news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



31 Студзеня 1999
 
Што аб'яднае нас?
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Што аб'ядноўвае i што магло б аб'яднаць беларусаў як нацыю? Напрыканцы 80-х, у прадчуваньнi вялiкiх пераменаў, гэтае пытаньне разглядалася даволi шырока. "Што будзе заўтра тут, карчма цi турма?" - сьпяваў рок гурт "Улiс". Пасьля тэма нацыянальнага аб'яднаньня неяк ацiхла, бо асноўныя аб'яднаўчыя матывы - незалежнасьць, сымболiка, мова - далiся быццам самi сабою, без напружаньня. Нарэшце, уся ўвага сканцэнтравалася на
харызматычнай постацi першага прэзыдэнта. I вось сёньня прадчуваньне пераменаў зноў залунала ў паветры. Што аб'ядноўвае i што можа аб'яднаць нас як нацыю? Пра гэта
сёньняшнi выпуск "Вострае Брамы".

Iснуе вялiкае мноства мэтадаў вызначэньня таго, што нас аб'ядноўвае. Ёсьць аб'ектыўныя паказчыкi - супольнасьць тэрыторыi, расы i неўсьвядомленага гiстарычнага лёсу. Але сёньня нас цiкавяць якраз суб'ектыўныя матывы. Усё чалавецтва любiць глядзець на агонь, на бег вады ў рацэ i аблокаў у небе. Такiя зьявы заварожваюць усiх. Пасьля прыхiльнасьцi
разгалiноўваюцца, разыходзяцца ў розныя геаграфiчныя куткi. Напрыклад, пачуты далёка ўначы брэх сабак, разьлiты ў сьцюдзёным паветры дым з комiнаў хат, рахманая густая гамана ў насычаным пахамi страваў i пiтва паветры... Ужо згаданы дым будзе пахнуць у розных краiнах па-рознаму. Тым болей па-рознаму гучыць i ўспрымаецца згаданая бяседная гамана...
Свае асабiстыя матывы нацыянальнага аб'яднаньня я шукаю менавiта ў гэтым кiрунку - там, дзе спэцыфiчна выяўляецца наша нацыянальная прырода. Пра гэта мы пагаворым крыху
пазьней, а пачнем перадачу са статыстычнага факту, якi моцна ўразiў нашага сталага аўтара Зьмiтра Бартосiка.

(З.Бартосiк: ) "Паводле статыстыкi за мiнулы год насельнiцтва нашай краiны скарацiлася прыкладна на 25 тысячаў чалавек. На беларускiя маштабы гэта не такi ўжо й малы горад. Уявiце сабе, быў Шклоў - i няма. Цi, напрыклад, з мапы назаўжды зьнiк Валожын...

Натуральна, гораду, пра якi йдзе гаворка, няма й нiколi не было. Але мне ня цяжка намаляваць яго ў сваiм уяўленьнi. Там усё пабудавана з шэрай селiкатнай цэглы. Аднатыпныя дамы,
больш падобныя на лягерныя казармы, пара крамаў ды цырульня. Там заўжды стаiць адно й тое ж надвор'е - студзеньская iмжа пад бясколерным небам. Жылыя кварталы арганiчна пераходзяць у могiлкi - галоўную прыкметнасьць гарадка. Вялiзныя плянтацыi стандартных новенькiх помнiкаў з мармуровае крошкi. Але нi на водным надмагiльлi няма нiводнага iмя. Невясёлы, адным словам, атрымлiваецца гарадок.

Некаторых жыхароў гэтага гораду я ведаў асабiста. Людзей рознага веку, дабрабыту, сацыяльнага статусу. Гэта сябрук майго дзяцiнства, забiты ў п'яной бойцы ўласным татам -
рэдкага гратэску, дарэчы, камэдыянтам. Гэта муж дырэктаркi Гомельскага Незалежнага тэатру, бяскрыўдны жыдоўскi чалавечак да непазнавальнасьцi замардаваны ва ўласнай машыне нелюдзямi, якiх ён, на сваю бяду, падабраў на начной вулiцы. Гэта й мой сусед на пляцоўцы, малады, талковы кампутаршчык, што надзвычай радасна памяняў Беларусь на Канаду. I яшчэ тысячы й тысячы невядомых мне старых, чый натуральны адыход быў сустрэты альбо са скрухаю - калi сьмерць забiрала разам з сабою нiколi ня лiшнюю пэнсiю, альбо з палёгкаю - калi яна вызваляла квадратныя мэтры жыльля.

