|
|
10 Верасьня 1999
|
Аляксей Фралоў. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
За пяць гадоў свайго кіраваньня ў Беларусі Лукашэнка рашуча занізіў планку чалавечага вымярэньня. У гэтым галоўны вынік дзейнасьці яго самога і сукупны сэнс таго крызысу, які перажываем усе мы. Лепшыя рысы чалавека, нацыянальныя сьвятыні, агульначалавечыя каштоўнасьці - усё гэта ганіцца на самым дзяржаўным узроўні. А галоўнае - зьнявага чалавечае працы, высілкаў розуму і духу праз мізэрныя дзяржаўныя падачкі, якія толькі ўмоўна можна назваць заробкам. Несвабода і тое, што адна мая знаёмая называе праявамі скоцтва - што на эстрадзе, што на сэлектарнай нарадзе ў прэзыдэнта. Эміграцыя ці ганьбаваньне найлепшых і культ статку - бязвольнага і цалкам падначаленага паўрабства. Але, як тое заўсёды бывала і будзе ў такіх выпадках, знаходзяцца людзі, асобы, сьветлыя розумы, якія зноў пачынаюць з пачатку свой безнадзейны для многіх чын - усьпіраюцца пад тую апалую планку чалавечага вымярэньня і пакрысе ў прыватным парадку штосілы пасоўваюць яе ўгару. Цяжка ім, але яны бачаць, што кожны маленькі посьпех зьмяняе ляндшафт краіны. Вынік настолькі каласальны, што можна забыцца пра цяжкасьці.
Маючы перад вачыма прыклады такога падзьвіжніцтва людзей зусім новага пакаленьня, я не стрымаўся ад ідэі расказаць пра іх, час ад часу прысьвячаць ім перадачу пра беларускі культурны кантэкст ХХ ст. І пачаць вырашыў з зусім маладога менскага дзецюка - Аляксея Фралова. Гэта зь ягонае ініцыятывы моладзь выйшла пад экскаватары ў менскім Верхнім горадзе - бараніць старыя будынкі, а пасьля яшчэ быў напісаны ім ліст дзеячоў культуры з пратэстам супраць вандалізму.
Аляксей Фралоў нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. Закончыў музычны ліцэй пры Белдзяржкансэрваторыі, а затым, у 1998 годзе і кансэваторыю ў клясе фаготу. Саліст ансамблю "Клясык-авангард" пры Беларускай філярмоніі. Актыўны ўдзельнік кальвінісцкага руху, сябра БНФ, лідэр аб'яднаньня "Эўрапейскі шлях", аўтар дэмакратычных і культурных ініцыятываў.
У "Вострай Браме" з Аляксеем Фраловым размаўляе Сяргей Харэўскі. Спачатку - пра згаданы ліст інтэлігенцыі ў абарону помнікаў архітэктуры.
(Сяргей Харэўскі: ) "Адкрыты ліст дзеячоў беларускае інтэлігенцыі - гэта працяг старое традыцыі. Яшчэ Сыракомля ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя пісаў, што ў Менску нібы наўмысна ўсё робіцца, каб зьнішчыць памяткі мінуўшчыны. Сапраўды, Менск, які старэйшы за Маскву й Варшаву, зьмяняўся несупынна: старыя будынкі празь нейкі фатальны зьбег абставінаў часьцяком проста... прападалі. Той самы Сыракомля апісаў "прыгожы, яшчэ не пабелены касьцёл францішканцаў", як праз паўстагодзьдзя ўжо ніхто ня памятаў, дзе ён стаяў. Альбо старажытны будынак Трыбуналу, які Шпілеўскі назваў "судзілішчам на замчышчы", які ў 20-я гады пасьпеў замаляваць Язэп Драздовіч. Ніхто дакладна ня скажа, калі ён прапаў.
Аднак заставаўся Верхні Горад. Як сымбаль адухоўленасьці й эстэтычнае насалоды. Пра тое пісаў у сваёй "Геаграфіі Беларусі" Аркадзь Смоліч.
