Ларыса Александроўская
  Powered by Google TranslateTranslate

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ларыса Александроўская


Сяргей Дубавец, Вільня

Кажуць, прэм’ера гэтай песьні прагучала ў 1937-м, перад дэлегатамі 16-га зьезду кампартыі Беларусі. “Бывайце здаровы”, – сьпявала Ларыса Александроўская Чарвякову і Галадзеду, якія неўзабаве скончаць жыцьцё самагубствам. “Бывайце здаровы”, – сьпявала яна Шаранговічу, якога расстраляюць, як зрэшты і большасьць дэлегатаў таго зьезду. Іх ужо ня будзе на сьвеце ў 40-м, калі яна стане першай у БССР народнай артысткай саюзу. Іх ня будзе ў 42-м, калі яна ў Маскве будзе сьпяваць прэм’еру “Застольнай” – “Выпьем за Родину, выпьем за Сталина, выпьем и снова нальём”...

З гледзішча сёньняшняга дня, у геніяльнай сьпявачкі, узьлёт якой прыпаў на самыя страшныя сталінскія часы, быў не такі ужо й багаты выбар. Або стаць ахвярай палітыкі, або – трыюмфатарам мастацтва. Яна выбрала апошняе, і ёй гэта удалося. Як – вось пытаньне, на якое мы паспрабуем адказаць у сёньняшняй перадачы з дапамогай музыколяга Юліі Андрэевай. Гутарку зь ёй запісаў Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) “Барыс Пакроўскі казаў такую рэч: калі ён бачыў Александроўскую на сцэне Ніжагародзкай опэры ў ролі Кармэн, дык ён бачыў гішпанку, паколькі яна грала гішпанку, ён бачыў францужанку, паколькі кампазытар француз, ён бачыў расейку, паколькі мова была расейская, але пры усім тым на сцэне была беларуска. Што ён меў на увазе, як вы думаеце?”

(Андрэева: ) “Першапачаткова Александроўская гэтую ролю выконвала на беларускай мове. Бо “Кармэн” яшчэ да пачатку... Пастаноўка “Кармэн” адбылася яшчэ ў студыйных умовах у 32-м годзе. І потым адкрыўся тэатар менавіта гэтым творам. І быў пераклад нашага знакамітага музыказнаўцы Юліяна Дрэйзіна, які вялікую колькасьць опэраў пераклаў на беларускую мову і быў таксама добрым знаўцам моваў. Ён перакладаў опэру з французкай. І таму яна выконвала, і ў яе вушах, у яе сутнасьці гучалі беларускія словы, якія вельмі трапна надаваліся да усяго, што адбывалася ў музыцы. Яна мысьліла па-беларуску, калі сьпявала. Гэта першае. Па-другое, гэта была кабета, вельмі шчыльна зьвязаная з гэтай зямлёй. Яна была мянчучкай у некалькіх пакаленьнях. І хаця вялікая частка яе дзяцінства, юнацтва прайшла ў Расеі – у гады першай сусьветнай вайны яна вучылася ў гімназіі ў Пецярбургу, дарэчы, у адной клясе з будучай жонкай Сталіна Алілуевай – і усё ж уражаньні дзяцінства, беларускі асяродак, беларускія песьні, якія яна з маленства упітвала ў сябе...

У Александроўскай быў надзвычайны голас. Гэта быў не адзін голас, а нават можа два. Калі яна была маладой дзяўчынай, казалі пра срэбны званочак. Каля яна паступала ў музычна-драматычныя опэрныя курсы пры Марыінскім тэатру ў 18-м годзе, дык там сказалі, што – лірыка-каляратурнае сапрана. Яна вельмі зьдзівілася, была вельмі незадаволеная, таму што хацела мець голас больш насычаны, драматычны. Адначасова ў яе разьвілася моцнае мэца-сапрана, кантральта нават. Гэта унікальная сьпявачка. Я іншай такой ня ведаю, якая б сьпявала Маргарыту ў “Фаўсьце” – гэта для лірыка-каляратурнага сапрана партыя. Опэра “Царская нявеста”. Яна сьпявала і партыю Марфы, таксама партыя каляратурнага сапрана, і партыю Любашы – драматычную партыю для нізкага голасу. Яна сьпявала і партыю Яраслаўны – для моцнага высокага сапрана і партыю Канчакоўны, якая для кантральта напісаная. І Тацяну яна сьпявала ў “Яўгене Анегіне”, і Вольгу. Такой сьпявачкі іншай, я магу сказаць шчыра, у гісторыі сусьветнай музыкі няма. Якая б мела такі творчы дыяпазон, і ў якой бы усё атрымоўвалася. У адной ноце чуваць, што гэта сьпявае яна”.

