news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



11 Ліпеня 1999
 
Анталёгія беларускага ўчынку.
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
На тое, што перавяліся героі, народ наракае здаўна. Калі няма войнаў або іншых катаклізмаў - якія ж героі? Савецкая прапаганда, праўда, усімі сіламі пераконвала ў адваротным. Маўляў, у жыцьці заўсёды ёсьць месца подзьвігу. Вось паглядзіце на стаханаўцаў, або на хлопца з мэдалём "За адвагу на пажары", або на сьмелых палярнікаў. Урэшце, узораў гераізму стала гэтулькі, што разьбягаліся вочы, а наўзамен пачуцьцю глыбокай пашаны прыйшла іронія. Ну, як можна было не іранізаваць з гераічных бухгальтараў, чые будні апісваліся з патасам Кулікоўскае бітвы. Або са старца-Брэжнева, які сапраўды гераічна чытаў свае чатырохгадзінавыя даклады чарговаму зьезду КПСС. Спарахнелая ідэалягічная церуха спакваля асыпалася і на сапраўдных камуністычных герояў, ператвараючы іх у герояў іншага жанру - анэкдоту. Гэтак стварыліся цэлыя саркастычныя эпапеі пра Васіля Іванавіча, Аляксандра Матросава, Шцірліца ды многіх іншых. Сяды-тады гучалі абураныя галасы імянітых маралістаў пра кудысьці зьніклага героя нашага часу, але й гэтыя заклікі накрыла наступная гістарычная эпоха - антысавецкая.

Калі разваліўся Савецкі Саюз, беларуская інтэлігенцыя толькі падняла галаву, толькі ўзялася за стварэньне новага нацыянальнага эпасу, толькі пачала дыскусіі пра патрэбу гістарычнае міталёгіі для шырокіх народных масаў і для выхаваньня дзяцей, як насталі часы адкату ў "сьветлае ўчора". Замяталінскія герастраты пачалі пускаць пад нож усё напрацаванае беларускімі гісторыкамі, спрабуючы вярнуць спарахнелыя і абсьмяяныя сымбалі ды стэрэатыпы часоў СССР. Пра героіку і высакародны ўчынак не магло быць гаворкі. Цынічныя перадысьлякацыі самога Замяталіна зь лягеру пераможаных у лягер пераможцаў сьведчаць пра марнасьць якіх бы там ні было згадак пра подзьвіг, высакародзтва, мараль.

Аднак гэта зусім ня значыць, што праца гісторыкаў і папулярызатараў пайшла намарна, або што яна завершаная, або што беларускі сьветапогляд ня мусіць фармавацца на выразных прыкладах сваіх герояў і высакародных учынкаў. Гэтаксама як існуе розьніца паміж нізкапробнай расейскай папсою, што пануе ў нас сёньня, і масавай культурай, якой у Беларусі пакуль няма, існуе розьніца і паміж культам хамства і высокім арыенцірам. Вось жа пра беларускі ўчынак і пойдзе гутарка ў сёньняшняй "Вострай Браме".

Самое слова "подзьвіг" паступова ўваходзіць у лік састарэлых. Нікому ня прыйдзе ў галаву казаць таксама пра героіку будняў, а якія-небудзь "героі жніва" ўспрымаюцца як атавізм. Подзьвігам называюць цяпер, да прыкладу, царкоўны пост. А ў звыклым для савецкага вуха значэньні гэтае слова начыста прапала з сучасных, прынамсі, інтэрнэтаўскіх слоўнікаў. І згадваецца хіба што ў зьвязку з Гераклам, Дон Кіхотам або баронам Мюнхаўзэнам. Але гэта нам не перашкодзіць, бо мы будзем гаварыць пра подзьвіг у экзыстэнцыйным сэнсе, - пра беларускі ўчынак.

У гэтым няма нічога новага, калі не лічыць азначэньня "беларускі". Менавіта дзеля чалавечых учынкаў зьвяртаюцца людзі да Старога і Новага запавету, да антычнае літаратурнае клясыкі, да Шэксьпіра. Маральны выбар, сіла і цьвёрдасьць духу, а таксама сіла фізычная - гэта тое, што прыцягвае сучаснага спажыўца культуры як да Бібліі, так і да найлепшых галівудзкіх баявікоў. Чалавечы ўчынак не старэе, бо, чытаючы пра тое, што зрабіў герой, заўсёды думаеш - а як на ягоным месцы зрабіў бы ты.