"Над местам пануе ўзгорак Высокага места, на якім падымаюцца ў вышыню вежы цэркваў і касьцёлаў. Калі падысьці бліжэй да цэнтру і глядзець на Высокае места з-за Сьвіслачы, дык яно выдае адным вялікім каменным гмахам, што падымаецца проста ад берагоў Сьвіслачы на высачыню некалькіх дзясяткаў сажняў. Прыятна песьцяць вочы перахаваныя з гэтага боку сьляды старое, прадвечнае архітэктуры, і тут толькі хіба і можна добра ўсьведаміць сабе, што цяперашні Менск мае тысячагадовую багатую гісторыю".
Гэтак прыблізна было і яшчэ пятнаццаць гадоў таму, пакуль за гэты лапік старога гораду не ўзяліся... рэстаўратары. Ніхто ня мог сабе ўявіць, што людзі, якіх гэтак чакалі сівыя муры, зьнішчаць болей, чым папярэднія войны ды бальшавіцкая ўлада.
Праекты былі складзеныя ў 83-85 гадах і прадугледжвалі паэтапную, на працягу дзесяці гадоў, рэстаўрацыю Верхняга Гораду. Але пасьля перастройкі ды распаду СССР дзяржава была больш ня ў стане цягнуць гэты прыгожы праект і аддала яго ў рукі аднае толькі арганізацыі, закрытага акцыянэрнага таварыства "Стары Менск". Цяпер "рэстаўратары" самі шукалі сабе заказчыкаў з мэтаю максымальнага прыбытку. Самі па сабе адпалі праекты стварэньня ў Верхнім Горадзе музэяў ды тэатраў. Каб рабіць максымальна хутка ды танна, старыя дамы зьнішчалі дазваньня, вымалі старажытныя падмуркі, адкрытым спосабам падводзілі камунікацыі, зьнішчалі археалягічныя плясты. Затым з бэтону й новай цэглы будуавалі муляж, пры тым ніхто ня дбае пра сапраўднасьць інтэр'ераў. Запанаваў рубель.
Калі, напрыклад, разьбіралі адзін з помнікаў архітэктуры, дом 18 стагодзьдзя на вуліцы Герцэна, 2, выявілі, што на другім паверсе была расьпісаная фрэскамі заля, а палова дому складзеная ў тэхніцы фахвэрку (прускага муру). Але гэта нікога не спыніла. Дом быў зруйнаваны, сталярку, што прастаяла больш за два з паловай стагодзьдзі, пусьцілі ў сьмецьце. На гэтым месцы цяпер стаіць копія таго дому. Бяз фрэсак, натуральна.
Аўтары ліста патрабуюць спыніць далейшы зьдзек псэўдарэстаўратараў са старасьвеччыны. Напрыклад, пачаць аднаўленьне малога гасьціннага двара на плошчы Свабоды, дом 19/21, што каля праваслаўнага сабору. Гісторыя ратаваньня гэтага будынку, унесенага, дарэчы, ва ўсе энцыкляпэдыі й даведнікі, паказальная. Спачатку яго хацелі зьнесьці мэтрабудаўцы, але па тэлебачаньні выступіў Зянон Пазьняк і давёў, што гэты дом - неад'емная частка ансамблю, і ягоны знос, недапушчальны сам па сабе, утворыць візуальную дзюрку - ад кансэрваторыі ў нікуды. Яго тады паслухаліся й пастанавілі за кошт Мэтрабуду гэты дом зьберагчы. Была ўпершыню ў Беларусі ўжытая тэхналёгія "сьцяны ў грунце", калі па чарзе падкапаныя падмуркі заліваліся бэтонам, што ўтвараў суцэльную падушку. Дом пабялілі і пакінулі рэстаўратарам. Прыйшлі рэстаўратары і... зьнесьлі гэты дом амаль цалкам, каб скласьці яго з новай цэглы.
