“Жлобская нацыя”
  Powered by Google TranslateTranslate

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жлобская нацыя”


Cяргей Дубавец, Вільня

Ня ўсе артысты складаюць песьні пра народ. А тыя, што складаюць, мусяць свой народ і ведаць, і адчуваць, зазіраць яму ў самую душу, адгадваць ягоныя самыя патаемныя жаданьні. Інакш прападае сэнс іхнага мастацтва, а тым больш ніколі ім не дасягнуць папулярнасьці. Ня дзіва, што і думаць пра свой народ і сваю краіну такі артыст будзе сэрцам, на шмат крокаў наперад за міністра або палітоляга. А яшчэ ў сёньняшнім паліталягічным тумане хто як не артыст можа адказаць табе на пытаньне: што з намі адбываецца і што з намі будзе, дзе мы ўсе апынуліся і куды ідзем? У гэтым сэнсе, напэўна, карысна падслухаць размову двух бардаў, якія складаюць песьні пра народ. Калі Віктар Шалкевіч дае інтэрвію журналістам, ён пазьбягае такіх тэмаў, маўляў, я не палітык. А калі б інтэрвію браў не журналіст, а такі самы бард, які таксама сьпявае пра Беларусь і беларусаў неабыякавыя песьні? Для сёньняшняй “Вострай Брамы” мы запісалі такую гутарку нашага сталага аўтара і барда Зьмітра Бартосіка з бардам Віктарам Шалкевічам.

(Бартосік: ) “Калі я ўпершыю пачуў песьню Віктара Шалкевіча “Добрай раніцы, жлобская нацыя”, дык узрадваўся незвычайна. Было гэта, як памятаю, у 92-м годзе. Я ўжо цэлы месяц мог зьвязаць па-беларуску два словы, я ўжо чытаў газэту “Наша Ніва”, я ўжо ведаў, чым Вільня адрозьніваецца ад Вільнюса, і, вядома, быў абсалютна ўпэўнены, што ня сёньня, дык заўтра Беларусь будзе ў Эўропе. Вось толькі, чамусьці, большасьць маіх беларускіх сяброў і знаёмых не сьпяшаліся падхопліваць размову са мной на мове продкаў, ня ведалі ніякай “Нашай Нівы”, блыталі Літву з Латвіяй, і, вядома, балелі “за нашых”, “за рускіх”. Ніяк яны не хацелі дарастаць да майго, за нейкі месяц узрослага нацыянальнага сьветапогляду і кругагляду. Ну як іх было назваць? Саўкамі? Манкуртамі? Ці здраднікамі радзімы? Занадта патасна. Я задавальняўся вызначэньнем Шалкевіча: жлобская нацыя.

За гэтыя дзесяць гадоў, кантактуючы безьліч разоў з прадстаўнікамі жлобскай нацыі, я безьліч разоў меў справу з нармальнымі, здаровымі, цудоўнымі людзьмі. Якія жывуць і працуюць. І з добрымі сябрамі, і з каханьнем. Хіба толькі бяз славы… Але да гэтае пары не магу адказаць на простае пытаньне. Што ім усім замінае зразумець элемэнтарныя рэчы? Пра Вільню, пра мову, і пра Беларусь. Якога гена не хапае? Каб праясьніць гэтае пытаньне, “а што гэта такое – жлобская нацыя”, я нарэшце зьвярнуўся да аўтара легендарнай песьні.

– Памятаеш, ты напісаў песеньку “Добрай раніцы, жлобская нацыя”? Ты чуў нейкія крыўды з боку беларускага народу ў адказ?..”

(Шалкевіч: ) “Я ўвесь час крыўды чую. Я табе магу расказаць анталёгію гэтых крыўдаў... Гэта было на адным з фэстываляў бардаўскай песьні, калі да мяне прыбегла нейкая дзяячка і крычала, што ў вас ізврашчоннае сазнаніе, што вы пішаце? Беларусь адраджаецца. І цэлая заля была, дарэчы, супраць мяне. Потым былі вялікія праблемы з пушчаньнем гэтай песьні на Гарадзенскім тэлебачаньні. Адна частка крычала, што гэтая песьня абражае беларускі народ, а другая – што гэта менавіта боль за беларускі народ. Урэшце яе не пусьцілі. Але ўсё стала на свае месцы пасьля аднаго рэфэрэндуму, другога... Усё стала ясна”.