З апісаньня подзьвігаў складаецца эпас. Беларуская культура да свайго гераічнага эпасу толькі падступаецца. Падступаецца даўно, але кожнага разу які-небудзь чарговы Замяталін устае на шляху гэтага працэсу і шэдэўр не высьпявае. Вярнідуб у фальклёры, Несьцерка і Міколка-паравоз у літаратуры, Скарына і Каліноўскі ў гісторыі не знаходзяць міжсобку жанравае сувязі менавіта таму, што ня выпісаныя ва ўчынках, у подзьвігах. З гэтых развагаў і паўстала ідэя рэдакцыі "Нашае Нівы" стварыць Анталёгію беларускага ўчынку.

Высьветлілася, што гэта ня так проста. Спакуса апісваць гістарычны антураж або біяграфію асобы, спакуса патасных словаў і вытлумачэньня ўсіх матывацыяў героя з выглядам усязнайства, спакуса школьнае дыдактыкі - гэтыя рысы прышчэпленыя нам папярэдняй літаратурай, якая пазначыла сабою ранейшы, элітарны этап засваеньня нацыянальнае гісторыі. А вось учынак, адабраны і пераказаны так, як мы пераказваем адзін адному падзеі мінулага ўікэнду, патрабуе пэўнага літаратурнага таленту і пераасэнсаваньня. Сёньня ў нашай перадачы прагучаць чатыры гісторыі пры беларускія подзьвігі. Напэўна прасьцей будзе слухаць іх у храналягічнай пасьлядоўнасьці - ад далёкай мінуўшчыны да нашых дзён.

Першая гісторыя - пра ўчынак князя Багуслава Радзівіла. Яе прадставіць гісторык Генадзь Сагановіч.

(Г.Сагановіч: ) "Князю Багуславу Радзівілу, які ня раз дзівіў сучасьнікаў адвагаю, давялося з чужым войскам бараніць не сваю зямлю ад харугваў Вялікага Княства. І аднаго дня ліцьвіны з татарамі так націснулі, што яго шчуплыя аддзелы кінуліся ўцякаць. Паніка ўмомант ахапіла ўсіх, і войска ператварылася ў натоўп. Як ад сьмяротнай лавы пабеглі ўсе, апрача яго – князя Багуслава. На момант падхоплены было ўцекачамі, ён цьвёрда павярнуў каня насустрач непрыяцелю. То быў чын сьмяротніка - аднаму стаяць супраць хмары разьятраных татараў! Так мог дзейнічаць толькі д'ябал! У тым псыхозе чалавек з нармальным глуздам ня здолее пераадолець прыродны інстынкт самазахаваньня. Але ён, Багуслаў, не ўцякаў ніколі ў жыцьці. Яму заўжды найбольшай ганьбай было паказаць, што баіцца. Так выхаваўся, і такую ўжо меў ролю – мусіў быць годным славутага роду! Думаю, менавіта гістарычна-родавая ідэнтыфікацыя давала такую маральную сілу, што нэўратычнай рэакцыі натоўпу князь здолеў супрацьпаставіць цьвёрды валявы чын. І ў тыя хвілі духова ён адзін стаў вышэй цэлай арміі!

Аднак фізычна хіба можна аднаму вытрымаць атаку сотняў? Заціснуты з усіх бакоў, паранены ў галаву, Багуслаў зваліўся долу, што стала натуральным канцом яго шалёнага ўчынку. У імгненьне над распластаным князем узьнеслася татарская дзіда. Удар і... рука Багуслава у лёце ловіць наканечнік дзіды, дрэўца трашчыць і сьмяротнае вастрыё застаецца ў яго скрываўленай далоні.

Скручаны, ён трапіў у палон, але неўзабаве зноў быў на волі. Зьдзейсьнілася немагчымае: князь вырваў сябе з абдымкаў кашчавай! Нібы рвучы рабскую пакору перад сьляпой прыроднай залежнасьцю і цьвердзячы, што гісторыя – учынак чалавека.

Ня ведаю, хто яшчэ гэтак халаднакроўна гуляў са сьмерцю! Тым больш загадкавым стаў апошні дзень князя. Ён прысьніў прыгажуню ў белым, якая падыйшла і раптам тырканула яму нажом у грудзі. Абудзіўшыся, моцна замаркоціўся і сказаў прыслузе: Ат, пабачыце, доўга не пажыву ўжо. І сапраўды, памёр наступнага ж дня ў сваёй карэце".