У пераліку помнікаў, згаданых у "Лісьце...", ёсьць і падземная частка гандлёвых радоў, якія колісь апярэзвалі бэрнардынскі касьцёл Сьвятога Язэпа й зваліся ў народзе "Віленчукамі". Палова зь іх ацалела і была нават адрэстаўраваная ў 1983 годзе. А палова была яшчэ па вайне разабраная, хоць засталіся там сутарэньні й падмуркі. Дык вось жа цяпер па іх зьбіраюцца пракладаць новыя камунікацыі... І гэтак далей. Дачытаўшы гэты мартыралёг помнікаў, якія зьнішчаныя за апошні час, альбо рыхтуюцца да зьнішчэньня, я адцеміў, што аўтары "Адкрытага ліста...." не пасьпелі згадаць апошнія дамы па вуліцы Замкавай, якія таксама ўжо зруйнаваныя... Інтэлігэнцыя заклікае ратаваць помнікі наогул, цэлымі менскімі прадмесьцямі. Прыцягнуць да адказнасьці чынавенства. А таксама зьмяніць статутную форму ўласнасьці ў таварыстве "Стары Менск"...
На маю думку, гэта нічога ня зьменіць, пакуль у краіне ня будзе адноўленая наноў колішняя сыстэма рэстаўрацыі, з навукова-дасьледчымі інстытутамі й дзяржаўнымі майстэрнямі. Пакуль ня будзе кадыфікаванае нацыянальнае заканадаўства ў галіне аховы помнікаў. Пакуль ня будзе праведзеная наноў навуковая інвэнтарызацыя таго, што яшчэ ацалела. Ня толькі будынкаў, але і іх дэталяў і інтэр'ераў. І пакуль ня будзе складзены нацыянальны плян адраджэньня спадчыны, з асобнымі праектамі ўзнаўленьня менскіх прадмесьцяў (напрыклад, у дачыненьні Ракаўскага прадмесьця і Замкавай вуліцы ніякіх праектаў і не было).
- Аляксей, скажы, каму прыйшла ў галаву ідэя - сабраць подпісы імянітых дзеячоў культуры пад Адкрытым лістом?
- Гэта ініцыятыва новага аб'яднаньня "Эўрапейскі шлях", якое я ачольваю. Пасьля некаторых пікетаў, якія мы здолелі правесьці, у прыватнасьці, на Верхнім Горадзе, узьнікла неабходнасьць пашырыць рамкі спосабаў барацьбы за ратаваньне нашае спадчыны, у тым ліку помнікаў старога Менску. Ня можна замыкацца адно на пікетах. На нізавым узроўні гэтым нікога ня зьдзівіш, бо рэагуюць ужо слаба. Лісты проста грамадзянаў, якія мы накіроўвалі і ў пракуратуру і ў Камітэт па ахове помнікаў пры Менгарвканкаме, проста ў Гарвыканкам, не далі ніякага эфэкту. Узьнікла ідэя сабраць подпісы гэткіх людзей, якіх НЕ паслухаць ня змогуць. Чые галасы ёсьць яскравым звонам грамдзкай актыўнасьці. Сэнс быў у тым, каб сабраць подпісы ў людзей, якія традыцыйна не заангажаваныя ў палітычнай дзейнасьці. У выніку атрымаўся гэты ліст. Цікавы быў сам працэс падпісаньня. Большасьць людзей падпісвалі адразу. Не патрабуючы дадатковых тлумачэньняў ці доказаў. Усе яны ведалі праблему! І былі гатовыя да гэткага чыну.
- Але, нягледзячы на моцны розгалас вашага Ліста, які надрукавалі і незалежныя і афіцыёзныя газэты, помнікі ўсё адно будуць руйнавацца. Калі не на менскім Верхнім Горадзе, дык у другіх кварталах, наогул па ўсёй краіне. Я ўжо не кажу пра здабыткі археалёгіі ці пра помнікі прыроды. Дзе ж выйсьце?
