Украінская вёска Лесавічы
  Powered by Google TranslateTranslate

Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская вёска Лесавічы


Сяргей Дубавец, Вільня Лета з Караткевічам. Упершыню гэтая перадача прагучала 6 лістапада 2005 году.

26 лістапада Ўладзімеру Караткевічу споўніцца 75 гадоў. А мы ў “Вострай Браме”, у сэрыі забытых адрасоў культуры найчасьцей згадвалі менавіта ягонае імя і ягоныя мясьціны. І сама гэтая сэрыя пачалася калісьці з пад’езда старых кавалераў, апісанага ў рамане “Чорны замак Альшанскі”. Пасьля былі рэальныя менскія кватэры Караткевіча і дом у Рагачове. Прычым тэма падаецца невычэрпнай. Хадзіць па сьлядах Караткевіча цікава і можа быць цікавей, чым па сьлядах каго-небудзь іншага. Наведваліся мы і да іншых, і там найчасьцей дастаткова было аднаго адрасу, каб распавесьці пра ўсё, вычарпаць тэму. А тут... Гаворка зусім не пра асабістыя прыхільнасьці, а пра само ўнікальнае жыцьцё нашага героя, складзенае зь бясконцае чарады эпізодаў, больш падобных да літаратурнага дзейства, чым да звычайнага быцьця. Няма ў прыродзе такой Караткевічавай мясьціны, пра якую можна было б сказаць, што ён тут жыў сабе і жыў, кніжкі пісаў. І сёньня, праз 20 гадоў пасьля ягонае сьмерці сучасьнікі абавязкова згадаюць масу гісторыяў, ці то пра дняпроўскую тапеліцу, ці пра крымскі рубель, схаваны ў плаўкі, ці пра экспромты ў менскім “Мутным воку”

Украінская вёска Лесавічы, у якой Караткевіч настаўнічаў і зь якой, паводле паданьня, вярнуўся сьвядомым беларусам, даўно была запаветнаю мэтай сталага наведніка забытых адрасоў культуры Зьмітра Бартосіка. І вось сёлетні юбілей пісьменьніка падаўся нам дастатковай нагодай, каб нарэшце выправіцца ў няблізкі шлях.

Бартосік: “Сёньня дзіўна гэта ўсьведамляць. Але, калі б не вучоба і праца Ўладзіміра Караткевіча ва Ўкраіне, мы маглі б ня мець такога пісьменьніка. Прынамсі так сьцьвярджаюць ягоныя сябры юнацтва. У 1949-м годзе ў Кіеўскі Ўнівэрсытэт паступае хлопец з Воршы. Малады савецкі чалавек, які піша расейскія вершы пра любоў. Па сканчэньні Ўнівэрсытэта хлопец па разьмеркаваньні едзе ў вёску Лесавічы. Два гады выкладае там расейскую мову і літаратуру. І ў 1956-м вяртаецца адтуль зусім іншым чалавекам і творцам. Вось што пісаў пра тыя гады сам пісьменьнік у біяграфічным нарысе “Дарога, якую прайшоў”.

“Пасьля заканчэньня унівэрсытэта я здаў кандыдацкі мінімум і пачаў быў пісаць дысэртацыю пра паўстаньне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, але прыйшлі іншыя інтарэсы: зьявілася задумка аб рамане на тую самую тэму. Да рэалізацыі яе, праўда, я прыступіў толькі праз дванаццаць год. Над гэтым раманам -- "Каласы пад сярпом тваім" -- працую і зараз.

А тады я проста сабраўся і паехаў настаўнікам у глухую вёску Лесавічы, што ля Тарашчы. Працаваў там два гады. І, нягледзячы на ўсё, удзячны і вёсцы і ўнівэрсытэту. Удзячны многім сумленным хлопцам, кнігам, пошукам. (...) І яшчэ за адну рэч я ўдзячны тым гадам. Здалёку я асабліва палюбіў Беларусь і яе людзей. Яна ўяўлялася мне тады па незямному прыўкраснай. Уся зялёная, вільготная, з азёрамі, з народам, зь ягонай пявучай і звонкай мовай, зь легендамі і палямі, курганамі і рэкамі.

Напісаў я за дзевяць год -- горы. Нават трагедыю белым вершам, жахліва тр-рагічную. Але друкавацца і не думаў. У канцы першага года маёй настаўніцкай работы адбылося, аднак, нечаканае. Мінскі сябра папрасіў мяне даслаць яму вершы, пачытаць. Я даслаў, як бывала і раней. А ён панёс іх у часопіс "Полымя". І раптам улетку 1955 года я атрымаў нумар часопіса са сваім вершам "Машэка". Гэта пераламіла мой лёс».