(Дубавец: ) З расповеду музыколяга Юліі Андрэевай асоба і талент Александроўскай выглядаюць цалкам унікальнымі зь якога боку ні вазьмі. Да прыкладу, нават сёлетні афіцыйны стогадовы юбілей сьпявачкі – гэта вынік недакладнае рэгістрацыі. Быццам усё ў Александроўскай працівіцца якім-кольвек вызначэньням, дыфэрэнцыяцыі...

(Андрэева: ) “Зараз ужо цяжка меркаваць, наколькі моцны быў голас. Але акустыка нашага тэатру такая, што бяз моцнага голасу тут рабіць няма чаго. Да таго ж тады быў такі склад выканаўцаў, пра якіх кажуць, што сьценабітныя былі галясы. Скажам, Саф’я Друкер... Такія былі кабеты. І яна на іх фоне усё роўна была наймацнейшая. Значыць, і голас быў моцны.

Яна шмат чаго засьпявала ў жыцьці... і датрымаць да 60-гадовага узросту – гэта усё роўна подзьвіг у жыцьці сьпявачкі. Бо я мушу зазначыць, што мы памылкова сьвяткуем стагодзьдзе яе зараз. Яна на два гады старэйшая. Пра гэта ейная пляменьніца Ладыгіна піша – а яна ведае дакладна. Ну, гэта звычайная практыка ў жыцьці сьпевакоў. У нас зараз палова тэатру з такімі выпраўленымі дакумэнтамі. А ў яе сталася так, што калі яна пакідала Менску у 41-м годзе – з бомабасховішча тэатру бегла проста ў сукенцы. Нічога не засталося з сабою – ані дакумэнтаў, ані афішаў. Усё тут загінула. І яна трапіла ў Алма-Ату і сказала, што яна 1904 году, а напраўду яна 1902-га.

Вялікія сьпевакі мінулага стагодзьдзя, яны жывыя для нас, бо жыве легенда. Па-другое, ёсьць запісы і раней ці пазьней іх выдадуць. Па– трэцяе, мы з вамі забыліся на той факт, што яна была таксама рэжысэркай. Яна з 51-га году па 60-ты была галоўным рэжысэрам опэрнага тэатру. Зрабіла шмат выдатных спэктакляў. Тры пастаноўкі клясычных беларускіх опэр яна зрабіла. Тры пастаноўкі опэр Вэрдзі, зь якіх адна жывая дагэтуль. “Аіда”. На маю думку, лепшага спэктаклю пакуль што ў опэры ў нас няма. Ну і вельмі істотная рэч – яна зрабіла для беларускай музыкі, беларуская песьні вялікую прамоцыю. У 27-м годзе ў складзе савецкай дэлегацыі яна удзельнічала ў музычнай выстаўцы сусьветнай у Франкфурце на Майне. Яна разам з Навіцкім туды паехала. Стас Навіцкі быў выдатны цымбаліст, які граў на натуральных аўтэнтычных цымбалах. Не на тых, якія потым Жыновіч прыстасоўваў, каб яны гучалі падобна на балалайку. А на натуральных цымбалах ён ёй акампаніяваў. І яна выступала зь вялікай праграмай зь беларускіх песень, прычым натуральных, ня тое што, скажам, “Бульба” – зараз ужо усе ведаюць, што яна прыдуманая. І танец прыдуманы і песьня прыдуманая. Львоў-Кампанеец прыдумаў музыку, а балетмайстар Майсееў прыдумаў танец. І зараз усе думаюць, што гэта й ёсьць беларускае... Не, яна сьпявала баляды. І яшчэ яны зрабілі з Навіцкім такі комплексны танец. Там была “Лявоніха”, “Таўкачыкі” і “Янка”. З гэтага быў зроблены такі агнявы танец.

Яна гэта усё фантастычна добра рабіла. Яшчэ раней за Забэйду-Суміцкага, бо ён тады быў яшчэ вучнем.