- Выйсьце толькі ў нас саміх. Ня толькі ў сьвядомых людзях справа. Урэшце, варта толькі клапаціцца пра свой жа пад'езд, двор і горад. Дзе ж мы знаходзімся? Варта проста жыць па законе, які атрымалі ад Бога. Трэба мяняць савецкі лад жыцьця на нармальны. На эўрапейскі. Трэба зьберагчы адзіны помнік, шанаваць родную мову... не выкідваць бутэлькі з балькону, трэба вымаўляць "выбачайце", дзе трэба. У нас жа проста нізкая культура сёньня. Каб у нас была па-просту гэткая ж пабытовая культура і ўзровень выхаваньня, як у эўрапейскіх краінах, наша грамадзтва ўмела б захоўваць і спадчыну, і мовы".
(С.Дубавец: ) У сёньняшняй перадачы мы размаўляем з Аляксеем Фраловым. Абарона помнікаў архітэктуры не найпершы ягоны занятак, а адзін з многіх. Пытаньні задае Сяргей Харэўскі.
- Аляксей, ты перадусім музыка, граеш на фагоце... Хто быў тваім настаўнікам у гэтай справе?
- Гэта выдатны фагатыст, прафэсар музыкі, спадар Буткевіч. Спраўдны самародак. Хоць ён атрымаў выдатную адукацыю ў фагатыста, таксама беларускага паходжаньня, прафэсара Кіеўскае кансэрваторыі Ўладзімера Ападзкага. Гэта выбітны навукоўца й пэдагог. Гэтак у Беларусі склалася цэлая пляяда выдатных фагатыстаў. Гэта моцная фгатовая школа. Мо я й не перабраў тузін прафэсараў, але меў аднаго й выдатнага.
- Раскажы крыху пра сваю музычную кар'еру.
- У 1989 годзе, як я заканчваў ліцэй пры кансэрваторыі, я браў удзел ва Ўсесаюзным, тады яшчэ, конкурсе выканаўцаў на духавых інструмэнтах, які праходзіў у Варонежы. І я стаў ляўрэатам гэтага конкурсу, з Божае ласкі. Вось і ў мінулым годзе, у Байройце, што ў Нямеччыне, слаўным музычным цэнтры, таксама праходзіў конкурс выканаўцаў да 30 гадоў. Зьехалася каля 150 прадстаўнікоў з усіх краінаў Эўропы. Было каля 30 адных фагатыстаў. Ізноў такі, з Божай дапамогаю, безь якое ніяк, я прайшоў да перадапошняга туру, увайшоўшы ў шасьцёрку маладых фагатыстаў Эўропы. Я там граў францускага кампазытара Эжэна База.
- Ты шмат езьдзіў па сьвеце. А ў такіх выпадках у інтэрвію цяпер прынята спытваць: ці не было спакусы застацца дзе-небудзь у больш утульнай краіне?..
- Як музыканту мне пашчасьціла бываць у Італіі, прамінаць Францыю дарогаю. Часта бываў у Гішпаніі, Нямеччыне, Польшчы, Швайцарыі, Чэхіі, Украіне, Латвіі. І кожны край імпануе па-свойму. Але найбольшы шок быў, бадай, ад Італіі. І Прага... Мастацкі, эмацыйны, вобразны шок. Яшчэ ад Кракава й Гданьску. Гэта гарады-шэдэўры. Але праехаўшы Эўропу да Атлянтыкі... мне хацелася назад. Нягледзячы на нашую засьмечанасьць, ад бруду на вуліцах да хрушчовак у гарадзкім краявідзе. Канкрэтная савецкая страшлівая засьмечанасьць. Але Беларусь яшчэ ня страціла свайго спрадвечнага аблічча. Там, дзе не дапяла савецкасьць. Яшчэ ня страціла. Гэтым нашая Беларусь і прыгожая і прывабная. І сапраўды, нічым незаменная. Гэтая зямля, гэтая краіна дадзеная нам Богам.
