. Ніякія не “яны” ўва ўсім вінаватыя – мы самі, толькі мы!

Запярэчаць: але ж сапраўды нічога не прыдумаеш! Нам заляпілі рот, нас ня слухаюць, у нас не пытаюцца. Як жа прымусіць іх паслухаць нас?

Пераканаць іх – немагчыма.

Натуральна было б іх пераабраць! – але перавыбараў не бывае ў нашай краіне.

На Захадзе людзі знаюць страйкі, дэманстрацыі пратэсту, – але мы занадта забітыя, нам гэта страшна: як гэта раптам – адмовіцца ад працы, як гэта раптам – выйсьці на вуліцу?

А ўсе іншыя фатальныя шляхі, што за апошняе стагодзьдзе апрабаваныя ў горкай расейскай гісторыі, – тым больш не для нас, і насамрэч – ня трэба! Цяпер, калі ўсе сякеры свайго дасякліся, калі ўсё пасеянае ўзыйшло, – нам бачна, як заблукаліся, як учадзелі тыя маладыя, самаўпэўненыя, хто думалі тэрорам, крывавым паўстаньнем і грамадзянскай вайной зрабіць краіну справядлівай і шчасьлівай. Не ўжо, дзякуй, бацькі асьветы! Цяпер ужо ведаем мы, што гнюснасьць мэтадаў месьціцца ў гнюснасьці вынікаў. Нашыя рукі – хай будуць чыстымі!

Дык кола – замкнулася? І выйсьця – насамрэч няма? І застаецца нам толькі бязьдзейна чакаць: раптам здарыцца нешта само?

Але ніколі яно ад нас не адліпне само, калі ўсе мы ўвесь час будзем яго прызнаваць, услаўляць і мацаваць, калі не адштурхнемся хоць бы ад самай яго адчувальнай кропкі.

Ад – ілжы.

Калі гвалт урываецца ў мірнае людзкое жыцьцё – ягоны твар палае ад самаўпэўненасьці, ён так і на штандары піша, і крычыць: “Я – Гвалт! Разыйдзіся, расступіся – стапчу!” Але гвалт хутка старэе, крыху гадоў – і ён ужо ня ўпэўнены ў сабе, і, каб трымацца, каб выглядаць прыстойна, – ён выклікае сабе ў хаўрусьнікі Хлусьню. Бо: гвалту няма чым прыкрыцца, акрамя хлусьні, а хлусьня можа трымацца толькі гвалтам. І ня кожны дзень, не на кожнае плячо кладзе гвалт сваю цяжкую лапу: ён патрабуе ад нас толькі пакоры да хлусьні, штодзённага ўдзелу ў хлусьні – і ў гэтым усё вернападданства.

І вось тут якраз ляжыць занядбаны намі, самы просты, самы даступны ключ да нашага вызваленьня: асабісты няўдзел у хлусьні! Няхай хлусьня ўсё пакрыла, няхай хлусьня валодае ўсім, але ў самым малым заўпарцімся: няхай валодае не празь мяне!

І гэта – прасьвет ва ўяўнай аблозе нашае бязьдзейнасьці! – самы лёгкі для нас і самы разбуральны для хлусьні. Бо калі чалавек адхіснуўся ад хлусьні – яна папросту перастае існаваць. Як зараза, яна можа існаваць толькі на людзях.

Не заклікаемся, не сасьпелі мы ісьці на плошчы і прагалошваць праўду, выказваць уголас, што думаем, – ня трэба, гэта страшна. Але хоць адмовімся казаць тое, чаго ня думаем!

Вось гэта і ёсьць наш шлях, самы лёгкі і даступны пры той арганічнай баязьлівасьці, што прарасла ў нас, нашмат лягчэйшы за (страшна прамовіць) грамадзянскае непадпарадкаваньне паводле Гандзі.

Наш шлях: ні ў чым не падтрымліваць хлусьні сьвядома! Усьвядоміўшы, дзе мяжа хлусьні (кожнаму яна яшчэ па-рознаму відна), – адступіцца ад гэтай гангрэннай мяжы! Не падклейваць мёртвых костачак і лушчынак Ідэалёгіі, не сшываць гнілога рызьзя – і мы ўражаныя будзем, як хутка ды бездапаможна хлусьня ападзе, і чаму належыць быць голым – тое зьявіцца сьвету голым.

