№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Навіны літаратуры

Кнігу выбраных эсэ Вацлава Гаўла прэзентуюць 24 кастрычніка

Кнігу выбраных эсэ Вацлава Гаўла прэзентуюць 24 кастрычніка

Кніга выбраных эсэ прэзідэнта Чэхаславакіі і Чэшскай Рэспублікі Вацлава Гаўла пабачыла свет у выдавецтве “Логвінаў”.Кніга, якая мае назву "Жыццё ў праўдзе" і стала дзявятай у серыі "Чэшская калекцыя", змяшчае сем праграмных эсэ Вацлава Гаўла перыяду яго дысідэнцтва ў ЧССР (у тым ліку "Сіла бяссільных", "Гісторыя і таталітарызм" або "Слова пра слова") і столькі ж прамоваў аўтара часоў яго прэзідэнцтва. Кніга апроч уласна твораў Гаўла ўтрымлівае таксама "Дэкларацыю Хартыі-77", да стварэння якой аўтар меў непасрэднае дачыненне, і кароткі агляд ягонага жыцця ў датах. Пераклад кнігі на беларускую мову ажыццявілі Сяргей Сматрычэнка і Юлія Сматрычэнка, прадмову напісаў Лявон Баршчэўскі. Прэзентацыя кнігі “Жыццё ў праўдзе” адбудзецца 24 кастрычніка ў галерэі “Ў” (пр. Незалежнасці, 37А). Падчас прэзентацыі выступіць пасол Чэшскай Рэспублікі Мілан Экерт, а таксама адбудзецца сцэнічная чытка аднаактовай п’есы Вацлава Гаўла “Пратэст”. Пачатак а 18-й.Уваход вольны.

Чытаць цалкам
Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў француз Патрык Мадыяно

Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў француз Патрык Мадыяно

Патрык Мадыяно нарадзіўся ў заможнай сям'і, бацькам хлопчыка быў камерсант з старажытнага габрэйскага роду, які асталяваўся ў Таскане, а затым жыў у Салоніках і Александрыі, маці — фламандская акторка. Практычна ўсе творы пісьменніка аўтабіяграфічныя і (або) звязаныя з тэмай акупацыі Францыі падчас Другой сусветнай вайны. У сваім інтэрв'ю ў кастрычніку 1975 году Мадыяно прызнаецца, што ён “апантаны перадгісторыяй, мінулым”, а “мінулае — гэта ганебная эпоха акупацыі”. “Мой сюжэт — час”, — дадае ён у інтэрв'ю газеце “Монд” (ад 24 мая 1973 года). Патрык Мадыяно жанаты, мае дзвюх дачок. Быў сябрам журы Канскага МКФ (2000). Творы Мадыяно не раз экранізаваныя і перакладзеныя на многія мовы свету.На беларускую мову раман Патрыка Мадыяно «Віла Журба» пераклаў Ян Максімюк. Пачытаць і спампаваць раман можна тут: http://litaratura.org/chytalnya?artid=22.

Чытаць цалкам
Умбэрта Эка атрымаў прэмію Гутэнберга

Умбэрта Эка атрымаў прэмію Гутэнберга

Італьянскі пісьменнік Умберта Эка атрымаў прэмію Ёгана Гутэнберга. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання 82-гадовага Умбэрта Эка адбылася ўвечары ў чацвер, 2 кастрычніка, у горадзе Майнц, піша “Нямецкая хваля”. Італьянскі пісьменнік, філосаф, гісторык-медыевіст, спецыяліст па семіётыцы і літаратурнай крытыцы атрымаў прэмію, у прыватнасці, за свае літаратурныя публікацыі, якія, як сказана ў абгрунтаванні журы, “захопліваюць мільёны чытачоў ва ўсім свеце культурай кнігі і гісторыяй кнігі”. Аўтар знакамітых раманаў “Імя ружы” і “Ківач Фуко” апублікаваў таксама “Мастацтва любові да кнігі”, якую заснавальнікі прэміі назвалі “прызнаннем у любові да бібліяфіліі”. Таварыства Ёгана Гутэнберга вывучае гісторыю і развіццё друкаванай тэхнікі. Яго сябрамі з’яўляецца больш чым тысяча спецыялістаў адпаведнага профілю з 35 краін свету. Прызавы фонд прэміі — 10 тысяч еўра.