(Бартосік: ) “Пры чым тут жлабізм? Можна казаць пра недастатковую нацыянальную самасьвядомасьць, пра палітычную неадукаванасьць... Што такое жлабізм?”

(Шалкевіч: ) “Жлабізм – гэта дрэнныя адносіны перш за ўсё да сябе, а потым да ўсіх навокал. Я вельмі часта па доўгу сваёй дзейнасьці сутыкаюся з такім жлабізмам, да якога мы папросту ўжо прывыклі. Ён стаў неад’емнай часткай нашага жыцьця...”

(Бартосік: ) “Жлабізм – гэта што, гэта хамства?”

(Шалкевіч: ) “Так. Гэта розныя праявы хамства. Гэта кшталту таго, што можна падысьці да музыканта і спытаць: А вы “лебедзь белую” ўмееце граць? Не. Ну дык якія вы, на хер, музыканты. Гэта раз. Па-другое, гэта калі не зьмяніць шкарпэткі, накурыцца зранку “Прымы”, не пачысьціць зубы і прыехаць, на ўсіх дыхаць. Калі на вуліцах пры ўсіх галосна лаяцца матам. Калі не хаваючыся піць чарніла на лаўцы ў сквэрыку... Маса прыкладаў, зь якіх гэта ўсё складаецца. Проста да гэтага мы ўжо прывыклі”.

(Бартосік: ) “Пры слове “жлоб” у мяне нараджаецца адна асацыяцыя. Здаравенны мужык хамаваты, які ва ўсім мае рацыю...”

(Шалкевіч: ) “Гэта ніжэйшая ступень жлобства. Жлабы сустракаюцца на розных узроўнях. Граніцы жлобства няма. Яно разьвіваецца разам з тым, як разьвіваецца грамадзтва. Гледзячы з той самай Польшчы – там вельмі цэніцца ў людзях выхаванасьць. А ў нас цэніцца, калі чалавек жлоб. Калі ён можна нешта дастаць, скрасьці. Вось у чым справа. У нас зусім памяняліся маральныя арыенціры. І ўсё зводзіцца да таго – вярніце нам калхозы, бо няма дзе красьці. Во гэта таксама жлобства. Жлобства – гэта адыход ад нармальных чалавечых маральных нормаў”.

(Бартосік: ) “А што, у Польшчы жлабоў менш?”

(Шалкевіч: ) “Іх там сапраўды менш. Там падаць кабеце незнаёмай руку, дапамагчы – гэта лічыцца нармальным. А ў нас – вой, інцілігент... Помніш, лаянкавае слова. Інцілягент сраны. Мяне ўвогуле зьдзіўляе, калі ў набітай электрычцы мужыкі сядзяць, гуляюць у карты, п’юць піва, лаюцца матам, а дзеўкі стаяць. І абсалютна ўсё ўсім да задніцы.

А на тэлебачаньні колькі, так сказаць, звыклага проста хамства. Ці гэта не жлабізм, калі вядучы на беларускім тэлебачаньні мовы беларускай ня ведае? Жлабізм. Гэта не жлабізм, калі калолі нейкае неданошанае парася, і потым бабка ўставала, казала: вып’ем дарагія па чарачцы... Ну дык што гэта? Таксама жлабізм”.

(Бартосік: ) “Скажы, жлабамі нараджаюцца?”

(Шалкевіч: ) “Не, імі робяцца ў працэсе. І вельмі многа дапамагае, на жаль, наш так званы прыўкрасны беларускі нацыяналізм. Нават нашы самыя адданыя патрыёты могуць час ад часу ну такімі жлабамі быць, што аж страшна. І тады закрадаецца сумнеў, а ці патрыёты яны ўвогуле.