Такім чынам, цераз баязьлівасьць нашу хай кожны выбера: ці застаецца ён сьвядомым служкам хлусьні (о, натуральна, не дзеля схільнасьці, але для пракармленьня сям’і, для выхаваньня дзяцей у духу хлусьні!), ці прыйшла яму пара страпянуцца, стаць сумленным чалавекам, вартым павагі і дзяцей сваіх і сучасьнікаў. І з гэтага дня ён:

– больш не напіша, не падпіша, не надрукуе ніякім чынам ніводнай фразы, што скажае, на ягоную думку, праўду;

– такой фразы ні ў прыватнай гутарцы, ні прылюдна ня выкажа ні ад сябе, ні са шпаргалкі, ні ў ролі агітатара, настаўніка, выхавальніка, ні паводле тэатральнае ролі;

– жывапісна, скульптурна, фатаграфічна, тэхнічна, музычна ня выявіць, не суправодзіць, не пратрансьлюе ніводнай хлусьлівай думкі, ніводнага скажэньня праўды, якое ён бачыць;

– не спашлецца ні вусна, ні пісьмова на “кіраўнічую” цытату, каб дагадзіць, падстрахавацца, для посьпеху свае працы, калі цытаванае думкі не падзяляе цалкам ці яна не дарэчы;

– ня дасьць прымусіць сябе ісьці на дэманстрацыю ці мітынг, калі гэта супраць ягонага жаданьня і волі; ня возьме ў рукі, не падыме транспаранту, лёзунгу, якога не падзяляе цалкам;

– не падыме рукі за прапанову, якой не падзяляе шчыра; не прагаласуе ні адкрыта, ні таемна за асобу, якую лічыць ня вартай або сумнеўнай;

– ня дасьць загнаць сябе на сход, дзе чакаецца прымусовае, скажонае абмеркаваньне пытаньня;

– зараз жа пакіне паседжаньне, сход, лекцыю, спэктакль, кінасэанс, як толькі пачуе ад прамоўцы хлусьню, ідэалягічную лухту ці бессаромную прапаганду;

– не падпішацца і не набудзе такую газэту ці часопіс, дзе інфармацыя скажаецца, падставовыя факты хаваюцца.

Мы пералічылі, вядома, ня ўсе магчымыя і неабходныя ўхіленьні ад хлусьні. Але той, хто пачне ачышчацца, – ачышчаным поглядам убачыць і іншыя выпадкі.

Так, па першым часе атрымаецца няроўна. Камусьці давядзецца страціць працу. Маладым, што жадаюць жыць паводле праўды, гэта вельмі ўскладніць іх маладое жыцьцё напачатку: бо ж і адказы на ўроках напханыя хлусьнёю, трэба выбіраць. Але ж ні для кога, хто хоча быць сумленным, тут не засталося шчылінкі: нідзе нікому з нас нават у самых бясьпечных тэхнічных навуках не абмінуць хоць аднаго з названых крокаў – у бок праўды ці ў бок хлусьні; у бок духовай незалежнасьці або духовага лёкайства. І той, каму ня стане сьмеласьці нават на абарону сваёй душы, – няхай не ганарыцца сваімі перадавымі поглядамі, ня выстаўляецца, што ён акадэмік ці народны артыст, заслужаны дзяяч ці генэрал, – так няхай і скажа сабе: я – быдла і баязьлівец, мне абы сытна і цёпла.

Нават гэты шлях – самы памяркоўны з усіх шляхоў супраціву – для нас, што засядзеліся, будзе нялёгкі. Але настолькі ж лягчэйшы за самаспаленьне ці нават галадоўку: полымя не ахопіць твайго тулава, вочы ня лопнуць ад жару, і чорны хлеб з чыстай вадой заўсёды знойдзецца для твае сям’і.

Здраджаны намі, падмануты намі вялікі народ Эўропы – чэхаславацкі – няўжо не паказаў нам, як нават супраць танкаў выстойваюць няўзброеныя грудзі, калі ў іх годнае сэрца?

