news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


18 Красавіка 2004
 
Антыамэрыканізм у Беларусі
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Амэрыку ў Беларусі хутчэй ня любяць, чым любяць. Так павялося яшчэ з савецкіх часоў. Калі моладзь гатовая была багоміць іхную музыку, іхныя джынсы і жуйкі, і ў цэлым іхны лад жыцьця. А сталыя людзі гатовыя былі кляйміць на партсходах “верагоднага праціўніка”, іхныя клёшы і доўгія валасы, і таксама – у цэлым іхны лад жыцьця. Аднак савецкія часы скончыліся, а амэрыканскія, так бы мовіць, засталіся. Гэта мы селі на іхныя форды, а не яны на “нашыя” жыгулі, гэта мы пайшлі ў іхныя макдональдзы, а не яны ў “нашы” пяльменныя, урэшце гэта іхныя свабода, дэмакратыя і індывідуалізм запраўляюць сёньня лёсамі сьвету, а ня “нашы” ЦК КПСС і маральны кодэкс будаўніка камунізму.

І таму Амэрыка ня можа не раздражняць. У тым выпадку, калі мы глядзім на яе, як на нацыю ці імпэрыю, што ўзьдзябурылася па-над усім няшчасным сьветам і дыктуе астатнім, таму ж Іраку, як ім жыць. І таму таксама Амэрыка ня можа не захапляць, калі глядзець на яе як на ўнівэрсальную цывілізацыю, якая дасягнула магутнасьці і ўзяла на сябе адказнасьць за ўвесь сьвет, за той жа ірацкі народ, на якім уласны дыктатар выпрабоўваў хімічную зброю.

Калі ж адкінуць эмоцыі, дык трэба пагадзіцца, што ўсё ў гэтым сьвеце складаецца з прыватнага і ўнівэрсальнага, з індывідуальнага і агульнага, з дэкаратыўнага і функцыянальнага. І калі кожны народ імкнецца да захаваньня сваёй прыватнасьці, індывідуальнасьці і самабытнасьці, дык якраз унівэрсальныя мэханізмы, унівэрсальны шлях мусіць забясьпечваць суіснаваньне гэтых розных, іх выжываньне і разьвіцьцё.

Сёньняшні сьвет суіснуе паводле тых правілаў, якія выпрацавала Амэрыка. Добра гэта ці дрэнна? Каб адказаць, дастаткова зрабіць параўнаньне з іншымі унівэрсальнымі мадэлямі людзкое цывілізацыі, якія прапаноўваліся чалавецтву ў ХХ ст. Найбольш яркія зь іх – савецкі камунізм і нямецкі фашызм. Амэрыка, збудаваная на дыямэтральна іншых прынцыпах, уступіла з гэтымі монстрамі ў супрацьстаяньне і ўрэшце перамагла, засталася. У выніку, ня будучы імпэрыяй, яна набыла ў сьвеце вагу імпэрыі, ня будучы таталітарнай, яна мусіла ўзяць на сябе татальную адказнасьць за лёсы сьвету. Урэшце яе паўсюдная прысутнасьць выклікала да жыцьця паўсюдны антыамэрыканізм.

Пісьменьнік Валянцін Тарас выводзіць сучасны беларускі антыамэрыканізм з савецкіх часоў.

(Тарас: ) “Што тычыцца антыамэрыканізму сучаснага. Ён апошнім часам сапраўды мацнее. Тут ёсьць дзьве прычыны. Адна прычына. Карані гэтай зьявы ляжаць у нашай савецкай гісторыі. У многім сучасны антыамэрыканізм, асабліва ў людзей сталага веку, маіх равесьнікаў, ветэранаў… Гэта працуюць савецкія гены. Калі ўзяць савецкага сярэдняга чалавека, ён быў запраграмаваны на антыамэрыканізм. Савецкія людзі, наогул савецкая дзяржава, яны заўсёды адчувалі велізарны комплекс непаўнавартасьці. У дачыненьні да Амэрыкі. Дагнаць і перагнаць Амэрыку. Уцерці амэрыканцам нос. А паколькі дагнаць і ўцерці нос часьцей за ўсё не ўдавалася, гэты комплекс пачынаў працаваць зь яшчэ большай, страшнай і разбуральнай сілай. Ён параджаў нянавісьць, ён параджаў варожасьць. Ён параджаў падазронасьць абсалютна ва ўсім, што б яны ні рабілі, гэтыя клятыя амэрыканцы”.