Бартосік: “Я ехаў ва Ўкраіну зь лёгкім хваляваньнем. Усё ж прайшло пяцьдзясят гадоў з тае пары. Ці захавалася тая школа? Ці памятае хто ў Лесавічах таго настаўніка расейскай мовы? Ці жывыя ячшэ ягоныя калегі?

Дзеля падстрахоўкі перад паездкай затэлефанаваў паэту і народнаму дэпутату Ўкраіны Дмытру Павлычку. І прозьвішча «Караткевіч» прагучала, як своеасаблівы код. Ня ведаю, колькі б я дабіраўся да той няблізкай вёскі каля мястэчка Тарашча, калі б не спадар Павлычко. Пан Дмытро сустрэў мяне на вакзале і прадставіў сваё службовае аўто на ўвесь дзень. Бо госьць зь Беларусі прыехаў да самога Караткевіча. Так што ў Лесавічы я ехаў ледзь не з урадавай мігалкай. І ледзь не на кожным кілямэтры таго шляху адчуваў самую белую зайздрасьць. Ні ў Літве, ні ў Польшчы, чамусьці, гэтая зайздрасьць не ўапаноўвае так, як ва Ўкраіне. Нашай савецкай і славянскай суседцы. Такой, здавалася яшчэ гадоў дзесяць назад, падобнай па моўнай праблеме. І такой непазнавальнай сёньня. Такое адчуваньне, што ўкраінцы з радасьцю забыліся на савок і проста ўпіваюцца гэтым забыцьцём. Так, спадары, я ізноў пра мову. Якую чуеш і ад афіцэра-даішніка, і ад прадавачкі ў сталічнай краме, і ад афіцыянткі ў прыдарожнай кавярні. Пра мову рэклямных шчытоў і ўсялякіх шыльдаў можна ня згадваць. Украіна, на вачах,становіцца той самай заграніцай «дзе ўсе не па-рускі». Гэта значыць, не па-савецку. Ня толькі ў мове, але і ў сэрвісе.

Вёска Лесавічы нічым не нагадвае Беларусь. Бо разьмешчана яна не на пагорках, а на, па-беларускіх мерках, сапраўдных гарах. Сярод маляўнічых лясоў. Вуліцы вельмі пакручастыя. Нідзе я не заўважыў і знаку якой неахайнасьці ці бязладзьдзя. Над Лесавічамі пануе клясычны ўкраінскі спакой. Сярод акуратных белых хатак трапляюцца з размахам і густам пабудаваныя асабнякі. Але школа, на маё шчасьце, засталая такой самаю, як і пры Каракевічу. Драўляная, аднапавярховая, пафарбаваная ў карычневы колер, яна стаіць ужо сто гадоў. Высокія столі, вялізныя вокны. Старыя школьныя будынкі па мне значна цяплейшыя і утульнйшыя. Іх можна параўнаць з намоленымі храмыамі. Асаліва, калі ўявіць, што каля той шафы сядзеў твой бацька. А вунь той краявід з вакна любіла твая бабця. У гэтым калідоры я лёгка ўяўляю сабе маладога Караткевіча. Настаўнікі мне падказалі, дзе жыве Сяргей Пракопавіч Лешчанка, старэйшы калега беларускага пісьменьніка. 87-гадовы стары сустрэў мяне, як доўгачаканага госьця.

Разьвітаўшыся са старым я выправіўся на пошукі Караткевічавых вучняў. І ўжо было адчаяўся іх знайсьці, парадкам запыхаўшыся на Лесавіцкіх гарах. Але адной бабці прозьвішча Караткевіч падалося знаёмым. Прычым асацыяцыі, мяркуючы па яе вачах, усплывалі самыя цёплыя. Дзякуй Богу, у яе гасьцявала дачка з Кіева. Надзія.

Дом нумар 48 на вуліцы Перамогі -- тыповая ўкраінская хата, атынкаваная бэллю. Вялікі двор, за якім ідзе круты спуск да рачулкі. За якою іншая гара. Колькі ня езджу па забытых нашых адрасах, кожнага разу мне з большай моцай здаецца, што сьцены, якія давалі цяпло паэтам – зусім ня мёртвая матэрыя. Яны містычна асаблівыя. І энэргіяй тых, хто тут тварыў і марыў, нікуды ня зьнікла. Як і краявіды. Ці не таму, так ня проста павярнуцца сьпіной, сесьці ў машыну, кінуць апошні позірк на Лесавічы і ўзяць курс дадому».

