news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



30 Красавіка 2000
 
"Сказ пра Лысую гару".
 
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня
 
Калі верыць даведцы часопіса "Вожык", ананімная паэма пра Лысую Гару зьявілася на сьвет і пачала перадавацца з рук у рукі 25 гадоў таму. Юбілею гэтае літаратурнае зьявы мы прысьвяцілі сёньняшні выпуск "Вострае Брамы".

Унікальны твор позьняга савецкага часу дагэтуль ахутаны цэлай хмараю таямніцаў. Няхай сабе мы ня ведаем і ніколі не дазнаемся імя аўтара. Верагодна ён быў калектыўны, верагодна таксама, што іх было некалькі. Але ёсьць яшчэ і таямніца паходжаньня і фэномэн літаратурнага лёсу. Паэма, у якой няма ані кроплі антысавеччыны ці хоць бы нонканфармізму, перадавалася з рук у рукі нароўні з машынапісным "Майстрам і Маргарытай" ці фўтакопіямі філязофскага эсэ Ігната Абдзіраловіча "Адвечным шляхам" - творамі, якія за савецкім часам зусім не ўхваляліся, дзякуючы іхнаму зьместу. Бяскрыўдны "Сказ пра Лысую Гару" патрапіў у гэтую самвыдавецкую плынь. Разгадаць загадкі ананімнай паэмы ўзяўся Зьміцер Бартосік.

(Зьміцер Бартосік: ) "Я ніяк не магу ўзгадаць, якім чынам на маёй паліцы апынулася гэтая брашура. Дакладней, што прымусіла мяне набыць чацьверты нумар бібліятэкі часопіса "Вожык" за 1991 год. Назва твору мне тады ні пра што не казала. Вялікім аматарам вожыкаўскіх прыколаў я ня быў. Можа быць, увагу прыцягнула загадкавае імя аўтара? Ня памятаю. Недзе год кніжка некранутаю пылілася на паліцы, пакуль аднойчы я не пачуў у радыё, што "Сказ пра Лысую гару" рэч ня толькі геніяльная, але й самая вялікая загадка сучаснай беларускай літаратуры.

Легендарную паэму я прачытаў за нейкую гадзіну. Пачатак інтрыгаваў. "Наш век – наогул вельмі тлумны, мы з гэтым звыкліся даўно: футбол, і бокс, і джаз бяздумны, і п'янкі з сэксам заадно". Але далей я разумеў усё меней. Я не зразумеў гумару, не зразумеў намёкаў на невядомых мне людзей. Чытаньне нагадвала прысутнасьць на чужым капусьніку. Дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, адзін аднаго пацьвельваюць, адзін з аднога рагочуць, а ты вымушаны сядзець дурнем і ветліва рабіць выгляд, што ты таксама "у курсе" й табе таксама вельмі сьмешна. Я не зразумеў, навошта аўтару гэтых тысячы пяціста трыццаці сямі радкоў трэба было хавацца за псэўданімам? У той час, той век, тую эпоху ў суседняй Расеі цалкам адкрыта пісаліся й сьпяваліся зусім антысавецкія творы, за якія іхныя аўтары расплочваліся загубленымі кар'ерамі й здароўем. Ну не дзеля гэтых жа радочкаў трэба было кансьпіравацца: "Яны даўно былі гатовы ажыцьцявіць "сьвяты" парыў – ліквідаваць дашчэнту мову, якой Купала гаварыў. Калі б іх партыя хоць зрэдку не асаджала пугаўём – дык без указу, без дэкрэту, глынулі б бедную жыўём!" Але самаю вялікаю загадкаю быў наклад тае кніжачкі. Сто тысячаў пяцьдзясят сем экзэмпляраў. Зь якіх ніводзін не затрымаўся ў кнігарнях і шапіках. Нават у букіністычных крамах я не заўважаў гэтай кніжачкі. Прычым выданьне было паўторнае. Аб такім камерцыйным посьпеху можа марыць любы пісьменьнік. І ці ня лепшы гэта быў доказ жыцьця "мовы, якой Купала гаварыў"?

Зь цікавасьці я вырашыў адшукаць на мапе тую Лысую гару. Яна аказалася другой беларускай кропкай па вышыні пасьля Сьвятой. Калісьці гэтыя горы падзяляла савецка-польская мяжа. Сьвятая ляжала ў Заходняй Беларусі, а Лысая ва Ўсходняй. Неяк праяжджаючы паўзь яе, я вырашыў заехаць у аднайменную вёску. Высьветлілася, што гэта зусім ня тая Лысая гара. Гэта яшчэ болей раз'ятрыла маю цікавасьць да загадкавага твору зь невядомымі мне пэрсанажамі.