(Дубавец: ) “Комплекс непаўнавартасьці ў дачыненьні да кагосьці – гэта заўсёды свой комплекс, а не таго, у дачыненьні да каго ён вычуваецца. Гэтаксама як і зайздрасьць – гэта наша пачуцьцё, калі мы яе перажываем. Але расейская савецкая зайздрасьць да Амэрыкі, на думку філёзафа Уладзімера Мацкевіча, – ня самы галоўны складнік антыамэрыканізму.”

(Мацквіч: ) “Гэта не самае галоўнае і істотнае. Таму, што больш істотным, чым зайздрасьць, зьяўляецца страх. Страх перад сілай, страх таго, што нельга зразумець. Вы ведаеце, пры ўсёй прастаце і прымітывізьме некаторым амэрыканскага ладу жыцьця і амэрыканскай культуры, яна не зьяўляецца зразумелай для большай часткі сёньняшняга чалавецтва. Нягледзячы на Галівуд, усё тое, што распаўсюджваецца, праз што распаўсюджваецца вось гэты лад жыцьця і ўяўленьне, сьветапогляд, які там закладзены. Я са зьдзіўленьнем гляджу, наколькі савецкі чалавек не разумее амэрыканскага кіно. Цалкам не разумее. Шоў падабаецца людзям, і людзі на гэта западаюць. Але ж сэнс, просты сэнс узьвялічаньня асобы, супрацьстаяньня асобы дыктату: дыктату большасьці, дыктату зла, дыктату цемрашальства і нячыстай сілы. Гэтаму вучыць амэрыканскі кінэматограф. І трылеры, і дэтэктывы і вэстэрны і гэтак далей. І гэта выхоўвае амэрыканскіх хлопчыкаў і дзяўчынак. І не выхоўвае ні арабаў, ні савецкіх, нікога. Калектывізм гэтым не вытраўляецца. Нешта больш моцнае ёсьць у іншых культурах, што супрацьстаіць гэтаму ўплыву. Таксама вольная эканоміка амэрыканская не распаўсюджваецца праз дамінаваньне даляру, як сусьветнай разьліковай адзінкі”.

(Дубавец: ) “Страх перад незразумелай Амэрыкай, пра які гаворыць Уладзімер Мацкевіч, часьцяком спараджаў у душы савецкага чалавека варожасьць. Працягвае Валянцін Тарас:”

(Тарас: ) “Амэрыканцы, гэта ім плюс, яны ніколі не хавалі сваіх хібаў. Калі браць амэрыканскую журналістыку, амэрыканскую літаратуру, амэрыканскае кінамастацтва. Гэта Фолкнэр, Драйзэр, гэта Джон Стэйнбэк. Я ня бачу там хлусьні, я не адчуваю там хлусьні. Таму, што гэта заўсёды бярэ цябе за жывое. І там язвы амэрыканскага грамадзтва, ягоныя балячкі – усё гэта навідавоку. Але. Я згадваю такую рэч. Некалі быў такі фільм паводле раману Джона Стэйнбэка “Гронкі гневу”. Гэта пра дэпрэсію 30-х гадоў у Злучаных Штатах. І трагедыя беспрацоўя. І ў гэтым фільме паказваецца, як сям’я амэрыканскіх беспрацоўных па ўсіх Злучаных Штатах разьяжджае ў пошуках працы. Яны разьяжджаюць на сваім аўтамабілі. І яны ходзяць у капелюшах. І там у фільме паказана, што яны заходзяць у бары, замаўляюць там піва… І радавы савецкі чалавек глядзеў фільм пра гэтае страшэннае беспрацоўе. І гаварыў: “Нічога сабе безработныя. На самаходах езьдзяць, у капялюшах ходзяць і цыгары паляць”. З гэтага таксама варожасьць нараджалася. Што гэта нейкая дзіўная краіна”.

