|
|
24 Верасьня 2000
|
Беларускія могілкі. Да выхаду ў сьвет кнігі Міхася Раманюка. |
|
|
Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Днямі ў выдавецтве "Наша Ніва" завяршылася праца над падрыхтоўкай да друку фундамэнтальнага фотаальбому "Беларускія нардныя крыжы". Некалі гаворка пра гэтую кнігу ўжо вялася ў Вострай Браме, але тады цяжка было ўявіць сабе, што спатрэбіцца тры гады часу, каб хоць збольшага давесьці да ладу найбольш яркія прыклады этнічнае культуры, пакінутыя нам у спадчыну Міхасём Раманюком. За гэты час давялося значна пашырыць абсяг матэрыялу. І калі тры гады таму мы казалі, што фактычна закрываем гэтую старонку этнічнае гісторыі, дык цяпер перакананыя, што наадварот - толькі распачынаем гэтым альбомам тэму, якую можна дапаўняць і дапаўняць. Ня ўсё з архаікі трапіла ў альбом - інакш спатрэбілася б абысьці літаральна кожную беларускую вёску. Пэўныя зьявы за гэты час аформіліся ў самастойную галіну традыцыйнае культуры - напрклад, крыжы на месцы дарожных здарэньняў. Але самае істотнае, што прамінулыя тры гады сталіся часам аналізу нацыянальнага сьветапогляду, спэцыфічнага беларускага разуменьня жыцьця і сьмерці, а таксама - эстэтыкі, у якой тое разуменьне адлюстраванае. Беларускія народныя крыжы неўзабаве выйдуць з друку. Мне ж у сёньняшняй перадачы карціць падзяліцца пэўнымі назіраньнямі, што склаліся ў часе працы над гэтым альбомам- манаграфіяй.
Міхась Раманюк хадзіў на вясковыя могілкі ў самых розных рэгіёнах Беларусі, фатаграфаваў крыжы і надмагільлі дзеля таго, каб лепей зразумець сваіх жывых суайчыньнікаў, верагодна, і сябе самога таксама. Асабіста мяне прыцягвае ў гэтай працы магчымасьць вытлумачыць паводзіны суайчыньнікаў - чаму яны жывуць так, а не інакш, чаму менавіта так будуюцца, менавіта так, а не інакш, выхоўваюць сваіх дзяцей, чаму ў іх у доме такі, а ня іншы заведзены парадак. Адказы на гэтыя пытаньні Міхась Раманюк знаходзіў на могілках. Менавіта могілкі спрадвеку былі паселішчам мёртвых, прычым ня складам целаў, а прыстанкам жывых душаў продкаў. Вясковыя могілкі - гэта таксама вёска, яе дакладнае адлюстраваньне ў патыхбаковым жыцьці. Таму і магіла і дамавіна рабіліся на ўзор дому, у якім жыве продак. Таму крыжы на магіле апраналіся ручнікамі і фартухамі, пасьля чаго набывалі знаёмае аблічча памерлага. Магілы не падпісваліся, бо вясковец, прыходзячы на могілкі, пазнаваў сваіх памерлых родзічаў і суседзяў па саміх крыжах і па іх убранстве. Натуральна, могілкі не разглядаліся як музэй або як архіў і не разьлічаныя былі на экскурсантаў або дасьледнікаў. Гэта быў натуральны працяг жывой вёскі, куды прыходзілі дзеля сумоўя, маленьня, а то й парады. Год таму на Гораччыне ў глухой мясцовасьці давялося пабываць на могілках, што былі ідэальна і сьвежа дагледжаныя, але дзе ніводзін крыж ня меў надпісу. Мы, староньнія назіральнікі, перажываем на такіх могілках цэлую гаму супярэчлівых пачуцьцяў - першае тое, што без дазволу патрапілі ў чужы дом, дзе пануе гарманічны лад нечага прадаўняга жыцьця. Другое - нязручнасьць, немагчымасьць зараз жа ўявіць сабе насельнікаў вёскі - па прозьвішчах, датах жыцьця і сьмерці, па эпітафіях. Яшчэ адна згадка, што тут нічога не разьлічана на чужых. І трэцяе ўражаньне - далучэньне да магутнай спракаветнай, яшчэ паганскай традыцыі, для якой мы, гарадзкія, незваротна страчаныя людзі, бо можам разважаць пра яе, але не далучымся вычуваньнем роднасьці ўласнае крыві.