Мне вельмі пашчасьціла з правадніком. Быць маім экскурсаводам на Лысай гары ласкава згадзіўся Гаральд Вольскі, які першы пабудаваў тут хату й многія гады быў старшынём праўленьня дачнага пісьменьніцкага каапэратыву. Мы блукалі па мясьцінах, так падрабязна апісаных у паэме, і цытавалі найбольш цікавыя кавалкі. Той век, той час, тая эпоха пакрысе пачыналі матэрыялізоўвацца ў вельмі стракатым краявідзе рознакаляровых дамкоў, па-над якімі панавала самая сапраўдная, ня лысая, а шчыльна парослая лесам гара".

(Гаральд Вольскі: ) "Адзін празаік, - маецца на ўвазе паэт Кірэенка, вось яго дачка як раз, - меў удачу: купіць гаўна ён бочку змог. Прыпёр упоцемку на дачу і начапіў цяжкі замок. Тады, на сорам Чалавеку, - ад слаўных будняў убаку – і ўзьнік ганебны лозунг веку: "Гаўно трымайце на замку!"

А як было... Я, Звонак і Няхай шашлыкоў наеліся й пайшлі гуляць. Глядзім тут Кастусь Кірэенка нешта майструе. Падыйшлі бліжэй – ён там дзюркі на бочцы робіць і скабу, каб замок павесіць. Аказваецца, гэта ён прывез бочку курынага памёту, і каб не сьцягнулі, прычапіў гэты цяжкі замок. Так што гэта меўся на ўвазе не празаік, а паэт Кірэенка...

Навуменка рабіў дачу. Ён некалькіх хлопцаў, там радню прывалок, лесапілку паставілі – трактар круціў, і рабілі вось гэтую дачу. Івану Навуменку. "Ды ўсе прафэсары й дацэнты перад Навуменкам адным – былі, як дробязныя цэнты перад далярам залатым. Другі масштаб – другая марка: калі яму стаўлялі дом – тры дні вішчэла цыркулярка, чатыры дні зьвінела чарка і кожны дзень вялася сварка, - былі Гамора і Садом". Шкада яго – у яго жонка два тыдні як памерла.

"У зьвязку з гэтаю праблемай, якой жылі гаспадары, дыскусій шмат было й палемік на схілах Лысае гары. – Абы дзярмо, - Добры дзень Вам! – аднойчы ўвечар сказаў Няхай і тут жа ськіс. Але паэту запярэчыў, - іхная хата якраз насупраць - празаік Сачанка Барыс: Ну, не кажыце: гной ня роўны. Найлепшы той, што зробіш сам. Бо ён жа твой, уласны, кроўны, Як твор, які ты напісаў. Мне гной уласны найдарожшы за ўсякі куплены другі, хоць, пэўна добры гной у Прокшы, і ў Лукшы, мабыць, неблагі".

Наконт "Байканура". Мы гэты ўчастак звалі "Байканур". Таму, што Сіла Гусеў паставіў "шпакоўню", туалет маецца на ўвазе. А даху не было, дык ён зь нейкага дому ўзяў каўпак такі выцягнуты. А каб вада ня йшла, дык яшчэ зрабіў наканечнік, як точна ракета. "Ён форму ўзяў для туалета – што аж зайздросна паглядзець: як ёсьць касьмічная ракета, вось-вось гатовая ўзьляцець! І гэтай формы сэнс быў ясны: Заходзь, садзіся і ўключай! Ну, а ці быў там зьмест сучасны – ты ўжо, чытач, мне выбачай..." Але яе ўжо няма. Сіланьці Гусеў... Ён жа "аўроравец". Штурмаваў Зімні. Ён расказваў, што ніякага штурму ня было. Чырвонагвардэйцы падышлі да жаночага батальёна, прапанову зрабілі, тыя й разьбегляся. Мой бацька таксама прымаў удзел у гэтым. Так, што ўсё гэта казкі.

Ёсьць там недзе тэкст наконт Арочкі, што рабіў там... З пласьцінаў, ці з плашак. – У "Будаўніцтве?" – Так. – Ёсьць. "За ім усьлед маўчун Арочка падважваў плашкі пакрысе. О, як ён важна, без сарочкі, выглёндваў з кульбай на страсе!" – Ён тут не жыве. У яго сын адзін пагіб, другі. Нявестку забілі й сынавей забілі. – Што за жах такі? – Дык ён у дзярэўні жыве зараз. Жалка, шкада...