Таксама – тая дэкада ў Маскве, калі прывезьлі цэлы шэраг беларускіх опэр. “У пушчах Палесься” Багатырова, “Міхась Падгорны” – цудоўная опэра Цікоцкага. Яна сьпявала паўсюль галоўныя ролі і гэта зрабіла папросту фантастычнае уражаньне. І можа тады упершыню задумаліся пра тое, што увогуле існуе гэтае беларускае мастацтва. Бо лічылася, што ня можа быць беларускай культуры, беларускага мастацтва... А сьмешна, што калгасная музыка і калгасная опэра – гэта тое, што тут рабілі людзі, прысланыя з Расеі падымаць культуру. А беларускія кампазытары, якія тут былі, той жа Цікоцкі, яны рабілі музыку зусім іншае клясы.

Пэўны час яна рабіла вельмі сьмелыя рэчы. У 52-м годзе яна паставіла “Страшны двор” Манюшкі. Калі пра Манюшку увогуле тут не казалі. Максым Танк на ейную просьбу зрабіў пераклад на беларускую мову. Уяўляеце, у 52-м годзе? Да савецкай опэры яна ставілася увогуле вельмі насьцярожана. Яна цалкам падзяляла камуністычныя ідэі. Хаця ў канцы жыцьця яна пачала разумець, што нешта з гэтымі ідэямі ня так, і вельмі балюча розныя рэчы пераглядала. Яна памерла ў 80-м годзе. Значыцца, гэтая балесная эвалюцыя праходзіла ў 70-х гадох”.

(Дубавец: ) Акурат у 70-я гады Ларыса Александроўская вырашае пісаць кнігу сваіх успамінаў. На дапамогу сабе яна запрашае пісьменьніка Уладзімера Някляева. Праўда, з гэтай задумы ў выніку нічога не атрымалася. Кажа Уладзімер Някляеў.

(Някляеў: ) “Яна была вельмі блізка знаёмая зь вярхушкай улады і ведала вельмі многа з таго, чаго ня ведалі іншыя людзі. І гэта яна расказвала, але баялася расказваць. Праблема была ў тым, што яна хацела напісаць кнігу, але я ў той час меў свае клопаты, я хацеў напісаць сваю кнігу. І яна настойвала на тым, каб я прыходзіў да яе дахаты і пісаў там у яе дома. Я прапаноўваў іншае – давайце будзем нагаворваць на дыктафон, я пасьля буду здымаць гэта з дыктафона, даваць вам прачытаць і так будзем рухацца. Яна – не, ні ў якім разе ні слоўца, ні старонкі, нічога не павінна выйсьці за дзьверы хаты. Ну і так ня сталася карацей.

Яна мне расказвала там і пра сьмерць Купалы. Яна ж тады ў Маскве была. Была ў той дзень у тым гатэлі і нават называла прозьвішча чалавека, які нібыта выканаў тую місію – забойства Купалы. Яна мне клялася, што менавіта усё гэта было. Прыйшоў Панамарэнка, маўляў, лаянка была і названае прозьвішча гэтага чалавека ў тым кантэксьце, што саслужыў службу занадта старанна тую, якой у яго ужо ня надта прасілі”.

(Дубавец: ) Выглядае, што пік трыюмфу Ларысы Александроўскай прыпаў менавіта на сталінскія гады. Уладзімер Някляеў згадвае, што артыстка паказвала яму свае здымкі, у тым ліку і са Сталіным. Пасьля сыходу той страшнай эпохі нешта зламалася і ў кар’еры сьпявачкі. Магчыма, папросту прыйшла старасьць.

(Някляеў: ) “Яна вельмі перажывала праз тое, што позна пайшла са сцэны. Яна сказала, што адчула гэта ў той момант, калі сьпявала Маргарыту ў “Фаўсьце” і там ёсьць сцэна, дзе Маргарыта кідаецца маліцца на калені. І ёй насыпалі шкла. Я, кажа, прыйшла дахаты і канечне спачатку злосьць была, крыўда. А пасьля задумалася – а чаму урэшце такая нянавісьць? І, кажа, датумкала, што пара пайсьці”.

(Дубавец: ) Але цалкам магчыма, што ня толькі старасьцю тлумачыцца тое, што Ларыса Александроўская пачала выпадаць з фавору. Юлія Андрэева зьвязвае гэта са зьменаю кіраўніцтва БССР.

(Андрэева: ) “Дарэчы, посьпех і любоў кіраўніцтва былі пры ёй не заўжды. Вось сыйшоў Панамарэнка і стала ёй вельмі цяжка працаваць на пасадзе спачатку галоўнага рэжысэра, а потым давялося увогуле сысьці. Бо яна, пазбавіўшыся гэтай падтрымкі... Яе літаральна выжывалі з тэатру.