Дубавец: Што яшчэ мы можам даведацца пра Лесавічы? Напрыклад, тое, што археолягі знайшлі ў ёй скіфскія паселішчы; што да рэвалюцыі ў гэтай вёсцы – як на беларускія меркі – у мястэчку – жыло чатыры з паловай тысячы чалавек; калісьці ў Лесавічах была драўляная царква з унікальнымі росьпісамі, а пяць гадоў таму тут пабудавалі новую. Тая старая зьнікла, напэўна, у часы панаваньня ваяўнічых бязбожнікаў, у 30-я гады мінулага стагодзьдзя. Той пэрыяд для Ўкраіны страшны быў перадусім галадаморам. Аднак Лесавічы гэтая бяда амаль што абмінула. Калі навокал ад голаду выміралі цэлыя паселішчы, тут гэтага не было. Са словаў сьведкі «гэта было выклікана тым, што раённы начальнік заплюшчваў вочы на тое, што людзі ня ўсе харчы здалі нарыхтоўшчыкам». Сьведка паведамляе, шо таго начальніка потым расстралялі, але робіць выснову, што, аказваецца і суб''ектыўны фактар у сталінскія часы мог вырашаць многае.

Пра сваё бытнаваньне ў Лесавічах Уладзімер Караткевіч пісаў да свайго сябра Юрыя Гальперына. Вось некалькі цытатаў, якія дапоўняць карціну:

«Ніяк ня меў магчымасьці сесьці за адказ. Атакавалі мяне з усіх бакоў па справах, і справы гэтыя зь ліку так званых дзіцячых радасьцяў: елачка, выступленьнейка мастацкай самадзейнасьці, насьценгазэтачка зь Дзедзікам Марозікам у цэнтры. А дзетачкі (мае падапечныя дзесяціклясьнікі), цэлы сажань у плячах, падбародзьдзе накшталт шчоткі, а голас такі, што будзь у маі Лесавічах вярблюды, дык яны б разьбягаліся хто куды.

А на беларускае аддзяленьне я ня мог патрапіць вось чаму. Я паехаў у Кіеў, які ведаў, чалавекам амаль абыякавым да радзімы, меркаваў, што такі гібрыд, як беларус, што выкладае расейскую літаратуру на Ўкраіне – рэч алкам натуральная. Мы наогул дзіўны народ: цэнім радзіму, толькі калі пазбаўленыя яе... А патрапіўшы ў Кіеў, я раптам зразумеў, якую зрабіў памылку. Вось тут і пачалося абы што. Пачаў шалець, але сысьці ўжо было цяжка, фактычна немагчыма. Вось і кісну ў Лесавічах, вучу двухмэтровых «дзяцей» ня блытаць Льва і Аляксея Талстых, а яны мне ў адказ выдаюць такія пэрлы:

«Аляксандар Максімавіч Горкі».

«Каўказкі палоньнік ніяк ня мог расьпілаваць ланцугі. Тады чаркешанка прынесла яму пялёнкі і ён уцёк».

«Творы Леніна выхоўваюць моладзь у духу нацыянальнага інтэрнацыяналізму».

І гэта пішуць васьміклясьнікі і дзясяціклясьнікі, безь пяці хвілін будучыя студэнты. Страшна думаць. Што зь іх можна зрабіць за год? Ня ведаю. Думаю адсюль вырвацца. Хоць да чорта на рогі, абы адсюль...

Пасланьне Ваша атрымаў сёньня раніцай, але адказ затрымаў да ночы, бо незадоўга пачаў складаць ліст вядомаму табе Максіму Рыльскаму (ён – дырэктар Інстытуту этнаграфіі і фальклёру), а ліст гэты складаць было нялёгка, бо ён быў з дадаткам ста загадак, запісаным мною ў багалюбімым (у арыгінале – богоспасаемом) сяле Лесавічы. Затое цяпер сяджу і пішу. У каморцы маёй міргае перажытак капіталізму – газавая лямпа, за вакном "Ой за лісом за пролісом золота діжа сходіть" (месяц). Усё насельніцтва хаты сыйшло, часткова ў кіно, а я не пайшоў, бо ідзе наймярзотнейшая карціна, якую ўжо бачыў у Кіеве, называецца «Зоркі на крылах». Сто б чартоў у пячонкі такім кінарэжысрам і сцэнарыстам, якія лепяць падобнае, каб ім на язык села столькі скулаў, колькі дзірачак у той мацы, што выпеклі габрэі ўсяго сьвету ад дзён зыходу да леташняй пасхі, каб у іх выпалі ўсе зубы і застаўся адзін для зубнога болю. Жыцьцё-быцьцё найсумнейшае, нягледзячы на скрайнюю занятасьць».