"Таму Валоўшчынская крама амаль заўжды была пустой: пітва ніякага ні грама – хоць трупам ляж, хоць слупам стой!" Гэта была такая крама каля фермы, і ферма ўжо разваленая. У краме той гарэлка была, хлеб быў. А пасьля зачынілі яе, не вазілі нічога. "Дык у сяле не без прычыны бурчэлі злосна мужыкі: "Ці не адпэндзіць нам, мужчыны, адсюль пісьменьнікаў такіх?"

(Зьміцер Бартосік: ) "Я разьвітаўся са старым Гаральдам і працягнуў сваю вандроўку па Лысай гары самастойна. Быў сьпякотны й яркі, амаль летні дзень. Які так не гарманізаваў з маўклівымі дамамі-дэкарацыямі "таЕ эпохі". Дзе некалі адбываліся шумныя анэкдатычныя лысагорскія падзеі, сваркі, п'янкі й гулянкі, сёньня панавала сьпякотная цішыня. Якую парушалі адно салаўі. Я разумеў, што яшчэ не сэзон для масавага дачніцтва. Але пачуцьця няўтульнасьці гэта не пазбаўляла. Я блукаў па пустым пасёлку, у надзеі знайсьці каго-небудзь з пэрсанажаў. Дзіўна – прывідны аўтар, хочучы таго, ці не, ператварыў бальшыню рэальных асобаў, людзей, думаю, зь няменьшымі творчымі амбіцыямі, ва ўсяго толькі сваіх забаўных пэрсанажаў, сэнс жыцьця якіх быццам абмяжоўваўся чатырма соткамі зямлі. Зрэшты, ад каго яшчэ я мог даведацца пра пісьменьніка й бальшавіцкага штурмавіка Сілана Гусева, аб якім маўчыць Беларуская Энцыкляпэдыя? Якая ўсё ж нястрашная атрымалася ў таго Ведзьмака эпоха. Ад ідыятызму ЦК і СП можна было зьбегчы на лецішча, уключыць ціхенька беларускую "Свабоду" і зарыцца ў грады. Але пра гэта таксама ў паэме ёсьць: "Абмаляваўшы голь і ўбоства, пара зрабіць мне рэзюмэ: страшней няма самазабойства, чым вось такое – на дзярме! І калі, дружа Грыша-Міша, мяне ты ў госьці пазавеш – я не спытаю, што ты пішаш? Я запытаю: чым жывеш? Ты зубы мне не загаворыш. Ёсьць дыялектыкі закон: Дзярмом жывеш – дзярмо і творыш. (А натварыў – дык выкінь вон!)"

Неўзабаве мне пашанцавала на сустрэчу. Каля акуратнага дамка з чырвонай цэглы я знайшоў пісьменьніка, кніжкамі якога зачытваўся яшчэ ў дзяцінстве. Міхася Герчыка. Размову зь ім я вырашыў пачаць з цытаты: "Аўрамчык зь Герчыкам і Жычка – як бабруйчане-землякі – у бабруйчан вядома звычка – з радзімы вывезьлі дамкі".

(Міхась Герчык: ) "Так. Вось гэтыя дамкі. Вось мой, вось побач дом Жычкі". "Дык Вы гэты дамок вывезьлі?" "Гэты. Потым я яго абклаў цэглай, вядома, але гэта той самы дамок. Ну вось, з 68-га года, з раньняй вясны ўсё гэта пачыналася. Прайшло больш за 30 гадоў. І на вялікі жаль за гэтыя 30 гадоў шмат людзей ужо адыйшло ў нябыт. І часам вечарам, калі я хаджу па гэтых вуліцах, мне здаецца, што я хаджу па могілках.

