Павал Баркоўскі. Філосаф, якога няма

 

Калі ў беларусаў пытаешся, хто тут у вас ёсць філосафам, амаль гарантавана пачуеш у адказ – дык вось Акудовіч! – з абавязковым гарэзлівым дадаткам: “але Яго няма”. Так, сапраўды, у віхур мясцовага інтэлектуальнага жыцця мысляр Валянцін Акудовіч трапіў, бы тарнада, з вельмі дачасным зборнікам эсэ, які меў правакацыйны назоў “Мяне няма”. Гэта было своеасаблівым вызначэннем крэда беларускага мысліцеля ў постметафізічную і постмадэрную эпоху, якой мы адчувалі 90-я. Адказам на пытанне: чым ці кім ёсць чалавек, асабліва цяпер, калі мы не надта верым у здольнасць філасофіі даваць пераканаўчы адказ на такога кшталту пытанні. І сёння нават тыя, хто не надта ўважліва праглядаў тэксты аўтара альбо проста нешта пра яго чуў, асацыююць яго менавіта з гэтым крэда, ператварыўшы яго ў лакальны тутэйшы жарт пра наяўнага адсутнага філосафа. Але значэнне Валянціна Акудовіча для нацыянальнай культуры і здумлення далёка не вычэрпваецца гэтай філасафічнай показкай.


Яшчэ да таго як стаць вядомым у галіне нацыянальнага мыслення, Акудовіч доўгі час шчыраваў на ніве фармавання сучаснай беларускай культуры: у розныя гады быў рэдактарам адмысловай штотыднёвай газеты “Культура”, культавага часопіса “Крыніца”, газеты “Літаратура і мастацтва”. Па сутнасці, у вельмі значнай ступені вызначаючы мясцовы літаратурны працэс на шмат год наперад і прыклаўшы сваю руку да творчага лёсу шмат каго з сучасных вядомых беларускіх аўтараў. Але потым так атрымалася, што нават без наяўнасці базавай філасофскай адукацыі наш герой ператвараецца ў пэўны сімвал мясцовай філасофскай традыцыі, відавочна па-за межамі акадэмічных званняў ці пасад. І гэта менавіта той выпадак, калі вырашальнае значэнне мае не наяўнасць дыпломаў ці атрыманых спецыяльных ведаў, а шчыльнасць і актуальнасць думкі, мажнасць постаці.


Акудовіч – аўтар некалькіх значных кніг, якія сталі своеасаблівымі пунктамі адліку для вельмі няпростага часу ўсталявання незалежнай беларускай дзяржавы і грамадства ў 90-я і 2000-я гг. Сярод іх ужо згаданы зборнік “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека” (1998), “Разбурыць Парыж” (2004), “Дыялогі з Богам” (2006), “Код адсутнасці” (2007). Але гэту інфармацыю лёгка знайсці і ў Вікіпедыі. Як, зрэшты, і іншыя дэталі даволі пакручастай біяграфіі інтэлектуала, станаўленне якога прыйшлося на познія гады існавання Савецкага Саюза. Важней у гэтым кантэксце разумець біяграфію інтэлектуальную. Бо кніга роздумаў “Мяне няма” – гэта сапраўды значная антрапалагічная і філасофска-культуралагічная развага, спроба адшукаць беларусам сваё месца ў космасе, даць рады сусветнай філасофскай традыцыі і знайсці там месца для тутэйшага дыскурсу, нават калі тое месца адшукаецца ў нішто. Гэты тэкст своеасаблівы маніфест пакалення і адна з першых спроб стварыць нацыянальную філасофскую мову і канон. Звышмэта і задача для нешматлікай купкі інтэлектуалаў, якія на той час гуртаваліся вакол філасофска-літаратурна-культуралагічнага часопіса “Фрагмэнты”, заступнікам галоўнага рэдактара якога Акудовіч неўзабаве таксама робіцца. Фактычна пасля вельмі доўгага перапынку пасля вызначальнай працы Ігната Абдзіраловіча “Адвечным шляхам” (1921) і часоў, калі беларуская філасофская думка была рашчыненая ў глабальных кантэкстах ці корпалася ў архівах уласнай інтэлектуальнай гісторыі, беларускае мысленне атрымала значны працяг. І ўжо хаця б праз гэта імя Валянціна Акудовіча мусіць захавацца ў спісах выбітных прадстаўнікоў нацыянальнай культуры.