(С.Дубавец: ) Пасьля расповеду Генадзя Сагановіча згадваецца знаёмая клясыфікацыя подзьвігаў - ваенны, працоўны, культурны. Гэта ўсё з той самай савецкай міталёгіі. У гэтай сыстэме подзьвіг, пра які кажа Сяргей Харэўскі, можна было б назваць мастацкім. Але ж клясыфікацыя кульгае. Бо ўчынак Напалеона Орды мае для нас, як напэўна меў і для яго самога, ня толькі і ня столькі мастацкае значэньне. Напалеон Орда задаўся мэтай намаляваць усю Беларусь, усё, што ў ёй было вартага запамінаньня, у той момант, калі яна на вачах зьнікала з рэальнасьці, татальна панішчаная расейскай рэпрэсіўнай адміністрацыяй.

(С.Харэўскі: ) "Паўстанцкі камандзір 1831 году, літаратар і кампазытар Напалеон Орда падчас паўстаньня Каліноўскага нечакана для ўсіх заняўся, як тады здавалася, недарэчнай справаю - пачаў маляваць памятныя мясьціны й шэдэўры беларускага дойлідзтва... Пасьля ўдзелу ў папярэднім паўстаньні ён ледзь пасьпеў эміграваць, і ў Францыі цалкам прысьвяціў сябе музыцы. Настаўнікам стаў ягоны сябра - Шапэн. Эўрапейская вядомасць прыйшла да кампазытара Орды хутка. Слава, грошы й спакойнае жыцьцё ў вясёлай францускай сталіцы былі гарантаваныя. Тады Орда заняўся і літаратурай. Тут ягоным настаўнікам стаў другі сябра - Адам Міцкевіч. Напэўна, і ў гэтай справе Орду чакаў посьпех.

Аднак, усё вырашылася па-іншаму. Напачатку паўстаньня Каліноўскага ён нелегальна вяртаецца на радзіму. І ня з тым, каб наноў узяць у рукі стрэльбу, ня з тым, каб заняцца палымянай публіцыстыкай. І нават не дзеля таго, каб пісаць маршы ды паўстанцкія гімны. Ён абірае сабе ролю мастака, каб намаляваць УСЕ помнікі, якія ёсьць у краіне, каб захаваць памяць пра іх на вякі. Орда становіцца мастаком у 49 гадоў! У часе паўстаньня 1863 году і пасьля яго ён, нібы нічога вакол не адбываецца, аб'яжджае ўсю Беларусь ад Асьвеі да Кобрына, ад Сапоцкіна да Турава. У выніку зьяўляюцца тысячы графічных твораў.

Чаму ён ня браў чыну ў паўстаньні Каліноўскага? Прадчуваў, чым яно скончыцца? А стаўшы мастаком, зьбярог для нашчадкаў тую Беларусь, яшчэ не апаганеную, не расейскую. Літаральна сьлед у сьлед за ім ішлі акупанты й зьнішчалі ды ганьбавалі тыя сьвятыні, якія толькі што зафіксаваў Орда. Большай часткі іх цяпер ня йснуе наогул.

Два дзясяткі гадоў ён вандраваў, ня маючы свайго дому, цалкам аддаўшыся мастацтву. Але прыйшоў час, калі заробленыя колісь у Парыжы грошы скончыліся. Скончылася й жыцьцё. Першы альбом зь літаграфіямі Орды выйшаў пасьля ягонае сьмерці, у Аўстрыі. Пасьля былі наступныя альбомы. Ён здабыў сабе новую, пасьмяротную славу. Ні да яго, ні пасьля, ніводзін мастак не рабіў гэткае тытанічнае работы. Да сёньня ягоная спадчына яшчэ не сабраная цалкам. Ніхто пэўна ня ведае нават колькасьці ягоных гравюраў, літаграфіяў ды акварэляў. Часам здаецца, што ім няма канца - выявам беларускіх гарадоў, мястэчак, замкаў, цэркваў ды маёнткаў..."

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі расказаў пра жыцьцёвы ўчынак мастака і кампазытара Напалеона Орды. Штосьці лучыць яго з папярэднім эпізодам пра подзьвіг Багуслава Радзівіла і з наступным - з жыцьця Янкі Філістовіча. Усе гэтыя ўчынкі аб'яднаныя тым, што яны - беларускія. Слова Аляксандру Лукашуку.