Выхаваньнем грамадзтва нехта павінен займацца. У розных краінах гэта робяць адпаведныя інстытуцыі: касьцёл, сацыяльныя інстытуты, грмадзкія арганізацыі, нейкім чынам урад... Скажы, а хто у нас займаецца выхаваньнем грамадзтва? Ці ёсьць у нас арганізацыі, якія актыўна пратэстуюць супраць вось гэтай хвалі дзікага п’янства, якое абрушылася на нашу краіну?”

(Бартосік: ) “А наконт дзяржаўнае ідэалёгіі. Яна выхоўвае жлабоў ці перавыхоўвае іх?”

(Шалкевіч: ) “Для мяне дзьве самыя страшныя рэчы ў жыцьці – гэта: а. прапаганда і б. ідэалёгія. У галодных людзей, якія да ўлады дарваліся, ёсьць толькі адна ідэалёгія – нахапаць і не папасьціся. Калі аналізуеш тое, што адбываецца ў нас, – мы занадта хутка хочам вынікаў, нічога не зрабіўшы. Мы будзем доўга-доўга яшчэ ісьці па дарозе. А ідэалёгію і прапаганду я ненавіджу. Бо гэта рэчы, якія дзеляць людзей, якія ставяць людзей па розныя бакі барыкадаў. Ёсьць адна ідэалёгія – 10 запаведзяў Гасподніх. Больш нічога няма. Чалавек не нараджаецца дрэнным. У залежнасьці ад абставінаў ён робіцца альбо такім, альбо такім. Трэба максымальна пашыраць сваё кола, зьбірацца і думаць. А гэтым ніхто не займаецца. Я б вельмі марыў, каб у Беларусі быў такі сіянісцка-масонскі цэнтар зь беларускім ухілам”.

(Бартосік: ) “А ў жлобства могуць быць свае паэты?”

(Шалкевіч: ) “Канечна... Былі ў дваццатыя гады такія Зошчанка ў расейцаў, у палякаў ёсьць такі Мрожак. Людзі, якія выкрывалі мяшчанства. А ў нас ёсьць такія ці не? У нас няма пісьменьніка-сатырыка, які б гэта рабіў. Усе гэтыя расейскія, якія там сьмяюцца – харошыя такія, прыдворныя, гумарысты. А сатырыкаў кшталту Гогаля ці Салтыкова-Шчадрына – няма. Усе разумеюць толькі адно – а чыво? Жызь каратка, давайце кушаць хлеб з маслам. Калі адкрываеш другі канал Расеі, а там суцэльны “Аншлаг” – гэта ёсьць таксама жлобства. Мы ў нейкіх 50-60-х гадах знаходзімся...

(Бартосік: ) “Мне вельмі падабаецца вось такая думка: беларусы не зусім усё ж такі жлабы, гэта проста нацыя дзяцей. Дзяцей павінны выхоўваць бацькі. А ў Беларусі зь 91 году працягваецца нейкае сьвята непаслушэнства...”

(Шалкевіч: ) “Гэта ты так прыгожа сказаў: сьвята непаслушэнства. У нас проста зараз паўтараецца такі варыянт савецкага... Як у мяне ў песьні: “Вот вы толькі працуйце, работайце, вы служыце, мы вас падаждзём”. За вас гасударства ўсё. Прэзыдэнт у нас бацька, цар, ацец. Людзі практычна у нас ня здадзеныя на свой уласны лёс. Ім увесь час гаворыцца, што мы вам, пачакайце, яшчэ чагосьці дадзім. А насамрэч гаворыцца адно, а робяцца ня тое што другое, але ня робіцца пакуль нічога. Як пры сацыялізме. Рэбята, усім плоха, затое ўсе мы адзінакава жывём.