Сымбалiчна, што гiсторыя гэтага мёртвага гораду пачалася з чэрвеня 94-га. Менавiта тады, ад моманту першага вялiкага выбару, якi ўпершыню за колькi гадоў падараваў гэтай зямлi лёс, пачалося неадступнае скарачэньне яе насельнiкаў.

А пройдзе яшчэ адзiн год - як чакаецца, больш ураджайны на сьмерцi нямоглых i ўцёкi жывых. А за iм яшчэ... I насельнiцтва гэтага гораду будзе год за годам толькi павялiчвацца. А празь пяць гадоў нас, жывых, ужо будзе менш за дзесяць мiлiёнаў. Так спакойна й мэтадычна, без вайны й генацыду, мудрая прырода будзе па чарзе адбiраць дзьве тысячы чалавек штомесяц. Тых, што аказалiся няздольнымi пакiнуць пасьля сябе зьмену. Чые iмёны забудуцца з той самай хуткасьцю, зь якой яны самi забывалiся на свае радаводы...

"Нацыя выраджаецца" - ва ўнiсон гучаць усе камэнтары гэтай зьявы. (Некаторыя разумнiкi нават падлiчылi, праз колькi часу Беларусь павымiрае цалкам.) Але мяне патас гэтае высновы не закранае. Таму што нiводзiн чалавек ня ведае даты сваёй сьмерцi. Нават прысуджаныя да расстрэлу. Але ў прысуджаных прага жыцьця нашмат мацнейшая. Цi ня гэтая дзiўная вайна
павiнна аб'яднаць нас, чыя мова, чые сымбалi ды iдэалы ўжо якi год прысуджваюцца да вышэйшай меры. Каб зьдзяйсьняць прысуд ужо не было каму".

(С.Дубавец: ) Такiм чынам, што ж аб'ядноўвае i што можа аб'яднаць беларусаў
як нацыю?

Калi казаць пра спэцыфiчную чалавечую прыроду, тады пазнаньне сябе й свае нацыi найлепей даецца ў параўнаньнi. Напрыклад, паспалiтых амэрыканцаў яднае супольнае сядзеньне ў
кавярнi-клюбе, дзе яны пад пiва й гутаркi сочаць за матчам бэйсбольнай каманды свайго штату... Хто б ты ня быў, але калi ты амэрыканец, ты абавязкова зразумееш i падзелiш пачуцьцi гэтых людзей. А вось беларусаў ня лучыць супольнае знаходжаньне ў прадпрыемствах грамадзкага харчаваньня. Колiшняя традыцыя карчмы страчаная незваротна i калi вернецца, дык будзе ўжо зусiм новай. Зь iншага боку, беларусаў яднае заўзятарства на стадыёне. Шкада, што апошнiм часам мiлiцыя адбiрае ў заўзятараў нацыянальныя сьцягi, бо тут - не палiтыка, а штосьцi нашмат большае - крэўнасьць...

Беларускi сьвятар айцец Аляксандар Надсан мяркуе, што беларусаў можа аб'яднаць вялiкая эканамiчная бяда. Спачатку галодны страўнiк аб'яднае пралетарыят, пасьля пралетарыяту
спатрэбiцца iнструмэнт, пры дапамозе якога бяду можна будзе пераадолець. Некалi такiм iнструмэнтам стане нацыянальная iдэя:

(А.Надсан)

На думку Аляксандра Надсана, толькi вялiкая бяда можа сёньня расплюшчыць беларусам вочы на патрэбу яднаньня. Таксама пра бяду гаворыць адвакат i праваабаронца Надзея Дударава:

(Н.Дударава)

Надзея Дударава сьледам за айцом Надсанам лiчыць, што аб'яднаць беларусаў як нацыю сёньня можа толькi бяда. Цяжка гэтаму запярэчыць, хоць зь iншага боку мы бачым, што
Чарнобыльская бяда, якая закранула ўсю нацыю, урэшце засталася прадметам клопату некалькiх энтузiястаў, таго ж айца Надсана, якi не аднойчы прывозiў зь Лёндану ў пацярпелыя раёны лекi.