(А.Лукашук: ) "Ён хадзіў па вуліцах Парыжа, вучыўся ў Сарбоне, пасьля ў Бэльгіі, у Лювэнскім унівэрсытэце. Перад гэтым у ягоным жыцьці была Прага, а таксама Рым. Усюды побач зь ім была Беларусь: у Францыі ён стварыў згуртаваньне беларускай моладзі і выдаваў газэту, у Бэльгіі разам зь беларускай грамадой сьпяваў у знакамітым хоры.

Але яму не хапала Беларусі і апошняй сталіцай, якую ён пабачыў у сваім жыцьці, стаў Менск. Яго правезьлі па вуліцах горада, па праспэкту Сталіна, у раён трактарнага і аўтазаводаў – паказаць, як адбудоўваецца сталіца пасьля вайны. Дзьверы легкавіка былі заблякаваныя, і побач зь ім сядзеў ягоны сьледчы - падпалкоўнік МГБ.

Ён апусьціўся на беларускую зямлю зь неба на амэрыканскім парашуце. Год у лясох Вілейшчыны дзейнічала ягоная група. Яго аршытавалі праз здраду. Невядома, колькі разоў сьпяваў пры гэтым певень – але напэўна сьпяваў, які ж сялянскі падворак у Беларусі бязь пеўня.

Толькі за першы месяц яго пратрымалі на допытах больш за дзьвесьце гадзінаў. Лепшыя крыптолягі менскага КГБ ламалі галовы над загадкавым запісам у ягоным лісьце: "У горадзе в.ш. войска". Імя якога гораду зашыфраванае ў "в.ш."? Дзе ён, гэты загадкавы горад? Што дакладаць у Маскву? Чаму арыштаваны так сумна ўсьміхаецца ў адказ на гэтае пытаньне?

Ён не знайшоў тую Беларусь, якую шукаў: горш за здраду ўражвала тое, што самы просты скарот "вельмі шмат" не разумелі ў той краіне. Але, магчыма, у гэтым палягала надзея: ягоная Беларусь, як таямнічая крэпасьць, заставалася недаступнай чужынцам і бараніла сябе праз мову.

Яго расстралялі ў дзень сьмерці Сталіна. Дакладней, Сталін сканаў у дзень, калі адляцела на неба душа Янкі Філістовіча".

(С.Дубавец: ) Аляксандар Лукашук - аўтар кнігі, якая так і называецца "Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста". Далей нітка нашага расповеду зноў сягае з выразна нацыянальнае плыні ў экзыстэнцыйную. Тут навідавоку проста людзі, матывы паводзінаў якіх, тым ня менш, Зьміцер Бартосік знаходзіць у іхнай беларускай крыві.

(З.Бартосік: ) "У адной роце ў Расеі разам са мною служылi два беларусы, два зямлякi. Памiж iмi была вялiкая розьнiца ў гадах - аднаму 19, другому 28. За плячыма першага быў толькi няскончаны тэхнiкум. У другога - бурлiвае жыцьцё, што пакiнула на ягоным целе красамоўныя шнары i татуiроўкі. Прозьвiшча старэйшага запомнiць было няцяжка. Яго звалi Немец.

Паколькi ў войска Немца забралi з калёніі і пад самы ўзроставы лiмiт, дык увесь свой эмацыйны запал ён абрынуў на галовы й душы аднапалчанаў. Ня дзiва, што на працягу ўсяго свайго новага двухгадовага тэрмiну ён стаў аб'ектам нянавiсьцi для ўсiх - ад навабранца да "дзембеля". Але асаблiвай увагай Немец адорваў свайго земляка. Не даваў яму праходу анi на аб'екце, анi ў казарме. Абразы, жорсткiя поўхі ды iншыя "нестатутныя дачыненьні" сыпалiся на галаву беднага "зёмы" i ўдзень, i ўначы. Той маўчаў. І гэта працягвалася датуль, пакуль аднойчы ранкам Немца не знайшлi за будаўнiчым вагончакам з праламаным чэрапам. Скарыстаная на тое сякера ляжала побач.

Наш атрад уздыхнуў з палёгкай. А слава героя, дзякуючы гэтаму ўчынку, пайшла на ўсю вайсковую акругу. Усё было разьлiчана ім да дробязяў - маршрут Немца з абеду, непрагляднае зь iншых кропак месца памiж вагонамi. Нават час забойства.