(Дубавец: ) “Можна патлумачыць незразумеласьць Амэрыкі розьніцай калектывісцкай і індывідуалісцкай палітыкі. Пастаўленая ў ЗША на першае месца ў сьпісе каштоўнасьцяў чалавечая асоба не магла служыць перашкодай астатнім дзеля сваіх поглядаў, нацыянальнай прыналежнасьці або сацыяльнага паходжаньня. Тым часам у сталінскім СССР ахвяры апраўдваліся патрэбамі прыдуманай кімсьці рэвалюцыі і рай зямны будаваўся на касьцях мільёнаў людзей, думкі якіх не адпавядалі лініі партыі. Паспаліты амэрыканец ніколі не зразумее фразу: “Табе што, больш за ўсіх трэба?”, гэтаксама як паспаліты савецкі чалавек ня мог уцяміць імпічмэнту прэзыдэнта Ніксана і таго, што гэты галоўны начальнік краіны ўзяў ды пайшоў у адстаўку таму што, бачыце, закон вышэй за ўсё. У СССР такое было нерэальна.

Філёзаф Валянцін Акудовіч таксама бачыць у антыамэрыканізьме найперш савецкае паходжаньне:”

(Акудовіч: ) “Амэрыку ня любяць ва ўсіх краінах. Але ў кожнай краіне яе ня любяць па-свойму. Што да беларусаў, дык наш антыамэрыканізм мае некалькі складовых. Першае, самае відавочнае – гэта семдзесят год панаваньня камуністычнай ідэалёгіі. Якая ўбівала ў мазгі грамадзтва, у галовы, у сэрцы нелюбоў да Амэрыкі, як да лідэра капіталістычнага сьвету. Масква, Расея хацела быць сама ўладарніцай Сьвету з дапамогай камуністычнай ідэалёгіі. І канечне, тое, што столькі гадоў так масава ўбівалася ў нас, хутка зьнікнуць ня можа. Але нават і для тых, для каго ўжо страх перад Амэрыкай, НАТО, перад сусьветным імпэрыялізмам даўно зжыты зь сябе, заўважаецца вось гэты фэномэн антыамэрыканізму і яго пашырэньня, я бы сказаў.

І тут другая складовая, гэта ўжо ўнівэрсальная. Гэта як ва ўсім сьвеце. Таму што, бачыце, Амэрыка сталася настолькі вялікай, настолькі магутнай, што ўвесь сьвет апынуўся ў яе ценю. Уласна кажучы, Амэрыка ўсе іншыя краіны зрабіла аўтсайдэрамі. А хто любіць быць аўтсайдэрам? І кожны разумее, што адна з прычын яго аўтсайдэрства – гэта тое, што ёсьць відавочны лідэр. Якога дасягнуць пакуль ніяк немагчыма. Адным словам, усе мы апынуліся ў ценю Амэрыкі, а ясна, што ў цяню нішто добра не расьце. І адсюль вось гэты фэномэн антыамэрыканізму, калі браць у такім глябальным ракурсе”.

(Дубавец: ) “Пісьменьнік Валянцін Тарас гаворыць пра няўдзячнасьць як складовую частку савецкага антыамэрыканізму”.

(Тарас: ) “Вялікім дакорам для Савецкага Саюзу і для безьлічы савецкіх людзей, нейкай такой балячкай было тое, што амэрыканцы ў час вайны давалі нам “студэбэкеры”, “вілісы”, тушонку, самалёты. Асабліва ў першыя месяцы вайны. Потым стараліся зрабіць выгляд, што нічога гэтага не было. Ну, а каб ужо зусім не адмаўляць, што нічога не было, дык гаварылі, што “нельга ставіць на адны вагі тую кроў, якую мы пралілі...” Канечне, нельга ставіць на адны вагі тушонку, “студэбэкеры” і тыя мільёны жыцьцяў, якія аддало савецкае войска і мірнае насельніцтва ў імя гэтай нашай перамогі. Правільна. Але можа гэта перамога затрымалася б яшчэ на час, каб не было гэтых “студэбэкераў”, гэтых “вілісаў”, гэтай тушонкі. Каб не было грошай, якія тады нам Амэрыка давала. Каб не было, напрыклад, грошай, якія зьбіраў у Амэрыцы габрэйскі антыфашысцкі камітэт. Ён сабраў сотні мільёнаў даляраў у фонд абароны, за што потым заплаціў – увесь камітэт быў расстраляны ў 52-м годзе пад маркай таго, што ўсе яны амэрыканскія агенты, амэрыканскія шпіёны. Усё гэта ізноў вынікала з комплексу непаўнавартасьці.