Чытаць цалкам
У Лондане выставяць невядомы раней рукапіс апавядання пра Шэрлака Холмса

У Лондане выставяць невядомы раней рукапіс апавядання пра Шэрлака Холмса

У Музеі Лондана 17 кастрычніка адкрыецца выстава “Sherloсk Holmes. The Man Who Never Lived And Will Never Die» («Шэрлак Холмс. Чалавек, які ніколі не жыў і ніколі не памрэ»), на якой можна будзе ўпершыню прачытаць аўтарскую версію апавядання «Вяльможны кліент» Артура Конана Дойла.Рукапіс апавядання ніколі раней не выстаўляўся. Пасля смерці аўтара ў 1930 годзе рукапіс атрымала ў спадчыну яго дачка, якая, у сваю чаргу, адпісала яе «музею ў Эдынбургу». Таму як канкрэтны атрымальнік не быў паказаны, рукапіс захоўваўся ў ячэйцы банка, пакуль музеі спрачаліся, каму з іх яна дастанецца. У выніку «Вяльможны кліент» перайшоў у валоданне Нацыянальнай бібліятэкі Шатландыі, якая перадала яго куратарам выставы, што абяцае стаць самай маштабнай рэтраспектывай Дойла з 1951 года.Акрамя рукапісу на выставе будзе паказана яшчэ шмат унікальных рэчаў і рарытэтаў віктарыянскай эпохі. Арганізатары не хаваюць, што выстава збольшага натхнёная серыялам пра Шэрлака Холмса з Бенедыктам Камбербэтчам у галоўнай ролі.

Чытаць цалкам
Апавяданне пра Шэрлака Холмса да Дня перакладчыка!

Апавяданне пра Шэрлака Холмса да Дня перакладчыка!

Часопіс “ПрайдзіСвет” віншуе калег з Днём перакладчыка і зычыць аўтарам — добрых перакладчыкаў, перакладчыкам — добрых аўтараў, а чытачам — добрых і першых, і другіх! Вось ужо пяць гадоў мы адзначаем гэтае свята разам з вамі! Сёлета з нагоды круглай даты мы прапануем вам пераклад аднаго з самых вядомых апавяданняў Артура Конана Дойла пра прыгоды Шэрлака Холмса “Стракатая стужка”, якое неўзабаве выйдзе ў прысвечанай знакамітаму дэтэктыву кнізе, а таксама прыадкрываем таямніцу, як гэтая кніга будзе выглядаць. Чакайце нашае выданне ў кнігарнях, а пакуль — сачыце за расследаваннямі на старонках нашага інтэрнэт-часопіса.Чытайце апавяданне "Стракатая стужка" ў перакладзе Ганны Янкута на нашым сайце.

Чытаць цалкам
У Новасібірску з’явяцца “кніжныя лядоўні”

У Новасібірску з’явяцца “кніжныя лядоўні”

Сем лядоўняў, стылізаваных пад кніжныя шафы з паліцамі, з'явяцца ў Новасібірску. Па словах прадстаўнікоў Новасібірскай дзяржаўнай абласной навуковай бібліятэкі, незвычайныя кніжныя паліцы размесцяць на вуліцах горада побач з тэатрамі “Глобус” і “Чырвоны факел”, а таксама недалёка ад Новасібірскай дзяржаўнай архітэктурна-мастацкай акадэміі. Тут “кніжныя лядоўні” будуць стаяць да лістапада, а затым да вясны іх перамесцяць ў холы найбліжэйшых установаў культуры. У адміністрацыі Новасібірска адзначаюць, што праект будзе запушчаны на аснове прынцыпаў буккросінгу ў рамках акцыі “Кніга — за так”. Першапачаткова на паліцах “кніжных лядоўняў” размесцяць выданні розных жанраў, аднак не выключана, што з часам у кожнай лядоўні будуць знаходзіцца кнігі пэўнай тэматыкі — фантастыка, дэтэктывы, любоўныя раманы, дзіцячая літаратура і інш.

Чытаць цалкам
Шкляны перакладчык у Інстытуце Гётэ

Шкляны перакладчык у Інстытуце Гётэ

30 верасня, у Міжнародны дзень перакладчыка, усе ахвотныя змогуць ужывую пабачыць майстэрства і мастацтва літаратурнага перакладу, паглядзець на працу перакладчыка па шліфоўцы тэксту і разам з ім папрацаваць над вырашэннем праблем: публіка зможа чытаць арыгінал і пераклад, які паўстае, сачыць за тым, якія цяжкасці з’яўляюцца ў працэсе працы над ім, і актыўна ўдзельнічаць у іх пераадоленні.  У ролі “шклянога перакладчыка” выступіць Ірына Герасімовіч.   Мадэратар: Сяргей Паўлавіцкі. Адрас Інстытута імя Гётэ ў Мінску: вул. В. Харужай, 25/3, актавая зала.Пачатак у 19.00. На нямецкай і беларускай мовах. Уваход вольны. Пра перакладчыцу: Ірына Герасімовіч, перакладчыца, арт-менеджарка і куратарка, нарадзілася ў 1978 годзе. Перакладала на беларускую мову творы такіх нямецкамоўных аўтараў, як Ільма Ракуза, Моніка Рынк, Марыца Бодражыч, Нора Гомрынгер, Дэа Лоэр, Марыюс фон Маенбург, Фальк Рыхтэр, Міхаэль Кумпфмюлер і інш. Рэалізуе праекты ў галіне літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра.