Немцу заставалася служыць некалькi тыдняў. Таму, чыё прозьвiшча назаўжда сьцёрлася з маёй памяцi, - паўгода. Ён зрабiў тое, аб чым нам усiм толькi марылася. Таму ўсе шчыра жадалi яму нiколi ня быць злоўленым.

А злавілі яго праз тры месяца. Суд прызначыў шэсьць гадоў агульнага рэжыму. Пэўна, Бог быў на ягоным баку. Немец выжыў. Ён мог моргаць вачыма, мыкаць i прымаць ежу з матчынай рукi.

Адзiнае, што для мяне засталося няясным - цi зьдзейсьнiў бы герой задуманае, калi б Немец быў узьбекам цi грузiнам? Цi дасягнула б нянавiсьць таго накалу, якi безразважна ўзьняў руку на крыўдзiцеля-адзiнакрэўнiка? Ня ведаю. Магчыма, аднаго
чакала б цяпер кар'ера бандыта. Другi ж насiў бы сваю злосьць па сёньняшнi дзень".

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік распавёў пра ўчынак, які не назавеш адназначна высакародным або подзьвігам. Тым ня менш, гэта сапраўдны ўчынак і для савецкага або постсавецкага войска далёка не адзінкавы. Дастаткова згадаць салдата з аповесьці Васіля Быкава "Ваўчыная яма", які пасьля гэткага самага акту справядлівасьці ўцёк у Чарнобыльскую зону або многія падобныя гісторыі, якія вам раскажуць ці ня ў кожным вайсковым гарнізоне. Слабейшы і пакрыўджаны вайсковец прыносіць сабе ды іншым рашучае збавеньне ад зьдзекаў нахабнага крыўдзіцеля. Хіба гэта не радок зь беларускага эпасу?

Такім чынам мы пазначылі абрысы будучае Анталёгіі беларускага ўчынку. Калі працягваць храналёгію да самых сёньняшніх дзён, дык і тут мы знойдзем не адзін прыклад подзьвігу, таго, што чалавек робіць праз маральны выбар або пераадольваючы ўласныя магчымасьці, таго, што не ўкладаецца ў ардынарныя ўяўленьні.

Вось герой, які таемным чынам вывешвае нацыянальны сьцяг на недаступнай вышыні. Пасьля пажарнікі з рызыкай для жыцьця дабіраюцца да крамольнага палотнішча і знаходзяць там запіску з імем героя. Пра Мірона ўжо складаюць паэмы і пішуць у раманах. А ён застаецца таямнічым, як той Караткевічаў Чорны Война, што сам-насам змагаўся з расейскай акупацыяй паміж паўстаньнямі 1831 і 1863 гадоў. Менавіта ў такіх постацях і ўчынках выяўляецца сымболіка беларускае партызанкі, а не ў плянавай рэйкавай вайне або акцыі забойства гаўляйтэра, пасьля якіх акупанты помсьціліся на нічым не вінаватых людзях і палілі беларускія вёскі.

А вось паэт, які вырашыў зьнішчыць супастата забойчым вершам і паплаціўся за гэта дзесяцьцю месяцамі турмы. Ягонае імя - Славамір Адамовіч. Сухая галадоўка і дэманстратыўнае зашываньне рота - таксама ягоныя ўчынкі звыш ардынарных уяўленьняў.

Ці зусім сьвежы прыклад - хлопец, які выцягваў і ратаваў людзей з кучы чалавечых целаў на станцыі мэтро Няміга. Ягонае імя пасьля зьявілася ў газэтах - Яўген Баброўскі. Хлопец, як выглядае, зь неардынарным запасам высакародзтва, калі робіш ня думаючы, як аўтамат і табою рухае ня розум, а твой чалавечы кантэкст. У выніку дзясяткі людзей застаюцца жыць.

Менавіта з учынкаў паўстане і вырасьце беларуская масавая культура. Не з папсовых песенек, не з дыдактычных і маралізатарскіх пераказваньняў патрыятычных сюжэтаў, не з аб'ектывісцкае праўды фактаў, а з праўды сумленьня і з праўды крыві. Матэрыялам для гэтага стане і фальклёр, і старая літаратура, напрыклад, Баркулабаўскі летапіс, у якім так шмат забытых герояў, і літаратура новая, у якой менавіта на экзістэнцыйны і беларускі ўчынак рабілі стаўку Караткевіч і Быкаў, і самое жыцьцё, у якім заўсёды і для ўсіх ёсьць месца выбару.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.