А потым гэтая касьмічная гонка пачалася. Мы запускаем першы спадарожнік, першы касманаўт наш. А потым амэрыканцы ляцяць на Месяц. І тут пачынаецца істэрыка. Я памятаю, калі амэрыканцы паляцелі на Месяц, я якраз быў у Кактэбэлі. І мы даведаліся, што будзе трансьляцыя прамая. І пайшлі ў той корпус, дзе стаіць тэлевізар. І начальства кажа, што ніякай трансьляцыі ня будзе. Тэлевізар сапсаваўся, сьвятла ня будзе, нейкія неверагодныя рэчы. Там цэлы бунт узьняўся. Ну і паказалі ўсё такі. Як яны садзяцца, як выходзіць Армстранг. І адзін з расейскіх пісьменьнікаў кажа: “Это все фигня! Это все муляж”. Тут ізноў спрацаваў гэты комплекс непаўнавартасьці. Я думаю, што ў той момант ён сам паверыў у тое, што гэта муляж. Таму, што гэтага ня можа быць. А ня можа быць, таму, што ня можа быць ніколі. А ня можа быць ніколі таму, што я гэтага не хачу!”

(Дубавец: ) “Ці ня самая магутная сёньняшняя нагода для росту антыамэрыканізму ў сьвеце – гэта Ірак. Як сказаў Уладзімер Мацкевіч, ён лічыць памылкамі амэрыканскія апэрацыі ў Сэрбіі і Іраку, але ў прынцыпе падзяляе тыя каштоўнасьці, якія ідуць разам з амэрыканскай палітыкай. Валянцін Тарас, які бачыў вайну на ўласныя вочы, ставіцца да апэрацыі ў Іраку больш крытычна:”

(Тарас:) “Мы сёньня слушна крытыкуем бальшавікоў, што яны, сапраўды так, яны калом заганялі народ у рай. Але тое ж самае, так аб’ектыўна атрымліваецца, робяць амэрыканцы ў Іраку. З самымі лепшымі намерамі. Яны хацелі як мага хутчэй… Вось скінулі рэжым Хусэйна і заўтра будзе дэмакратычны, свабодны Ірак. Яны думалі, што гэтае грамадзтва ірацкае адразу ўспрыме каштоўнасьці свабоднага сьвету. Таму, што гэта ж так добра, так зразумела. Дэмакратыя, свабодныя празрыстыя выбары. Свабода друку, адмена цэнзуры. І нейкі матэрыяльны дабрабыт. Яны не ўлічылі, што ў цэлым гэтае грамадзтва ня хоча гэтых каштоўнасьцяў нашых. У іх свае каштоўнасьці. І ўзьнік, на маю думку, цывілізацыйны крызыс. Ня хочуць гэтыя іракцы ў масе сваёй той дэмакратыі, якую ім прынесьлі. У іх іншыя каштоўнасьці, у іх іншы погляд, пачынаючы ад касмагоніі. Яны інакш уяўляюць сабе пабудову сьвету. Усё інакшае. Але не, іх гоняць у каршэль, гоняць у гэтую заходнюю дэмакратыю. І сёньня гэта вельмі падсілкоўвае антыамэрыканскія настроі сусьветнага антыглябалізму. Не заўсёды амэрыканізм нясе лепшае, што ёсьць у Злучаных Штатах”.

(Дубавец: ) “А што такое гэты глябалізм, ці сапраўды ЗША – гэта новая імпэрыя і што з усяго гэтага будзе заўтра? Прагноз Валянціна Акудовіча:”

(Акудовіч: ) “З майго гледзішча, гэтая сытуацыя, калі ў сьвеце існуе адзін лідэр, яна магчыма, на Амэрыцы ўжо і скончыцца. Рана ці позна, але чалавецтва прыме сусьветны антыманапольны закон – супраць валоданьня ўсім сьветам”.