Гэта будзе нялёгкі шлях? – але самы лёгкі з магчымых. Нялёгкі выбар для цела, – але адзіны для душы. Нялёгкі шлях, – аднак ёсьць жа ў нас людзі, нават дзясяткі іх, хто гадамі трымаецца ўсіх гэтых пунктаў, жыве паводле праўды.

Такім чынам: ня першымі ступіць на гэты шлях, а – далучыцца! Тым лягчэйшым і тым карацейшым акажацца ўсім нам гэты шлях, чым больш дружна і густа мы на яго ступім! Будуць нас тысячы – і ня справяцца ні з кім нічога зрабіць. Стануць нас дзясяткі тысяч – і мы не пазнаем нашай краіны!

Калі ж мы збаімся, дык досыць жаліцца, што хтосьці нам не дае дыхаць – гэта мы самі сабе не даем! Прыгнемся яшчэ, пачакаем, а нашы браты біёлягі дапамогуць наблізіць чытаньне нашых думак і пераробку нашых генаў.

Калі і ў гэтым мы збаімся, дык мы – нікчэмныя, безнадзейныя, і гэта да нас пушкінская пагарда:

Навошта статкам дар свабоды?
.....
Іх спадчына ад роду ў роды
Таўро, кайданы і бізун”.

(Дубавец: ) Перачытваючы гэты хрэстаматыйны дысыдэнцкі тэкст савецкае пары, я раптам разумею, чаму сёньня ён стаў хрэстаматыйным у выданьнях РПЦ. Бо гаворка ў ім не пра што іншае, а пра выратаваньне душы.

Пра этычны максімалізм Аляксандра Салжаніцына гаворыць філёзаф Валянцін Акудовіч.

(Акудовіч: ) “Тэкст варты, каб над ім задумацца. Але ў самых розных ракурсах. І найбольш нецікавы зь іх: актуальны ён ці неактуальны. Сапраўды, для сытуацыі ў Беларусі ён выглядае абсалютна актуальным. Ня менш, чым тады, для сытуацыі ў Савецкім Саюзе, у 1974-м годзе. Ці амаль ня менш. Зноў праблема: гаварыць ці не гаварыць праўду, маўчаць ці немаўчаць. Ці хаця б маўчаць няпраўду. І да таго падобнае. Але мяне ў гэтым тэксьце зараз цікавіць іншае, што, можа, значна больш за пытаньне жыць “по лжи” ці ня жыць па ёй.

Гляньце. Салжаніцын спадзяваўся, што калі адзін, два, а потым дзесяць тысяч пачнуць жыць не “по лжи”, гэта значыць, калі не гаварыць праўду, дык хаця б не гаварыць няпраўду, ня ўдзельнічаць у хлусьні, дык гэтым можна будзе перамяніць гэты сьвет да лепшага. Так? А зараз мы зь перажытых гадоў бачым, што, маючы за сьпінай пэрыяд, калі тысячы, сотні тысяч, мільёны, ды ўсе мы маглі падчас перабудовы і трохі пазьней колькі заўгодна гаварыць праўду... І ўсе мы гаварылі праўду. Мы яе столькі нагаварылі. Мы нагаварылі праўды больш, чым было маўчаньня гэтыя 70 гадоў. І што, сёньня расіяне і той жа Салжаніцын могуць сказаць, што ад гэтага іх расейскі сьвет перамяніўся да лепшага? Што, з гэтага гаварэньня праўды наш сьвет стаў лепшы? Так, ён стаў іншы. Але вось гэты спадзеў, што праўда выратуе сьвет, што жыцьцё не ў хлусьні, а ў праўдзе радыкальна можа штосьці зьмяніць у гэтым сьвеце... Гэтым і каштоўны для мяне тэкст Салжаніцына, бо ён якраз і адказвае – на жаль, не. На жаль, сьвет, калі пераходзіць да лепшага, дык нейкімі іншымі шляхамі, а ня толькі праз шлях гаварэньня ці маўчаньня.