У вёсках, дзе могілкі ўжо дашчэнту "цывілізаваліся" - ператварыліся ў роўныя шыхты аднастайных бэтонных помнікаў - няцяжка заўважыць, што і традыцыйныя "цёплыя" хаты з усялякімі выкрунтасамі рэгіянальнае архітэктурнае спэцыфікі, выцясьняюцца роўнымі шыхтамі дамоў зь беларе сэлікатнае цэглы. Ёсьць і працяг у гэтай паралелі. У вёсках, асабліва на захадзе краіны, дзе "перахварэлі" на жыльлёвую праблему і ўжо не будуюць беласэлікатных банальных каробак, а сталі ўзводзіць дом, хоць і з новымі тэхналёгіямі, але як сядзібу - адметную, разавую, там і на могілках зьяўляецца памкненьне да адметнасьці помніка. Літаральна днямі мне давялося назіраць гэткую паралель у вёсцы Шутавічы каля Смаргоні. Яшчэ раней гэты працэс набыў пашырэньне ў суседняй Літве, дзе, зрэшты, аднастайны сацыялістычны кшталт так і не запанаваў на ўсю моц. Беларуская вёска, мяркую, толькі пачынае вяртаць сабе страчаную традыцыю адметных, густоўна пастаўленых дамоў і гэткіх самых помнікаў на могілках.
Пасьля сказанага, натуральна, трэба гаварыць пра горад. Бо гарадзкія могілкі - гэта працяг горада, і эстэтыка могілак непарыўна вынікае з эстэтыкі гарадзкое забудовы. Даводзілася бываць на менскіх паўночных могілках або ў нядаўна адкрытых каля вёскі Сухарукія. Гэта, я вам скажу, сапраўдныя фабрыкі, дзе вельмі няўтульна ўчыняць сумоўе з духам памерлага. Мабыць, усялякая індустрыя неспалучальная з інтымным і духоўным. А гэта значыць, што яна неспалучальная і з могілкамі. Зь іншага боку, згаданыя могілкі сваім парадкам зьяўляюцца працягам жыцьця менчукоў, якія ў досыць нішчымнай духоўнай прасторы сядзяць у бясконцых клятухах сваіх бясконцых тыповых будынкаў дзе-небудзь у Малінаўцы і глядзяць які-небудзь бясконцы мэксыканскі сэрыял. Даўней у беларускіх гарадах, і ў Менску таксама, могілкі адлюстроўвалі падзел усяго жыхарства на мікрасупольнасьці. Асобна хавалі каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў, габрэяў, мусульман. Ужо ў гэтым верніцкім падзеле выяўлялася разнастайнасьць гарадзкога насельніцтва і ягоная зьяднанасьць вакол пэўнай ідэі і традыцыі. Але за савецкім часам такі падзел няшчадна вынішчаўся. І сёньняшнія менскія клады - гэта прадукт эпохі таталітарызму з уласьцівай для яго аднастайнасьцю і вынішчэньнем усялякай чалавечай адметнасьці.