Штосьцi аб'яднаўчае было ў тых першых Чарнобыльскiх шляхах, а пасьля... Усё ж тонкая гэта матэрыя - аб'яднаньне. Калi яго ня песьцiць, не гадаваць з малога, не даглядаць, дык яно можа й не разьвiцца. Тое чарнобыльскае яднаньне было вельмi разумовым. Гэта не пажар i не вайна, калi ўсе разам несьвядома ўцякаюць ад небясьпекi. Чарнобыльскую бяду нельга было
пабачыць вiзуальна. Патрабавалася думка, якая б злучала ў адзiн ланцужок выбух на АЭС i павелiчэньне статыстыкi хваробаў. Думка патрабуецца i сёньня, каб гнеў за дэфiцыт тавараў абрушваць не на прадаўшчыцу ў краме, а на заганнай эканамiчнай палiтыкi. Такая думка сапраўды аб'ядноўвае нацыю. Але ж думка - эфэмэрная па сутнасьцi сваёй. Як любiлi казаць
шафёры Совтрансаўта на беларускiх дарогах "спасiбо в стакан не нальешь".

Сталы аўтар нашае перадачы Сяргей Харэўскi глядзiць на праблему аб'яднаньня ад адваротнага - што разьядноўвае беларусаў або што аб'ядноўвае iх у адмоўным, непрадуктыўным сэнсе.

(С.Харэўскі: ) "Беларусаў лучаць уласныя комплексы i расейскае тэлебачаньне.

Агульных комплексаў цэлая жменя. Пераважна гэта комплексы непаўнавартасьцi - убогая дзяржаўнасьць, неразьвiтасьць нацыянальнае культуры, абмежаванае поле мовы, малая колькасьць i занядбаны стан помнiкаў, апакалiптычныя карцiнкi экалягiчнай катастрофы, якiя малявалiся яшчэ да Чарнобыля i гэтак далей. Ёсьць таксама агульныя комплексы завышанай самаацэнкi - самыя прыгожыя жанчыны, самыя лепшыя жаўнеры, самы працавiты народ,
самыя чыстыя вулiцы i дысцыплiнаваныя пешаходы...

Беларусаў разьядноўваюць высновы, якiя яны робяць з уласных комплексаў. Адныя, напрыклад, гатовыя ўзяць кулямёт i... выправiць сытуацыю, напрыклад, з помнiкамi. Другiя, грэблiва падцiскаючы вусны, чакаюць, калi, нарэшце, скончацца гэтыя гульнi ў тутэйшую "дзяржаўнасьць" i "самабытнасьць". А трэцiя, збольшага ўсiм задаволеныя, чакаюць, пакуль улады падправяць, умацуюць i "здымуць пытаньнi". Ёсьць, вядома i чацьвертыя, i пятыя. Ёсьць урэшце i беларусы бяз комплексаў, што вымушаныя лiчыцца зь iх наяўнасьцю ў iншых беларусаў. I ўсе робяць высновы. Зрабiўшы высновы, кожны сваю, беларусы разам глядзяць
расейскае тэлебачаньне i зь цiкавасьцю сочаць за чужым жыцьцём.

Беды й навалы ня лучаць беларусаў з часоў падзелу Рэчы Паспалiтай. Не злучыў iх, насуперак прагнозам, i Чарнобыль. Наадварот, большасьць жыхароў "чыстых" раёнаў нiбы той
маладзён у тралейбусе, якi раптам ўтароплiваецца ў вакно, абы не саступiць месца кабеце, iмкнуцца не зважаць на бяду пацярпелых.

Харызматыкi таксама нiколi не лучылi беларусаў. Чым большая была харызма ў царкоўнага цi палiтычнага дзеяча, тым больш палярныя ацэнкi давалi iм людзi. Для адных Апанас Фiлiповiч - сьвяты, для другiх - здраднiк. Адпаведна, амбiвалентна ўспрымалi беларусы i Веньямiна Руцкага, i Язахвата Кунцэвiча i Касьцюшку, i Калiноўскага. Той, хто не дае iншым права на
ўласную рацыю, урэшце застаецца сам-насам са сваёй харызмаю. Прыклад: два найбольш яркiя i найбольш палярныя палiтыкi сёньняшняе Беларусi.

Зь непрыманьня апантанай харызмы вынiкае й беларускае непрыманьне апалягетыкi. У сёньняшняй Беларусi нярэдкi прыклад, калi людзi ходзяць адначасова i ў цэрквы i на
малельныя зборы пратэстантаў, як некалi ўнiяты хадзiлi i ў касьцёл, i ў царкву. Беларусаў не яднае рэлiгiя, бо яны ня хочуць рабiць незваротнага выбару.