Прынамсі зараз, перачытваючы гэты тэкст, праз столькі гадоў, я заўважыў, што гэты наш спадзеў на праўду, як і спадзеў на фармальную дэмакратыю… Нездарма Салжаніцын кажа, ну раз мы ня можам выйсьці на плошчу, раз мы ня маем права вольна перавыбраць іншага, давайце хаця б ня будзем хлусіць. Уяўлялася, што калі можна будзе выбіраць, калі можна будзе гаварыць тое, што думаеш, то адразу мы зажывем у шчасьлівым нейкім сьвеце. А не! Калі ласка, выбірай. Усё роўна Пуціна выбераш. Выбірай, калі ласка, усё роўна выбераш Лукашэнку. Калі ласка, мала засталося апазыцыйных сродкаў масавай інфармацыі, але ёсьць месца, дзе табе сказаць праўду. І гавары, і ніхто цябе за гэта нават і не пасадзіць. А што з гэтага гаварэньня? А што з гэтых выбараў? Самі па сабе ня словы, самыя шчырыя, самі па сабе не магчымасьць выбіраць, не магчымасьць гаварыць ці не гаварыць вырашаюць у гэтай цывілізацыі. Што вырашае – гэта ўжо іншае пытаньне”.

(Дубавец: ) Мой калега журналіст Аляксандар Лукашук некалі спрабаваў перакласьці па-беларуску зварот “Жыць без ілжы”. Не далося. І нават не з-за ўскладнёнае салжаніцынскае мовы. Хутчэй з-за той самай мэнтальнай і этычнай розьніцы, аб якую ідэалягема “беларусы – гэта тыя ж расейцы” разьбіваецца менавіта на салжаніцынскіх перакладах.
(Лукашук: ) “Некалі ў другой палове 80-х з паэтам Алегам Бембелем мы спрабавалі перакласьці зварот Салжаніцына на беларускую, пакутавалі, неяк цяжка давалася – мана, ілжа, хлусьня... Алега, аўтара дасьледаваньня “Родная мова і маральна эстэтэтычны прагрэс”, ягоны шлях – жыць без ілжы – прывёў у манастыр і да ператварэньня ў брата Мікалая.

Гэта цяжкі заклік. Ягоным крытыкам стаў пісьменьнік Уладзімер Вайновіч, асоба бясспрэчнай асабістай мужнасьці, – ён быў пазбаўлены савецкага грамадзянства. Ягоны тэзыс: прастата закліку падманлівая, бо ў таталітарнай дзяржаве няўдзел у сходах, выбарах і іншых рытуалах сьямротна небясьпечны. Салжаніцын, пісаў Вайновіч, сам ня быў прыкладам такіх паводзінаў – у лягеры, калі падчас вярбоўкі ў стукачы не адмовіўся наадрэз, а хітраваў, і падчас супрацьстаяньня КГБ у 70-я гады – хітраваў, замятаў сьляды, бадаўся з дубам. Яшчэ адзін расейскі эмігрант, Вагрыч Бахчанян, сфармуляваў гэта ў афарызм “Усімі праўдамі і няпраўдамі жыць без ілжы”.

Самы істотны момант – няўдзел у публічнай хлусьні, сёньня, як і 30 гадоў таму, на жаль, актуальны для Беларусі. Я памятаю адзінкі сяброў выбарчых камісіяў, якія заявілі пра фальшаваньне выбараў. Адзінкі супрацоўнікаў КГБ, пракуратуры, міліцыі, якія ня сталі маўчаць. Адзінкі журналістаў, якія звольніліся з тэлебачаньня, пайшлі з афіцыйных газэтаў, каб ня ўдзельнічаць у хлусьні. Адзінкі супрацоўнікаў часопісаў, забраных у голдынг, якія звольніліся. І гэта наводзіць на адну думку – жыць без ілжы – справа ў прынцыпе адзінкавая, асабістая, прыватная, зьвернутая для сябе самога. Фактычна, гэта адзіны шлях свабоды, як кажа адна старая кніжка”.

(Дубавец: ) Аляксандар Лукашук кажа, што “жыць без ілжы” – справа адзінкавая, асабістая. Дарэчы, у беларускай літаратурнай клясыцы нічога падобнага на гэты тэкст няма. І тут зноў Салжаніцын вядзе нас да вычуваньня ў саміх сабе той расейскай саборнасьці, таго ўсеагульнага яднаньня людзей у духоўным ачышчэньні, якога беларусы ніколі ня ведалі ані ў літаратуры сваёй, ані ў гісторыі.