- Ты згадваў пра патрэбу выхавньня. А хто выхоўваў цябе?
- Галоўным маім настаўнікам ёсьць мама. З чатырох гадоў яна вадзіла мяне і ў філгармонію і ў опэрны тэатар на сур'ёзную клясычную музыку. Напрыклад, Алы Баянавай. Наколькі істотнае эстэтычнае выхаваньне, я адчуў на сабе. Бацькоўскую функцыю нічым не заменіш. Род па матчынай лініі паходзіць зь вёскі Пліса, што на Смалявіччыне, пад Менскам. Ну а прозьвішча бацькава, Фралоў, паходзіць ад старога роду, што жыў у Крычаве. Гэта прозьвішча сфармавалася на Ўсходзе, таму яно можа гэтак і гучыць па-руску. Мой бацька быў выдатным музыкам, габаістам, салістам філгармоніі і ансамблю старадаўняе музыкі "Кантабіле". І менавіта дзякуючы бацькам я абраў шлях музыкі, стаў фагатыстам. А да таго я вучыўся адразу ў дзьвюх школах - фізыка-матэматычнай і музычнай. Мой шлях мог павярнуцца і па-іншаму...
- Чаму ты абраў менавіта фагот?
- Таму, што гэта найбольш блізкі інструмэнт да інструмэнту майго бацькі. Не габой, таму што мае дадзеныя, амбушур, бліжэй падыходзяць да фаготу.
- А каб не фагот, на якім бы ты інструмэнце йграў?
- Спачатку я займаўся ў школе як піяніст. Мог бы стаць і піяністам... Ну, а наогул мне вельмі падабаецца арган. Я лічу яго каралём музычных інструмэнтаў, бо ўбірае ў сабе ўсе музычныя інструмэнты разам узятыя. Сапраўды, гэта Боскі інструмэнт. Калі падыходзіш да аргану, а пагатоў сядаеш за яго - гэта нешта незвычайнае. Уражаньне гэткае, што ты маеш дачыненьне з Боскім сьветам і ўзносісься з грэшнае зямлі. Даводзілася йграць у цудоўным касьцёле, што ў Красным. А ў дзяцінстве мяне бацька садзіў за галоўны арган краіны, што ў філгармоніі. Ну і ў касьцёле Сьвятога Роха... Хацелася б часьцей.
- Ты яшчэ й фізыку з матэматыкай любіў?
- Любіў! Як гэта ня дзіўна. Страшна любіў хімію. Ставіў вопыты на бальконе. Але...
- Але ты ўсё ж стаў прафэсійным музыкам...
- Я працую цяпер у ансамблі пры Дзяржфілармоніі "Клясык-авангард". Гэта ансамбль салістаў. Ён унікальны сваім складам, бо кожнага інструмэнта, апроч скрыпак, там прадстаўлена па адным. Там і струнныя й мядзяныя, натуральна, адзін раяль і адна арфа. Часам прыцягваем яшчэ выканаўцаў, для больш шырокіх якіх выкананьняў. Гэты ансамбль можа граць і дуэт і трыа. Па распадзе Савецкага Саюзу, дзякаваць Богу, зьявілася магчымасьць выяжджаць за "жалезную заслону". Бо раней музыкі гастралявалі па "вялікаму й магучаму", ды ганарыліся тым, што аб'ездзілі паў-Сыбіры. А мы толькі вярнуліся са Швайцарыі, дзе былі па запрашэньні. Там была наладжаная праграма нашага супрацоўніцтва са швайцарскімі музыкамі. Былі супольна запісаныя творы сучаснай музыкі, швайцарскіх і беларускіх аўтараў. Беларускія - вядомыя ў Эўропе сучасныя кампазытары - Вячаслаў Кузьняцоў і Віктар Капыцька, а швайцарскія - вельмі арыгінальны малады кампазытар Бруна Карэр і выбітны аўтар нашага стагодзьдзя Відмар. Зрабілі са швайцарцамі два кампакт-дыскі. Гэта была вельмі цікавая й вельмі пазнаваўчая праца. Як для любога музыкі, любога выканаўцы. Бо гэта былі вельмі розныя творы, розныя стылістычныя напрамкі.