Што ж гэтак аб'ядноўвае беларусаў вакол расейскага (падкрэсьлю - не свайго) тэлебачаньня? Па-першае, яго можна глядзець паўсюль i задарма. Па-другое - там нiхто не патрабуе ад
беларусаў саўдзелу, а значыць усё можна сузiраць пасыўна, разважаць без напругi. Пасьля, натуральна, лепшая якасьць перадачаў. Па-чацьвертае, нiхто не вярэдзiць там нашых
комплексаў, хоць бы з-за палiтычнае карэктнасьцi. Па-пятае - апантаная апалягетыка розных харызматыкаў там рассыпаецца, прапануючы цэлую палiтру думак. I нарэшце, самае прывабнае для беларуса - там у яго ёсьць права выбару на шасьцi каналах. Хочаш чаго-небудзь шчымлiва савецкага - бяры, чаго-небудзь гарачэйшага - калi ласка.

Беларусаў яднае расейскае тэлебачаньне".

(С.Дубавец: ) Гэта быў Сяргей Харэўскi. Як выглядае, разважаць ад адваротнага ў нашым пытаньнi можа быць больш удзячна, але невядома, наколькi карысна. Чалавек адразу пералiчыць вам некалькi чыньнiкаў, якiя яго разбураюць, i абавязкова задумаецца, перш чым скажа, што яго стварае. Паэт Сяржук Сокалаў-Воюш кажа, што беларусаў аб'ядноўвае хлусьня.

(С.Сокалаў-Воюш)

Сяржук Сокала-Воюш гаварыў пра разбуральную ману, якая лучыць беларусаў.

Прафэсар Адам Мальдзiс, наадварот, кажа пра глябальныя каштоўнасьцi, якiя не аб'ядноўваюць, але ўрэшце мусяць аб'яднаць нацыю.

(А.Мальдзіс)

Такiм чынам, мы раскрылi цэлае поле магчымых аб'яднаўчых матываў: ад вайны i эканамiчнай бяды - да хрысьцiянскiх каштоўнасьцяў.

Яшчэ адзiн аб'яднаўчы чыньнiк, пра якi не казалi папярэднiя ўдзельнiкi нашай перадачы, згадала журналiстка Валянцiна Трыгубовiч:

(В.Трыгубовіч)

Не магу не пагадзiцца з усiмi ўдзельнiкамi сёньняшняй "Вострай Брамы", але сам для сябе шукаю чагосьцi не агульнага, а канкрэтнага, намацвальнага, блiзкага i адначасова пазытыўнага, таго, што мусiла б культываваць беларуская iнтэлiгенцыя i адначасова таго, што жыве ў народзе само сабою, не названае ў якасьцi аб'яднаўчага матыву.

Нядаўна прыяцель падзялiўся сваiм наiўным зьдзiўленьнем. Сядзiм, кажа зь сябрам-бiзнэсоўцам у ягоным офiсе, раптам сябра зiрнуў на гадзiньнiк, спахапiўся i кажа, пара. Куды - пытаецца мой прыяцель. На вёску, бульбу капаць, - адказвае бiзнэсмэн. Якая вёска, якая бульба, у цябе заробак як бюджэт калгаса, купi сабе машыну бульбы й ня кратайся. Бiзнэсмэн
задумаўся на iмгненьне, пасьля паглядзеў на прыяцеля й сказаў: нiчога ты не разумееш.

Асабiста я перакананы, што беларусаў найлепей яднае вёска. Ня тыя вычварныя соткi, на якiя цэлым нашэсьцем едуць у электрычках сотнi тысяч гараджанаў - вынiшчальнiкаў прыроды,
а традыцыйная вёска, зь якой так цi iнакш пралягаюць каранi кожнага з нас. Адмовiўшыся ад усяго вясковага дзеля таго, каб хутчэй стаць гараджанамi, беларусы амаль страцiлi свой самы
галоўны аб'яднаўчы матыў. Паказальна, што яны так i не стварылi сваю гарадзкую культуру. I тут я зьвяртаюся да прыкладу iншых нацыяў. Скажам, да лiтоўцаў, у якiх гарадзкая
культура - гэта прывезеная ў працэсе урбанiзацыi культура вясковая. У клапатлiвае нацыi гэтая культура выдатна спалучылася i з дыпляматычным пратаколам i з кампутарнымi
навацыямi, а ўрэшце аб'ядноўвае ўсiх - ад малога да вялiкага - перад аблiччам небясьпекi.

Лiтоўцы - таксама як i мы напачатку стагодзьдзя былi цалкам вясковай нацыяй. Таму iхны прыклад абнадзейвае. Павярнуцца да вёскi i палюбiць яе так, як любiлi нашыя продкi.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.