Характэрная асаблівасьць Караткевічавых адрасоў у тым, што, гаворачы пра падзеі паўвекавое даўнасьці, не адчуваеш налёту архіўнасьці на колішніх словах і эмоцыях. Тлумачэньне гэтаму простае – паэт жыў як пісаў, а вершы Караткевіча ўжо прайшлі выпрабаваньне часам і выглядаюць, можа быць, нават больш прывабнымі, чым 50 гадоў таму. Пра гэта сьведчыць хоць бы і тое, што іх сёньня сьпяваюць, чаго пры жыцьці аўтара не было. Вось і нядаўняя песьня гурта «Уліс» пад назваю «Ўстану ранкам» ствараная на словы, якія Караткевіч напісаў яшчэ тады і там, у Лесавічах.

Украінская вёска Лесавічы памятае Ўладзімера Караткевіча, бо ён сваім побытам у ёй зрабіў зь яе факт культуры. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова ў інтэрнэтнай шукалцы набраць Лісовычы па-ўкраінску. Вы арымаеце адну згадку пра лесавіцкую дзяўчыну, якая заняла другое месца на конкурсе народных сьпеваў. Калі ж запытацца пра Лесавічы па-беларуску, спасылак будуць дзясяткі, прычым гэта спасылі трывалыя, калі ня вечныя – на энцыкляпэдыі і слоўнікі, на тэксты Янкі Брыля і, натуральна, Уладзімера Караткевіча. Дзякуючы апошняму, Лесавічы сталі ня толькі фактам беларускай культуры, а нават фактам беларускай мовы, на самым глыбокім узроўні пранікненьня. Маю на ўвазе прыклад са Слоўніка эпітэтаў беларускай мовы, дзе Лесавічамі апісваецца такі панятак як прыгажосьць. Цытую: «Сяла, прыгажэйшага за нашыя Лесавічы, па-мойму, няма на Украіне. Сады, белыя хаткі... І песні, песні такой дзівоснай прыгажосці, што шчыміць у сэрцы».

8. Караткевіч і ўлада

Упершыню гэтая перадача прагучала 20 лістапада 2005 году.

Сёлетні юбілей Уладзімера Караткевіча – 26 лістапада пісьменьніку споўніцца 75 – пройдзе без таго маштабу і той фэерыі, якія былі характэрныя для папулярнасьці і творчасьці Караткевіча ў самыя неспрыяльныя да беларускай культуры часы брэжнеўскага застою. Ня будзе ні прадстаўнічай навуковай канфэрэнцыі, якая б зрабіла пераацэнку Караткевічавых твораў і апублікавала шэраг сэнсацыйных адкрыцьцяў, ані новага тэлесэрыялу паводле “Дзікага паляваньня караля Стаха”, і нават зусім творчая ідэя зборкі песень розных музыкаў на вершы Караткевіча, здаецца, не дасьпее да выданьня канчатковага CD. Хоць кампазыцыяў напісалася дастаткова, іх аўтары, як правіла, жывуць сёньня ў падпольлі, таму песьні не прагучаць.

У фармальна, прынамсі, сувэрэннай Беларусі ўмовы для беларускай культуры аказаліся яшчэ больш неспрыяльнымі, чым за брэжнеўскім застоем. Тады пісьменьнікаў заціскалі, але ўсё ж такі ерархія жыхароў Парнасу выбудоўвалася пераважна паводле талентаў. Сёньня карціна ў прынцыпе перакуленая з ног на галаву. Дастаткова сказаць, што ўсе народныя пісьменьнікі і паэты Беларусі – а гэта найвышэйшае ў ерархіі званьне – апынуліся ў загоне і ледзьве не ў падпольлі. У набліжанай да ўлады з мэтаю канчатковага задушэньня групцы беларускіх літаратараў народных няма. Шырока вядомых і масава чытаных – няма. І гэта сьведчыць, што калі б Караткевіч, ці ня самы вядомы і чытаны, а таму па сутнасьці народны, не памёр 20 гадоў таму, дык сёньня апынуўся б у сытуацыі Васіля Быкава, быў бы выціснуты за мяжу, а імя ягонае трапіла б у чорныя сьпісы дзяржаўнага выдавецтва.