(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі працягвае гутарку з Аляксеем Фраловым пра яшчэ адзін ягоны занятак - кальвінісцкі рух.
- Аляксей, ты часта гаворыш пра Бога. А я ведаю, што ты яшчэ і акрыўны вернік...
- Так, я веруючы чалавек! Я абыйшоў, мабыць, як і кожны нэафіт, бажніцы розных кафэсіяў і Бог прывёў мяне да рэфармацкай традыцыі, да кальвінскай эвангелічна-рэфармацкай канфэсіі. Гэта найбольш адпавядае майму стану. Гэта найбольш адэкватна таму, чаго хоча ад мяне Бог.
- Як гэта адбылося?
- Я ўжо ў сьвядомым узросьце, у 14-13 гадоў, пакрысе пачаў пераўтварацца з савецкага хлопчыка найперш у беларуса. Празь цікавасьць да беларускіх цэркваў, архітэктуры, помнікаў. Краязнаўчая цікавасьць. А тут паралельна пачаліся першыя фронтаўскія мітынгі. І ўжо зь мітынгу ў лютым 89-га году мяне закружыла грамадзкае жыцьцё. І ўсьведамляючы сябе беларусам, канкрэтным чалавекам у канкрэтнай краіне, у гэтым горадзе я стаў прыходзіць да думкі, што гэты горад, гэтая культура, гэтая мова дадзеныя мне невыпадкова. Гэта дар Божы. І трэба быць яму ўдзячным, трэба яго спазнаць. Я быў хрышчаны ў праваслаўнай царкве, але пасьля вандраваў па розных беларускіх бажніцах. Быў і ў вуніятаў і ў касьцёле беларускім. Шмат што і там мне падабалася і вабіла туды. Нейкі духоўны вопыт я займеў і там, у тых канфэсіях. Гэта быў, аднак, эпізадычны этап, бо ў 92-ім годзе я ўжо натрапіў (Бог прывёў) на рэфармацкую грамаду, якая тады толькі ўтварылася. Сёньня пастарам Беларускай рэфармацка-эвангелічнай грамады зьяўляецца Лявон Ліпень. І тут ужо адбылося маё сталеньне ў духоўным сэнсе. Утварылася цяпер у Менску другая эвангелічна-рэфармацкая грамада, у якой я ўдзельнічаю, якая таксама працягвае традыцыі Рэфармацыі. Рэфармацыя мае на ўвазе, што кожны вернік, кожны сябра збору ёсьць актывістам. Калі сябра царквы пасыўны, ня дзейны, то гэта непаўнавартнастная частка цела Хрыстовага. У нашай грамадзе пакуль няма пастыра, але ён яшчэ вучыцца. Ёсьць у нас і кандыдаты на прэзьбітэра, дыяканаў. Духоўная мая праца - гэта праца на будаўніцтве яшчэ адной, другой рэфармацкай абшчыны ў Менску.
- Ці ня значыць гэта, што табе стала цесна побач з пастарам Ліпенем?
- Не! Мабыць не было цесна. Ня цесна й цяпер. Пастар Лявон даў вельмі шмат (і дае) людзям, якія зь ім кантактуюць. І мне ён даў вельмі шмат. І павучаньняў у духоўнасьці і ў чалавечым сэнсе. Ён мой настаўнік духоўны. Але гэтак склалася, што мы ўтварылі яшчэ адну грамаду і я бачу, што гэта знак ня кепскі, а наадварот, добры. Чым больш будзе грамадаў, чым будзе больш асяродкаў - тым лепей.
- А кім ты ёсьць у Беларускім Народным Фронце?