Зрэшты, тое самае можна сказаць і пра жывое менскае жыцьцё. Яно адпаведнае тым могілкам, якія мае горад. І нейкіх пераменаў у гэтый справе да лепшага можна чакаць толькі пасьля вызваленьня прыватнае ініцыятывы, а гэта значыць - вызваленьня ў кожным вінціку адметнае чалавекае асобы і адметнага лёсу. Тады зьявіцца і пераемнасьць пакаленьняў і глыбокая павага ці прынамсі цікавасьць да сваіх памерлых і іхных апошніх прыстанкаў. Сёньня ж, бадай, гаварыць пра гэта ўсё яшчэ рана. У Менску. А вось у меншых гарадах і мястэчках - ужо можна. Пасьля таго, як беларуская правінцыя страціла цікавасьць да таго, што робіцца ў адміністрацыйным цэнтры краіны, яна ўсю ўвагу пераключыла на сябе. А паколькі ў правінцыі няма такога прэсынгу з боку ўладаў на традыцыйную культуру, дык шмат чаго там адрадзілася і пачало разьвівацца з новай сілай. У тым ліку і культура шанаваньня памерлых продкаў.
Сяргей Харэўскі на маю просьбу абыйшоў гарадзкія могілкі ў Докшыцах.
(Сяргей Харэўскі: ) "Калі я быў зусім малы, дык гледзячы зь цягніка ці аўтобуса на далёкія вагні абапал дарог, ня мог сабе ўзяць у цям, як людзі жывуць недзе ня там, дзе жыву я... Ня мог надзівіцца тады й на чужыя могілкі. Бо нашыя сямейныя могілкі ў Астравах, што каля Міханавічаў. Іх я ведаў да кожнага паўмэтра. І дзедава хата адным вакном выходзіла акурат на тыя могілкі. У дзяцінстве, калі гасьцяваў у той хаце, дык штотыдзень проста з-за кухоннага стала назіраў працэсіі з музыкай. Цяпер на тых могілках ужо й дзед, і бабулі мае ляжаць. А вось чые сваякі, што за людзі пахаваныя на іншых кладах?...
Адзін знаёмы журналіст неяк сказаў мне, што пра краіны, ці дакладней пра іх жыхароў, амаль усё можна дазнацца па рынках і па... могілках. І праўда, пахаваньні ў кожным краі сваістыя. У Даніі, да прыкладу, на помніках ставяць птушачак. Яны то проста сядзяць-смуткуюць, то п'юць вадзіцу-сьлязу з каменя. А ў Аўганістане магілы абкладаюць каменьнем як калодзежы. Тыя пахавальныя калодзжы ў пыльнай сьпякотнай смузе выглядаюць як міраж. Як неспатольная мара пра ваду ў ссушаных гарах. Памятаю, як моцна мяне ўразілі могікі ў латыскім мястэчку Лімбажы. Нешта сярэдняе паміж батанічным садам і музэем камянёў. Ідэальная чысьціня, безьліч разоў падмеценыя сьцежкі, ахайна й рупліва даглежаныя расьліны, самы розныя. Рыпяць старыя сосны й дубы пад ветрам, што дзьме з блізкага мора... Гэтыя могілкі занесеныя нат у сьпіс сусьветнае спадчыны. Бо тут пахаваныя латыскія і нямецкія, швэцкія і эстонскія дзеячы. М'о гэтае места й ёсьць найкаштоўнейшым здабыткам тае Лімбажы.
А гэтымі днямі давялося мне пабываць у Докшыцах ды паблукаць па іхных ваколіцах.
Колькі разоў я праяжджаў праз Докшыцы? Лічыў, лічыў. Не зьлічыў. Праз гэтае мястэчка вядуць шляхі зь Менску на Заходнюю Віцебшчыну. Лагойск, Бягомаль, Докшыцы й далей...
Вось мільганула за вакном адна хата, другая, трэцяя... Пасьля недзе ў цэнтры - царква. Пасьля прыпынак. Ізноў колы круцяць свае кілямэтры... А Докшыцы застаюцца. Гэтым разам застаўся тут і я. Меў сваю нагоду. І нагода тая вяла мяне на докшыцкія клады.