(Дубавец: ) “А вось погляд на сутнасьць глябалізму і антыглябалізму Ўладзімера Мацкевіча:”

(Мацкевіч: ) “На сёньняшні дзень, калі мы маем глябалізаваны сьвет, наша плянэта стала маленечкім глёбусам, якую праехаць можна меней, чым за суткі. І вось сёньня ідзе супрацьстаяньне двух тыпаў уладкаваньня. Імпэрскі тып, каб усё падпарадкаваць аднаму чамусьці, піраміду такую збудаваць сусьветную. Ці ўсё ж такі вялікая фэдэрацыя маленечкіх грамадаў, кожная з каторых будуе сваё жыцьцё так, як сама ўяўляе правільным. І вось, што вымушае баяцца амэрыканцаў? Амэрыканцаў баяцца імпэрыялісты. Тыя, хто хочуць падпарадкаваць сьвет адной ідэі, адной уладзе, аднаму цэнтру. Пабудаваць піраміду. Амэрыканцы ўяўляюцца імі, як іх ворагі, якія маюць тую самую мэту. І таму яны змагаюцца з амэрыканскім, так бы мовіць, імпэрыялізмам. А амэрыканцы не імпэрыялісты, яны фэдэралісты. Хобіты. Як той Рэйган, які змагаўся з Імпэрыяй зла. Амэрыканцы – змагары з імпэрыяй, не для таго, каб усталяваць сваю імпэрыю, а для таго, каб уладкаваць сьвет, у якім кожная маленечкая грамада будуе той лад жыцьця, які ёй падабаецца.

Трэба пэўную экалёгію культурную праводзіць, каб тыя квазітэрарыстычныя ідэалёгіі, якія ўласьцівыя антыглябалізму, каб яны крытыкаваліся і каб людзі даведваліся, што стаіць за рухам антыглябалістаў, у якім аб’ядналіся якраз імпэрыялісты і таталітарысты”.

Паспрабуем зрабіць высновы.

Амэрыка ў дакладным значэньні слова – не імпэрыя. Гэта прапанаваны тып цывілізацыі, а значыць, калі ў вас ёсьць хоць крыху агульнага дыханьня з усім бедным чалавецтвам, дык і вы таксама – Амэрыка. Альтэрнатывы няма. Дакладней, альтэрнатывы – разьвіваць нейкі іншы ўнівэрсальны тып цывілізацыі – няма. Альтэрнатыва – ва ўласным неглябальным нацыянальным жыцьці. Калі мы ня маем магчымасьці накарміць галодную Афрыку, перамагчы ўсясьветную ядзерную катастрофу, або асвойваць Марс, і калі Амэрыка робіць гэта ў тым ліку і ад нашага імя, дык сьцьвярджаць, што мы супраць гэтага – зусім ня значыць прапанаваць іншы шлях накармленьня Афрыкі, забесьпячэньня ад катастрофы або асваеньня космасу. Калі мы рэальна адчуваем пагрозу глябалізацыі і ўсеагульнай уніфікацыі, мы мусім зьберагаць сваю Беларусь, яе прыроду і культуру, яе гісторыю і гэтым самым ствараць разумную неканфліктную альтэрнатыву глябалізацыі. Так як гэта робяць усе эўрапейскія краіны. Берагуць сваю самабытнасьць. Разумеючы пры тым непазьбежнасьць глябальных працэсаў, бо сьвет ужо не такі, як раней, з гледзішча навукі і тэхналёгіяў ён зусім не бясконцы.

Але давайце падумаем – ці разьвіваем мы належным чынам сваю беларускую мікрацывілізацыю? Ці вырасла за апошнія 10 гадоў у сьвеце цікавасьць да нашай самабытнай культуры? І калі, як кажа Ўладзімер Мацкевіч, на зьмену аднапалярнаму сьвету прыйдзе сьвет фэдэратыўны – ці будзе ў тым хоры гучаць і наш голас?


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.