- У БНФ я фармальна з 92-га году. Цяпер я старшыня суполкі, сябра Цнянскай рады ў сваім раёне Менску. Ну, таксама сябра Ўправы Цэнтральнае рады "Маладога Фронту". Там свая дзейнасьць, свой спэктар прыкладаньня высілкаў. Пэрспэктыўна, дарэчы. Бо "Малады Фронт" мае шмат задумаў, шмат праектаў. І шмат робіць і шмат зрабіў. Найперш можа ў пляне асьветніцкім, у падрыхтоўцы кадраў для маладога ўсьвядомленага беларускага жыцьця.
- Якую ролю ў тваім жыцьці адыграў Зянон Пазьняк?
- Я пазнаёміўся зь ім як і ўсе - на мітынгах, сустрэчах фронтаўскіх. Пазьняк - выбітны навукоўца, мастацтвазнаўца. І ягоная кніжка "Рэха даўняга часу" - гэта сапраўдная крыніца натхненьня. Калі блукаеш па вуліцах старога Менску, Верхняга Гораду, прадмесьцяў, то і насамрэч адчуваеш той нябачны дух, які здолеў выказаць Зянон Пазьняк у сваёй кнізе. І вось гэткае знаёмства з навукоўцам, мастацтвазнаўцам, далёкае ад палітыкі, зрабіла на мяне магутнае ўражаньне...
- А што было пасьля? Нейкія канкрэтныя супольныя акцыі...
- Гэта было ў 95-м годзе. Я йшоў з заняткаў у кансэрваторыі, дакладней, перамяшчаўся з аднаго корпусу ў другі, ішоў сабе старымі вулачкамі, і, неяк паглядзеў налева, у бок былой Бэрнардынскай (цяпер Гэрцэна) і бачу, што на месцы былога дому стаіць экскаватар. Я быў у шоку. І я пабег, паабураўшыся на месцы, як у апошнюю інстанцыю, на сядзібу Ўправы БНФ. Да Пазьняка. Ён быў у габінэце. Ён ведаў, што рабіць, з кім зьвязвацца. Тутака ж уключыліся мэханізмы. Падключылася камісія Вярхоўнага Савету, спадар Алег Трусаў, спадар Уладзімер Дзянісаў. Фактычна ўдалося тады на час уратаваць кавалкі дому № 2, дзе, як высьветлілася, былі росьпісы, прынамсі ў дзьвюх залях. Каб ня той выпадак, у тую гадзіну, мы б пра іх нічога ня ведалі. Пра росьпісы 18 стагодзьдзя ў жылым будынку. Іх, прынамсі, дзякуй Богу, здолелі зафіксаваць. Папрацавалі рэстаўратары, мастакі. Дом, канечне, пасьля ўсё ж зруйнавалі...
(С.Дубавец: ) У "Нашай Ніве" з Аляксеем Фраловым пазнаёміліся гады тры таму, калі ён выйграў газэтны конкурс - назваў усе помнікі архітэктуры, фрагмэнты якіх падаваліся на здымках. Тады мы яшчэ ня ведалі, што Аляксей займаецца палітыкай. Гутарку працягвае Сяргей Харэўскі.
- Ты, аднак, яшчэ і палітык. Якія твае меркаваньні, адносна таго, што адбылося ў БНФ?
- Мне здаецца, што тут праблема наогул глябальная. Праблема нядобрых чалавечых якасьцяў. І ў гэтых праблемах, канфліктах, адыгралі першую ролю проста людзкія амбіцыі. На жаль. Яны вырасьлі і гэтыя амбіцыі выявіліся ў нелюбові й непавазе адзін да аднаго, да чужой думкі. І ў выніку - нянавісьць. У асяродку аднадумцаў, паплечнікаў, спаміж імі, прабягае чорны кот нянавісьці. Гэта - канец. Пакуль людзі не адкінуць нянавісьць, пакуль не папросяць выбачэньня адзін у аднаго - нічога ня будзе.
- Ізноў жа ў чым табе бачыцца выйсьце?