Ну "Сказ пра Лысую гару", калі ён зьявіўся, то нарабіў шораху канечне. Мы атрымалі яго ў выдавецтве, гэтак жа як і атрымлівалі ўсе. Раптам раніцай прынесьлі пошту, і сакратарка адкрыла пакет, прачытала, і па ўсяму выдавецтву пайшоў погалас, што вось зьявілася такое-нейкае цуда. Пачалі чытаць. Ну там пра ўсіх. Ну пра нас неяк так ашчадна, з Жычкам і Аўрамчыкам. Пра Аўрамчыка там ёсьць больш злосна. І пра Жычку. Жычка тады быў рэдактарам "ЛІМ"а. Займаў важную пасаду. Тут на яго Чэрня са сваімі хлопцамі памагалі будаваць яму дом. І ў Аўрамчыка маладыя аўтары завіхаліся. Ён загадваў аддзелам паэзіі. Але ўсё гэта глупства, вядома. Памагалі па-сяброўску. Я асвайваў гэты ўчастак вельмі арыгінальным спосабам. Дзірван жа ж быў, суцэльны дзірван. Я прыехаў сюды раней. Прывез дзесяць пляшак гарэлкі. І закапаў іх у розных месцах па ўчастку. Сабраў сяброў і сказаў: "Во, капайце. Як знойдзеце першую, так і сядзем. І так паступова ўсе дзесяць і апрыходуем. Мы два дні капалі гэты ўчастак, бо капалі надта старанна. Каб не пабіць гэтыя пляшкі рыдлёўкай. Як дабраліся да першай, то было агульнае сьвята. Селі й пасядзелі добра, тут у гаёчку гэтым. За два дні выбралі ўвесь пырнік, перакапалі ўсю зямлю, і знайшлі ўсе дзесяць пляшак. Ніводнай не пабілі. Вельмі ўдала працавалі людзі, вельмі старанна.

Хто напісаў гэтую паэму, так мы і ня ведаем. Называлі многа імёнаў, называлі й Звонака, называлі й Караткевіча, называлі й Барадуліна. Паэма напісаная таленавітай рукой. Вядома, пісаў яе майстар. І ня толькі майстар, але й чалавек, які глыбока знаў вось гэту рэчаіснасьць. Дэталі, якія ёсьць у паэме, іх нельга было пачуць ад некага. Іх трэба было бачыць самому. Чалавек ведаў усё, усе падрабязнасьці. Калі нехта пабудаваў там прыбіральню, як ракету – Гусеў здаецца – дык гэта адразу ж легла ў паэму. - А тады ўспрымалася гэта ўсё бяз крыўдаў? Таму, што ёсьць даволі злыя... – Ёсьць злыя, і крыўда была. Вялікі друг усіх славян, вядома ж, быў абражаны й пакрыўджаны страшэнна. Але мы сьмяяліся.

Была нейкая паездка неўзабаве. Тады ЦК любіла наладжваць паездкі пісьменьнікаў па вёсках, па райцэнтрах. А тады быў сакратар ЦК па ідэалогіі... не памятаю прозьвішча. І Шамякін пажартаваў у аўтобусе – а што калі надрукаваць. А той сказаў – чаму не? Друкуйце. І тым ня менш надрукавана яна была значна-значна пазьней. І зрабіў гэта Лёня Гаўрылкін, зямля яму пухам. Ён быў тады рэдактарам "Вожыка". І ў "Вожыку" выйшла два выданьні. Прытым, першае разьляцелася імгненна. Зачытваліся. Прычым самае дзіўнае, што зачытваліся людзі далёкія ад літаратуры. Якім усе гэтыя рэаліі былі абсалютна чужыя. У таксі садзішся, таксіст пытае... Так размова зойдзе нейкая. Так пісьменьнік? Альбо гаішнік спыніць на дарозе – гэта вельмі часта са Ставерам было. Ён бясконца парушаў правілы руху, яго бясконца спынялі гаішнікі. Ён ім адразу дарыў свае кнігі, крычаў, што ён беларускі паэт. Яму гаварылі : "Ага! Раскажы пра Лысую гару. Што вы там круцілі на Лысай гары". У любым асяродзьдзі звычайна ў той час, пра што заходзіла гаворка, гэта пра "Сказ пра Лысую гару". Паэма адлюстравала рэчаіснасьць, асэнсавала той час – гэта бясспрэчна. Гэта выдатная рэч. "Сказ пра Лысую гару" ён застанецца помнікам часу. Гэта жа, як "Тарас на Парнасе". Гэта адмеціна таго складанага часу, і добрага ў нечым, і кепскага, вядома. Добрага, можа, таму, што мы маладыя былі. Былі маладыя, здавалася, што жыцьцё наперадзе, усё пасьпеем..."