На самым краі мястэчка пашыхтаваліся тут купамі стромых соснаў каталіцкія, мусульманскія ды праваслаўныя могілкі. На апошніх новых магіл найбольш. Крыжы, крыжы. Як мае быць у праваслаўных, шасьціканцовыя зь перакладзінкай. Зорак ужо не відаць. Неяк незаўважна, ад году ў год, прападаюць зь беларускіх нэкропаляў тыя пяціканцовыя зоркі. Прападаюць і кучы сьмецьця, са штучных і мёртвых кветак, старых вянокоў, ламачча ды рызьзя, што былі ледзьве неад'емнай часткаю беларускіх могілак за саветамі. Магілы, нібы зь зямлі, растуць тут. Вольна й па свойму раскладаючыся паміж сасновага карэньня. Прозьвішы, імёны, подпісы. Гэтымі эпітафіямі пішацца гісторыя мястэчка.
Побач, цераз пералесак, мусульманскі мізар. Яго відаць здалёк па новай зырка-бакітнай жалезнай браме з паўмесяцам. Тут хаваюць крыху ня так. Ахайным шнурочкам, адзін да аднаго. Галавою ў бок Мэккі. Вялікі камень у нагах, увесь спавіты мудрагелістымі арабскімі літармі-пісягамі. Ля самае зямлі подпісы па-расейску й па-польску. Меншы камень у галовах. Шыхт мужчынаў. Насупраць, цераз сьцежку - ляжаць іхныя жанчыны. Ніякіх агароджаў. Бо ад каго гарадзіць? Тут усе свае. І чысьцюткі шаўкавісты, нібы ўсходні кілім, дзірван. Чамусьці тут, на татарскіх могілках у Докшыцах, згадаліся лютаранскія, што ў латвійскім Лімбажы. Адно толькі што тут няма экзатычных расьлінаў. Усё тутэйшае. Там-сям чырвонымі пырскамі зьзяюць буйныя верасьнёвыя суніцы.
А на каталіцкіх могілках усё збуяла. Шыпшына ды бэз захінаюць старыя магілы. І самотныя крыжы стаяць сярод восеньскіх хмызоў як у букетах. Крыжы й стэлы пакрысе хіляцца ў розныя бакі. Недзе сярод іх знайшоў і вялікі каваны крыж зь нейкае бажніцы. М'о была тут колісь якая капліца. А вось старая брама стаіць. Пры ёй - цьвінтар тутэйшых жаўнераў, што загінулі ў баях з бальшавікамі. Навюткі чыстапафарбаваны плот. Магілкі спарадкаваныя. Адноўлены манумэнт: "Богатером, згінелым в вальках...". Адзінае сьведчаньне савецкіх часоў - расколіна на мармуровай пліце.
На самым доле, пад гарою, у глыбіні каталіцкіх могілак, хаваюць докшыцкіх самазабойцаў. Жывыя кветкі на іхных магілах.
Ёсьць у Докшыцах, ці дакладней, былі й вялікія жыдоўскія могілкі. Недзе ў 60-я іх зрылі бульдозэрамі, паскідаўшы помнікі ў лагчыны. Гісторыя тыповая як для нашай краіны. Нетыповае тое, што цяпер у Докшыцах гэтая дзялка таксама абнесеная плотам, паўкопваны дзясятак тых старых надмагільляў і зроблены мэмарыяльны курганок.
А пры страсьвецкіх уніяцкіх могілках пабудаваны цяпер вялікі касьцёл. Вось жа касьцельная грамада й аднавіла некалькі закінутых ужо было пахаваньняў. Ходзіць дзяцюк з сенакасілкаю, прасуе сьцежкі. Ці можна казаць, што могілкі адраджаюцца? Дзіўнаватае спалучэньне словаў. Але інакш ня скажаш...