(Акудовіч: ) “Між іншым, тэкст Салжаніцына страшэнна заідэалягізаваны. Ён зноў жорстка ставіць пастулат, які патрабуе: калі ты жывеш не па праўдзе, калі ты, крый Божа, выступіў на партсходзе, калі ты нес транспарант на майскай дэманстрацыі, калі ты ўступіў у нейкі камсамол, то – усё. Ты зганьбаваны. Значыць, табе гарэць у нейкім пекле салжаніцынскім да канца сьвету. І толькі той, хто хаця бы змоўчыць, во той – харошы чалавек. Ну вось, з такой сыстэмай мер падыходзілі і бальшавікі, з такой жа сыстэмай мер падыходзіла і інквізыцыя, з такіх радыкальных пастулятаў якраз і высьпяваюць усе таталітарныя ідэалёгіі.

Любая этыка застаецца чалавечнай, калі яна зьвернута да сябе. Калі б Салжаніцын гэты тэкст напісаў, проста для сябе: усё, я з гэтага дня, 12 лютага 74-га году ня буду хлусіць, калі б ён зацыкліў гэты тэкст на сабе, як на сваім маральным імпэратыве... Але гэта патрабаваньне да іншых. Я баюся, калі хтосьці пачынае ў сфэры маралі патрабаваць ад іншых таго, чаго ён сам дасягнуў. Так, этычная вышыня Салжаніцына высокая і ён гэтую меру вытрымаў. Але гэта твая мера. У тваёй сытуацыі. У тваёй Богам ці прыродай дадзенай канстытуцыі. Патрабаваць гэтага ад нейкага Петрака, Хвядоса… Тут і пачынаецца небясьпека. Этыка таму і этыка, што кожны гэтую планку задае сабе.

Рэч у тым, што чалавек стаў чалавекам толькі таму, што ў параўнаньні з астатнімі жывымі відамі меў неверагодна магутны ген адаптацыі. Калі б мы не маглі адаптавацца, то як від, а тым больш як цывілізацыя мы б не паўсталі. І таму любая этычная максіма, зьвернулая да ўсіх, гэта патрабаваньне забыцца на твае здольнасьці адаптацыі да той ці іншай сытуацыі, да таго рэжыму, да гэтага, а стаць насуперак і сябе паставіць пад зьнішчэньне. Хтосьці, як Салжаніцын, можа падставіць і вытрымаць, але дзякаваць Богу, што шлях чалавецтва не пайшоў па адданасьці маральным, этычным імпэратывам. Бо ад чалавецтва ўжо не засталося б ані знаку. Вось гэтая здольнасьць да розных палітычных і сацыяльных сыстэм адаптавацца і прыстасоўвацца – яна самая каштоўная ў нас. Як і да кліматычных умоваў і г.д.”

(Дубавец: ) Падводзячы рысу сёньняшняе гаворкі пра зварот Аляксандра Салжаніцына “Жыць без ілжы”, я заўважаю, што размаўлялі мы галоўным чынам пра тое, чаму гэты хрэстаматыйны тэкст, гэты рэцэпт змаганьня з таталітарызмам не спрацаваў у Беларусі 30 гадоў таму і не спрацуе сёньня. Заклік да асабістага няўдзелу ў хлусьні добры для сябе, але няма ніякага чалавечнага спосабу прымусіць да гэтага іншых. Урэшце, у беларускай традыцыі – у літаратуры і гісторыі – слову “праўда” ніколі не супрацьстаіць слова “хлусьня”. Ані ў фальклёры, ані ў вершах Купалы і Коласа, ані ў праклямацыях адраджэнцаў. Там насуперак “праўды” заўсёды “крыўда”. Верагодна і ў нашай мэнтальнай ды этычнай рэдакцыі салжаніцынскі заклік гучаў бы больш прыземлена, але і больш рэалістычна: жыць па праўдзе – значыць, “Жыць бяз крыўды”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.