Аднак, зь нябожчыкамі прасьцей. Яны самі не адкажуць на пытаньне: з кім вы, майстры культуры. Затое кожны можа адказваць за іх. І тут нас непазьбежна чакаюць усялякія скандалы, канфузы і кур’ёзы. Бадай самым яркім эпізодам сёлетняга юбілею Караткевіча і стане такі вось кур’ёз з выданьнем у дзяржаўным выдавецтве кнігі ўспамінаў пра Караткевіча. З афіцыёзнае кнігі выкінулі такіх дасьведчаных калег пісьменьніка, як паэт Сяргей Законьнікаў, і такіх прызнаных літаратурных спадкаемцаў Караткевіча, як Уладзімер Арлоў, а ўрэшце – ці ня самага блізкага сябрука юбіляра, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Дастаткова згадаць, што ў вядомай паэме пра Лысую гару яны ўвогуле фігуруюць як адна асоба і іхныя прозьвішчы пішуцца праз злучок. Зрэшты, кур’ёз – гэта, бадай, самая вялікая помста Караткевічу, на якую здатныя сёньняшнія выдавецкія сталаначальнікі. Помста за ягоны талент, за незалежнасьць і за Беларусь – за ўсё тое, што так муляе цяперашняму рэжыму.

У гэтай праблемы ёсьць і больш глыбокае дно. Вечная тэма -- права на вобраз памерлага літаратара. Звычайна тут уздымаюць галас сваякі. Маўляў, хто заўгодна ня мае права выказвацца пра майго бацьку ці дзеда так, як гэта б не спадабалася мне. Памятаю, дачка аднаго клясыка беларускае літаратуры, расстралянага ў 30-я і надоўга забароненага, выразала цэлыя кавалкі зь ягонага раману перад першай публікацыяй твора ўжо ў наш час. Маўляў, чытач ня так зразумее, што хацеў сказаць бацька. Усяго такіх купюр набралася восем дзясяткаў. У выніку ў рамане горад займалі немцы, а ўлада ў горадзе заставалася савецкая, і наадварот. Можна толькі ўявіць, што б сказаў сваёй клапатлівай дачцы пісьменьнік, якога яна выставіла ў такім ня годным клясыка сьвятле. Усё ж такі этыка літаратуры і яе аўтараў – гэта этыка паралельнага жыцьця, а не таго, у якім жывуць жонкі з дочкамі дарагога таты, якія зь лёгкасьцю распаўсюджваюць сваю ўладу і на тое паралельнае жыцьцё... Нездарма столькі твораў і столькі пісьменьнікаў у нашай літаратуры дагэтуль застаюцца за кадрам публічнае ўвагі. Бо ляжаць у куфрах, на якіх сядзяць дарагія спадкаемцы.

Можна зразумець іхнае права на кватэру нябожчыка, альбо на даход ад перавыданьня ягоных твораў. Але права на вобраз... У дачыненьні да культуры гэта самае сапраўднае вераломства, спэкуляцыя на сваяцкіх пачуцьцях, гіпэртрафаваны эгаізм. Ці магчыма ўявіць сабе, каб права на свой вобраз пісьменьнік перадаваў нашчадкам у тэстамэнце? Абсурд, так не бывае. Дык адкуль тады такое права бярэцца ў жыцьці?..

Дзяржава, якая заяўляе свае правы на вобраз пісьменьніка, нічым не адрозьніваецца ад той дачкі, якая перапісвае творы і біяграфію бацькі. У выніку нічога большага за кур’ёз ад усяго гэтага не застаецца.

Як бы да свайго сёлетняга юбілейнага кур’ёзу паставіўся сам Караткевіч? Напэўна, так, як ён і ставіўся да падобных рэчаў. Напрыклад, да ордэну, які атрымаў на свае 50-я ўгодкі. У сёньняшняй перадачы з успамінаў сучасьнікаў мы паспрабуем пачуць голас пісьменьніка і ягоную жывую рэакцыю на дзяржаўную апеку.

Такім чынам, некалькі гісторыяў з жыцьця Ўладзімера Караткевіча і яго дачыненьняў з уладамі. Першую распавёў Алесь Петрашкевіч, драматург і энцыкляпэдыст, які тады, калі ўсё гэта адбывалася, працаваў загадчыкам аддзела культуры ЦК Кампартыі Беларусі.

Гісторыя пра драўляную царкву.