Чытаць цалкам
Сустрэча са Святланай Алексіевіч:

Сустрэча са Святланай Алексіевіч: "Час для нон-фікшн: размова аб краіне і літаратуры"

16 верасня пасольства Германіі запрашае на сустрэчу са Святланай Алексіевіч, якая ў 2013 годзе атрымала Прэмію міру Саюза нямецкіх кнігагандляроў.У кнігах Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд» не навязваюцца абсалютныя ісціны, але заўсёды ўздымаецца пытанне аб іх магчымасці, лёсе «абсалютных ісцін» былой эпохі і нашай адказнасці за мінулае, сучаснасць і будучыню.Наколькі літаратура сёння можа быць інструментам асэнсавання грамадства і фіксаваць галасы тых, чый вопыт часта «раствараецца» ў вялікай гісторыі? Аб чым варта сёння  гаварыць і пісаць у першую чаргу: аб гуманізме, гісторыі, нацыі, маралі, каханні, нянавісці, прыватным жыцці, еўрапейскіх каштоўнасцях або беларускай аўтэнтычнасці?Сустрэча са Святланай Алексіевіч пройдзе ў фармаце вольнай дыскусіі. Мадэратар дыскусіі — Аляксей Братачкін, кіраўнік канцэнтрацыі «Публічная гісторыя» Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі.Крэатыўная прастора ЦЭХ  (пр. Незалежнасці,…

Чытаць цалкам
Выйшлі дзіцячыя кнігі пра Віту Белую Крэску

Выйшлі дзіцячыя кнігі пра Віту Белую Крэску

Дзве новыя кнігі для дзяцей выйшлі ў серыі “Каляровы ровар” Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яны аб’яднаныя іменем аўтаркі — шведскай мастачкі, ілюстратаркі і пісьменніцы Сары Лундберг, і галоўнай гераіняй абедзвюх гісторый, якую завуць Віта Белая Крэска. Па-беларуску гэтыя творы загучалі дзякуючы перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч.У кнізе “Віта Белая Крэска” Сара Лундберг выступае ў ролі пісьменніцы і мастачкі адначасова. Гэтая кніга распачала серыю кніг пра дзяўчынку Віту, якая малюе крэскі на дарогах.У першай гісторыі (2009) аўтарка знаёміць чытачоў з дзяўчынкай Вітай, якая дапамагае хлопчыку перайсці дарогу і малюе пешаходны пераход. Кніга аформленая ярка, незвычайна і сімвалічна. Другое выданне “Віта Белая Крэска і Эйвінд” (2011) Сара Лундберг аздабляе яшчэ больш дэталёва. Гэта гісторыя пра тое, як у Віты з’яўляецца сябар Эйвінд, але амаль адразу ж знікае, і Віта выпраўляецца яго шукаць. У 2013 з’явілася трэцяя кніга пра Віту, “Эйвінд і край свету”, якая пакуль што не перакладзеная…

Чытаць цалкам
Сёння прэзентуюць шрыфт на аснове почырку Шаўчэнкі

Сёння прэзентуюць шрыфт на аснове почырку Шаўчэнкі

9 верасня ў Нацыянальным музеі Тараса Шаўчэнкі (Кіеў), адбудзецца прэзентацыя ўнікальнага праекту "Kobzar KS", створанага пры падтрымцы Міністэрства культуры Украіны. Адзначаючы 200-ю гадавіну з дня нараджэння знакамітага ўкраінскага пісьменніка і мастака, "Кіеўстар" стварыў першы ў свеце шрыфт, які цалкам аднаўляе почырк Кабзара. Праект адкрывае новы погляд на творчую спадчыну ўкраінскага паэта з дапамогай сучасных тэхналогій. Натхненнем для стварэння праекту стаў арыгінальны камп’ютарны шрыфт “Kobzar KS”, распрацаваны на аснове почырку Т. Шаўчэнкі. Кожны ахвочы зможа ўбачыць унікальны шрыфт, даведацца пра гісторыю яго стварэння, а таксама пратэставаць афіцыйны сайт шрыфту, які дазваляе ствараць плакаты і футболкі, а таксама пісаць лісты почыркам Шаўчэнкі.

Чытаць цалкам