(Зьміцер Бартосік: ) "Ну, вось і ўсё маё сказаньне, і кропку ставіць мне пара. Пара сказаць на разьвітаньне: бывай жа, Лысая гара!" Я вяртаўся ў Менск, так і не адкрыўшы да канца сакрэту папулярнасьці старой паэмы. А, можа, ніякага сакрэту й ня было? А было жывое жаданьне паказаць жывое жыцьцё жывою моваю. Не за ганарар, а каб цікава было. Здаецца, ва ўсе часы ды эпохі гэтага было дастаткова, каб цікавасьць публікі не вычэрпвалася праз пару гадоў. Зрэшты, "Сказу" Ведзьмака-Лысагорскага сёлета спаўняецца 25 гадоў, але, чамусьці верыцца, што згадваць пра Лысую гару будуць ня толькі па юбілеях".

(Сяргей Дубавец: ) Зьміцер Бартосік заняўся разгадкамі таямніцаў "Сказу пра Лысую гару" і адразу натыкнуўся на таямніцу самой гары Лысай. Чаму яна так называецца? Здавалася б, сама гара - парослая лесам і нішто ня сьведчыць пра тое, што на ёй некалі была плеш?

Зрабіць даведку пра паходжаньне назвы гары Лысай я папрасіў Сяргея Харэўскага.

(Сяргей Харэўскі: ) "Ува ўсіх народаў арыйскага паходжаньня, ад Ірану да Скандынавіі ёсьць свае Лысыя горы. Іх назва трывала зьвязваецца з рознай чартаўшчынаю. Менавіта на гэтых гарах гойсаюць бесы й колькі разоў на год зьбіраюцца ведзьмы на свае шабашы. У Швэцыі - гэта Блакула, у Гішпаніі - Бараон, у Літве - Шатрыя пад Шаўлямі, у Італіі - Сьпінато й Патэрна, у немцаў з аўстрыякамі іх цэлая плойма - Блёксбэрг, Хорсельбэрг, Бэхтельбэрг ды шмат іншых. Тое і ў славянаў. Ёсьць гэткая Лысая гара блізу Кіева, ёсьць каля Львова, ёсьць у Карпатах ля Закапанага. У польскіх Сьвятакрыскіх гарах іх нават дзьве. Адну перайменавалі ў Сьвятой Кацярыны, а другая засталася Лысіцай.

Расейскі гісторык ХІХ стагодзьдзя Хадоўскі налічыў больш за пятнаццаці гор з гэткай назвай у славянскіх краёх. Ён піша: "Лысыя горы, на якія зьбіраюцца баба-Яга зь нячыстымі духамі, зь ведунамі й ведзьмамі - месцы абавязкова прыгожыя. І шабашы творацца тут у чыстае бязвоблачнае надвор'е".

Што ж такое ведзьмін шабаш? Паводле эўрапейскіх традыцыяў, ведзьмы зь ведзьмакамі адпраўляюцца на шабаш вярхом на мятле ці на кіях. Яны выходзяць уначы на ростань. Каля тае ростані раскрывацца страшная пячора. Нячысьцікі станавіліся перад ёю й тройчы гукалі шатана, каб ён забраў іх на Лысую гару. Шатан зьяўляўся на покліч сваіх прыхільнікаў апранёны ў шэры каптан, чырвоныя штаны й востраверхі капялюх. І барада ў яго вялікая рудая... Ён падхопліваў сваіх гасьцей і яны небам адпраўляліся на баляваньне. На Лысую гару. Шатану падмагае натоўп чартоў. Усе чарты набываюць выгляд казлоў, верхам на якіх і лятуць усе ахвочыя на шабаш. Многія вядзьмаркі прыводзяць з сабою дзяцей. Асаблівай была й пачостка на гары. Абавязковыя стравы: капуста з салам, аўсяная каша, масла, сыр ды малако. Зрэшты, што тут дзіўнага? Адсутнасьць алькагалю! Так.... паелі, папілі, парагаталі ды й разьляцеліся. Мніх, тэоляг й гісторык Дэль Рыа у 1611 годзе пісаў: "Найперш там творацца скокі й вусьцішны рогат, пасьля сядаюць за стол".

Галоўны шабаш у Беларусі адбываўся на Лысай Гары на Купальле, а ў заходняй Эўропе - у ноч на Сьятога Вальпурга.