Павінен прайсьці час. Кожная краіна павінна пражыць нейкі свой шлях. А калі яна ня ўмее ісьці каротка, дык яна пойдзе доўга. І ўсё. І ў гэтым ёсьць мудрасьць жыцьця, на жаль. І ніякі табе геніяльны палітык ці ідэоляг нічога ня зьменіць. Мы павінны зараз... Ёсьць такая філязофія пазытывізму... Мы проста павінны зараз працаваць на наступныя пакаленьні. І чым больш Арлоў напіша кніжак, Сагановіч адкапае фактаў, Тарасаў напіша гістарычных раманаў, тым лягчэй будзе дыхацца нашым наступным пакаленьням. Трэба жыць у рэальнасьці. І чым раней мы пазбавімся ад некаторых мітаў, тым нам будзе лепей. Пры нейкім зьбегу абставінаў мы проста канчаткова страцім гістарычную легенду, што беларусы – харошыя людзі вабшчэ. Мне здаецца, што калі нічога кардынальнага не адбудзецца, нейкае зьмены ў нацыянальным характары, у сьвядомасьці, у падыходзе да справы, то, на жаль, мы ўсе паціху ператворымся ў нацыю жлабоў”.

(Бартосік: ) “Чым жлоб адрозьніваецца ад нежлаба?”

(Шалкевіч: ) “Ну паслухай. Вось кажуць, што ў нас рускі язык. Я ўчора пачуў, як наш шаноўны міністар Гуляка гаворыць на рускай мове... Усё ж такі чатыры гады мне дзяўблі ў інстытуце, што такое піцерскі дыялект, што такое маскоўскі дыялект, што такое ўвогуле расейская мова і чым яна адрозьніваецца. А калі ўсе будуць дзекаць і цекаць... Гэта раз. Па другое. Пахадзі па горадзе і паглядзі, як людзі пастрыжаныя, якія ў іх валасы, як часта яны іх мыюць. Зьвярні ўвагу на вельмі простыя рэчы і ты ўсё зразумееш. Паглядзі наколькі часта яны кідаюць і плююць у вурну, а ня міма вурны...”

(Бартосік: ) “Жлобская нацыя. А чаму? Гэта таму што сяляне раптам рэзка пераехалі ў горад ці таму, што праклятыя палякі з маскалямі не давалі плечы расправіць? Адкуль гэтая хамская ўпэўненасьць у сваёй праваце, што нужна вот так вот разгаварываць, што вот эта красіва...”

(Шалкевіч: ) “Ведаеш, у нас ёсьць у Беларусі адна стабільная рыса характару нацыянальная – гэта ўпартасьць. Я ня ведаю, адкуль гэта, але такіх упёртых я проста ня бачыў”.

(Бартосік: ) “Гэта нацыянальная рыса ці зьява, якая выхавалася за саветамі?”

(Шалкевіч: ) “Гэта нацыянальная рыса. Гэта зьвязана з нашай ізаляцыяй. Гэта страшэнная рэч, калі людзі езьдзяць за мяжу, толькі каб прадаць цыгарэты. Каб людзі езьдзілі, глядзелі, вучыліся, параўноўвалі – яны б нейкім чынам аналізавалі. А тут – не і ўсё. Хоць забі яго. Гэта настолькі страшэнная рэч – упартасьць. Хоць кол на галаве чашы, а ён усё роўна будзе сваё. Гэта ад таго, што мы мала круцімся ў сьвеце, мала бачым”.

(Бартосік: ) “Дарэчы, цябе ніколі жлабом не называлі?”

(Шалкевіч: ) “О! Колькі разоў. Я проста як чалавек таксама магу рабіць некаторыя памылкі. Людзі, напрыклад, чакаюць ад мяне аднаго, а я даю другое”.

(Бартосік: ) “А як ты думаеш, ці ёсьць у якой-небудзь нацыі большы працэнт жлабоў?”

(Шалкевіч: ) “Жлабы – гэта людзі ня-вы-ха-ва-ны-я, якія проста ня думаюць. Няма каго хваліць, няма каго лаяць. Гэта агульны грамадзкі стан, на жаль. А мы спрабуем кусаць адны адных, як скарпіёны ў банцы і спрабаваць знайсьці выйсьце. Тут выйсьця ня знойдзеш, пакуль усё грамадзтва не ачуняе”.

(Бартосік: ) “Жлобству можа супрацьстаяць мастацтва, рэлігія...”

