№1: Дэбют

№1: Дэбют

Ці можна знайсці большага ПрайдзіСвета, чымся перакладчык, большага пройды і блудзягі, палусвета і авантурніка? Ён ходзіць-бадзяецца з торбаю па свеце, усё шукае нечага, імкнецца зразумець, а тады, як у родную мясціну завітае, то апавядае, што бачыў, што чуў.

Чытаць далей

Як селяніна падмянілі (Den förbytte slättbon)

Шведская народная казка

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава

(Заходнегёінгскі хэрад)

 

Дарагі дружа, перад табой адна з гёінгскіх жартаўлівых казак. Гёінгцам жылося нялёгка: і суседзі іх прыгняталі, і ўласныя ўлады, але была ў іх зброя, якая заўжды дапамагала ў нягодах, — гёінгскі гумар, якім яны і вядомыя.

У сялян на раўніне зямля не такая бедная, як у нас у гарах, затое глуздамі, падобна, іх абдзялілі.

Расказваюць, што быў у іх такі селянін, які, хоць і не меў звычкі блукаць поначы, нават удзень свой двор адрозніваў толькі па вярбе, што расла ля агароджы яго саду. Самі бачыце, толку з яго мазгаўні не было ніякага.

Дык і не такое ўжо дзіва, што яго жонка разам з парабкам дадумалася ссячы тое дрэва, каб пазбавіцца ад такога доўбня. Аднойчы, калі ён паехаў у горад, яны зрабілі так, як задумалі, і ссеклі вярбу. Тут ужо рэч была ясная, што селяніну цяпер так лёгка свой дом не знайсці!

Вярнуўся ён увечары з горада і не ўбачыў сваёй вярбы; павярнуў ён тады назад ды аб’ехаў кругом усю вёску, шукаючы свой двор, — але дзе там, самі разумееце. Зрабіўшы кола, вярнуўся ён урэшце да свайго падворка і папрасіўся пераначаваць, бо, маўляў, як ні шукаў, не змог у такой цемры знайсці свае хаты. Павёў ён коней у стайню. Толькі ўзяўся іх прывязваць, аж усклікнуў:

— Божа ж мой, а стайня зусім як у мяне! Але маёй яна быць не можа, бо на маім двары ёсць вярба, а тут не.

Парабак, які быў спалохаўся, тут жа супакоіўся і запрасіў селяніна ў хату павячэраць, і той пайшоў. Калі яму падалі яго старую лыжку, ён на яе вырачыўся і сказаў:

— Не, ну як жа гэтая лыжка да маёй падобная! Але маёй яна быць не можа, бо ў мяне ў двары стаіць вярба, а тут нічога няма.

Тут яго жонка так асмялела, што папрасіла яго пакласціся спаць у хаце, на яго ўласным ложку, бо была ўпэўненая, што ён не расплюшчыць вачэй і не ўбачыць, што ён у сваёй жа хаце. Але як бы там ні было, селянін яе ўбачыў ды і гаворыць:

— Божа ж мой, як да маёй жонкі падобная!

Можаце сабе ўявіць, як яна спалохалася, але тут ён дадаў:

— Але гэта ніяк не мая жонка, бо ў маім жа двары ёсць вярба!

Сялянка і парабак ведалі, што гаспадар як засне, дык спіць бервяном. І вось уночы яны ўзялі ды абстрыглі яму валасы, а самога перанеслі на жабрацкую лаўку каля дзвярэй, пад галаву паклалі торбу з хлебнымі скарынкамі, а побач прыхілілі жабрацкі кій.

Перад світаннем, калі селянін звычайна ўставаў і ішоў карміць скаціну, ён прачнуўся, але, убачыўшы, што ляжыць на жабрацкай лаўцы, схапіўся за галаву — і тут заўважыў, што на ёй зусім няма валасоў!

— Гэта дакладна не я! — задумліва сказаў ён сабе. Але калі ён убачыў жабрацкую торбу і кій, то да яго пачало даходзіць, і ён усклікнуў:

— Дабрыдзень, людзі добрыя! Да вас уночы заходзіў жабрак, які перанёс мяне сюды, а сам лёг да вас у пасцель!

Але ні жонка яго, ні парабак і вухам не павялі, і селянін, так і не дабудзіўшыся іх, выбег з хаты і ну па ўсёй вёсцы насіцца ды распытваць, ці не бачыў хто таго жабрака, што памяняў яго з сабой месцамі.

І дагэтуль, мабыць, так бегае, калі не перастаў.

 

Каментар

Гёінгец — жыхар хэрада Гёінге ў паўночна-ўсходняй частцы самай паўднёвай шведскай правінцыі Сконэ. Хэрад, або сотня — прававая адміністрацыйная адзінка ў Паўднёвай Швецыі, існавала да 1971 году.

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2015

Чытайце таксама

Томас Стэрнз Эліят

Томас Стэрнз Эліят

Амерыканска-ангельскі паэт, драматург і літаратурны крытык, прадстаўнік мадэрнізму ў паэзіі. Лічыцца адным з найвялікшых паэтаў XX ст.

Ігнацы Карповіч

Ігнацы Карповіч

Польскі празаік, перакладчык з ангельскай, гішпанскай і амхарскай моваў, падарожнік

Анджэй Стасюк

Анджэй Стасюк

Польскі празаік, паэт, драматург.

Яна Бэнява

Яна Бэнява

Славацкая паэтка і аўтарка прозы. Жыве ў Браціславе

420