Чаму гара менавіта Лысая? Ці не ад чорта лысага? Ва ўсёй іранскай, юдэйскай, хрысьціянскай і мусульманскай дэманалёгіі чарты й сапраўды лысыя. Лысіна ў большасці старажытных народаў адназначна нэгатыўная прыкмета. Ня дзіва - ранейшая працягласьць жыцьця была ў палову цяперашняй. А лысіна ў гадоў 30 - паталёгія. Як кажуць у народзе - ад чужых падушак. Глядзі й рогі вылезуць. Але гэтыя горы зусім неабавязкова голыя. Некаторыя пакрытыя дрымучым лесам, іншыя - голым скальным каменьнем і нічым не адрозьніваюцца ад суседніх. Падказку дае рымская назва гэткіх гор. Па латыні іх завуць Calvus monts, альбо гара чэрапу. Дарэчы, менавіта адсюль этымалягічна вынікае й Кальварыя. Месца сьмерці. Менавіта на колішніх мясцовых Лысых горах і паўставалі пазьнейшыя каталіцкія Кальварыі - у Менску, у Вільні, у Жыровіцах ды й гэтак далей.

Цікава, што ў кожным краі, побач з Лысай гарою ёсьць месцы чыстыя - горы Сьвятыя. Яны абавязкова складаюць пару. Як дабро й зло, цемрадзь і прасьвятленьне. Сьвятая гара абавязкова вышэйшыя. Хоць крыху. Гэткія месцы абіралі для сьвяцілішчаў. Але з 1958 году нашая Сьвятая гара, зусім недалёкая ад Лысай, была перайменаваная ў Дзяржынскую".

(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі распавёў пра тое, што значыць назва Лысай гары. Гэта месца шабашу, на які зьляталіся чарты лысыя (менавіта з лысае галавы вырастаюць рогі). Зьвярніце ўвагу на тое, чым займаліся нячысьцікі падчас свайго шабашу і ў чым уласна іхны шабаш заключаўся, дзеля чаго ўласна яны зьбіраліся на тую Лысую гару. А зьбіраліся яны - рагатаць. Яны рагаталі, гагаталі, якаталі, дохлі са сьмеху - беспрычыннага, дурнаватага і, трэба думаць, па-свойму выверанага. Пасьля таго, як побач з Лысай гарой у Беларусі перастала існаваць гара Сьвятая, якую пераназвалі ў Дзяржынскага, зьнік балянс дабра і зла. Чартаўшчына разьлілася па краі. Верагодна, гэта была савецкая ідэалёгія, дзе элемэнтарныя чалавечыя каштоўнасьці ставіліся з ног на галаву. І ў полі гэтае ідэалёгіі, зусім не насуперак ёй учынялася рагатуха - пісьменьніцкі шабаш на Лысай гары, адлюстраваны ў ананімнай паэме.

Між іншым, і сам псэўдонім аўтара - Вядзьмак - лішні раз сьведчыць пра тое, што стваральнікі ананімнай паэмы, разумелі той кантэкст, у якім стваралі свой капусьнік. Менавіта пісьменьніцкую брацію яны параўновалі з кагортай вадзянікоў, лесавікоў ды ўсялякіх іншых чартоў, што сабраліся на свой шабаш. Але вынік бяскрыўднага рагатаньня аказаўся іншы, ня той, на які маглі разьлічваць аўтары.

Памятаю, у 1975 годзе я пераздымаў на гаўбцы машынапіс "Сказу пра Лысую гару", які літаральна на гадзіну прынес мне калега. Трэба было тэрмінова зрабіць копіі. Тады мы шмат чаго пераздымалі, і пра гэта можна было б ня згадваць, калі б не адна дэталь. Той машынапіс калега ўзяў у свайго бацькі, які, у сваю чаргу прынес яго адтуль, дзе працаваў - з ЦК КПБ. Верагодна, з нэтраў менавіта гэтай арганізацыі Лысагорскі шабаш атрымаў пашырэньне. Менавіта цэкоўскія машыністкі пладзілі дзясяткі копіяў Лысае гары.

Калі ўлічыць сутнасьць савецкае ідэалягічнае ўстановы і тое, што ў ананімнай паэме няма ані слова праўды пра савецкую ідэалёгію, тады можна пачуць гэты беспрычынны і ідэалягічна вывераны рогат падчас шабашу на Лысай гары. Пісьменьніцкі капусьнік ня быў выдадзены тады, калі быў напісаны, таму што прыдаўся для службовага карыстаньня ведзьмакоў ды вядзьмарак з ідэалягічных аддзелаў камуністычнага ЦК. Гэта, натуральна, не касуе ягонае вартасьці, як дакумэнту свайго часу”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.