- Пасьля канфліктных працэсаў, пасьля ўсяго наробленага, у маім уяўленьні, найлепшым сцэнарам на сёньня было б стварэньне сыстэмы накшталт канфэдэрацыі незалежніцкіх сілаў. Дзьвюх, альбо трох палітычных адзінак. А зь іх - утварэньне шырэйшага Фронту, які б аб'ядноўваў у сабе розныя часткі, дзе кожная мае сваё бачаньне сытуацыі, паслугоўваецца сваімі мэтадамі дзеяньня і мае свае ідэалы й сваіх уласных лідэраў. Сваё аблічча. Калі ж узяць тыя дзьве палавінкі, якія ўтварыліся ў самім БНФ, то яны б маглі ўтварыць сыстэму кшталтам катамарану, калі два чаўны, нібы аўтаномных, рухаюцца сынхронна ў вызначаным кірунку. Са сваімі праектамі, са сваімі ўяўленьнямі, з апрычоным кіраўніцтвам. Але разам яны ўжо мусяць уваходзіць у куды большы народны рух. Ці то БНФ "Адраджэньне" ці то яшчэ што. Бо ёсьць куды большыя праблемы - захаваньне незалежнасьці, ратаваньня нашае культуры, маралі, сацыяльнае й эканамічнае сытуацыі ў Беларусі. А ўчорашнія паплечнікі яшчэ ж ня сталі ворагамі.
- Мне застаецца запытаць пра тваіх бліжэйшых сяброў і пра тое, як вы бавіце вольны час?
- Мы бавім час за кубкам гарбаты, за слайдамі, за добрай размоваю. Як і многія нармальныя маладыя беларусы. У нас кожны чалавек унікальны, арыгінальны. Напрыклад, Аляксей Галіч, выдатны бард, сапраўдны падзьвіжнік.
- Вы зьбіраецеся й на сьпеўкі?
- А сьпеўкі гэта ўжо асобная галіна дзейнасьці! Вось ужо больш як год. На дату з дня сьмерці Багдановіча мы сабраліся ля ягонага помніка на Траецкай гары й прасьпявалі "Пагоню", пасьля яшчэ колькі песьняў... І вось гэтак нарадзілася ідэя распачаць сьпеўную ініцыятыву. Зьбіраць, вывучаць і распаўсюджваць гэтыя песьні. У выніку маем дастаткова вялікі аб'ём працы. Шмат ужо зроблена. Каля 200 чалавек тым ці іншым чынам былі далучаныя. Мы сьпяваем і патрыятычныя й народныя, бардаўскія й лірычныя песьні.
(С.Дубавец: ) Наколькі мне вядома, Аляксей падрыхтаваў сьпеўнік патрыятычных песень і шукае магчымасьці яго выдаць. Зрэшты, наўрад ці магчыма пералічыць усё, чым займаецца чалавек, калі ён займаецца нацыянальным адраджэньнем.
Ён не выглядае на змагара з барыкадаў ці на ляснога брата ці на мітынговага антылукашэнкаўца. Бо ён ня анты. У адрозьненьне ад цяперашняга кіраўнічага рэжыму, ён добра ведае і любіць тую краіну і тую культуру, за якую пачуваецца адказным. Калі казаць пра знакавую зьмену сытуацыі, якую нясуць з сабой Фралоў і ягоная суполка, дык варта параўнаць іх зь цяперашнімі прафэсійнымі нацыяналістамі, чыя дзейнасьць за апошнія дзесяць гадоў набыла характар рэакцыі на тое, што робяць улады. Калі ўлады нічога ня робяць, назіраецца застой і ў асяродку адраджэнцаў. У нашым жа сёньняшнім выпадку - інакш. Пабуджальны матыў - ня бойка з дыктатарам, а будаваньне іншае супольнасьці, у якой планка чалавечага вымярэньня мусіць быць узьнятая як найвышэй.
|
|
|
|
|
|
|