Петрашкевіч: “Загадчык аддзела культуры ЦК прыходзіць на працу ранавата. Званок. Падымаю слухаўку. І чую: “Што вы там робіце, вашу маць!” Я кажу: Уладзімер Сямёнавіч, што здарылася? Добры дзень. “Здароў. Гэта мне ў вас папытацца, што здарылася... Толькі што пазваніў мітрапаліт Філарэт і прасіў пазваніць у ЦК, таму што ў такой-та вёсцы разбураюць царкву 17 ст., без адзінага цьвіка зробленую, пад аховай дзяржавы”. Я кажу, гэта нейкая бздура. “Ня бздура, братка, памажы”. І я з поўнай упэўненасьцю абяцаю: Уладзімер Сямёнавіч, зраблю ўсё, што магу. Званю ў райкам, пытаюся ў сакратара райкама. Той робіць выгляд, што нічога ня ведае, але таксама абяцае мне, як я Караткевічу, і я яго прашу мне заўтра пазваніць. Назаўтра ён мне ня звоніць. Званю. Ну, што з царквой? “А вы ведаеце, нехта ноччу абліў бярвеньне саляркай і спаліў”. Паклаў слухаўку. Званок. “Здароў, Алесь”. Здароў. “Я ўжо ўсё ведаю”. Я кажу: ну добра, што ты сам ведаеш. “Мудакаватае ваша ЦК і ўсе вы мудакаватыя. А цябе я паважаю. За п’есу пра Скарыну “Напісанае застаецца”. Вось такі ўвесь Караткевіч. Абсалютна дакладная рэакцыя і абсалютна дакладныя паводзіны ў дадзеным выпадку”.

Дубавец: Другая сёньняшняя гісторыя –

Гісторыя пра ордэн,

які Караткевіч атрымаў на свае 50-я ўгодкі. Гэта была адзіная дзяржаўная ўзнагарода ў ягоным жыцьці і адзіны юбілей, які адзначаўся на дзяржаўным узроўні. Праз чатыры гады Караткевіча ня стане. Згадвае мастацтвазнаўца Ізабэла Гатоўчыц, якая працавала разам з жонкай пісьменьніка Валянцінай.

Гатоўчыц: “Увогуле гэта была нечаканая справа для Валодзі і для ўсіх. Валодзя трымаўся, з аднаго боку, незалежна, а з другога боку, ён не любіў, што называецца, мільгаць. І вось аднойчы, калі Валодзю споўнілася 50 гадоў... Але гэта ўжо быў час, калі многае зьмянілася, калі клімат ужо памякчэў... І мы дазнаёмся, што Валодзю прысуджаны ордэн Дружбы народаў. Валя вырашыла гэта сьвяткаваць. А ордэн уручалі ў Саюзе пісьменьнікаў. Сабралася даволі многа народу. Караткевіч выйшаў на сцэну, і мы ўсе ўціснулі галовы ў плечы. Таму што Валодзя быў нападпітку і, па меры таго, як гаварылася прамова аб узнагародзе, ён п’янеў на нашых вачах усё больш і больш”.

Дубавец: У маёй памяці тая вечарына 1980-га году засталася першай такой, калі ў бітком набітай залі пануе абсалютны ўсеагульны ўздым. Магчыма яна, такая, і сапраўды была самая першая. Бо мы, студэнты, толькі дапалі да беларушчыны, толькі стварылі сваё першае аб’яднаньне, толькі зразумелі, што сапраўднае вызнаваньне Беларусі – справа небясьпечная і падпольная. Да таго ж гэта быў пік папулярнасьці Караткевіча, чые кнігі імгненна разыходзіліся непамыснымі па сёньняшніх часах накладамі. І вось уся гэтая публіка, сабраўшыся ў адной залі, рабіла для сябе першае на ўсе часы адкрыцьцё. Аказваецца, нас, такіх, шмат. І тут мы можам чуць і гаварыць пра свае ідэалы не хаваючыся і нават аднымі толькі вачыма. Бо дастаткова погляду, каб адчуць, што іншы думае і перажывае тое самае. Ці ж маглі мы ў такой эўфарыі бачыць, што наш кумір і цэнтар увагі Караткевіч – нападпітку? А калі й нападпітку, дык гэта было настолькі ж важна для нас, як разьвязаны матузок на чаравіку. Памятаю, пакуль выступалі калегі і артысты, Караткевіч папрасіўся выйсьці закурыць. Прычым знакамі папрасіўся ў залі. А калі выйшаў да мікрафону, дык сказаў літаральна: “Бяз вас я нішто”. А што нам яшчэ было трэба, для таго, каб той вечар застаўся ў памяці на ўсё жыцьцё?..

Гатоўчыц: “Ну а потым быў банкет. Былі накрытыя столікі з гасьціннасьцю Караткевічаў. І Валодзя перад усім народам апавясьціў, што гэты ордэн заслужыў ня ён, а ягоная жонка. Зьняўшы ордэн, ён павесіў яго на Валю. Паколькі ўсім было весела і ўсе танцавалі, ордэн незаўважна ўпаў на падлогу. А калі яго паднялі, ён быў сплюшчаны і слаба напамінаў тую ўзнагароду, якую Валодзя атрымаў...”