(Шалкевіч: ) “... спорт. Помніш, як чэхі расейцам казалі – вы нас танкамі, мы вас шайбамі... Проста нейкая нармальная здаровая нацыянальная ідэя. У нас занадта шмат хворых людзей, людзей нерэалізаваных, інфантыльных, якія думаюць, што за іх нехта там нешта... Часы бела-чырвона-белага сьцяга яшчэ могуць наступіць, толькі да гэтага сапраўды трэба дарасьці. Да Пагоні таксама”.

* * *

(Дубавец: ) Кожны дзень, а то й па некалькі разоў, на Радыё Свабода тэлефануе чалавек, які гатовы траціць свае сьціплыя пэнсійныя сродкі толькі на тое, каб зноў і зноў сказаць, што беларуская апазыцыя – гэта жабракі і фашысты, і што на выбарах ніхто (а ён гэта кажа ад імя ўсяго беларускага народу) за гэтую апазыцыю не прагаласуе.

(Такім чынам я дазволю сабе тэму гутаркі Зьмітра Бартосіка зь Віктарам Шалкевічам перавесьці ў палітычную плоскасьць.)

Іншы раз званкі нашага ўпартага пэнсіянэра трапляюць у праграму і выклікаюць хвалю іншых званкоў – тых, што імкнуцца аспрэчыць зацятага антыапазыцыянэра. Нехта даказвае, што насамрэч апазыцыя добрая, толькі яе заціскае аўтарытарны рэжым.

Слухаючы гутарку дбух бардаў, я пачынаю разумець, што праблема ня ў тым, добрая ў нас апазыцыя ці дрэнная, моцная ці слабая, фашысты там ці антыфашысты. Жлобства, у палітыцы прынамсі, нараджаецца тады, калі няма альтэрнатывы, калі няма выбару.

Гаворачы пра апазыцыю, мы ўсе, і той упарты пэнсіянэр, і ягоныя апанэнты, мы ўсе гаворым пра сябе самых. Ці ёсьць у нас выбар? У кожнай думцы і ў кожнай справе павінен быць выбар. Калі ж мы ўпрэмся як ледаколы, як насарогі, як тыя бараны на кладцы, нехта, назіраючы збоку, абавязкова прамовіць: “жлобства”. І будзе мець рацыю.

Што ж, ня маючы выбару, мы папросту зьнікнем, або прападзем зусім, або ператворымся ў нуль, перастанем што-небудзь значыць для сваёй краіны і свайго народу, страцім сваю астатнюю грамадзкую вагу.

Таму апазыцыя – гэта не Вячорка зь Лябедзькам. Гэта – наш выбар, наш асабісты грамадзянскі выбар, які мы хочам заўсёды мець перад сабою, каб выжыць і быць моцнымі, каб наш удзел у жыцьці грамадзтва, у будучыні нашай краіны і нашых дзяцей ня быў роўны нулю. Гэта ж спракаветная людзкая мудрасьць: не кладзі ўсе яйкі ў адзін кошык, не захоўвай усе грошы ў адным месцы, пакінь на чорны дзень. У пабытовым жыцьці мы ўсе так і робім. Але ж тое самае і з грамадзтвам. Бо народ, як той казаў, – гэта адзін вялікі чалавек. І таму калі ў нас кепская апазыцыя – значыць, такі мы пакінулі сабе выбар. Ня нехта там вялікі і зьверху пакінуў нам, а мы самі сабе і для сябе. Гэта наша. І калі мы кажам, што ў апазыцыі фашысты і жабракі, гэтым самым мы характарызуем не БНФ ці Станіслава Шушкевіча, а саміх сябе, тое, што ляжыць у нас у левай кішэні – наш выбар. Калі ж у нас у левай кішэні пуста, бо мы рашуча выкінулі адтуль усё, ды яшчэ з агідай, тады мы ўсе – адзін вялікі чалавек з пустой кішэняй, без запасу, бяз выбару, нуль бяз палачкі.

Тое самае – наракаць, што ў доме не знайшлося сьвечкі, калі згасла электрычнасьць. Можна яшчэ зь няўёмнай ярасьцю павыкідаць усе сьвечкі, бо і так лямпа гарыць ярка. Але што будзе заўтра?
XS
SM
MD
LG

Original text