Тамака ж, у Докшыцкім раёне я завітаў у вёску Грабучае, што за Порплішчам. Вёска сама сядзіць нізка ў лагчыне, а могілкі на высокім пагорку, што парос сасоньнікам. Адтуль, стоячы пасярод крыжоў, відаць далёка. Відаць тую вёску, людзі зь якой ляжаць тут у магілах. Відаць возера Сэрвач, якое тут завуць Вешнім, ад назвы блізкае вёскі. Відаць магутны курган Варганы, што пануе па-над балоцістымі ваколіцамі. Азірнуўся вакол сябе. Тут усе ляжаць побач. Праваслаўныя й каталікі, а м'о й хто з атэістаў. Яны, у адвечным сваім спакоі, бачаць з гэтае гары нас, тых, хто застаўся на зямлі. І праўда, вось сымбаль, твой... Што яшчэ сёньня распавядзе лепей пра наш край, як ня гэтыя вясковыя могілкі, дзе ўжо ўсе роўныя?... Яны цяпер яшчэ расквечаныя краскамі восені, жоўць бярозавага лісьця дзьвініць на тле сінеючага далёка-далёка возера. А неўзабаве іх ахіне салодкі сьнег. Як напісаў Адам Глёбус:
Крыжы пад сьнегам
Вось і ўсё, што магу сказаць
Пра Радзіму".
(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі дзяліўся ўражаньнямі ад наведаньня докшыцкіх могілак.
А яшчэ Ўладзімер Караткевіч вуснамі свайго Каліноўскага казаў: Кожны раз чалавецтва бліжэй да сонца на вышыню нашых магіл.
Нагадаю, сёньня ў Вострай Браме мы гаворым пра беларускія могілкі - з нагоды выхаду ў сьвет альбома-манаграфіі Міхася Раманюка "Беларускія народныя крыжы".
Могілкі воскі або горада найлепей сьведчаць пра культуру і духоўнае жыцьцё гэтых вёскі і горада. Калі маеш крыху фантазіі, дык і эканамічныя і сацыяльныя характарыстыкі паселішча знойдзеш на могілках. Ці багата жывуць тутэйшыя людзі, ці сьціплыя, ці выхвалякі, кім прызнаюць самі сябе. А нават - да чаго імкнуцца.
Вось пачалі зьнікаць з помнікаў пяціканцовыя зоркі. Народ масава ставіць крыжы. Народ стаў хадзіць на могілкі падчас Дзядоў. Помнікі вырабляюцца на камбінатах. Людзі пытаюцца адзін у аднаго - дзе вы замаўлялі помнік, дзе вы замаўлялі агароджу. Гэта для таго, каб зрабіць гэтаксама, ня горш. Страціўшы ідэалягічную афарбоўку, таталітарызм яшчэ пануе ў розумах людзей як мэтад. На могілках гэта відаць асабліва выразна. Важна зрабіць, як усе. Пройдзе яшчэ трохі часу, і аднастайнасьць надакучыць. Чалавечая асоба, не адчуваючы вонкавага ўціску, непазьбежна раскрыецца і яе прыватнае жыцьцё будзе насіць усё больш індывідуальны характар. Мы гэта ўбачым тады, калі пачнуць індывідуалізавацца помнікі на гарадзкіх могілках.
Разьвітаньне з таталітарызмам непазьбежна ідзе разам са станаўленьнем нацыі. І паваротны момант у гэтай справе настане тады, калі на помніках беларусаў зьявяцца надпісы па-беларуску. Пры вялікім жаданьні і сёньня можна адшукаць такія магілы, але выглядаюць яны гэтаксама выключна, як і беларускамоўны чалавек на вуліцах Менску. Усе навокал крыху насьцярожваюцца, бо гэты чалавек якбы пасланец з будучыні, адтуль, куды ўсе яшчэ толькі зьбіраюцца ісьці.
Вось толькі некаторыя вонкавыя прыкметы нашага жыцьця, пра якія распавядаюць клады. Урэшце, завёўшы гаворку пра мову, я загаварыў пра беларускія могілкі ўвогуле - патыхбаковы працяг Беларусі жывой. Гэтыя клады многае вытлумачваюць у тым, што адбываецца з нашай краінай. Сваю вэрсію прачытаньня гэтых шыфровак прапанаваў этнограф Міхась Раманюк у сваім альбоме "Беларускія народныя крыжы", які неўзабаве выйдзе ў выдавецтве "Наша Ніва" і выхаду якога мы прысьвяцілі сёньняшнюю перадачу”. |
|
|
|
|
|
|