Дубавец: Так закончылася гісторыя Караткевічавага ордэна, але, аказваецца, у яе была свая, ня менш запамінальная перадгісторыя. Згадвае паэт Сяргей Законьнікаў, які ў той час працаваў загадчыкам сэкатара мастацкай літаратуры ЦК КПБ.

Законьнікаў: “Надышоў 1980 год. 50 гадоў Караткевічу трэба адзначаць. І я прыходжу да Аляксандра Трыфанавіча Кузьміна і кажу: Прапаную, улічваючы заслугі Валодзі, давайце мы прадставім у ЦК КПСС яго на ордэн Леніна. “Ну ты і загнуў! Ён жа закаранелы нацыяналіст!” Я кажу: Валодзя ніякі не нацыяналіст. Ён проста сапраўдны патрыёт Беларусі. Кузьмін зморшчыўся: “Ды знаю я, знаю, але гэта нічога не мяняе”. Я кажу: А як, Аляксандар Трыфанавіч, наконт “трудавіка”? Гэта ордэн Працоўнага чырвонага сьцяга на чыноўніцкім жаргоне. Ён падумаў і сказаў: “Цяжка будзе ўгаварыць бюро ЦК. Калі толькі Пётар Міронавіч сваё слова скажа”. Машэраў тое слова сказаў, і дакумэнты пайшлі ў Маскву. Нарэшце ў самы прытык да юбілею прыходзіць з Масквы стужка. І аказваецца, Валодзя ўзнагароджаны, але не “трудавіком”, а ордэнам Дружбы народаў.

Караткевіч паставіўся да ўсёй гэтай валтузьні-мітусьні, як заўсёды, з гумарам. Сказаў: “Вельмі шаную гэты ордэн, таму што я і праўда дружбу народаў усё жыцьцё ўмацоўваю. Тут у Беларусі я беларускі нацыяналіст. Калі вучыўся і працаваў ва Ўкраіне, дык быў украінскім нацыяналістам”. На свой урачысты вечар Валодзя прыйшоў з ордэнам і падвяселены чаркаю. І ў кабінэце Максіма Танка, дзе звычайна распраналася начальніцкая багема, Караткевіч адкалоў нумар. Ён у прысутнасьці ўсяго начальства – і партыйнага і літаратурнага – зьняў свой ордэн і прышпіліў на штрыфэль пінжака мне. “Панасі, браце, я ведаю, што гэта не яны, а ты спрыяў мне атрымаць узнагароду”. Была такая сцэнка, як у Гогалеўскім “Рэвізоры”...

Дубавец: Што адбывалася далей, мы ўжо ведаем. Але высьвятляецца, што і ня з гэтага эпізоду пачалася ордэнская гісторыя. Пачалося ўсё зь віншаваньня Караткевічу ад першага сакратара ЦК КПБ Кісялёва. Машэрава, які адпраўляў паперы на ўзнагароду ў Маскву, на той час ужо не было ў жывых.

Законьнікаў: “Калі прыйшла стужка, што ён узнагароджаны, Ціхан Якаўлевіч Кісялёў адлятаў з дэлегацыяй у Баўгарыю. І памочнік Ціхана Якаўлевіча Віктар Якаўлевіч Крукаў хуценька знайшоў мяне і сказаў: “Сярожа, нямедля зьвяжы мяне з Караткевічам. Яго хоча павіншаваць Ціхан Якаўлевіч”. Я адразу пабег у хату, званю, адчыняе дзьверы Валя, жонка. Дзе Валодзя? Кажа, у ваннай ляжыць, мыецца. Кажу, так, давай табурэтку, у цябе тэлефонны шнур доўгі? Кажа, ёсьць. Мы гэта падключаем з Валяю, я цягну табурэтку, стаўлю каля яго. Ён зь пены высоўвае галаву і кажа: А чаго ты тут сядзіш у маёй ваннай? Я кажу, Валодзя, усё нармальна, усё выдатна. Цябе ўзнагародзілі ордэнам, прыйшла стужка. “Ды ты што?” Ну праўда, зараз ты будзеш гаварыць зь Ціханам Якаўлевічам Кісялёвым. “Ды не жартуй ты, браце, дай мне дамыцца”. Я кажу, Валодзя, я цябе прашу, дай сюды руку. Ён высоўвае руку зь пены, я яму ўкладаю тэлефонную слухаўку і кажу, бачачы, што ён трошкі ня ў тым настроі, ты толькі яму нічога не расказвай, ты толькі яму падзякуй простымі фразамі, бо па тваім языку будзе адразу бачна, у якім ты стане. Той яшчэ нічога ня ўцяміў, але слухаўку ўзяў. І я кажу: можна, злучайце.