Але на нашае шчасце аўтар не застаўся аўтарам усяго адной кніжкі, як нярэдка выяўлялася ў нашай трагічнай гісторыі, і таму пасля паспяховага старту мы атрымалі іншыя інтэлектуальныя перліны. Вызначальны дэвіз для дзеячоў найноўшай беларускай культур – “разбурыць Парыж у сваёй галаве”, як працяг закліку таго ж Абдзіраловіча: пачаць ствараць уласны канон, а не імітаваць перадавы заходні альбо ўсходні, сягаючы ўмоўнае будучыні, калі, зрэшты, тыповы французскі інтэлектуал будзе чытаць у кавярні на беразе Сены кніжкі беларускага аўтара, а не зусім наадварот, як звыкла на сёння. Поўныя метафізікі і разважанняў над сэнсамі жыцця і стасункамі чалавека са звышбыццём, Богам – адпаведныя “Дыялогі”. Гэта проста набор афарызмаў, якія карціць разабраць на цытаты, глыбокія па змесце і пранізлівыя ў сваёй экспрэсіўнасці замалёўкі, дзе Акудовіч кранае не толькі месца Бога і чалавека, іх вечны і няспынны дыялог, але й разважае пра свабоду, беларускую ментальнасць, задаецца пытаннямі пра лёс і месца нашай краіны па глабальным гамбургскім рахунку. Потым ізноў ашаламляльны ў сваёй моцы праект аналітыкі беларускай ментальнасці ў кнізе “Код адсутнасці”, фактычны працяг і далейшае развіццё той тэмы, якую аўтар ўздымае ў не менш вядомым сваім эсэ “Архіпелаг Беларусь” (напісаным напрыканцы 90-х). Калі раней роздумы пра Беларусь прыводзілі Акудовіча да несуцяшальнага дыягназу існавання своеасаблівага інтэлектуальна-культурнага Палесся, апрычоных выспачак думак, традыцый і культурных узораў, якія існуюць паралельна і незвязана ў шырокай мясцовай “дрыгве”, дзе адзін беларус не можа спазнаць і ўбачыць іншага, то цяпер развага аўтара мае больш глабальны кантэкст. Ён сягае гісторыі паўставання каранёў нацыянальнай ідэнтычнасці і спрабуе даць рады пакутлівым пытанням уласнага самавызначэння цэлай нацыі, яе незавершанага, ці “выклятага” праекта нацыяналізму, шчыруе за Беларусь шматкультурную і поліэтнічную, грамадзянскі праект нацыі супраць класічнага яе монанацыянальнага напаўнення. Кніга, перакладзеная на некалькі еўрапейскіх моваў, якая надзейна ўпісвае мясцовую філасофію ў агульны еўрапейскі кантэкст і дае ёй свой адметны голас.
І гэта толькі вельмі канспектыўны агляд таго, што было памыслена і ўведзена ў культуру адным чалавекам на працягу ўсяго пары дзясяткаў год. А яшчэ ж быў і застаецца праект “Беларускага калегіюма”, ад пачатку заснавання якога Валянцін Акудовіч адыгрывае вельмі значную ролю. Праект, які стаўся надзейнай альтэрнатывай дадатковай да ўніверсітэцкай адукацыі для беларускай культурнай і грамадска-палітычнай эліты. І дзе Акудовіч, як адказны за філасафічна-літаратурны накірунак, меў нагоду спрычыніцца да выхавання новай генерацыі беларускай культуры 2000-20-х гг. Ды хаця нават праз заснаванне традыцыі “філасофскіх вандровак” на байдах па рэках і азёрах Беларусі, якая зрабілася відавочным месцам інтэлектуальнага напружання і шчыльнай камунікацыі для дзясяткаў герояў новага культурнага адраджэння, Валянцін Акудовіч мог прэтэндаваць на тое, каб пакінуць свой след у лакальнай гісторыі.


Цяжка рабіць нейкае падсумаване плёну жыцця і творчасці чалавека, які працягвае заставацца дзейным агентам беларускага мыслення і культуры. Відавочна, што месца Акудовіча як мысляра і культуртрэгера пераацаніць немагчыма, пры тым, што ён ніколі не быў утульным і лагодным у сваіх дыягназах і развагах, часта сам рабіўся эпіцэнтрам інтэлектуальных спрэчак і дыскусій. Ён такі, які ёсць. Наш беларускі мысляр-Пратагор, з яго пастмадэрновай іроніяй і чалавекам як мерай усіх рэчаў у фокусе разважанняў. Але нягледзячы на высокую ацэнку і вядомасць сярод сучаснікаў, нягледзячы на адчуванне існавання жывой інтэлектуальнай традыцыі, увасобленай гэтым персанажам, застаецца ўяўленне пра тое, што гэтая інтэлектуальная спадчына ўсё яшчэ чакае свайго пільнага прачытання і абмеркавання, што зроблена ім нашмат больш, чым нам падаецца на сёння. Таму гэты юбілейны для мысляра год мог бы стаць пачаткам новай хвалі рэфлексіі і рэцэпцыі ягоных ідэй беларускай культурай, другой хваляй вяртання для Беларусі “філосафа, якога няма”. 

You may also like...