(Дубавец: ) Ларыса Александроўская застаецца працаваць у створаным ёю тэатральным таварыстве. Але і адтуль яна сыходзіць не з уласнае волі. Пра гэта згадвае паэт Уладзімер Някляеў, які тады рэдагаваў часопіс “Тэатральны Мінск”.

(Някляеў: ) “Гэта быў так званы звычайны прэзыдыюм рабочы тэатральнага таварыства. І раптам прыходзіць цэкоўскі чыноўнік і першы устае і кажа, што вось, Ларыса Пампэеўна, дзякуй вам за усё, што вы зрабілі, але вось ёсьць новая кандыдатура, у ЦК КПБ вырашылі, што вам пара пайсьці адпачыць, а на ваша месца ідзе Мікалай Мікалаевіч Яроменка. Я тады, дарэчы, упершыню убачыў яго. Яна узяла сумачку, падфарбавала губы, прыпудрылася, паднялася, і ні слова нікому не сказаўшы, рушыла з кабінэту. Гэта была паўза такая доўгая, але ніхто сьледам не пайшоў.

Ну і пасьля мы зь ёй пачалі пісаць кніжку, якую, на жаль, не напісалі”.

(Дубавец: ) Новыя часы не прынялі Александроўскую. На думку Юліі Андрэевай, гэта зьвязана таксама зь яе надзвычай незалежным характарам, і зь яе уяўленьнямі пра сапраўдную высокую культуру і яе беларушчынай, што заўсёды вылучала сьпявачку.

Ці можна Александроўскую ў опэры назваць эталёнам, творцам першае велічыні, такім, якім у паэзіі мы называем Купалу?
Адрозьнівае іх, бадай тое, што ў Купалы ў гады сталінскага тэрору такога выбару, як у Александроўскай, не было: або стаць ахвярай палітыкі, або стаць трыюмфатарам мастацтва. Ён мог толькі прыстасоўваць або не прыстасоўваць сваё мастацтва да палітыкі. Ён абраў першае, бо ў другім выпадку пераставаў быць афіцыйна прызнаным прарокам уласнага народу. Магчыма, справа тут у тым, што музыка усё ж такі менш залежыць ад ідэалёгіі. У паэзіі няма вакалізу, інакш большасьць нашых клясыкаў не ператварылася б у літаратурных пігмэяў у замен за пакінутае ім жыцьцё.

(Андрэева: ) “Напэўна, можна назваць яе вось такім эталёнам назаўжды. Тым больш, што яна й была гэтым эталёнам, на ейнай творчасьці вучыліся, глядзелі на яе, як на багіню. І гэты арэол застанецца назаўжды. Хай нават засталося мала запісаў, ня гэта важна. Важная легенда і тое, што яна зрабіла для музыкі, тое, што зрабіла са слухачамі. Людзі старэйшага пакаленьня, якія яшчэ памятаюць, як яна сьпявала, для іх было неверагоднай падзеяй папросту яе пачуць.

Яна была правадніком эўрапейскай школы тут, а не расейскай. Яна несла з сабой вельмі высокую культуру. Яна ведала, як сьпяваць раманс, каб гэта было арыстакратычна, каб у гэтым быў глыбокі сэнс, а ня проста грубы моцны голас.

Потым – ейная глыбокая індывідуальнасьць. З аднаго боку ведаеш – так, агнявая Кармэн. А калі слухаеш... Такое надзвычайнае уражаньне вось гэтай глыбокай мэлянхоліі, якая ёсьць у беларускім характары, можа нават фаталізм – у яе творчасьці гэта выказана найлепей. Здавалася б, кабета мела посьпех, карысталася увагаю ва уладаў, усё мела, але туга беларуская, што ў яе сэрцы была – яна ў гэтай музыцы. І запісы з Кармэн, якія засталіся – гэта не сігідзілья, не хабанэра, а варажба, дзе галоўнае слова – сьмерць. Разумееш, пра што чалавек сьпявае – зусім не пра тое, пра што, здавалася б, ён мусіў сьпяваць пры савецкай уладзе.

Яна сьпявае песьню “Чаму ж мне ня пець”. Мы ведаем, як яе сьпявалі “Песьняры” – разудалая была песьня, вельмі вясёлая. Калі мы слухаем Александроўскую – гэта вельмі смутная песьня”.
XS
SM
MD
LG

Original text