Ціхан Якаўлевіч гаворыць, а я слухаю гэта ўсё. “Уладзімер Сямёнавіч, мы вас так паважаем, вы ў нас унікальны чалавек”. Ён і праўда яго вельмі любіў і паважаў. І вось яму добрыя словы гавораць-гавораць, а Валодзя, як я яго навучыў, кароткімі фразамі: дзякуй, пастараюся апраўдаць давер. За кожным абзацам Ціхана Якаўлевіча ідзе: дзякуй, пастараюся апраўдаць давер. Потым, калі гэта ўсё закончылася, адключыўся тэлефон, я сяджу на табурэце, гляджу на яго. А ён, увесь у пене, галава ўся ў пене, кажа: так, слухай, а чаго ты тут сядзіш?..”

Дубавец: Мажнаўладцы савецкага часу ва ўспамінах сьведкаў у параўнаньні зь сёньняшнім кіраўніком выглядаюць шмат больш памяркоўнымі і абачлівымі. Яны не імкнуцца пераставіць ерархію талентаў з ног на галаву, а наадварот – падлашчваюцца да выдатных літаратараў. Самае простае тлумачэньне гэтага ў тым, што яны ня маюць такой безразьдзельнай улады, як сёньняшні, яны – не апошняя інстанцыя, ёсьць яшчэ Масква, якой яны даюць справаздачу, у тым ліку, пра росквіт у рэспубліцы нацыянальнай культуры. Таму і іх адносіны да свавольства таленту найчасьцей паблажлівыя. Пра гэта сьведчыць апошняя на сёньня –

Гісторыя пра Машэрава.

Петрашкевіч: “Машэраў кажа: “Паедзем выбіраць месца для музэя архітэктуры і быту на адкрытым паветры. Дык пазвані Караткевічу, ён многа ведае, мы яго возьмем з сабой”. Званю. Добры дзень, Уладзімер Сямёнавіч. Ці добрай раніцы... “Здароў”. Я кажу, вось такая справа. Ён кажа: “Ай, братка, як гэта цікава і хораша, але ж...” Я кажу: Што -- але ж?.. “Я ўжо ўзяў на грудзь”. Я кажу: Многа ўзялі? “Ну, так, норму ўзяў”. Я кажу: Ну, вырашайце самі. Я магу прыкрыць, канечне. Скажу, што не знайшоў, не дазваніўся. Але паездка такая... “Я разумею, я разумею, што такое музэй”. Ён ня столькі на Машэрава глядзеў, колькі... “Прыеду! Калі што, я гэта ўсё на цябе зьвярну”. Я кажу: Ну зьвярні. І ўсё чакаў, як жа ён зьверне. Прыехаў. Нармальны Караткевіч, усё. Машэраў выйшаў, у машыну селі, едзем. Нешта гаварылі, потым стала ціха. І Караткевіч кажа: “Пётар Міронавіч, вы не Машэраў. Ваша прозьвішча зрусіфікавалі. І вы – француз. Мон шэр, ма шэр – зрусіфікаванае Машэр-ов”. Машэраў расьсьмяяўся, а Караткевіч кажа: “Ну, калі я што-небудзь змарозіў, Пётар Міронавіч, дык гэта Петрашкевіч вінаваты”. Той зьдзівіўся: “А чаму Петрашкевіч?” “А ён мне пазваніў не да таго, а пасьля”... Пасьля я пісаў нарыс пра Машэрава і высьветліў, што прозьвішча Машэрава – Машэра. Бацька яго Машэра”.

Дубавец: Гісторыям пра Караткевіча ня можа быць канца. Бо кожны эпізод ягонага жыцьця распавядаецца як показка, прычым з розных ракурсаў – новая. І ніякая кніга мэмуараў ня зьмесьціць цэлага. Гісторыі пра Караткевіча злучаюцца не ва ўспаміны, а ў цэлы жанр ці то літаратуры ці то гарадзкога фальклёру, пры чым усё гэта -- толькі пачатак жанру. Сёньняшняя “Вострая Брама” – дзясятая па ліку складаецца з такіх гісторыяў і я лаўлю сябе на адчуваньні, што патэнцыял такіх перадач – невычэрпны. Мабыць, у гэтым яшчэ адзін фэномэн свавольнага таленту. Зь ягонага гледзішча кур’ёзам становіцца ня тое, што найлепшага сябра не ўключылі ў памінальны зборнік, а сам выхад такога зборніка ў афіцыёзным выдавецтве.
XS
SM
MD
LG

Original text